|
ЛЕКЦЫЯ №20. Кніга Беларусі на сучасным этапеDate: 2015-10-07; view: 1390. 1. Асноўныя тэндэнцыі і асаблівасці развіцця беларускага кнігавыдання. “Перабудова” і кнігавыдавецкая дзейнасць.У развіцці сучаснага кнігавыдання Беларусі яскрава прасочваецца тэндэнцыя, якая пачала складвацца яшчэ ў ХІХ ст. – гэта канцэнтрацыя выдавецкай прадпрымальніцкай актыўнасці ў Мінску ў параўнанні з такімі рэгіёнамі, як Гродна, Віцебск, Магілёў і інш. Так, яшчэ ў тыя часы ў Мінску склалася адпаведная сістэма кнігавыдання, якая ўключала прыватныя, грамадскія і дзяржаўныя выдавецкія структуры. За савецкім часам у Мінску, як сталіцы БССР, былі заснаваны і сканцэнтраваны толькі дзяржаўныя выдавецтвы рэспублікі: “Беларусь” (заснавана ў 1921 г.), “Навука і тэхніка” (1924), “Полымя”(1950), “Народная асвета”(1951), “Вышэйшая школа” (1961), “Ураджай” (1961), “Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі” (1967), “Мастацкая літаратура” (1972), “Універсітэцкае” (1984), “Юнацтва” (1981) і“Беларускі Дом друку” (1917). На пачатак 1991 г. Мінску належала больш за 95 % ад усёй колькасці выдадзеных найменняў кніг і брашур рэспублікі і 99% іх тыражу. Абнаўленне і адначасова адраджэнне сістэмы беларускага кнігавыдання пачало праяўляцца ў перыяд “перабудовы”, асабліва ў канцы 1980 – пачатку 1990-х гадоў, калі насуперак пастанове аб забароне кааператывам і падобным арганізацыям займацца выдавецкай дзейнасцю (ад 29.12.1988 г.) ў Беларусі пачынаюць узнікаць першыя прыватныя выдавецкія структуры, як мінская “Тэхналогія”. Прыняцце ж Дзяржкамітэтам СССР 12 чэрвеня 1990 г. Закона СССР “О печати и других средствах массовой информации”, у якім былі замацаваны свабода друку і адмена цэнзуры; права на заснаванне СМІ рознымі грамадскімі, кааператыўнымі, рэлігійнымі арганізацыямі, асобнымі грамадзянамі і, нарэшце, апошняе – дзейнасць у галіне друку будзе насіць не дазваляльны, а рэгістрацыйны характар, – усё гэта значна паспрыяла дэмакратызацыі кнігавыдання і хуткаму яго развіццю [1]. Праўда, на пачатку прыватныя беларускія кампаніі вымушаны былі ствараць сумесныя расійска-беларускія і іншыя прадпрыемствы і арганізацыі, набываць ISBN у расійскіх выдавецтваў за 10% кошту тыражу (Нацыянальнае агенцтва па міжнароднай стандартнай нумарацыі кніг Нацыянальнай кніжнай палаты Беларусі прыступіла да сваёй дзейнасці 15.02.1993 г.). Аднымі з першых такіх прыватных выдавецтваў сталі мінскія кампаніі “Эрыдан”, “Беларуская асацыяцыя дэтэктыўнага, прыгодніцкага і палітычнага рамана”, “Акварыус”,“Паліфакт”, дзейнасць якіх адзначаецца ўжо з 1990 г. У кнігавыданні Беларусі, адпаведна і Мінска, з часу атрымання рэспублікай незалежнасці правамерна вылучыць тры этапы: 1991–1996 гг.; 1997–2001 гг. і 2002–2007 гг. 1991–1996 гг. – дэманапалізацыя дзяржаўнага кнігавыдання.1991–1996 гг. – першы этапновага беларускага кнігавыдання, які можна ахарактарызаваць як этап дэманапалізацыі дзяржаўнага кнігавыдання, яго раздзяржаўлення, арганізацыі дзейнасці выдавецтваў прыватнага характару і структурных зменаў у выдавецкай сферы. Першыя ж ліцэнзіі на ажыццяўленне выдавецкай дзейнасці ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь былі выдадзены Дзяржкамітэтам па друку Рэспублікі Беларусь 22 чэрвеня 1992 г. [2]. Усяго за 1992 г. ліцэнзіі атрымалі 240 суб'ектаў прыватнага гаспадарання, а за перыяд з 1992 па 1997 гг. ліцэнзаванай выдавецкай дзейнасцю ў Беларусі мелі права займацца 1456 выдаўцоў і выдавецтваў, сярод якіх з'явілася і шэраг рэгіянальных прыватных выдавецкіх арганізацый. Аднак Мінск не ўступаў сваё лідэрства, і карціна працэнтнага размеркавання колькасці найменняў выдадзенай кніжнай прадукцыі і яе тыражу паміж пэўнымі рэгіёнамі Беларусі мела зусім нязначныя змены [Табл. 4]. Са стратай дзяржаўнай манаполіі на кнігавыданне ўзнікла рэальная канкурэнцыя паміж выдавецтвамі. 10 дзяржаўным выдавецтвам і 17 ведамасным выдаючым арганізацыям прыйшлося сапернічаць з не адной сотняй прыватных і акцыянерных фірм, кампаній, малых прадпрыемстваў, якія даволі актыўна ўключыліся ў кнігавыдавецкі працэс. Узнікненне недзяржаўных выдавецтваў, заснаваных на розных формах уласнасці, а таксама атрыманне права на выдавецкую дзейнасць шэрагам устаноў (навуковых, вучэбных) і грамадскіх арганізацый паспрыяла абнаўленню і ажыўленню кніжнай справы Беларусі. Гэта быў этап актыўнага перавыдання нацыянальнай кніжнай спадчыны – з аднаго боку, а з другога – задавальнення патрэб кніжнага рынку, дзе дзейнічала кан'юктура масавага чытацкага попыту. А на той час існаваў проста вялізарны кніжны попыт, створаны яшчэ савецкім дэфіцытам. Таму ў гэты перыяд у Беларусі колькасць найменняў выпушчанай кніжнай прадукцыі ўзрасла больш чым у паўтары разы: з 2,4 млн. экземпляраў у 1991 г. да 3,8 млн. экземпляраў у 1996 г. [Табл. 5; Дыягр. 1, 2]. Павялічвалася і доля беларускамоўнага кнігавыдання, сярэдняя лічба якога склала 21,3% [Табл. 5; Дыягр. 3, 4]. Менавіта дзякуючы актыўнай выдавецкай дзейнасці прыватных выдавецтваў у 1993 г. у кнігавыданні Беларусі былі дасягнуты самыя высокія паказчыкі па тыражу – гэта 98 млн. 351 тыс. экз. У 1995 г. выдавецтвы прыватнага сектара дасягнулі выпуску ўжо 70% літаратуры як па тыражу, так і па найменнях. У параўнанні з Расіяй, дзе дзяржаўныя і прыватныя выдавецтвы выйшлі на лічбу 50:50 толькі ў 1995 г., Беларусь мела падобныя вынікі ўжо на 1992 г. [3]. У наступныя гады адбывалася павелічэнне долі недзяржаўнага кнігавыдання і, наадварот, – памяншэнне дзяржаўнага (з 42,8% у 1991 г. да 16,4% у 1996 г.). Такім чынам, можна адзначыць, што ў выдавецкай сферы Беларусі ўжо на першым этапе рэформа адбылася ў большай ступені, чым у якой галіне гаспадаркі краіны. Беларусь стала і першай сярод былых рэспублік СССР (апярэдзіўшы Расію і Украіну), дзе была створана рыначная сістэма ў кнігавыданні і сфарміраваліся два ўмоўна самастойныя патокі выдавецкай прадукцыі – кнігі дзяржаўных і недзяржаўных выдавецтваў [4]. Першы этап абноўленай сістэмы кнігавыдання прынёс для Беларусі ў 1991–1996 гг. 18082 назвы кніжнай прадукцыі, тыраж якой склаў 425 млн. 740 тыс. экз. Доля дзяржаўнага сектара на дадзеным этапе склала 28% (па назвах) і 40% (па тыражу); недзяржаўнага адпаведна – 30% і 55% [Табл. 1]. Іншыя арганізацыі з правам выдавецкай дзейнасці выпусцілі 7681 назву (42%) тыражом 21 млн. 904 тыс. экз. (5%). Што тычыцца дзяржаўных выдавецтваў, то як сведчаць аналіз дынамікі выпуску кніг і брашур за 1991–1996 гг. – гэта быў даволі складаны перыяд у іх дзейнасці. Штогод адзначаўся спад практычна ўсіх асноўных паказчыкаў: найменняў – з 1041 у 1991 г. да 523 у 1996 г.; тыражу – з 37, 5 млн. экз. у 1991 г. да 11, 4 млн. экз. у 1996 г. Агульная колькасць супрацоўнікаў амаль усіх дзяржаўных выдавецтваў таксама скарачалася (у сярэднім амаль у 2 разы). У выдавецтве “Полымя” наогул пасля скарачэння засталася толькі дзесятая частка ад ранейшага складу калектыву і толькі выдавецтву “Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі” ўдалося ў гэты час захаваць колькасць сваіх супрацоўнікаў [5]. Некаторая фінансавая падтрымка кнігавыдання з дзяржбюджэту гарантавала адносную стабільнасць дзяржаўным выдавецтвам. Менавіта дзякуючы дзяржзаказам на вучэбную і вучэбна-метадычную літаратуру для ўсіх форм адукацыі ім ўдавалася выжываць ва ўмовах цяжкага сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. З дзяржаўнага бюджэту ў гэты перыяд датавалася таксама беларускамоўная літаратура (ў памеры 50% сабекошту), да 75% – дзіцячая. У 1996 г. было наладжана 100-працэнтнае фінансаванне літаратуры для камплектавання фондаў публічных бібліятэк, а таксама серыі “Школьная бібліятэка”. Таму, зразумела, што на вядучых пазіцыях у сектары дзяржаўнага кнігавыдання былі такія выдавецтвы, як “Народная асвета”, “Мастацкая літаратура”, “Навука і тэхніка”, “Вышэйшая школа”, кожнае з якіх мела сваю спецыялізацыю і забяспечвала выпуск асноўнай беларускай вучэбнай, навуковай, навукова-папулярнай і мастацкай літаратуры [Табл. 1]. Цалкам кніжны рэпертуар дзяржаўнага кнігавыдання, сканцэнтраванага ў сталіцы краіны, у 1991–1996 гг. меў наступныя тэматычныя прыярытэты: · літаратура па асвеце і педагогіцы (1130 назваў, тыраж 76732 тыс. экз.), · мастацкая літаратура (830 назваў тыраж 20590 тыс. экз.), · дзіцячая літаратура (590 назваў тыраж 29524 тыс. экз.), · палітычная і сацыяльна-эканамічная літаратура (543 назвы тыраж 7518 тыс. экз.), · літаратура па тэхніцы (478 назваў тыраж 13376 тыс. экз.). Вядучыя пазіцыі па відах выданняў займалі: · вучэбныя выданні (1389 назваў тыраж 79187 тыс. экз.), · літаратурна-мастацкія (830 назваў тыраж 20590 тыс. экз.), · навуковыя (622 назвы тыраж 829 тыс. экз.), · выданні для дзяцей і юнацтва (590 назваў тыраж 29524 тыс. экз.), · даведачныя выданні (429 назваў тыраж 10412 тыс. экз.). Вызначыць падобную карціну ў сектары недзяржаўнага кнігавыдання па адпаведных выдавецкіх прадпрыемствах за 1990–1991 гг., а таксама па іх тэматыка-відавых характарыстыках намнога складаней з-за прабелаў у беларускай кніжнай статыстыцы па друку. Аднак, нават па тых дадзеных, якія ёсць у нашым распараджэнні, сярод лідэраў недзяржаўнага кнігавыдання можна вызначыць такія мінскія выдавецтвы, як “Эрыдан” (пачатак дзейнасці з 1990 г.), “Паліфакт” (з 1990 г.), “Мет” (з 1991 г.), “Аракул” (з 1991 г.), “Амалфея” (з 1991 г), “Пікорп” (з 1992 г.), “Сервег” (з 1993 г.), “Сказ” (з 1993 г.) [Табл. 1]. Як ўжо адзначалася, цалкам зніжэнне выпуску беларускамоўнай прадукцыі, характэрнае для падсістэмы дзяржаўнага кнігавыдання, мела процілеглыя вынікі ў сектары недзяржаўных выдавецтваў, дзе паказчыкі падняліся адпаведна на 46% па назвах і на 85% па тыражу (па выніках 1996 г.) [Табл. 5]. Тым не менш, у патоку недзяржаўнага кнігавыдання беларускамоўная прадукцыя складала ў 1993–1996 гг. ад 10 да 16%. Сярод актыўных кнігавыдаўцоў беларускамоўных твораў – НВК “Тэхналогія”, ВКП “Асар”, НФК “Экаперспектыва”, ТАА “Аракул”, БВК “Хата”, Беларускі Фонд Сораса, ВКП “Жаскон” [6]. Да прыкладу, кампанія “Тэхналогія” вызначылася сваёй спецыялізацыяй па выпуску ў асноўным выданняў на беларускай мове па філасофіі, рэлігіі, гісторыі, культуры, эканоміцы. У кніжным патоку выданняў недзяржаўных выдавецтваў у 1993–1995 гг. вядучым галінава-тэматычным кірункам была літаратура · па адукацыі і асвеце – 30,3% (НКФ “Экаперспектыва, Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтр, ТАА “Аракул”, ВКП “Асар”, ВКП “Жаскон); · 22,4% складала мастацкая літаратура (у асноўным на рускай мове, што залежала ад каньюктуры камерцыйнага рынку). Выключэннем, хіба што, быў вопыт НДК “Маркетынг” па выданні ў 1994 г. серыі “З сабой у дарогу” твораў такіх беларускіх аўтараў, як Я. Колас, Я. Маўр, І. Мележ, Я. Скрыган, К. Чорны, Я. Брыль, А. Васілевіч, М. Гарэцкі, Г. Далідовіч. Асноўная частка мастацкай літаратуры 1995 г. – гэта творы І. Шамякіна, Т. Шаўчэнкі, А. Пісарыка, І. Карэнды, І. Басецкага, А. Усені, А. Зэкава, В. Івашына, М. Трафімава, У. Бельскага, У. Ліпскага, В. Якавенкі [7]. · Невялікую колькасць складалі і беларускамоўныя творы для дзяцей. Хаця дзіцячая літаратура ў кнігавыдавецкім патоку гэтага перыяду займала трэцяе месца. Цікавыя праекты ў галіне развіцця дзіцячай кнігі мелі такія недзяржаўныя выдавецтвы, як “Кавалер”, “Мет”, “Сказ”, “Алкіона”, “Паліфакт”, “Асар”, “Еўрапейская кнігі”. Аднак гэта была ў асноўным рускамоўная літаратура. Невыпадкова таму выдаваліся і перавыдаваліся ў 1995 г. кнігі Н.А. Сторажавай і С.