![]() |
Знакі прыпынку пры адасобленых акалічнасцях і акалічнасных зваротахDate: 2015-10-07; view: 1622. 1. Коскай выдзяляюцца акалічнасці, выражаныя дзеепрыслоўнымі зваротамі, незалежна ад іх месца ў сказе. Напрыклад: Шчасце ў працы знайшоўшы, добра ў полі араць. 2. Акалічнасці, выражаныя дзеепрыслоўнымі зваротамі, якія з'яўляюцца ўстойлівымі выразамі, коскамі не аддзяляюцца. Напрыклад: І слухаюць яго вушы развесіўшы. Растуць яны [дзеці] тут у нас на лес гледзячы. 3. Выдзяляецца коскамі акалічнасць, выражаная адзіночным дзеепрыслоўем пры дзеяслове-выказніку. Напрыклад: Раз-пораз стукалі, падаючы, спілаваныя дрэвы. І нечакана над самай галавою раскалоўся гром, затрашчала, ломячыся, дрэва. 4. Акалічнасці, выражаныя адзіночнымі дзеепрыслоўямі, не адасабляюцца і не выдзяляюцца коскамі, калі стаяць пасля дзеяслова-выказніка і сваім значэннем набліжаюцца да прыслоўя спосабу дзеяння ці часу. Напрыклад: Бацька доўга сядзіць задумаўшыся, і я не чапаю гэтых дум.. Не хваліся сеўшы, а хваліся з'еўшы. Людзі хутка ўстаюць, спяшаючыся апранаюць сваё скураное адзенне. 5. Перад злучнікам і, які звязвае дзве акалічнасці, выражаныя адзіночнымі дзеепрыслоўямі або дзеепрыслоўнымі зваротамі, а таксама прыслоўем з дзеепрыслоўем, коска не ставіцца, як пры аднародных членах сказа. Напрыклад: Крушынскі гаварыў ціха і не пазіраючы на госця. Пры бяззлучнікавай сувязі паміж такімі акалічнасцямі коска ставіцца. Напрыклад: Ганна, не азіраючыся, не слухаючы нічога, пералазячы платы, напрасткі праз мокрыя, па-асенняму голыя агароды паляцела да Васілёвага селішча. Конь выцягнуў воз на цвярдзейшую дарогу і пайшоў раўней, не спяшаючыся. 6. Калі акалічнасць, выражаная адзіночным дзеепрыслоўем або дзеепрыслоўным зваротам, знаходзіцца паміж аднароднымі дзеяслоўнымі выказнікамі, звязанымі злучнікам і, то яны выдзяляюцца коскамі без злучніка. Напрыклад: Стараста слухаў, прыплюшчыўшы вочы, і толькі згаджаўся. 7. Не аддзяляецца коскай акалічнасць, выражаная дзеепрыслоўем або дзеепрыслоўным зваротам, перад якой стаіць узмацняльная часціца і. Напрыклад: Штосьці трэба рабіць і не атрымаўшы звестак. 8. Калі спалучальны злучнік, што звязвае два аднародныя дзеяслоўныя выказнікі, стаіць паміж адасобленымі акалічнасцямі, выражанымі дзеепрыслоўнымі зваротамі ці адзіночнымі дзеепрыслоўямі, якія адносяцца да розных выказнікаў, то коска ставіцца перад злучнікам і пасля яго. Напрыклад: Іван зацяў дыханне, стараючыся як найлепей пацэліць, і, трошкі не падпусціўшы сабаку да каменя, стрэліў. 9. Калі акалічнасць, выражаная дзеепрыслоўным зваротам або адзіночным дзеепрыслоўем, стаіць пасля злучніка ці злучальнага слова, якое звязвае часткі складанага сказа, то яна аддзяляецца коскай без гэтага злучніка. Напрыклад: Чуеш ты, як звоняць ціха, як, палі вітаючы свае, недзе ўнучка слуцкае ткачыхі пра вясну шчаслівая пяе. Жанчына сядзела перабіраючы фартух. А потым паглядзела ў акно і, не чакаючы маёй просьбы, ціха пачала сваё апавяданне. 10. Выдзяляюцца коскамі акалічнасці, выражаныя дзеепрыслоўным зваротам, і адзіночнае дзеепрыслоўе ў пазіцыі пасля злучніка а, які звязвае два аднародныя дзеяслоўныя выказнікі з супрацьлеглым значэннем. Напрыклад: Лабановіч не спыніўся, а, выбраўшы больш зручнае месца, смела рушыў наперад. 