|
Адмена прыгоннага права. Буржуазныя рэформы 60-х – 80-х гг. ХІХ ст. у Беларусі. КонтррэформыDate: 2015-10-07; view: 833. Тэндэнцыі капіталістычнага развіцця эканомікі ўступалі ў супярэчнасць з феадальнай сістэмай гаспадарання. Адсталасць Расійскай імперыі ад краін Заходняй Еўропы стала відавочнай пасля паражэння ў Крымскай вайне. Захаванне прыгоннага права хавала ў сябе небяспеку моцнага выбуху сацыяльнага пратэсту сялян, а да таго ж падрывала міжнародны аўтарытэт Расіі (на той момант адзінай еўрапейскай дзяржавы, дзе захоўваўся прыгон). Таму Аляксандр ІІ пайшоў на ліквідацыю прыгоннага права. У студзені 1857 г. быў створаны Сакрэтны камітэт для падрыхтоўкі аграрнай рэформы. Аднак на пасяджэннях выявіліся рознагалоссі па гэтым пытанні. Таму Аляксандр ІІ вырашыў справакаваць дваран на адмену прыгону. Гэта ўдалося зрабіць праз віленскага генерал-губернатара У.І. Назімава. У верасні 1857 г. памешчыкі Віленскай, Ковенскай і Гродзенскай губерняў звярнуліся да імператара з просьбай даць дазвол на вызваленне сялян без зямлі. 20 лістапада 1857 г. Аляксандр ІІ выдаў рэскрыпт (указ), якім ухваліў намеры дваран і дазволіў стварэнне ў кожнай губерні камітэта па паляпшэнні становішча сялян. Свае праекты губернскія камітэты накіроўвалі ў Пецярбург, у створаныя пры Галоўным камітэце (створанага замест Сакрэтнага камітэта) Рэдакцыйныя камісіі, якія і павінны былі выпрацаваць праект вызвалення сялян. У кастрычніку 1860 г. Рэдакцыйныя камісіі былі распушчаны. Праект накіравалі на зацвярджэнне спачатку ў Галоўны камітэт, а потым у Дзяржаўны савет. Ажыццяўленне аграрнай рэформы пачалося з падпісання імператарам 19 лютага 1861 г. Маніфеста, а таксама агульнага і мясцовых “Палажэнняў аб сялянах, якія выйшлі з прыгоннай залежнасці”. У сельскай мясцовасці Беларусі абнародаванне адбывалася ў красавіку – маі. Звычайна Маніфест зачытваўся сялянам у цэрквах і тлумачыўся святарамі. Напісаны ён быў маскоўскім мітрапалітам Філарэтам, якога ў народзе празвалі Фількам, вельмі заблытана і незразумелай для сялян мовай. Адсюль ўзнік выраз “Фількіна грамата” (бязглузды дакумент). Прыгонныя сяляне адразу атрымлівалі асабістую свабоду і грамадзянскія правы, станавіліся “вольнымі сельскімі абывацелямі”. Яны маглі несці асабістую адказнасць перад судом, заключаць пагадненні, у тым ліку маёмаснага характару, адкрываць гандлёвыя і прамысловыя прадпрыемствы, паступаць у навучальныя ўстановы, пераходзіць у іншыя саслоўі. У той жа час сяляне працягвалі заставацца ніжэйшым, падатным саслоўем. Яны па-ранейшаму былі прымацаваны да месца жыхарства, маглі падвяргацца цялесным пакаранням (да 1904 г.). У сельскай мясцовасці ўводзілася новая сістэма кіравання, заснаваная на выбарнасці ніжэйшых службовых асоб. Сяляне кожнага памешчыцкага маёнтка аб'ядноўваліся ў сельскую грамаду (абшчыну), збіраліся на сельскія сходы для вырашэння гаспадарчых пытанняў. Рашэнні сходаў выконваў выбарны сельскі стараста. Некалькі суседніх сельскіх абшчын, якія адносіліся да аднаго царкоўнага прыходу, складалі воласць. На валасным сходзе сельскія старасты і ўпаўнаважаныя ад кожных 10 двароў выбіралі валасное праўленне, валаснога старшыню і суддзю. Сельскае і валасное праўленні выконвалі распараджэнні ўлад, сачылі за парадкам у вёсцы, займаліся раскладкай і зборам падаткаў. Дзейнасць сельскага і валаснога кіраўніцтва, а таксама ўзаемаадносіны паміж сялянамі і памешчыкамі кантраляваліся міравымі пасрэднікамі, якіх прызначаў Сенат з ліку мясцовых дваран-памешчыкаў. Яны мелі шырокія паўнамоцтвы, не падпарадкоўваліся ні губернатару, ні міністру, а павінны былі выконваць патрабаванні закона. Памешчыкі захавалі ўласнасць на зямлю, што належала ім да рэформы. Сяляне павінны былі выкупіць палявы надзел, які знаходзіўся ў іх карыстанні. Да зацвярджэння ўрадам выкупной здзелкі яны лічыліся “часоваабавязанымі” і за карыстанне зямлёй павінны былі адпрацоўваць паншчыну або плаціць аброк. Пазямельныя адносіны паміж памешчыкамі і “часоваабавязанымі” сялянамі рэгуляваліся ўстаўнымі граматамі, у якіх указваліся памеры палявога надзелу і павіннасцяў з яго (яны вызначаліся па дамоўленасці сялян з памешчыкам). На складанне і падпісанне ўстаўных грамат адводзілася два гады. Дапушчальныя межы дамоўленасцяў паміж сялянамі і памешчыкамі былі акрэслены заканадаўча. Нормы і ўмовы надзялення беларускіх сялян зямлёй былі вызначаны двума мясцовымі палажэннямі, якія ўлічвалі асаблівасці землекарыстання (гл. табл.).
