Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Лекцыя 4. Аратарская проза


Date: 2015-10-07; view: 1798.



Пра жыццё старабеларускага пісьменнніка, прапаведніка, царкоўнага дзеяча Кірылы Тураўскага (1130 – 1182) звестак няшмат. Ён спасціг найвышэйшыя навукі і мастацтвы ад грэцкіх настаўнікаў. Па-майстэрску валодаў стараславянскай мовай, глыбока ведаў візантыйскую культуру, асабліва красамоўства і паэзію. Каля 1169 г. стаўся епіскапам Тураўскім. Да яго літаратурнай спадчыны належаць казанні, каноны і малітвы. Існуе думка, што менавіта Кірыла быў аўтарам знакамітага помніка культуры Сярэднявечча "Слова аб палку Ігаравым" Карціна А. Марачкіна.


 

Значнага развіцця дасягнула на Русі аратарская проза. Яна ўзнікла пад уплывам класічных узораў грэка-візантыйскай патрыстыкі, створанай айцамі царквы. Помнікі царкоўнага і свецкага красамоўства паводле характару падзяляюцца на дыдактычныя (павучальныя) і эпідэктычныя (урачыстыя). Сярод нешматлікіх твораў арыгінальнай агульнаўсходнеславянскай павучальнай літаратуры найбольш вядомы павучанні Лукі Жыдзяты, Феадосія Пячорскага і Уладзіміра Манамаха, у якіх аўтары, зыходзячы з прынцыпаў хрысціянскай этыкі і народнай маралі, выкладаюць правілы паводзінаў чалавека.

 

Вядомым прадстаўніком урачыстага красамоўства старажытнай Русі быў кіеўскі мітрапаліт Іларыён. Яму належыць славутае «Слова пра закон і прасвяду»[1] (1037–1050). Асноўны змест гэтага твора – услаўленне новай веры і магутнасці Кіеўскай дзяржавы; галоўная ідэя – палітычная і царкоўная незалежнасць Русі ад Візантыі, услаўленне Русі як роўнай сярод роўных, раўнапраўе ўсіх хрысціянскіх народаў. “Слова” вылучаецца канструктыўнай выразнасцю: мае 3 часткі, што лагічна звязаныя паміж сабою. Пабудаванае паводле законаў лагічнае дэдукцыі (з агульных тэзаў вынікаюць прыватныя). Паводле формы – тыповая царкоўная казань. Паводле сэнсу – палітычная прамова, у якой асвятляліся актуальныя пытанні часоў княжання Яраслава Мудрага. 1 частка – багаслоўскае пытанне пра ўзаемадачыненне двух Запаветаў: Старога і Новага. Стары Запавет – Закон, а Новы Запавет – Ласка Божая (прасвяда). Закон папярэднічае Ласцы Божай, ён распаўсюджаны сярод іўдзейскага народа, а Ласка Божая – сярод усіх хрысціянскіх народаў. Закон – святло месяца, Ласка Божая – зіхаценне ісціны. Узаемаадносіны Бога і людзей у эпоху іўдзейства ўсталёўваліся Законам, а ў эпоху хрысціянства – Ласкай Божаю. Іларыён падкрэслівае сусветны характар Новага Запавета ў параўнанні з абмежаванасцю і замкнёнасцю ў адным народзе Старога Запавета. 1 частка ёсць філасофскае абгрунтаванне для 2 часткі, у якой Іларыён гаворыць пра распаўсюджанне хрысціянства на ўсёй Русі. Русь мае роўныя правы з усімі хрысціянскімі краінамі, ідзе звужэнне тэмы ад Запаветаў да краін. 3 частку твора займае пахвала-панегірык князю Уладзіміру як храбраму воіну, мудраму валадару, настаўніку-асветніку, што садзейнічаў умацаванню міжнароднага аўтарытэту Рускай зямлі і ўсталяваў на землях усходніх славян хрысціянства. Кожная хрысціянская краіна мае асветніка, якога кананізуе – так падкрэсліваецца неабходнасць кананізацыі Уладзіміра. Іларыён услаўляе род Уладзіміра, не баючыся таго, што ўсе ў ім былі паганцамі. Напрыканцы – малітва пра захаванне незалежнасці Русі. Узнёсла-рытарычнае паводле стылю, стройнае паводле кампазіцыі і глыбока патрыятычнае «Слова»[2] Іларыёна – своеасаблівы гімн Русі, што, як кажа аўтар, «ведома и слышима есть всеми концы земли».

 

Клімент Смаляціч (Клім Смаляціч; ? – пасля 1164), царкоўна-палітычны дзеяч, мысляр, пісьменнік. Нарадзіўся ў 1-й палове 12 ст. у Смаленску. Быў манахам Зарубскага манастыра ля Кіева. Зрабіўся вядомым дзякуючы сваёй рознабаковай адукаванасці, рэдкай эрудыцыі, выдатнаму літаратурнаму таленту. Як сцвярджае Іпацьеўскі летапіс, К. Смаляціч «бысть книжник и философ так, якож в Руской земли не бяшеть, бо зело книжен и учителен и философ великий, и много писання написав». Высокую на той час адукацыю ён, верагодна, атрымаў у Канстантынопалі. Як прыхільнік развіцця ўсходнеславянскай культуры, змагар супраць засілля ў рускай царкве грэчацкага духавенства К. Смаляціч актыўна агітаваў за царкоўную аўтакефалію. Ён нястомна даводзіў, што прызначэнне мітрапалітаў для Кіеўскай Русі – унутраная справа рускага праваслаўя, і дыктат Візантыі ў гэтым пытанні пярэчыць інтарэсам народа, царквы, дзяржавы. Паводле ягонага пераканання, мітрапаліты-грэкі, якія дрэнна валодалі славянскай мовай, не маглі даць столькі карысці для царкоўнага ўпарадкавання і народнай асветы, колькі можна было чакаць ад мітрапалітаў мясцовага паходжання. Прызначэнне мітрапалітаў-чужаземцаў без ухвалы княжацкай улады было знявагай для апошняй, служыла зручнай падставай для ўмяшальніцтва грэчацкіх імператараў у справы славянскіх дзяржаваў. Патрыятычнасць і шчырае імкненне вучонага манаха садзейнічаць развіццю мясцовых традыцый у жыцці ўсходняга славянства выклікала прыхільнасць да яго мясцовай улады. Невыпадкова знаёмы з яго прамовамі князь Ізяслаў Мсціславіч, які заняў у 1146 г. вялікакняскі стол, паступіў, як ягоны продак Яраслаў Мудры. У 1147 г. ён склікаў у Кіеве епіскапскі сабор і прапанаваў удзельнікам абраць першасвятара для Кіеўскай Русі без ухвалы канстантынопальскага патрыярха. Пры гэтым Ізяслаў Мсціславіч назваў К. Смаляціча самым годным кандыдатам. Так «кніжнік і філосаф» зрабіўся другім на Русі (пасля Іларыёна Кіеўскага) мітрапалітам славянскага паходжання. Узвядзенне яго на Кіеўскую кафедру праходзіла не гладка. Праціўнікі царкоўнай самастойнасці напачатку адмовіліся прызнаць яго мітрапалітам без волі на тое патрыярха. Зламаць супраціўленне прагрэчацкі настроеных іерархаў дапамаглі настойлівасць Ізяслава і рашучая падтрымка чарнігаўскага епіскапа Ануфрыя. Становішча новага мітрапаліта было нялёгкім. Яго дзейнасць ухваляў толькі князь Ізяслаў Мсціславіч. Пасля смерці Ізяслава (1154), калі вялікакняскі стол заняў былы смаленскі князь Расціслаў Мсціславіч, К. Смаляціч у яго асобе таксама атрымаў хаўрусніка, гатовага змагацца за самастойнасць рускай царквы. Аднак і на гэты раз частка епіскапаў на чале з Ніфантам Ноўгарадскім не падтрымала мітрапаліта Клімента. Ніфант ад свайго імя і ад імя іншых епіскапаў заявіў: «Мы не будзем табе кланяцца, не будзем служыць з табой, таму, што ты не ўзяў блаславення ў святой Сафіі і ад патрыярха».