11. Калі злучнік а па сэнсе непасрэдна звязаны з акалічнасцю, выражанай дзеепрыслоўем, тады пасля яго коска не ставіцца. Напрыклад: Рыгор доўга шукаў выхад, а знайшоўшы, весела ўсміхнуўся і выйшаў з кватэр. Садзілася [сонца] на хвалі велізарным чырвоным кругам, а сутыкнуўшыся з вадою, увачавідкі змяніла форму. 12. Акалічнасць, выражаная адзіночным дзеепрыслоўем або дзеепрыслоўным зваротам, пры якіх стаяць часціцы толькі, нават, разам з імі аддзяляецца коскай. Напрыклад: Толькі прайшоўшы амаль паўдарогі, [дзед] запытаў: – Ну, а як у цябе ў школе?. З краю на лясных прагалах стаялі маладыя бярозкі, толькі-толькі выпускаючы пахучыя лісточкі і надаючы лесу асаблівую чароўнасць. 13. Калі адасобленая акалічнасць, выражаная адзіночным дзеепрыслоўем або дзеепрыслоўным зваротам, звязана з астатняй часткай сказа злучнікамі нібы, як бы, быццам і інш., то коска ставіцца перад адпаведным злучнікам. Напрыклад: Яна [машына] то бегла весела, жвава, калі было роўна, то гула і стагнала, быццам злуючыся, што яе не пускаюць. Бушмар правёў рукою па твары, як бы знімаючы з яго штосьці чужое і непрыемнае. 14. Пры адасобленай акалічнасці, выражанай дзеепрыслоўем або дзеепрыслоўным зваротам, замест коскі можа ставіцца працяжнік, калі дзеепрыслоўе выразна выдзяляецца сэнсава. Напрыклад: Не шукаючы – не знойдзеш. 15. Выдзяляецца коскамі акалічнасць, выражаная назоўнікамі ва ўскосных склонах з прыназоўнікамі насуперак, у адпаведнасці, са згоды і іншымі са значэннем прычыны, умовы, уступкі, спосабу дзеяння. Напрыклад: Насуперак ліхой стыхіі, на гэтай згруджанай жарстве, узняўшы вежы залатыя, прыгожы горад расцвіце. Максіма ў ваенна-марское вучылішча не прынялі, і ён, наперакор жаданню бацькоў, на злосць усім, паехаў у марскі тэхнікум. У адпаведнасці з законам, кожны мае права на працу. Пры такіх акалічнасных канструкцыях з некаторымі прыназоўнікамі дапускаецца адсутнасць коскі, калі яны сэнсава і інтанацыйна не выдзяляюцца. Напрыклад: А млын – добры пункт, дзе можна ў выпадку патрэбы схавацца. У адпаведнасці з надвор'ем гэтак жа часта змяняе свой колер і возера. 16. Коскамі выдзяляюцца інфінітыўныя звароты, калі яны далучаюцца да выказніка пры дапамозе злучнікаў каб, для таго каб, з тым каб, замест таго каб і інш. Напрыклад: На тое ён і лес, каб шумець. 17. Не выдзяляецца коскамі інфінітыўны зварот з каб, калі ён уваходзіць у пытальную сінтаксічную канструкцыю з пачатковым што: Што каб пайсці ў адпачынак? А што каб сказаць? А што каб запрасіць іх у госці? і інш. 18. Коскамі могуць выдзяляцца акалічнасці, выражаныя прыслоўямі або прыслоўнымі зваротамі, што адносяцца да выказніка і маюць значэнне заўвагі. Напрыклад: Сабака ўсё брахаў, заложна і аднатонна. Сказы з пабочнымі і ўстаўнымі канструкцыямі канструкцыямі Пабочнымі называюць словы ці словазлучэнні, якія выражаюць адносіны аўтара да зместу выказвання. Устаўнымі называюцца словы, словазлучэнні і сказы, якія служаць для выражэння дадатковага паведамлення, заўвагі, удакладнення, тлумачэння асноўнага выказвання. Пабочныя і ўстаўныя канструкцыі не з'яўляюцца членамі сказа. Коска пры пабочных і ўстаўных канструкцыях 1. Коскамі выдзяляюцца пабочныя словы і канструкцыі, якія стаяць у сярэдзіне або ў пачатку сказа: безумоўна, бясспрэчна, вядома, канечне, зразумела, напэўна, сапраўды, праўда, пэўна, відавочна, відаць, здаецца, здавалася, мабыць, магчыма, можа, мусіць, няйначай, бадай, знаць, нябось, часам, бывае, бывала, як вядома, як відаць, па ўсім відаць, можа быць, чаго добрага, таго і глядзі, само сабой разумеецца і інш. Напрыклад: І я, безумоўна, шчаслівы і рад, што добра зародзіць густая пшаніца. Захар Крымянец зірнуў на зоркі, падумаў пра мароз, які, няйначай, збярэцца да раніцы. 