Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






УВОДЗІНЫ


Date: 2015-10-07; view: 592.


Кафедра народнага ДПМ

Факультэт традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва,

Міцкевіч А.Г. Лекцыя №1 Курс “Музейнае захаванне”

ЗАХОЎВАННЕ МУЗЕЙНЫХ ПРАДМЕТАЎ

· Віды музейнага захавання: юрыдычнае і фізічнае

· Вывучэнне музейных прадметаў: атрыбуцыя, класіфікацыя, інтэрпрэтацыя

· Экспазіцыяйная дзейнасць і музейнае захаванне

· Сістэма захавання фондаў

· Агульныя палажэні захавання фондаў і фондавых калекцый

На Беларусі прыярытэт у справе збірання і захоўвання помнікаў матэрыяльнай і духоўнай спадчыны народа маюць дзяржаўныя музеі рознага падпарадкавання (нацыянальнага, рэспубліканскага, абласнога і г.д.), якія знаёмяць айчынную і замежную грамадскасць з сабранымі артэфактамі. Адпаведна музеі абавязаны забяспечыць належную атрыбуцыю, улік і поўную захаванасць калекцый як у фондасховішчах, так і пры экспанаванні.

Захоўванне музейных прадметаў (артэфактаў) мае юрыдычны і фізічны аспекты.

Юрыдычна захоўванне артэфактаў у музейных фондах забяспечвае комплекс музейнай дакументацыі. Уліковая дакументацыя, сістэма каталогаў, шыфраў і умоўных азначэнняў дазваляе кантраляваць стан музейных фондаў, назіраць за перамяшчэннем і зменамі фізічнага стану музейных прадметаў.

Фізічны аспект захоўвання (прэвентыўная або папераджальная кансервацыя) непасрэдна звязаны са стварэннем стабільнага рэжыма захоўвання (тэмпературна-вільготнаснага, светлавога, біялагічнага і інш.), што дазваляе абараніць артэфакты ад шкоднага ўздзеяння навакольнага асяроддзя і запаволіць фізіка-механічныя і хімічныя працэсы іх натуральнага старэння.

Для правільнага захоўвання артэфактаў вялікае значэнне мае вывучэнне музейных прадметаў, якое ўключае атрыбуцыю (вызначэнне), класіфікацыю і сістэматызацыю, інтэрпрэтацыю прадмета.

Атрыбуцыя прадмета – гэта вызначэнне яго асноўных прыкмет. Сістэмны падыход да вывучэння артэфакта ўлічвае наступныя яго ўласцівасці: марфалогію, тэхналогію, матэрыял, функцыю. Вызначаюцца таксама храналогія ці дата, месца стварэння, аўтарская прыналежнасць і іншыя аспекты гісторыі бытавання. Напрыклад, атрыбуцыя археалагічнага прадмета – гэта вызначэнне, у першую чаргу яго рэчасных уласцівасцей, а таксама прыналежнасць да вызначанага храналагічнага перыяду, археалагічнай культуры.

Для прывядзення ў парадак усяго аб'ёма інфармацыі аб прадметах у музеі праводзіцца класіфікацыя прадметаў, неабходная таксама для ажыццяўлення работы па іх захоўванні. Агульная класіфікацыя музейных прадметаў дзеліць іх па тыпах крыніц – пісьмовыя ці рэчавыя. Іншыя, больш складаныя класіфікацыі заснаваныя на храналагічных, тэхналагічных, геаграфічных ці іншых прыкметах. Напрыклад, у фондах археалагічнага музея магчымы падзел прадметаў па геаграфічнай прыкмеце – паходжанню з пэўнага рэгіёна ці мясцовасці. Класіфікацыя можа праводзіцца таксама паводле матэрыялу, з якога зроблены помнік (кераміка, шкло, метал, скура, папера, дрэва і інш.), функцыі (посуд, зброя, упрыгожванні) і г.д.

Інтэрпрэтацыя – гэта разгляд прадмета як крыніцы ведаў і эмоцый у кантэксце бытавання прадмета, яго дакументаванай або рэканструяванай гісторыі. У выпадку археалагічных прадметаў атрыбуцыя і інтэрпрэтацыя часта сумяшчаюцца.