Урад лічыў, што рана ці позна “часоваабавязаныя” адносіны спыняцца, сяляне заключаць з памешчыкамі выкупныя здзелкі па кожным маёнтку. Працягласць тэрміну “часоваабавязанага”становішча залежала ад згоды памешчыка перавесці сялян на выкуп. У аснову выкупной аперацыі была пакладзена 6-працэнтная капіталізацыя гадавога чыншу. У прыватнасці, калі надзел складаў 4 дзесяціны, а гадавы чынш 8 руб., памешчык Віцебскай губерні павінен быў атрымаць такую суму, якая, калі яе пакласці ў банк, давала б яму штогод у выглядзе 6-ці працэнтаў 8 рублёў. Каб вылічыць суму выкупной аперацыі, складзем прапорцыю: 8 руб. – 6% х руб. – 100% 8 * 100 : 6 = 133,33 Такім чынам, сума роўная 133 руб. 33 кап. Значыць, за 1 дзесяціну зямлі селянін павінен быў заплаціць 33 руб. 33 кап., што значна перавышала яе рыначны кошт (18 руб.). У сялян такіх грошай звычайна не было. На дапамогу ім прыходзіла дзяржава, якая выплочвала да 80% сумы. Гэта афармлялася як пазыка, якую селянін павінен быў выплочваць 49 гадоў з высокімі працэнтамі. З 1 студзеня 1907 г. выкупныя плацяжы былі датэрмінова адменены. Да гэтага часу сяляне выплацілі ў 3 разы больш, чым каштавала набытая імі зямля. Падобныя ўмовы рэформы не маглі задаволіць сялян. Яны палічылі, што памешчыкі падмянілі сапраўдны царскі Маніфест. На Беларусі пачаўся ўздым сялянскага руху. У 1861 г. адбылося 379 хваляванняў беларускіх сялян (у 9 разоў больш, чым у 1860 г.). Сяляне сарвалі двухгадовы тэрмін падпісання ўстаўных грамат. На 1 студзеня 1863 г. былі падпісаны толькі 18,5% грамат. У сувязі з паўстаннем 1863 – 1864 гг. ва ўмовы рэформы былі ўнесены змены. З мэтай адцягнуць сялян ад удзелу ў паўстанні урад адмяніў у Заходніх губернях часоваабавязанае становішча. Уводзіўся абавязковы выкуп сялянскіх надзелаў. Выкупныя плацяжы зніжаліся на 20%. Сяляне пераходзілі ў разрад сялян-уласнікаў. Былі створаны павятовыя камісіі для праверкі і выпраўлення ўстаўных грамат. У выніку іх дзейнасці ў часткі сялян павялічыліся зямельныя надзелы, знізіўся памер чыншу і, адпаведна, выкупных плацяжоў. За сялянамі замацоўвалася права карыстання сервітутамі: пашамі, сенажацямі, лясамі. У 1867 г. было праведзена пазямельнае ўладкаванне дзяржаўных сялян. Аброк, які яны плацілі за зямлю, павялічваўся на 10% і ператвараўся ў абавязковыя выкупныя плацяжы, а сяляне далучаны да разраду ўласнікаў. Такім чынам, аграрная рэформа 1861 г. стала рубяжом паміж феадалізмам і капіталізмам у Расійскай імперыі. Яна ліквідавала прыгоннае права, стварыла ўмовы для развіцця рыначных адносін. Умовы вызвалення і надзялення зямлёй беларускіх сялян аказаліся больш спрыяльнымі ў сувязі са зменамі, выкліканымі паўстаннем 1863 – 1864 гг. Рэформа прадвызначыла даволі маруднае развіццё капіталізму ў сельскай гаспадарцы, па шляху, які называюць “прускім”. Сутнасць яго ў тым, што памешчыкі захоўвалі ўласнасць на зямлю, а сяляне, якія на гэтай зямлі працавалі, вымушаны былі выкупляць яе па завышаных цэнах. Рэформа пакінула шэраг перажыткаў феадалізму: буйное памешчыцкае землеўладанне, адпрацоўкі, выкупныя плацяжы, цераспалосіцу, сервітуты. Адным са значных перажыткаў была абшчына, якая кантралявала кожны крок селяніна. Вострай заставалася праблема сялянскага малазямелля. Захоўвалася саслоўнае нераўнапраўе сялян. Пасля адмены прыгону Аляксандр ІІ вымушаны быў правесці шэраг буржуазных рэформаў. Іх асаблівасцямі на Беларусі сталі больш позні час правядзення і абмежаваны характар (гл. табл.), бо ў краі да 1870 г. дзейнічала ваеннае становішча, урад не давяраў мясцовым апалячаным памешчыкам каталіцкага веравызнання.