Узнікла рэальная пагроза ўнутрыцаркоўнага расколу. Разумеючы, да якіх вынікаў можа прывесці гэты канфлікт ва ўмовах раздрабнёнасці Русі, князь Расціслаў заклікаў абедзве партыі да стрыманасці і разважлівасці. Нельга, казаў ён, каб безупыннае крывавае суперніцтва ўдзельных князёў за валоданне Кіевам узмацніла барацьбу за права той ці іншай княжацкай кааліцыі ўзводзіць у мітрапаліты свайго чалавека, абцяжарыла разладамі на рэлігійнай глебе жыццё грамадства, якое і без таго вельмі пакутуе ад палітычных міжусобіц. Аднак умаўленні і заклікі Расціслава не былі пачутыя. У сакавіку 1155 г. кіеўскі пасад заняў правізантыйскі настроены суздальскі князь Юрый Даўгарукі, які саслаў мітрапаліта Клімента ва Ўладзімір Валынскі, а мітрапаліцкую кафедру аддаў назначэнцу патрыярха Канстантыну. Аднак праз 3 гады новы кіеўскі князь Мсціслаў Ізяславіч аднавіў К. Смаляціча на гэтай пасадзе. Барацьба за мітрапаліцкае месца выклікала царкоўную смуту. Грэчацкі стаўленік імкнуўся аддаліць ад царкоўных справаў прыхільнікаў Клімента, у сваю чаргу Клімент не мілаваў тых, хто быў на баку ягонага супраціўніка. Каб спыніць разлад, князі Расціслаў і Мсціслаў адхілілі ад справаў абодвух мітрапалітаў і прызначылі ў жніўні 1161 г. на мітрапаліцкае месца Феадора, які праз некалькі месяцаў памёр. Расціслаў зноў прапанаваў кандыдатуру К. Смаляціча. Каб надаць справе законны выгляд, ён паслаў прасіць блаславення для Клімента ў патрыярха. Але канстантынопальскі патрыярх накіраваў у Кіеў мітрапалітам Іаана IV. Расціслаў, кіруючыся меркаваннямі царкоўнага міру, не хацеў ускладняць і без таго цяжкія палітычныя абставіны на Русі, неахвотна прыняў новага прызначонца, але наказаў перадаць у Канстантынопаль: «На гэты раз, дзеля павагі і любові царскай, прыму, але калі надалей без нашага ведама і жадання патрыярх прызначыць на Русь мітрапаліта, дык не толькі не прымем яго, а пастановім за нязменнае правіла абіраць і ставіць мітрапаліта епіскапам рускім на загад вялікага князя». У выніку дзяржаўнай мудрасці і дыпламатычнай гнуткасці Расціслава барацьба вакол самага прынцыповага для царкоўнага жыцця пытання сціхла. Так скончылася гісторыя з узвядзеннем на мітрапаліцкі стол К. Смаляціча, які звязаў сваё жыццё і дзейнасць з барацьбой за царкоўную незалежнасць ад Візантыі. Права дасылаць у Кіеў першасвятара захавалася за патрыярхам. І ўсё ж ідэя рускай праваслаўнай аўтаноміі, якую так энэргічна адстойваў вучоны манах са Смаленска, не памерла.

Да нас дайшоў толькі адзін твор К. Смаляціча (у тлумачэнні манаха Афанасія) – «Пасланне да Хамы прасвітара». У гэтым «Пасланні...», разглядаючы тэарэтычныя пытанні, К. Смаляціч абвяргае высунутыя супраць яго абвінавачванні, прыводзіць аргументы ў абарону свайго права кіраваць царквой. Асноўныя разыходжанні, што служылі падставай для дыскусій паміж Кліментам і Хамой, – рознае разуменне таго, як і да якіх межаў можна інтэрпрэтаваць тэксты Святога пісання, ці правамерна наогул ягонае пашыранае, сімвалічнае тлумачэнне. Паводле меркаванняў К. Смаляціча, важнае не толькі літаральнае, але і сімвалічнае разуменне біблейскіх тэкстаў, іхняя творчая інтэрпрэтацыя. Ён вымушаны быў абгрунтоўваць сваё права «даследаваць іншасказальна... усе гэтыя боскія адзнакі і цуды Госпада нашага Ісуса Хрыста», свае доказы падмацоўваць аўтарытэтам айцоў царквы: «Калі святыя і боскія айцы нашыя дадавалі нешта падобнае да Гасподніх словаў, каб растлумачыць і выкласці іх, дык гэта вельмі карысна, добра і пахвальна».

