Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Рэвалюцыя 1905-1907 гг. у Беларусі. Трэццячэрвеньская палітычная сістэма


Date: 2015-10-07; view: 934.


У пачатку ХХ ст. у Расійскай Імперыі з-за абвастрэння эканамічных праблем і грамадска-палітычных супярэчнасцяў склалася перадрэвалюцыйная сітуацыя. І у гэтага былі свае аб'ектыўныя прычыны, сярод якіх асабліва вылучаліся наступныя:

- эканамічныя (абвастрэнне супярэчнасцяў паміж новым капіталістычным укладам і перажыткамі былой феадальнай сістэмы (буйное памешчацкае землеўладанне, існаванне сялянскай абшчыны, шырокае распаўсюджанне кустарнай вытворчасці), а таксама вынікі Сусветнага эканамічнага крызісу 1900 – 1903 гг., які асабліва адмоўна адбіўся ў многіх галінах расійскай эканомікі);

- сацыяльныя (супярэчнасці паміж рознымі сацыяльнымі групамі ва ўмовах пераходу да капіталізма (асаблівую актыўнасць у адстойванні сваіх правоў і інтарэсаў пачынае праяўляць пралетарыят));

- палітычныя (захаванне абсалютнай манархіі ва ўмовах пераходу да капіталізму, барацьба розных палітычных груповак за ўплыў на цара, правальны ход руска-японскай вайны 1904-05 гг.);

- нацыянальныя (адсутнасць нацыянальнай аўтаноміі і дэскрымінацыя іншых народаў, якія засялялі Расійскую імперыю).

Вышэйназваныя прычыны прывялі а сацыяльнага выбуду. Першая руская рэвалюцыя (як часам называюць Рэвалюцыю 1905 – 07 гг.) пачалася 9 студзеня 1905 г.з мірнага шэсця працоўных Пецярбурга, якія жадаліперадаць петыцыю цару. Наперадзе калоны ішоў поп Гапон, дэманстранты неслі іконы, царкоўныя харугвы і партрэты цара Мікалая ІІ. Нягледзячы на гэта шэсце было растраляна царскімі войскамі. Таму гэтая падзея ўвайшла ў гісторыю пад назвай “Крывавай нядзелі”. Жорсткасць царызму выклікала хвалю пратэстаў па ўсёй дзяржаве. У розных рэгіёнай прайшлі масавыя палітычныя стачкі і дэманстрацыі пратэсту пал лозунгам “Далоў самадзяржаўе!”. У Беларусі выступленні салідарнасці з пецярбургскімі рабочымі ў студзені 1905 г. ахапілі 31 горад і мястэчка, у тым ліку Мінск, Віцебск, Магілёў, Гродна, Гомель, Брэст, Смаргонь, Мазыр, Полацк, Слонім. Большасцю з іх кіравалі арганізацыі Бунда, РСДРП, эсэраў.

Імклівы рост антыўрадавых выступленняў паказаў, што ў асяроддзі рабочых знікла вера ў “добрага цара”. Тым не меньш, не ўсё выступленні 1905 г. насілі палітычны характар. Некаторыя абмяжоўваліся толькі эканамічнымі патрабаваннямі. Яны ў студзені – сакавіку 1905 г. ахапілі 25 населеных пунктаў Беларусі. Вясной рэвалюцыйны рух актывізаваўся ў сувязі са святкаваннем працоўнамі дня 1 Мая. Летні ўздым барацьбы быў выкліканы крывавымі расправамі царскіх улад над рабочымі. Палітычныя выступленні рабочых у чэрвені ахапілі 56 гарадоў і мястэчак Беларусі. Пад уплывам рабочага руху актывізаваўся рух сялянства супраць памешчыкаў і мясцовай адміністрацыі. Хваляванні перакінуліся на галоўную апору царызма – армію. Летам 1905 г. выступленні салдат адбыліся ў Мінску і Віцебску.

Рост антыцарскіх палітычных выступленняў летам 1905 г. напалохаў урад. Пад рэвалюцыйным націскам царызм ідзе на частковыя саступкі і 6 жніўня 1905 г. заяўляе пра скліканне дарадчай без надзялення яе заканадаўчым правам Дзяржаўнай думы (больш вядомай як Булыгінская ў гонар міністра ўнутраных спраў – аўтара праекта). Рывалюцыйныя сілы і ліберальная буржуазія ўспрыняла гэты крок цара як праяўленне слабасці і выступіла супраць Думы, разлічваючы тым самым на больш радыкальныя пераутварэнні. Распачалася новая хваля палітычных вытупленняў. Найвышэйшы ўздым рэвалюцыі прыпаў на восень 1905 г. У прыватнасці, уся краіна была ахоплена кастрычніцкай палітычнай стачкай, якая праводзілася пад заклікі ўстанаўлення дэмакратычнай рэспублікі.

Ва умовах уздыму рэвалюцыі царызм пайшоў на большыя саступкі і выдаў Маніфест“Аб удасканаленні дзяржаўнага парадку”ад 17 кастрычніка 1905 г. Згодна з Маніфестам насельніцтву Расіі дараваліся свабоды слова, сумлення, сходаў і саюзаў, абвяшчалася стварэнне ў хуткім часе заканадаўчага выбарчага органа – Дзяржаўнай Думы, у выбарах у якую маглі прыняць удзел шырокія масы насельніцтва. Гэта азначала, што расійскі імператар Мікалай ІІ пайшоў на карэнныя змены сістэмы кіравання дзяржавай і абмежаваў сваю ўладу. Расія з абсалютнай ператварылася ў парламенцкую манархію.

Маніфест насельніцтва сустрэла новай хваляй выступленняў. Рэвалюцыйныя партыі заклікалі працягваць барацьбу да поўнага звяржэння царызму. На гэта ўрад адказаў новымі рэпрэсіямі. Ужо 18 кастрычніка 1905 г.пасля агалашэння Маніфестау Мінску па загадзе губернатара П.Г. Курлова была расстраляна мірная дэманстрацыя працоўных, гэтая падзея ўвайшла ў гісторыю як Курлоўскі расстрэл. Зброя супраць дэманстрантаў была выкарыстана і ў Віцебску, сутычкі з паліцыяй адбыліся ў Полацку, Смаргоні і іншых гарадах.

Рэалізуючы заяўленае ў Маніфесце цар 11 снежня 1905 г. падпісаў Закон аб выбарах у Дзяржаўную Думу. Згодна з якім выбаршчыкі падзяляліся на чатыры курыі (асобыя выбарчыя разрады, на якія дзяліліся выбаршчыкі па нацыянальнай, прафісійнай ці іншай прыкмеце): землеўласнікаў, мяшчан, сялян, рабочых. Закон дакладна вызначаў колькасць дэпутатаў ад кожнай курыі. У выніку скдадвалася дыспрапорцыя на карысць найбольш заможных слаёў насельніцтва. Атрымоўвалася так, што голас памешчыка раўняўся 3,5 галасам гараджан, 15 галасам сялян ці 45 галасам рабочых. Гэта было зроблена каб забяспечыць ў Думе перавагу землеўласнікаў, заможных гараджан і сялян, на якіх і спадзяваўся абаперціся царызм. Не мелі магчымасць прымаць удзел ў вабарах жанчыны, моладыя людзі да 25 год, ваенныя, рабочыя дробных прадпрыемстваў.