Пры вывучэнні музейнага прадмета надзвычай важна ўстанавіць яго аўтэнтычнасць (арыгінальнасць) і культуралагічную каштоўнасць. Аўтэнтычнасць прадмета даказвае адзінства ўсіх яго прыкмет пры іх супастаўленні. Музей цікавіць таксама унікальнасць прадмета, яго эстэтычная каштоўнасць. Гэтыя аспекты адыгрываюць значную ролю ў экспазіцыйнай, экскурсійнай і камунікатыўнай дзейнасці музея.

Стварэнне экспазіцыі заснавана на навуковых, эстэтычных і тэхнічных прынцыпах для дасягнення цэласнага і кантэкстнага ўспрыняцця абраных артэфактаў. Асноўнымі кампанентамі экспазіцыі з'яўляюцца:

1) экспанаты (аўтэнтычныя, копіі, муляжы);

2) навукова-дапаможныя матэрыялы (гіпертэксты, этыкетаж, загалоўкі, суперграфіка, фонакаментарыі, указальнікі).

Практычна кожны музей мае як пастаянную экспазіцыю, якая адлюстроўвае яго профіль, так і часовыя выставы. Яны могуць будавацца як на уласных матэрыялах музея, так і матэрыялах з іншых крыніц.

 

ЗАХОЎВАННЕ МУЗЕЙНЫХ ПРАДМЕТАЎ І МУЗЕЙНЫХ КАЛЕКЦЫЙ. АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

(Інструкцыя МК РБ)

 

1. Асноўнымі сховішчамі музейных прадметаў і музейных калекцый у Рэспубліцы Беларусь з'яўляюцца дзяржаўныя і прыватныя музеі, іншыя ўстановы музейнага тыпу (галерэі, выставачныя залы, заалагічныя сады, гістарычныя і археалагічныя паркі і іншыя ).

2. Мэтай музейнага захоўвання з'яўляецца забеспячэнне аптымальных рэжымаў і рацыянальных сістэм утрымання музейных прадметаў і музейных калекцый у фондасховiшчах, на экспазiцыях, падчас перамяшчэнняў, іх ахова ад разбурэння, захворвання, крадзяжу, іншых небяспечных абставін.

3. Галоўная ўмова захоўвання музейных прадметаў і калекцый – гэта будынак, належна забяспечаны сістэмамі асвятлення, ацяплення, вентыляцыі, кандыцыянавання, супрацьпажарнай бяспекі, аховы, якія максімальна адпавядаюць нормам захоўвання культурных каштоўнасцей.

4. Перамяшчэнне музеяў з памяшканняў, спецыяльна прызначаных для экспазiцый i фондасховiшчаў, у iншыя, не прыстасаваныя для захоўвання музейных прадметаў і музейных калекцый, а таксама выкарыстанне будынка музея (альбо яго часткi), у тым лiку фондасховiшча, не па прамому прызначэнню забараняецца.

5. Прыстасаванне пад фондасховішчы паддашных памяшканняў, а таксама падвальных памяшканняў, якія не маюць гідраізаляцыі, забараняецца.

6. Ахова музейных будынкаў, экспазіцыйных, выставачных і рэстаўрацыйных памяшканняў можа быць грамадзянскай, пазаведамаснай, міліцэйскай і камбінаванай. Яна ажыццяўляецца па інструкцыі, якая прадугледжвае забеспячэнне бесперапыннай кругласутачнай аховы музейных прадметаў і музейных калекцый і памяшканняў музея.

7. У дзённы час у музеi павінна дзейнічаць спецыяльная служба аховы (наглядчыкі экспазіцыйных і выставачных залаў, пасты аховы і г. д.) у адпаведнасці з унутрымузейнымі інструкцыямі, улічваючы спецыфіку музея.

8. Асоба, адказная за арганізацыю работы музейных наглядчыкаў, размяркоўвае пасты ўнутранага назірання паміж імі па ўзгадненні з галоўным захавальнікам або кіраўніком музея, а таксама захавальнікамі экспазіцыі і часовых выставак і пастаянна кантралюе выкананне наглядчыкамі абавязкаў па ахове музейных прадметаў і музейных калекцый і памяшканняў музея.

