Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Віды пераноснага значэння слова


Date: 2015-10-07; view: 1122.


Пераноснае значэнне мае наступныя віды: метафара, метанімія і сінекдаха.

Метафара (грэч. metaphora – перанясенне) — гэта перанос назвы з аднаго прадмета на другі на аснове падабенства іх прымет. Гэта найбольш прадуктыўная разнавіднасць полісеміі.

Перанос узнікае на аснове падабенства:

- па форме: іголка кравецкая – іголка хвоі;

- па колеру: свінцовая куля – свінцовая хмара;

- па функцыі: нос чалавека – нос лодкі;

- па месцы знаходжання: хвост птушкі – хвост калоны;

- на аснове уражання, адчування, ацэнкі: дыхае чалавек – зямля дыхае.

Перанос назвы можа адбывацца і на аснове 2 і больш прымет: крыло птушкі – крыло самалёта (па форме і па функцыі).

Паводле распаўсюджанасці метафары падзяляюцца на:

- прывычныя (сцёртыя, агульнамоўныя) метафары – яны перасталі ўжывацца як вобразныя пераносныя значэнні слоў: корань дрэва – корань слова, нос чалавека – нос лодкі;

- паэтычныя (вобразныя) метафары – гэта пераносныя назвы прадметаў, з'яў, дзеянняў, прымет: зялёны сад – зялёны хлопец, глухі чалавек – глухі кут;

- аўтарскія (індывідуальна-стылістычныя) метафары належаць якому-небудзь пісьменніку і існуюць толькі ў пэўным творы, у кантэксце, не фіксуююцца ў слоўніках: бурай неба рагатала (Куп.), дзень пачынаецца, а за краю нябёс вочы ўскінуў дождж (К-с).

Метанімія (грэч. metonymia – перайменаванне) – гэта замена адной назвы прадмета, з'явы другой назвай на аснове сумежнасці. Можа пераносіцца:

- назва формы на змест: адрамантаваны клас – клас дрэнна сябе паводзіў;

- назва дзеяння на вынік: пераклад тэксту – вучням раздалі пераклады;

- назва матэрыялу на выраб з яго: пярсцёнак з серабра – выстава старажытнага серабра, есці са срэбра;

- прозвішча (псеўданім) аўтара на яго творы: творы Купалы – чытаць Купалу;

- назва дзеяння на месца, дзе адбываецца гэта дзеянне: пераход вуліцы – падземны пераход.

Сінекдаха (грэч. synekdoche – суаднесенасць) (разнавіднасць метаніміі) – гэта ўжыванне слова:

- як назвы цэлага і часткі гэтага цэлага: гуляла, шалела інтэрвенцыя: француз, англічанін путы ўскласці меціліся – множны лік абазначаецца адзіночным лікам і наадварот;

- назва частак цела чалавека або жывых істот ўжываецца са значэннем чалавека і жывёлы: у сям'і 5 ртоў, статак у 20 галоў;

- назва адзення ўжываецца замест назвы чалавека: шэрыя курткі рагаталі, заячая шапка схавалася за соснамі.

Мнагазначныя словы – яркі стылёвы сродак, яны выкарыстоўваюцца ў мове мастацкай літаратуры для стварэння вобразаў, перадачы эмацыянальнага, душэўнага настрою герояў, малюнкаў прыроды і г.д.

Кожнае значэнне мнагазначнага слова замацавалася ў мове і адлюстроўваецца тлумачальнымі слоўнікамі. Але дакладна зразумець значэнні мнагазначных слоў можна толькі ў кантэксце.


<== previous lecture | next lecture ==>
Тэма 2 ЛЕКСІЧНАЯ СІСТЭМА БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРНАЙ МОВЫ | Лексічныя сродкі мовы
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.092 s.