Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Ад сярэднявечча – да новага часу.


Date: 2015-10-07; view: 1199.


ЛЕКЦЫЯ № 3

Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае

(другая палова XIII – пачатак XYI ст.);

Пытанні:

1. Палітычныя і сацыяльна-эканамічныя перадумовы фарміравання Вялікага княства Літоўскага.

2. Крэўская вунія і яе вынікі.

3. Дзяржаўны лад Вялікага княства Літоўскага. Сацыяльна-эканамічнае развіццё зямель у XIY – XYI стст.

4. Знешняя палітыка ВКЛ у XIY – XYI стст.

5. Кансалідацыя беларускай народнасці.

 

Літаратура да лекцыі № 3:

 

 

1. Насевіч В. Пачаткі ВКЛ: падзеі і асобы. – Мн., 1993.

2. Орлов. В.А. Тайны полоцкой истории. – Мн.: Беларусь, 1995.

3. Пашута В.Г. Образование Литовского государства. – М., 1989.

4. Спиридонов М.Ф. Закрепощение крестьянства Белоруссии (15 – 16 вв.). – Мн., 1993.

5. Статут ВКЛ 1588 г.: Тэкст. Даведнік. Каментарый. – Мн., 1989.

6. Тарасаў К. Памяць пра легенды: Постаці беларускай мінуўшчыны / Маст. А.У. Александровіч і інш. – 2-е выд., дап. – Мн.: Полымя, 1993.

7. Чаропка В. Імя ў летапісе. – Мн., 1994.

8. Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. – Мн., 1992.

 

 

№ 1. Прычынамі ўтварэння Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ) з'яўляюцца наступныя:

1. Знешнепалітычныя (геапалітычныя), звязаныя з геаграфічным становішчам беларускіх зямель i неабходнасцю пераадолець у сярэдзіне XIII ст. знешнюю небяспеку з боку нямецкіх рыцараў-крыжакаў з Захаду i мангола-татар з паўднёвага Усходу. Дзеля захавання у такіх умовах насельніцтва, што жыло на мяжы балцкіх i ўсходнеславянскіх зямель, трэба было аб'яднаць намаганні. У гэтым працэсе прымалі ўдзел таксама літоўскія, а пазней i ўкраінскія феадалы.

2. Унутрыпалітычныя, звязаныя з неабходнасцю пераадолець феадальную раздробленасць перад пагрозай знешняй небяспекі i сумеснымі намаганнямі дробных удзельных княстваў на беларускіх землях абараніць сябе. Такая з'ява, як феадалъная раздробленасць (княжацкія ўсобіцы), у сярэднія вякі была характэрнай для многіх краін Еўропы. Раздробленыя княствы аказваліся бездапаможнымі перад крыжакамі i мангола-татарамі. Патрэбна было іх аб'яднанне для падтрымкі i саюза ў барацьбе са знешнім ворагам.

3. Эканам1чныя, звязаныя з аддзяленнем рамяства ад сельскай гаспадаркі i пераадоленнем натурального характару гаспадаркі (калі ўсё, што выраблялася, выкарыстоўвалася ў гэтай гаспадарцы). Развіццё гандлёвых адносін паміж рознымі рэгіёнамі (тэрыторыямі) беларускіх зямель садзейнічала ix аб'яднанню. Узнікненне гарадоў як цэнтраў гандлю i абароны, дзе будаваліся ўмацаваныя дзядзінцы (крэпасці) спрыяла пашырэнню разнастайных сувязей паміж насельніцтвам. Пэўную ролю ў развіцці аб'яднальных працэсаў адыграў этнічны фактар (этнас — народ). На тэрыторыі Белаpyci ў выніку яе засялення славянскімі плямёнамі, якія змешваліся з мясцовымі балцкімі плямёнамі (славянізацыя балцкага насельніцтва), пачынаючы з V - VIII стст., склаліся племянныя аб'яднанні крывічоў-палачан, дрыгавічоў, радзімічаў. У IX—XII стст. у дзяржаўных межах Кіеўскай Русі склалася пэўная ўсходнеславянская супольнасць, якая у тагачасных гістарычных крыніцах атрымала назву «рускай».

 

Прычыны ўтварэння ВКЛ

 

абарона ад знешняй пагрозы     пераадоленне феадальнай раздробленасці     замацаванне эканамічных сувязей     замацаванне феадальных парадкаў

 

2. Працэс утварэння ВКЛ быў звязаны з паступовай актывізацыяй палітычнага жыцця ў Наваградку (сённяшні Навагрудак). У сярэдзше XIII ст. пачало ўзвышацца Наваградскае княства. Гэтаму спрыялі яго выгадная аддаленасць ад раёнаў змагання з крыжацкай i татарскай навалай, высокі ўзровень развіцця сельскай гаспадаркі, рамяства i гандлю, зацікаўленасць шматлікай гарадской знаці (заможных слаёў насельніцтва) у аб'яднанні вакол княства іншых зямель. Асноўныя падзеі, якія паклалі пачатак утварэнню ВКЛ, разгортваліся ў верхнім i сярэднім Панямонні — на тэрыторыі,: якая ахоплівае сучасныя паўночна-заходнія землі Беларусі (Гродзенская вобласць) i часткова ўсходнія землі сучаснай Літоўскай Рэспублікі. У дзяржаўнаўтваральных працэсах прынялі ўдзел усходнеславянскае хрысціянскае насельніцтва беларускіх зямель i балцкае язычніцкае насельніцтва літоўскіх. Тут да XIII ст. існавала менш развітая грамадская арганізацыя, так, напрыклад, не было значных гарадоў i пісьменнасці, затое мелася моцнае войска.

