Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






ГЛАВА 1 АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ


Date: 2015-10-07; view: 791.


ЗАЦВЕРДЖАНА Пастанова Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь 13.08.2008 № 65

ІНСТРУКЦЫЯ аб парадку фарміравання культуры вуснай і пісьмовай мовы ў агульнаадукацыйных установах Рэспублікі Беларусь

1. Інструкцыя аб парадку фарміравання культуры вуснай і пісьмовай мовы ў агульнаадукацыйных установах Рэспублікі Беларусь (далей – Інструкцыя) распрацавана з мэтай удасканалення, рэгулявання адукацыйнага працэсу ў агульнаадукацыйных установах і накіравана на ўзгодненую дзейнасць педагагічных работнікаў па фарміраванні культуры вуснай і пісьмовай мовы ў агульнаадукацыйных установах.

2. Інструкцыя вызначае патрабаванні да фарміравання вуснай і пісьмовай мовы вучняў агульнаадукацыйных устаноў, правядзення і праверкі настаўнікамі навучальных і кантрольных работ, якія выкананы ў пісьмовай форме, колькасць і прыкладны аб'ём кантрольных работ, парадак вядзення і афармлення сшыткаў, дзённікаў і класных журналаў, парадак афармлення рэфератаў.

3. Інструкцыя ўстанаўлівае сiстэму арганізацыйных мер, якія накіраваны на дзейнасць педагагiчнага калектыву па фарміраванні культуры вуснай і пісьмовай мовы ў агульнаадукацыйных установах.

4. Інструкцыя абавязковая для прымянення пры ажыццяўленні адукацыйнага працэсу ва ўсіх тыпах агульнаадукацыйных устаноў незалежна ад іх падпарадкаванасці і формаў уласнасці.

5. Галоўнымi мэтамi навучання мовам у агульнаадукацыйнай установе з'яўляюцца развіваючая (камунiкатыўная), адукацыйная, выхаваўчая.

Развіваючая (развіццё камунiкатыўнай кампетэнцыі) мэта з'яўляецца вядучай i накіравана на дасягненне вучнямі такога ўзроўню практычнага валодання мовай, якi забяспечыць iх адукацыйную дзейнасць i зносiны ў розных сферах жыцця. Гэта мэта навучання ажыццяўляецца на аснове вучэбна-камунiкатыўнай дзейнасцi вучняў шляхам выпрацоўкi ў iх неабходных навыкаў i ўменняў ва ўсiх вiдах маўленчай дзейнасцi: чытаннi, маўленнi, пісьме, успрыманні мовы на слых.

Адукацыйная мэта звязана з фармiраваннем ведаў пра сiстэму мовы i накіравана на набыццё вучнямі ўменняў аналiзаваць, супастаўляць, рабіць высновы, падагульняць і рэалiзуецца пры вывучэнні ўсіх вучэбных прадметаў.

Выхаваўчая мэта прадугледжвае фарміраванне нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, патрыятычных пачуццяў, паважлівых адносін да культуры свайго і іншых народаў, імкнення захоўваць нацыянальную культуру, умення ўзаемадзейнічаць з носьбітамі іншых моўных культур, развіццё эстэтычнага густу, моўнай культуры вучняў, цікавасці да вучэбных прадметаў, павышэнне ўзроўню матывацыі на ўроках праз сродкі навучання.

6. Пры ажыццяўленні адукацыйнага працэсу па вучэбных прадметах ”Беларуская мова“, ”Беларуская літаратура“, ”Руская мова“, ”Руская літаратура“, ”Замежная мова“, ”Родная мова нацыянальнай меншасці“, ”Літаратура нацыянальнай меншасці“ неабходна на кожным уроку ўдасканальваць навыкі і ўменні чытання, вучыць правiльнаму, усвядомленаму, бегламу, выразнаму чытанню і развіваць навыкі і ўменні звязнага маўлення.

