![]() |
Спарта як тып полісаDate: 2015-10-07; view: 516. Спáрта– буйнейшы і самы магутны поліс Пелапанэса. Дзяржаўная назва Спарты – Лакедэмон. Галоўны горад з назвай Спарта размяшчаўся ў даліне р. Эўрот і не меў ніякіх умацаванняў. У концы II тыс. да н.э. у Лаконіку (паўднёвы ўсход Пелапанэса) уварваліся грэкі-дарыйцы, якія падпарадкавалі сабе мясцовае ахейскае насельніцтва і заснавалі Спарту. Праблема аграрнага перенасельніцтва, што стала адной з галоўных прычын Вялікай грэчаскай каланізацыі, у Спарце была вырашана па іншаму – захопам суседняй вобласці Мясенія (сярэдзіна VIII – VII ст. да н.э.). Да VI ст. да н.э. Спарта была адным з важных цэнтраў рамяства Грэцыі – археолагамі знойдзены створаныя ў VII – пачатку VI ст. да н.э. цудоўныя ювелірныя вырабы, кераміка з роспісам, унікальныя тэракотавыя маскі. Але ў першай палове VI ст. да н.э. у Спарце быў праведзены шэраг рэформ (якія звязваюцца з імем Лікурга) і створаны своеасаблівы полісны лад (вядомы як «Лікургаў лад»). Усё насельніцтва Спарты было падзелена на тры слаі: спартыятаў, перыэкаў і ілотаў. Толькі спартыяты з'яўляліся грамадзянамі Спарты, перыэкі займаліся рамяством і земляробствам (яны былі асабіста свабоднымі людзьмі і выплочвалі падаткі), ілотамі з'яўлялася вялікая частка насельніцтва, якая была найбольш бяспраўнай і забяспечвала сваёй працай спартыятаў і іх сем'і. Кожны спартыят атрымліваў зямельны надзел (роўны з надзеламі ў іншых спартыятаў) і пэўную колькасць ілотаў, якія апрацоўвалі гэты надзел. Колькасць залежных ілотаў таксама была аднолькавай для ўсіх спартыятаў. Але спартыят не мог прадаць, забіць, абмяняць залежнага ад яго ілота. Першапачаткова колькасць спартыятаў складала 9 тыс. чалавек (столькі было і зямельных надзелаў – клераў). Грамадзянам Спарты забаранялася займацца земляробствам, рамяством, гандлем, яны былі толькі воінамі. Сістэма спартанскага выхавання рыхтавала лепшых воінаў у Грэцыі – умелых у баі, вынослівых і дысцыплінаваных. Гэта было неабходна не толькі для войн са знешнімі ворагамі, але, перш за ўсё, для ўтрымання ў пакоры вялізнай масы ілотаў, падпарадкаваных спартыятам. Грамадзяне Спарты называлі сябе «абшчынай роўных», бо ўсе мелі роўныя надзелы зямлі, аднолькавую колькасць працаваўшых на іх ілотаў, усім было забаронена мець каштоўнасці, золата, серабро і ўпрыгожванні, усе абавязаны былі хадзіць у аднолькавай вопратцы і нават з аднолькавымі прычоскамі. Спарта была закрытым полісам – нікому не дазвалядася пакідаць ці ўступаць на яе тэрыторыю без асобага дазволу ўладаў. Гандаль са Спартай быў немагчымым – каб у дзяржаву не пранікала раскоша і адпаведныя ёй норавы, у Спарце былі ўведзены жалезныя грошы, якія не каціраваліся ў іншых полісах і якія нельга было назапасіць без публічнай увагі ў самой Спарце (грувасткія і крохкія «грошы» ў Спарце, якія перавозіліся, напрыклад, на двух вазах, раўняліся суме манет, якія ў Афінах можна было заціснуць у далоні). Жонкі і дочкі спартыятаў карысталіся большай свабодай, чым жанчыны ў іншых полісах, але сістэма жаночага выхавання ў Спарце была накіравана на тое, каб моцныя і фізічна развітыя жанчыны нараджалі здаровых будучых воінаў-грамадзян. Як і ў астатніх грэчаскіх полісах вышэйшым заканадаўчым органам Спарты быў народны сход (апела), але ён не валодаў заканадаўчай ініцыятывай, а толькі галасаваў «за» ці «супраць». Апела выбірала вышэйшы савет Спарты – герусію, якая складалася з 28 грамадзян ва ўзросце не маладзей за 60 год і двух архагетаў («цароў»), передаваўшых сваю пасаду ў спадчыну. Архагеты паходзілі з двух родаў (Прокла і Эўрыпонта), яны з'яўляліся галоўнакамандуючымі спартанскім войскам і вышэйшымі жрацамі. Законы Спарты былі абявязковымі для ўсіх, у тым ліку і для архагетаў, якіх маглі прыцягнуць да адказнасці за парушэнні (напрыклад, за цягу да раскошы). На народным сходзе кожны год выбіраліся 5 эфораў, якія сачылі за выкананнем законаў і парадкаў Спарты. Посля ўсталявання «Лікургавага ладу» Спарта не дала Грэыі ніводнага выдатнага вучонага, філосафа, паэта, скульптара, мастака, дойліда. Спартанскае выхаванне было накіравана на падрыхтоўку выдатных воінаў, адукацыя ж давалася мінімальная. Спартыяты не ўмелі прамаўляць доўгія прамовы, яны гаварылі кароткімі фразамі (лаканічна), лічылі за лепшае маўчаць. Калі да іх прыбылі па дапамогу паслы з Самаса, то першыя перамовы скончыліся нічым, бо спартыяты заявілі: «Калі мы даслухалі вас да канца, дык забылі пачатак, а забыўшы пачатак не зразумелі канца». На наступны дзень самасцы прыйшлі з пустым мехам і сказалі толькі: «Мех ёсць, мукі няма,» -- і спартыяты ўсё зразумелі, заўважыўшы толькі, што можна было абыйсціся і без першых двух словаў. Знакамітыя «лаканізмы», што зрабіліся крылатымі фразамі, – гэта толькі лепшыя ўзоры спартанскай мовы, далёка не заўсёды зразумелай для іншых («Са шчытом ці на шчыце»; адказ посла Спарты цару персаў на яго здзіўленае пытанне: «Ты адзін?» – «Да аднаго» і г.д.). У канцы VI ст. да н.э. Спарта стварыла і ўзначаліла Пелапанэскі саюз. Яна разам з Афінамі адыграла рашаючую ролю ў барацьбе з уварваннямі персаў у грэка-персідскіх войнах.
|