С. Аніскевіч “Адна сям'я – ад А да Я” ВКП “Асар”. Сярод недзяржаўных выдавецтваў выпускам кніг для дзяцей на беларускай мове займаліся “Сталкер”, “PICORP”, “Талер”, “Еўрапейская кніга”, “Асар”, “Хата”, “Лазурак”, “Белая Русь”, “Родны кут” і інш. Адной з тэндэнцый у дзейнасці недзяржаўных выдавецкіх структур стала супрацоўніцтва са спецыялізаванымі дзяржаўнымі выдавецтвамі “Юнацтва”, “Вышэйшая школа”, “Мастацкая літаратура” [8]. Адзінкавыя назвы складалі кнігі недзяржаўных выдавецтваў на беларускай мове па філасофіі, псіхалогіі, прыродазнаўчых і прыкладных навуках, мастацтву і краязнаўству. Сярод вядучых сталічных недзяржаўных выдавецкіх прадпрыемстваў 1991–1996 гг., якія займаліся выпускам вучэбнай, даведачнай, навукова-папулярнай і мастацкай літаратуры для дарослых і дзяцей – “Пікорп”, “Мет”, “Сервег”, “Белфаксиздатгруппа”, “Сказ”, “Аракул” і “Амалфея” [Табл. 1]. Для задавальнення чытацкага попыту і адначасова атрымання хуткага прыбытку, большасць мінскіх недзяржаўных выдавецкіх прадпрыемстваў і арганізацый з правам выдавецкай дзейнасці сканцэнтраваліся на выданні дэтэктыўнай, прыгодніцкай і фантастычнай мастацкай літаратуры, а таксама дэсідэнцкай, палітычнай і сацыяльна-эканамічнай літаратуры, раней недаступнай або забароненай: “Эрыдан”, “Паліфакт”, “Беларуская асацыяцыя дэтэктыўнага, прыгодніцкага і палітычнага рамана” і інш. Росквіт недзяржаўнага кнігавыдання і яго магутны ўсплёск у пачатку 1990-х гг. быў выкліканы з аднаго боку высокай чытацкай запатрабаванасцю перыяду “перабудовы”, якой спрыяла дэмакратызацыя грамадства, свабода слова і друку, хваля выкрыцця, адкрытасці і даступнасці раней забароненай інфармацыі; з другога – гэта перыяд адносна танных затрат на выдавецкую дзейнасць (на паперу, друк, крэдыты), невысокай канкурэнцыі. Такім чынам, пры дэфіцыце на запатрабаваную кніжную прадукцыю і шырокім рынку збыту недзяржаўная выдавецкая дзейнасць атрымала актыўнае і даволі эфектыўнае развіццё. Гэта паспрыяла і таму, што ў 1994 г. была створана Беларуская асацыяцыя кнігавыдаўцоў і кнігараспаўсюджвальнікаў, якая разам з ТАА “Завігар” заснавала газету “Книжный мир” (1997–2002), прыйшоўшую на змену газетам “Книга и мы” (1995–1998, заснавальнік – мінскае гарадское прадпрыемства “Белсаюздрук”) і “Кнігарня” (1988–1995, заснавальнік – Міністэрства культуры і друку Рэспублікі Беларусь, Савет дырэктараў выдавецтваў, Кнігагандлёвая фірма “Белкніга”). З 1994 г. у Мінску па ініцыятыве недзяржаўных кнігавыдаўцоў пачала праводзіцца штогадовая Міжнародная кніжная выстава-кірмаш “Кнігі Беларусі”, адным з арганізатараў якой з'яўляецца буйнейшая ў рэспубліцы кнігагандлёвая недзяржаўная кампанія “Макбел”. У 1994 г. было заснавана Рэспубліканскае свята “Дзень беларускага пісьменства і друку”, стаўшае своеасаблівым штогадовым аглядам кнігавыдавецкай дзейнасці Беларусі, дасягненняў беларускай кнігі. У 1995 г. Дзяржкамітэт па справах выдавецтваў, паліграфіі і кніжнага гандлю быў перайменаваны ў Дзяржкамітэт Рэспублікі Беларусь па друку, які прадоўжыў кіраванне і кантроль за кнігавыдавецкай справай у краіне, а таксама норматворчую працу ў гэтай галіне. 13 студзеня 1995 г. Вярхоўным Саветам нарэшце быў прыняты Закон аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі Рэспублікі Беларусь №3515–ХІІ (дзейнічае і сёння ў рэдакцыях Законаў Рэспублікі Беларусь ад 07.06.1996 № 438-XIII, ад 08.01.1998 № 134-З, ад 09.07.1999 № 285-З, ад 13.12.1999 № 337-З, ад 29.06.2006 № 137-З). Тым не менш, беларускае кнігавыданне як недзяржаўнае, так і дзяржаўнае ў 1995–1996 гг. не пазбегла крызіснай сітуацыі і рэзкага спаду па ўсіх паказчыках, аднымі з важнейшых прычын якіх сталі сацыяльна-эканамічныя – рост цэн на паліграфічныя паслугі і матэрыялы, адсутнасць інвестыцый у вытворчую сферу, недаступнасць крэдытавання, спад пакупніцкай здольнасці насельніцтва, падатковы ўціск. У 1996 г. перастала існаваць не толькі дзяржаўнае выдавецтва “Навука і тэхніка”, але і шэраг недзяржаўных выдавецтваў, валодаўшых правам выдавецкай дзейнасці, рэзка знізілі або перасталі займацца выдавецкай дзейнасцю. Сярод недзяржаўных выдавецкіх прадпрыемстваў і арганізацый Беларусі ў рэальным выдавецкім працэсе ўдзельнічала крыху больш за 80 (з 1456) і гэта былі ў асноўным толькі сталічныя выдаўцы або выдавецтвы. Некаторыя з іх выжывалі за кошт арганізацыі сумесных расійска-беларускіх прадпрыемстваў, выкарыстоўваючы больш танныя, чым у Расіі паліграфічныя магчымасці Беларусі (Беларускага Дому друку, Мінскай фабрыкі каляровага друку і інш.), як выдавецтва “Харвест”, створанае ў 1994 г. Толькі за 2 гады сваёй выдавецкай дзейнасці, 1995–1996, яно пабіла ўсе рэкорды па колькасці выдадзенай прадукцыі, якая склала 789 найменняў і выйшла на другое месца сярод недзяржаўных выдавецтваў па тыражах [Табл. 1]. 1997–2001 гг. – дзяржаўнае рэгуляванне кнігавыдання.З 30 мая 1997 г. уступіла ў дзеянне новае Палажэнне аб парадку выдачы і выкарыстання ліцэнзій на ажыццяўленне выдавецкай дзейнасці, у адпаведнасці з якім з ліпеня таго ж года пачалася перарэгістрацыя ўсіх выдавецтваў краіны. Да канца 1997 г. перарэгістрацыю прайшло 140 выдаўцоў, у 1998 г. было выдадзена яшчэ 215 ліцэнзій, у 1999 г. – 64, у 2000 г. – 56 [9]. І ўжо ў 2001 г. у Беларусі валодалі правам выдавецкай дзейнасці 409 суб'ектаў гаспадарання (дзяржаўных, недзяржаўных, змешанай уласнасці). Значную долю сярод кнігавыдаўцоў Беларусі складалі разнастайныя міністэрствы, ведамствы, установы (навукі і адукацыі), камітэты і іншыя арганізацыі з правам выдавецкай дзейнасці, большасць з якіх знаходзілася менавіта ў сталіцы. На аднаго жыхара рэспублікі ў 2001 г. прыходзілася 5,6 выдадзеных кніг і брашур (у 1996 г. было 6,2) [Табл. 5]. Памяншалася таксама ўдзельная вага беларускамоўнай кніжнай прадукцыі. Так, у 2001 г. кнігі на беларускай мове склалі па колькасці назваў – 11,1%; па тыражу – 11,8%. Для параўнання ў 1996 г. гэта былі адпаведна наступныя лічбы – 15,7% і 14,9% [Табл. 5]. З 2001 г. кіраўніцтва выдавецкай справай стала ажыццяўляць Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Своеасаблівай рысай развіцця кнігавыдання ў Беларусі з'явіўся актыўны ўплыў на гэты працэс дзяржавы, што выражалася ў дзяржаўным рэгуляванні рынку кніжнай прадукцыі, а таксама ў выпуску сацыяльна значымай літаратуры. Сярод адпаведных дзеянняў дзяржавы вылучаюцца наступныя два кірункі падтрымкі кнігавыдання ў рэспубліцы: прамое фінансаванне выпуску асобных сацыяльна значымых выданняў (субсідыі для дзяржаўных патрэб) і розныя ільготы і прэферэнцыі падатковага і іншага характару (ускосная падтрымка) [10]. На выпуск літаратуры для дзяржаўных патрэб з дзяржаўнага бюджэту штогод выдзяляецца ад 1 да 1,5 млн. долараў. Найбольш паказальным з'яўляецца фінансаванне доўгатэрміновых выдавецкіх праектаў такіх, як Хронік Памяці (1985–2007), 18-томнай “Беларускай энцыклапедыі” (1996–2004), серыі “Школьная бібліятэка” (1996–2002, 2005– гг.). Частка тыражу сацыяльна значымай літаратуры Міністэрствам інфармацыі накіроўвалася бясплатна ў бібліятэкі. Так, за 1996–2003 гг. бібліятэкі атрымалі больш за 300 найменняў выданняў агульным тыражом 740 тыс. экз. Дзяржавай фінансаваўся выпуск вучэбнай літаратуры (120–150 найменняў штогод), у іх ліку, шрыфтам Брайля. На працягу многіх гадоў былі дазволены ільготы ў выглядзе вызвалення ад аплаты падаткаў на прыбытак, якімі маглі карыстацца тыя выдавецтвы, якія выпускалі літаратуру на беларускай мове. Ад падаткаў на дабаўленую вартасць вызвалялася дзіцячая літаратура. З сярэдзіны 2000 г. да 1 студзеня 2002 г. у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзейнічалі ільготы на выданне, вытворчасць і рэалізацыю кніжнай прадукцыі, звязанай з адукацыяй, навукай і культурай. На жаль, яны насілі толькі кароткачасовы характар і былі адменены на пачатку 2002 г. На 2001 г. прадаўжалі дзейнасць 10 дзяржаўных выдавецтваў: “Беларуская навука” (з 1996 г.), “Беларуская энцыклапедыя імя П.Броўкі”, “Беларусь”, “Вышэйшая школа”, “Мастацкая літаратура”, “Народная асвета”, “Полымя”, “Універсітэцкае”, “Ураджай” і “Юнацтва”, а таксама “Беларускі Дом друку” і “Дом прэсы” (з 1996 г.). У параўнанні з папярэднім этапам, 1991–1996 гг., можна адзначыць, што ў сектары дзяржаўных выдавецтваў прадаўжаўся працэс паніжэння іх долі ўдзелу ў выпуску кніжнай прадукцыі краіны: па колькасці назваў – на 16,6%; па тыражу – на 22,4% [Табл 1, 2]. Найбольшыя галінова-тэматычныя комплексы ў выдавецкім рэпертуары дзяржаўных выдавецтваў у 1997–2001 гг. па-ранейшаму складала · літаратура па асвеце і педагогіцы (1460 назваў, тыраж 39 млн. 726 тыс. экз.); · дзіцячая літаратура (654 назвы, тыраж 6 млн. 324 тыс. экз.); · мастацкая літаратура (275 назваў, тыраж 703 тыс. экз.); · медыцынская літаратура (232 назвы, тыраж 1 млн. 532 тыс. экз.); · палітычная і сацыяльна-эканамічная літаратура (230 назваў, тыраж 1 млн. 248 тыс. экз.). Лідэрства сярод дзяржаўнай кніжнай прадукцыі вызначанага перыяду па мэтавым прызначэнні (па відах выданняў) займалі · вучэбныя і вучэбна-метадычныя выданні (1884 назвы, тыраж 41 млн. 431 тыс. экз.); · выданні для дзяцей і юнацтва (654 назвы, тыраж 6 млн. 324 тыс. экз.); · літаратурна-мастацкія выданні (275 назваў, тыраж – 573 тыс. экз.); · даведачныя (237 назваў, тыраж 1 млн. 609 тыс. экз.); · навуковыя (162 назвы, тыраж 165 тыс. экз.); · навукова-папулярныя выданні (139 назваў, тыраж 670 тыс. экз.). У адрозненні ад дзяржаўных выдавецтваў, якія ўсё больш і больш здавалі свае пазіцыі, недзяржаўныя, нягледзячы на памяншэнне ў сваіх шэрагах колькасці ліцэнзаваных прадпрыемстваў, наадварот, усё актыўней заваёўвалі кніжны рынак Беларусі. Так, у 1997–2001 гг. у краіне рэальнай выдавецкай дзейнасцю займалася каля 130 прыватных выдавецтваў, якія выдалі агульнай колькасцю 18406 назваў кніг і брашур тыражом 243 млн. 776 тыс. экз., што склала адпаведна 55,6% і 79,3% [Табл. 2]. Асноўная частка кнігавыдавецкай прадукцыі ў недзяржаўным сектары належала · мастацкай літаратуры (5452 назвы, тыраж 68 млн. 303 тыс. экз.); · палітычнай і сацыяльна-эканамічнай (2962 назвы, тыраж 28 млн. 446 тыс. экз.); · дзіцячай літаратуры (2504 назвы, тыраж 63 млн. 746 тыс. экз.); · літаратуры па асвеце і педагогіцы (2242 назвы, тыраж 30 млн. 879 тыс. экз.); · літаратуры па тэхніцы (1359 назваў, тыраж 14 млн. 309 тыс. экз.). Па відах выданняў гэта адпаведна былі: · літаратурна-мастацкія выданні (5454 назвы, тыраж 68 млн. 476 тыс. экз.); · вучэбныя і вучэбна-метадычныя (3262 назвы, тыраж 35 млн. 066 тыс. экз.); · выданні для дзяцей і юнацтва (2503 назвы, тыраж 63 млн. 541 тыс. экз.); · навукова-папулярныя (2154 назвы, тыраж 24 млн. 361 тыс. экз.); · выданні для вольнага часу (1389 назваў, тыраж 24 млн. 699 тыс. экз.). Даволі значны працэнт кнігавыдавецкай прадукцыі ў 1997–2001 гг. выпусцілі, так званыя, іншыя арганізацыі з правам выдавецкай дзейнасці. Праўда, іх удзельная вага ў беларускім кнігавыданні ў параўнанні з 1991–1996 гг. крыху панізілася і склала ў працэнтных лічбах 33,4% па назвах і 3,4% па тыражу, што адпаведна менш на 9% і 3,7% з папярэднім этапам. Хаця, усё ж па колькасці назваў выдадзеных кніг і брашур іншымі арганізацыямі назіраўся рост з 7681 (у 1991–1996 гг.) да 11057 (у 1997–2001 гг.), чаго не скажаш па тыражу, які з 21 млн. 904 тыс. экз. панізіўся да 10 млн. 695 тыс. экз. Галінова-тэматычныя прыярытэты кніжнай прадукцыі ў адрозненні ад дзяржаўных і недзяржаўных выдавецтваў ўяўлялі наступную карціну: · палітычная і сацыяльна-эканамічная літаратура (1968 назваў, тыраж 1 млн. 617 тыс. экз.); · літаратура па асвеце і педагогіцы (1488 назваў, тыраж 2 млн. 907 тыс. экз.); · тэхнічная літаратура (1379 назваў, тыраж 620 тыс. экз.); · літаратура па прыродазнаўстве (888 назваў, тыраж 247 тыс. экз.); · медыцынская літаратура (774 назвы, тыраж 315 тыс. экз.). Найбольшыя відавыя комплексы склалі, як і ў дзяржаўным кнігавыданні, · вучэбныя і вучэбна-метадычныя выданні (4340 назваў, тыраж 3 млн. 684 тыс. экз.). · Асноўным адрозненнем стаў прыярытэт па выпуску навуковых (1785 назваў, тыраж 469 тыс. назваў), · вытворчых (894 назвы, тыраж 656 тыс. экз.), · даведачных (611 назваў, тыраж 448 тыс. экз.) і · інфармацыйных выданняў (269 назваў, тыраж 198 тыс. экз.). Скасаванне існаваўшых для вытворчасці і рэалізацыі кніжнай прадукцыі ільгот ва ўмовах агульнага з Расіяй кніжнага рынку і наяўнасць у нашых суседзяў істотнай дзяржаўнай падтрымкі не толькі аказала дэстабілізуючае ўздзеяння на працу выдавецтваў Беларусі, але і стварыла сур'ёзныя перашкоды для руху беларускай кнігі на знешнія рынкі. Дзеянне ў Расійскай Федэрацыі ў 1995–2001 гг. Федэратыўнага Закона “Аб дзяржаўнай падтрымцы сродкаў масавай інфармацыі і кнігавыдання”, які прадугледжваў ільготы падатковага, мытнага, валютнага і іншага рэгулявання выдавецкай дзейнасці, а да 2005 г. – зніжаная стаўка падаткаў на дабаўленую вартасць (ПДВ) да 10% пры рэалізацыі кніг па адукацыі, навуцы і культуры (у той час у Беларусі яна складала 20%) – спрыялі стабілізацыі расійскага кнігавыдання і яго значнаму пад'ёму, а таксама запаўненню кніжнага рынку Беларусі літаратурай з Расіі да 90%. У такіх умовах беларускія выдаўцы ўсё больш страчвалі сваю канкурэнтаздольнасць [11], а ўзаемаадносіны з дзяржавай набывалі супярэчлівы характар. 