Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Бiялагiчны рэжым музейнага захавання


Date: 2015-10-07; view: 521.


1. Біяпашкоджанні– гэта непажаданыя змены ў характарыстыках матэрыялаў, выкліканыя ўздзеяннем жывых арганізмаў (агентаў біяпашкоджанняў). Музейны фонд Беларусі найбольш церпіць ад мікраарганізмаў, насякомых, грызуноў. На сённяшні момант ва ўсім свеце галоўны накірунак ў галіне аховы музейных калекцый ад пашкоджання – рэгулярныя прафілактычныя мерапрыемствы. У выпадку заражэння калекцый паўстае неабходнасць правядзення мерапрыемстваў па знішчэнню агентаў біяпашкоджання. Вельмі важным з'яўляецца своечасовае выяўленне ачагоў паражэння. Наяўнасць біялагічнага пашкоджання ці яго верагоднасць можна канстатаваць на падставе выяўлення як саміх агентаў біяпашкоджання, так і слядоў іх жыццядзейнасці. У музейнай практыцы гэта могуць быць як следствы былой жыццядзейнасці розных арганізмаў да паступлення прадмета ў музейны фонд, так і праявы актыўнага ўздзеяння на яго ў працэсе захавання ці экспанавання. Важна размяжоўваць гэтыя праявы, для таго, каб прыняць правільнае рашэнне наконт неабходных захадаў у кожным асобным выпадку.

1.1. Грызуны займаюць не самую значную долю ў аб'ёме біяпашкоджанняў, але іх дзейнасць бывае заўважнай у першую чаргу.

У музейных будынках могуць гняздзіцца дамавая, палявая, лясная мышы (апошнія два віды часцей толькі зімуюць у будынках) і пацукі.

1.2. Насякомыя. Асноўнымі шкоднікамі музейных калекцый з арганічных матэрыялаў з'яўляюцца молі-кератафагі, скураеды, жукі-дрэваточцы, лускаўніца звычайная (цукровая рыбка), тады як да апасрэдаваных шкоднікаў можна залічыць мух, тараканаў і некаторых мурашак. Наяўнасць біялагічнага пашкоджання ці яго верагоднасць можна канстатаваць на падставе выяўлення дарослых насякомых, лічынак, кукалак, слядоў жыццядзейнасці.

1.3. Біялагічная карозія аб'ектаў гісторыі і культуры, выкліканая раслінамі, датычыць, як правіла, манументальных помнікаў і гістарычных будынкаў і іншых надворных аб'ектаў гісторыка-культурнай вартасці і праяўляецца ў выглядзе наростаў аднаклеткавых водарасцей, лішайнікаў, мхоў і паасобных насенных раслін.

1.4. Мікраарганізмы (бактэрыі, актынаміцэты, дрожджы, мікраскапічныя грыбы) шкодзяць як музейным прадметам з арганічных матэрыялаў (папера, тканіны, скура, дрэва), так з і неарганічных (шкло, кераміка, камень, металы). Уздзеянне мікраарганізмаў матэрыялы музейных прадметаў бывае прамое і ўскоснае. Пры першым – гэта крыніца харчавання і дыхання, а пры ўскосным здзяйсняецца прадуктамі жыццядзейнасці мікраарганізмаў – ферментамі, арганічнымі кіслотамі, пігментамі.

1.5. Дрэваразбуральныя грыбы, у першую чаргу гэта дамавыя грыбы-дэструктары драўніны, могуць пераходзіць з заражаных драўляных канструкцый будынкаў ці абсталявання на рамы карцін, дошкі абразоў, кнігі, тканіны, мэблю. У 90% выпадкаў у будынках сустракаюцца сапраўдны, плеўкавы і белы дамавыя грыбы, якія выклікаюць актыўную бурую прызматычную гніль драўніны. Выяўляюцца яны ў выглядзе шчыльных і ватападобных плевак, цяжоў, шнуроў. Пашкоджаныя прадметы цямнеюць і разбураюцца.

Споры грыбоў, якія надзвычай устойлівыя да розных уздзеянняў, не толькі псуюць вонкавы выгляд, але і ўяўляюць сур'ёзную пагрозу здароўю людзей.

 

2. Агульныя прафілактычныя мерапрыемствы ўлічваюць два шляхі заражэння музеяў агентамі біяпашкоджанняў – залёт звонку і занос з заражанымі матэрыяламі. З'яўленню актыўных ачагоў рознага плану біяпашкоджанняў у значнай ступені садзейнічае запыленасць i захламленасць памяшканняў, скапленне мух i iншых зiмуючых i мёртвых насякомых, наяўнасць рэшткаў харчу, неадпаведна выкананых чучал, выкарыстанне драўнiны, неадчышчанай ад кары, без спецыяльнай апрацоўкi, суседства прадуктовых сховiшчаў, гнёздаў птушак, дрэнная гідраізаляцыя будынкаў.

Асноўны накірунак – прадухіленне пранікнення насякомых, грызуноў, спораў грыбоў; скарачэнне магчымых крыніц харчавання для іх у сховішчах; выкананне агульных санітарна-гігіенічных патрабаванняў.

 

3. Спецыфічныя прафілактычныя мерапрыемствы:

3.1. Музейныя матэрыялы патрэбна захоўваць па групах, якія адрозніваюцца ступенню прынаднасці для лічынак насякомых, гэта дазволіць пазбегнуць папутнага пашкоджання лічынкамі матэрыялаў, якімі яны не харчуюцца наогул ці выкарыстоўваюць у апошнюю чаргу.