2. Не выдзяляюцца коскамі тыя словы, якія ўжываюцца ў ролі мадальнай часціцы або са значэннем прыслоўя і выражаюць сцвярджэнне, узмацненне: можа, няйначай, пэўна, напэўна, канечне, сапраўды, часам, бывае, бывала, бадай, бадай што, мо (усечаная форма слова можа) і інш., а таксама словы відаць, здавацца, якія ў сказе выступаюць выказнікам. Напрыклад: Можа за якой паўгадзіны батальён па вузкіх і слізкіх ходах, траншэях быў выведзены ў лагчыну... Цяпер зіма напэўна ляжа. 3. Выдзяляюцца коскамі спалучэнні слоў і сказы, якія маюць значэнне эмацыянальнай ацэнкі фактаў рэчаіснасці, а таксама перадаюць пачуццёвую рэакцыю на тыя факты, пра якія гаворыцца ў сказе: на жаль, на вялікі жаль, на шчасце, як на тое шчасце, на маё здзіўленне, як на тое ліха, як на грэх, як на тую бяду, хвароба на іх і інш. Напрыклад: Аж тут, як на тое шчасце, стаіць сагнутая бярэзіна. Але, на маё здзіўленне, ён адказвае зусім не так, як я думаў. Як на грэх, лоў быў шчаслівы. 4. Коскамі выдзяляюцца словы, спалучэнні слоў і сказы, якія паказваюць на крыніцу паведамлення, на прыналежнасць выказанай думкі: па-мойму, па-твойму, па-ягонаму, па-вашаму, па-іхняму, маўляў, думаю, на мой погляд, з пункту гледжання (каго-небудзь), на думку (каго-небудзь), як вядома, як кажуць, як людзі кажуць, як той казаў і інш. Напрыклад: Гэта, па-мойму, і ёсць сапраўдная сувязь з жыццём. Выходзіць, па-ягонаму, што ледзь не самі мы вінаваты, а не той, што наша дабро крадзе. 5. Коскамі выдзяляюцца словы, спалучэнні слоў і сказы, якія перадаюць адносіны да спосабу выражэння думкі, матывацыю спосабу выказвання ці выбару стылістычных сродкаў мовы: адным словам, словам, што называецца, скажам, як гаворыцца, як гэта гаворыцца, інакш кажучы, карацей кажучы, уласна кажучы, прасцей кажучы, шчыра кажучы, не пры вас кажучы, праўдзівей сказаць, папраўдзе сказаць, так сказаць, з дазволу сказаць, я сказаў бы і інш. Напрыклад: Скажам, аб вадзе гамонкі не было спрадвек, бо хапала нам заўсёды і азёр, і рэк. 6. Коскамі выдзяляюцца словы, спалучэнні слоў і сказы, што выражаюць адносіны гаворачай асобы да слухача: бачыш (бач), прызнацца, кажаш, кажаце, ведаеш, ведаеце, разумееш, разумееце, паверце, выбачайце, даруйце, даруйце мне, калі ласка, калі хочаце ведаць, ці дасце веры, зрабіце ласку і інш. Напрыклад: Але ж язык у цябе, даруй мне, як тая мянташка. Напішы мне, калі ласка, пісямко дахаты! 7. Коскамі выдзяляюцца словы і спалучэнні слоў, якія служаць сродкамі сувязі асобных частак выказвання і ўказваюць на паслядоўнасць, абмежаванне, удакладненне, супастаўленне або аб'яднанне частак тэксту, на выражэнне выніку, заключэння і пад.: па-першае, па-другое, па-трэцяе і інш., першае, другое, трэцяе і інш., нарэшце, значыць, дарэчы, наогул, аднак, прынамсі, наадварот, з аднаго боку, з другога боку, у сваю чаргу, разам з тым, у прыватнасці, між іншым, між тым, да таго ж, такім чынам, галоўным чынам, па крайняй меры і інш. Напрыклад: Турсевіч – гэта мой настаўнік і мой зямляк, прынамсі, аднае воласці. Валодзька выпрасіў, нарэшце, у рэдактара дазвол паехаць на раён. 8. Калі слова нарэшце не выконвае функцыі пабочнага слова і выражае часавае значэнне, то яно коскамі не выдзяляецца. Напрыклад: Тым часам поезд з кожнай хвілінай набліжаўся да вакзала і нарэшце спыніўся. Калі слова аднак у пачатку сказа ці другой часткі складаназлучанага сказа і пры аднародных членах ужываецца як супраціўны злучнік, яно коскай не аддзяляецца. Напрыклад: Турку стала лягчэй ад тае пахвалы, аднак ён прастадушна прызнаўся. Трэба было паспаць. Аднак чамусьці не спалася. 