2002–2007 гг. – на шляху да якаснай мадэлі кніжнай вытворчасці.Вынікі кнігавыдавецкай дзейнасці ў Беларусі за 2002 год у параўнанні з 2001 г. засведчылі значны яе спад па ўсіх паказчыках [Дыягр. 4, 5]. Колькасць назваў выпушчаных кніг і брашур паменшылася на 2,4%, тыраж – на 19,6%. Найбольшыя страты панеслі менавіта дзяржаўныя выдавецтвы, выпуск кніжнай прадукцыі ў якіх панізіўся проста катастрафічна: па колькасці назваў – на 23,2% і па тыражу – на 31,2% [Табл. 3]. Зменшыўся і ўзровень рэнтабельнасці дзяржаўных выдавецтваў на 7,9%. Найбольшы ўзровень рэнтабельнасці мелі ў 2002 г. выдавецтвы “Беларуская энцыклапедыя імя П.Броўкі” – 22,2% і “Вышэйшая школа” – 19,8%, а самы нізкі – “Мастацкая літаратура” (14,3%). На падзенне паказчыкаў у сектары дзяржаўнага кнігавыдання паўплывала і праведзеная рэарганізацыя дзяржаўных выдавецтваў [12]. Так, у ліпені 2002 г. былі рэарганізаваны шляхам зліцця наступныя выдавецтвы: “Універсітэцкае” і “Вышэйшая школа” – цяпер “Вышэйшая школа”; “Юнацтва” і “Мастацкая літаратура” – цяпер “Мастацкая літаратура”; “Ураджай”, “Полымя” і “Беларусь” – цяпер “Беларусь”. Некалькі знізіліся паказчыкі і недзяржаўных прадпрыемстваў: колькасць назваў – на 0,7%, тыраж – на 15,8%. Назіралася істотнае падзенне тыражу і ў сектары іншых арганізацый з правам выдавецкай дзейнасці – на 33,6%. Далейшае падзенне паказчыкаў адбывалася ў выпуску кніг на беларускай мове: па назвах – на 8,5%; па тыражу – на 33,1% [Табл. 5; Дыягр. 3, 4]. Значнае зніжэнне беларускамоўнага выдання ізноў даваў дзяржаўны сектар: па назвах – на 17,5%, па тыражу – на 43%. Паменшыліся і колькасныя паказчыкі выпуску кніг на беларускай мове сярод іншых арганізацый з правам выдавецкай дзейнасці: па назвах – на 11%, па тыражу – на 49,6%. Дадатная дынаміка ў галіне беларускамоўнага кнігавыдання адзначалася толькі ў дзейнасці недзяржаўных выдавецтваў, якія павялічылі выпуск беларускамоўных кніг па назвах на 22,4% і па тыражу – на 11,9% [Табл. 5]. Не вызначаліся стабільнасцю 2003 і 2004 гг. Сур'ёзнымі стрымліваючымі фактарамі заставаліся зацягнуты працэс прыняцця новых норматворчых дакументаў па стаўцы ПДВ на кніжную прадукцыю, звязаную з адукацыяй, навукай і культурай; неуніфікаванасць падатковага заканадаўства Беларусі і Расіі ў галіне кнігавыдання. Негатыўнае ўздзеянне мела і ўвядзенне падаткаў з продажу на імпартуемую кніжную прадукцыю (ад 5 да 15%). Асабліва абвастрылася праблема ва ўмовах скарачэння субсідзіравання сацыяльна значымай літаратуры з дзяржбюджэту і нерытмічнага паступлення гэтых сродкаў, у той час, калі намаганні большасці дзяржаўных выдаўцоў былі скіраваны ў асноўным на выпуск літаратуры, фінансуемай з дзяржбюджэту [13]. У 2003 г. (14.07) быў зацверджаны Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №17 “Аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці”, у адпаведнасці з якім Міністэрства інфармацыі пачало ажыццяўляць чарговую перарэгістрацыю суб'ектаў гаспадарання, што займаліся выдавецкай дзейнасцю. На працягу 2004 і 2005 гг. перарэгістрацыя практычна была завершана. У 2004 г. ліцэнзіі на ажыццяўленне выдавецкай дзейнасці атрымалі 442 юрыдычныя і фізічныя асобы; у 2005 г. было выдана яшчэ 85 ліцэнзій і на 1 студзеня 2006 г. ліцэнзаванай выдавецкай дзейнасцю мелі права займацца 540 суб'ектаў гаспадарання. За 2006 г. колькасць выдавецкіх арганізацый у Беларусі павялічылася і дасягнула 612. Дадзеная тэндэнцыя прадаўжае захоўвацца і ў 2007 г. (на 1 сакавіка 2007 г. – 621). Усяго за перыяд 2002–2006 гг. у Беларусі было выдадзена 47452 назвы кніг і брашур тыражом 216 млн. 591 тыс. экз. [Табл. 5] Пяць дзяржаўных выдавецтваў [14]: “Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі”, “Беларусь”, “Вышэйшая школа”, “Мастацкая літаратура”, “Народная асвета”, а таксама Выдавецкі Дом “Беларуская навука”, “Беларускі Дом Друку”, і “Дом прэсы” – выпусцілі 2860 назваў (6%) тыражом 25 млн. 434 тыс. экз. (11,7%). Недзяржаўныя выдавецтвы – 28543 назвы (60,2%) тыражом 177 млн.353 (81,9%) [Табл. 3]. Іншыя арганізацыі з правам выдавецкай дзейнасці – 16049 назваў (33,8%) тыражом 13 млн. 821 тыс. экз. (6,4%). Прыярытэтнымі галінова-тэматычнымі кірункамі ў агульным патоку кнігавыдавецкай прадукцыі Беларусі 2002–2006 гг. былі · адукацыя і выхаванне (10277 назваў, тыраж 72 млн. 540 тыс. экз.) – 21,7%; · мастацкая літаратура (6717 назваў, тыраж 43 млн. 183 тыс. экз.) – 14,2%; · медыцына (3216 назваў, тыраж 11 млн. 304 тыс. экз.) – 6,8%; · мастацкая і пазнавальная літаратура для дзяцей (3086 назваў, тыраж 29 млн. 635 тыс. экз.) – 6,5%; · філалогія (2591 назва, тыраж 4 млн. 311 тыс. экз.) – 5,5%. Актывізавалася выданне літаратуры па філасофіі і псіхалогіі (1969 назваў, тыраж 10 млн. 403 тыс. экз.) – 4,1%, а таксама па прыродазнаўчых навуках (1875 назваў, 1 млн. 165 тыс. экз.) – 3,9%. У тэматычным рэпертуары дзяржаўных выдавецтваў (па выніках за 2006 г.) асноўнае месца займаюць выданні па грамадскіх навуках – 56,8%; мастацкая літаратура – 13,4%; прыкладныя навукі, медыцына і тэхніка – 11,8%; матэматыка і прыродазнаўчыя навукі – 3,7%; геаграфія і гісторыя – 3,5%. Найбольшыя галінова-тэматычныя комплексы ў выпушчанай кніжнай прадукцыі недзяржаўнымі і іншымі выдавецкімі арганізацыямі складаюць таксама грамадскія навукі – 32%; прыкладныя навукі, медыцына і тэхніка – 21,7%; мастацкая літаратура – 19,9%; літаратура па філасофіі і псіхалогіі – 4,8%; па філалогіі – 3,8%; матэматыцы і прыродазнаўчых навуках – 3,6%. Кніжная прадукцыя па мэтавым прызначэннігэта: · вучэбныя (18524 назвы, тыраж 80 млн. 260 тыс. экз.) – 39%, · літаратурна-мастацкія (6717 назваў, 40 млн. 608 тыс. экз.) – 14,2%, · навуковыя (5241 назва, тыраж 1 млн. 612 тыс. экз.) – 11%, · навукова-папулярныя (3968 назваў, тыраж 25 млн. 289 тыс.) – 8,4%, · выданні для дзяцей і юнацтва (3087 назваў, тыраж 29 млн. 648 тыс. экз.) – 6,5%, · даведачныя (3043 назвы, тыраж 10 млн. 459 тыс. экз.) – 6,4%, · вытворча-практычныя выданні (2699 назваў, тыраж 7 млн. 250 тыс. экз.) – 5,7%. Вызначаныя прыярытэты склаліся менавіта дзякуючы выпушчаным кніжным выданням у сектары недзяржаўных выдавецтваў і іншых арганізацый з правам выдавецкай дзейнасці. Так, па характэрных выніках 2006 г., у выпуску літаратуры па мэтавым прызначэнні сярод вызначаных выдавецтваў пераважалі вучэбныя і вучэбна-метадычныя (38%), літаратурна-мастацкія (15,2%), навуковыя (8,5%), навукова-папулярныя (8,3%), даведачныя выданні (6,9%), выданні для дзяцей і юнацтва (6,6%), вытворча-практычныя (6,2%). Крыху іншыя акцэнты ў відавым комплексе кніжных выданняў дзяржаўных выдавецтваў: вучэбныя і вучэбна-метадычныя выданні (59,7%), навуковыя (12,2%), літаратурна-мастацкія (7%), для дзяцей і юнацтва (6,8%), навукова-папулярныя (5,8%), даведачныя (5%), афіцыйныя (1,4%). На беларускай мове за 2002–2006 гг. выйшла 4347 назваў кніг і брашур тыражом 17 млн. 800 тыс. экз. Сярэдняя лічба выпуску беларускамоўнай прадукцыі ад агульнай колькасці кніжнай прадукцыі за вызначаны час складае 9,2% назваў і 8,2% тыражу. У 2003–2005 гг. назіраўся некаторы рост выпуску беларускамоўнай кнігі па назвах: адпаведна – 857, 919, 992 [Табл. 3]. Тыраж, пачынаючы з 2002 г. прадаўжаў паніжацца, практычна, да 2004 і 2005 гг.: 4,2; 3,4; 2,7; 2,9 млн. экз. [Табл. 4]. У 2006 г. тыраж крыху падняўся і склаў 4,6 млн. экз., чаго не скажаш пра колькасць назваў выпушчанай прадукцыі адпаведнага году, якая ізноў знізілася. У 2006 г. яна ледзь перавысіла 7,1%. Тыраж кніг на беларускай мове за 2006 г., нягледзячы на яго павышэнне, у агульным кнігавыдавецкім патоку набраў толькі 8,8% [Табл. 5; Дыягр. 3, 4]. Асноўную частку беларускамоўнай кніжнай прадукцыі склалі кнігі недзяржаўных і іншых арганізацый з правам выдавецкай дзейнасці [Табл 5]. Найбольш актыўнай выдавецкай дзейнасцю ў Беларусі ў 2002–2006 гг. займалася 242 выдавецкія прадпрыемствы, якія выдалі ад трох і звыш таго кніг і брашур. Асноўная частка кнігавыдавецкай прадукцыі была выпушчана ў Мінску [Табл. 4], Так, напрыклад, працэнтныя паказчыкі склалі ў 2002 г. – 87% назваў, тыраж 97,5%; а ў 2006 г. адпаведна – 84,5% і 97,5%. У параўнанні з папярэднім этапам, 1997–2001 гг., зменшылася сярэдняя лічба як па колькасці выдадзеных у Мінску найменняў (на 2,6%), так і па тыражу – на 1,5% [Табл. 4]. Прыгадаем, што сярэднія працэнтныя паказчыкі па тыражу ў 1997–2001 гг. мелі нават нязначны рост, які зараз змяніўся на спад. Аднак дадзеныя лічбы сведчаць усяго толькі пра некаторы рост кнігавыдавецкай актыўнасці і ў іншых рэгіёнах Беларусі, якую нельга вызначыць як адмоўную, а хутчэй, наадварот. Калі ў 2001 г. Мінск папоўніў кніжны рынак Беларусі 7076 назвамі новых кніг, то ў 2006 г. іх колькасць склала 9778 назваў, што на 27,6% больш. Адпаведна тыраж сталічных выданняў, які ў 2001 г. быў 54 млн. 002 тыс. экз., а ў 2006 г. – 50 млн. 724 тыс. экз., паменшыўся на 6,1%. Самыя нізкія паказчыкі выпуску кніжнай прадукцыі ў Мінску ў дадзены перыяд былі адзначаны па выніках за 2004 г.: 6836 назваў і 30 млн. 433 тыс. экз. тыраж. Вынікі ж 2005 і 2006 гг. склалі дадатную дынаміку як па росту колькасці выдадзеных назваў кніг, так і па іх тыражу. У 2005 г. у Мінску выйшла 9010 назваў кніг і брашур тыражом 39 млн. 109 тыс. экз.; у 2006 г. адпаведна – 9778 назваў тыражом 50 млн. 724 тыс. экз. [Дыягр. 1, 2] Рэальныя змены, якія адбыліся ў сучасным беларускім кнігавыданні, знайшлі яскравае пацвярджэнне і ў структуры кнігавыдавецкага рэпертуару Беларусі, дзе разам з вучэбнымі і вучэбна-метадычнымі выданнямі, усё большае месца пачынаюць займаць навуковыя і навукова-папулярныя выданні (разам каля 63% ад усіх надрукаваных кніг і брашур). Назіраецца павелічэнне выпуску сацыяльна значымай літаратуры. Навуковыя і адукацыйныя установы, якія маюць уласную выдавецка-паліграфічную базу, і большасць з іх размяшчаецца ў сталіцы, займаюцца выданнем вучэбных і навуковых прац, манаграфій уласных аўтараў. Звычайна гэта малатыражная літаратура, аднак колькасць назваў падобных выданняў мае ўстойлівую тэндэнцыю да пашырэння. Так, па выніках за 2006 г. лідзіруючае становішча сярод такіх устаноў заняў Беларускі дзяржаўны універсітэт (158 назваў, тыраж 29,6 тыс. экз.). На 16.07.2007 г. у Мінску налічвалася 511 выдавецтваў і іншых выдавецкіх арганізацый з правам выдавецкай дзейнасці, а гэта азначае, што ў сталіцы сканцэнтравана да 84% ад усіх кнігавыдавецкіх прадпрыемстваў Беларусі. Інстытуцыйную структуру мінскіх кнігавыдавецтваў складаюць дзяржаўныя выдавецтвы (5), дзяржаўныя паліграфічныя прадпрыемствы (4), дзяржаўныя прадпрыемствы і арганізацыі (64), дзяржаўныя установы адукацыі (35), НАН Беларусі (12), дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі (10) – усяго 130 (25,4%); прыватныя прадпрыемствы (93), індывідуальныя прадпрымальнікі (54), недзяржаўныя вучэбныя установы (7), недзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі (6) – усяго 160 (31,3%); прадпрыемствы і арганізацыі са змешанай дзяржаўнай, калектыўнай і прыватнай уласнасцю (1), прадпрыемствы і арганізацыі са змешанай формай уласнасці выключаючы дзяржаўную (181), замежныя суб'екты гаспадарання (2) – усяго185 (36,1%); грамадскія (16), рэлігійныя (10) і іншыя арганізацыі (11) – усяго 37 (7,2%) [15]. Аднак не ўсе зарэгістраваныя выдавецкія структуры Беларусі аднолькава ўдзельнічаюць у кнігавыдавецкім бізнесе. Так, на працягу 2006 г. права выдаваць друкаваную прадукцыю выкарысталі 376 суб'ектаў гаспадарання з 612, або 61,4%. З іх больш за 3 тысячы найменняў (у тым ліку з удзелам замежных выдаўцоў) выпусціла выдавецтва “Харвест”; ад 300 да 400 найменняў – “Белы вецер” (г. Мазыр); ад 200 да 300 – 3 выдавецтвы (“Папуры”, “Аверсэв” і “Народная асвета”); ад 100 да 200 – 12 выдавецтваў, у тым ліку дзяржаўнае выдавецтва “Вышэйшая школа”; ад 50 да 100 – 27 выдавецтваў, у