3.2. Прадметы з тканін, адзенне, шкуры жывёл пажадана захоўваць у падвешаным стане, так як паслойнае захоўванне стварае спрыяльныя ўмовы для запаўзання лічынак скураедаў.

3.3. Дываны, габелены і сувоі сукна пракладваюцца газапранікальнай паперай, перасцеленай слоем паперы, насычанай сумессю керасіну і шкіпінару (1:2) і злёгку падсушанай, а затым разам накручваюцца на вал.

3.4. Для афармлення экспазіцыі, вітрын, выставак, упакоўкі неабходна выключаць з ліку дапаможных матэрыялаў ваўняныя і ўтрымліваючыя воўну тканіны. Патрэбна абмежаваць выкарыстанне матэрыялаў з варсістаю, рыхлавалакністаю і шурпатай структурай паверхні як спрыяючых распаўзанню лічынак скураедаў і прыдатных для адкладкі ў іх яек самкамі скураедаў.

3.5 Новыя паступленні пажадана прымаць восенню – у верасні-кастрычніку, калі ў асноўным скончыліся тэрміны лёту жукоў-дрэваточцаў. Трэба пазбягаць выязных выставак у вясенне-летні сезон, калі адбываецца вылет у большасці насякомых.

3.6 Тарцы і месцы сутыкнення драўляных паверхняў павінны быць абаронены лака-фарбавымі пакрыццямі, бо маладыя лічынкі тачыльшчыкаў і дрэвагрызаў не могуць пранікнуць ў здаровую драўніну праз слой алейнай фарбы, лакавыя ці васковыя пленкі. Аднаразавае пакрыццё аліфай гэтаму не перашкаджае.

 

3.7 Ад паражэння некаторымі відамі тачыльшчыкаў можа абараніць выкарыстанне саставаў на аснове буры і борнай кіслаты, водныя растворы якіх досыць эфектыўныя і супраць тараканаў і мурашак. Посуд з растворамі для піцця змяшчаюць у зацішных месцах.

3.8. Адзін з асноўных спосабаў прафілактыкі пашкоджання моллю і некаторымі іншымі насякомымі – выкарыстанне рэпелентаў – рэчываў, што маюць уласцівасць адганяць насякомых. Аднак выкарыстанне іх найбольш мэтазгодна ў выпадках, калі непажадана выкарыстанне інсектыцыдных прэпаратаў (экспазіцыя, размяшчэнне калекцыі ў працоўным памяшканні захавальнікаў і г.д.).

3.9 Для адпалохвання грызуноў і некаторых насякомых можа быць выкарыстаны ультрагук – для гэтага могуць быць выкарыстаны спецыяльныя прыборы, у тым ліку бытавыя.

3.10. Магчыма выкарыстанне антыфідантаў – злучэнняў, якія пры нанясенні на пажыўны субстрат зніжаюць ці нават прадухіляюць яго паяданне насякомымі. У музейнай практыцы антыфіданты выкарыстоўваюцца часцей для дапаможных матэрыялаў (паковачных, афарміцельскіх), бо для прадухілення паядання лічынкамі скураедаў ці молей патрэбна толькі суцэльная апрацоўка матэрыялу.

3.11. Для прадухілення гнездавання ў музейных будынках галубоў, гнёзды якіх з'яўляюцца крыніцай заражэння памяшканняў моллю і скураедамі, абмяжоўваецца доступ да магчымых месцаў гнездавання, ці выкарыстоўваюцца спецыяльныя сістэмы для дахаў, аснаваныя на прапусканні па правадах слабага электрычнага току.

3.12. Для азелянення тэрыторыі, прылеглай да музейных будынкаў патрэбна абмяжоўваць выкарыстанне раслін з сямейства ружакветных (верабіна, глог, шыпшына, спірэя), а таксама зонцічных (сныць), кветкі якіх прывабліваюць жукоў-скураедаў у перыяд лёту і павышаюць іх канцэнтрацыю паблізу музея.

3.13. Прылягаючыя да тэрыторыі музея ўчасткі паркавай, лясной, азяляняльнай зоны павінны рэгулярна ачышчацца ад сухастоя і сухога галля як адной з крыніц заражэння дрэваразбуральнымі насякомымі.

 

4. Мерапрыемствы па знішчэнню агентаў біяпашкоджанняў. Способы знішчэння розныя ў залежнасці ад аб'екта знішчэння, але ўсе яны могуць быць аднесены да біялагічных, фізічных ці хімічных.

4.1. Біялагічныя метады не маюць шырокага выкарыстання ў музейнай практыцы, пераважна знаходзяцца ў стадыі распрацовак (акрамя кошак для адлову мышэй).

4.2. Фізічныя метады аснаваныя на фізічным знішчэнні ці выдаленні аб'ектаў біяпашкоджання, не павінны негатыўна ўплываць на матэрыялы музейных прадметаў.

4.3. Хімічныя метады. Хімічныя сродкі для барацьбы з біяпашкоджаннямі выкарыстоўваюцца як фуміганты, аэразолі, растворы, дусты, радзей у выглядзе эмульсій і пастаў. Атрутныя рэчывы не павінны дрэнна ўплываць на матэрыялы музейных прадметаў, ці быць таксічнымі для наведвальнікаў і абслугоўваючага персанала. Асноўныя прынцыпы падбору біяцыдных прэпаратаў:

· мінімальны уплыў на матэрыялы прадмета;

· значная працягласць дзеяння;

· невысокая таксічнасць для цеплакроўных;

· растваральнасць у нетаксічных растваральніках.

 


<== previous lecture | next lecture ==>
Палітычнае і эканамічнае становішча | ГАЛІЦКА-ВАЛЫНСКІ ЛЕТАПІС
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 1.889 s.