Філасофія Клімента Смаляціча.У развіцці чалавечай гісторыі К. Смаляціч вылучае тры паслядоўныя перыяды«Запавет», «Закон» і «Дар Божы». Значэнне першых двух у тым, што яны рыхтуюць перамогу абсалютнай ісціне, якая адкрываецца ў хрысціянстве. Паводле ягоных словаў, «Хрыстос Бог наш, сонца праведнае, асвяціў нас боскімі зорамі і прасвятліў сваім хрышчэннем, і вось усё старое прайшло, і сталася ўсё новае, і ўжо не месціцца ў законе чалавецтва, але пад боскай ласкаю свабодна ходзіць…». У сувязі з гэтым К. Смаляціч падкрэслівае, што некаторыя паганцы, якія жылі па-за законам і да закону, «вылучаліся набожнасцю, жывучы не па законе, але па веры», таму ім лягчэй атрымаць дабрадзейства боскае, чымся іўдзеям, якія не могуць «пайсці» далей закону Майсеевага, што заступае шлях да дабрадзейства. Для распрацоўкі і выкладання ўласных поглядаў К. Смаляціч шырока выкарыстоўвае працы Феадарыта Кірскага, Мікіты Гераклійскага, рацыяналістычныя метады для тлумачэння рэлігійных тэмаў. Апісваючы сваё ўяўленне пра сусвет, ён спасылаецца не толькі на хрысціянскіх, але і антычных аўтараў – Гамера, Платона, Арыстоцеля. Ягонае асноватворнае ўяўленне пра сусвет – гэта перакананне ў тым, што ўсё існае мае мэтазгодную будову, «усё наладжваецца, падтрымліваецца і мае поспех сілай боскай, няма другой дапамогі, акрамя дапамогі боскай, і іншай сілы, акрамя сілы боскай». Мысляр характарызуе Бога як непазнавальную абсалютную істоту, якая, аднак, спазнаецца ў сваіх стварэннях. Чалавек, які адкрывае для сябе разумную пабудову свету, становіцца, такім чынам, на шлях спазнання Бога-творцы, знаходзіць найвышэйшы сэнс свайго існавання. Боская арганізацыя быцця дае чалавеку магчымасць сваімі ўчынкамі далучацца да Бога ці, наадварот, аддаляцца ад яго. Бог, са свайго боку, гатовы садзейнічаць збліжэнню з чалавекам, ратаванню яго, калі той выяўляе імкненне да гэтага. У разважаннях пра Рыгора Багаслова, прарока Ёна, траіх отракаў, аповедах пра фантастычных жывёлаў К. Смаляціч настойліва праводзіць думку пра тое, што «нішто не пагарджанае ў Госпада: усё бачыць ягонае бяссоннае вока, усё назіраецца, пры ўсім стаіць, даючы кожнаму выратаванне». Валодаючы найвышэйшым дарамсвабоднай воляй – чалавек можа дзейнічаць, як яму хочацца.

Але дараваная яму свабода ўчынкаў – адначасова і напамін пра тое, што чалавеку, як вянцу стварэння, як асноўнаму цэнтру сусвету, створанаму на ўзор і падабенства боскае, належыць імкнуцца да маральнага ўдасканалення, без сумневу давяраць боскаму промыслу, «услаўляць і дзякаваць» Творцу. Такім чынам, як і Іларыён Кіеўскі, і Кірыла Тураўсі (гл. далей), і іншыя мысляры тагачаснай Русі К. Смаляціч развіваў антрапацэнтрычныя ідэі, падкрэсліваў духоўна-маральную прыроду чалавека. Але гэтыя аспекты сярэдневяковага светапогляду ён фармуляваў больш выразна і тэарэтычна абгрунтавана, чымся ягоныя папярэднікі. Важнае месца ў светапоглядзе К. Смаляціча займае ідэя няхцівасці. Ягоная адмова ад усяго, уключаючы царкоўную маёмасць, у той час як шматлікія манастыры, цэрквы, асобныя святары з'яўляліся буйнымі ўласнікамі, была не зусім тыповая. Акцэнт на духоўным, вечным, асуджэнне скнарлівасці характарызуе ўвесь сярэдневяковы светапогляд усходніх славян. Але ў 12 ст., бадай, толькі К. Смаляціч выразна і дакладна выказаў гэтую думку. Ягоны заклік захаваць маральную чысціню думак і ўчынкаў, духоўнае памкненне да найвышэйшых каштоўнасцяў быцця гучыць вельмі сучасна і надзённа: «І як мы атрымалі закон і прасвяду Святога пісання ад агульнага Уладыкі, Госпада нашага Ісуса Хрыста Збавіцеля і Кіраўніка нашых душаў, і святых і боскіх ягоных апосталаў, па дары і ласцы Божай і сіле Духа, будзем трымацца, любыя, за гэтую будучую надзею, не адхіляючыся ні ўлева, ні ўправа, каб не зваліцца нам на самае дно пагібелі. Але пайшоўшы следам за ісцінным і сумленным царкоўным святаром, такім чынам дасягнем найвышэйшае светласці ў будучым царстве Госпада нашага Ісуса Хрыста…».

Асаблівасці паэтыкі. У “Пасланні да Хамы прасвітара” звяртае на сябе ўвагу ўрывак пра Зару і Фарэса. У ім выдатна рэалізаваны прыём драматызацыі апавядання: у мастацкую тканіну твора арганічна ўводзіцца простая мова і аповед вядзецца ад імя дзейных асоб (Iуды, Фамары і Iраса). Такім чынам, аўтар ампліфікуе біблейскі сюжэт і надае дзеянню ў творы псіхалагічнае напружанне і дынамізм. Асобнай увагі заслугоўваюць упадабаныя Кліментам рытарычныя пытанні і воклічы, напрыклад: “То ли, брате, славы ища, пишу?! Повелику соблазнился еси!”; “Что философью писах, не свемь! … То ли, любимиче, философьа, еюже славы ищу от человекъ?”; “От дивлюся!”. Яны задаюць тон твору, надаюць яму адметную сэнсава-эмацыйную афарбоўку, актуалізуюць і градуюць элементы тэксту. У “Пасланні” сустракаюцца прыклады стылістычнай сіметрыі (1), антытэтычнага паралелізму (2) і шматлікіх іншых рытарычных сродкаў:

Тако и Христу, Богу нашему, / солнцу праведному

И озарившу нас божествеными зарями / и осветившу нас святым крещениемь,

И “се вся ветхаа низпадоша, / и быша вся нова”.

И уже не теснится в Законе человечьство, / нъ въ Благодати пространно ходит.

Законнаа бо вся стень подаша / и образ бяху будущих, а не сама та истинна (1).

Греху бо и осуждению последуеть смерть, / правде же и очищению последуеть живот (2).

“Гэты шчасны Кірыла нарадзіўся і выхаваўся
ў горадзе Тураве. Сын заможных бацькоў,
ён не любіў, аднак жа, Багацця і тленнай славы гэтага свету;
але найперш стараўся спасцігнуць вучэнне боскіх кніг
і добра напрактыкаваўся ў святых пісаннях”.

“Жыціе Кірылы Тураўскага”

 

Славай Златавуста карыстаўся на Русі Кірыла Тураўскі (каля 1130–1182 гг.), пісьменнік-прапаведнік і царкоўна-палітычны дзеяч, выдатны майстар аратарскай прозы. Ён нарадзіўся ў Тураве, сталіцы княства, якое знаходзілася тады ў сферы магутнага культурна-палітычнага ўплыву блізкага Кіева. Паходзіў з сям'і багатых мяшчан. У родным горадзе Кірыла атрымаў вельмі высокую на той час адукацыю. Даволі рана пастрыгся ў манахі ў мясцовым манастыры і аддаўся літаратурнай творчасці. Дзякуючы ўсебаковай падрыхтаванасці, глыбокаму веданню хрысціянскай літаратуры, вялікаму таленту пісьменніка і аратара, прыкладным паводзінам ён набыў высокі аўтарытэт у родным горадзе і быў абраны тураўскім епіскапам.

