![]() |
Навуковы стыльDate: 2015-10-07; view: 743. Рэалізуецца навуковы стыль пераважна ў пісьмовай форме. Навуковы стыль – гэта сістэма моўных сродкаў, прызначаная для перадачы і захоўвання навуковых ведаў. Навуковы стыль – паняцце даволі шырокае. Ён выкарыстоўваецца ў галіне навукі і тэхнікі, аб'ядноўвае неаднародныя па форме віды літаратуры. Тыповыя рысы навуковага стылю абумоўлены характэрнай для яго функцыяй паведамлення. Найбольш агульнымі ўласцівасцямі навуковага стылю з'яўляюцца аб'ектыўнасць, дакладнасць, лагічнасць і абстрактнасць выкладання. Лексічныя-фразеалагічныя асаблівасці навуковага стылю наступныя: - шырокае ўжыванне нейтральных слоў; - пашыранае выкарыстанне агульнанавуковых слоў; - вялікая колькасць тэрмінаў – слоў і словазлучэнняў, якія гранічна дакладна абазначаюць спецыяльныя паняцці або прадметы; - фразеалагізмы абмежаваныя ва ўласных рэсурсах і экспрэсіўных магчымасцях, часцей за ўсё ў навуковым стылі прадстаўлены тэрміналагічныя словазлучэнні фразеалагічнага тыпу: дзяржаўнае права, крымінальны працэс, судовы іск, судовая прамова, грамадскае ўздзеянне і інш. Адметнасць навуковага стылю праяўляецца і ў частотнасці выкарыстання пэўных часцін мовы, іх формаў, асаблівасцях іх функцыянавання: - перавага ва ўжыванні назоўнікаў і прыметнікаў над дзеясловамі; - шырокае выкарыстанне назоўнікаў ніякага роду з абстракным значэннем: мысленне, выпраменьванне, адлюстраванне і інш.; - формы роднага склону назоўнікаў у ролі азначэнняў: тэмпература кіпення, закон Ома; - не выкарыстоўваецца займеннік «я» і дзеясловы ў форме 1-й асобы адзіночнага ліку; - дзеясловы-выказнікі ўжываюцца звычайна ў форме 3-й асобы цяперашняга часу. Спецыфічныя асаблівасці мае і сінтаксіс навуковага маўлення: - сказы поўныя; - шырока выкарыстоўваюцца сказы з дзеепрыметнікавымі і дзеепрыслоўнымі зваротамі, з аднароднымі членамі і абагульняючымі словамі; - часта ўжываюцца складаныя сказы, даволі разнастайныя па сваёй будове; - амаль не сустракаюцца клічныя і пытальныя сказы. Названыя вышэй асаблівасці навуковага стылю даюць падставу многім сцвярджаць аб пэўнай яго «сухасці», «недаступнасці», «халоднасці». Аднак, як паказвае практыка, усё залежыць ад індывідуальных здольнасцей аўтараў навуковых артыкулаў і манаграфій, ад іх магчымасцей даходліва, цікава і нават з пэўным захапленнем выкласці даволі складаныя моманты ў той ці іншай галіне, надаць свайму даследаванню пэўны эмацыянальны «тонус», карыстаючыся пры гэтым спецыяльнай тэрміналогіяй. Усё гэта ні ў якім разе не зніжае навуковай вартасці працы. Як вядома, навука складаецца з розных галін ведаў. Яны адрозніваюцца прадметам даследавання, выкарыстаннем спецыфічных тэрмінаў і катэгорый, метадамі даследавання і аргументацыяй. У сувязі з гэтым у межах навуковага стылю можна вылучыць некалькі разнавіднасцей або падстыляў: акадэмічны (уласна навуковы); навукова-справавы; навукова- папулярны; вучэбна-навуковы; навукова-інфармацыйны; навукова-публіцыстычны і іншыя. Кожны з гэтых падстыляў мае свае спецыфічныя асаблівасці, але не настолькі істотныя, каб казаць пра кожны з падстыляў як пра самастойны стыль.
|