Пасля забойства ў 1881 г. нарадавольцамі Аляксандра ІІ наступіў перыяд рэакцыі. 80 – 90-я гг. ХІХ ст. увайшлі ў гісторыю як перыяд контррэформаў. Быў устаноўены жорсткі адміністрацыйны нагляд за газетамі і часопісамі, уведзены шэраг абмежаванняў у сістэму адукацыі. Цыркулярам міністра асветы 1887 г. (“указ аб кухарчыных дзецях”) забаранялася прымаць у гімназіі дзяцей кухарак, прачак, дробных гандляроў, вознікаў і г.д. У 1892 г. было зацверджана новае “Гарадское палажэнне”, якое рэзка павышала маёмасны цэнз пры выбарах органаў гарадскога самакіравання, узмацняла над імі кантроль з боку урадавай адміністрацыі. Становішча на Беларусі ўскладнялася тым, што тут дзейнічаў рэжым выключных законаў, якія абмяжоўвалі ў правах насельніцтва, галоўным чынам, асоб каталіцкага і іўдзейскага веравызнання. Так, па закону ад 10 снежня 1865 г. асобам “польскага паходжання” забаранялася набыццё маёнткаў у Польшчы і Літве інакш як па спадчыне. Польскія памешчыкі былі пазбаўлены права карыстацца ільготнымі пазыкамі Дваранскага банка. Урад не дапусціў увядзення земстваў і выбарных міравых суддзяў. У той жа час у Расіі быў уведзены інстытут земскіх начальнікаў – дзяржаўных чыноўнікаў, якія засяродзілі ўсваіх руках адміністрацыйную і судовую уладу над вёскай. Закон аб земскіх начальніках быў распаўсюджаны на Віцебскую, Магілёўскую і Мінскую губерні толькі ў 1900 г., на Гродзенскую і Віленскую – ў 1904 г., бо урад не давяраў мясцоваму дваранству. Такім чынам, буржуазныя рэформы праводзіліся на Беларусі са спазненнем і ў абмежаваным выглядзе. Іх рэалізацыя адбывалася ва ўмовах дзеяння выключных законаў і амаль супала з перыядам контррэформ. 5.6 Паўстанне 1863-1864 гг. у Беларусі. Дзейнасць К.Каліноўскага З канца ХVIII ст. сярод польскай і беларускай шляхты захоўвалася надзея на аднаўленне ўсласнай дзяржаўнасці ў межах 1772 г. (Рэчы Паспалітай). Гэта неаднаразова прыводзіла да антырасійскіх паўстанняў і выступленняў (паўстанне Т.Касцюшкі, падтрымка шляхтай Напалеона ў 1812 г., паўстанне 1830 – 1831 гг.). У пачатку 1860-х гг., на хвалі рэвалюцыйнага ўздыму ў Еўропе, ў чарговы раз актывізаваўся нацыянальна-вызваленчы рух у Польшчы, Літве і Беларусі. Гэта па часе супала з ростам хваляванняў сялян, якія былі незадаволены вынікамі рэформы 1861 г. Але сярод розных слаёў грамадства, як і ўнутры іх не было еднасці. Напярэдадні 1863 г. у шляхецкім асяроддзі склаліся два супрацьлеглыя лагеры “белыя” і “чырвоныя”, якіх аб'ядноўвала толькі галоўная ідэя паўстання – аднаўленне Рэчы Паспалітай ў межах 1772 г. Разам з тым, яны адрозніваліся па сваёй сацыяльнай базе, праграмных палажэннях і сродках барацьбы. Да белых адносіліся ў асноўным заможныя землеўладальнікі і прадстаўнікі буйной буржуазіі, што вызначаліся кансерватыўнымі поглядамі. Яны выступалі супраць прыцягнення да паўстання шырокіх сялянскіх мас і прадстаўлення народам адноўленай Рэчы Паспалітай права на самавызначэнне. Дасягнуць сваіх мэтаў белыя збіраліся шляхам правядзення маніфестацый і перагавораў з расійскім урадам пры актыўнай дапамозе заходніх дзяржаў. Чырвоныя, ў сваю чаргу, прадстаўлялі дэмакратычныя пласты насельніцтва (дробную шляхту, студэнцтва, сялян, гараджан) і выступалі за разгортванне агульнанацыянальнага ўзброенага паўстання. Сярод чырвоных, у сваю чаргу, таксама не было адзінства. Правыя чырвоныя дапускалі права на самавызначэнне беларусаў, украінцаў і літоўцаў у складзе адноўленай Рэчы Паспалітай, пагаджаліся на перадачу сялянам іх дарэформенных надзелаў з адменай часоваабавязанага стану, але пры захаванні памешчыцкага землеўладання. З больш радыкальных пазіцый зыходзілі левыя чырвоныя. Яны выступалі за права на самавызначэнне народаў, ліквідацыю памешчацкага землеўладання і перадачу зямлі сялянам. У іх асяродзі, пад уплывам поглядаў расійскіх рэвалюцыйнах дэмакратаў С.І. Герцэна і М.Г. Чарнышэўскага, з'яўляецца ідэя арганізацыі шырокага сялянскага паўстання, якое ахапіла б не толькі былыя землі Рэчы Паспалітай, але і тэрыторыю Расіі. На чале левых чырвоных на Беларусі і ў Літве стаяў ураджэнец Гарадзеншчыны, выхадзец з дробнай шляхты, выпускнік Пецярбургскага універітэта Канстанцін Каліноўскі. У 1861 г. ён вярнуўся на радзіму і пачаў ствараць на Гарадзеншчыне рэвалюцыйную арганізацыю ў якую ўвайшлі Валерый Урублеўскі, Фелікс Ражанскі і інш. З пачатку 1860-х гг. пачалася актыўная падрыхтоўка да паўстання. Восенню 1861 г. у Варшаве быў створаны гарадскі паўстанцкі камітэт. У сакавіку 1862 г. гарадскі камітэт быў ператвораны ў Цэнтральны нацыянальны камітэт (ЦНК), на чале з правым чырвоным Я.Дамброўскім. Летам 1862 г. у Вільні быў створаны Літоўскі правінцыяльны камітэт(ЛПК). Яго кіраўніком ў кастрычніку 1862 г. стаў К.Каліноўскі. Ён у 1862-1863 гг. разам з В.Урублеўскім і Ф.Ражанскім выдаваў нелегальную газету “Мужыцкая Праўда”, якая выходзіла на беларускай мове лацінкай (лацінскім шрыфтам). Усяго ўбачыла свет сем нумароў. Газета ў асноўным была разлічана на сялян, у ёй К.