Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Архаічная Грэцыя. Фарміраванне поліса


Date: 2015-10-07; view: 708.


Архаічны перыяд (VIII–VI стст. да н.э.) некаторыя гісторыкі называюць рэвалюцыйным. Бо, сапраўды, Грэцыя здзейсніла гіганцкі рывок у развіцці і выйшла ў лідэры цывілізацый свету. Гэта ўжо ў VI ст. да н.э. з'вілася прымаўка “грошы робяць чалавека”. І з'явілася яна сярод грэкаў, паказваючы бурлівае развіццё таварна-грашовых адносін. Адбылося рэзкае расслаенне грамадства на багатых і бедных, абвастрылася барацьба паміж уладнай арыстакратыяй і простым народам (дэмасам). Грэкі засялілі міжземнаморскае (акрамя поўдня) і чорнаморскае ўзбярэжжы (гэта быў час Вялікай грэчаскай каланізацыі). Адбыўся вялізны ўздым культуры (заўважце, амаль усе назвы навук паходзяць ад старажытных грэкаў), новая пісьменнасць зусім не была падобнай на крыта-мікенскую. Грэкі сталі народам мараходаў – па Міжземным і Чорным моры ўсюды сноўдалі іх караблі з таварамі, таннымі і якаснымі, што мелі вялікі попыт у розных народаў. А галоўнае – фарміраваўся новы тып адносін паміж людзьмі, які да таго не ведала гісторыя чалавецтва: адносіны паміж роўнымі перад законам і ў сваіх правах грамадзянамі, узорам якіх стаў поліс.

Вялікая грэчаская каланізацыя праходзіла ў VIII–VI стст. да н.э. Асноўнымі яе прычынамі былі няздольнасць насельніцтва грэчаскіх полісаў, якое расло, пракарміцца на радзіме (з-за нізкага ўзроўню развіцця сельскай гаспадаркі) і вострая сацыяльная барацьба ўнутры полісаў, якая пагражала ўзаемным знішчэннем багатых і бедных. Грэкі заснавалі мноства калоній на ўзбярэжжах Міжземнага мора (на поўдні Апенінскага паўвострава, Сіцыліі, поўдні Галіі, у Іспаніі), на берагах Чорнага і Азоўскага мораў. Грэкі ў калоніях займаліся рамёствамі, гандлявалі з мясцовым насельніцтвам. З калоній у Грэцыю паступалі рабы, збожжа, сыравіна для рамёслаў, у калоніі везлі прывычныя для кожнага грэка аліўкавы алей, віно (сама Грэцыя спецыялізавалася на вытворчасці гэтага), посуд і іншыя прадметы ўжытку. Больш за ўсё калоній было выведзена Мілетам (ад 75 да 90 па розных крыніцах). Поўдзень Апенінскага паўвострава называлі «Вялікай Грэцыяй» з-за мноства грэчаскіх калоній. Поліс, з якога выводзілася калонія, з'яўляўся метраполіяй, з якой звычайна захоўваліся цесныя сувязі, нягледзячы на поўную самастойнасць калоніі. Вялікая грэчаская каланізацыя дала моцны штуршок сацыяльна-эканамічнаму развіццю Грэцыі, якая выйшла ў сусветныя лідэры.