Пры навучанні беларускай і рускай мовам у агульнаадукацыйных установах патрэбна памятаць, што яны з'яўляюцца не толькi прадметамі вывучэння, але i сродкамі навучання асновам усiх навук. Неабходны такі падыход да выкладання вучэбных прадметаў, пры якім выхаванне моўнай культуры вучняў ажыццяўляецца агульнымi сiламi педагагiчнага калектыву агульнаадукацыйнай установы. Патрабаваннi, якія прад'яўляюцца да моўнай культуры, выконваюцца педагогамі ўсiх вучэбных прадметаў як на ўроках, так i ў пазаўрочны час.

7. Педагагічныя работнікі агульнаадукацыйных устаноў павінны:

прадумваць ход выкладання вучэбнага матэрыялу, правiльнасць i дакладнасць усiх фармулёвак пры падрыхтоўцы да ўрокаў;

не дапускаць у сваiм маўленнi няправiльна пабудаваных сказаў i зваротаў, парушэння нормаў вымаўлення, неахайнасцi пры выбары слоў;

фармiраваць у вучняў уяўленне аб багаццi беларускай, рускай, замежных моў, моў нацыянальных меншасцей, рэгулярна праводзiць навучанне нормам лiтаратурнай мовы;

праводзiць на ўроках спецыяльную работу, накiраваную на паўнацэннае ўспрыманне вучнямі вучэбнага тэксту i слова педагога, якiя з'яўляюцца не толькi асноўнымi крынiцамi вучэбнай iнфармацыi, але i ўзорамi правiльна аформленага маўлення;

выкарыстоўваць выразнае чытанне ўголас як адзiн з прыёмаў фармiравання культуры вуснага маўлення, як сродак эмацыянальнага i лагiчнага асэнсавання тэксту;

вучыць працаваць з кнiгай, карыстацца разнастайнай даведачнай лiтаратурай па вучэбным прадмеце, каталогамi i картатэкай, падбiраць лiтаратуру па пэўнай тэме, правiльна афармляць вынiкi самастойнай работы з кнiгай, цытатны матэрыял; складаць тэзiсы, канспекты, спiсы лiтаратуры i г.д.;

праводзiць сiстэматычную работу па ўзбагачэннi слоўнiкавага запасу вучняў, азнаямленнi з тэрмiналогiяй вывучаемага вучэбнага прадмета.

Пры тлумачэннi вучэбнага матэрыялу неабходна словы вымаўляць выразна, запiсваць на дошцы, пастаянна правяраць засваенне iх значэння i правiльнае выкарыстанне ў маўленнi;

фармiраваць у вучняў уменні складаць аналітычныя і абагульняючыя табліцы, дыяграмы, схемы, апісваць, характарызаваць, параўноўваць, аналiзаваць вывучаны матэрыял, весці дыялог, дыскусію, прыводзiць неабходныя доказы, рабiць высновы і абагульненнi;

фарміраваць культуру пісьмовай мовы вучняў;

прытрымлiвацца ўзору афармлення надпісу на вокладцы сшытка згодна з дадаткам 1;

сачыць за акуратным вядзеннем сшыткаў, граматным афармленнем запiсаў у iх;

павышаць культуру вуснага маўлення вучняў, лагічнасць іх выказванняў, тактоўна выпраўляць памылкi ў адпаведнасцi з нормамi літаратурнай мовы, на якой вядзецца навучанне і выхаванне ў агульнаадукацыйнай установе;

выкарыстоўваць факультатыўныя заняткi, а таксама формы пазакласнай і пазашкольнай дзейнасці (алiмпiяды, канферэнцыі, конкурсы, фестывалі, злёты, выставы, экспедыцыі і іншыя мерапрыемствы) для ўдасканалення моўнай культуры вучняў;

рабіць разборлiвым почыркам усе вiды запiсаў на класнай дошцы, у класным журнале, у дзённiках і сшытках вучняў.