Маніфест ад 17 кастрычніка 1905 г. садзейнічаў фарміраванню першых легальных палітычных партый у Расіі. І хаця іх колькасць была значнай, тым не меньш усё партыі можна падзяліць на некалькі груп. Сярод мноства правых (праманархічных ці праўрадавых) партый і аб'яднанняў асабліва вылучаўся Саюз рускага народа (СРН), які актыўна падтрымлівалі землеўладальнікі, чыноўнікі і праваслаўны клір. Гэта партыя выступала за захаванне ў Расіі раней існуючых парадкаў, самадзяржаўя, памешчацкага землеўладання, а таксама супроць праводзімых пад націскам рэвалюцыі рэформ. Правыя, якіх яшчэ называлі чарнасоценцамі, выступалі за захаванне “адзінай і непадзельнай Расіі”, а таксама сталі вядомы сваімі антыяўрэйскімі выступленнямі і пагромамі.

Ліберальны лагер ці цэнтрысты ў асноўным былі прадстаўлены двума вядучымі буржуазнымі партыямі – акцябрыстамі і кадэтамі. Акцябрысты (афіцыйная назва – Саюз 17 кастрычніка) ў аснову сваёй палітычнай праграмы паклалі царскі маніфест ад 17 кастрычніка 1905 г. Яны выступалі за абмежаваныя рэформы дзяржаўнага ладу пры захаванні моцнай царскай улады. Сярод прыхільнікаў партыі было шмат ліберальных землеўласнікаў і прадстаўнікоў буржуазіі. Акцябрысты ў сваёй праграме спрабавалі спалучыць ідэі манархістаў і лібералаў таму іх часта называюць права-цэнтрыстамі. Непасрэдна буржуазна-ліберальнай партыяй з'яўлялася Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя (кадэты). Яны выступалі за далейшыя ліберальныя рэформы і пераўтварэнне Расіі ў канстытуцыйную манархію. Таксама кадэты гатовы былі часткова вырашыць аграрнае пытанне (праз перадачу сялянам дзяржаўных, манастырскіх і выкупленых дзяржавай панскіх зямель), прадаставіць дзяржаўную аўтаномію Польшчы і Фінляндыі і прызнаць грамадзянскае раўнапраўе ўсіх народаў Расіі. Лібералы станоўча сустрэлі маніфест ад 17 кастрычніка і адмовіліся ад рэвалюцыйных дзеянняў, спадзяючыся, што новыя рэформы будуць арганізаваны новым рускім парламентам, дзе лібералы збіраліся атрымаць значную колькасць месцаў.

Налевым флангу палітычнага спектра Расіі небывалы размах набыла дзейнасць партый рэвалюцыйна-дэмакратычнага лагера – РСДРП, Бунда, эсэраў, БСГ, ППС у Літве і інш. Яны выйшлі з падполля і дзейнічалі адкрыта – праводзілі мітынгі і сходы, выдавалі газеты і лістоўкі, кіравалі стачкамі рабочых, выступленнямі сялян і вайскоўцаў. Большасць левых партый не прынялі сатрупак царызму і выступалі за працяг барацьбы да поўнага звяржэння царызму і ўсталявання расійскай дэмакратычнай рэспублікі. Таксама рэвалюцыйныя сілы ў сваёй большасці выступалі за ліквідацыю памешчацкага землеўладання і перадачу зямлі сялянам, прызнавалі права на самавызначэнне разных народаў, якія засялялі Расію.

У пачатку снежня 1905 г. царскі ўрад паспрабаваў авалодаць сітуацыяй. У адказ рэвалюцыйныя арганізацыіыі 7 снежня 1905 г. заклікалі народ да новай палітычнай стачкі і ўзброенага паўстання супраць царызму. Рэвалюцыйнымі выступленнямі ў снежні 1905 г. было ахоплена 28 гарадоў і мястэчак Беларусі. Усе яны былі задушаны узброенай сілай. 3 мэтай аслаблення рэвалюцыйнага націску царскія ўлады паскорылі працэс склікання Дзяржаўнай думы. Рэвалюцыйныя партыі байкатавалі выбары, аднак сарваць іх не ўдалося. У выніку пачатак дзейнасці першага расійскага парламента супаў з новым уздымам рэвалюцыйна руху.

У І-ай Дзяржаўнай Думе (27 красавіка – 8 ліпеня 1906 г.) большасць месцаў атрымалі кадэты. Нягледзячы на нязначнае прадстаўніцтва ў парламенце рэвалюцыйных сіл асноўным праблемным пытаннем стала аграрнае. Адзіна падыходу ў вырашэнні аграрнага пытання не было. Так, напрыклад, па кадэцкаму праекту – неабходна было стварыць “дзяржаўны зямельны запас” з казённых, удзельных, манастырскіх і часткі памешчыцкіх зямель, якія павінны былі б здавацца ў арэнду ці ўвогуле не апрацоўвацца. У сваю чаргу сялянскія дэпутаты аб'ядналіся ў фракцю трудавікоў і прапанавалі ліквідаваць памешчыцкае землеўладанне, перадаць усё зямлю ў агульнародную ўласнасць і ўвесці ўраўняльнае землекарыстанне. Польска-беларускія дэпутаты аўтанамісты (Р. Скірмут, І. Друцкі-Любецкі) патрабавалі прадастаўлення Літве-Беларусі шырокага абласнога самакіравання з правам вырашэння аграрнага пытання.

З-за нязгоды дэпутатаў падтрымаць урадавы праект аграрнай рэформы Мікалай II 9 ліпеня 1906 г. распусціў I Дзяржаўную Думу. Цар спадзяваўся, што новая Дзяржаўная Дума будзе больш паслухмянай, але склалася інакш. Левыя партыі прынялі ўдзел у выбарах і ІІ-я Дзяржаўная Дума (20 лютага – 2 чэрвеня 1907 г.)аказалася яшчэ больш радыкальнай. Большасць месцаў у Думе атрымалі трудавікі і кадэты, з якімі цесна супрацоўнічалі польскія аўтанамісты. Ад Беларусі большую колькасць галасоў атрымаў “Русский окраинный союз” (палітычны блок чарнасоценцаў і акцябрыстаў), які змог скарыстаць нацыянальныя і рэлігійныя супярэчнасці ў рэгіёне, а таксама памешчыкі аўтанамісты.

У ІІ Дзяржаўнай Думе як і раней галоўным па-ранейшаму заставалася аграрнае пытанне. Трудавікі і эсэры – як і раней выступалі за перадачу ўсёй зямлі ва ўласнасць народа і размеркаванне яе па працоўнай норме. Чарнасоценцы, акцябрысты і польска-беларускія аўтанамісты – падтрымалі аграрную праграму старшыні ўрада П.А. Сталыпіна. Але канчаткова вырашыць аграрныя супярэчнасці расійскі парламент не змог, таму цар прыняў рашэнне распусціць Думу. 3 чэрвеня 1907 г. Мікалай ІІ падпісаў новы выбарчы закон, які гарантаваў большае прадстаўніцтва ў Думе памешчыкаў і буйной буржуазіі. Гэта падзея ўвайшла ў гісторыю як Трэцячэрвеньскі дзяржаўны пераварот, бо згодна з Маніфестам ад 17 кастрычніка 1905 г. цар не мог змяняць выбарчае заканадаўства без згоды парламента. Атрымалася, што цар парушыў свой жа маніфест.

