|
Абвяшчэнне незалежнасці БНР і яе лёс.Date: 2015-10-07; view: 492. Незалежніцкія настроі ў беларускім руху былі выкліканы палітыкай часовага ўраду Расіі, які не хацеў лічыцца з патрабаваннем беларускіх арганізацый аб наданні Беларусі статуса аўтаноміі у складзе Расійскай дэмакратычнай федэратыўнай рэспублікі, а таксама палітыкай савецкай Расіі, якая вяла перамовы з Германіяй аб лёсе Беларусі без удзелу ў іх прадстаўнікоў беларускага народа. Незалежніцкія тэндэнцыі ўзмацніліся пасля разгону Усебеларускага з'езда. 18 лютага 1918 года Германія пачала наступленне на ўсход. Бальшавіцкія ўлады 19 лютага 1918 года з Мінска ўцяклі ў Смаленск. З турмы выйшлі дзеячы Цэнтральнай Беларускай вайсковай рады, якія навялі парадак у горадзе. Аднавіў сваю дзейнасць Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з'езда. 20 лютага 1918 года, за некалькі дзён да ўваходу ў горад германскіх войск, Выканаўчы Камітэт прыняў Першую Устаўную грамату да народаў Беларусі і стварыў першы ўрад Беларусі – Народны Сакратарыят Беларусі. Хутка нямецкія войскі акупіравалі Мінск, па загаду ваеннага каменданта германскага гарнізона Народны Сакратарыят быў сілай выдвараны з памяшкання, якое ён займаў, з будынка быў зняты бела-чырвоны-белы сцяг, у памяшканні зрабілі вобыск і забралі касу. Яшчэ больш незалежніцкія тэндэнцыі узмацніліся пасля падпісання і ратыфікацыі савецкай Расіяй Брэсцкага міру 1918 года. Бальшавікі нарушылі дадзенае Л.Троцкім абяцанне, што лёс Беларусі не будзе вырашацца без удзелу яе прадстаўнікоў. Таму 9 сакавіка 1918 года ВК Рады Усебеларускага з'езда прыняў Другую Устаўную грамату да народаў Беларусі. Цяпер Беларусь была аб'яўлена народнай рэспублікай. У межах Беларусі былі абвешчаны свабоды: слова, друку, сходаў, забастовак, сумлення, недатыкальнасць асобы і жылля, права на аўтаномію, раўнапраўе моў усіх нацыянальнасцей Беларусі. Права прыватнай уласнасці на зямлю не адмянялася. Зямля павінна была перадавацца бясплатна тым, хто яе апрацоўваў. Лясы, воды і нетры зямлі аб'яўляліся ўласнасцю БНР. Па прычыне таго, што ў Брэсцкім мірным дагаворы нічога не гаварылася аб беларускай дзяржаве, і ў сувязі з тым, што Германія адмовілася прызнаць акт 9.3.1918г. і разглядала Беларусь як акупіраваную частку Расіі , 25 сакавіка 1918 года была прынята Трэцяя Устаўная грамата. Ад гэтага часу Беларусь абвяшчалася незалежнай дзяржавай. Ва ўмовах грамадзянскай вайны і інтэрвенцыі БНР як самастойная дзяржава не існавала. Але было зроблена шмат чаго ў фарміраванні асноў беларускай дзяржаўнасці. Былі прыняты дакументы ад асновах дзяржаўнага ладу. У якасці дзяржаўнай была зацвержана беларуская мова. Урад БНР утвараў дыпламатычныя консульствы, накіроўваў дыпламатычныя місіі у Варшаву, Берлін, Берн, Капенгаген; грамадзяне БНР атрымлівалі пашпарты, у тым ліку дыпламатычныя. 11.10.1918 года Рада БНР зацвердзіла Часовую Канстытуцыю БНР. У тым жа годзе ў якасці дзяржаўных былі ўзаконены бела-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня. Найбольшых поспехаў БНР дасягнула ў развіцці асветы і культуры. У 1919 – 1920 гг. БНР дэ-юрэ або дэ-факта прызналі Германія, Латвія , Літва, Эстонія, Чэхаславакія, Балгарыя, Фінляндыя, Турцыя. Былі зроблены спробы наладзіць на Беларусі ўзброенную нацыянальна-вызваленчую барацьбу. Але стаўка на партызанскую вайну ў Беларусі не апраўдала сябе. Адбыўся раскол беларускіх дзеячоў. На Другой Усебеларускай канферэнцыі (1925 г., г. Берлін) Мінск быў прызнаны адзіным цэнтрам адраджэння Беларусі. Старшыня Рады БНР П.Крэчэўскі і яго намеснік В.Захарка не прызналі савецкую Беларусь. Дзяржаўная пячатка і архіў БНР засталіся ў іх. Пасля смерці П.Крэчэўскага ў 1928 годзе яго функцыі ў эміграцыі выконвалі: В.Захарка, М.Абрамчык, В.Жук-Грышкевіч, Я.Сажыч. На сёняшні дзень Раду БНР ачольвае Івонка Сурвіла (Канада). Радаю выдаюцца беларускія газеты, часопісы, друкуюцца кнігі, маюцца беларускія культурныя цэнтры. З-за неспрыяльных умоў існавання, БНР не стала сапраўднай дзяржавай, Тым не менш, абвяшчэнне беларускай дзяржавы заставіла савецкі ўрад у Маскве пайсці па шляху стварэння сацыялістычнай беларускай рэспублікі. Дзеячы БНР зрабілі першы крок на шляху нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва Беларусі.
|