Каля 1169 г. князь Юрый Яраславіч з тураўскімі старэйшынамі ўпрасілі Кірылу-мніха прыняць епіскапства. У першы год свайго служэння тураўскі епіскап набыў вядомасць удзелам у так званай «справе Феадорца». Нейкі Фёдар з Уладзіміра-Суздальскага княства, выкарыстаўшы славалюбівыя планы князя Андрэя Багалюбскага, пачаў раскол да гэтага часу адзінай праваслаўнай царквы на Русі. Кірыла Тураўскі дасціпна выкрыў ерась Феадорца і пракляў яго, а да Андрэя Багалюбскага напісаў шмат пасланняў па гэтай справе, якія, аднак, не захаваліся. На думку даследчыка спадчыны Кірылы епіскапа Яўгенія, сваімі пасланнямі да Андрэя Багалюбскага асветнік імкнуўся па-хрысціянску паўплываць на князя ўсходняй Русі.

Кірыла Тураўскі быў яркай творчай асобай, арыгінальным і таленавітым мастаком слова, сапраўдным паэтам. Ён праславіўся як выдатны прамоўца, пранікнёны прапаведнік, што горача клапаціўся пра культурнае развіццё і духоўную дасканаласць суайчыннікаў. Абапіраючыся на лепшыя традыцыі антычнай і візантыйскай аратарскай прозы, ён давёў агульнаўсходнеславянскае ўрачыстае красамоўства да ўзорных вяршыняў. Захавалася значная творчая спадчына гэтага пісьменніка. Ягонаму пяру бясспрэчна належаць «Аповесць пра беларызца і манаства», «Казанне пра чарнарызскі чын», «Аповесць пра бяспечнага цара і ягонага мудрага дарадца», 2 каноны, 8 слоў-павучанняў, як напрыклад, «Слова на Вербніцу», «Слова на Вялікдзень», «Слова на Ушэсце» і каля 30 малітваў.

Найбольш ярка магутны паэтычны талент пісьменніка-мастака выявіўся ў ягоных словах з нагоды розных царкоўна-рэлігійных святаў. Праз традыцыйнасць зместу, звязанага з біблейскай тэматыкай, і рэлігійную абалонку гэтых твораў шырока прарываецца сапраўднае захапленне чалавека радасцю жыцця і пазнання, хараством прыроды, ягонае неадольнае імкненне да духоўнай дасканаласці, да ідэалу. Словы вылучаюцца незвычайным багаццем вобразаў і паэтычнай мовы, глыбокай эмацыянальнасцю і лірычным драматызмам, вялікай мастацкай сілай. Пісьменнік шырока карыстаўся эпітэтамі і метафарамі, воклічамі і зваротамі, ствараў разгорнутыя параўнанні, тонка адчуваў стылістычнае адзінства і мастацкую цэласнасць твора. Каб зрабіць больш зразумелымі, даступнымі і нагляднымі высокія ідэі і абстрактныя ісціны, але не збіцца на прамы дыдактызм і голую рыторыку, Кірыла Тураўскі найчасцей звяртаўся да алегарычна-сімвалічнага тлумачэння біблейскіх тэкстаў і з'яваў прыродыасноўнага ягонага мастацка-творчага прыёму. Гэта быў вялікі майстра асацыятыўных вобразаў. Невычэрпнае паэтычнае ўяўленне, вялікая сіла ідэйнай перакананасці і натхнення давалі яму магчымасць не толькі пластычна намаляваць надзвычай яркую карціну свята, але і перадаць той узнёсла-ўрачысты настрой, той радасна-трыумфальны ўздым захаплення, які павінен панаваць усюды ў такі святочны момант, выклікаць у чытачоў і слухачоў адпаведныя суперажыванні. Кампазіцыйна ягоныя словы складаюцца з трох частак: уступу, цэнтральнай часткі і заключэння. Галоўную ідэйна-эстэтычную нагрузку выконвае апавядальная цэнтральная частка, у якой раскрываецца змест таго ці іншага свята, тлумачыцца ягоны рэлігійны сэнс і выказваецца пахвала. Некаторыя творы Кірылы Тураўскага паэтычна-ўзнёслым светаўспрыманнем аўтара, багатай вобразнасцю, лірычнай танальнасцю, унутранай сіметрыяй і агульным рытмічным ладам нагадваюць вершы ў прозе. Ён шырока выкарыстоўвае дыялогі, але галоўны сродак ягонай творчай манерырытарычная ампліфікацыя (“нагрувашчванне” паэтычных сродкаў… паступовае раскручванне тэмы, пакуль яна не станецца канчаткова вырашанай). Асаблівай прастатой і непасрэднасцю, здзіўляльнай сардэчнасцю і глыбінёй пачуццяў вылучаюцца ягоныя малітвы-споведзі, якія належаць да найлепшых узораў агульнаўсходнеславянскай гімнаграфіі. Творы Кірылы Тураўскага на працягу стагоддзяў карысталіся вялікай папулярнасцю на землях усходніх славян і ўвайшлі ў залаты фонд агульнаўсходнеславянскай літаратуры. Як класічныя ўзоры высокамастацкай аратарскай прозы іх змяшчалі ў спецыяльныя зборнікі-анталогіі побач з творамі класікаў грэка-візантыйскай патрыстыкі, іншых хрысціянскіх пісьменнікаў. Нездарма нашыя продкі называлі іх аўтара «Златоустом, паче всех воссиявшим на Руси», а сучасныя навукоўцы ставяць яго ў адзін шэраг з геніяльным стваральнікам «Слова пра паход Ігаравы». Больш за сто гадоў таму вядомы даследчык і знаўца славянскіх старажытнасцяў М. Максімовіч адзначаў, што няма нічога ў XI і XII стст. на заходнееўрапейскіх мовах, што пераўзыходзіла б летапіс Нестара, словы Кірылы Тураўскага і «Слова пра паход Ігаравы». Усё гэта дае нам сёння поўнае права лічыць Кірылу Тураўскага першым вялікім мастаком слова, першым еўрапейскага ўзроўню пісьменнікам, які жыў і ствараў на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Кірыла Тураўскі быў першым вядомым на Русі “стоўпнікам” – зачыніўся ў манастырскай вежы, каб цалкам аддацца роздуму і малітвам. Пазней быў кананізаваны рускай праваслаўнай царквой і сёння ўваходзіць у Сабор беларускіх святых. Дзень ягонай памяці паводле праваслаўнага календара – 28 красавіка. У 1993 г. у Тураве быў адкрыты помнік слыннаму ўсходнеславянскаму святару і пісьменніку. Ёсць яму помнік і ў Гомелі, дзе створана і функцыянуе Таварыства Кірылы Тураўскага, а таксама раз на два гады праводзяцца Тураўскія чытанні.