Гэта азначала заканчэнне Першай рускай рэвалюцыі, якая па сваім змесце насіла буржуазна-дэмакратычны характар, яна садзейнічыла пашырэнню правоў жыхароў Расіі і дазволіла ператварыць імперыю з абсалютнай ў парламенцкую манархію. Але ўсё мэты рэвалюцыі не былі дасягнуты, таму ў грамадска-палітычным і эканамічным жыцці працягвалі існаваць феадальныя перажыткі, якія не адпавядалі інтэрэсам многіх сацыяльных слаёў і стваралі прадумовы для новых хваляванняў

Па новаму выбарчаму закону 1907 г. у Расіі выбаршчыкі як і раней былі падзелены на 4 курыі, але суадносіны паміж імі змяняліся на карысць памешчыкаў. Тым не менш у беларускіх губернях улады паспрабавалі супрацьпаставіць выбаршчыкаў па нацыянальнаму прызнаку. У выніку былі ўтвараны руская (праваслаўная) і польская (каталіцкая) курыі. У 1912 г. у гарадах была утворана таксама яўрэйская. Па сутнасці ўрад спрабаваў знайсці ў краі апору сярод праваслаўнага сялянства, супрацьпаставіўшы яго польскім памешчыкам каталіцкага веравызнання (аўтанамістам). Дзякуючы гэтаму ІІІ і IV Дзяржаўныя думы аказалісябольш праўрадавымі. Найбольшую колькасць галасоў атрымалі акцябрысты, чарнасоценцы і кадэты.

Пасля завяршэння рэвалюцыі ў дзяржаве назіраўся спад палітычнай актыўнасці і ўлады паспрабавалі скарыстаўшыся абстаноўкай расправіцца з апазіцыяй. Рэвалюцыйныя партыі былі вельмі аслаблены і выніку шматлікіх пагромаў і арыштаў. Многія з рэвалюцыянераў вымушаны былі выехаць за мяжу. У гэтых умовах частка меньшавікоў і бундаўцаў (ліквідатары) выступілі за легальныя сродкі барацьбы. Восенню 1907 г. БСГ спыніла сваю дзейнасць Беларуская сацыялістычная грамада, а яе кіраўніцтва сканцэнтравала дзейнасць на выданні газета “Наша ніва”. Увогуле ў Расіі пасля 1907 г. распачаўся перыяд палітычнай рэакцыі, які ўвайшоў у гісторыю пад назвай Трэцячэрвеньскай палітычнай сістэмы.

5.9 Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. Сталыпінская аграрная рэформа

Аграрная рэформа 1861 г. стварыла спрыяльныя ўмовы для развіцця капіталізму ў Расійскай імперыі. На змену прыгонніцтву прыйшла пераходная сістэма гаспадарання, якая спалучала феадальныя і капіталістычныя рысы – так званая адпрацовачная сістэма. Малазямельныя сяляне вымушаны былі арандаваць зямлю ў памешчыкаў і за гэта апрацоўваць частку памешчыцкай зямлі сваім інвентаром і рабочай жывёлай. У адрозненне ад прыгону, праца гэта была выклікана эканамічнай неабходнасцю. Адпрацовачная сістэма панавала ў 1860 – 1870-я гг. Яна суіснавала з капіталістычным наймам і паступова выцяснялася капіталістычнай сістэмай. Так ужо ў 1880-я гг. у Гродзенскай, Віленскай і Мінскай губернях пераважала капіталістычная сістэма гаспадарання (шырока выкарыстоўвалася праца наёмных рабочых, якія апрацоўвалі зямлю інвентаром уладальніка), а ў Віцебскай і Магілёўскай – змешаная (адпрацовачна-капіталістычная).

На Беларусі пераважала буйное памешчыцкае землеўладанне. Ва ўмовах сялянскага малазямелля памешчыцкія гаспадаркі з'яўляліся асноўнымі пастаўшчыкамі таварнай прадукцыі. Многія памешчыкі прыстасоўваліся да новых умоў гаспадарання, прымянялі ўдасканаленыя прылады працы, выкарыстоўвалі наёмных рабочых, пераходзілі да шматполля, стваралі вінакурныя, цагельныя, смалакурныя заводы, млыны, лесапільні. Іншыя, якія не здолелі прыстасавацца і вялі гаспадарку старымі метадамі, паступова разараліся і прадавалі або закладалі свае землі.

У 1880-я гг. пачаўся сусветны аграрны крызіс, звязаны з рэзкім падзеннем цэн на збожжа на рынках Заходняй Еўропы (там з'явілася таннае збожжа з Амерыкі і Аўстраліі). Вытворчасць збожжа на Беларусі стала нявыгаднай. Гэта прывяло да змены спецыялізацыі сельскай гаспадаркі Беларусі, якая стала спецыялізавацца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі. З 1883 па 1900 г. колькасць буйной рагатай жывёлы ў памешчыцкіх гаспадарках Беларусі вырасла амаль удвая. У Мінскай і Гроддзенскай губернях значнага развіцця дасягнула танкарунная авечкагадоўля. Пашыраліся пасевы тэхнічных культур. Сярод іх першае месца займала бульба. Яе пасевы ў 1881 – 1889 гг. узраслі ў 2,5 раза. Значна павялічыліся пасевы ільну, асабліва ў Віцебскай губерні. Яго вытворчасць насіла пераважна таварны характар. На Магілёшчыне вырошчвалі каноплі. Важным відам прадпрымальніцтва было вінакурэнне.

На капіталістыныя рэйкі пераводзілі гаспадарку больш моцныя і прадпрымальныя сяляне, якія пашыралі сваю зямельную ўласнасць, ператвараліся ў таваравытворцаў. Аднак галеча і голад заставаліся ў парэформеннай вёсцы нярэдкай з'явай. Пры архаічнай агратэхніцы надзелы большасці сялян былі недастатковымі (менш 15 дзес.), каб пракарміць вялікія сем'і. Паглыбілася маёмасная дыферэнцыяцыя сялянства. У канцы ХІХ ст. заможных сялян было каля 11%, сераднякоў – 28%, беднякоў – 61%. Многія разараліся і вымушаны былі наймацца на працу да памешчыка ці заможнага аднавяскоўца або ісці ў горад.

Такім чынам, у парэформенны час у сельскай гаспадарцы Беларусі назіраўся рост гандлёвага земляробства і жывёлагадоўлі, спецыялізацыя па рэгіёнах. Рост таварна-грашовых адносін паступова разбураў патрыярхальны лад вёскі, узмацняў сацыяльнае расслаенне сялянства, паскараў фарміраванне сельскай буржуазіі. Аднак рэформа вызначыла марудны “прускі” шлях развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы. На гэтым шляху сельская гаспадарка павольна ператваралася ў капіталістычную пры захаванні памешчыцкага землеўладання і іншых феадальных перажыткаў.

На пачатку ХХ ст. адзначаныя тэндэнцыі ў развіцці сельскай гаспадаркі захоўваліся. Узмацніліся супярэчнасці паміж адсталай паўфеадальнай сельскай гаспадаркай і капіталістычнай прамысловасцю. Актуальнай праблемай стала знішчэнне феадальных перажыткаў. Спробай пераводу сельскай гаспадаркі на “амерыканскі” (фермерскі) шляхразвіцця стала сталыпінская аграрная рэформа.Яна была распачата ў 1906 г. П.А. Сталыпіным, які ў 1902 – 1903 гг. з'яўляўся гродзенскім губернатарам, а з 1906 г. міністрам унутраных спраў і старшынёй Савета Міністраў. Мэтай рэформы была ліквідацыя феадальных перажыткаў і паскарэнне развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы. Задачамі рэформы былі ломка сярэдневяковых форм сялянскага землекарыстання, а таксама фарміраванне з заможнага сялянства класа сельскай буржуазіі, які б стаў апорай самадзяржаўя. Асноўнымі сродкамі правядзення рэформы сталі: разбурэнне сялянскай абшчыны; хутарызацыя; перасяленне сялян у малазаселеныя раёны Расійскай імперыі (у Сібір і на Далёкі Усход).