Каліноўскі адкрыта заклікаў да ўзброенага паўстання, гаварыў, што толькі мужыкі самі могуць здабыць сабе свабоду. Разам з тым, прамых заклікаў да захопу памешчыцкіх зямель у выданні не было. Падпісваўся кожны нумар газеты псеўданімам “Яська-гаспадар з-пад Вільні”. Паўстанне пачалося раней, чым планавалася. Царскі ўрад, убачыўшы актывізацыю радыкальных настрояў у Польшчы, вырашыў правесці пазачарговы рэкруцкі набор, што выклікала масавыя пратэсты. У такіх умовах 22 студзеня 1863 г. ЦНК абвясціў сябе Часовым Нацыянальным Урадам і без узгаднення з ЛПК выдаў Маніфест і два аграрныя дэкрэты, якія адлюстроўвалі праграму паўстання. Польшча была аб'яўлена незалежнай, пытанне пра аўтаномію і самавызначэнне народаў не уздымалася, дэкларавалася раўнапраўе ўсіх грамадзян, сяляне атрымлівалі ва ўласнасць свае надзелы, адмяняліся феадальныя павіннасці, але пры гэтым захоўвалася памешчыцкае землеўладанне. Адначасова аб'яўлялася аднаўленне ўніяцкай царквы, замест рэкруцкіх набораў уводзілася ўсеагульная вайсковая служба (3 гады). Пачатак паўстання ў Польшчы аказаўся нечаканым для ЛПК. Пасля доўгіх ваганняў 1 лютага 1863 быў выдадзены Маніфест Літоўскага правінцыяльнага камітэта, у якім ён абявіў сабе Часовым урадам Літвы і Беларусіі звярнуўся да насельніцтва з заклікам падтрымаць паўстанне ў Польшчы. У студзені-лютым 1863 г. на тэрыторыі Беларусі з'явіліся першыя атрады паўстанцаў з Польшчы. У сакавіку-красавіку былі створаны і мясцовыя паўстанцкія атрады ў заходніх паветах Беларусі. Паступова выступленні распаўсюдзіліся на ўсю Беларусь. Вядомымі кіраўнікамі паўстанцаў сталі З.Серакоўскі, В.Урублеўскі (будучы генерал Парыжскай камуны), А.Трусаў (будучы член рускай секцыі І Інтэрнацыянала), Ф.Ражанскі, М.Чарняк і інш. Але першыя поспехі паўстання не задаволілі белых, якія баяліся буйных сялянскіх выступленняў і не давяралі чырвоным, у тым ліку К.Каліноўскаму. Апошні сапраўды дабіваўся большай самастойнасці віленскага ўрада, пра што сведчаць яго выказванні. У прыватнасці, К.Каліноўскі заяўляў “Нельга давяраць такой дурной галаве як Варшава”. У сакавіку 1863 г. белыя ўзялі кіраўніцтва ўсім паўстаннем у свае рукі. Часовы ўрад Літвы і Беларусі быў ператвораны ў Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы. На чале яго стаў памешчык Я.Гейштар. К.Каліноўскі быў адхілены ад кіравання ўсім паўстаннем і стаў ваенным камісарам на Гарадзеншчыне. Ён адкрыта не выступіў супраць белых, якія захапілі ўладу, бо разумеў, што гэта можа падарваць адзінства паўстанцаў і неўзабаве прывядзе да паражэння. У красавіку 1863 г. атраду Людвіка Звяждоўскага ўдалося пры падтрымцы студэнтаў Горы-Горацкага земляробчага інстытута ўзяць павятовы горад Горкі (адзіны горад у Беларусі, які быў захоплены паўстанцамі). Найбольшы размах паўстанне атрымала на Гарадзеншчыне, дзе ім кіраваў сам К.Каліноўскі. Па гэтай жа прычыне тут назіралася і найбольшая колькасць сялян сярод паўстанцаў (33%). У цэлым па Беларусі яны складалі толькі 18% ад агульнай колькасці удзельнікаў паўстанніцкага руху. Буйнейшай бітвай перыяду паўстання стала бітва ля м. Мілавіды Слонімскага павета, якая адбылася 21 мая 1863 г. У ёй прыняло ўдзел каля 800 паўстанцаў. Умаі 1863 г. Віленскім генерал-губернатарам стаў Міхаіл Мураўёў(што атрымаў мянушку Вешальнік), які быў накіраваны сюды для падаўлення паўстання. Ён дзейнічаў рознымі метадамі. З аднаго боку прымяняліся жорсткія рэпрэсіі. Беларускія губерні з пачатку 1863 г. былі аб'яўлены на ваенным становішчы, выкарыстоўвалася ваенная сіла, праводзіліся карныя аперацыі. Для ўзмацнення расійскага ўплыву неблаганадзейныя, з пункту погляду ўрада, мясцовыя чыноўнікі замяняліся выхадцамі з Расіі. З іншага боку праводзіліся мерапрыемствы для паляпшэння становішча сялян. Апошняе было абумоўлена спробай прадухіліць іх удзел у паўстанні. Дзеля гэтага актыўна выкарыстоўвалася прапаганда, у сялянскім асяроддзі распаўсюджваліся чуткі, што памешчыкі паднялі паўстанне, каб вярнуць прыгон. Адначасова было ліквідавана часоваабавязанае становішча сялян (усе пераводзіліся на выкуп), змяншаліся выкупныя плацяжы (на 20%), прымянялася практыка перадачы сялянам зямлі удзельнікаў паўстання і г.