Згодна з меркаваннем некаторых гісторыкаў, менавіта Наваградскае княства і яго насельніцтва адыгралі важную ролю ў збіранні беларускіх зямель i ўтварэнні першапачатковага княства Літоўскага.

Некаторыя вучоныя лічаць, што вызначальную ролю ва ўтварэнні першапачатковага княства адыгралі літоўскія феадалы, якія захапілі беларускія землі. Летапіс паведамляе пра Jlimвy Міндоўга, аднаго з балцкіх князеў, які вымушаны быў у выніку міжусобнай барацьбы накіравацца разам з рэшткамі сваей дружыны з балцкай тэрыторыі ў суседні Наваградак. Тут гэты язычніцкі князь прыняў з палітычных меркаванняў хрысціянства i зрабіў горад сваей рэзідэнцыяй. 3 дапамогай наваградскага баярства ён адваяваў для сябе айчынную тэрыторыю, якую калісьці вымушаны быў пакінуць.

У Наваградку ў 1253 г. адбылася каранацыя Міндоўга. Ён стаў вялікім князем дзяржавы, якая пачалася з аб'яднання літоўскіх (часткі балцкіх) і часткі беларускіх, у т.л. і наваградскіх, зямель.

Пры сыне Міндоўга вялікім князю Войшалку(1263 – 1268 гг.), які быў таленавітым, дальнабачным і жорсткім палітыкам, межы княства пашырыліся. У свой час Войшалк быў манахам Лаўрышаўскага манастыра. Даведаўшыся аб забойстве бацькі, ён скінуў манаскія рызы і адпомсціў за бацьку, знішчыў шмат іншых князёў, што былі яго ворагамі.

Пры пляменніку Міндоўга князю Трайдзене (1270 – 1282 гг.) заходнія балты (прусы), якія ратаваліся ад крыжакаў, якія ратаваліся ад крыжакаў, былі паселены на беларускіх землях у наваколлі Слоніма і Гародні. У канцы XIII ст. пры вялікім князю Віценю (1293 – 1316 гг.) удалося дасягнуць адзінства новай дзяржавы. Шляхі пашырэння яе межаў былі рознымі. Беларускія землі далучаліся пераважна на дабраахвотна-дагаварной аснове.

 

Шляхі ўваходжання беларускіх зямель у склад ВКЛ.
Пагадненні (дагаворы) Полацкае княства са згоды мясцовых баяр і купцоў Падначаленне (без дагавора) Некаторыя княствы Заходняй Беларусі Шлюб Віцебскае княства праз шлюб дачкі князя з літоўскім князем Альгердам Вымарачна, калі не было спадчыннікаў

 

Пры вялікім князю Гедыміне (1316 – 1347 гг.) у склад ВКЛ увайшла большая частка сучасных беларускіх зямель. Тэрыторыя ВКЛ павялічылася прыкладна ў тры разы. Прыкладна тры чвэрці насельніцтва гэтай дзяржавы да сярэдзіны XIY ст. складала насельніцтва, якое даследчыкі адносяць да беларускага этнасу (беларускай народнасці).

Прынцыпам дзяржаўнага жыцця пры Гедыміне стаў наступны: “Не рушыць даўніны, не ўводзіць навізны”. Ён азначаў паважлівыя адносіны да зямельных уладанняў феадалаў і захаванне гістарычных традыцый насельніцтва ВКЛ, пераемнасць у палітычным і грамадскім жыцці. У 1323 г. Гедымін заснаваў сталую сталіцу дзяржавы ў Вільні. З гэтым горадам звязана наступнае гістарычнае паданне.

· Аднойчы пасля палявання князь Гедымін прылёг адпачыць і ў сне ўбачыў вялікага жалезнага ваўка, які выў так моцна, што было чуваць далёка. Тлумачэнне гэтаму сну было дадзена такое: трэба пабудаваць на той гары, дзе стаяў воўк, горад-крэпасць, які будзе непрыступным, як той жалезны воўк, а слава аб новым градзе распаўсюдзіцца далёка, як выццё ваўка, якое было чуваць усім людзям у наваколлі. Назва горада была звязана з ракой Віліяй.

Такім чынам, у склад новай дзяржавы паступова ўвайшлі сённяшнія літоўскія, беларускія, украінскія, частка рускіх зямель, дзе жылі як праваслаўныя, так і католікі. Гедымін, які быў мудрым правіцелем, не аддаваў перавагі ні праваслаўю, ні каталіцтву ў такой шматрэлігійнай дзяржаве, якой з'яўлялася ВКЛ. Усе народы, якія прымалі ўдзел ва ўтварэнні ВКЛ, найперш сучасныя літоўскі і беларускі, лічацца гісторыкамі спадкаемцамі гэтай дзяржавы.

 

№ 2. Пасля смерці вялікага князя Альгерда (1345 – 1377 гг.), сына Гедыміна, на пасадзе вялікага князя апынуўся Ягайла (1377 – 1392 гг.) – старэйшы сын ад другога шлюбу з цвярской княжной. Пачатак яго княжання суправаджаўся абвастрэннем міжусобнай барацьбы з дзядзькам Кейстутам(братам Альгерда) і братам Андрэем Полацкім – старэйшым сынам Альгерда ад першага шлюбу з віцебскай княжной. Андрэй Полацкі не прызнаў Ягайлу вялікім князем. Падзеі ў хуткім часе развіваліся наступным чынам: Ягайла запрасіў Кейстута разам з сынам Вітаўтам у Крэўскі замак, дзе Кейстут быў задушаны. Вітаўту ўдалося ўцячы з-пад варты, пераапрануўшыся ў жаночае адзенне служанкі, якая разам з яго жонкай наведала яго ў цямніцы (падзямеллі) Крэўскага замка.

