Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Гісторыя чалавека, гісторыя мовы...


Date: 2015-10-07; view: 442.


Нарадзіўся я на прыканцы 1990 года. Наша краіна пачынала дыхаць нацыянальным Адраджэннем, грамадства жадала сацыяльных і культурных пераўтварэнняў: вяртання нацыянальнай роднай гісторыі, культуры, мовы… Прымаліся законы і распараджэнні. Нарэшце адбылося! “Вернем сваё!”, - так думалі энтузіясты-нацыяналісты, інтэлігенцыя, частка працоўных і простыя людзі-беларусы. Ішлі месяцы, гады, пачаўся перавод рускамоўных школ на беларускамоўную аснову навучання, СМІ таксама загучалі па-беларуску, а грамадства – не... І раптам - двухмоўе... Па сутнасці - прыгавор для Беларусі!..

У 1997 годзе пайшоў я ў першы клас у беларускамоўную школу, што знаходзілася ў маёй вёсцы... Вучыўся на роднай мове, размаўляў як і ўсе- на трасянцы. І так дзевяць год. Потым зрабілі нашу школку базавай- “прыгавор” маёй вёсцы... Два гады прыйшлося вучыцца ў суседняй, рускамоўнай. Скажу праўду – давалася цяжка: усё рускае, на рускай мове – для мяне амаль на замежнай!.. На роднай мове толькі беларуская гісторыя, мова і літаратура... Жах! Ды толькі і на тых уроках я сараміўся размаўляць па-беларуску...

І нарэшце падышоў час развітвацца з дзяцінствам, выбіраць навучальную ўстанову, якая стане візітоўкай ў дарослае незалежнае жыццё. З маленства падабалася старажытнасць – як жылі, чым жылі, чым займаліся, як працавалі, як адпачывалі, – карацей гісторыя і культура свайго народа... Быў выбар: пайсці ва універсітэт Куляшова, што ў Магілёве, на гісторыка альбо ва універсітэт культуры, што ў Мінску – на музейнага супрацоўніка. Што ж выбраць? Гісторыя і там і там, але ж бацька, вядомы краязнавец, з маленства прывучыў паважаць, любіць і збіраць усё старое, нацыянальнае. Ды ў дадатак сястра ужо працавала на той час ў раённым краязнаўчым музеі. Разам шмат ездзілі па вёсках, збіралі, па выказваннях аднасяльчан і сваякоў, ўсялякае “смецце”... Карацей – жыццё само вырашыла за мяне. Падаў дакументы ў БДУ культуры і мастацтваў па спецыяльнасці “Музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны” - якраз па душы!!! Падаў дакументы і пачаў чакаць вынікаў. Хваляваўся, тэлефанаваў у дэканат, здзівіла тое,што падаў дакументы ў горад-сталіцу, а са мой размаўляюць па-беларуску! Ціка-ава!.. І вось нарэшце доўгачаканае: “Паступіў!” Ды нешта ж толькі ў душы скаланулася: хіба я так не магу, не ўмею размаўляць па-беларуску?! Атрымалася, што так. Тады пачнём пісаць!.. Па-першае, SMS-кі ўсім знаёмым студэнтам і вучням з віншаваннямі з нагоды пачатку новага навучальнага года. Па-другое, мабільную тэлефонную кніжку пераклаў на беларускую мову. Наконт паўсядзённай размовы пытання не стаяла – у далейшым стала зразумелым – на той час яшчэ не выспеў я для гэтага. Ды і практыкі не было, а ў дадатак яшчэ і грамадская думка...