9. Спалучэнні слоў між тым, тым не менш, да таго ж, якія ўжываюцца ў пачатку сказа або другой часткі складанага сказа, выконваюць функцыю злучніка і коскай не аддзяляюцца. Напрыклад: У вас на мястэчка многа сілы не патрабуецца, між тым вакол вялікая патрэба ў людзях. На дварэ ноч. Між тым спаць не хочацца. Тым не меней ён [Лабановіч] устаў і рушыў у той бок, куды паехала дзяўчына. 10. Коскамі выдзяляюцца пабочныя словы і спалучэнні слоў, якія ўваходзяць у склад іншых пабочных ці ўстаўных сказаў, адасобленых зваротаў, удакладняльных ці іншых выдзеленых знакамі прыпынку частак сказа. Напрыклад: Немцы, як ты, мабыць, ведаеш, аднавілі завод у Гудове. Боты – і выцер іх, здаецца! – усё ж такі наслядзілі на чыстай чырвонай падлозе. 11. Калі пабочнае слова стаіць перад адасобленым зваротам, пабочным сказам або ўдакладняльнай канструкцыяй, то яно ўваходзіць у іх склад і коскай не аддзяляецца. Напрыклад: Старшыня імкліва абыходзіць вакол машыны, няйначай прыглядаючыся неспакойным вокам да яе паклажы. Плылі ў вясновую сінь за акно мяккія акорды, уздыхала мора, і, можа заслухаўшыся гэтай музычнай вясной, не падавалі свайго голасу гарматы. 12. Паміж пабочнымі словамі, спалучэннямі слоў і сказамі, якія ідуць адно за адным, ставіцца коска. Напрыклад: Словам, на наша шчасце, хата нейкім чынам уцалела. 13. Пабочныя словы, спалучэнні слоў і сказы аддзяляюцца коскамі ад папярэдніх злучнікаў, якія звязваюць члены сказа або часткі складанага сказа. Напрыклад: Санкоўскі з ходу далучыўся да песні, і, можа, ад таго яна загучала яшчэ энергічней. 14. Злучнік а, калі ён складае адно цэлае з наступным пабочным кампанентам сказа, не аддзяляецца ад апошняга коскай: а можа, а магчыма, а значыцца, а між іншым, а па-другое. Напрыклад: – І штаб па кіраўніцтву партызанскім рухам будзе? – пытаў Багавік. – Будзе. А можа, ён ужо і ёсць. 15. Не аддзяляецца коскай ад пабочных кампанентаў узмацняльная часціца і. Напрыклад: І сапраўды, гэта не кепская думка! Дожджык, і праўда, так і поўз за каўнер. 16. Коска не ставіцца паміж пабочнымі словамі і часціцамі, якія да іх адносяцца і стаяць пасля іх. Напрыклад: Можа б ты даў мне хоць кавалачак хлеба ў дарогу? Ну, напэўна ж ёсць прычына, калі кпіць з цябе яна? 17. Коскамі выдзяляюцца ўстаўныя словы, спалучэнні слоў і сказы, якія выконваюць удакладняльную функцыю (тлумачэнні, заўвагі, дадатковыя звесткі і інш.). Напрыклад: Доўгі час Закружжа, так называлі вёску прышлыя людзі, з навакольным светам звязвала звычайная лясная сцежка. Віхрасты хлапчук, яму было год шэсць, штосьці мармытаў праз сон і смяяўся. Сказы са звароткамі Зваротак называе таго, да каго звяртаюцца (асобу, прадмет), выражаецца назоўнікам у назоўным ці клічным склоне. Зваротак выкарыстоўваецца ва ўсіх стылях мовы. У афіцыйным стылі зваротак з'яўляецца лаканічным прыёмам вылучэння адрасата. У ролі зваротка выступаюць уласныя імёны, назвы асоб па прафесіі, пасадзе. Як правіла, такі зваротак ставіцца ў пачатку выказвання.
|