Князь Андрэй Полацкі вымушаны быў пакінуць Полацк і заключыць саюз з маскоўскім князем Дзмітрыем Іванавічам, на баку якога ўдзельнічаў у 1380 г. у Кулікоўскай бітве супраць мангола-татар. Яго сапернік Ягайла, які выступіў на дапамогу татарам, заняў пазіцыю чакання, а калі ўбачыў, што татары нясуць паражэнне, не аказаў ім ніякаў дапамогі. Праз некалькі гадоў службы ў маскоўскага князя Андрэй Полацкі вярнуўся ў ВКЛ і перайшоў на службу да Вітаўта.

Вялікі князь Ягайла імкнуўся замацаваць уладу ў ВКЛ і разлічваў на падтрымку з боку Польскага Каралеўства. У сваю чаргу, знешняя небяспека з боку крыжакаў рабіла неабходным збліжэнне ВКЛ і Польшчы. Самой Польшчы таксама патрабавалася моцная каралеўская ўлада, бо ёю кіраваў адмоўна настроены да ўсяго польскага немец Людвік Венгерскі.

Крэўскае пагадненне было заключана 14 жніўня 1385 г. у Крэўскім замку. Адной з яго ўмоў стала патрабаванне буйных польскіх феадалаў, каб вялікі князь літоўскі, 36-гадовы Ягайла, ажаніўся з дачкой польскага караля 13-гадовай Ядвігай. Яна павінна была выйсці замуж пасля дасягнення 12-гадовага ўзросту за аўстрыйскага герцага Вільгельма. Вільгельм, які даведаўся, што нявесту хочуць аддаць другому, прымчаўся да яе ў Кракаў і дабраўся да замка. Аднак, польскім феадалам удалося пераканаць Ядвігу, якая не жадала быць жонкай Ягайлы – гэта ахвяра дзеля пашырэння каталіцкай веры і польскага ўплыву на беларуска-літоўскія землі.

· У 1386 г. адбыўся шлюб Ягайлы і Ядвігі, якая дала згоду . У шлюбе Ядвіга так і не ашчаслівіла Ягайлу дзецьмі, хаця яны пражылі разам 13 г. Ягайла ў будучым ажэніцца яшчэ тройчы, толькі апошняя жонка – 16-гадовая князёўна Соф'я Гальшанская, сасватаная 73-гадоваму каралю, народзіць яму сыноў, у тым ліку будучага вялікага князя літоўскага і караля Польскага Казіміра.

Ягайлу, які ў выніку шлюбу з Ядвігай (дынастычнай вуніі з Польшчай) далучыў да свайго вялікакняжацкага тытула і пасаду польскага караля, пры заключэнні Крэўскага пагаднення ставіліся і іншыя ўмовы. Ён павінен быў прыняць каталіцкую веру і ахрысціць у каталіцтва Літву. Пасля прыняцця каталіцтва Ягайла ўзяў імя Уладзіслаў.

Выдаў прывілей 1387 г. – грамату, якая надавала дадатковыя правы і вольнасці феадалам каталіцкага веравызнання і не распаўсюджвалася на праваслаўных феадалаў (неабмежаванае валоданне сваімі вотчынамі, вызваленне ад выканання дзяржпавіннасцей). Ягайла, у адрозненне ад свайго дзеда Гедыміна, імкнуўся зрабіць каталіцкую царкву пануючай у ВКЛ, што выклікала незадавальнене праваслаўнай часткі насельніцтва.

У 1413 г. дыскрымінацыя праваслаўнай знаці стала яшчэ больш выразнай. Забараняліся шлюбы паміж католікамі і праваслаўнымі, на высокія пасады назначаліся толькі католікі, праваслаўныя не маглі выбіраць вялікага князя. Назравала незадавальненне ў краіне. У такіх умовах Ягайле цяжка было адначасова трымаць уладу ў Польскім каралеўстве і захоўваць яе за сабой у ВКЛ. Паміж Ягайлам і Вітаўтам пачалася міжусобная барацьба, якая завяршылася заключэннем у 1392 г. Востраўскім пагадненнем: Ягайла перадаваў уладу ў ВКЛ Вітаўту, які стаў вялікім князем літоўскім, а сам заставаўся вялікім князем літоўскім і каралём польскім. Пры Вітаўце ВКЛ у пачатку XY ст. стала адной з буйнейшых па сваёй тэрыторыі дзяржаў у Еўропе. Паэт Мікола Гусоўскі ў сваёй паэме “Песня пра зубра” (1523 г.), назваў час княжання Вітаўта (1392 – 1430 гг.) “залатым векам” у гісторыі ВКЛ.

У 1430 г. вялікім князем літоўскім стаў малодшы сын Альгерда Свідрыгайла (1430 – 1432 гг.). Яго апорай былі феадалы праваслаўнага веравызнання, прыцягваў іх да дзяржаўнага кіравання, раздаваў замкі і пасады. Гэта выклікала незадаволенасць літоўскіх феадалаў. Дамовіўшыся між сабой, яны абвясцілі вялікім князем Жыгімонта Кейстутавіча (1432 – 1440 гг.). Адбыўся раскол ВКЛ. У 1435 г. войскі Жыгімонта нанеслі паражэнне войскам Свідрыгайлы ў бітве пад Вількамірам. Варта заўважыць, што не розніца ў веры выклікала супярэчнасці ў палітычным жыцці. Іх параджала імкненне феадалаў таго ці іншага веравызнання ўдзельнічаць у кіраванні дзяржавай. Толькі пасля выдання двух прывілеяў 1432г., 1434, праваслаўная і каталіцкая знаць ураўняліся ў правах.