Адпаведна ўказу 9 лістапада 1906 г. кожны гаспадар, які меў у карыстанні абшчынную зямлю, мог патрабаваць выхаду з абшчыны і замацаванне надзелу зямлі ў прыватную уласнасць. Дазвол на выхад даваў сход грамады на працягу 1 мес. з часу падачы заявы. Калі сход не задавальняў хадайніцтва, справу вырашаў земскі начальнік. З 1908 г. селяніну, што выходзіў з абшчыны, дазвалялася патрабаваць выдзялення зямлі ў адным участку (водрубе), што спрыяла ліквідацыі цераспалосіцы. У 1910 г. выхад з абшчыны быў акрэслены законам. На Беларусі разбурэнне абшчыны ішло хуткімі тэмпамі. К 1915 г. у Магілёўскай губерні выйшлі з абшчыны 56,8%, а у Віцебскай – 28,9 % усіх абшчыннікаў. Для сялян Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губерняў, дзе абшчына знікла яшчэ ў выніку рэформы 1557 г., сталыпінская рэформа істотнага значэння не мела.

На стварэнне моцнай прыватнай зямельнай уласнасці было накіравна насаджэнне хутарскіх гаспадарак. Заахвочвалася перасяленне сялян з вёсак на хутары – адасобленыя ўчасткі зямлі, на якія сяляне пераносілі сядзібу і сельскагаспадарчы інвентар. Хутарская гаспадарка шырока прапагандавался ў друку. Ствараліся паказальныя хутары, якія забеспечваліся сартавым насеннем, саджанцамі пладовых дрэў, пародзістай жывёлай, мінеральнымі ўгнаеннямі, удаканаленым інвентаром, машынамі. Для пераймання іх вопыту ладзіліся экскурсіі сялян як у Беларусі, так і за межы краю, напрыклад, у Фінляндыю.

Для стварэння высокаэфектыўнай хутарской гаспадаркі патрэбны былі значныя сродкі. Крэдытную дапамогу аказвала дзяржава праз Сялянскі банк. Для паляпшэння эфектыўнасці гаспадарання ўрадавымі, земскімі і кааператыўнымі ўстановамі праводзіўся комплекс агратэхнічных мерапрыемстваў. Для дапамогі хутаранам ствараліся сельскагаспадарчыя склады, пракатныя і ветэрынарныя пункты, арганізоўвалася грашовая дапамога і выдача пазык для закупкі тэхнікі, ладзіліся мерапрыемствы па прапагандзе агранамічных ведаў. За 10 гадоў правядзення рэформы працэнт створаных хутароў (12), быў вышэйшы, чым у Расіі ў цэлым (10). Хутарызацыя паступова набірала тэмпы.

Састаўной часткай сталыпінскай рэформы стала перасяленчая палітыка. Каб аслабіць аграрную перанаселенаць у еўрапейскай частцы Расіі, заахвочвалася дабраахвотнае перасяленне сялян у азіяцкую частку Расіі, Сібір. У асноўным выязджалі беззямельныя і малазямельныя сяляне, якія спакушаліся сібірскімі прасторамі. З беларускіх губерняў выехала каля 368 тыс. сялян. З іх каля 10% загінулі ў дарозе і на новым месцы, каля 11% вярнуліся на радзіму. Разам з тым сотні тысяч беларускіх сялян прыжыліся ў Сібіры.

Сталыпінская аграрная рэформа мела вялікае значэнне. У час правядзення рэформы пашыраліся пасяўныя плошчы, адбываўся рост сельскагаспадарчай вытворчасці. Заможныя сялянскія гаспадаркі ўцягваліся ў таварна-грашовыя адносіны, прапаноўвалі сваю прадукцыю на рынак. Аднак рэформа ажыццяўлался на працягу кароткага перыяду і не была завершана. Земская рэформа на Беларусі мела абмежаваны характар.

У парэформенны час у Расіі працягваўся працэс пераходу ад ручной арганізацыі прамысловай вытворчасці да машыннай – прамысловы пераварот, які завяршыўся ў 1890-я гг. Прамысловасць Беларусі развівалася ў гэтым жа рэчышчы, але яе развіццё мела свае асаблівасці. Характэрнай рысай развіцця прамысловасці Беларусі ў другой палове ХІХ ст. побач з адносна хуткім ростам фабрычнай вытворчасці было распаўсюджанне дробнарамеснай і мануфактурнай вытворчасці. Колькасць фабрык і заводаў за 40 парэформенных гадоў павялічылася ў 15 разоў – з 76 да 1137 прадпрыемстваў. Калі ў 1860-я гг.фабрыкі і заводы давалі толькі 9% прамысловай прадукцыі, то к 1900 г. – амаль 47%.

Беларуская прамысловасць спецыялізавалася на перапрацоўцы мясцовай сельскагаспадарчай, лясной і мінеральнай сыравіны. Прамысловыя прадпрыемствы па-ранейшаму знаходзіліся пераважна ў сельскай мясцовасці – бліжэй да крыніц сыравіны і таннай рабочай сілы. У 1900 г. 2/3 фабрык і заводаў, 45,4% усіх рабочых знаходзіліся ў мястэчках і маёнтках. Найбольшае развіццё атрымалі тут вінакурэнне і дрэваапрацоўка. У пачатку ХХ ст. развіваліся ў першую чаргу кардонна-папяровая, запалкавая і леса-хімічная вытворчасць.

Для прамысловасці Беларусі быў характэрны нізкі паказчык узроўню канцэнтрацыі вытворчасці. Прадпрыемствы з колькасцю рабочых да 50 складалі пераважную большасць ад усіх прадпрыемстваў. Буйных прадпрыемстваў, дзе працавалі 500 і болей рабочых, было вельмі мала. У 1900 г. іх налічвалася ўсяго 9. Буйнейшым прадпрыемствам была тытунёвая фабрыка Шарашэўскага ў Гродна. Тут працавала у 1900 г. 1445 рабочых. Сярод буйных фабрык таксама была ільнопрадзільная “Дзвіна” ў Віцебску.

Узровень канцэнтрацыі павысіўся ў пачатку ХХ ст., калі з'явіліся акцыянерныя таварыствы (прадпрыемствы, дзе капітал ствараўся з грашовых укладаў шэрагу прадпрымальнікаў і існаваў у форме акцый) і сіндыкатаў (форма аб'яднання прадпрымальнікаў, пры якой яны дамаўляюцца аб аб'ёмах вытворчасці і ўстанаўліваюць адзіную цану на сваю прадукцыю). Напярэдадні Першай сусветнай вайны налічвалася 34 акцыянерных прадпрыемства. З 1900 па 1913 г. аб'ём вытворчасці на іх павялічыўся ў 5,2 раза. Адбывалася пранікненне ў эканоміку Беларусі замежнага капіталу. У прыватнасці руска-бельгійскаму акцыянернаму таварыству належала віцебская ільнопрадзільная фабрыка “Дзвіна”. Першым сіндыкатам стаў створаны ў чэрвені 1905 г. у Мінску Камітэт запалкавых фабрыкантаў Заходняга краю, які стаў ініцыятарам стварэння Усерасійскага запалкавага сіндыката. У Віцебску утварыўся сіндыкат гаспадароў цагельных заводаў. У Оршы – манапалістычнае аб'яднанне піваварных заводчыкаў Паўночна-Заходняга краю.

Прамысловы пераварот у Беларусі адбыўся ў 1880 – 1890-я гг. першапачаткова ў дрэваапрацоўчай і металаапроўчай галінах. У цэлым ён праходзіў замаруджана і завяршыўся ў пачатку ХХ ст., калі ў асноўных сферах вытворчасці машынная тэхніка выцесніла ручную працу, а вадзяное кола было заменена паравым рухавіком.