8. Намеснікі дырэктара па асноўнай дзейнасці агульнаадукацыйных устаноў павінны:

накiроўваць, каардынаваць i кантраляваць работу па выкананні патрабаванняў Інструкцыі ў агульнаадукацыйнай установе;

весці дакументацыю ў адпаведнасці са статутам агульнаадукацыйнай установы;

уключаць пытаннi аб выкананні адзiных патрабаванняў да вуснага i пiсьмовага маўлення вучняў у работу педагагiчных саветаў, арганiзоўваць абмен вопытам педагагічных работнікаў;

праводзiць пасяджэннi метадычных аб'яднанняў, тэматыкай якіх з'яўляецца павышэнне культуры маўлення і пісьма вучняў.

ГЛАВА 2 ПАТРАБАВАННІ ДА ПРАВЯДЗЕННЯ НАВУЧАЛЬНЫХ І КАНТРОЛЬНЫХ РАБОТ, ЯКІЯ ПРАВОДЗЯЦЦА Ў ПІСЬМОВАЙ ФОРМЕ

9. Асноўнымi вiдамi класных i дамашнiх работ вучняў з'яўляюцца навучальныя работы,якія праводзяцца ў пісьмовай форме (далей – навучальныя работы).

Да іх адносяцца:

на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі:

практыкаванні і заданні па вучэбных прадметах ”Беларуская мова“, ”Руская мова“, ”Замежная мова“, ”Родная мова нацыянальнай меншасці“, ”Матэматыка“, віды і аб'ём якіх вызначаюцца заданнямі з падручнікаў, вучэбных дапаможнікаў, дыдактычных матэрыялаў, вучэбна-метадычных дапаможнікаў, якія маюць грыф Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, навукова-метадычнай установы ”Нацыянальны інстытут адукацыі“ Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь;

дыктанты і спісванні ўсіх відаў;

творчыя работы (навучальныя сачыненні, пераказы і іншыя);

розныя віды рабочых запісаў і замалёвак па вучэбных прадметах ”Чалавек і свет“ і ”Беларуская літаратура“;

заданні з выкарыстаннем контурных карт, атласаў па вучэбным прадмеце ”Чалавек і свет“;

на ІІ і ІІІ ступенях агульнай сярэдняй адукацыі:

практыкаванні, заданні, у тым ліку тэставыя, па ўсіх вучэбных прадметах, акрамя вучэбных прадметаў ”Выяўленчае мастацтва“, ”Фізічная культура і здароўе“;

задачы па вучэбных прадметах ”Матэматыка“, ”Фізіка. Астраномія“, ”Хімія“, ”Біялогія“, ”Геаграфія“;

пераклады па вучэбных прадметах ”Замежная мова“, ”Родная мова нацыянальнай меншасці“, ”Беларуская мова“, ”Руская мова“;

дыктанты, пераказы, сачыненні, водгукі па вучэбных прадметах ”Беларуская мова“, ”Руская мова“, ”Родная мова нацыянальнай меншасці“, ”Замежная мова“;

дыктанты па вучэбных прадметах ”Матэматыка“, ”Фізіка. Астраномія“ (фізіка), ”Хімія“, ”Біялогія“;

пісьмовыя адказы на пытанні, змешчаныя ў падручніках, вучэбных дапаможніках, дыдактычных матэрыялах, па ўсіх вучэбных прадметах, акрамя вучэбнага прадмета ”Фізічная культура і здароўе“;

складаннепланаў-канспектаў, апорных схем, аналітычных і абагульняючых табліц, дыяграм, схем, алгарытмаў па ўсіх вучэбных прадметах, акрамя вучэбнага прадмета ”Выяўленчае мастацтва“;

афармленне справаздач аб выніках назіранняў, лабараторных і практычных работах (вопытах), эксперыментальных даследаваннях, экскурсіях па тых вучэбных прадметах, па якіх прадугледжана іх правядзенне вучэбнымі праграмамі;

заданні з выкарыстаннем контурных карт, атласаў, рухомай карты зоркавага неба, карты экватарыяльнага пояса зоркавага неба па вучэбных прадметах ”Чалавек і свет“, ”Геаграфія“, ”Фізіка. Астраномія“ (астраномія), ”Сусветная гісторыя. Гісторыя Беларусі“;

рэфераты па ўсіх вучэбных прадметах, якія вывучаюцца ў X – XI (ХІ') класах, XII класе вячэрняй школы,акрамя вучэбных прадметаў ”Інфарматыка“, ”Працоўнае навучанне“, ”Чарчэнне“, ”Фізічная культура і здароўе“.