Тыранія – форма дзяржаўнага кіравання ў Грыціі, сутнасць якой у аднаасобным праўленні, што дасягалася шляхам узурпацыі ўлады. Тыранія з'явілася ў ходзе фарміравання полісаў як вынік рэзкага абвастрэння сацыяльных супярэчнасцей паміж арыстакратыяй і демасам, багатымі і беднымі і была ўласцівай, галоўным чынам, полісам з развітымі рамяством і гандлем, дзе сацыяльная дыферэнцыяцыя адбывалася больш хутка і вастрэй. Збяднелы і бяспраўны дэмас патрабаваў адмены запазычанасцяў, адмены рабства за запазычаннасці, перадзела зямлі на сваю карысць, доступа да ўлады. А ўлада знаходзілася ў арыстакратыі. Вастрыня сацыяльнай барацьбы ў шэрагу полісаў пагражала перарастаннем у самазнішчэнне грэкаў (яркі прыклад – зверскія масавыя расправы дэмаса і арыстакратаў над дзецьмі сваіх апанентаў у Мілеце). Спробай вырашэння гэтых вострых супярэчнасцей і з'явілася тыранія. Грэчаскія тыраны (яны паходзілі з розных слаёў) шляхам насілля захоплівалі ўладу ў арыстакратаў і правілі аднаасобна, не лічачыся ні з ранейшымі законамі, ні з ужо існаваўшымі дзяржаўнымі інстытутамі (народнымі сходамі, выбранымі саветамі і г.д.). Пры узурпацыі ўлады тыраны звычайна абапіраліся на дэмас, шчодра абяцаючы выканаць усе яго галоўныя патрабаванні. Пры подтрымцы дэмаса яны распраўляліся з арыстакратамі, бо бачылі ў іх галоўную пагрозу ўласнай ўладзе. Але ніводнае з асноўных патрабаванняў дэмаса ніводзін з тыранаў не выканаў. Тыраны выдавали пазыкі на сельскагаспадарчыя работы, выводзілі калоніі, давалі працу рамеснікам пры будаўніцтве храмаў, водаправодаў, узводзілі ў ранг дзяржаўных папулярныя сярод дэмаса культы багоў, наладжвалі пампезныя святы з дармавымі пачастункамі, але ніхто з іх не адмяніў запазычаннасці беднякоў і рабства за такія запазычаннасці, не здзейсніў радыкальнага перадзелу зямлі на карысць малазямельных і абеззямеленых і, тым больш, не збіраўся аддаваць сваю аднаасобную і неабмежаваную ўладу. Афінскі гісторык Фукідзід адзначыў: «Усе тыраны, якія былі ў элінскіх дзяржавах, звярталі свой клопат выключна на свае інтарэсы, на бяспеку сваёй асобы і на ўзвелічэнне свайго дома. Таму пры кіраванні дзяржавай яны пераважна, наколькі магчыма, заклапочаныя былі прыняццем захадаў па ўласнай бяспецы». Кожны тыран быў акружаны целаахоўнікамі, доступ у яго ўмацаваную рэзідэнцыю строга абмяжоўваўся, бясконца ішлі расправы са змоўшчыкамі – арыстакратамі. Тыраны апекавалі паэтаў, архітэктараў, скульптараў, мастакоў, вучоных, але галоўнай іх мэтай пры гэтым было ўслаўленне іх саміх. Тыранія не здолела вырашыць ні водную з галоўных сацыяльных супярэчнасцей у грэчаскім грамадстве, дэмас, на які абапіраліся тыраны пры захопе ўлады, праз некаторы час адварочваўся ад іх, зразумеўшы марнасць спадзеваў на перемены. Час тыранаў быў нядоўгім; нягледзячы на ўсе намаганні ўтрымаць уладу і передаць яе нашчадку вельмі мала хто з іх памёр натуральнай смерцю. Мітыленскі тыран Пітак, якога адносілі да “сямі мудрацоў” на пытанне: «Што на свеце самае дзіўнае?», – адказаў: «Тыран, які дажыў да старасці». Рэальные меры вырашэння ці змякчэння найбольш вострых сацыяльных супярэчнасцей у грамадстве далі грэкам заканадаўцы (Салон, Клісфен, Залеўк і інш.). Галаўным жа вынікам тыраніі было аслабленне арыстакратыі. Найбольш вядомымі тыранамі VII–VI ст. да н.э. былі Палікрат (Самас), Кіпсел і Перыяндр (Карынф), Фрасібул (Мілет), Пісістрат (Афіны), Феаген (Мегары).

