Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Тэма 2 ЛЕКСІЧНАЯ СІСТЭМА БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРНАЙ МОВЫ


Date: 2015-10-07; view: 895.


Лексiка (грэч. lexikos – слоўнiкавы, lexis – слова) – гэта сукупнасць слоў пэўнай мовы, яе слоўнікавы састаў. У лексіцы адлюстраваны вынікі пазнавальнай дзейнасці і культуры людзей на працягу многіх тысячагоддзяў.

Лексікалогія (грэч. lexis – слова, logos – вывучэнне) – раздзел мовазнаўства, які вывучае лексіку. Аб'ект вывучэння лексікалогіі – слова.

Характэрнымі прыметамі слова з'яўляецца цэльнасць і ўзнаўляльнасць у маўленні. Слова суадносіцца з асноўнай катэгорыяй мыслення – паняццем. Паняцце – абагульненае адлюстраванне ў свядомасці людзей асноўных уласцівасцяў рэальнага свету. За пэўным паняццем замацоўваецца слова. Абазначаючы прадмет, выражаючы паняцце аб ім, слова выконвае намінатыўную функцыю. Слова – цэнтральная адзінка мовы, якая служыць сродкам называння прадметаў і з'яў навакольнай рэчаіснасці, а таксама з'яўляецца будаўнічым матэрыялам для словазлучэнняў і сказаў. Словы маюць лексічнае значэнне.

Лексічнае значэнне – унутраны, рэальны змест слова, суадноснасць яго гукавой абалонкі з адпаведнымі прадметамі ці з'явамі аб'ектыўнай рэчаіснасці. Лексічнае значэнне слова выражаецца асновай слова. Але не ўсе словы ў нашай мове называюць паняцці і маюць лексічнае значэнне. На аснове сваіх семантычных і граматычных прыкмет словы адносяцца да пэўных часцін мовы, з якіх адны словы маюць пэўнае лексічнае значэнне, адказываюць на пытанне і ў сказе з'яўляюцца членамі сказа – самастойныя часціны мовы, а другія гэтымі ўласцівасцямі не валодаюць – службовыя часціны мовы. Самую вялікую колькасць слоў складаюць самастойныя часціны мовы, ці паўназначныя.

Слова можа мець адно ці некалькі лексічных значэнняў. У залежнасці ад гэтага яны падзяляюцца на адназначныя і мнагазначныя. Адназначныя словы маюць толькі адно лексічнае значэнне. Да іх адносяць тэрміны, уласныя назвы. Такіх слоў няшмат: сінус, нейрон, флексія, Сатурн, Купала і інш. Большасць слоў у беларускай мове мнагазначныя. Мнагазначнасць ці полісемія (гр. – palysemos – мнагазначны) – гэта уласцівасць слова мець некалькі лексічных значэнняў. Яна ўзнікае ў мове ў выніку пераносу назваў з аднаго прадмета на другі на аснове падабенства іх па форме, якасці, уласцівасці, функцыі і сувязі паміж імі. Асноўнае, першапачатковае, зыходнае значэнне слова называецца прамым. Вытворнае, другаснае значэнне, што набываецца словам з часам і існуе ў ім побач з прамым, называецца пераносным.


<== previous lecture | next lecture ==>
Падабенства і адрозненне | Віды пераноснага значэння слова
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.297 s.