тым ліку “Мастацкая літаратура”, “Беларусь”, Выдавецкі Дом “Беларуская навука”; ад 10 да 50 – 101 выдавецтва, у тым ліку “Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі”; ад 1 да 10 – 231 выдавецтва. Большасць усіх выдавецкіх арганізацый складаюць сярэднія і пераважна дробныя прадпрыемствы, якія выпускаюць на працягу года ад адной да пяцідзесяці адзінак выдавецкай прадукцыі. З ростам колькасці невялікіх выдавецтваў і іх пастаяннай ратацыяй ў 2002–2006 гг. яскрава праявілася яшчэ адна тэндэнцыя – канцэнтрацыя кніжнай вытворчасці ў адным або некалькіх буйнейшых выдавецтвах, якім на сённяшні час з'яўляецца выдавецтва “Харвест”. Штомесяц выдавецтва выпускае больш за 250 найменняў кніг – гэта руская і замежная класіка, сучасная проза, дэтэктывы і вострасюжэтная літаратура, сентыментальная проза, фантастыка і фэнтэзі, дзелавая літаратура; кнігі па мастацтву; падарункавыя альбомы, у іх ліку даведачная, навукова-папулярная, вучэбная, літаратурна-мастацкая, для вольнага часу і літаратура для дзяцей, якая адрозніваецца высокай якасцю выканання, што пацвярджаюць шматлікія ўзнагароды кніг выдавецтва на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Адным з фактараў паспяховасці выдавецтва з'яўляецца яго сумесная праца з вядучымі расійскімі партнёрамі (“АСТ”, “Астрель”, “Хранитель” і інш.) і, у асноўным, на расійскі рынак, дзе асаблівай папулярнасцю карыстаюцца наступныя серыі “Харвеста”: “Военно-историческая библиотека”, “Philosophy”, “Все знания для успеха”, “Воспоминания”, “Мемуары” і “Казино”. Іншыя недзяржаўныя выдавецтвы Беларусі, якія па паказчыках стаяць за “Харвестам”, выпускаюць кніжнай прадукцыі ў дзесяткі раз менш і па назвах, і па тыражах [Табл. 2–3]. Сярод іх такія мінскія выдавецтвы, як “Папуры”, “Аверсэв”, “Сучасны літаратар”, “Кніжны Дом”, “Юніпрэс”, “ТэтраСістэмс” [Табл. 3]. Працягваючы нацыянальныя традыцыі, беларуская кніга, імкнецца да задавальнення сучасных патрабаванняў яе мастацкага і паліграфічнага афармлення. Гэтаму спрыяюць рэспубліканскія і міжнародныя конкурсы, выставы і кірмашы, у якіх яна ўдзельнічае. У 2006 г. лаўрэатам і пераможцам Рэспубліканскага конкурсу “Мастацтва кнігі” акрамя традыцыйных дыпломаў (імя Ф. Скарыны) стаў уручацца Ганаровы знак-сімвал “Залаты фаліянт”. «Выдавецтва “Беларускі Дом друку”» заснавала імянную Ганаровую Грамату “Нашчадкам Скарыны” Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмаша “Кнігі Беларусі”. З 1997 г. ВТАА “Кавалер Паблішэрс” сумесна з БелАКК арганізуе рэспубліканскі конкурс-выставу “Мастак і Кніга”, дзе таксама заснавала свой спецыяльны дыплом “Чароўны матылёк” за ілюстрацыі да дзіцячых выданняў. Выдавецтва праводзіць значную работу і па знаёмству з беларускай дзіцячай кнігай далёка за межамі Беларусі (у Швейцарыі, Браціславе), на разнастайных міжнародных форумах, дзе разглядаюцца праблемы дзіцячай кнігі, яе афармлення, чытання. У 2002 г. дырэктар выдавецтва Канстанцін Хацяноўскі быў абраны адным з пяці членаў Міжнароднага журы Балонскай выставы-кірмаша дзіцячай кнігі (Італія). У 2005 г. на 57-м кніжным кірмашы ў Франкфурце-на-Майне такія мінскія выданні 2004 г., як “Владимир Мулявин. Нота судьбы” (“Мастацкая літаратура”), “Нетры. Нязведанае” М. Башлакова і М. Барздыкі (рэдакцыйна-выдавецкі аддзел Мінскай фабрыкі каляровага друку) увайшлі ў 100 лепшых кніг свету. Усё большае развіццё ў сучасным кнігавыданні Беларусі атрымліваюць інфармацыйныя і камунікацыйныя тэхналогіі, якія дазваляюць забяспечваць ўзаемадзеянне ўсіх суб'ектаў кніжнага рынку – выдавецтваў, кнігарняў, бібліятэк і інш. – ад выкарыстання навейшай камп'ютэрнай тэхнікі да стварэння электронных кніг і іх распаўсюджання праз уласныя сайты і Інтэрнет-магазіны, якімі валодаюць, да прыкладу, мінскія выдавецтвы “Аверсэв”, “Амалфея”, “Папуры”, “ТэтраСістэмс”, “Тэхналогія”, “Юніпрэс”, “Беларуская Энцыклапедыя”, “Вышэйшая школа”, “Народная асвета” і іншыя. На працягу 15 гадоў у Беларусі рэалізуюцца і праекты пастварэнні гукавых кніг. Так, мінскае ТАА “Інва-сэрвіс”, выкарыстоўваючы спецыяльную рэдакцыйна-выдавецкую сістэму, падрыхтавала гукавую бібліятэку рускай літаратуры з больш чым 400 творамі для школьнага навучання, аўдыяпадручнік па гісторыі і інш. У 2006 г. падобныя электронныя выданні былі выпушчаны і пры ўдзеле Нацыянальнай бібліятэкі, і пры падтрымцы Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА – гэта падручнік “Говорящая электронная библиотека” і “Электронная библиотека – школьникам”, якія ўключаюць поўныя тэксты твораў беларускай і рускай літаратуры, у тым ліку творы для абавязковага і самастойнага чытання. Да выпуску аўдыёкніг маюць дачыненне і такія недзяржаўныя выдавецтвы, як “Аверсэв”, “Харвест”. Такім чынам, разам з фарміраваннем новай выдавецкай сістэмы вызначыўся і характэрны кірунак, які адпавядае сусветным кнігавыдавецкім тэндэнцыям, – на змену колькаснай мадэлі прыходзіць якасная, пры якой развіццё кнігавыдання ажыццяўляецца пераважна за кошт пашырэння рэпертуару. Адпаведна у той самы час назіраецца паніжэнне агульнага тыражу [16]. Праўда, вынікі за 2006 г. па тыражу паказваюць даволі значны яго пад'ём (крыху не дацягнуў да 1991 г.), што можа з'яўляцца сведчаннем пэўных фінансавых цяжкасцяў у галіне кнігавыдання, калі толькі за кошт тыражу магчыма дасягнуць пэўнай рэнтабельнасці вытворчасці [Табл. 5]. Дзейнасць вядучых дзяржаўных выдавецтваў Выдавецтва “Народная асвета” [Табл. 2, 3], якое займае вядучыя пазіцыі вось ужо апошнія 25 год, за гады сваёй дзейнасці выпусціла больш за 10,5 тыс. назваў кніг, агульным тыражом звыш 450 млн. экз. Пачынаючы з 2004 г. “Народнай асвеце” ўдаецца штогод выпускаць у сярэднім больш за 200 назваў падручнікаў, дапаможнікаў, рабочых сшыткаў, хрэстаматый, дыдактычных і метадычных матэрыялаў, слоўнікаў, навукова-папулярнай і даведачнай літаратуры на 6 мовах. Кніжнае выдавецтва спецыялізуецца на выпуску вучэбных і літаратурна-мастацкіх выданняў. На паліграфічнай базе фабрыкі “Красная звезда”, дзе створаны спецыялізаваны участак, выдае вучэбную і мастацкую літаратуру рэльефна-кропкавым шрыфтам Брайля для дзяцей інвалідаў па зроку; працягвае таксама самую вядомую сваю серыю “Школьная бібліятэка”, выданні якіх з'яўляюцца сацыяльна значымымі і поўнасцю фінансуюцца дзяржавай. Асноўнымі заказчыкам і фінансістам выдавецтва выступае Міністэрства адукацыі, для якога “Народная асвета” выпускае падручнікі для агульнаадукацыйных і спецыяльных школ – 120–150 найменняў штогод [37]. У 1991 – 1994 гг. у выдавецтве былі ажыццёўлены праекты па факсімільным выданні шэрагу твораў з наўмысна “забытай” культурнай спадчыны Беларусі. Так, серыю “Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць” адкрыла “Беларуская граматыка” Б. Тарашкевіча [7]. Наступнымі сталі зборнікі “Жывая спадчына” (1992) і “Слова беларускае” (1994) пад рэдакцыяй прафесара А. Міхневіча; у 1993 г. выйшаў “Беларуска-расійскі слоўнік” М. Байкова і С. Некрашэвіча (узноўленае выданне 1925 г.); якія вярталі чытачу незаслужана забытыя імёны, што знаходзіліся ў спецсховах. Акрамя выдавецтва “Народная асвета” адносна высокую планку тыражу сваіх выданняў утрымлівалі выдавецтвы “Вышэйшая школа” і “Юнацтва”. Створанае ў маі 1961 г. на аснове выдавецтва і рэдакцыйна-выдавецкага аддзела Беларускага дзяржаўнага універсітэта, “Вышэйшая школа” атрымала сваю назву ў верасні 1963 г. Вызначаным кірунакам у выдавецкай дзейнасці стаў выпуск падручнікаў, вучэбна-метадычных і практычных дапаможнікаў па розных галінах; а таксама навуковай, навукова-папулярнай, даведачнай літаратуры для студэнтаў, выкладчыкаў ВНУ, навучэнцаў сярэдне спецыяльных устаноў; мастацкай літаратуры. У 1991–1996 гг. “Вышэйшая школа” выдала 530 назваў кніг, тыраж якіх склаў 13 млн. 226 тыс. экз. [12]. Найбольш значнымі выданнямі з'явіліся выданні “Франциск Скорина – белорусский гуманист, просветитель, первопечатник” (1989), “Откуда есть и пошел букварь” М. Батвінніка (1983), “История архитектуры” В.Чантурыя і А.Воінава і іншыя. Кнігі выдавецтва перавыдаваліся ў Балгарыі, Венгрыі, Галандыі, ЗША, Іране, Італіі, Польшчы, Фінляндыі, Японіі, экспартаваліся больш чым у 100 краін свету. У чэрвені 2000 г. дзяржаўнае кніжнае выдавецтва “Вышэйшая школа”набыло статус Рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства, а ў 2002 г. у яго склад увайшло выдавецтва “Універсітэцкае” [Табл. 2, 3]. Усяго за перыяд сваёй дзейнасці “Вышэйшая школа”выпусціла звыш 6 тыс. назваў кніг агульным тыражом больш за 96 млн. экз. Спецыялізацыю выдавецтва вызначаюць вучэбныя і даведачныя выданні для ўстаноў вышэйшай, сярэдне спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай, агульнай сярэдняй адукацыі, дашкольных устаноў. Сярод вучэбных, навуковых, навукова-папулярных і даведачных выданняў кнігі па фізіцы, матэматыцы, радыёэлектроніцы, вылічальнай тэхніцы, машынабудаванню, будаўніцтву, архітэктуры, эканоміцы, фінансах, біялогіі, медыцыне, сацыялогіі, гісторыі, мастацтву, літаратуразнаўству, мовазнаўству. У выдавецтве выходзяць вучэбныя і даведачныя выданні на англійскай, нямецкай, французскай і іспанскай мовах. Выдавецтва “Юнацтва”, заснаванае ў Мінску ў студзені 1981 г. на базе рэдакцый выдавецтваў “Мастацкая літаратура” і “Народная асвета”, займалася выданнем літаратурна-мастацкай і навукова-папулярнай літаратуры для дзяцей і юнацтва на 16 мовах для чытачоў 110 краін. З выдавецтвам актыўна супрацоўнічалі беларускія дзіцячыя пісьменнікі, з якімі “Юнацтва” наведвала сустрэчы з чытачамі, літаратурныя канферэнцыі. Толькі за 1996 г. выдавецтва ўдзельнічала ў 20 кніжных выставах, сярод якіх чатыры – міжнародныя (Маскоўская, Мінская, Варшаўская, у Франкфурце-на-Майне). Акрамя “Школьнай бібліятэкі” выдавецтва было вядома такімі серыямі, як “Бібліятэка дзіцячай літаратуры народаў СССР” (1983–1994), “Бібліятэка беларускай дзіцячай літаратуры” (з 1991 г., у 10 тамах), “Бібліятэка замежнай дзіцячай літаратуры” (з 1992 г., у 30 тамах). Папулярнасцю ў чытачоў карысталіся кнігі выдавецтва, выпушчаныя ў серыях “Казка за казкай”, “Бібліятэка прыгод і фантастыкі”, “Мая першая кніжка”, “Зрабі сам”, “Знайка”, “Эўрыка”, “Бібліятэка дзіцячага сада”, “Бібліятэка навукова-пазнавальнай літаратуры”, “Залаты ключык”, “Бацькаўшчына” [13]. У 1991–1996 г. у параўнанні з іншымі дзяржаўнымі выдавецтвамі “Юнацтва” мела адзін з вышэйшых паказчыкаў па тыражу (21 млн. 220 тыс. экз.) [14], які, праўда, трымаўся за кошт вынікаў кнігавыдання 1991–1994 гг. Колькасць выпушчаных кніг за адпаведны перыяд склала 419 назваў. Да 90% найменняў выдавецтва з'яўляўся дзяржзаказам, затрымка фінансавання якога ў 1995–1996 гг. прынесла “Юнацтву” значныя страты. У 1997–2001 гг. назіраўся далейшы спад у дзейнасці “Юнацтва” – гэта ўжо 274 назвы тыражом 1 млн. 905 тыс. экз. [15]. Свядома рызыкуючы выдавецтва падтрымлівала нацыянальную культуру, выдаючы каля 80% кніг на беларускай мове. У 2002 г. выйшлі апошнія 13 назваў кніг выдавецтва тыражом 41 тыс. экз. [16]. Што тычыцца выдання беларускамоўнай мастацкай літаратуры, то і “Мастацкая літаратура”, і “Юнацтва”, якія яшчэ ў 1989 г. выпускалі 40% усіх дзяржаўных тыражоў і 21% найменняў, пачынаючы з 1995–1996 гг. значна скарацілі выданне кніг на беларускай мове. У 1994 г. было надрукавана 215 назваў мастацкай літаратуры (у тым ліку і для дзяцей) тыражом 2 млн. 021 тыс. экз., а ў 1995 г. – гэта 162 назвы тыражом 1 млн. 339 тыс. экз., у 1996 г. – адпаведна 157 назваў тыражом 1 млн. 137 тыс. экз. Цалкам за 1995 г. дзяржаўныя выдавецтвы скарацілі выпуск беларускамоўнай мастацкай літаратуры на 22% па назвах і на 37% па тыражу. У наступны год адбылося чарговае памяншэнне на 30% па назвах і на 60% па іх тыражу. Асноўным дзяржаўным выдаўцом беларускай мастацкай літаратуры і літаратуры для дзяцей і юнацтва застаецца выдавецкае рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства “Мастацкая літаратура” [8] Большасць выданняў мастацкай літаратуры выходзіла на беларускай мове ў такіх серыях, як “Бібліятэка беларускай паэзіі” і “Бібліятэка беларускай прозы” (1968–1993), “Першая кніга паэта” (1968–1997), “Першая кніга празаіка” (1971–1997), “Кніга перакладчыка” (1986–1995), “Бібліятэка