Укараненне на прадпрыемствах машын патрабавала кваліфікаванай рабочай сілы. Дзякуючы гэтаму фарміраваўся пралетарыятклас наёмных рабочых, якія пазбаўлены ўласнасці на прылады працы і існуюць за кошт продажу сваёй рабочай сілы ўладальніку прадпрыемства. Галоўнай крыніцай фарміравання рабочага класу сталі былыя прыгонныя сяляне, а таксама работнікі мануфактур, рамеснікі. Асаблівасцю рабочага класа Беларусі была яго прывязанасць да сельскай мясцовасці. Толькі 1/3 рабочых знаходзілася ў гарадах. Буржуазія як клас фарміравалася з купецтва, мяшчан, уладальнікаў мануфактур, заможных рамеснікаў, а таксама заможных сялян.

Такім чынам, прамысловасць Беларусі зрабіла значны крок наперад. Колькасць фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў і рабочых на іх значна вырасла. Але, хаця тэмпы росту фабрычнай вытворчасці перавышалі на пачатку ХХ ст. агульнарасійскія, ўзровень яе па-ранейшаму зааставаўся адносна нізкім. Значную долю прадукцыі прамысловасці давалі мануфактуры і рамесна-саматужныя прадпрыемствы. У 1913 г. на душу насельніцтва ў Беларусі прыпадала амаль у два разы менш прамысловай прадукцыі, чым у Расіі.

Развіццю капіталістычнай гаспадаркі спрыялі паляпшэнне шляхоў зносін і сродкаў сувязі. У канцы ХІХ ст. у разліку на 100 км. кв. Беларусь мела шашэйных дарог у два разы, а рачных – у тры разы больш, чым еўрапейская частка Расіі. Праз тэрыторыю Беларусі прайшлі важнейшыя чыгуначныя магістралі: Пецярбургска-Варшаўская (1862 г.), Рыга-Арлоўская (1860-я гг.), Маскоўска-Брэсцкая і Лібава-Роменская (1870-я гг.), Палеская (1880-я гг.), Пецярбургска-Адэская (1902 г.). Чыгункі давалі магчымасць хутчэй і ў большай колькасці дастаўляць разнастайныя тавары, садзейнічалі пашырэнню ўнутранага рынку і сувязей са знешнімі рынкамі. Гэта спрыяла памяншэнню ролі кірмашовага гандлю. На змену яму прыходзіў стацыянарны крамны гандаль.

У канцы ХІХ ст. галоўным таварам на беларускім рынку быў лес. Другое месца займала сельскагаспадарчая прадукцыя. Прадукты сельскай гаспадаркі і вырабы прамысловасці (спірт, запалкі, папера і кардон, аконнае шкло, цэгла, кафля, вяроўкі і канаты), акрамя збыту на месцы, вывозіліся ў расійскія і ўкраінскія губерні, за мяжу. Прывозілі ў Беларусь метал, машыны, вугаль, нафту, соль, збожжа. Хуткімі тэмпамі развіваўся гандаль прамысловымі таварамі.

Усё большае значэнне ў развіцці эканомікі Беларусі набывалі банкі – установы, якія ажыццяўляюць пасрэдніцтва ў крэдыце і плацяжах, канцэнтруюць грашовыя сродкі. У 1873 г. быў створаны Мінскі камерцыйны банк – першы прыватны банк на тэрыторыі Беларусі. У 1880-я гг. тут пачалі працаваць аддзяленні Дзяржаўнага, Сялянскага пазямельнага і Дваранскага зямельнага банкаў Расіі, а ў 1890-я гг. – шэрагу камерцыйных банкаў.

У ХІХ ст. у Беларусі налічвалася 42 гарады, а доля граджан складала 10% ад усяго насельніцтва.Агульная колькасць гараджан на працягу другой паловы ХІХ ст. вырасла ў 2,2 раза і склала ў 1897 г. 655 тыс. чалавек. Яна павялічвалася за кошт дваран, збяднелых сялян і выселеных з сельскай мясцовасці яўрэяў. Па тэмпах урбанізацыі беларускія губерні адставалі ад губерняў еўрапейскай часткі Расіі. Гарады Беларусі былі пераважна невялікія. У канцы ХІХ ст. толькі два горада мелі насельніцтва ад 50 да 100 тыс. чалавек – Мінск і Віцебск. 7 гарадоў мелі ад 20 да 50 тыс. жыхароў. У 1913 г. колькасць насельніцтва Мінска дасягнула 116, а Віцебска – 103 тыс. чалавек.

У першую чаргу раслі тыя гарады, што з'яўляліся чыгуначнымі вузламі. У значныя прамысловыя цэнтры ператварыліся Мінск, Гомель, Пінск, Віцебск, Гродна, Брэст, Бабруйск, Барысаў. Яны ўдвая, а то іболей павялічылі свае тэрыторыі. Былі пабудаваны фабрыкі і заводы, на ускраінах з'явіліся рабочыя пасёлкі. Рост гарадоў выклікаў праблему гарадскога грамадскага транспарту. Пракладваліся лініі конкі, якія злучалі гістарычны цэнтр, вакзал і прамысловую зону. У 1898 г. у Віцебску раней чым у Маскве і Пецярбургу быў пушчаны электрычны трамвай. У пачатку ХХ ст. у якасці грамадскага транспарту стаў выкарыстоўвацца аўтамабіль.

У беларускіх губернях у канцы ХІХ ст. існавала каля 320 мястэчак з насельніцтвам каля 680 тыс. чалавек. Пераважалі дробныя мястэчкі – каля 2 тыс. жыхароў, але каля 100 мястэчак мелі насельніцтва ад 2 да 5 тыс. чалавек. Рост гарадоў суправаджаўся зменай іх сацыяльнай структуры. Да канца ХІХ ст. сярод гараджан вылучаліся буржуазія і пралетарыят. У нацыянальным складзе гарадскога насельніцтва пераважалі яўрэі (53,5%) і рускія (17,7%). Беларусаў у гарадах было толькі 14,5%.

Такім чынам, у канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. пад уздзеяннем буржуазных рэформ у Беларусі адбывалася станаўленне рыначнай эканомікі, якая ўключалася ў агульнарасійскі і еўрапейскі рынкі, завяршыўся прамысловы пераварот, сфарміраваліся класы буржуазнага грамадства, працякалі ўрбанізацыйныя працэсы, адбыліся карэнныя змены ў ладзе жыцця людзей.

5.10 Культура Беларусі ў ХІХ – пачатку ХХ ст.

Значны ўплыў на культурнае жыццë беларускіх зямель ў канцы ХVІІІ – першай палове ХІХ ст. аказала ўключэнне Беларусі ў склад Расійскай імперыі. У пачатку ХІХ ст. імператарам Аляксандрам І была праведзена новая ліберальная па сваёй сутнасці рэформа ў галіне адукацыі. У 1802 г. было створана Міністэрства народнай асветы і 6 вучэбных акруг. Беларускія землі ўвайшлі ў Віленскую навучальную акругу. Папячыцелем гэтай акругі быў прызначаны былы магнат Рэчы Паспалітай Адам Чартарыйскі. У 1803 г. існаваўшая ў Вільні Галоўная Літоўская школа была пераўтворана ў Віленскі універсітэт, які стаў цэнтрам навучальнай акругі. Паводле школьнага статута 1804 г., сістэма адукацыі будавалася па прынцыпе адзінства і пераемнасці: кожная школьная ступень была звязана з папярэдняй і наступнай, пераход у школу ажыццяўляўся без экзамена, на падставе дакумента аб заканчэнні папярэдняй школы. Пачатковымі навучальнымі ўстановамі ў адпаведнасці з рэформай з'яўляліся прыходскія вучылішчы. Няпоўную сярэдюю адукацыю давалі павятовыя вучылішчы, у якіх вывучаліся польская і замежныя мовы, прыродазнаўчыя і фізіка-матэматычныя навукі, асновы гісторыі, права, логікі. Сярэднюю адукацыю навучэнцы атрымоўвалі ў гімназіях. Выкладанне дысцыплін вялося на польскай мове, а руская мова вывучалася па жаданні бацькоў вучняў.

