|
ГАЛІЦКА-ВАЛЫНСКІ ЛЕТАПІСDate: 2015-10-07; view: 734. Галіцка-Валынскі летапіс — помнік гістарыяграфіі, мовы і літаратуры XIII ст., складзены ў Галіцка-Валынскай Русі (магчыма, частка летапісу была напісаная ў Турава-Пінскім княстве). Ахоплівае падзеі за перыяд 1201—1292 гадоў. Збярогся ў Іпацьеўскім, Хлебнікаўскім ды іншых спісах украінскага летапіснага зводу. Структура. Паводле літаратурнай структуры і зместу летапіс уяўляе з сябе звод, у якім вылучаюцца 2 асноўныя часткі: Галіцкі летапіс (1201—1261), складзены ў Галічыне, у аснову якога пакладенае летапісанне часоў князя Данілы Раманавіча Галіцкага, і Валынскі летапіс (1262—1291), складзены на Валыні, які больш увагі надае гісторыі валынскай зямлі у час княжання Васілька Раманавіча ды ягонага сына Ўладзімера. Падзеі ў летапісе пададзеныя з пункту гледжання інтарэсаў галіцка-валынскіх князёў, месцамі тэндэнцыйна, але звесткі ў цэлым адпавядаюць гістарычнай праўдзе. Асвятленне беларускіх земляў. Галіцка-Валынскі летапіс служыць каштоўнай крыніцай вывунэння мінуўшчыны Беларусі. У ім змешчаныя ўнікальныя звесткі па гісторыі беларускіх гарадоў (Наваградак, Гародня, Берасце, Ваўкавыск), пра асобныя помнікі беларускай культуры (Лаўрышаўскі манастыр, Камянецкая вежа), пра жыццё і дзейнасць вялікіх князёў Вялікага Княства Літоўскага Міндоўга, Войшалка, Трайдэна. Некаторыя даследнікі выказалі гіпотэзу, што інфармацыя пра літоўскіх князёў запазычаная з Наваградскага летапісу, магчыма, складзенага ў Лаўрышаўскім манастыры. У Галіцка-Валынскі летапісе даволі шырока асветлены пачатковы этап палітычнага аб'яднання літоўскіх (беларускіх) зямель у адзіную дзяржаву, працэс утварэння Вялікага Княства Літоўскага, паказана складанасць гэтага прагрэсіўнага гістарычнага працэсу. Летапіс быў шырока вядомы на беларускіх землях, паслужыў крыніцай і ўзорам для літоўскіх хронік XVI ст. Асобныя ягоныя сюжэты выкарыстаў аўтар «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», звесткі пра Міндоўга і Войшалка былі перакладзеныя на старабеларускую мову і ўлучаныя ў “Хроніку Быхаўца”. Галіцка-Валынскі летапіс садзейнічаў таксама пераадоленню традыцыйнай пагадовай формы выкладання падзеяў у літоўскім агульнадзяржаўным летапісанні і станоўча паўплываў на развіццё беларускай гістарычнай прозы і гістарыяграфіі позняга Сярэднявечча і эпохі Адраджэння.
|