9. Дзверы сховішчаў, экспазіцыйных залаў, а таксама шафы і вітрыны павінны мець свой парадкавы нумар, петлі для пломб, надзейныя замкі.

10. Першыя экземпляры ключоў ад памяшканняў фондасховішчаў і экспазіцыйных залаў павінны захоўвацца ў спецыяльным замкнёным сейфе. Ключ ад сейфа захоўваецца ў адказнага дзяжурнага.

11. Выдача ключоў дазваляецца толькі асобам, указанным у спецыяльным распараджэнні дырэкцыі музея.

12. Запісы аб выдачы і вяртанні ключоў робяцца ў спецыяльным журнале, які захоўваецца ў дзяжурнага ўнутранай аховы. Другія экземпляры ключоў знаходзяцца ў галоўнага захавальніка, або кіраўніка музея.

13. Вынас пламбіраў і пячатак, ключоў ад памяшканняў музея (акрамя асабістых) з будынка музея катэгарычна забараняецца.

14. Кожны захавальнік павінен мець асабісты пламбір або пячатку са сваім нумарам або знакам. Перадача пламбіра і пячаткі другой асобе катэгарычна забараняецца.

15. Адкрыццё, закрыццё і апячатванне фондасховішчаў ажыццяўляецца захавальнікамі або галоўным захавальнікам.

16. Накладанне і зняцце пячатак ці пломб без прысутнасці матэрыяльна адказнай асобы забараняецца за выключэннем асобных выпадкаў, па якіх прымаецца спецыяльнае рашэнне кіраўніцтва музея.

17. Наяўнасць экспанатаў і стан экспазіцыйных залаў у пачатку і ў канцы рабочага дня павінны быць зафіксаваны матэрыяльна адказнымі навуковымі супрацоўнікамі і музейнымі наглядчыкамі ў спецыяльных журналах.

18. Перадача экспазіцыі ад дзённай аховы да начной (пры закрыцці музея) і наадварот (пры адкрыцці) ажыццяўляецца адказным дзяжурным або матэрыяльна адказнай асобай і музейнымі наглядчыкамі (ці спецыяльнай камісіяй) у адпаведнасці з унутрымузейнай інструкцыяй, зацверджанай кіраўніком музея.

19. Парадак аховы фондасховішча, дзе захоўваюцца вырабы з каштоўных металаў і каштоўных камянёў, вызначаецца Інструкцыяй аб парадку ўліку і захоўвання музейных прадметаў з каштоўных металаў і каштоўных камянёў Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь.

20. Парадак аховы фондасховішчаў зброі вызначаецца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

21. Допуск у фондасховішчы і рэстаўрацыйныя майстэрні пабочных асоб ажыццяўляецца толькі з дазволу кіраўніка музея або галоўнага захавальніка па спецыяльных разавых прапусках, якія па заканчэнню наведвання застаюцца ў захавальніка.

22. Галоўны захавальнік вядзе Журнал рэгістрацыі наведвальнікаў фондасховішчаў.

23. Аб усіх выпадках крадзяжу, пашкоджання музейных прадметаў і музейных калекцый кіраўнік і галоўны захавальнік музея, яго заснавальнік абавязаны ў 3-дзённы тэрмін праінфарміраваць Міністэрства культуры, а ў выпадках крадзяжу звярнуцца ў праваахоўныя органы; правесці ўласнае службовае даследаванне і прадставіць у Міністэрства культуры ўсю неабходную дакументацыю ў залежнасці ад прычын здарэння: акт здарэння (крадзёж, аварыя, пажар і г. д.), які складаецца ў момант выяўлення і фіксуе абставіны пашкоджання ці страты музейных прадметаў; дакументы аб мерах, прынятых па факту здарэння; заключэнне спецыялістаў аб мастацкай і гісторыка-культурнай каштоўнасці музейных прадметаў; фотаздымкі музейных прадметаў; акты адпаведных службаў (пажарнай інспекцыі, тэхнічных службаў і інш.).


<== previous lecture | next lecture ==>
Вопрос 9: В чем разница между компетентностью и компетенцией? | Пытанні
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 6.517 s.