д. На месцах арганізаваліся сялянскія каравулы, якія удзельнічылі ў патруляванні тэрыторыі і затрыманні паўстанцаў. Усё гэта дапамагло не дапусціць далучэнне сялян да паўстання і садзейнічала таму, што яно было хутка падаўлена. Ва ўмовах нарастання рэпрэсій паўстанцкі рух пайшоў на спад. Першымі ад паўстання адышлі белыя, якія сталі пісаць лісты да імператара з просьбамі аб дараванні ці эмігравалі за мяжу. У кіраўніцтве паўстаннем апынуліся чырвоныя. У ліпені 1863 г. К.Каліноўскі зноў узначаліў паўстанне ў Беларусі. Але шанцаў актывізаваць паўстанне ужо не было. Да канца 1863 г. амаль усе паўстанцкія атрады былі ліквідаваны. Апошняй спыніла супраціўленне паўстанцкая арганізацыя на Наваградчыне, што дзейнічала да лета 1864 г. У выніку спада паўстанцкага руху К.Каліноўскі вымушаны быў перайсці на нелегальнае становішча. Ён жыў на канспіратыўных кватэрах пад чужымі прозвішчамі. Але у студзені 1864 г. К.Каліноўскі быў арыштаваны (пад прозвішчам Вітажэнец) расійскімі ўладамі. На яго след удалося выйсці дзякуючы паказанням аднаго з паўстанцаў (В. Парафіяновіча). Знаходзячыся ў турме К.Каліноўскі напісаў славутыя “Пісьмы з-пад шыбеніцы”, ў якіх ён звярнуўся да сялян і заклікаў іх працягваць барацьбу. 22 сакавіка 1864 г. К.Каліноўскі быў публічна павешаны у Вільні. Перад смерцю на зварот да яго ката “Дваранін Каліноўскі!” ён рашуча адказаў: “У нас няма дваран! У нас усе роўныя!”, чым у апошні раз падкрэсліў сваю жыццёвую пазіцыю. Акрамя таго, у Беларусі 128 паўстанцаў было пакарана смерцю, больш за 850 чалавек саслана на катаргу, каля 12,5 тыс. чалавек было выселена. Паўстанне ў Польшчы, Літве і Беларусі было пазітыўна ўспрынята ў Еўропе. Дапамогу паўстанцам аказвалі лідэр італьянскага вызваленчага руху Дж.Гарыбальдзі і рэвалюцыйная арганізацыя “Маладая Еўропа”. У падтрымку паўстання выказваліся і расійскія рэвалюцыйныя дэмакраты А.Герцэн, М.Бакунін і інш. Такім чынам, паўстанне на Беларусі пацярпела паражэнне. Прычынай гэтага стала адсутнасць адзінства сярод яго кіраўнікоў, а таксама паслядоўныя дзеянні расійскіх уладаў. У выніку паўстання быў закрыты Горы-Горацкі земляробчы інстытут і скарачалася колькасць сярэдніх навучальных устаноў (з-за ўдзелу студэнтаў і навучэнцаў), у краі да 1870 г. захоўвалася ваенае становішча, землеўладальнікам каталіцкага веравызнання забаранялася набываць і арандаваць маёнткі на беларускіх землях. Буржуазныя рэформы былі праведзены са значным спазненнем і з абмежаваннямі. У той жа час, внікам паўстання стала палепшэнне становішча сялян на беларускіх землях (у параўнанні з іншымі рэгіёнамі Расійскай Імперыі). Акрамя таго яно засведчыла паступовае зараджэнне беларускага нацыянальнага руху ля вытокаў якога стаялі К.Каліноўскі і яго паплечнікі.
5.7 Грамадска-палітычны рух ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. Дзейнасць народніцкіх і сацыял-дэмакратычных арганізацый. Узнікненне палітычных партый У паслярэформенны перыяд на беларускіх землях актывізавалася грамадска-палітычнае жыццё. У прыватнасці ў гэты час новыя рысы набывае сялянскі рух. Ён цяпер адрозніваўся ад папярэдніх выступленняў сваімі мэтамі. На першае месца выходзіць барацьба за бясплатную перадачу зямлі сялянам і супраціўленне ўладам, якія падтрымлівалі землеўладальнікаў. У 1861-1862 гг. большасць выступленняў было скіравана супраць праводзімай аграрнай рэформы. Асноўнымі метадамі барацьбы для сялян станавіліся захопы памешчацкіх зямель, выпас жывёлы на панскіх угоддзях, высечка лесу, знішчэнне межавых знакаў, сутычкі з прадстаўнікамі мясцовай адміністрацыі. У 1880 – 1890-я гг. у Беларусі з-за малазямелля набывае распаўсюджанне стыхійны рух за перасяленне на свабодныя землі ў Сібір і іншыя рэгіёны Расіі. У выніку ўладам прыйшлося абмежаваць магчымасць перасялення сялян. Для вяртання самавольных перасяленцаў на месцы пражывання выкарыстоўвалася нават войска. У гэты час у асяроддзі інтэлігенцыі Расійскай Імперыі набылі шырокае распаўсюджанне народніцкія ідэі, вытокі якіх былі закладзены ў работах М.Бакуніна, А.Герцэна, М.