У выніку забойства Жыгімонта ў 1440 г. была ліквідавана дзяржаўная вунія ВКЛ з Польшчай. Наступны кіраўнік ВКЛ Казімірпасля абрання яго на польскі трон устанавіў персанальную (асабістую) унію, пры якой ВКЛ захоўвала сваю самастойнасць.

 

№ 3. Дзяржаўны лад ВКЛ у час Гедыміна, Альгерда і Вітаўта уяўлялі сабой неабмежаваную манархію – уладу аднаго кіраўніка ў дзяржаве. Яго абавязкамі былі абарона краіны, выданне законаў, ажыццяўленне дыапламатычных зносін з іншымі краінамі, аб'яўленне вайны і заключэнне міру, распараджэнне дзяржаўнай казной, прызначэнне на дзяржаўныя пасады.

У час княжання Аляксандра Казіміравіча ўлада вялікага князя была абмежавана радай (ад слова “раіцца”) – спачатку толькі дарадчым, а потым заканадаўчым і распарадчым органам дзяржаўнай улады ў ВКЛ. Рада паступова набыла яшчэ адну назву – “паны-рада”. У яе склад уваходзілі найбуйнейшыя феадалы-землеўласнікі, якіх з канца XIY ст. называлі “панамі”, і вышэйшыя службовыя асобы: ваявода; канцлер – кіраўнік вялікакняжацкай канцылярыі, хавальнік вялікай дзяржаўнай пячаткі; падскарбі – загадчык дзяржаўнага скарбу; гетман – начальнік войска і інш. “Паны-рада” адасобіліся ў самастойны і незалежны ад вялікага князя орган улады.

У канцы XY ст. канчаткова аформіўся другі вышэйшы орган дзяржаўнага кіравання ў ВКЛ – агульны (вальны) сойм, на пасяджэннях якога маглі прысутнічаць усе феадалы княства, а пазней – па 2 дэпутаты ад кожнага павета. На соймах вырашаліся пытанні аб вайне і міру, аб падатках і законах, аб выбранні вялікага князя.

Такім чынам, адбылося абмежаванне ўлады вялікага князя за кошт пашырэння ролі феадалаў. У адрозненне ад ВКЛ у Заходняй Еўропе, наадварот, адбываўся працэс цэнтралізацыі ўлады, пры якім улада засяроджвалася ў руках манарха. У ВКЛ адзінаўладдзе паступова ператвараецца ў саслоўна-прадстаўнічую манархію. Роля паноў-рады і вальнага сойму ў дзяржаўным кіраванні становіцца вышэйшай за ролю вялікага князя. Ён заставаўся першай асобай у дзяржаве, аднак не быў адзінаўладцам і падпарадкоўваўся панам-рады.

Гаспадарчае жыццё ВКЛ характарызавалася існаваннем і пэўнымі суадносінамі паміж рознымі саслоўямі – групамі насельніцтва, якія мелі свае спадчынныя правы і абавязкі. Вырашальную ролю адыгрывалі буйныя феадалы – землеўладальнікі. У іх асабістым карыстанні знаходзіліся землі, якія можна было прадаваць, дарыць, абменьваць. Буйных землеўладальнікаў называлі панамі. Яны займалі вышэйшыя дзяржаўныя пасады, уваходзячы ў склад паноў-рады. Самых буйных землеўладальнікаў называлі магнатамі. Большасць феадалаў стала называцца ў XYI ст. шляхціцамі.

Вялікі князь быў найбуйнейшым уладальнікам дзяржаўных зямель. Іх колькасць пашыралася ў выніку далучэння да ВКЛ новых тэрыторый.

Самую вялікую частку насельніцтва складалі сяляне, якія ў XIY – XY стст. з землеўласнікаў сталі землекарыстальнікамі. Сяляне-землекарыстальнікі падзяляліся на пахожых (вольных) - тых, хто меў права пераходзіць свабодна ад аднаго феадала да другога, і непахожых (прыгонных) – тых, каму такі пераход забараняўся. Іх права асабістай уласнасці на зямлю не мела юрыдычнага замацавання, г. зн. пацвярджэння законам ВКЛ у адрозненне ад правоў на зямлю феадалаў.

У 1447г. вялікі князь Казімір выдаў прывілей, што даў пачатак афармленню залежнасці сялян, валоданне зямлёй на правах поўнай уласнасці. У 1468 г. быў складзены Судзебнік Казіміра – першы зборнік юрыдычных законаў ВКЛ. Згодна з гэтым дакументам сяляне пазбаўляліся права свабоднага пераходу ад аднаго феадала да другога – яны прымацоўваліся да зямлі, на якой жылі і якую апрацоўвалі. Выданне Судзебніка азначала юрыдычнае афармленне запрыгоньвання сялян – страты сялянамі права ўласнасці на зямлю і ператварэннt іх у залежных ад феадала.