замежнай прозы” (з 1983 г.), “Спадчына” (з 1989 г.), “Скарбы сусветнай літаратуры” (з 1989 г.), “Бібліятэка беларускай класікі” (з 1990 г.), “Літаратурныя помнікі Беларусі” (з 1991 г.), “Галасы беларускага замежжа” (з 1994 г.). У пачатку 1990-х гадоў выдавецтва актыўна займалася выпускам кніг літаратурна-гістарычнага і гісторыка-публіцыстычнага зместу. У 1993 г. “Мастацкая літаратура” ажыццявіла першае асобнае выданне даследавання рукапісных кніг Беларусі Х – XVIII стст. М. Нікалаева “Палата кнігапісная”. Надзённым пытанням гісторыі нацыянальнай літаратуры і культуры, духоўнага развіцця беларускага народа былі прысвечаны зборнікі “Шляхам гадоў” (вып.1–4, 1990–1994 гг.), “Скарыніч” (вып.1–3, 1991–1997 гг.), пытанням гісторыі – зборнік «З гісторыяй на “Вы”» (вып.1–3, 1991–1994). У 1994 г. упершыню на беларускай мове былі надрукаваны помнікі старажытнабеларускай літаратуры, якія належалі да жанраў жыцій і хаджэнняў – гэта “Кніга жыцій і хаджэнняў” у серыі “Літаратурныя помнікі Беларусі”. Сярод найбольш значных выданняў – 15-томная “Бібліятэка дзіцячай літаратуры народаў СССР” (1981–1994, Дзяржаўная прэмія Беларусі 1996 г.), факсімільныя выданні М. Багдановіча, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Танка, Н. Арсенневай і інш. [9]. Нягледзячы на вызначаную спецыялізацыю па выпуску твораў мастацкай літаратуры на беларускай, рускай, англійскай і іншых мовах, выдавецтва займаецца выданнем навуковай, навукова-папулярнай, вытворча-практычнай, вучэбнай, масава-палітычнай і даведачнай літаратуры. У 2002 г. да “Мастацкай літаратуры” было далучана выдавецтва “Юнацтва” [Табл. 2, 3]. Усяго за час дзейнасці “Мастацкай літаратуры” выйшла каля 5 тыс. назваў кніг і брашур агульным тыражом каля 200 млн. экз. Асаблівы гонар выдавецтва – зборы твораў Я. Купалы, К. Крапівы, М. Танка, В. Быкава, І. Шамякіна. Значнае месца займае і выданне вучэбнай літаратуры гуманітарнага кірунку, серыі “Школьная бібліятэка”. Дзяржаўнай Прэміяй Рэспублікі Беларусь адзначаны кнігі У. Някляева “Прошча” (1996), пераклад У. Скарынкіна “Боскай камедыі” Дантэ (1997, Нацыянальная прэмія Італіі 1998 г.; Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Я.Купалы 2000 г.), “Бабчын” М. Мятліцкага (1996), “Явар з калінаю” (1994) і “Арляк і зязюля” (1998) М. Кусянкова. З выдавецтвам супрацоўнічаюць лепшыя мастакі-графікі Беларусі А. Цароў, М. Казлоў, В. Латышаў, М. Купава, П. Драчоў, С. Чарановіч, В. Масцераў, А. Бетанава, П. Калінін, В. Буцько, В. Губараў, І. Бокій і іншыя. У 1998 г. выдавецтвам заснаваны такія папулярныя серыі, як “Беларуская проза ХХ стагоддзя” і “Беларуская паэзія ХХ стагоддзя” (а цяпер ужо і ХХІ стагоддзя), “Дэбют”; у 2003 г. – “Беларусь літаратурная”; у 2004 г. – “Жыццё знакамітых людзей Беларусі”, “Беларусь літаратурная”, “Беларускі народны калянлар”, “Зямля мая”, “Казка за казкай”; у 2005 г. – “Жыццяпіс вялікіх князёў літоўскіх”, “Мастакі Беларусі”, “Твае гарады, Беларусь”, “Бытавыя народныя казкі”; у 2006 г. – “Беларусь мастацкая” і інш. Вышэйшай ўзнагародай конкурсу “Мастацтва кнігі” – Дыпломам імя Францыска Скарыны – адзначана выданне ў 2-х кнігах “Память со слезами на глазах: песни о Великой Отечественной войне” і “1418 дней Великой Отечественной войны: хронология событий”, аб'яднаных футулярам пад назвай “Победа” (мастакі – А.Б. Пятроў і У.А. Рагалевіч, 2005). У 2006 г. выдавецтвамі “Мастацкая літаратура”, “Народная асвета” і Мінскай фабрыкай каляровага друку ажыццёўлены выпуск электронных выданняў – творы Я. Коласа “На росстанях. Новая зямля” (на двух кампакт-дысках у серыі “Бібліятэка школьніка”); электронная версія падручніка “Геаграфія” і мультымедыйны дадатак да альбома выяўленчага мастацтва “Андрей Смоляк”. “Навука і тэхніка” – выдавецтва, якое пачынала сваю дзейнасць як рэдакцыйна-выдавецкі аддзел Інбелкульта, а пасля, з 1932 г. – “Выдавецтва АН БССР” і, нарэшце, з 1963 г. – самастойнае дзяржаўнае прадпрыемства “Навука і тэхніка”, у 1991–1996 гг. выпусціла 596 назваў кніг тыражом 2 млн. 677 тыс. экз. [10]. Гэта была навуковая і навукова-папулярная літаратура па філасофіі, гісторыі, эканоміцы, гісторыі дзяржавы і права, мастацтвазнаўстве, этнаграфіі і фальклору, філалогіі, тэхніцы; мастацкая літаратура. Вядучымі серыямі выдавецтва з'яўляліся “Беларуская народная творчасць”, “Нашы славутыя землякі”, “Чалавек і асяроддзе”, “Навука – вытворчасці” і іншыя [11]. Найбольш значныя выданні выдавецтва – гэта энцыклапедыя “Францыск Скарына і яго час” (1988); “Гістарычны слоўнік беларускай мовы” (14 выпускаў, 1982–1996); “Этымалагічны слоўнік беларускай мовы” (8 тамоў, 1978–1993); “Гісторыя беларускага мастацтва” (6 тамоў, 1987–1994), “Наша Ніва. 1906–1908” (Вып.1, факсімільнае выданне 1992 г.), “Музычны тэатр Беларусі” (4 тамы, 1990–1997, Дзяржаўная прэмія Беларусі 1998 г.), поўныя зборы твораў М. Багдановіча і М. Лынькова і іншыя. Усяго за перыяд дзейнасці “Навукі і тэхнікі” выйшла амаль 6 тыс. назваў кніг і брашур агульным тыражом каля 25 млн. экз. Праўда, у 1996 г. выдавецтва спыніла сваю дзейнасць і на яго базе было створана новае выдавецтва “Беларуская навука”. Выдавецкі Дом “Беларуская навука”, які, як адзначана, быў створаны ў 1996 г. на базе выдавецтва “Навука і тэхніка”, у кастрычніку 2000 г. таксама набыў статус Рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства. З красавіка 2005 г. у назву былі ўнесены змены і замест выдавецтва “Беларуская навука” з'явіўся «Издательский Дом “Белорусская наука”» [Табл. 2, 3]. Усяго ж на ліку выдавецтва 614 назваў кніг тыражом 1 млн. 203 тыс. экз. У асноўным гэта навуковыя, навукова-папулярныя, вучэбныя, даведачныя, масава-палітычныя, літаратурна-мастацкія і выданні для вольнага часу. Выдаецца таксама літаратура на еўрапейскіх мовах. Выдавецтва працягвае такія шматтомныя серыі навуковых выданняў “Навукі і тэхнікі”, як “Беларуская народная творчасць” (выдаецца з 1970 г.), “Беларусы” (з 1995 г.). Сярод выйшаўшых кніг фундаментальныя працы па гісторыі беларускага мастацтва, тэатра, кіно, літаратуры, дзяржавы і права Беларусі, археалогіі, этнаграфіі і фальклору, граматыцы беларускай мовы; слоўнікі і манаграфіі пра жыццё і творчасць беларускіх пісьменнікаў, якія адлюстроўваюць дзейнасць вучоных інстытутаў НАН Беларусі, навукова-даследчых устаноў неакадэмічнага профілю, шэрагу вучэбных устаноў. Дзякуючы ўдзелу кніг выдавецтва на Маскоўскім, Варшаўскім, Іерусалімскім, Франкфуртскім міжнародных кірмашах, геаграфія іх распаўсюджання пашыраецца: Канада, ЗША, Польшча, Францыя, Германія, Кітай і інш. “Беларускай навукай” працягваецца выданне таксама часопісаў “Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” (з 1940 г., у 7 серыях), “Доклады Национальной академии наук Беларуси” (з 1957 г.), газеты “Веды” (з 1979 г.). З 2003 г. у выдавецтве пачаў выходзіць навуковы часопіс “Наука и инновации”, а з 2006 г. – “Аграрная экономика”. Выдавецтва валодае ўласным ўчасткам аператыўнай паліграфіі. Выдавецтва “Полымя” адным з першых звярнула ўвагу на выданне кніг па гісторыі таго ці іншага рэгіёна Беларусі. Пэўнай з'явай сталі працы З.В. Шыбекі і С.Ф. Шыбека “Мінск. Старонкі жыцця дарэвалюцыйнага горада” (1994), М.Я. Нікіфароўскага “Старонкі з нядаўняй мінуўшчыны горада Віцебска” (1995). У выдавецтве былі заснаваны такія серыі, як “Гарады Беларусі”, “Горад і наваколле”, “Горад-пабрацім”, “Нашы славутыя землякі”, “Помнікі беларускага дойлідства” [17]. У выдавецтве перавыдаваліся і творы беларускіх краязнаўцаў – кніга М. Федароўскага “Люд беларускі” (1991 г.), П.М. Шпілеўскага “Падарожжа па Палессі і беларускім краі” (1992 г.). Асноўную частку рэпертуару выдавецтва складалі навукова-папулярныя, даведачныя, інфармацыйна-рэкламныя, выданні для вольнага часу краязнаўчай, спартыўнай тэматыкі, літаратура па ахове здароўя, а таксама календары; падручнікі і кнігі серыі “Школьная бібліятэка”. Карысталася папулярнасцю серыя кніг “Полымя” “В помощь абитуриенту”. Выходзіла ў выдавецтве і літаратура для інвалідаў па зроку. Кнігі вызначаліся сваім мастацка-паліграфічным афармленнем. У 1991–1996 гг. у выдавецтве выйшла 485 назваў кніг і брашур тыражом 13 млн. 040 тыс. экз.; у 1997–2001 гг. адпаведна – 484 назвы і 1 млн. 412 тыс. экз. У 2002 г. былі выпушчаны апошнія 48 назваў кніг тыражом 84 тыс. экз. [18]. Да перавыдання унікальных кніг па гісторыі звярнуліся і ў самым маладым дзяржаўным кніжным выдавецтве Мінска – “Універсітэцкае” – гэта ў 1992 г. “Кароткая гісторыя Беларусі” В. Ластоўскага (узноўленае выданне 1910 г.); “История России в портретах по столетиям” (1903 г.); “Бояре Романовы и воцарение Михаила Фёдоровича” П.Г. Васенкі (1913 г.) [19]. Хаця асноўным кірункам у дзейнасці выдавецтва быў усё ж выпуск вучэбнай, вучэбна-метадычнай, навуковай, навукова-папулярнай і даведачнай літаратуры для ВНУ. Выдавала “Універсітэцкае” таксама міжведамасныя рэспубліканскія зборнікі навуковых прац, разнастайныя тэматычныя зборнікі па беларускай мове і літаратуры, гісторыі. У выдавецтве была ажыццёўлена публікацыя цікавых прац па філасофіі, юрыспрудэнцыі, медыцыне, псіхалогіі, літаратуразнаўству і мовазнаўству. Адны з вядомейшых выданняў выдавецтва – “Заходняя Русь, ІХ–ХІІІ стст.” Э.М. Загарульскага (1998), “Міфы старажытнасці” Г.В. Штоля (1999), “Філасофія культуры: Уводзіны ў тэарэтычную культуралогію” М.І. Крукоўскага (2000). Асноўнымі серыямі “Універсітэцкага” былі “Пад знакам вечнасці”, “Повязь вякоў”, “Экалогія душы”, “Універсітэт – школе”, “Са скарбніц беларускай культуры”, “Сучасная беларуская мова”, “Беларускі фальклор у сучасных запісах”, “Славянскія мовы”, “Студэнцкая бібліятэка”, “Гісторыя зарубежнай літаратуры”, “Незвычайнае ў звычайным” [20]. Выдавецтва мела і серыі па выданню мастацкай літаратуры: “Галактика” – серыя навуковай фантастыкі; “Забытые приключения” – серыя прыгодніцкай літаратуры. У 1991–1996 гг. выпусціла 293 назвы кніг і брашур тыражом 5 млн. 431 тыс. экз., а ў 1997–2001 гг. – 225 назваў тыражом 2 млн. 535 тыс. экз. 2002 год стаў апошнім у дзейнасці выдавецтва: выпушчана 20 назваў кніг тыражом 123 тыс. экз. [21]. Выдавецтва “Ураджай” з сярэдзіны 1990-х гадоў далучылася да дзяржаўнага праекта выдання гісторыка-дакументальных хронік “Памяць”. А з 1998 г. у выдавецтве наладзілі нават выпуск кніг па гісторыі культуры, мастацтве і архітэктуры, літаратуры, усеагульнай гісторыі. Зразумела, што асноўнай спецыялізацыяй выдавецтва заставаўся выпуск літаратуры для патрэб сельскай гаспадаркі вучэбнага, вучэбна-метадычнага, навуковага, навукова-папулярнага і даведачнага характару. Тым не менш, у гэты перыяд у выдавецтве была звернута большая ўвага на беларусазнаўчую тэматыку, гісторыю развіцця асобных галін сельскай гаспадаркі, сельскагаспадарчай навукі, адукацыі, на змены ў аграрнай палітыцы, на развіццё розных сістэм прыродакарыстання, на гісторыю вёскі і сялянскага побыту, народныя традыцыі, духоўную спадчыну і ролю выдатных асоб у гістарычных працэсах краіны. Так, аднымі з апошніх і унікальных выдавецкіх праектаў сталі “Беларусь у малюнках Напалеона Орды” (2001) і “Мінск незнаёмы. 