 

“Слова на Ушэсце” (“Слова на ўзнясенне Ісуса Хрыста”): асноўныя асаблівасці.

  1. тыповы аратарскі прыём (даўно мінулыя падзеі КТ пераносіць у сучаснасць, слухач робіцца сведкам і ўдзельнікам); дзеясловы ўжывае ў цяперашнім часе; у апавядальнай частцы КТ малюе тое, што адбываецца на небе, як там рыхтуюцца да сустрэчы Хрыста (воблакі, месяц, зоркі, анёлы): “Адчыняйце, я ўжо прыйшоў”.
  2. уключае ў казань маляўнічае апісанне прыроды – вясна мае нагадваць слухачам абнаўленне чалавека ў Хрысце;
  3. стыль манументальнага гістарызму і стыль экспрэсіянізму;
  4. у заключнай частцы КТ суадносіць аднамадэльныя ўрыўкі, што маюць адзін і той жа рытм;
  5. тэма ў КТ прымае форму рытарычнай тырады; кожная тырада – гэта слоўная пабудова, у аснове якой чаргаванне блізкіх па значэнні і аднатыпных паводле сінтаксічнай будовы сказаў; КТ выкарыстоўвае розныя віды тырад – а) часцей за ўсё ягоныя тырады заснаваныя на анафарыстычным паўторы аднаго і таго ж слова ці словазлучэння (верую… верую… верую…), б) тырады, дзе чаргуюцца рытарычныя пытанні, на якія шторазу даюцца дадатковыя альбо адмоўныя адказы, в) тырады, заснаваныя на антытэзе; некаторыя тырады КТ аб'ядноўваюцца ў звыштырады (падобныя па тэме тырады аўтар “нанізвае” на адзін і той жа стрыжань – слова ці словазлучэнне – які паўтараецца ў пачатку кожнай тырады (а гэта і ёсць рытарычная ампліфікацыя);
  6. у Словах КТ усё чаргуецца (унутраны рытм: казань, тырады, сказы, словы);
  7. сакрэт “залатавуснасці” прыпавесцяў і казаняў КТ у іх вусным гучанні (!);
  8. кантраснасць эмоцый, словаў, паняткаў;
  9. афарыстычнасць: “Сладка бо медвены сок и добро сахар, або его же добрее книги и разум”;
  10. майстэрнасць весці выклад падзей у двух планах – канкрэтна-рэалістычным (сюжэт апавядання) і сімволіка-абагульняльным (выхад на агульна-чалавечую праблематыку);
  11. тэкст заўсёды з падтэкстам;
  12. традыцыі візантыйскага красамоўства арганічна спалучаюцца з традыцыямі ўсходне-славянскага народнага эпасу.

 

Філасофія Кірылы Тураўскага.Казанні, альбо «Словы», св. Кірылы ахопліваюць велікодны цыкл нядзельных і святочных дзён ад Вербніцы («нядзелі Ваій») да Ушэсця. Кожнае з іх, з'яўляючыся класічным творам красамоўніцкага мастацтва, адлюстроўвае пэўную грань багаслоўска-філасофскіх і грамадска-этычных поглядаў пісьменніка. Калі тэалагічныя ідэі Кірылы Тураўскага адлюстраваныя відавочна і не заўсёды ўзгадняюцца з артадаксальным праваслаўным багаслоўем, то сацыяльна-філасофскае вучэнне прысутнічае ў ягоных творах у сакрытых формах прыпавесцяў, мастацкіх вобразах і сімвалах. Ён нідзе не сцвярджае, што Бог стварыў сусвет з “нічога”, з нейкай пустэчы, як гэта прыпісваецца яму даследчыкамі хрысціянскай філасофскай анталогіі. Услед за ўсходнімі айцамі царквы ён прыпадабняе Бога-Дэміурга мастаку і дойліду, які стварыў дасканалы твор – космас, зямлю і неба, расліны і жывёлы, урэшце чалавека – вянок гэтага стварэння. Распавядаючы пра цэнтральную падзею Вербнага тыдня – трыумфальны ўезд Хрыста ў Ерусалім за тыдзень да ягоных смяротных пакутаў і ўваскрэсення, пісьменнік выклікае: “Ныне шествует в Ерусалім – измеривый небо пядію и Землю дланію”. Таму і паслядоўнікаў Хрыста, духоўных кіраўнікоў хрысціянства – патрыярхаў, архірэяў, ігуменаў, іерэяў “і ўсіх царкоўных настаўнікаў” ён называе “ўмелымі будаўнікамі слаўнага і вельмі шчырага дому” (“Слова ў нядзелю Ваій”).

У “Слове на Антыпасху” пісьменнік кідкімі маляўнічымі метафарамі малюе веснавое абнаўленне прыроды як урачысты гімн прыгожага стварэння свайму Творцу: “Ныне солнце красуяся к высоте восходить и, радуяся, землю ограваеть: взиде бо нам от гроба праведное солнце Хрыстос и вся верующая Ему спасаеть. (...) Днесь весна красуеться, оживляюши земное естьство, и бурніи ветри, тихо повевающе, плоды гобозують (спеляць) і земля семена питающе зеленую траву рождаеть. Весна убо красная вера есть Христосова, якоже крещеніем поражаеть человеческое паки естьство; бурніи же ветры – грехотворніи помыслы, иже покоянием претворившеся на добродетель – душеполезныя плоды гобозують. Земля же естьства нашаго, акы семя Слово Божіе пріимши (...), дух спасенія рождаеть”. У “Слове пра паралізаванага” аўтар ад імя гэтага пакутніка выказвае думку пра асноўную прыкмету боскай прыроды Хрыста: ён не чарадзей, нават не анёл, але сам Бог, таму што “слова ягонае сталася справай”. Бог жа адносна створанай ім прыроды выступае як вярхоўны заканадаўца, які ўтрымлівае быццё ў стане дынамічнай, рухомай гармоніі (“Слова пра сляпога”).