Прыехаў па заліку ва універсітэт, давялося сустрэць усім вядомыя клопаты па ўладкаванню – амаль увесь час са мной размаўлялі па-беларуску. Праз дзень-два пачалася сама вучоба. Прадметаў шмат, усё новае і цікавае, але не паўсюдна. І зноў жа дзіўлюся: амаль усё, за выключэннем двух прадметаў, па-беларуску!!! А тут яшчэ і выкладчыкі... вядомыя і цікавыя людзі, а зноў жа парадокс - размаўляюць толькі па-беларуску! Вось з тае пары і пачалі ў маёй галаве “гуляць” розныя думкі наконт выбару і прызначэння мовы. Тады яшчэ я размаўляў на роднай трасянцы, праўда, ужо былі думкі перайсці толькі на беларускую мову, ды і заўвагі былі наконт трасянкі не толькі ад выкладчыкаў, але ж і ад аднагрупнікаў – цяпер я разумею, як гэта непрыгожа... Цягнулася гэта да той пары, пакуль мяне не закранулі за жывое словы выкладчыка беларускай літаратуры – Друк Галіны Мацьвееўны, наконт сораму пры размове па-беларуску ў грамадскім транспарце(дарэчы, роўна паўгода я жыў на кватэры). І тады я ўсхадзіўся не на жарт! Чаму ж сорамна атрымліваецца сучаснаму беларусу размаўляць на роднай мове? А хіба ж я не Беларус?! Хіба я не магу мовіць родныя словы там, дзе мне загадае душа? Ды і чаму душа?.. Мой мозг павінен загадаць, даць устаноўку душы размаўляць толькі на роднай мове ў любым выпадку, у любым месцы! Бо нездарма ж змагаліся нашы дзяды за волю і незалежнасць, пралівалі кроў і пот дзеля гэтай справы, дзеля нас – нашчадкаў!.. Вось менавіта тады я і пачаў уводзіць ў сваю гаворку ўсё болей і болей родных слоў, а з выкладчыкамі пачаў стасункацца толькі па-беларуску.

Ды толькі вось бяда: выходзіць у далейшым што, калі ты мусіш размаўляць па-беларуску, значыцца – ты палітычны “нефармал” у адносінах да існай беларускай улады. Ты так званы БНФавец і нацдэмавец! Неаднойчы чуў гэта я ў свой адрас – у душы цяклі слёзы адчаю і роспачы... Загамоніш ў аўтобусе па тэлефоне на роднай мове, а цябе амаль цураюцца, кідаюць касы позірк, перашэптваюцца, а часам і чуеш у свой адрас крыўдныя словы... Жах! Як цяжка сябе стрымаць, плюнуць у вочы тым людзям. А на мне ж аніякіх прыкмет таго, што я апазіцыянер, бо гэта проста мана! Бывае ж зойдзе на прыпынку дзяўчына, абвешаная бела-чырвона-белымі стужкамі і значкамі “За свабоду”, а размаўляе ж так заўзята на рускай мове, што аж бедныя мае вушы!.. І пытаюся сябе: ”За што змагаецца: за ўладу альбо культуру і мову?..” Адказу і пасюль няма, а толькі кляймо: размаўляеш па-беларуску – значыцца палітычны “нефармал”. Сумленныя і разумныя людзі разумелі мяне ў той момант, ды толькі ж колькі іх едзе побач са мною?! А болей цікавяцца:

-“А чаму ты размаўляеш па-беларуску?..”

- “Дык я ж, здаецца, беларус!”

- “я тоже не поляк...”

На гэта ў мяне пакуль адзін маецца адказ: “Прабачайце, але ж я самасвядомы беларус!..” А бывае сам задам пытанне наконт таго, чаму ж рускім, украінцам альбо кітайцам не задаюць такога пытання: “А чаму ты размаўляеш на роднай мове?..” Чаму толькі нам, беларусам адрасуецца такое пытанне? У адказ толькі мёртвая цішыня... А думка пра цябе ўжо склалася- усё роўна ты палітычны “нефармал”!.. Ды толькі вось уласна я мала чуў, каб хто з апазіцыі паўсюдна размаўляў на роднай мове... А цябе вось залічуць у рады тых, дзе ты зроду не быў, дык толькі за што? Па якой прымеце? Атрымліваецца, што па мове мы вызначаем прыналежнасць да партыі альбо прыні, а не краіны і нацыянальнасці... Жах, дый толькі!

Прайшло з паўгода, як я размаўляю толькі па-беларуску, нават зараз дома, у асяроддзі роднае трасянкі, але ж трымаюся, не здраджваю... Бывае канешне ж, выскача тое-сёе на трасянцы. Усё ж такі семнаццаць гадкоў тутака пражыў. А хутка ўжо наступны навучальны год, зноў мне ў Мінск. Як цяпер “адмазвацца”? Выйсце адно – трымацца свае спадчыны, трымацца свае мовы і памятаваць, што я – Беларус!

 

14.08.09. Галкоўскі Алесь Алесевіч, в.Судзілы, Клімавіцкі раён

 


<== previous lecture | next lecture ==>
Каталіцкі касцёл у сярэднявеччы. | УВОДЗІНЫ
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.003 s.