Чарнышэўскага. Пад народніцтвам прынята разумець грамадска-палітычны рух заснаваны на ідэях сялянскага сацыялізму (утапічнае ўяўленне пра тое, што Расія можа перайсці да сацыялізму мінуючы капіталізм, бо сялянская абшчына, на думку народнікаў, з'яўляецца прататыпам сацыялістычнага грамадства). Але ў сялянскім асяроддзі ўсё яшчэ жыла вера ў добрага цара, які быццам бы не ведаў, што робяць чыноўнікі і памешчыкі. З-за гэтага расійскія рэвалюцыйныя дэмакраты так і не здолелі знайсці значнай падтрымкі сярод сялянства, хаця неаднаразова прадпрымалі адпаведныя спробы. Адзін з першых народніцкіх гурткоў быў створаны ў Магілёве ў 1875 г. Сярод яго заснавальнікаў былі М.Судзілоўскі (будучы прэзідэнт Гавайскіх астравоў), С.Кавалік, Р.Ісаеў, якія ў далейшым сталі вядомымі дзеячамі агульнарасійскага народніцкага руху. Акрамя таго, выхадцамі з Беларусі былі і іншыя вядомыя народнікі: І.Грынявіцкі, К.Брэшка-Брэшкоўская, А.Бонч-Асмалоўскі. У другой палове 1870-х гг. народніцкія гурткі ўзніклі і ў іншых гарадах Беларусі. Яны мелі цесныя сувязі з агульнарасійскай народніцкай арганізацыяй “Зямля і воля”. У 1879 г.з-за унутраных супярэчнасцяў яна раскалолася на “Чорны перадзел” і “Народную волю”. Гэтыя арганізацыі адрозніваліся паміж сабой сваімі задачамі і метадамі барацьбы. Прыхільнікі “Чорнага перадзелу” выступалі за шырокае распаўсюджванне сацыялістычных ідэй праз прапаганду ў сялянскім асяроддзі. Паслядоўнікі “Народнай волі” наадварот лічылі, што сялянства яшчэ не падрыхтавана да сацыялістычных пераўтварэнняў. Таму патрэбна падрыхтаваць людзей да адкрытых антыўрадавых выступленняў, а зрабіць гэта, на думку народавольцаў, было прасцей праз шырокае выкарыстанне тэрора. Спачатку большасць беларускіх народнікаў падтрымлівалі “Чорны перадзел”. У Мінску нават працавала падпольная друкарня арганізацыі, ў якой выдаваліся газеты “Чёрный передел” і “Зерно”. З-за гэтага ў Мінск двойчы прыязджаў кіраўнік арганізацыі Г.Пляханаў. Але ў 1881 г. арганізацыя бала выкрыта і разгромлена ўладамі. У выніку большасць беларускіх народнікаў, якіх не арыштавалі, перайшлі на бок “Народнай волі”. Усплеск папулярнасці апошняй у асяроддзі народнікаў быў абумоўлены і тым, што гэтай арганізацыяй 1 сакавіка 1881 г. было здзейснена забойства Аляксандра ІІ. Бомбу ў імператара кінуў ураджэнец Беларусі, студэнт Ігнат Грынявіцкі, які пад час выбуху быў смяротна паранены. Сярод народнікаў у сярэдзіне 1880-х гг. пачынае ўздымацца і беларускае пытанне. Так у 1884 г.члены беларускай народніцкай арганізацыі “Гоман”Аляксандр Марчанка і Хаім Ратнер выступілі за аб'яднанне беларускіх народнікаў. Таксама імі былі выпушчаны два нумары гектаграфічнага часопіса “Гоман”, у якім упершыню была абгрунтавана думка пра самастойнасць беларускага народа і ўзнята пытанне пра аўтаномію Беларусі ў межах Расійскай рэспублікі, якую планавалася стварыць пасля звяржэння самадзяржаўя. Гоманаўцы абвясцілі сябе Беларускай сацыяльна-рэвалюцыйнай групай і садзейнічылі фарміраванню сярод беларусаў нацыянальнай свядомасці. У сярэдзіне 1880-х гг. з-за разгрому паліцыяй большасці груп “Народнай волі” сярод народнікаў пачынае дамінаваць ліберальны накірунак. Яго прыхільнікі выступалі за правядзенне ўрадам рэформаў, якія павінны былі палепшыць становішча сялян, гарантаваць захаванне абшчыны і стварыць спрыяльныя ўмовы для развіцця сельскай гаспадаркі. На другую палову ХІХ ст. прыходзіцца зараджэнне ў Расійскай Імперыі рабочага руху. Гэта было абумоўлена актыўным развіццём капіталізму і павелічэннем колькасці наёмных рабочых. Адной з першых формаў пратэсту сталі уцёкі з будаўніцтва чыгунак, што асабліва набыло распаўсюджанне ў 1860-х гг., і калектыўныя скаргі. У 1870 – 1890-х гг. асноўнай формай барацьбы працоўных стала стачка (забастоўка, калектыўнае спынене працы з патрабаваннямі па паляпшэнню умоў працы). Найбольш рэгулярна ў абарону сваіх правоў выступалі чыгуначнікі. Каб матэрыяльна абараніць удзельнікаў стачак, якіх маглі звольніць за выступленні, працоўныя пайшлі на стварэнне так званых “статачных кас” (для выплат звольненым). Першая статачная каса была створана ў другой палове 1880-х гг. у Мінскіх слясарных майстэрнях. Пад націскам нарастаючага рабочага руху ўлады пайшлі на стварэнне рабочага заканадаўства (сукупнасць розных законаў, якія паляпшалі ўмовы працы рабочых і ўводзілі некоторыя сацыяльныя гарантыі). У прыватнасці ў 1882 г. была забаронена праца дзяцей да 12 год і падлеткаў на шкодных вытворчасцях і ў начны час, а таксама створана фабрычная інспекцыя; у 1885 г. – забаронена начная праца жанчын; з 1886 г. на фабрычных прадпрыемствах