Законы прыроды, паводле Кірылы Тураўскага, ёсць тое, што на метафарычнай мове багаслоўя называецца “страхам боскім”, ім “движется земля, расседается каменіе, животная трепещють, горы куряться, светила раболепно служать, облаци и воздушная тварь повеленіе творять” (“Прытча пра чалавечую душу і цела”). Вось чаму ўваскрэсенню Хрыстоваму радуецца ўся зямля, неба ўпрыгожваецца светачамі-зоркамі, і ўся прырода красуецца, прасветленая Збавіцелем Хрыстом, які, учалавечыўшыся, прыйшоў у свет зямнога жыцця, каб абнавіць яго, прасвятліць боскім святлом. У пакаяльных малітвах паэт бачыць мудрасць, дабрату і красу Бога-Стваральніка паводле дасканаласці ягонага стварэння – Сусвету, падпарадкаванага законам боскай гармоніі. Боскай воляю зямля трымаецца ні на чым, мора абмежаванае пяском, ёю праведзеныя рэчышчы вялікіх і малых рэк, вада хмараў трымаецца ў паветры, сонца гарыць няспынна, месяц свеціць са страхам і зорка здзяйсняе свой мудры дух.

Такім чынам, філасофскія погляды Кірылы Тураўскагатэацэнтрызм, які толькі па аналогіі можна было б назваць аб'ектыўным ідэалізмам.

Кірыла Тураўскі развівае багаслоўскую традыцыю ўсходніх айцоў хрысціянскай царквы, паводле якой Бог ёсць непазнавальны ў паняццях, трансцэндэнтны (па-за межамі людскога досведу) Дух як абсалютны суб'ект, які сімвалічна пазнаецца праз спазнанне і ўмілаванне створанага ім дасканалага сусвету, праз веру і любоў да Яго адзінароднага і аднаіснага з ім Сына Ісуса Хрыста, праз якога адбылася тайна спалучэння Духа і цела, Бога і чалавека, трансцэндэнтнага і іманентнага светаў. А праз гэтую тайну сталася магчымым выратаванне чалавека і ўсёй «плоці» прыроды, іх далучэнне да трэцяй іпастасі Святой Тройцы – да Святога Духа, сталася рэальнай перамога жыцця над смерцю, святасці над грахом. Багаслоўская канцэпцыя Кірылы Тураўскага грунтуецца на гэтых асноўных пастулатах хрысціянскага светапогляду.

Дарэчы, у творах асветніка ёсць шмат красамоўных вобразных думак пра ўчалавечанне Сына Божага, які жыў з людзьмі і самаахвяраваўся для іх духоўнага абнаўлення.

Хрысталагічная праблема надае разнастайным жанрам спадчыны беларускага асветніка светапоглядную цэласнасць, аб'ядноўвае яго філасофскія, сацыяльна-палітычныя, этычныя, эстэтычныя погляды, злучае ягоную аксіялогію з хрысціянскай тэалогіяй. Ён жыў у эпоху, калі хрысціянства на Русі яшчэ сутыкалася з жывой паганскай плынню ў народнай культуры, а ўсяленская царква яшчэ не закончыла барацьбу з уплывамі супраціўнікаў Хрыста – так званымі “старазапаветнікамі”, з разнастайнымі рэлігійна-філасофскімі школамі гнастыцызму, прыхільнікі якога спалучалі хрысціянскія догматы з эліністычнымі філасофскімі сістэмамі.

У царкоўным асяроддзі сярэдневяковай Русі склалася негатывісцкая канцэпцыя паганскай культуры, паводле якой паганскія багі ёсць “бесы” альбо іхнія слугі, іх неабходна выкрываць, па магчымасці не ўпамінаць іх імёнаў. На гэтым ідэалагічным фоне асветніцтва Кірылы Тураўскага вызначаецца сваёй памяркоўнасцю, цярпімасцю да народнай культуры. Паганская міфалогія ўяўлялася яму верай у створаную прыроду, а не ў самога Творцу.

Абвяржэнню арыянства, прыхільнікі якога адмаўлялі саму найглыбейшую існасць хрысціянства – боскую прыроду Хрыста і ягоную богачалавечую місію на зямлі, Кірыла Тураўскі прысвяціў твор “Слова на пахвалу 318-ці айцоў Нікейскага сабору”. Гэты першы ўсяленскі сабор асудзіў антытрынітарызм арыянства і зацвердзіў асновы хрысціянскага Сімвала веры – траістасць Бога і аднасутнасць Сына з Айцом. Нягледзячы на свой пафас нецярпімасці да арыянскай ерасі, асветнік дакладна вызначыў сутнасць вучэння “папы Александрыйскай царквы” Арыя (не толькі Хрыстос, але і ўсё створанае Богам – людзі і прырода – іншасказальна могуць называцца “сынамі Божымі”, адмаўленне спрадвечнасці Хрыста і Ягонай аднасутнасці з Айцом) і нават прызнаў філасофскую “злохітрасць” ератыка. Аднак у адпаведнасці з жанрам урачыстага і разам з тым выкрывальніцкага твора, звернутага да народа, Кірыла Тураўскі рэдка карыстаўся лагічнымі доказамі ці хоць бы спасылкамі на аўтарытэты, спадзяваўся на сугестыўнасць (унушальнасць) вытанчаных сродкаў паэзіі і аратарскага мастацтва.

Спавядальныя малітвы Кірылы Тураўскага – шчырае лірычнае самараскрыццё душы чалавека перад сваімі нябеснымі бацькамі – Богам Айцом, Сынам Божым, Маці Боскай і заступнікамі людзей перад Богам, ягонымі святымі: “Знаю, – кажа спавядальнік словамі паэта, – што Ты прывёў мяне з небыцця ў быццё і ўпрыгожыў падабенства Свайго вобраза, даўшы ў дар мне слова і розум. Ты ўзнёс мяне вышэй за жывёлу і паставіў валадаром усяго тварэння. І вось я, як дзіця, падмануты ворагам маім, і падпаў пад уладу крайняй пагібелі (...) Хоць я ўвесь нячысты і апаганены, але спадзяюся на Тваю літасцівасць, бо Ты не адхіліў дзве лепты ўдавы, але пахваліў яе пераважна перад іншымі, а таксама і мытара, што маліўся са скрухаю, апраўдаў”. Бог, кажа Кірыла Тураўскі ў сваіх малітвах, стварыў чалавека самаўладным, а ён падпарадкаваўся граху і нячысціку, зацямніўшы сваю першаствораную красу. І вось чалавек просіць Хрыста ўкрыжаваць цела ягонае страхам боскім, вызваліць думкі ад усяго зямнога і далучыць да нябеснага, а Багародзіцу моліць заступіцца за яго перад нябесным Царом. Цыкл малітваў завяршае “Канон малітоўны” – своеасаблівы паэтычны “магістрал”, які падсумоўвае страсны самааналіз чалавека, самавыкрыццё ягонай неспакойнай душы, якая імкнецца да неба, але крылы ейныя абцяжараныя зямнымі страсцямі – самалюбствам, зайздрасцю, злосцю, варожасцю, непрымірымасцю ды іншымі грахамі душы і цела.