Акрамя свецкіх навучальных устаноў на Беларусі працавалі школы ордэнаў каталіцкай і уніяцкай цэркваў. Сярэднюю адукацыю давалі езуіцкія калегіўмы, якія дзейнічалі ў Полацку, Віцебску, Оршы, Магілёве і Мсціславе. Полацкі калегіўм у 1812 г. быў ператвораны ў акадэмію.Усе гэтыя ўстановы працавалі да 1820 г., калі была забаронена дзейнасць езуіцкага ордэна ў Расіі. Існавалі таксама школы пры каталіцкіх кляштарах і базыльянскія школы.

Пасля ўзыходжання на расійскі прастол Мікалая І у галіне асветы зноў адбыліся змены. Замест адзінай сістэмы пераемна звязаных паміж сабой тыпаў школ уводзіліся дзве сістэмы, сфарміраваныя па саслоўным прынцыпе: адна з іх павінна была даваць элементарную адукацыю для ніжэйшых саслоўяў (прыходскае вучылішча з 1 годам навучання, затым трохгадовае павятовае вучылішча), другая – сярэдняй і вышэйшай адукацыі – пераважна для дваран (дамашняе навучанне, сямігадовая гімназія, універсітэт). З мэтай барацьбы супраць польскага ўплыву царскія ўлады стварылі на землях Віцебскай і Магілёўскай губерній Беларускую навучальную акругу (1829 – 1850 гг.). Тут навучанне ажыццяўлялася на рускай мове. Барацьба з польскім уплывам узмацнілася пасля паўстання 1830 – 1831 гг. У 1832 г. Віленскі універсітэт быў зачынены, а на яго базе былі створаны Медыка-хірургічная і Рымска-каталіцкая духоўная акадэміі. Яны ў 1842 г. і таксама былі закрыты па палітычных матывах. У школах у абавязковым парадку ўводзілася навучанне на рускай мове.

Важнай рысай у развіцці асветы першай паловы ХІХ ст. стала зараджэнне прафесіянальнай адукацыі на Беларусі. У 1840 г. у Горы-Горках пачала дзейнічаць земляробчая школа. У 1848 г. на яе базе адкрыўся Горы-Горацкі земляробчы інстытут – першая ў Расіі і адна з першых у Еўропе вышэйшых сельскагаспадарчых навучальных устаноў.

Капіталістычнае развіццё краіны пасля адмены прыгоннага права патрабавала ўдасканалення сістэмы адукацыі. Таму разам з іншымі буржуазнымі рэформамі ў 60 – 70-я гг. XIX ст. была праведзена школьная рэформа. У адпаведнасці з рэформай пачатковымі школамі ў вёсках сталі народныя вучылішчы, у гарадах – гарадскія вучылішчы. Асноўнымі тыпамі сярэдніх навучальных устаноў для мужчын сталі класічныя гімназіі (вывучаліся гуманітарныя навукі) і рэальныя вучылішчы (вывучаліся прыродазнаўчыя і тэхнічныя навукі). Выпускнікі класічных гімназій мелі выключнае права паступлення ва універсітэты. Выпускнікі рэальных вучылішчаў маглі паступаць у тэхнічныя, гандлёвыя вышэйшыя навучальныя ўстановы. Выхаванкі жаночых гімназій атрымлівалі атэстат на званне настаўніцы пачатковай школы.

Ажыццяўленне школьнай рэформы супала з правядзеннем палітычнага курсу на далейшае пашырэнне рускага ўплыву на беларускіх землях пасля падаўлення паўстання 1863 – 1864 гг. За ўдзел выкладчыкаў, студэнтаў і навучэнцаў у паўстанні былі закрыты Горы-Горацкі земляробчы інстытут, 8 сярэдніх навучальных устаноў. З 1881 г. у Расіі наступіў перыяд жорсткай палітычнай рэакцыі, якая адмоўна паўплывала на сістэму народнай асветы. Значная частка народных вучылішчаў была закрыта, а замест іх разгортвалі сваю работу царкоўна-прыходскія школы і школы граматы. Тут праграма навучання была прасякнута духам казённага праваслаўя і манархізму. Саслоўны характар навучання падкрэсліваў цыркуляр ад 1887 г., празваны “цыркулярам пра кухарчыных дзяцей”, які прадпісваў не прымаць у гімназіі дзяцей кучараў, лакеяў, павароў і г.д.

Першая палова ХІХ ст. – час узнікнення навуковага беларусазнаўства. Вывучэнне Беларусі ажыццяўлялі Расійская акадэмія навук, Віленскі універсітэт, Маскоўскае таварыства аматараў старажытнасцей расійскіх, Віленскі музей старажытнасцей і Віленская археалагічная камісія. У гэты час убачылі свет шматлікія дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі. Так, прафесар Віленскага універсітэта М.Баброўскі знайшоў старадрукі І. Фёдарава і П. Мсціслаўца, выданні Ф. Скарыны. І.Грыгаровіч выдаў першы зборнік дакументаў па гісторыі Беларусі – “Беларускі архіў старажытных грамат” (1824), склаў і адрэдагаваў чатыры тамы зборніка “Акты Заходняй Расіі”. І.Даніловіч выдаў зборнік дакументаў “Летапісец Літвы і руская хроніка”. Тэадор Нарбут увёў у навуковы ўжытак “Хроніку Быхаўца”.

Значны ўклад у развіццё беларусазнаўства ўнеслі Зарыян Даленга-Хадакоўскі (“Пра славяншчыну да хрысціянства”), Адам Кіркор (аўтар аднаго з тамоў “Жывапіснай Расіі”, прысвечанага прыродзе і гісторыі беларуска-літоўскага краю), браты Канстанцін і Яўстафій Тышкевічы. У 1842 г. яны стварылі ў Лагойску першы ў Беларусі гістарычны музей.

У другой паловы ХІХ ст. працягнулася праца па вывучэнню гісторыі, мовы і культуры беларускага народа. Вялікую навуковую дзейнасць разгарнуў Паўночна-Заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства (РГТ), створаны ў 1867 г. у Вільні. Актыўнымі супрацоўнікамі РГТ з'яўляліся этнографы і мовазнаўцы, сярод якіх трэба назваць І.Насовіча і П.Шэйна. Самым вялікім укладам І.Насовіча ў беларусазнаўства стаў “Слоўнік беларускай гаворкі” (1870 г.), дзе было змешчана больш за 30 тысяч слоў, да якіх дадзены разгорнутыя тлумачэнні і прыклады. У пачатку 1870-х гг. навуковую дзейнасць на Беларусі пачаў П.Шэйн. Ён выдаў зборнік “Беларускія песні” (1873 г.), пазней – трохтомнік “Матэрыялы для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю” (1887 – 1902 гг.). У работах аўтара змешчана шмат дакладных апісанняў абрадаў, песень, звестак пра побыт беларусаў.

