Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






ПОЛАЦКІ ЛЕТАПІС


Date: 2015-10-07; view: 1205.


Полацкі летапіс — летапіс, існаванне якога гіпатэтычна дапускаецца шэрагам гісторыкаў, але які не захаваўся. Мог быць складзены ў Полацку ў 12 ст. На думку С. М. Салаўёва, У. Ц. Пашуты, Л. В. Аляксеева, урыўкі з гэтага летапісу ёсць у Кіеўскім летапісе.

На думку прыхільнікаў гіпотэзы, на карысць існавання такога летапісу сведчыць апавяданне ў Кіеўскім летапісе (пад 1159) пра вяртанне на полацкі сталец, раней выгнанага палачанамі князя Рагвалода-Васіля Барысавіча. Апавяданне складзенае відавочцам, з яркімі дэталямі. Другім доказам з'яўляецца фрагмент (пад 1180) з Іпацьеўскага спісу пра паход кіеўскіх, чарнігаўскіх і полацкіх князёў сумесна з наўгародцамі пад Друцк, залежны ад смаленскіх князёў (часова смаленскім князем быў Давыд Расціславіч). Пра мясцовы, полацкі запіс сведчыць дэталізацыя — дакладная дата падзеі, падрабязны пералік князёў.

Пра існаванне летапісання ў Полацку наогул паведамляў В. М. Тацішчаў (пач. 18 ст.), які ў сваёй працы «Гісторыя Расійская» ўзгадваў пра спіс, які належаў пецярбургскаму архітэктару П. Яропкіну, і дзесяць разоў спасылаўся на змест спісу, які, аднак, не дайшоў да нашых дзён — загінуў падчас пажараў у Маскве ў 1812 г. Гісторык выпісаў толькі некаторыя фрагменты, у т.л. летапісны артыкул 1217 г., пра астатняе В. М. Тацішчаў заўважыў: «…много о полоцких, витебских и других князей писано, токмо я не имел времени всего выписать и потом не достал…».

Магчыма, што ў Полацкай зямлі было створана, а потым трапіла ў Кіеў і «Паданне аб Усяславічах», зафіксаванае ў Лаўрэнцьеўскім спісе пад 1128 годам. На думку Ю. А. Зайца, яно з'яўляецца пераказам тэксту гістарычнай песні, пашыранай на тэрыторыі Полаччыны ў кан. 11 — пач. 12 ст.

НАВАГРАДСКІ ЛЕТАПІС і Літоўская каралева

У пачатку XIII стагоддзя нарадзілася прыгажуня-дзяўчына, якой лёсам было нарыхтавана стацца першай, і, як потым выявілася, адзінай літоўскай каралевай. У гісторыю яна ўвайшла пад іменем Марта, атрыманым пры хрышчэнні ў каталіцтва. Ейны першы муж, літоўскі князь Вісмант, ужо быў у гадах, калі браў юную Марту ў жонкі. А ахутанае тайнай знаёмства з князем Міндоўгам паслужыла падставай для ўзнікнення мноства легендаў і няправільных тлумачэнняў. У 1252 годзе князь Вісмант памірае, калі верыць плёткам, ад рук забойцаў, падасланых Міндоўгам. Паводле іншай версіі Марта перад адным з баёў прызнаецца Вісманту ў сваёй здрадзе, і той, прыгнечаны горам, не думае ў бітве ні пра што, акрамя смерці. У тым жа годзе памірае жонка Міндоўга. Міндоўг і Марта ідуць да шлюбу, а праз некалькі гадоў у іх шчаслівай сям'і з'яўляюцца спадчыннікі – Рукліс і Рупек. У 1260 годзе Міндоўг адыходзіць ад хрысціянства і адмаўляецца ад кароны. Некаторыя даследчыкі думаюць, што менавіта гэта і сталася галоўнай прычынай хваробы Марты, якая хацела бачыць сваіх дзяцей каралямі. Захавалася шмат доказаў таго, як Міндоўг кахаў сваю жонку і наколькі цяжкай была для яго страта. Адпаведна некаторым летапісам, Марта быццам звар'яцела і нават склала тастамент, у якім загадвала Міндоўгу ажаніцца з ейнай сястрой, якая была ўжо замужам за князем Нашчан Даўмонтам. На знак кахання Міндоўг нібы выканаў запавет, але паводзіўся дзёрзка і самаўпэўнена, за што і быў забіты разам са сваімі сынамі Руклісам і Рупекам Даўмонтам. I ўсё ж гэтая гісторыя выглядае не зусім праўдападобна. Відаць, забойцам Міндоўга трэба было прыдумаць прычыну, з-за якой яны і наважыліся на злачынства. На жаль, Наваградскі летапіс не захаваўся да нашых дзён, а тое, што ўсё ж дайшло да нас – летапіс Галіцка-Валынскага княства, нямецкія хронікі Ордэна – з'яўляюцца прыдворнымі рупарамі ворагаў Наваградскага княства, якія стараліся не дапусціць стварэння Вялікага княства Літоўскага. Вось, напэўна, і ўсё, што вядома пра адзіную літоўскую каралеву, таямнічую прыгажуню, якая кіравала разам з Міндоўгам.


<== previous lecture | next lecture ==>
ГАЛІЦКА-ВАЛЫНСКІ ЛЕТАПІС | СЛОВА ПРА ПАХОД ІГАРАВЫ
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.735 s.