Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Грэка-персідскія войны


Date: 2015-10-07; view: 569.


Грэка-персідскія войны– войны грэчаскіх полісаў з Персіяй у 500–449 гг. да н.э. Прычына войнаў – захопніцкая палітыка Персіі, накіраваная на заваяванне Грэцыі пасля падпарадкавання грэчаскіх полісаў у Малай Азіі. Грэка-персідскія войны пачаліся з Іанійскага паўстання – барацьбы малаазіяцкіх грэчаскіх полісаў на чале з Мілетам (500–493 гг. да н.э.). Паўстанцам удалося узяць Сарды, але ў 494г. каля вострава Лада персы атрымалі рашаючую перамогу на моры, а затым захапілі Мілет, прадаўшы ягоных жыхароў у рабства. За дапамогу паўстанцам Афінамі і Эрэтрыяй персідскі цар Дарый I рашыў пакараць усю Грэцыю. У 492 г. да н.э. на Балканскую Грэцыю з Малай Азіі рушыла персідскае войска на чале з Мардоніем. Персы пераправіліся праз Гелеспонт і накіраваліся праз Фракію да Грэцыі. Але каля мыса Афон шторм знішчыў вялікую частку персідскага флоту, і Мардоній павярнуў назад. Другі паход персаў на Грэцыю адбыўся у 490 г. да н.э. На гэты раз персідская армія прыбыла на караблях ад вострава Самас, захапіўшы на сваім шляху Кікладскія астравы, на суседні з Атыкай востраў Эўбею. Эрэтрыя пасля нядоўгай аблогі была ўзята і спалена, а затым персы высадзіліся ў Атыцы каля сяла Марафон за 40 км ад Афінаў. Туды ж высунулася афінскае войска, на дапамогу якому прыйшла 1 тысяча грамадзян Плацяў. У бітве каля Марафона персы былі разгромлены, афінскае войска адразу ж вярнулася ў Афіны. Персідскі флот, які прыбыў у гавань Фалерон, не рашыўся атакаваць Афіны і адплыў назад у Персію. Дарый I пачаў рыхтаваць новы паход на Грэцыю, збіраючы вялізную армію і маючы намер асабіста ўзначаліць яе. Але ягоная смерць і усобіцы ў Персіі прывялі да таго, што трэці паход на Грэцыю пачаўся толькі ў 480 г. да н.э. За гэты час афіняне стварылі магутны ваенны флот. Напярэдадні рашаючых бітваў быў створаны антыперсідскі саюз (з 31 поліса). Галоўнай сілай у ім былі Спарта і Афіны, камандаванне было даручана спартанскім ваеначальнікам. Старанна рыхтаваўся да свайго «вялікага паходу» і новы персідскі цар Ксеркс. Шматлікая армія, набраная з воінаў усіх сатрапій Персіі, павінна была ўварвацца ў Грэцыю з поўначы, нанесці спачатку галоўны ўдар па Афінах, а затым па Спарце. З гэтай мэтай на шляху следавання войска ствараліся склады правіянта, для абыходу небяспечнага мыса Афон быў пракапаны канал праз паўвостраў Актэ, а для пераправы праз Гелеспонт быў узведзены пантонны мост (першы мост быў разбураны навальніцай, за гэта Ксеркс загадаў пакараць смерцю кіраўнікоў работ, а мора пакараць бізунамі, другі мост аказаўся трывалым). У паўночнай Грэцыі персы не сустрэлі супраціўлення, саюзнае камандаванне грэкаў рашыла спыніць ворага на ягоным шляху у сярэднюю Грэцыю ў Фермапільскай цясніне. Туды былі накіраваны каля 7 тысяч воінаў на чале з царом Спарты Леанідам. На моры каля Фермапілаў выстраіўся грэчаскі флот, які перагарадзіў шлях флоту персаў. Зламіць абаронцаў Фермапілаў Ксерксу не ўдалося, прарвацца персам удалося толькі тады, калі яны ўзялі войска Леаніда ў акружэнне і знайшлі абходныя сцежкі. Уступіўшы ў Атыку, персідскае войска заняло Афіны, пакінутыя жыхарамі. Рашаючая бітва адбылася на моры каля вострава Саламін. 28 верасня 480 г. да н.э. на вачах у Ксеркса, які назіраў за бітвай з берагу, персідскі флот был ушчэнт разбіты грэкамі. Пасля паражэння пры Саламіне асноўныя сілы персаў на караблях, што засталіся, вярнуліся ў Малую Азію, а частка арміі на чале з Мардоніем засталася зімаваць у Фесаліі. Вясной 479 г. да н.э. Мардоній зноў захапіў Афіны. На бой з арміяй Мардонія выступіла грэчаскае войска пад камандаваннем спартанскага ваеначальніка Паўсанія. У бітве пры Платэях 26 верасня 479 г. да н.э. персы былі разгромлены. У той жа дзень грэчаскі флот атрымаў перамогу над персамі каля берагоў Малай Азіі, знішчыўшы выцягнутыя на сушу персідскія караблі на мысе Мікале. Перамогі грэкаў пры Саламіне, Платэях і Мікале ў 480–479 гг. да н.э. унеслі карэнны пералом у ходзе грэка-персідскіх войн. Персы больш не прадпрымалі паходаў на Грэцыю, ваенныя дзеянні вяліся ў асноўным на моры, ініцыятыва перайшла да грэкаў. Для барацьбы з персамі быў створаны Дэлоскі (Афінскі) марскі саюз, дзе верхавенства ў барацьбе з Персіяй належала Афінам. У 468 г. да н.э. грэкі атрымалі перамогу (на моры і на сушы) над персамі у вусці ракі Эўрымедонт (на малаазіяцкім узбярэжжы). Няўдачай закончылася спроба афінян дапамагчы антыперсідскаму паўстанню ў Егіпце (454 г. да н.э.). Грэка-персідскія войны завяршылася заключэннем у Сузах Каліева міру (па імені афінскага дзеяча) у 449 г. да н.э. Па ўмовах міру персы прызнавалі незалежнасць грэчаскіх полісаў у Малай Азіі, флоту персаў забаранялася плаваць у Эгейскім моры. Перамога ў грэка-персідскіх войнах, у якіх буйнейшая дзяржава Усходу пацярпела паражэнне ад маленькай, усяго ў некалькі соцень полісаў Грэцыі, з'явілася для грэкаў сведчаннем перавагі іх сацыяльнага і дзяржаўнага ладу над магутнасцю «варварскай» дэспатыі, садзейнічала умацаванню духу элінскага адзінства. У той жа час ужо на заключным этапе грэка-персідскіх войнаў праявіліся сімптомы барацьбы Афін і Спарты за гегемонію ў Грэцыі.


<== previous lecture | next lecture ==>
Спарта як тып поліса | Росквіт Афінскай дэмакратыі. Пелапанэская вайна
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.005 s.