уводзіліся разліковыя кніжкі, дзе запісваліся ўмовы найму рабочых. У 1897 г. рабочы дзень быў скарочаны да 11,5 гадзін. Акрамя таго у гэты час на некаторых прадпрыемствах устанаўліваліся нядзельныя адпачынкі, скарачаліся штрафы, абмяжоўваліся жаночая і дзіцячая праца. Ва ўмовах павелічэння колькасці працоўных і актывізацыі рабочага руху ў 1880-я гг. на змену народніцкай плыні ў расійскім сацыялізме прыходзіць марксізм, што выявілася ў стварэнні першых сацыял-дэмакратычных арганізацый. Ужо ў 1882 г. у Польшчы распачала сваю дзейнасць марксісцкая группа “Пралетарыят”. Яе дзейнась распаўсюджвалася і на Беларусь. У 1883 г. былы кіраўнік “Чорнага перадзелу” Г.Пляханаў за мяжой заснаваў першую расійскую марксісцкую арганізацыю “Вызваленне працы”. З ёю быў цесна звязаны беларускі паэт-дэмакрат А.Гурыновіч. З сярэдзіны 1880-х гг. у Беларусідзейнасць марксісцкіх гурткоў актывізавалася. Толькі ў Мінску існавалі гурткі Э.Абрамовіча, І.Гурвіча, С.Трусевіча. Такія ж групы ўзніклі і ў іншых гарадах. Яны рыхтавалі новыя кадры прапагандыстаў, якія потым маглі б распаўсюджваць сацыялістычныя ідэі сярод рабочых. З сярэдзіны 1890-х гг. марксісты перайшлі да масавай агітацыі сярод рабочых. Гэта азначала, што сацыял-дэмакраты вырашылі аб'яднаць свае намаганні з рабочым рухам. Сярод марксістаў у гэты час сфарміравалася дзве асобныя плыні: рэвалюцыйная (жадалі пераходу да сацыялізму праз рэвалюцыю і палітычныя пераўтварэнні) і рэфармісцкая (выступалі за мірныя пераўтварэнні ў грамадстве, у першую чаргу адстойвалі эканамічныя правы працоўных). Адначасова з гэтым у марксісцкіх гуртках назіралася тэндэнцыя да аб'яднання па нацыянальнай прыкмеце, што стала внікам нявырашаннасці нацыянальнага пытання ў Расійскай Імперыі. Таму актыўна пачынаюць стварацца нелегальныя нацыянальныя сацыял-дэмакратычныя партыі і аб'яднанні.У той жа час сярод мясцовых сацыялістаў былі дзеячы, якія стаялі на пазіцыях інтэрнацыяналізму. У прыватнасці, у 1893 г. была створана нацыянальная Польская сацыялістычная партыя (ППС). У гэтам жа годзе з яе вылучылася інтэрнацыяналісцкая Сацыял-дэмакратыя каралеўства Польскага (СДКП). Падобная сітуацыя назіралася і ў сацыял-дэмакратычным руху Літвы. У красавіку 1896 г. у Вільні была створана створана Літоўская сацыял-дэмакратычная партыя (ЛСДП), якая вызначалася яскрава выяўленым нацыянальным характарам, выступала за самавызначэнне Літвы і арыентавалася на літоўскамоўных рабочых. Аднак не ўсе члены ЛСДП падзялялі такія погляды, таму ўжо ў маі 1896 г. з партыі вылучыўся інтэрнацыяналісцкі Рабочы саюз Літвы (РСЛ) пад кіраўніцтвам С.Трусевіча. Прыхільнікі гэтай партыі выступалі за сумесную барацьбу з царызмам прадстаўнікоў розных народаў. Таму ў 1900 г. РСЛ аб'яднаўся з СДКП ў Сацыял-дэмакратыю Каралеўства Польскага і Літвы (сярод яе лідэраў быў стваральнік савецкіх спецслужбаў Ф.Э. Дзяржынскі). Усе вышэйпералічаныя партыі актыўна дзейнічылі і на тэрыторыі сучаснай Беларусі. У 1902г.кіраўнікіППС пайшлі на стварэнне аўтаномнай Польскай сацыялістычнай партыі ў Літве (ППС на Літве), якая базіравалася на праграмных устаноўках Польскай сацыялістычнай партыі (ППС). Сярод найбольш значных палітычных сілаў, створаных у гэты час, стаў Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расіі, які быў створаны ў 1897 г.у Вільні. Гэтая арганізацыя больш вядомая пад назвай Бунд(у перакладзе з мовы ідыш – “саюз”). Шырокі ўплыў гэтай партыі быў абумоўлены тым, што значную частку пралетарыяту Беларусі складалі яўрэі. З-за гэтага ў канцы ХІХ ст. менавіта Бунд быў самай уплывовай рэвалюцыйнай арганізацыяй на беларускіх землях. У канцы ХІХ ст. была прадпрынята спроба аб'яднання сацыял-дэмакратаў Расійская Імперыі.1-3 сакавіка 1898у Мінску ў доме на вул. Захар'еўскай (цяпер праспект Незалежнасці) прайшоў І з'езд Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (РСДРП). Канчатковай мэтай партыі былі аб'яўлены пралетарская рэвалюцыя і дыктатура пралетарыяту. Лідэры РСДРП спадзяваліся аб'яднаць усіх марксістаў Расіі. І спачатку гэтая мэта не здавалася беспадстаўнай. У склад РСДРП увайшоў Бунд, які пры гэтым захоўваў сваю ўнутраную структуру. Менавіта ён першапачаткова прадстаўляў новаўтвораную партыю ў Беларусі. Але барацьба сярод кіраўніцтва партыі так і не дазволела стаць ёй адзіным флагманам расійскай сацыял-дэмакратыі. Больш таго, на ІІ з'ездзе ў 1903 г. з-за супярэчнасцей па пытанні цэнтралізацыі партыі РСДРП раскалолася на меншавікоў (РСДРП(м), на чале з Г.