Статут 1529 г. адмаўляў сялянам у праве прыватнасці на зямлю. Статуты 1566 г., 1588 г. устанаўлівалі 10-і, а потым 20-ігадовы тэрмін пошуку беглых сялян. Гэта з'явілася канчатковым афармленнем прыгоннага права ў Беларусі і ВКЛ: сялян цяпер можна было прадаваць, судзіць, мяняць і г.д.

Асноўную частку сялянства, якая карысталася зямельнымі надзеламі феадала, складалі так званыя цяглыясяляне, чыя асабістая залежнасць была нязначнай. За карыстанне зямлёй феадала сяляне павінны былі выконваць паншчыну – адпрацоўку пэўнай колmкасці дзён на зямлі феадала або плаціць чынш – грашовы аброк (падатак) за карыстанне зямельным надзелам. Сялян, якія аддавалі дзякла – натуральную даніну сельскагаспадарчымі прадуктамі за карыстанне зямлёй феадала – называлі даннікамі. З XY ст. яны плацілі чынш. Яшчэ адна група сялян не мела сваёй уласнай гаспадаркі і жыла пры двары феадалаў, выконваючы розную працу ў яго гаспадарцы. Такіх сялян называлі часта дваровымі.

Акрамя існаваў цэлы шэраг дадатковых павіннасцей: талокі – сумесныя сезонныя гаспадарчыя работы, якія выконваліся ўсімі сялянамі разам, гвалтыці згоны – агульныя тэрміновыя работы (будаўніцтва дарог, мастоў).

У IY – XY стст. пэўную частку насельніцтва ВКЛ складалі жыхары гарадоў, якія ўносілі свой уклад у гаспадарчае развіццё краіны. У гарадах жылі купцы, рамеснікі, шляхта з прыслугай і нават сяляне. Карэнных вольных гараджан называлі мяшчанамі, г. зн. жыхарамі места – горада. Побач з гарадамі існавалі мястэчкі – невялікія паселішчы гарадскога тыпу.

Станоішча гарадоў у XIY – XY стст. вызначалася тым, што каля 40 % усіх гарадоў былі прыватнаўласніцкімі, г. зн. знаходзіліся ў прыватнай уласнасці ў феадалаў. Насельніцтва прыватных і гаспадарскіх (дзяржаўных) гарадоў імкнулася пазбавіцца ад феадальнай залежнасці, што праяўлялася ў барацьбе жыхароў за пашырэнне сваіх правоў. З канца XIY ст. вялікія князі, улічваючы імкненні гарадскіх жыхароў сваімі граматамі сталі дараваць гарадам магдэбургскае права або права на самакіраванне (яго назва паходзіць ад нямецкага горада Магдэбурга, які першы ў гісторыі ў XIII ст. атрымаў такое права). Паводле такога права гараджане вызваляліся ад феадальнай залежнасці і стваралі свае органы ўлады – магістрат, а таксам суд, а рамеснікі – свае рамесныя аб'яднанні. У адрозненне ад Заходняй Еўропы цэхі рамеснікаў і гільдыі (саюзы) купцоў узніклі ў беларускіх гарадах толькі ў XYIст.

Магістрат з'яўляўся выбарным органам гарадскога самакіравання. Ён складаўся з гарадской рады, якую выбіралі самі гараджане і лавы – органа па судовых справах (назва “лава” паходзіць ад таго, што абвінавачаных садзілі ў час заслухоўвання справы на звычайную лаву). Гэтыя органы самакіравання ўзначальвалі адпаведна бурмістр і войт. Для магістрата ў гарадах пазней пачалі ўзводзіцца спецыяльныя будынкі – ратушы з гарадской вежай і гадзіннікам на ёй.

Першым з гарадоў ВКЛ магдэбургскае права атрымаў ў 1387г. г. Вільня. Першым вольным горадам на сучаснай тэрыторыі Беларусі стаў у 1390г. г. Берасце. Самы старажытны горад Беларусі Полацк набыў магдэбургскае права ў 1498г., Мінск – у 1499 г.

Гарады ў XY – XYI стст. паступова ператварыліся ў рамесна-гандлёвыя цэнтры. Тут існавала шмат розных відаў рамёстваў, працавалі рынкі - месцы, дзе ганлявалі прадуктамі і вырабамі рамяства. Адзін раз у год праводзіліся сезонныя кірмашы, у якіх удзельнічалі як мясцовыя, так і замежныя купцы.

 

№ 4. Барацьба з крыжацкай навалай. У пачатку XIII ст. на беларускіх землях пачынаецца барацьба з нямецкімі рыцарамі-крыжакамі, якія, пашыраючы хрысціянскую (каталіцкую) веру, пачалі захоп чужых тэрыторый, так званы націск на Усход. Сумеснымі намаганнямі крыжакоў і каталіцкай царквы былі створаны ваенна-рэлігійныя арганізацыі – ордэн Мечаносцаў (Лівонскі ордэн) і Тэўтонскі ордэн. У 1237 г. яны аб'ядналіся і стварылі на захопленых землях дзяржаву са сталіцай у Мальбарку (Прусія).

Заваёўніцкія планы крыжакоў сутыкнуліся з інтарэсамі Полацка і пагражалі стратай падуладных яму зямель у ніжнім цячэнні Заходняй Дзвіны, дзе знаходзіліся гарады-крэпасці Кукенойс і Герцыке. У змаганні з крыжакамі вызначыўся пры абароне горада-крэпасці Кукенойс князь Вячка(Вячаслаў), што паходзіў з дынастыі полацкіх князёў. Аднак пад націскам пераўзыходзячых сіл крыжакоў мужны князь мусіў спаліць у 1208 г. крэпасць. Праз год крыжакамі быў спалены Герцыке. Пяць разоў спрабавалі крыжакі захапіць Полацк.