Поліс (грэч. polis) – грэчаскі тэрмін для абазначэння горада, дзяржавы, сукупнасці грамадзян. Як горад-дзяржава грэчаскі поліс быў невялікім па тэрыторыі – сам горад і прылеглая сельская акруга. Вялікі поліс (напрыклад, Афіны, Спарта) быў, хутчэй, выключэннем. Грэцыя ў старажытнасці ніколі не была адзінай дзяржавай, а складалася з некалькіх соцень полісаў. Грэчаскі поліс быў першым у гісторыі чалавецтва грамадствам грамадзян, пабудаваным на прынцыпова іншых адносінах паміж людзьмі, чым грамадствы Старажытнага Усходу. У старажытнаўсходніх манархіях дамініравалі адносіны панавання – падпарадкавання, у полісе – адносіны роўных паміж сабой у правах і перад законам грамадзян. Менавіта ў полісе ўзніклі паняцці «грамадзянін», «грамадзянскія правы». Кожны грамадзянін поліса меў права асабіста ўдзельнічаць у прыняцці законаў, права выбіраць прадстаўнікоў выканаўчай і судовай улады і быць выбраным на гэтыя пасады. Прызнаць вінаватым грамадзяніна поліса можна было толькі па рашэнню суда (а не па чыёсці прыхамаці). Толькі грамадзянін меў права на зямельную ўласнасць на тэрыторыі свайго поліса. І толькі грамадзяне мелі права са зброяй у руках змагацца за інтарэсы роднага поліса – армія ўяўляла сабою апалчэнне грамадзян. Кожны грамадзянін поліса быў і воінам (адсюль і асаблівая ўвага да фізічнай падрыхтоўкі) у адрозненне ад ад наёмных ці сфарміраваных з рэкрутаў армій усходніх дэспатаў. Вышэйшым заканадаўчым органам кожнага поліса быў народны сход, бягучай палітыкай займаўся абраны грамадзянамі савет, выканаўчую ўладу здзяйснялі службовыя асобы, якія выбіраліся грамадзянамі на кароткі тэрмін (звычайна на адзін год) і абавязкова па некалькі чалавек на адну пасаду). Выкананне службовых абавязкаў было бясплатным – поліс не ведаў чыноўніцтва (неабходнага ў любой усходняй манархіі), дзяржаўная кар'ера з мэтаю асабістага ўзбагачэння была немагчымай. Грамадзяне поліса мелі сваю сістэму каштоўнасцей: свабода індывідуума, патрыятызм, калектывізм і салідарнасць грамадзян (интарэсы поліса вышэй за інтарэсы асобнага яго грамадзяніна), імкненне выкарыстаць свае здольнасці для росквіту ўсяго поліса. Рабства грамадзян у полісе ў ходзе барацьбы дэмаса з арыстакратыяй было адменена. Рабамі былі іншаземцы, якія не ўключаліся ў лік грамадзян. Да грамадзян не належалі перасяленцы з іншых дзяржаў, грамадзянскіх правоў не мелі і жанчыны. Поліс не быў з'яваю выключна грэчаскаю, аналагічны тып грамадства склаўся паралельна і ў Рыме – «цывітас» (civitas). Менавіта поліс складаў аснову прынцыповага адрознення цывілізацый антычнасті ад старажытнаўсходніх цывілізацый. Поліс з яго адносінамі паміж грамадзянамі стаў идэалам адносін у грамадстве для гуманістаў у перыяд распада феадальных адносін у Еўропе (Дж. Манэцці: «Чалавек – сацыяльная і грамадзчнская жывёла»), эпоха Адукацыі завяршылася ўвасабленнем ідэала поліса ў практыку дзяржаўнага і грамадскага жыцця – Вялікая Французская рэвалюцыя, канстытуцыя ЗША; а потым адносіны паміж грамадзянам, што склаліся ў старытнагрэчаскім полісе і рымскай цывітас, атрымалі далейшае развіццё у большасці краін свету.

Станаўленне Афінскага поліса

Афіны – галоўны горад Атыкі. Вядомы з мікенскай эпохі. Горад рос вакол пагорка Акропаль. У мікенскую эпоху там быў збудаваны ўмацаваны палац. Каля 1200 г. да н.э. Акропаль быў абнесены сцяной. Аб'яднанне Атыкі паданне прыпісвае незаконнанароджанаму сыну афінскага цара Эгея Тэсею. Па міфам Тэсей вызваліў Афіны ад залежнасці ад «уладыкі мораў» крыцкага цара Мінаса. Апошнім царом Афін традыцыя называе Кодра, які выратаваў коштам свайго жыцця Афіны ад знішчэння дарыйцамі. Пасля цароў улада ў Афінах належала эўпатрыдам, з якіх выбіраліся кіруючыя архонты і фарміраваўся арэапаг (савет знаці). Барацьба дэмаса з арыстакратыяй за адмену рабства за запазычаннаці, за зямлю, за ўдзел у прыняцці законаў і кіраванні дзяржавай прывяла ў Афінах да фарміравання поліса – супольнасці грамадзян, роўных у правах і перад законам. Палітычны лад Афін склаўся ў выніку рэформ заканадаўцаў Салона і Клісфена (VI ст. да н.э.).