Праблему чалавека ў яго грамадскім быцці Кірыла Тураўскі сімвалічна выявіў у дзвюх прыпавесцях (кароткай і падрабязнай) пра сляпога і кульгавага, альбо пра чалавечую душу і цела. Як і ў іншых сваіх творах, пісьменнік выкарыстаў як сюжэтную аснову евангельскае апавяданне пра “дамавітага” гаспадара, які насадзіў вінаград і паставіў варту ля ягоных варотаў. Але развіў гэты сюжэт у складаны красамоўніцкі твор дыдактычна-філасофскага і сацыяльна-этычнага зместу. Дамавіты гаспадар тут сімвалізуе Бога, стваральніка сусвету, сад-вінаград (вертаград) – зямля і “свет гэты”, кульгавы – цела чалавека, а сляпы – ягоная душа, агароджа вакол саду – законы і запаветы Божыя, а незачыненыя вароты, якія вядуць у сад, – шлях да спазнання Творцы і створанага ім сусвету. Сляпы і кульгавы, аб'яднаўшы свае сілы (сляпы нёс кульгавага, а кульгавы паказваў дарогу), самавольна трапілі ў сад, каб паспрабаваць забароненых пладоў. “Сляпая” душа і “кульгавае” цела сімвалізуюць недасканаласць чалавечага грамадства, якое “кантрабандай” авалодала тайнамі боскага стварэння, не ў стане (па сваёй грахоўнасці і маральнай недасканаласці) выкарыстаць іх для дабра.

У апошніх творах красамоўніцкага жанру (пасланнях да ігумена Кіева-Пячорскага манастыра Васіля), арыгінальных прыпавесцях Кірыла Тураўскі раскрыў глыбокі сацыяльна-этычны сэнс манаскага жыцця і ўскосна выкрыў недасканаласць дзяржаўнага ладу, зямной улады наогул, якая служыць грахоўнай прыродзе чалавека, а не ягонаму духоўнаму ўдасканаленню. Тут, сярод чалавечай улады, выяўляецца духоўная місія “манаскага чына” – даць чалавеку і грамадству ўзоры быцця з Богам і для боскага промыслу, жыцця паводле вядомай малітвы: ціхага і мірнага, у чысціні і ў адпаведнасці з боскай праўдай.

Для хрысціянскай культуры таго часу багаслоўская паэтычная, красамоўніцкая і асветніцкая творчасць Кірылы Тураўскага была сапраўдным адкрыццём красы і мастацкай выяўленчай сілы роднай мовы. Пісьменнік добра ведаў класічную візантыйскую рыторыку і паэтыку, творча выкарыстаў гэтую багатую эстэтычную традыцыю, узбагаціўшы культуру і мову свайго народа. З пазнейшых беларускіх асветнікаў бадай што адзіны Сімяон Полацкі дасканала валодаў красамоўніцкім майстэрствам, хоць і саступаў свайму выдатнаму папярэдніку ў сіле і прыгажосці лірычнага самавыяўлення.

“Прыпавесць пра душу і цела”(кароткі змест): Пачынаецца прыпавесць са сцвярджэння неабходнасці разумець Святое пісанне, бо “яно і душу чыстую стварае, і пакорлівасць розуму надае, і сэрца на добрае скіроўвае”. У пралогу распавядаецца, як нейкі дамавіты чалавек пасадзіў вінаград, абгарадзіў яго, пакінуўшы ўваход, зрабіў браму, аднак не зачыніў яе. Вырашыў даверыць сцерагчы вінаград сляпому і бязногаму. Сляпы вінаград не ўбачыць, а бязногі да яго не дойдзе. У “тлумачэнні” Кірыла Тураўскі раскрывае сэнс алегарычных вобразаў. Чалавек дамавіты – Бог, што стварыў свет, нябёсы і зямлю. Пасадзіў вінаград – стварыў вырай. Агароджа – страх перад грахом і судом Божым, сцяна – закон, запавет. Бязногі – цела чалавечае, сляпы – ягоная душа. Сляпы і бязногі змовіліся парушыць загад свайго гаспадара, пакаштаваць слодыч вінаграду. Бязногі сеў на сляпога, паказваючы яму дарогу. Гаспадар даведаўся, што вінаград абкрадзены, і загадаў прагнаць ад брамы бязногага і сляпога. У “выкрыцці граху” аўтар згадвае Адама, які быў выгнаны з выраю за тое, што дакрануўся да забароненага яблыка. Тлумачыць, як трэба разумець, чаму гаспадар загадаў прывесці сляпога, сцерагчы яго ў пэўным месцы, пакуль ён сам не з'явіцца да вінаграду і не пакліча бязногага. Тады і адбудзецца суд над абодвума. Кірыла Тураўскі заклікае верыць у другое прышэсце Хрыста, калі ўваскрэснуць мёртвыя і кожнаму будзе дадзена адпаведна заслугаў. У канцы прыпавесці аўтар яшчэ раз тлумачыць алегарычныя вобразы і змест распавяданага.

Пытанні да абмеркавання:

  1. Хто ўсё ж болей вінаваты – сляпы ці кульгавы?
  2. Як вы разумееце тэзу “Страшная не наяўнасць грахоў, а адсутнасць добрых справаў”?
  3. Калі чалавек ідзе на злачынства? Што на вашае разуменне ёсць злачынства?
  4. Ці з'яўляецца “Прыпавесць пра душу і цела” публіцыстычным творам?
  5. У чым палягае найбольшая заслуга Кірылы Тураўскага?

Дадатак І. Формулы выяўлення аўтарскай пакорлівасці
ў даўніх эпісталаграфічных тэкстах.