1920–1940” І. Куркова (2002). У 1991–1996 гг. “Ураджай” выдаў 350 назваў кніг і брашур тыражом 8 млн. 581 тыс. экз.; у 1997–2001 гг. – 332 назвы тыражом 2 млн. 540 тыс. экз.; у 2002 – 36 назваў тыражом 240 тыс. экз. [22]. Старэйшае з дзяржаўных выдавецтваў “Беларусь”, атрымаўшае такую назву ў 1963 г., з чэрвеня 2000 г. з'яўляецца рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам, спецыялізуецца на выпуску масава-палітычнай, навукова-папулярнай, літаратурна-мастацкай, даведачнай, вытворча-практычнай, вучэбнай літаратуры. Адзін з прыярытэтных кірункаў – выданне кніг і альбомаў па выяўленчым мастацтве, фотаальбомаў, паштовак, плакатаў, календароў. Тэматыка выданняў ахоплівае сацыягуманітарную і прававую сферы, тэхніку, медыцыну, музыку, гісторыю і культуру Беларусі, замежных краін. У свой час на базе выдавецтва былі створаны некалькі выдавецтваў: у 1951 г. – “Народная асвета”, у 1961 г. – “Ураджай”, у 1972 г. – “Мастацкая літаратура”. А вось у 2002 г. “Беларусь” аб'яднала пад сваёй выдавецкай маркай “Полымя” і “Ураджай” [Табл. 2, 3]. Усяго за час дзейнасці ў “Беларусі” было выдадзена каля 23 тыс. назваў кніг і брашур агульным тыражом каля 400 млн. экз. Канцэптуальна новай падачай матэрыялу і сучасным мастацка-графічным афармленнем вызначаецца новая серыя навукова-папулярных выданняў “Беларусі” “Мастацкія скарбы Беларусі”, у рамках якой толькі ў 2005 г. выйшла 4 кнігі. Для жыхароў нашай рэспублікі і замежных гасцей у выдавецтве выпускаюцца ў свет прадстаўнічыя фотаальбомы, кшталту “Мінск” (2003, 2005, 2006), “Пад небам Беларусі” А. Кляшчука (2003, 2005), “Паазер'е – краіна жыцця” (2005), “Скарбы прыроды Беларусі” (2003, 2005), у якіх асноўнае месца займаюць фотаздымкі. Нягледзячы на складаную эканамічную сітуацыю, дзяржаўныя выдавецтвы менавіта ў 1991–1996 гг. распачалі шэраг цікавых выдавецкіх праектаў, якія вызначаліся сваёй грунтоўнасцю і актуальнасцю. Да прыкладу, сярод іх выпуск такіх энцыклапедычных выданняў, як “Энцыклапедыя гісторыі Беларусі” (з 1993 г., у 6 тамах), “Беларуская мова” (1994), “Беларуская энцыклапедыя” (з 1996 г., у 18 тамах), выдаўцом якіх выступіла “Беларуская Энцыклапедыя імя П.Броўкі”. Прадаўжаўся ў гэты час і выпуск, распачатага ў 1985 г. названым выдавецтвам шматтомнага серыйнага выдання энцыклапедычнага характару гісторыка-дакументальных хронік раёнаў і гарадоў Беларусі “Памяць”. Да 1998 г. выйшла больш за 20 кніг. Масавымі тыражамі выйшлі зборы і асобныя выданні твораў В. Дуніна-Марцінкевіча, М. Багдановіча, Я. Купалы, Я. Коласа, З. Бядулі, К. Чорнага, П. Броўкі, П. Глебкі, К. Крапівы, М. Лынькова, А. Куляшова, П. Панчанкі, В. Быкава, Я. Брыля, І. Шамякіна і іншых. Выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя” вызначае высокі ўзровень падрыхтоўкі галіновых і універсальных энцыклапедый, слоўнікаў. Акрамя таго рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства (з верасня 2000 г.) выконвае не толькі функцыі выдавецкай арганізацыі, але і навукова-даследчага інстытута шырокага інфармацыйнага профілю. Выпускае таксама афіцыйную, навукова-папулярную, вучэбную і мастацкую літаратуру, выданні для вольнага часу [Табл. 2, 3]. Усяго за час сваёй выдавецкай дзейнасці выдала звыш 600 назваў агульным тыражом каля 20 млн. экз. Найбольш маштабнымі праектамі “Беларускай энцыклапедыі” сталі выданне ў 1996–2004 гг. 18-томнай “Беларускай энцыклапедыі”; у 1993–2003 гг. – 6-томнай “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі”; у 2002–2003 гг. – 2-томнай “Тэатральнай энцыклапедыі”; у 2005–2006 гг. – 2-томных энцыклапедый “Вялікае княства Літоўскае” і “Беларускі фальклор”; у 2005 г. – “Спортивной энциклопедии Беларуси”, энцыклапедычных даведнікаў па абласцях і раёнах Беларусі, гісторыі, сусветнай культуры, рэлігіі, геаграфіі, жывёльнаму свету, ваеннай справе і інш. У 2005 г. выдавецтва выпусціла заключны том серыі гісторыка-дакументальных хронік “Памяць” – “Памяць Беларусі”, а ўсяго ў выдавецтве іх было падрыхтавана 42 кнігі. Выдадзены таксама пяты том кнігі “Памяць. Мінск”(2007).На пачатку новага тысячагоддзя “Беларуская Энцыклапедыя” заснавала некалькі новых серый – гэта “Гарады і вёскі Беларусі” (з 2004 г.); “Гісторыя Беларусі ў дакументах, манаграфіях, літаратурных помніках” (з 2005 г.); “Помнікі гістарычнай думкі Беларусі” (з 2006 г.). У 2005 г. пачалася рэалізацыя чарговага маштабнага праекта, які павінен стаць своеасаблівым “пашпартам” нашай краіны, – гэта 6-томная энцыклапедыя “Республика Беларусь” на рускай мове (у 2005–2007 гг. выйшлі т.1–5), якая ўжо стала пераможцам ІІІ міжнароднага конкурсу “Искусство книги” дзяржаў-удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў у жніўні 2006 г., атрымаўшы дыплом ІІІ ступені ў намінацыі “Садружнасць”. Яшчэ адно выданне выдавецтва было адзначана дыпломам ІІ ступені ў намінацыі “Мои университеты” – гэта 2-томнік “Беларускі фальклор” [38]. Да 40-годдзя з часу заснавання БелЭн выдавецтвам падрыхтавана кніга “Імя Пятруся Броўкі Беларуская Энцыклапедыя” (2005). Дзейнасць вядучых недзяржаўных выдавецтваў Старэйшым недзяржаўным выдавецтвам, якое ўжо амаль 20 гадоў (заснавана ў 1988 г.) існуе ў Мінску, з'яўляецца навукова-вытворчы кааператыў “Тэхналогія”. Займаецца выпускам у асноўным навуковай, даведачнай, навукова-папулярнай, вучэбнай літаратуры. Супрацоўнічае з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, Беларускім дзяржаўным універсітэтам, Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэтам, Беларускім фондам фундаментальных даследаванняў, з некаторымі замежнымі партнёрамі з Германіі і Польшчы і інш. Вынікам паспяховага супрацоўніцтва стаў шэраг навуковых манаграфій, даведнікаў, падручнікаў, выданняў серый “Менеджмент”, “Основы предпринимательства”, “Экономическое образование”, “Современное экономическое образование”, “Адкрытае грамадства”, “Нашы славутыя землякі”; а таксама перакладаў з англійскай і французскай моў на беларускую кніг па эканоміцы, філасофіі, сацыялогіі, паліталогіі, гісторыі, культуралогіі. Сярод іх “Гістарычныя ўводзіны ў філасофію навукі” Дж. Лоўзі (1995), “Сучасная культурная антрапалогія” М. Говарда (1996), “Эканоміка” Дж. Бэрдшоў (1996) “Гісторыя эканамічнай думкі” А. Дэні (1996), “Сацыялогія” Э. Гідэнса (2003), “Гісторыя і сацыяльная тэорыя” П Бэрка (2003) і інш. У 1997 г. у выдавецтве былі выдадзены матэрыялы першай на постсавецкай прасторы міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Недзяржаўная выдавецкая дзейнасць у Беларусі: гісторыя і сучаснасць”, якая праходзіла ў Беларускім універсітэце культуры 3–4 кастрычніка 1996 г., а ў 2003 г. – “Слоўнік выдавецкіх і паліграфічных тэрмінаў: ангельска-беларускі, беларуска-ангельскі”. Заслугоўваюць увагі і выданні “Тэхналогіі” ў галіне адраджэння гістарычна-культурнай спадчыны, як “Aurea mediocritas: Кніжна-пісьмовая культура Беларусі” І. Саверчанкі (1998), “Мастацтва беларускіх старадрукаў (XVI–XVIII стст.)” В. Шматава (2000), “Міндаў, кароль Літовіі, у дакумэнтах і сьведчаньнях” А. Жлуткі (2005), якія станавіліся лепшымі выданнямі на Рэспубліканскім конкурсе “Мастацтва кнігі”, факсімільнае выданне “Нашай Нівы” (2000, 2003), клавір оперы А. Радзівіла “Фаўст” (2006), “Старажытныя ліцьвіны: Мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць” П. Урбана (2001, 2003), “Беларусы ў генетычнай прасторы: антрапалогія этнасу” А. Мікуліча (2005) ды інш . Выдавецтвам падрыхтаваны і выпушчаны каталогі ўласнай кніжнай прадукцыі [Табл. 2, 3]. Сярод выдавецтваў, якія таксама працуюць у галіне беларускамоўнага кнігавыдання – грамадская арганізацыя «Міжнародны фонд “Беларускі кнігазбор”». У1996 г. распачала унікальны праект, які ўзначаліў Кастусь Цвірка, па выпуску залатой бібліятэкі Беларусі, шматтомнага выдання ўсяго лепшага і самага важнага, што было створана на беларускай зямлі з пачатку пісьменства і да сучаснасці, а таксама перакладаў твораў рускіх, польскіх і іншых пісьменнікаў, прысвечаных Беларусі. Першай кнігай у серыі “Мастацкая літаратура” сталі “Выбраныя творы” Я. Чачота. Былі запланаваны таксама другая серыя “Беларускага кнігазбору” – “Гісторыка-літаратурныя помнікі” і трэцяя – “Замежная літаратура”. З 1996 да 2006 г. выйшла больш за 30 назваў кніг з вызначаных серый. Цалкам своеасаблівы дамашні універсітэт беларусазнаўства павінен скласці 180 назваў. “Беларускі кнігазбор” цесна супрацоўнічае з выдавецтвам яшчэ адной грамадскай арганізацыі – Згуртаваннем беларусаў свету “Бацькаўшчына”. У 1993 – 2005 гг. дзейнічала ТАА «Выдавецкі цэнтр “Бацькаўшчына”» якое выпусціла каля 40 выданняў, 1/3 з якіх складалі выданні і перавыданні беларускай дыяспары. Выйшлі творы Н. Арсенневай, Я. Калубовіча, Я. Запрудніка, В. Кіпеля і інш. У 2004 г. была заснавана серыя «Бібліятэка “Бацькаўшчыны”», у якой выдаюцца творы, як прысвечаныя беларускай эміграцыі – “Беларусы ў Аўстраліі” Н. Гардзіенка (2007), так і творы мастацкай, мемуарнай і навукова-папулярнай літаратуры саміх беларусаў-эмігрантаў. У названай серыі выйшла 13 выданняў, сярод якіх: «Месца выданьня – Парыж: Выбраныя старонкі часопіса “Моладзь” (1948–1954)» (Беларускі кнігазбор, 2004); “Беларусы ў бітве за Монтэ-Касіна: Артыкулы, дакументы, аповесць” (Беларускі кнігазбор, 2004); “Каб сведчылі пра Беларусь” М. Ганько (Кнігазбор, 2005); “Адзін Госпад, Адна Вера, Адзін Хрост: Царкоўная гісторыя вачыма эміграцыі” (Кнігазбор, 2006). Аднак, некаторыя з падобных выдавецтваў, як “Беларускі кнігазбор”, “Тэхналогія”, “Энцыклапедыкс”, “Тэхнапрынт” і іншыя маюць пэўныя фінансавыя цяжкасці, абумоўленыя, у сваю чаргу, цэнзурна-ідэалагічнымі абмежаваннямі [Гер.]. Праўда, не заўсёды камерцыйны поспех спрыяе доўгатэрміноваму існаванню прыватных выдавецтваў. Так, выдавецтву “Эрыдан” серыя “Фантокрим-экстра”, у якой выйшлі шматтомныя зборы твораў Дж. Чэйза, А. Крысці, Р. Говарда, К. Саймака, Р. Хайнлайна і іншых сусветна прызнаных майстроў дэтэктыва і фантастыкі, якімі ў той час хто толькі не захапляўся і не зачытваўся, прынесла шырокую вядомасць. Выдавецтва “Эрыдан” было створана ў Мінску ў кастрычніку 1990 г. як Літаратурна-выдавецкае агенцтва музычнага таварыства БССР, а ў лютым 1992 г. пераўтворана ў выдавецка-паліграфічную кампанію, якая ўпершыню на тэрыторыі былога СССР выпусціла творы І. Бродскага (зборнік вершаў “Назидание” (1991), самы поўны 2-томнік збору вершаў, п'ес і празаічных эсэ “Форма времени”, 1992), кнігу А. Меня “Смертию смерть поправ” (1990). Выйшлі таксама такія кнігі, як “Звезда адмирала Колчака” – раман У. Максімава (1991), ажыццёўлена рэпрынтнае выданне флаўэраўскай серыі “Чтение мыслей”, афортаў беларускага мастака-графіка С. Балянка (1990), зборніка казак “Чудесный родник”. Карысталіся папулярнасцю і такія серыі, як “Гангстерский детектив”, “Фантастика, приключения, детектив”. Акрамя таго “Эрыдан” стаў выдаўцом першага часопіса фантастыкі “Фантакрым-MEGA” на рускай мове, штомесячніка “Фантакрим-пресс” (“Невероятный мир”), часопісаў “Кэмпо” і “Фантакрим-экспресс”, газет “Фемида”, “Польский рынок” і “Восточный рынок” [26]. Да 1996 г. “Эрыдан” – вядучая недзяржаўная выдавецкая кампанія Мінска і Беларусі, здолеўшая развіць і асвоіць розныя кірункі выдавецкай дзейнасці, скіраваныя на задавальненне шырокага попыту масавага чытача і запаўненне дэфіцыту на кніжным рынку не толькі Беларусі, але і Расіі. Пэўны кірунак у дзейнасці выдавецтва задаваў менавіта яго генеральны дырэктар Аляксандр Патупа, вядомы як аўтар шэрагу твораў айчыннай фантастыкі, якія таксама выдаваліся “Эрыданам”. У 1992 г. выдавецтвам быў выпушчаны паралельна на рускай і англійскай мовах даведнік “Кто издаёт книги в Республике Беларусь”, дзе ўпершыню была сабрана і сістэматызавана даволі падрабязная інфармацыя пра дзяржаўныя і недзяржаўныя выдавецтвы і арганізацыі з правам выдавецкай дзейнасці. Каштоўнасць уключанага матэрыялу павышалася яшчэ і тым, што ў ім змяшчаўся паказальнік выдавецтваў па іх уладальніцкай прыналежнасці, а таксама – у афармленні выдання былі выкарыстаны фірменныя знакі выдавецкіх арганізацый, многіх з якіх сёння ўжо не існуе. У 1996 г. на старонках газеты выдавецтва “Фемида” ўпершыню ў Беларусі з'явіўся аналітычны артыкул А.