Барацьба з крыжакамі магла быць паспяховай толькі пры замацаванні палітычных сувязей паміж тэрыторыямі, якія падвергліся іх нападу. Так, у буйной бітве жыхароў Ноўгарада са шведскімі рыцарамі па рацэ Няве ў 1240 г. выключнай адвагай вылучыўся воін-палачанін Якаў, што пацвярджае агульны характар справы змагання з рыцарамі-крыжакамі. Дарэчы, пераможца бітвы князь Аляксандр Неўскі быў жанаты з дачкой полацкага князя Брачыслава. Такі саюз спрыяў паражэнню крыжакоў і перамозе войска А. Неўскага ў 1242 г. у бітве на Чудскім возеры, якая атрымала назву лядовага пабоішча.

Грозная і небяспечная навала крыжакоў з Захаду стала адной з прычын, якія абумовілі ўтварэнне ВКЛ. Чатыры разы крыжакі спрабавалі захапіць Наваградак. У 1314г. стараста горада Гародні (Гродна) Давыд Гарадзенскі са сваёй дружынай адбіў іх нападзенне на замак у Навагрудку.

У 1331 г. пры вялікім князю Гедыміне адбылася пераможная бітва войска ВКЛ з рыцарамі Тэўтонскага ордэна на рацэ Акмяне (тэрыторыя сучаснай Літвы).

Рашаючае значэнне ў барацьбе з пранікненнем крыжакоў на ўсход мела Грунвальдская бітва. У 1408 г. на нарадзе польскага караля Ягайлы і вялікага князя літоўскага Вітаўта было прянята рашэнне аб вайне з крыжакамі. Галоўнай падзеяй вайны стала адна з буйнейшых бітваў сярэдневечча – 15 ліпеня 1410 г. пад Грунвальдам (сёння Дуброўна ў Польшчы).

· Паміж аб'яднанымі саюзніцкімі сіламі польска-літоўска-беларускага войска і Тэўтонскім ордэнам. Войскі ВКЛ налічвалі 40 харгваў – баявых атрадаў колькасцю ад 60 да 600 коп'яў. Кап'ём называлася баявая тройка: рыцар-вершнік, збраяносец-парабак і лучнік. Харугвы ВКЛ узначаліў вялікі князь літоўскі Вітаўт, які за свае баявыя якасці атрымаў мянушку “Гром перамогі”. Польскае каралеўства выставіла 50 харугваў. Агульнае кіраўніцтва аб'яднаным войскам саюзнікаў ажыццяўляў польскі кароль Ягайла. У аб'яднаным войску былі харугвы з Украіны, руская дружына з Ноўгарада Вялікага, атрад з Чэхіі пад кіраўніцтвам будучага героя гусіцкага руху Яна Жыжкі і татарская конніца. Па падліках гісторыкаў войска саюзнікаў налічвала каля 40 тыс. чалавек.

Войска крыжакаў мела больш за 30 тыс. воінаў, у іх было лепшае ўзбраенне. Кіраваў імі вялікі магістр Тэўтонскага ордэна Ульрых фон Юнгінген. Паражэнне Тэўтонскага ордэна азначала крах 200-гадовай крыжацкай агрэсіі (напад адной дзяржавы на другую) у Еўропе. Перамога над крыжакамі значна павысіла аўтарытэт ВКЛ і Польскага каралеўства сярод іншых краін.

 

2. Барацьба з татарскімі набегамі на беларускіх землях пачынаецца ў 1240 – 1241 гг. Да гэтага часу належаць летапісныя звесткі аб рабаўніцтве Берасця мангола-татарамі, радзімай якіх былі стэпы Манголіі. Да з'яўлення ў беларускіх землях яны заваявалі Кітай, Сярэднюю Азію, Закаўказзе, большую частку рускіх зямель і ўтварылі сваю дзяржаву – Залатую Арду ад Ціхага акіяна да Чорнага мора. Татарскія набегі ўяўлялі агульную для беларускага і рускага набегаў знешнюю небяспеку. На рускіх землях качэўнікі-заваёўнікі ўсталявалі сваю ўладу і кіравалі праз выдачу мясцовым князям грамат – ярлыкоўна права збору даніны для перадачы яе мангола-татарскаму хану або збіралі яе самі, пасылаючы на рускія землі яе зборшчыкаў – баскакаў. На беларускія землі мангола-татары ажыццяўлялі асобныя напады, рабавалі мясцовых жыхароў, бралі іх у палон, аднак сваёй трывалай улады не ўсталявалі.

У 1363 г. вялікі князь Альгерд разбіў трох татарскіх ханаў на рацэ Сінія Воды (Сучасная Украіна). У выніку гэтай перамогі мангола-татары былі выцеснены з украінскіх зямель. 7 верасня 1380 г. князь Андрэй Полацкі ўдзельнічаў у Кулікоўскай бітве супраць мангола-татар на баку маскоўскага князя Дзмітрыя Іванавіча, які за перамогу ў бітве быў празваны Данскім. Трагічна завяршылася для войска ВКЛ на чале з вялікім князем Вітаўтам у 1399 г. бітва на рацэ Ворскле (сучасная Украіна) з правіцелямі Залатой Арды.