Салóна (каля 640 – каля 560 г. да н.э.) – грэкі лічылі адным з сямі сваіх мудрацоў. Паходзіў ён з арыстакратаў, лічыўся патомкам апошняга цара Афін Кодра. У 594 г. да н.э. Салон быў абраны архонтам і правёў шэраг важнейшых рэформ. Галоўнай з іх была «сейсахфейа» – адмена запазычаннасцяў і рабства за запазычаннасці. З гэтага часу афінскі грамадзянін не мог стаць рабом з-за неаддадзенай запазычанасці, прададзенныя раней за запазычанасці на чужыну афіняне былі вернуты дадому. Салон ўвёў таксама падзел грамадзян на 4 маёмасныя групы (па памерах гадавога даходу). Грамадзяне ўсіх чатырох груп валодалі правам удзелу ў народным сходзе (эклесіі) і ў судзе (геліэйі). У створаны Салонам Савет 400 (які папярэдне абмяркоўваў ўсе прапановы і законапраэкты для эклесіі) выбіраліся прадстаўнікі трох першых груп, на вышэйшыя дзяржаўныя пасады – толькі першай, самай багатай. Адпаведна фарміравалася і ўзброенае апалчэнне грамадзян – першыя дзве групы ваявалі на конях, трэцяя складала цяжкаўзброеную пяхоту, чацвёртая – лёгкаўзброеных воінаў. Салон правёў грашовую рэформу, устанавіў максімальны памер зямельнага ўладання. Быў прыняты і закон супраць бяздзейнасці – калі бацька не навучыў сына якому-небудзь занятку для здабывання сродкаў, то сын не абавязаны быў утрымліваць бацьку ў старасці. Былі адменены многія жорсткія законы Дракона, уведзена свобода завяшчання.

Клісфéн (VI ст. да н.э.) належаў да роду Алкмеанідаў, выгнанага з Афін за святататства пры расправе са змоўшчыкамі Кілона. Клісфен узначаліў барацьбу супраць афінскага тырана Гіпія, сына Пісістрата. Клісфен займеў значны аўтарытэт у Грэцыі за кіраўніцтва пабудовай храма Апалона (замест таго, што згарэў) у агульнагрэчаскай святыні ў Дэльфах. Яму ўдалося заручыцца падтрымкай Спарты, і з яе дапамогай у 510 г. да н.э. звергнуць тыранію Гіпія ў Афінах. З 509 г. да н.э. па прапановах Клісфена ў Афінах пачалі праводзіцца важныя дзяржаўныя рэформы, якія канчаткова аформілі дэмакратычны лад афінскага поліса. Клісфен замест радавых філ стварыў 10 тэрытарыяльных, дзе людзі не былі моцна звязаны сувязямі кроўнай роднасці. Прычым, кожную філу складалі тры трытыі з розных частак Атыкі. Гэта падарвала ўплыў арыстакратыі. Філы складаліся з дэмаў, дзе вызначалася і фіксавалася грамадзянства афіняніна. Замест Савета 400 Клісфен стварыў Савет 500 – па 50 прадстаўнікоў ад кожнай новай філы. Была створана калегія стратэгаў. Для барацьбы з магчымымі спробамі ўсталявання тыраніі быў прыняты закон аб астракізму. Астракізм(ад грэч. ostrakon – гліняны асклепак) – працэдура галасавання на народным сходзе ў Афінах шляхам тайнага галасавання з дапамогай гліняных асклепкаў, на якіх пісалася імя чалавека, якога трэба было адправіць у выгнанне. Не часцей за адзін раз у год збіраўся спецыяльны сход грамадзян (кворум не меней за 6 тыс. грамадзян) і без абмеркавання і дэбатаў прыступаў да астакізму. Той, хто набіраў большасць галасоў, выганяўся з Афін на 10 гадоў без канфіскацыі маёмасці і якіх-небудзь рэпрэсій у дачыненні да яго сям'і. Праз 10 гадоў выгнанніку дазвалялася вярнуцца ў Афіны і карыстацца ўсімі грамадзянскімі правамі.

Афіны лічацца ўзорам антычнай дэмакратыі. У афінскім полісе вышэйшая заканадаўчая ўлада належала эклесіі (народнаму сходу), на якім выбіраліся прадстаўнікі выканаўчай улады. Суд здзяйсняўся геліэйяй (судом прысяжных). Прадстаўнікі выканаўчай улады выбіраліся на адзін год, прычым іх пасады былі калегіяльнымі (9 архонтаў, 10 стратэгаў і г.д.). Толькі на пасады стратэгаў дазвалялася выбіравацца не адзін раз, бо ваеначальнік павінен быў мець паспяховы вопыт камандавання войскам.


<== previous lecture | next lecture ==>
Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі. Закон Рэспублікі беларусь № 420-3 ад 23 ліпеня 2008 г. | Спарта як тып поліса
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.005 s.