С. Патупы, падрыхтаваны да міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Недзяржаўная выдавецкая дзейнасць у Беларусі” (Мінск, 3–4 кастрычніка 1996 г.) пра стан беларускага кнігавыдання, дзе параўноўваліся не толькі дзяржаўны і недзяржаўны кнігавыдавецкія патокі, але матэрыял падаваўся яшчэ і ў параўнанні з кнігавыданнем у Расіі і Украіне, выказваліся прапановы па выхаду з крызіснай сітуацыі ў кнігавыданні Беларусі 1995–1996 гг. Аднак, нават аналітычныя даследаванні кнігавыдавецкай дзейнасці Беларусі, добрае веданне стану і перспектыў яго развіцця не абаранілі выдавецтва ад яго распаду. У 1997–1998 г. выйшла 11 апошніх выданняў “Эрыдана” і кампанія спыніла сваю дзейнасць. Усяго ВПК “Эрыдан” за час сваёй дзейнасці (паводле афіцыйнай статыстыкі) выпусціла 240 назваў кніг і брашур тыражом 23 млн. 277 тыс. экз. [27]. Адным з “грандаў” у сферы новага беларускага недзяржаўнага кнігавыдання 1991–1996 гг. быў творча-вытворчы цэнтр на правах малога прадпрыемства “Паліфакт”, зарэгістраваны ў снежні 1990 г. Выдавецкая дзейнасць “Паліфакта” пад кіраўніцтвам Яўгена Будзінаса была накіравана на выпуск архіўных і рукапісных матэрыялаў; кніг па краязнаўстве і гісторыі помнікаў культуры; мастацкай і публіцыстычнай літаратуры. Шэраг першых выдавецкіх праектаў кампанія ажыццяўляла з часопісамі “Знамя” і “Дружба народов”, МП “Референдум”, “Майнор-Саветик”, ВАА “Паблісіці” і інш. Сярод першых выданняў – “Как стать бизнесменом” С. Жызніна і У. Крупнова (1990), “Лик – лицо – личина” Э. Невядомага (1990), “Хайек о свободе” Фрыдмана, “Искусство любви: Исследование природы любви” Э. Фрома (1990), “Империя Кремля” А. Аўтарханава (1991), “О смысле познания” А. Белага (1991 – упершыню ўзноўленае выданне: Пг., 1922 г.), “Золотые россыпи (Чекисты в Париже)” У. Вінічэнкі (1991), “О душевной сущности ребёнка” К. Гейдэнбранда, “Письма Милене” Ф. Кафка (1991), “Домашний доктор: медицинский справочник для всех” (1992) і інш. Першыя серыі “Паліфакта” – “Экспресс-книга”, “Открытый университет”, «Библиотечка “Домовой”» і “Встречная мысль” (рэпрынтнае выданне пратапопа Фамы Хопка “Основы православия”) [28]. Акрамя таго заслужаны аўтарытэт “Паліфакту” прынеслі нотна-музычныя выданні, якія выдаваліся ў сярэдзіне 1990-х гг. сумесна з Нацыянальным тэатральна-канцэртным аб'яднаннем “Беларуская капэла” ў серыі “Музыка старажытных сядзіб” (“Музыка сям'і Ельскіх”, 1995). Усяго ў 1990–1996 г. выдавецтва выпусціла 81 назву кніжнай прадукцыі тыражом 6 млн. 768 тыс. экз. [29]. Бясспрэчным лідэрам кнігавыдання Беларусі па колькасці назваў і па тыражу з'яўляецца недзяржаўнае выдавецкае прадпрыемства ТАА “Харвест”, якое пачынаючы з 1995 г. не ўступае свае пазіцыі ніводнаму выдавецтву і з кожным годам нарошчвае свае паказчыкі, пакідаючы далёка ззаду сваіх канкурэнтаў. Штомесяц выдавецтва выпускае больш за 250 найменняў кніг – гэта руская і замежная класіка, сучасная проза, дэтэктывы і вострасюжэтная літаратура, сентыментальная проза, фантастыка і фэнтэзі, дзелавая літаратура; кнігі па мастацтву; падарункавыя альбомы, у іх ліку даведачная, навукова-папулярная, вучэбная, літаратурна-мастацкая, для вольнага часу і літаратура для дзяцей, якая адрозніваецца высокай якасцю выканання, што пацвярджаюць шматлікія ўзнагароды кніг выдавецтва на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах [39]. На 45-м Рэспубліканскім конкурсе “Мастацтва кнігі–2005” “Харвест” атрымаў 9 узнагарод за свае выданні. Дыплом І ступені быў прысуджаны пяці выданням – гэта “Всемирная история”, “Ордена и медали СССР” і тры малафарматныя выданні “Драгоценные камни”, “500 шедевров русского искусства”, “Японская лирика”. У 2006 г. “Харвест” выдаў 3358 назваў кніг тыражом 24 млн. 856 тыс. экз., што складае адпаведна 29% і 47,8% у агульным патоку выдавецкай прадукцыі недзяржаўнага сектара. Адным з фактараў паспяховасці выдавецтва з'яўляецца яго сумесная праца з вядучымі расійскімі партнёрамі (“АСТ”, “Астрель”, “Хранитель” і інш.) і, у асноўным, на расійскі рынак, дзе асаблівай папулярнасцю карыстаюцца наступныя серыі “Харвеста”: “Военно-историческая библиотека”, “Philosophy”, “Все знания для успеха”, “Воспоминания”, “Мемуары” і “Казино”. Іншыя недзяржаўныя выдавецтвы, якія па паказчыках стаяць за “Харвестам”, выпускаюць кніжнай прадукцыі ў дзесяткі раз менш і па назвах, і па тыражах [Табл. 2–3]. Сярод іх такія мінскія выдавецтвы, як “Папуры”, “Аверсэв”, “Сучасны літаратар”, “Кніжны Дом”, “Юніпрэс”, “ТэтраСістэмс” [Табл. 3]. На кніжным рынку Беларусі і бліжняга замежжа добра вядома прадукцыя мінскага выдавецкага таварыства “Папуры”. ТАА “Папуры”, якое было зарэгістравана ў верасні 1992 г., адным з першых недзяржаўных выдавецтваў у Беларусі пачало масавы выпуск перакладной літаратуры (з англійскай, нямецкай, французскай, іспанскай моў), што і вызначыла асноўны кірунак спецыялізацыі прадпрыемства [Табл. 1–3]. Аднымі з першых серый выдавецтва былі “Здоровье без лекарств”, “Библиотека школьника и абитуриента”, “Сила вашего подсознания”, “Тайная жизнь животных”. У апошнюю ўвайшло звыш 20 невялікіх па аб'ёму тамоў, як “Доисторические животные”, “Редкие животные”, “Вдоль морского побережья”, “В пустынях”, “Животные-строители”, “На ферме”, “В океане”, “За городом”, “На грани исчезновения”, і інш., галоўнай адметнасцю якіх стала пазнавальнасць, высокі ўзровень паліграфічнага афармлення і невысокі кошт. Шырокай папулярнасцю карыстаюцца такія серыі “Папуры”, якія выдавецтва працягвае і сёння, – гэта “Богатый Папа” (з 1998 г.), “Здоровье в любом возрасте” (з 1998 г.), “Успех” (з 1998 г.), “Здоровый и умный ребёнок” (з 2003 г.), “Здоровье и альтернативная медицина” (з 2005 г.). Усяго ў выдавецтве налічваецца да 35 кніжных серый. Асноўнай тэматыкай у кнігавыдавецкім рэпертуары з'яўляецца бізнес, медыцына, мастацтва, рэлігія, псіхалогія, адукацыя і выхаванне, пазнавальная літаратура і развіваючыя гульні для дзяцей і інш. Сваім як мастацкім афармленнем, так і змястоўным напаўненнем вызначаюцца энцыклапедыі выдавецтва – “Музыкальные инструменты мира”, “Мир животных”, “Иллюстрированная история оружия”. У рэйтынгу папулярных выданняў выдавецтва кнігі для маленькіх мастакоў – “1-2-3 рисунок. Домашние животные. Шаг за шагом” Ф. Левіна (2002) – і для тых, хто хоча навучыцца маляваць – “Откройте в себе художника” Б. Эдвардса (2004), а таксама навукова-папулярнае выданне для шырокага кола чытачоў – “Богатый папа, бедный папа” Р. Кійасакі, Ш. Лектар (2005, 1-выд. – у 2001). “Папуры” клапоціцца і аб інфармаванні пра свае кнігі, выпускаючы ілюстраваныя каталогі выдадзенай прадукцыі. У апошні час выдавецтва спецыялізуецца на выпуску даведачнай, навукова-папулярнай, літаратурна-мастацкай, літаратуры для вольнага часу, а таксама разнастайных практычных дапаможнікаў. Кнігі з лагатыпам ТДА “Аверсэв” таксама добра знаёмыя ў Беларусі. Гэтае мінскае выдавецтва, створанае ў 1994 г., зарэкамендавала сябе як адно з вядучых прадпрыемстваў у галіне выпуску вучэбнай і вучэбна-метадычнай літаратуры. Выдавецтвам створана каля 20 грунтоўных серый высокакласных вучэбных выданняў – “Школьникам, абитуриентам, учащимся”, “Экзамены”, “Рабочие тетради”, а таксама “Библиотека учителя”, “В помощь логопеду”, “Волшебная шкатулка”, “Волшебный мир слов”, “Говорящий карандашик”, “Дидактические материалы”, “Добро пожаловать в мир английского языка”, “Учебник высшей школы”, “Занимательные упражнения по подготовке ребенка к письму”, “Карточки-задания”, “От слова к слову”, “Первые уроки”, “Развивающее обучение для дошколят”, “Умные книги для самых маленьких”, “Урок в начальной школе”, “Школа грамотного письма”. Аўтарамі кніг выдавецтва “Аверсэв” з'яўляюцца вядомыя ў краіне педагогі, метадысты, прафесіяналы з вялікім вопытам работы. Дапаможнікі вылучаюцца вялікім аб'ёмам інфармацыі па кожнай тэме, дакладнай сістэмай і арганізацыяй матэрыялу, даступным стылем выкладання. Кнігі выдавецтва прызначаюцца для выкладчыкаў агульнаадукацыйных школ, гімназій і ліцэяў, школьнікаў, навучэнцаў, абітурыентаў, студэнтаў, а таксама арыентаваны на дзяцей, пачынаючы з 1-гадовага ўзросту, і іх бацькоў. Арыгінальнасцю вызначаюцца навучальныя гульні для дзяцей малодшага школьнага ўзросту. Падручнікі па замежнай мове ўкамплектаваныя касетамі і дыскамі, якія запісаны носьбітамі мовы. Аўтарытэт кніжнай прадукцыі выдавецтва пацвярджаецца грыфамі “Дапушчана Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь” і «Рэкамендавана Навукова-метадычнай установай “Нацыянальны інстытут адукацыі” Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь», якія маюць большасць яго выданняў. Кнігі выдавецтва “Аверсэв” пастаянна ўдзельнічаюць у рэспубліканскім конкурсе “Мастацтва кнігі”. Так, за поспехі, дасягнутыя ў мастацка-тэхнічным выкананні, ВМК “Magic Box 2” узнагароджаны спецыяльным Дыпломам у намінацыі “Лепшае вучэбнае выданне 2003 года”, “Русско-белорусский словарь – Беларуска-рускі слоўнік” (слоўнік-перавёртыш) – Дыпломам ІІІ ступені (2003 год). Дыплом І ступені і званне “Лепшае вучэбнае выданне 2004 года” набыў ВМК “MAGIC BOX 3”. У 2005 годзе ВМК “Magic Box 4” і серыя кніг “Русский язык. Словарно-орфографические упражнения” для 2, 3, 4 класаў узнагароджаны Дыпломам ІІ ступені ў намінацыі “Лепшае вучэбнае выданне”. У 2007 годзе серыя кніг “Беларуская мова. Чароўны сшытак” для 2, 3, 4 класаў і “Bücherwurm” узнагароджаны Дыпломам ІІІ ступені ў намінацыі “Лепшае вучэбнае выданне”, а выданне “Начинаем понимать и говорить” — Дыпломам ІІІ ступені ў намінацыі “Лепшая дзіцячая кніга”. Добрай традыцыяй для выдавецтва стаў штогадовы выпуск каталогаў сваёй прадукцыі і штотыднёвае абнаўленне інфармацыі аб кніжных навінках на ўласным вэб-сайце [Табл. 3]. Выданнем кніг у сферы адукацыі і асветы займаецца і выдавецтва“Юніпрэс”, якое працуе на кніжным рнку Беларусі, пачынаючы з 1999 г. Кніжная прадукцыя выдавецтва – гэта літаратура, прызначаная для дашкольнага ўзросту, для вучняў пачатковай і сярэдняй школы, абітурыентаў і студэнтаў, настаўнікаў і бацькоў, якая ахоплівае разнстайныя галіны ведаў: гісторыю, рускую мову і літаратуру, беларускую мову і літаратуру, хімію, матэматыку, біялогію, замежныя мовы, геаграфію, фізіку, інфарматыку, астраномію, музыку, медыцыну і інш. За час сваёй дзейнасці “Юніпрэс” стварыў 25 выдавецкіх серый, сярод якіх найбольшым попытам карыстаюцца такія, як “Рабочие тетради”, “Готовые домашние задания”, “Учебно-методическое пособие”, “Обучение и развитие”, “Все для школы”, “Для школьников и абитуриентов”, “Обучение и развитие”, “Пособие для учителей, родителей, учащихся”, “Централизованное тестирование”. Акрамя вучэбнай і вучэбна-метадычнай літаратуры выдавецтва выпускае навукова-папулярныя, даведачныя і выданні для вольнага часу. На 46-м Рэспубліканскім конкурсе “Мастацтва кнігі”“Комнатные растения” (2005) выдавецтва атрымалі ўзнагароду ў намінацыі “Выдавецкі дэбют”. Па выніках выпуску кніжнай прадукцыі ў 2006 г. выдавецтва ўвайшло ў дзесятку лідзіруючых прадпрыемстваў Беларусі [Табл. 2, 3]. Адным з буйнейшых прыватных прадпрыемстваў Мінска і Беларусі з'яўляецца ВПУП “Кніжны Дом”. Заснавана прадпрыемства ў 1994 г. і з'яўляецца афіцыйным прадстаўніком такіх расійскіх выдавецтваў у Беларусі, як “Владос”, “Гелеос”, “Мозаика-Синтез”. За час сваёй выдавецкай дзейнасці выпусціў каля 1500 найменняў кніг агульным тыражом звыш 15 млн. экз. [Табл. 2, 3]. Сярод выданняў “Кніжнага Дому” фундаментальныя энцыклапедыі і даведнікі, навукова-папулярныя выданні па эканоміцы, праву, медыцыне, рэлігіі, сацыялогіі, філалогіі; маляўнічыя выданні для дзяцей і літартурна-мастацкія творы для дарослых. “Кніжны Дом” мае шэраг разнастайных і працяглых кнігавыдавецкіх праектаў – гэта ў першую чаргу такія папулярныя серыі, як “Здоровье вашей семьи”, “Советы детского врача”, “Лечимся сами”, “Истоки здоровья”, “Домашний доктор”, “Гомеопатия для всех”. Некаторыя з выданняў паўтараюцца да 5–6 раз, напрыклад – “Всё о ребёнке первых трёх лет жизни” С. Зайцава (у 2007 г. – 5-е выд.), “NSP: справочник по биологически активным добавкам к пище…” (у 2007 г. – 6-е выд.). У 2006–2007 гг. выдавецтва значную увагу ўдзяляла выпуску літаратуры рэлігійнай тэматыкі. Так, у серыі “Религии мира” ў 2006 г. выйшлі – “Католичество”, “Православие”, “Протестанство”, “Буддизм”, “Индуизм”, “Ислам”, “Иудаизм”, “Христианство”, “Язычество”, а ў серыі “Народные традиции” – “Молитвослов”. Каля 2 тыс. артыкулаў, якія адлюстроўваюць гісторыю ўсіх сусветных рэлігій, змясціла ў сабе грунтоўная энцыклапедыя “Религия”, аб'ёмам каля 1000 старонак, якая выйшла ў 2007 г. у серыі “Мир энциклопедий”. Важкае месца ў рэпертуары “Кніжнага Дому” займаюць даведнікі (“Гражданское право” В. Падгрушы, “Трудовое законодательство”, “Юридическая служба предприятия” – усе ў 2003 г.), падручнікі і вучэбныя дапаможнікі па праву (“Конституционное правосудие” (2003); “История государства и права зарубежных стран” В. Сажынай (2005); “Торговое право” Н. Станкевіч (2005); “Всеобщая история государства и права” Дз. Тагунава (2005); “Конституционное право зарубежных стран” Г. Васілевіча (2006); “Фининсовое право” А. Піліпенкі (2006, 2007); “Международное частное право” В. Ціхіні (2007) і інш.). У выдавецтве выходзяць і шматлікія кніжныя серыі