Варта заўважыць, што з канца XIY ст. пачынаецца рассяленне татараў, якія трапілі ў палон у час набегаў і бітваў на беларускіх землях. ВКЛ з'яўлялася шматнацыянальнай дзяржавай, дзе акрамя ўсходнеславянскіх і балцкіх народаў сталі пражываць татары, якія складалі этнічную меншасць, г зн. невялічкі па колькасці, у параўнанні з асноўным насельніцтвам краіны, народ. Татарская конніца ў якасці саюзніцы ўдзельнічала на баку войска ВКЛ у Грунвальдскай бітве. У старажытным Менску месца пасялення татараў вядома пад назвай “татарскі канец” (раён сучаснага Палаца спорту па праспекце Машэрава). Татарскае насельніцтва ўнесла пэўны ўклад у развіццё гаспадаркі і культуры ВКЛ.

 

 

№ 4 Народнасць– форма тэрытарыяльнай, эканамічнай і культурнай супольнасці людзей, якая ўтвараецца гістарычна ў выніку кансалідацыі, зліцця плямён і папярэднічае ўтварэнню нацыі. Асноўнымі прыкметамі народнасці з'яўляюцца: адносная агульнасць мовы, агульнасць тэрыторыі, культуры, пэўныя гаспадарчыя сувязі, этнічная самасвядомасць і саманазва.

Існаванне Вялікага княства Літоўскага стварала новыя ўмовы для далейшага фарміравання беларускай народнасці. Беларуская народнасць, як руская, украінская, утваралася паступова на аснове старажытнарускай народнасці.

Фактары, якія садзейнічалі фарміраванню беларускай народнасці:

1. Палітычны. У параўнанні з этапам феадальнай раздробленасці ВКЛ прадстаўляла новы, больш высокі ўзровень палітычнай, дзяржаўнай і сацыяльна-эканамічнай арганізацыі зямель. Супольнае спрацьстаянне народаў ВКЛ мангола-татарскім набегам, агрэсіі нямецкіх феадалаў садзейнічала ўмацаванню сувязей паміж рознымі тэрытарыяльнымі часткамі насельніцтва Беларусі, яго кансалідацыі і інтэграцыі з суседнімі народамі. У межах ВКЛ ліквідавалі сістэму мясцовых княжанняў, быў створаны інстытут намесніцтва, адзінае дзяржаўнае кіраванне, адзінае заканадаўства, што сведчыла аб складванні сістэмы палітычна-прававой цэнтралізацыі ў краіне, узмацненні палітычных сувязей паміж яе рознымі тэрыторыямі (праўда, асобныя яе землі заставаліся аўтаномнымі, што ўскладняла працэс фарміравання народнасці).

2. Эканамічны. Эканамічнай асновай этнаўтваральных працэсаў з'явіліся далейшае развіццё сельскай гаспадаркі (замена 2-хполля 3-хполлем), удасканаленне рамяства (ганчарства, ткацтва, бандарства, слясарства, выраб паперы, шклу, кнігадрукарства), пашырэнне гандлю на тэрыторыі ад Прыпяці да Заходняй Дзвіны і ад Нёмана да Дняпра, рост гарадоў. Развіццё таварна-грашовых адносін садзейнічала этнічным, эканамічным, сацыяльным кантактам, этнакультурнай і моўнай інтэграцыі (але, аб'яднальныя працэсы абмяжоўваліся стварэннем лакальных рынкаў вакол мястэчак і гарадоў).

3. Сацыяльны. Далейшае развіццё феадальных адносін, паступовае ўсталяванне прыгоннага права садзейнічалі кансалідацыі шматлікіх катэгорый насельніцтва зямель Беларусі ў сацыяльныя групы з агульнымі правамі і абавязкамі для кожнай з іх. Так, розныя катэгорыі свецкіх феадалаў кансалідаваліся ў шляхецкае саслоў, фарміраваліся саслоўі прыгонных сялян і мяшчан, асобным саслоўем з'яўлялася духавенства.

4. Канфесійны. Канфесійныя антаганізмы актывізавалі складванне і ўмацаванне розных форм самасвядомасці насельніцтва. Большасць усходнеславянскага насельніцтва прытрымлівалася праваслаўя. Аднак, пасля Крэўскай вуніі пачалося актыўнае наступленне каталіцкай веры (літоўскай шляхце, якая прымала каталіцтва, былі дадзены прывілеі, якіх не мела праваслаўная шляхта. Да актыўнага ўдзелу ў дзяржаўных справах доўгі час не дапускаліся таксама і вышэйшыя колы праваслаўнага духавенства.).

Такім чынам, сукупнасць дзейнасці этнаўтваральных фактараў спрыяла фарміраванню беларускай народнасці і такіх яе агульных прыкмет, як этнічная тэрыторыя, адносная агульнасць мовы, матэрыяльная і духоўная культура, этнічная самасвядомасць і саманазва.

 

Тэрыторыя: Узнікненне беларускай народнасці і яе развіццё былі перш за ўсё звязаны з тэрытарыяльным адзінствам рассялення яе старажытных продкаў – крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў. У XIY ст. Бранскае царства, у XY ст. – Смаленская зямля былі часова ўцягнуты ў этнічныя працэсы ВКЛ. На фарміраванне этнічнай тэрыторыі беларускай народнасці ўплывалі каланізацыйныя працэсы, якія адбываліся ў розных рэгіёнах Занёмання, Падляшша, Папрыпяцця, Паўночна-Заходняй тэрыторыі.

Праўда, у склад беларускага этнасу былі ўліты асобныя групы заходнеславянскага (польскага), балцкага (літва, латыголы, прусы, яцвягі, жамойты) і цюркскага (татары) насельніцтва. Яны жылі побач са славянамі і з'яўляліся дадатковым кампанентам утварэння беларускай народнасці (іх наяўнасць не парушала цэласнай этнічнай тэрыторыі).