У “Пасланні да ігумена Васіля” пра рытарычнае майстэрства Кірылы Тураўскага яскрава сведчаць прыклады этыкетных аўтарскіх “самапрыніжальных” формул (captatio benevolentiae), якія пранізваюць увесь твор ад самага пачатку да канца. У загалоўку тэксту асоба аўтара схаваная за формулай “некии старецъ”. Далей ён самавызначаецца ў тэксце як “вучань і раб, ганебны і ўбогі”. Гэтае самапрыніжэнне Тураўляніна тлумачыцца тым, што, пачынаючы Пасланне, ён, як і любы іншы сярэднявечны пісьменнік, перажываў душэўную барацьбу двух жаданняў: данесці да адрасата свае веды, свой духоўны вопыт ці маўчаць, маючы сумненні адносна здольнасці выканаць адказную місію. Вырашыць гэтую складаную дылему аўтару дапамагае надзейнае апірышча і найвышэйшы аўтарытэт для сярэдневяковых людзей – Святое Пісанне. Таму Кірыла Тураўскі тлумачыць: “Аз же не о собе скажю ти о святеи скиме, но от святыхъ книгъ”. Пісьменнік красамоўна апісвае сваю працу на ніве духоўнага павучання з дапамогай метафары сяўбы (Евангелле паводле Мацвея 13; 4, 6, 7), ужываючы свой улюбёны прыём – славеснае выяўленне падтэксту: “Се азъ во твои раль сею семена, еже суть о боготруды словеса. Ты смотри, да и плевелы зде будутъ, злое же семя ис корени исторгни, а мене накажи. Аще ли есть пшеница, а бы не при пути, ни на камяни, ни в тернии сеялъ. Обаче аще три части погибнуть, но надеюся отъ единоа ты можеши во сто приплодити, Богу ти помогающу, аще съ Ним о скиме общенути съвещаеши”. Самаапраўдваючыся, Кірыла Тураўскі звяртаецца да адрасата з просьбай: “О всем же семь, мои милыи господине и благодетелю, не прогневаися, ни возненавиди мене, не от ума, но от безумиа сиа написавшу, но, раздравъ, поверзи”. Такой суровай ацэнкі словы пісьменніка заслугоўваюць таму, што, паводле трапнага параўнання аўтара, “аки паучина, сама ся деруть, не бо могуть к ползе сълнути, не имущи влагы Святаго Духа”, бо дар красамоўнага выяўлення духоўнага досведу і хрысціянскага вучэння з'яўляецца вынікам зыходжання на творцу Духа Святога. У заключэнні Тураўлянін сціпла зазначае: “Не бо, яко учитель, отческы и строино заповедаю, но всею простотою беседую с тобою, твоеи любви и моа отверзающи уста” . Увенчвае гэтую палітру этыкетных формул “самапрыніжэння” топас біблейскага паходжання: “Аз же... грешенъ есмь”. Верагодна, такія формы выяўлення аўтарскай пакорлівасці, у цэлым нетыповыя для эпісталаграфіі (дарэчы, у “Пасланні” Клімента Смаляціча яны ўвогуле адсутнічаюць, а ў “Павучанні” Георгія Зарубскага абмяжоўваюцца двума прыкладамі: “грешныи Георгии” і “убогии старець”), узніклі ў “Пасланні” Кірылы Тураўскага пад уплывам урачыстага красамоўства, бліскучым майстрам якога Тураўлянін з'яўляўся. Не выпадкова ў Словах пісьменніка на царкоўныя святы можна адшукаць шматлікія сэнсавыя і славесныя супадзенні з апісанымі вышэй прыкладамі этыкетных формул.

У “Пасланні да ігумена Васіля” самапрыніжэнне аўтара з'яўляецца таксама выяўленнем пашаны да адрасата. Кірыла Тураўскі ўжывае адпаведную формулу прывітання: “Поклоняние отъ моего недостоиньства къ твоему преподобьству...”. Прывітальная формула, нарматыўная рыса эпісталаграфіі, прысутнічае і ў “Повченьи” Георгія Зарубскага: “Се пишю к тебе, чадо мое узлюбленое о Господи”. У творы Клімента Смаляціча гэты элемент структуры тэкста, верагодна, невыпадкова прапушчаны, саступаючы месца для іншага нарматыўнага элементу эпісталярнага жанру – для згадкі пра раней атрыманы ліст: “Почет писание твоея любве, яже аще и медмено бысть, почюдихся и в чинъ въспомяновениа приникъ, зело дивихся благоразумию твоему, возлюбленыи ми о Господе брате Фомо. Имать писание твое наказание с любовию к нашему тщеславию, и тако с радостию прочет пред многыми послухи и пред княземь Изяславом тобою присланое къ мне писание. И вину ми исповедавшу, егоже ради пишеши, ты же, любимиче, не тяжько мни мною восписаною ти хартиею” . Згаданая норма эпісталаграфіі не знайшла выяўлення ў “Повченьи” Зарубскага манаха, а ў “Пасланні” Тураўляніна адлюстраваная наступным чынам: “А о немже, господине, прислалъ ми еси грамоту, аки прошая великаго и святаго скимнага образа, въ н же издавна облещися желаеши, но не яко неведы ищеши, но пытаеши моея нищеты, аки достоить учителю ученика и господину раба”. Iнтэнсіўнасць адпаведнага кампанента ў “Пасланні да Хамы прасвітара” (на карысць чаго сведчыць размяшчэнне згадкі пра атрыманы раней ліст ва ўступнай частцы тэксту, што, як вядома, адыгрывала важную сэнсава-кампазіцыйную ролю ў творы, спрыяла ягонаму папярэдняму разуменню і прыцягвала ўвагу) была абумоўленая зместам першай часткі твора, якая ўяўляе з сябе асабістую апалогію пісьменніка ад папрокаў Хамы, выказаных ім у “писании” да Клімента. Аўтар, відавочна, надае такую вялікую ўвагу тлумачэнню перадумоў стварэння тэксту свайго Паслання, таму што ў першай сваёй частцы яно пабудаванае па мадэлі: тэзіс (вытрымка з ліста Хамы) – антытэзіс (адказ-тлумачэнне Клімента Смаляціча), напрыклад: “Речеши ми: “Славишися, пиша, философ ся творя”, а первие сам ся обличаеши: егда к тобе что писах, нъ ни писах, ни писати имам. А речеши ми: “Философьею пишеши”, а то велми криво пишеши, а да оставль аз почитаемаа Писаниа, аз писах от Омира, и от Аристо[те]ля, и от Платона, иже во елиньскых нырех славне беша”. Згадваючы атрыманы ад Хамы ліст, аўтар занатоўвае надзвычай важную інфармацыю, якая тычыцца сітуацыі абвяшчэння Паслання прасвітара перад аўдыторыяй: шматлікімі сведкамі і князем Iзяславам. У манастырах чытаўся ўслых адказ Клімента Смаляціча, пра што сведчыць даданне фразы “Господи, благослови, Отче” у адным са спісаў Паслання да Хамы прасвітара. Тлумачыцца гэта ідэалогіяй эпохі Сярэднявечча: парадаксальна, але ліст, нават асабісты, лічыўся публічнай уласнасцю і рабіўся вядомым шырокім колам грамадства, асобам “преизлиха насыщьшеся сладости книжныа”. Адсюль вынікае першапачатковая арыентацыя пасланняў на публічнае ўзнаўленне. Таму, відавочна, аўтары эпісталярных помнікаў свядома падвяргалі тэксты грунтоўнай рытарычнай апрацоўцы, а ліст выступаў формай апасродкаванага звароту пісьменніка да слухачоў і чытачоў. Такім чынам, старабеларуская эпісталаграфія XII–XIII стст. заканамерна прымала на сябе функцыі аратарскай прозы (пераконваць, заахвочваць і прыносіць асалоду) і з поспехам рэалізоўвала іх.

Паводле Вольгі Крычко


<== previous lecture | next lecture ==>
Для струминних млинів | Дадатак ІІ. І яшчэ раз сцісла пра філасофію літаратуры.
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 1.891 s.