У 80–90-я гг. ХІХ ст. пашырылася кола збіральнікаў і даследчыкаў побыту і культуры беларускага народа. Адным з найбольш вядомых прадстаўнікоў беларускай этнаграфіі гэтага перыяду з'яўляецца М.Нікіфароўскі – аўтар шматлікіх прац па этнаграфіі, фалькларыстыцы і гісторыі Віцебшчыны (да прыкладу, “Нячысцікі”). Беларускі даследчык Е.Раманаў ажыццявіў некалькі экспедыцый, падчас якіх збіраў матэрыял для свайго “Беларускага зборніка” – своеасаблівай энцыклапедыі побыту і культуры беларусаў дарэвалюцыйнага часу. Значны ўклад у вывучэнне Беларусі ўнёс М.Федароўскі, які сабраныя фальклорныя матэрыялы выдаў у 8-томнай працы “Люд беларускі”. Сярод мовазнаўча-фальклорных даследаванняў пачатку ХХ ст. вылучаюцца працы Я.Карскага. Вынікі яго шматгадовай працы былі апублікаваны ў трохтомніку “Беларусы”, які і сёння не страціў сваёй навуковай каштоўнасці.

Сур'ёзны ўклад у даследаванне гісторыі Беларусі ўнеслі браты Я. і К. Тышкевічы, гісторык і краязнаўца А.Сапуноў,які выдаў тры тамы “Віцебскай даўніны”, даследаванне “Рака Заходняя Дзвіна”, а таксама “Матэрыялы па гісторыі і геаграфіі Дзісненскага і Вілейскага паветаў”. У 90-я гг. ХІХ ст. пачаў публікаваць свае гістарычныя работы М.Доўнар-Запольскі. Ён з'яўляецца аўтарам 150 прац па гісторыі ВКЛ і Расіі. Самай значнай яго працай з'яўляецца “Гісторыя Беларусі”. Яшчэ адным даследчыкам Беларусі з'яўляецца В.Ластоўскі, які апублікаваў “Кароткую гісторыю Беларусі”.

У канцы XVIII – першым дзесяцігоддзі ХІХ ст. значную ролю ў літаратурным жыцці Беларусі адыгрываў класіцызм. У другім дзесяцігоддзі ХІХ ст. з'явіліся першыя парасткі рамантызму. Менавіта рамантычны светапогляд з яго ўвагай да нацыянальнай культуры спрыяў развіццю фалькларыстыкі, выкарыстанню ў мастацкай творчасці народных песень, казак, паданняў, што і прывяло да ўзнікнення першых твораў на новай беларускай мове. Праблемы народнасці, нацыянальнай самабытнасці ставіліся ў такіх ананімных творах як: “Вось які свет стаў”, “Гутарка Данілы са Сцяпанам”, “Гутарка пана з селянінам”. Выдатнымі творамі беларускай літаратуры сталі паэмы “Энеіда навыварат” і “Тарас на Парнасе”. Найбольш верагодным аўтарам паэмы “Энеіда навыварат” з'яўляецца В.Равінскі. Паэма была напісана ў пачатку ХІХ ст. як пародыя на “Энеіду” Вергілія. Упершыню апублікавана ў 1845 г. Аўтарам паэмы “Тарас на Парнасе” лічыцца К.Вераніцын.

Буйнейшым паэтам Беларусі першай паловы ХІХ ст. з'яўляецца А.Міцкевіч. У сваіх польскамоўных творах (“Пан Тадэвуш”, “Гражына”, “Дзяды”, “Свіцязь”) аўтар выкарыстаў тэмы і вобразы, звязаныя з беларускай гісторыяй, фальклорам, звычаямі народа. На ўзор беларускіх песень пісаў уласныя вершы на беларускай мовеЯ.Чачот, у якіх заклікаў гуманна адносіцца да прыгонных сялян. Я.Баршчэўскі стварыў некалькі вершаў на беларускай мове і паэму “Рабункі мужыкоў”. У сваім творы “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”, напісаным на польскай мове, аўтар літаратурна перапрацаваў фальклорны матэрыял (Гэты твор называюць “беларускай тысяча і адной ноччу”).

Паэт і драматург В.Дунін-Марцінкевіч ажыццявіў пераход ад польскай літаратурнай традыцыі да ўласна беларускай. Ён з'яўляецца аўтарам аповесцяў “Вечарніцы”, “Гапон”, “Купала” і драматычных твораў “Ідылія”, “Пінская шляхта”, “Залёты”. У 20-я – 30-я гады ХІХ ст. развіўся паэтычны талент паэта з сялянскага асяроддзя – П.Багрыма, ад творчай спадчыны якога да нас дайшоў толькі верш “Зайграй, зайграй, хлопча малы”.

У другой палове ХІХ ст. пачынаецца новы этап у развіцці беларускай літаратуры. Пісьменнікі паступова пераадольвалі вузкае фальклорнае апісальніцтва сваіх папярэднікаў, ішоў працэс жанравага ўзбагачэння літаратуры, удасканальвалася вершаскладанне. Вяршыняй развіцця беларускай літаратуры другой паловы ХІХ ст. стала творчасць Ф. Багушэвіча (зборнікі “Дудка беларуская”, “Смык беларускі”). У сваіх творах ён абвясціў існаванне беларускага этнасу і адзначыў самастойнасць беларускай мовы.

Сярод значных аўтараў другой паловы ХІХ ст. былі Янка Лучына (Іван Неслухоўскі), А.Гурыновіч, Карусь Каганец (Казімір Кастравіцкі). На лепшыя дасягненні літаратуры другой паловы ХІХ ст. абапіралася беларуская літаратура пачатку ХХ ст. Новыя тэмы, матывы і вобразы прынесла ў беларускую літаратуру Цётка (А. Пашкевіч). Яе кнігі “Скрыпка беларуская” і “Хрэст на свабоду” сталі першымі арыгінальнымі зборнікамі беларускай паэзіі ХХ ст. У гэты ж час на літаратурным Алімпе Беларусі з'явіўся Янка Купала (І. Луцэвіч). Ён узняў беларускую літаратуру на якасна новы ўзровень, садзейнічаў фарміраванню і развіццю беларускай літаратурнай мовы. У 1908 г. паэт выдаў свой першы зборнік вершаў “Жалейка”.Я.Купала быў адным з заснавальнікаў пейзажнай і любоўнай лірыкі: паэмы “Курган”, “Бандароўна”, “Яна і я” Ствараў драматычныя творы “Раскіданае гняздо”, “Паўлінка”, “Прымакі”.

Разам з Янкам Купалам заснавальнікам новай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы стаў Якуб Колас (К. Міцкевіч). У 1910 г. рэдакцыя “Нашай нівы” выдала першы зборнік вершаў аўтара “Песні-жальбы”. Затым убачылі свет празаічныя зборнікі “Апавяданні” і “Родныя з'явы”. Адзіны паэтычны зборнік “Вянок” (1913 г.) належыць М. Багдановічу, аднак ён дазволіў паэту заняць пачэснае месца сярод класікаў беларускай літаратуры.

У ХІХ ст. на Беларусі развіваўся перыядычны друк. Органам друку віленскага генерал-губернатарства з'яўлялася газета “Кур'ер Літоўскі”. З 1838 г. ўрадавыя газеты (“Губернскія ведамасці”) з'явіліся ў кожнай губерні. У 1886 г. пачалося выданне першай у Беларусі незалежнай ад урада газеты “Минский листок”. У газеце змяшчаліся матэрыялы беларускіх літаратараў, гісторыкаў, фалькларыстаў. З 1902 г. газета пачала выходзіць пад назвай “Северо-Западный край”. У перыяд рэвалюцыі 1905–1907 гг. з'явілася шмат новых газет і часопісаў розных палітычных напрамкаў, зарадзіўся легальны перыядычны друк на беларускай мове. Выключную ролю ў развіцці культуры беларускай нацыі адыгралі беларускамоўныя газеты “Наша доля” (1906 г.) і “Наша ніва” (1906-15 гг.).