Мова. На працягу XIY – XYI стст. На аснове старажытнарускай мовы развіваліся спецыфічныя рысы беларускай гаворкі, як цвёрдае “р” (рабіна, бяроза), “дзеканне” і “цеканне” (дзеці, цень), “аканне” і “яканне” (кароль, лебяда), прыстаўныя гукі на пачатку слова (восень). Фарміравалася гутарковая мова як сродак зносін паміж людзьмі. У лексіку гэтай мовы траплялі запазычанні з польскай, балцкай і некаторых заходнееўрапейскіх моў, што надавала ёй спецыфічную афарбоўку. Беларуская літаратурная мова склалася канчаткова як самастойная моўная сістэма у другой палове XYI ст.

Этнічная самасвядомасць – усведамленне сваёй прыналежнасці да пэўнага народа, да пэўнай культурнай сістэмы. На бытавым узроўні яна звязваецца з аўтэнтычнасцю паходжання і выяўляецца ў размежаванні “сваіх” (тутэйшых) і “чужых” (“ненаськіх”), у супрацьпастаўленні “мы - яны”.

Асновай этнічнай самасвядомасці, апрача мовы, з'яўляецца гістарычная памяць, адносіны да Бацькаўшчыны, усваенне культурных здабыткаў свайго народа, нацыянальны менталітэт (ад французскага “склад душы”, “лад мыслення”). Значны час насельніцтва беларускай тэрыторыі ВКЛ называла сябе рускімі і сваю мову рускай. Гэта абумовіла тую акалічнасць, што самасвядомасць і саманазва беларусаў фарміравіліся пазней за іншыя этнічныя прыкметы.

Матэрыяльная і духоўная культура базіравалася на шэрагу элементаў, атрыманых у спадчыну найперш са старажытнарускага часу, а таксама на новаўвядзеннях, запазычаннях у суседніх народаў.

 

Як праблема паходжання беларусаў, так і праблема паходжання назвы “Белая Русь” да канца не высветлена.

1. Белая Русь – прыгожая (Макарый, XYI ст.)

2. Многа снегу – (Герберштэйн, XYI ст.)

3. Вольная ад татар (Тацішчаў, XYIII ст)

4. Жыхары светлавалосыя і светлавокія (Янчук, XX чт.)

5. Хрысціянская, а не язычніцка (Юхо)

6. Белы колер народнага адзення (Караткевіч)

У гістарычных дакументах XII ст. тэрмін “Белая Русь” ужываўся ў дачыненні да Уладзіміра-Суздальскага княства, толькі ў XIII ст. у адносінах да Смаленскіх, Пскоўскіх і ўсходнебеларускіх зямель. Між іншым, у большасці пісьмовых крыніц XIY – XYI стст. (у запісах чужаземцаў, летапісах, хроніках) адлюстроўваюцца уяўленні аб “Белай Русі” як тэрыторыі, што ахоплівае ўсе або значную частку рускіх зямель (Паўночна-Усходняя Русь, Наўгародска-Пскоўскія землі, усю або ўсходнюю частку Беларусі, частку Украіны у межах ВКЛ). Асноўным цэнтрам “Белай Русі” ў чужаземных крыніцах да с. XYI ст. называецца Масква. У рускіх крыніцах XY ст. “Белая Русь” атаясамліваецца з “Вялікай Маскоўскай Руссю”.

У канцы XY – XYI стст. у літаратурных крыніцах усё больш выразна прасочваюцца уяўленні аб Белай Русі як адасобленай уласна беларускай ці беларуска-ўкраінскай або беларускай і часткова рускай тэрыторыі. Такім чынам, у сярэдзіне XYI ст. тэрмінам Белая Русь сталі называць тэрыторыю Міншчыны, Гродзеншчыны, а ў XYII – XYIII стст. тэрмін Белая Русь распаўсюдзіўся і на Палессе.

Тэрмін “Чорная Русь ” паступова замацаваўся за заходняй часткай “Белай Русі”. Гэты тэрмін у крыніцах упамінаецца пазней, чым “Белая Русь”. Упершыню гэта назва ўпамінаецца ў XIII ст. (1284 г.) і называла не заходнюю частку тэрыторыі сучаснай Беларусі, а Галіцка-Валынскую зямлю (сучасная Украіна). Як назва этнічнай тэрыторыі пачынае замацоўвацца з канца XYI ст.

Часцей за ўсё найменне тлумачаць па-рознаму:

1. Супрацьпастаўленне тэрміну “Белая Русь”

2. Чорная Русь – залежная тэрыторыя (Салаўёў)

3. Чорная – язычніцкая (Юхо)

4. Гэтая назва дадзена балтамі. Згодна з балцкай традыцыяй, чорны колер азначае захад, а белы – усход (Піліпенка).

З канца XYIII ст. тэрмін “Чорная Русь” перастаў ужывацца, паглынуўся тэрмінам “Белая Русь”.

Сучасная форма назвы Беларусь стала ўжывацца ў канца XYIII – XIX стст., а яе пашырэнне на ўсю сучасную тэрыторыю краіны адбывалася яшчэ пазней і было звязана з развіццём наыянальнага руху і працэсамі фарміравання беларускай нацыі.


<== previous lecture | next lecture ==>
Этыкет ліставання. | Гетьманщина: початок занепаду вільної української преси
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 1.184 s.