для дзяцей: “Страна чудес”, “Великие сказочники мира”, “Любимые сказки”, “Сказочная избушка”, “Сказки”, “Малышок”, “Мотылек: стихотворения малышам”, “Кроха”, “Магический глаз”, “Копилка советов”, “Сказки русских писателей”, “Русские волшебные сказки”, “Сказки для самых маленьких”. Не засталіся па-за ўвагай школьнікі і абітурыенты, для якіх у выдавецтве таксама ёсць свае серыі – гэта “Школьный курс”, “Репетитор”, “Тесты”, “Английский язык учим вместе”, “Экспресс-курс”. Выданні для вольнага часу “Кніжны Дом” збірае ў серыях “Современный детектив”, “Большая книга советов”, “Я познаю мир”, “Школа спецназа”, “Супершанс” і інш. Выданні “Кніжнага Дому” неаднаразова атрымлівалі высокія ўзнагароды рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў “Мастацтва кнігі”. Развівае традыцыі беларускай кніжнай культуры выдавецкае таварыства “Кавалер Паблішэрс”, якое было арганізавана ў Мінску ў 1991 г. Выдавецтва адно з нямногіх, што працуе ў класічным стылі кніжнага мастацтва з выкарыстаннем нацыянальнага каларыту, заўсёды кіруецца прынцыпам прыярытэтнасці мастацкай канцэпцыі афармлення кожнага выдання як цэласнага твора “мастацтва кнігі”. Практычна ўсе кнігі выдавецтва сталі лаўрэатамі Рэспубліканскіх конкурсаў “Мастацтва кнігі”. Пяць з іх – “Хоббит, или Туда и обратно” Дж. Толкіна (1996), “Сем цудаў Беларусі” У. Ягоўдзіка (1999), “Мальчик-с-пальчик” Я. Грыма (1999), “Чудесная избушка” (2001), “Буря” (2000) – атрымалі званне “Лепшае выданне года”, дзесяткі – атрымалі дыпломы, сярод іх – “Аповесць мінулых гадоў: Старонкі летапісу” (1999), “Песня аб паходзе Ігара” ў перакладзе Я. Купалы (2003). Кнігі ВТАА “Кавалер Паблішэрс” з поспехам экспанаваліся і на Міжнародных выставах-кірмашах у Франкфурце-на-Майне, Балонні, Празе, Варшаве. З 1997 г. выдавецтва сумесна з БелАКК арганізуе рэспубліканскі конкурс-выставу “Мастак і Кніга”, дзе заснавала свой спецыяльны дыплом “Чароўны матылёк” за ілюстрацыі да дзіцячых выданняў. З выдавецтвам супрацоўнічаюць такія таленавітыя беларускія мастакі, як Вячаслаў Валынец, Мікалай Байрачны, Валерый Славук, Уладзімір Вішнеўскі, Мікалай Казлоў, Павел Татарнікаў, Юрый Алісевіч, Ігар Гардзіёнак, Барыс Праказаў, Дзяніс Сінюгін і інш. Выдавецтва праводзіла значную работу па знаёмству з беларускай дзіцячай кнігай далёка за межамі Беларусі (у Швейцарыі, Браціславе), на разнастайных міжнародных форумах, дзе закраналіся праблемы дзіцячай кнігі і яе афармлення, чытання. У 2002 г. дырэктар выдавецтва Канстанцін Хацяноўскі быў абраны адным з пяці членаў Міжнароднага журы Балонскай выставы-кірмаша дзіцячай кнігі (Італія). Асноўныя прыярытэты ў выдавецкай дзейнасці “Кавалера” – літаратурна-мастацкія і вучэбныя выданні для дзяцей на рускай, беларускай, англійскай і нямецкай мовах, якія выходзілі ў серыях “Малышам о малышах”, “Сказочная Шекспириада”, “Русская народная сказка” і інш. Сапраўднай падзеяй у выдавецкай дзейнасці не толькі “Кавлера”, але і Беларусі сталі выданні з серыі “Сем цудаў Беларусі”, распачатай у 1999 г. Уладзімірам Ягоўдзікам і прадоўжанай Анатолем Бутэвічам – гэта зборнікі гістарычных нарысаў на беларускай мове пра старажытную і сярэдневяковую Беларусь, заснаваныя на легендарным уяўленні аб мінулым беларускай зямлі і прызначаныя дзіцячаму чытачу: “У гасцях у вечнасці” (2001), “Званы нямігі” (2002), “За наміткай гісторыі” (2003), “Адвечны покліч Радзімы” (2005), “Славутыя родам сваім” (2006). Мастацкае афармленне кніг выканаў Павел Татарнікаў, адзіны мастак-графік з Беларусі, удастоены вышэйшай еўрапейскай узнагароды ў галіне кніжнай ілюстрацыі “Залаты яблык” (Югаславія, 2001) за ілюстрацыі да зборніка беларускіх народных казак “Царэўна ў падземным царстве”. Кнігі ж серыі “Сем цудаў” за сваё мастацкае аздабленне атрымалі Дыпломы І ступені Рэспубліканскага конкурсу “Мастацтва кнігі”. Паліграфічнае выкананне серыі было ажыццёўлена на Мінскай фабрыцы каляровага друку. Для дарослых “Кавалер” заснаваў серыі “Новый роман нового века”, “Новые имена нового века”, “Кавалерия”. Традыцыйна выдавецтва займаецца афармленнем плакатаў, паштовак і іншага выяўленчага матэрыялу, у тым ліку, для Дзён беларускага пісьменства [Табл. 2, 3]. Сярод спецыялізаваных выдавецтваў Мінска (заснавана ў 1991 г.) “Амалфея”, адно са старэйшых беларускіх прыватных прадпрыемстваў, дзе вядучым накірункам у кнігавыданні з'яўляецца прававая літаратура, напрыклад, “Комментарий к Трудовому кодексу Республики Беларусь” (чатыры выданні), “Образцы договоров, используемыъх в хозяйственной деятельности с комментариями” (дзевяць выданняў), “Юридический справочник работника по кадрам” (3 выданні) і інш. На аснове архіўных дакументаў, навуковых і вучэбных выданняў падрыхтавана “История государства и права России в документах и материалах. 1930 – 1990 года” І. Кузняцова (2003); першым у Беларусі стаў “Комментарий к Уставу железнодорожного транспорта общего пользования” (2004). Афіцыйны дылер выдавецтва – ТАА “Дзікта”, якое таксама з'яўляецца выдавецтвам. У 2002 г. упершыню ў Беларусі “Амалфея” выпусціла электронныя кнігі “Налоги – 2002”, “Трудовой контракт нанимателя с работником”, якія з'яўляюцца зборнікамі нарматыўных актаў Рэспублікі Беларусь на CD аб'ёмам 8Мб. Акрамя таго ТАА “Амалфея” займаецца выданнем навейшых кніг па эканоміцы (“Словарь экономических и правовых терминов”), на замежных мовах (“Практическая грамматика английского языка” Н. Карпышавай, В. Янушкова, 2002). “Амалфея” адной з першых стала выкарыстоўваць ў працы са сваімі спажыўцамі магчымасці Інтэрнета. Выдавецтва мае і свой кніжны магазін [Табл. 1–3]. У 1993 г. у Мінску пачало працу выдавецтва “Чатыры чвэрці”, якое абрала для сябе асноўным кірункам у дзейнасці выпуск нотна-музычнай літаратуры. Так, у 1994–1996 гг. “Чатыры чвэрці” выпусціла першыя 6 назваў кніг і брашур тыражом 17 тыс. экз. [Табл. 2, 3]. Сумесна з арганізатарамі разнастайных Міжнародных музычных фестываляў, Міністэрствам культуры, Інстытутам праблем культуры рыхтаваліся як асобныя музычныя творы, так і зборнікі, падручнікі, выдавецкія камплекты да правядзення фестываляў. Аднак мастацтвазнаўчая тэматыка, адлюстраваная ў такіх выданнях, як “Время и музыка Михала Клеофаса Огинского” А. Залускага (1999); ілюстраваны альбом “Ветковская икона” Г. Нячаевай (2003), “Беларускае мастацтва дваццатага стагоддзя” (2003), “Заіграйце музыкі!: рэпертуарны зборнік для фальклорных калектываў” У. Грома (Ч.1–2, 1998), “Лариса Помпеевна Александровская: документальный театральный роман: в 7 действіях с прологом і эпілогом” А. Ладыгінай (2002), “Лица и судьбы: Портрет XVIII – нач. ХХ в. в собраниях Национального художественного музея Беларуси” Н. Марчанкі і К. Зелянога (2002), зборнік Ю. Чурко “Расставайтесь любя” (2003) і іншых стала займаць усё больш значнае месца ў працы выдавецтва. З 1993 г. “Чатыры чвэрці” прыступіла да распрацоўкі серыі “Нашы духоўныя каштоўнасці” (у 12 выпусках), мастацкае афармленне якой узяў на сябе вядомы беларускі мастак-графік Уладзімір Васюк. Выйшла пяць альбомаў – “Праваслаўныя святы” (1995), “Праваслаўнае дойлідства” (1995), “Крыж – краса царквы” (1996), “Прападобная Еўфрасіння Полацкая” (1997), “Праваслаўныя манастыры Беларусі” (2003). За дадзены праект выдавецтва было ўдастоена ў 1996 г. высокай адзнакі за “Духоўнае адраджэнне”. У 1998 і 2001 гг. выдавецтва ажыццявіла два выданні “Азбуки Православия”. Для пазашкольнага выхавання, арганізацыі вольнага часу дзяцей ТДА “Чатыры чвэрці” арганізавала выпуск кніг у серыі “В помощь педагогу-организатору”, у якой выйшла тры выпускі. У рэпертуары выдавецтва ёсць і кнігі фальклорна-этнаграфічнай, гістарыка-культурнай, рэлігійнай тэматыкі. Цалкам жа інтарэсы выдаўцоў знаходзяцца ў сферы культуры: аўтэнтычнай, духоўнай, – адраджэнне якой – галоўны прыярытэт выдавецтва. На 45-м Рэспубліканскім конкурсе “Мастацтва кнігі” Дыплом І ступені атрымала кніга-альбом выдавецтва “Успамін пра горад. Гісторыя Мінска ў фатаграфіях з калекцыі Васіля Каляды”. “Чатыры чвэрці” стала першым недзяржаўным выдавецтвам, выпусціўшым пра сваю дзейнасць асобнае выданне “О Вас, или черновик будущей книги” (2005) [40]. Рэкламна-выдавецкая фірма “Каўчэг” з моманту свайго стварэння ў 1990 г. таксама адным з кірункаў у дзейнасці вызначыла выпуск рэкламна-інфармацыйных і нотных зборнікаў беларускіх кампазітараў Ігара Лучанка, Міхаіла Фінберга. Сумесна з НТКА “Беларуская капэла” выйшлі такія выданні, як “Восіп Казлоўскі. 1757–1851” В. Дадзіёмавай (1995), кніга Гая дэ Пікарда “Царкоўная музыка на Беларусі. 989–1995” (1995), нотныя зборнікі Ніла Гілевіча і Яўгена Паплаўскага і іншыя. У выдавецтве былі рэалізаваны і шэраг праектаў выдання мастацкай літаратуры ў паэтычнай серыі “Ковчег” (Д. Строцаў, Ф. Аксёнцаў, А. Казанцава, Ю. Цыбін, Т. Сапач, А. Глобус, М. Мерман і інш.). Да афармлення кніг прыцягваліся такія мінскія мастакі, як А. Дарохін, А. Глобус, Л. Вольскі, У. Цэслер. У выдавецтве сістэматычна выходзілі матэрыялы міжнародных “Кірыла-Мяфодзіеўскіх чытанняў, прысвечаных Дням славянскага пісьменства і культуры” (VII–X), а ў серыі “В помощь духовному просвещению” з'явілася выданне “Читающему Священное писание” (2002). За час сваёй дзейнасці, 1991–2006 гг., цяпер ужо ТАА “Каўчэг” выпусціў 76 назваў кніг і брашур тыражом 161 тыс. экз. ТДА “Чатыры чвэрці” і ТАА “Каўчэг” сталі аднымі з першых прыватных выдавецтваў, якія далучыліся да адраджэння праваслаўнага кнігавыдання. Праўда, яшчэ ў 1990–1993 г. пачыналі сваю працу першынцы кнігавыдання праваслаўнага кірунку – гэта Выдавецкі аддзел Беларускага Экзархата, Брацтва ў гонар Віленскіх Мучанікаў, Брацтва ў імя Архістратыга Міхаіла; прыватныя выдавецтвы “Православная община” і “Свиток”, а з 1995 г. – “Виноград”, “Лучи Софии” і “Православная инициатива” – усе мінскія выдавецтвы. Сёння на першых пазіцыях рэлігійнага кнігавыдання стаіць выдавецтва Беларускага Экзархата, якое актыўна займаецца выпускам праваслаўнай літаратуры ў Беларусі [41]. З 1996 г. з'яўляюцца ў друку і грунтоўныя духоўна-асветныя выданні ТАА “Харвест”, з 2006 г. – ВПУП “Кніжны Дом”. Рэлігійнай тэматыцы былі прысвечаны і некаторыя выдавецкія праекты дзяржаўных выдавецтваў: “Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі”, “Беларусь”, “Народная асвета”, “Полымя”, “Ураджай”. За 1988–2006 гг. у Беларусі выйшла звыш 2 500 назваў кніг рэлігійнай (хрысціянаскай) тэматыкі. Выдавецкай дзейнасцю ў Мінску займаюцца таксама Рыма-каталіцкая парафія Святога Сымона і Святой Алены, выдавецтва “Про Хрысто” (з 2001 г.), Саюз евангельскіх хрысціян баптыстаў, Біблейскае Таварыства і іншыя, што стала яшчэ адной з праяў сучаснага кнігавыдання Беларусі. У выдавецкім рэпертуары Беларусі пэўнае месца займаюць і спецыяльныя электронныя выданні і аўдыёкнігі. ААА “Інва-сэрвіс” вось ужо на працягу 15 гадоў рэалізуе праекты для навучання дзяцей з парушэннямі зроку, ствараючы гукавыя кнігі. Выкарыстоўваючы спецыяльную рэдакцыйна-выдавецкую сістэму “Чтец”, якая дазваляе адаптаваць любую друкаваную кнігу да яе моўнага аналага за дастаткова кароткі час, кампанія падрыхтавала гукавую бібліятэку рускай літаратуры з больш чым 400 творамі для школьнага навучання, аўдыяпадручнік па гісторыі і інш. У 2006 г. падобныя электронныя выданні былі выпушчаны і пры ўдзеле Нацыянальнай бібліятэкі, і пры падтрымцы Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА – гэта падручнік “Говорящая электронная библиотека” і “Электронная библиотека – школьникам”, якія ўключаюць поўныя тэксты твораў беларускай і рускай літаратуры, у тым ліку творы для абавязковага пазашкольнага і самастойнага чытання для 9–10 класаў. Да выпуску аўдыёкніг маюць дачыненне і такія выдавецтвы, як “Аверсэв”, “Харвест”. Табліца 1. Вынікі дзейнасці вядучых выдавецтваў Мінска ў 1991–1996 гг.*
Табліца 2. Вынікі дзейнасці вядучых выдавецтваў Мінска ў 1997–2001 гг.
Табліца 3. Вынікі дзейнасці вядучых выдавецтваў Мінска ў 2002–2006 гг.
Табліца 4. Удзельная вага кнігавыдавецкай прадукцыі Мінска ў агульным кнігавыдавецкім патоку Беларусі
Табліца 5. Удзельная вага беларускамоўных выданняў у агульным кнігавыдавецкім патоку Беларусі
Дыяграма 1. Дынаміка выпуску кніжнай прадукцыі ў Мінску
|