Пляханавым) і бальшавікоў (РСДРП(б), на чале з У.Ульянавым (Ленінам). Прыхільнікі Леніна былі за поўную цэнтралізацыю партыі, меншавікі выступалі катэгарычна супраць гэтага, бо лічылі што гэта прывядзе да ўсталявання дыктатуры цэнтра. Адначасова на ІІ з'ездзе партыі Бунд заявіў пра свой выхад са складу РСДРП. У другой палове 1890-х гг. робіцца спроба рэабілітацыі народніцтва і яго збліжэнне з рабочым рухам. Да гэтага іх падштурхоўвала тое, што спроба абаперціся толькі на сялян не апраўдала сябе. У выніку ў Мінску Р.Радзівонавай, Р.Гершуні, Я.Гальперынам, К.Брэшка-Брэшкоўскай у 1898 г. была створана Рабочая партыя палітычнага вызваленя Расіі. Асноўнай мэтай арганізацыі стала звяржэнне самадзяржаўя і ўсталяванне сацыялістычнага грамадства. Пры гэтым, як і дзеячы “Народнай волі”, прыхільнікі створанай партыі ў якасці аднаго з метадаў барацьбы вызначаўся індывідуальны палітычны тэрор (уключаючы забойства палітычных дзеячаў, дзяржаўных чыноўнікаў і службовых асоб). Але ў 1900 г. арганізацыя была ліквідавана паліцыяй. У1902 г. былымі народнікамі і марксісцкімі групамі, што арыентаваліся на сялянства, была створана Партыя сацыялістаў рэвалюцыянераў (ПСР,эсэры). Праграма партыі прадугледжвала звяржэнне самадзяржаўя і ўсталяванне рэспублікі. Для вырашэння аграрнага пытання эсэры прапаноўвалі так званую сацыялізацыю зямлі (канфіскацыю зямлі ў памешчыкаў і аб'яўленне яе агульнанароднай уласнасцю) і ўраўняльнае надзяленне ёю сялян без права куплі-продажу. Актыўна выкарыстоўваўся эсэрамі і палітычны тэрор. Падрыхтоўкай тэрарыстычных актаў займалася Баявая арганізацыя ПСР на чале з мінскім урачом Р.Гершуні. У гэты час цікавасць да сацыялістычных ідэй узнікае і сярод прыхільнікаў беларускай нацыянальнай ідэі. У 1902-1903 гг. беларускімі рэвалюцыянерамі прадпрымаецца спроба фарміраваня ўласнай палітычнай партыі і выданне газеты “Свабода”. З нацыянальна-культурных гурткоў Мінска, Вільні і Пецярбурга была створана Беларуская рэвалюцыйная грамада (БРГ). Яе стваральнікамі стаялі Іван і Антон Луцкевічы, А.Пашкевіч (Цётка), К.Кастравіцкі (Карусь Каганец), А.Бурбіс, В.Іваноўскі, Ф.Умястоўскі. У 1903 г. БРГ на І з'ездзе ў Вільні была ператворана ў Беларускую сацыялістычную грамаду (БСГ). Праграма партыі прадугледжвала звяржэнне самадзяржаўя, адмену прыватнай уласнасці на зямлю, усталяванне дэмакратычнага ладу, прызнанне права народаў Расіі на аўтаномію. Для аслаблення ўплыву сацыял-дэмакратычных арганізацый сярод рабочых улады вырашылі пайсці на шэраг мераў, уключаючы стварэнне арганізацый працоўных, што павінны былі адстойваць выключна эканамічныя інтарэсы пралетарыяту не ўздымаючы палітычных пытанняў. Пры гэтым кіраўнікі створаных арганізацый тайна супрацоўнічалі з паліцыяй. Такая палітыка ўладаў была прадыктавана жаданем узяць пад кантроль рабочы рух і атрымала назву паліцэйскага сацыялізму, ці зубатаўшчыны (ад прозвішча ініцыятара такой палітыкі, начальніка Маскоўскага ахоўнага аддзялення С.Зубатава). На Беларусі ў яе рэчышчы ў 1901 г. у Мінску была створана Яўрэйская незалежная рабочая партыя (ЯНРП). Рэалізуя палітыку паліцэйскага сацыялізму ўлады прымушалі ўладальнікаў прадпрыемстваў ісці на саступкі працоўным. Пры гэтым рабіўся выгляд, што гэта быццам бы было дасягнута дзякуючы дзейнасці створаных рабочых арганізацый. Таму яны сапраўды пачалі карыстацца падтрымкай насельніцтва. Але рост рабочага руху выклікаў занепакоенасць уладаў. Акрамя таго, супраць зубатаўшчыны пачалі выступаць буйныя прамыслоўцы, з якімі кіраўніцтва дзяржавы вымушана было лічыцца. Таму ад палітыкі паліцэйскага сацыялізму хутка адмовіліся, а арганізацыі створаны пад час яе рэалізацыі хутка перасталі існаваць. У прыватнасці, у 1903 г. спыніла існаванне ЯНРП. Такім чынам, у другой палове ХІХ ст. на тэрыторыі Беларусі актывізавалася грамадска-палітычнае жыццё, што стала заканамерным вынікам імклівага развіцця капіталізму. У гэты час новыя формы набыў сялянскі рух, атрымалі распаўсюджванне выступленні працоўных, з'явіліся першыя народніцкія і марксісцкія арганізацыі, якія ўрэшце-рэшт перараслі ў першыя палітычныя партыі на тэрыторыі Расійскай Імперыі.
|