![]() |
Публіцыстычны стыльDate: 2015-10-07; view: 591. Публіцыстычны стыль – спецыфічная сістэма моўных сродкаў, якая прызначана абслугоўваць шырокую сферу грамадска-палітычных зносін. Найбольш яскрава асаблівасці і адметнасці публіцыстычнага стылю адлюстраваны ў сродках масавай інфармацыі: газетах, грамадска-палітычных часопісах, у інфармацыйных выпусках радыё і тэлебачання, таму гэты стыль інакш называюць газетна-публіцыстычным. Кожнае публіцыстычнае выданне накіравана на фармаванне светапогляду чытача. Як вядома, асноўная задача публіцыстыкі – несці інфармацыю, даводзіць да шырокіх колаў насельніцтва паведамленні пра найбольш важныя і актуальныя падзеі, з'явы і праблемы сучаснасці, уплываць на свядомасць людзей, фармаваць грамадскую думку. Спецыфічныя абставіны з'яўляюцца катэгорыяй агульнамоўнай, у публіцыстыцы яна праяўляецца найбольш выразна і ўсебакова. Разглядаемую з'яву ці падзею «высвечваюць» з розных бакоў, адсюль рэзкае размежаванне станоўчага і адмоўнага, адпаведна і дзяленне моўных сродкаў на станоўча-ацэначныя і негатыўна-ацэначныя. Уздзеянне публіцыстычнага твора накіравана на абуджэнне грамадзянскіх якасцей асобы. Відавочна, што публіцыстычнае маўленне звернута да шматлікай і разнастайнай аўдыторыі, яно павінна быць агульнапрынятым і агульназразумелым. У першую чаргу публіцыстычнае маўленне павінна адпавядаць нормам беларускай літаратурнай мовы, таму характэрныя асаблівасці яго наступныя: - правільнасць, дакладнасць, лагічнасць, чысціня і дарэчнасць маўлення; - выкарыстанне элементаў гутарковай лексікі, шырокае ўжыванне высокіх кніжных слоў, выкарыстанне архаізмаў, спецыяльнай лексікі; - актыўнае выкарыстанне разнастайных словаўтваральных і граматычных сродкаў з экспрэсіўна-ацэначнай афарбоўкай; - выкарыстанне шматлікіх сінтаксічных канструкцый (рытарычны зварот, рытарычнае пытанне, антытэза, інверсія, анафара, паралелізм). Падсумоўваючы сказанае, адзначым, што спецыфіка сістэмы моўных сродкаў публіцыстычнага стылю звязана з яго функцыянальнымі асаблівасцямі: сродкамі публіцыстычнага маўлення перадаецца актуальнасць інфармацыі і разам з тым паралельна ідзе ўздзеянне на чытача, слухача, гледача, на фармаванне яго светапогляду. Відавочна, што значная роля тут адведзена пазіцыі аўтара, яго ацэнцы, вобразным сродкам, іх умеламу і дакладнаму выкарыстанню.
|