10. Вiды, змест i аб'ём навучальных работ вызначаюцца настаўнікам на падставе вучэбнай праграмы, а таксама заданняў з падручнiкаў, дыдактычных матэрыялаў i вучэбна-метадычных дапаможнiкаў з улікам патрабаванняў адукацыйнага стандарту.

Перыядычнасць правядзення работы па развіцці звязнай пісьмовай мовы (работа з дэфармаванымі сказамі, тэкстамі, адказы на пытанні; пераказы розных відаў; складанне сказаў і невялікіх тэкстаў па карцінах, серыі малюнкаў, па пачатку тэксту і г.д.) вучняў I – IV класаў вызначаецца настаўнікам з улікам зместу вучэбных праграм і падручнікаў (вучэбных дапаможнікаў) і займае частку ўрока.

Пераказы і сачыненні ў класах на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі носяць толькі навучальны характар.

У першым паўгоддзі ў V класе ў агульнаадукацыйных установах з рускай і іншымі мовамі навучання па вучэбных прадметах ”Беларуская мова“,”Руская мова“,”Родная мова нацыянальнай меншасці“ праводзяцца толькі навучальныя пераказы, якія ацэньваюцца па нормах вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў па адзначаных вучэбных прадметах для ІV класа.

Сачыненнi па вучэбных прадметах ”Беларуская мова“, ”Беларуская літаратура“, ”Руская мова“, ”Руская літаратура“, ”Родная мова нацыянальнай меншасці“ i ”Лiтаратура нацыянальнай меншасці“ ў V – VIII класах носяць толькі навучальны характар.

Колькасць разлічаных на цэлы ўрок навучальных работ па развіцці звязнай пісьмовай мовы вучняў, прыкладны аб'ём навучальных пераказаў, сачыненняў, слоўнікавых дыктантаў на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі вызначаюцца згодна з дадаткам 2.

11. Па вучэбных прадметах ”Беларуская мова“, ”Беларуская літаратура“, ”Руская мова“, ”Руская літаратура“, ”Родная мова нацыянальнай меншасці“, ”Літаратура нацыянальнай меншасці“, ”Матэматыка“, ”Фізіка. Астраномія“, ”Хімія“, ”Біялогія“, ”Замежная мова“ праводзяцца кантрольныя работы ў пісьмовай форме (далей – кантрольныя работы). Кантрольныя работы па вучэбным прадмеце ”Інфарматыка“ могуць уключаць як тэарэтычны матэрыял, так і практычныя заданні, якія выконваюцца на камп'ютэры. Колькасць кантрольных работ на працягу навучальнага года на ўсіх ступенях агульнай сярэдняй адукацыі, іх віды і прыкладны аб'ём вызначаюцца згодна з дадаткамі 3, 4, 5.

Да канца першай чвэрці, а ў V класе на працягу І паўгоддзя захоўваецца аб'ём тэксту, рэкамендаваны для папярэдняга класа.

У вячэрняй школе сумарная колькасць кантрольных работ па вучэбным прадмеце, прадугледжаных на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі, раўнамерна размяркоўваецца на ўсе гады навучання.

12. Колькасць арфаграм і пунктаграм у тэкстах кантрольных работ па вучэбных прадметах ”Беларуская мова“, ”Руская мова“, ”Родная мова нацыянальнай меншасці“ вызначаюцца згодна з дадаткам 6.


<== previous lecture | next lecture ==>
Тыпы і віды аналізу | Прыкладны аб'ём пісьмовага выказвання па вучэбным прадмеце ”Замежная мова“ вызначаецца згодна з дадаткам 7.
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.953 s.