У музычна-тэатральнай культуры канца XVIII – першай паловы XIX ст. вылучаецца сваёй адметнасцю прафесійныпрыгонны тэатр магнатаў, у якім адпаведна тагачасным дваранскім густам вялікае месца адводзілася спектаклям. Пры некаторых магнацкіх тэатрах існавалі балетныя школы. Балеты складалі значную частку рэпертуару Гродзенскага, Слонімскага і Шклоўскага тэатраў. Высокае прафесійнае майстэрства беларускіх артыстаў балета пацвярджаецца тым, што яны папаўнялі трупы варшаўскіх і пецярбургскіх тэатраў. Разам з прафесійным тэатрам развіваўся аматарскі, які быў папулярны ў шляхецкім, чыноўніцкім і афіцэрскім асяроддзі. На аматарскай сцэне рабіў першыя крокі беларускі нацыянальны тэатр. Ля яго вытокаў стаялі В.Дунін-Марцінкевічі тыя мінскія акцёры і музыканты-аматары, якія гуртаваліся вакол гэтага выдатнага драматурга, рэжысёра і акцёра. У 1841 г. адбылася прэм'ера аматарскага спектакля – камічнай оперы “Рэкруцкі яўрэйскі набор”, музыку для якой напісалі С.Манюшка і К. Кжыжаноўскі, а лібрэта – В.Дунін-Марцінкевіч.

На традыцыях “беларускіх вечарынак” у 1907 г. узнікла “Першая беларуская трупа” Ігната Буйніцкага – сапраўдны тэатр прафесійнага тыпу. У рэпертуары “Першай беларускай трупы” былі песні, танцы, пастаноўкі п'ес, дэкламацыя твораў беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. І. Буйніцкі і яго акцёры займаліся актыўнай гастрольнай дзейнасцю. У час гастроляў па Беларусі І. Буйніцкі дапамагаў мясцовым гурткам, што спрыяла пашырэнню тэатральнага аматарства.

У выяўленчым мастацтве Беларусі канца XVIII – першай паловы ХІХ ст. наглядалася ўзаемадзеянне дзвюх плыняў – класіцызму і рамантызму. Класіцызм быў афіцыйным стылем, якога прытрымлівалася Пецярбургская акадэмія мастацтваў. Аднак у выяўленчае мастацтва пранікаюць і элементы рамантызму. Сярод найбольш вядомых мастакоў варта назваць І.Аляшкевіча, В.Ваньковіча, В.Дмахоўскага, М.Кулешу, І.Дамель.У гэты ж час таленавіты мастак, этнограф і кампазітар Напалеон Орда аб'ездзіў амаль усю Беларусь, Польшчу і Літву, зрабіў каля 500 акварэляў і малюнкаў з натуры, захаваўшы такім чынам для нашчадкаў аблічча цудоўных помнікаў архітэктуры, замкаў, палацаў, вуліц гарадоў, гістарычных мясцін. Аўтарам класічных твораў беларускага жывапісу з'яўляецца І.Хруцкі,аўтаршматлікіх нацюрмортаў, пейзажаў і партрэтаў.

На развіцці выяўленчага мастацтва ў Беларусі па-ранейшаму адмоўна адбівалася адсутнасць мясцовых прафесійных мастацкіх школ. Становішча крыху палепшылася, калі ў пачатку ХХ ст. у Мінску, Віцебску і Магілёве з'явіліся першыя прыватныя рысавальныя школы. Сярод вдомых мастакоў другой паловы ХІХ – пачатку ХХ ст. былі А.Гараўскі, Н.Сілівановіч, К.Альхімовіч, В.Бялыніцкі-Біруля, Ф.Рушчыц, Г.Вейсенгоф, Ю.Пэн, Я.Драздовіч.

Архітэктара ў ХІХ ст. паступова адмаўляліся ад празмернай складанасці і заблытанасці архітэктурных форм, характэрных для барока. У архітэктурных кампазіцыях пачалі выкарыстоўвацца выразныя геаметрычныя формы. Станаўленне класіцызму найперш было звязана з інтэнсіўным развіццём горадабудаўніцтва. У беларускіх гарадах пачалі з'яўляцца новыя тыпы жылых і грамадскіх будынкаў (канцылярый, бальніц, гімназій), якія вылучаліся на фоне сярэдневяковай забудовы сваімі правільнымі абрысамі. Упершыню горадабудаўніцтва стала дзяржаўнай справай. У першай палове ХІХ ст. былі распрацаваны планы забудовы звыш 40 беларускіх гарадоў. Буйнейшымі будаўнічымі пляцоўкамі Беларусі сталі Брэст і Бабруйск, дзе будаваліся крэпасці. Аўтарам праекта Бабруйскай крэпасці быў ураджэнец Беларусі, капітан расійскай арміі, ваенны інжынер і гісторык Т. Нарбут. Яскравае адлюстраванне класіцызм знайшоў у палацава-сядзібнай архітэктуры. Сярод выдатных помнікаў беларускага класіцызму вылучаюцца палац-рэзідэнцыя графа М. Румянцава у Гомелі, палац губернатара ў Віцебску.

Працэс паступовага заняпаду класічнай архітэктуры рэзка ўзмацніўся ў сярэдзіне ХІХ ст. Да канца ХІХ ст. у беларускім дойлідстве ўжо стала панаваць эклектыка (або “архітэктура гістарызму”). Яна вызначалася некрытычным выкарыстаннем форм розных стыляў (готыкі, барока, ракако, класіцызму, раманскага і інш.). Звычайна банкі і навучальныя ўстановы афармлялі пад рэнесанс, тэатры – пад барока, касцёлы – пад готыку, праваслаўныя цэрквы будаваліся ў псеўдавізантыйскім, ці псеўдарускім, стылі. У другой палове ХІХ ст. наглядаецца росквіт неагатычнага стылю, які стаў як бы афіцыйным стылем каталіцкай царквы ў Беларусі. Пасля падаўлення паўстання 1863–1864 гг. шырокае распаўсюджанне набыў псеўдарускі, або псеўдавізантыйскі, стыль, у праваслаўным культавым дойлідстве. Рускія архітэктары распрацавалі тыпавыя варыянты праваслаўных цэркваў, скапіраваныя з візантыйскіх храмаўкаб паказаць пераемнасць рускага дойлідства ад візантыйскай архітэктуры. Ініцыятарам будаўніцтва падобных храмаў быў граф Мураўёў, таму ў народзе яны набылі назву “мураўёвак”.

Побач з “архітэктурай гістарызму” у канцы ХІХ ст. адбываецца станаўленне новага стылю – мадэрна. Для помнікаў мадэрна характэрны пераплеценыя лініі, асіметрычныя кампазіцыі, багаты ляпны дэкор. Мадэрн прынёс новыя тыпы пабудоў (чыгуначныя вакзалы, масты, прамысловыя збудаванні), новыя будаўнічыя матэрыялы і канструкцыі (цэмент, металічная арматура, фабрычная дахоўка). Прыкладам архітэктуры мадэрна з'яўляюцца будынак Пазямельна-сялянскага банка ў Віцебску (зараз будынак Ветакадэміі).


<== previous lecture | next lecture ==>
Адмена прыгоннага права. Буржуазныя рэформы 60-х – 80-х гг. ХІХ ст. у Беларусі. Контррэформы | Фарміраванне беларускай нацыі
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.772 s.