Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






СЛОВА ПРА ПАХОД ІГАРАВЫ


Date: 2015-10-07; view: 1914.


Падзеі і факты беларускай гісторыі ў "Слове пра паход Ігаравы"

«Слова пра паход Ігаравы» было напісанае невядомым аўтарам. Некаторыя даследчыкі лічаць, што Кірылам Тураўскім. Гэты твор прысвечаны гістарычным падзеям. У 1185 годзе ноўгарад-северскі князь Ігар Святаславіч разам з родным братам Усяславам павёў сваю дружыну ў палавецкі стэп. Паход скончыўся бясслаўна і меў вельмі сумныя вынікі для ўсходнеславянскіх земляў. Акрыленыя перамогай полаўцы рушылі на Старажытную Русь.

У «Слове пра паход Ігаравы» аўтар выкарыстоўвае адступленні, згадкі пра мінулае роднай зямлі. Ён шукае прычыны няўдалага паходу князя Ігара ў сацыяльна-палітычных абставінах таго часу, перажывае за лёс Радзімы, ейную будучыню, у лірычных адступленнях заклікае да адзінства князёў, асуджае звадкі і міжусобныя войны. У мінулым Старажытнай Русі аўтар бачыць як вартае, годнае, чым можна ганарыцца, так і тое, што паслужыла пачаткам сучасных бед і трагедый.

Асноўная ідэя твора — палкі заклік да яднання старажытнарускіх князёў перад тварам навіслай над Радзімай знешняй пагрозы. Яна вынікае са зместу ўзноўленых у творы падзей, пра гэта гаворыць аўтар у адступленнях.

У «Слове...» паўстае шмат рэальных гістарычных князёў. Асаблівае месца сярод іх займае князь Усяслаў. Ён прысвяціў усё сваё жыццё барацьбе за магутнасць і незалежнасць Полацкай зямлі. Вобраз гэтага князя абмаляваны досыць шырока, ярка, з вялікай доляй сімпатыі і спачування. Так гаворыць пра Усяслава аўтар «Слова пра паход Ігаравы»: «Хоць і вешчую меў душу ў дзёрзкім целе, ды часта ад бедаў цярпеў ён». Як лічыць беларускі даследчык В. Чамярыцкі, у асобе Усяслава Чарадзея старажытны аўтар бачыў антыпода здрадніку Алегу Святаславічу, які неаднойчы прыводзіў ворагаў на Русь.

«Слова...» уражвае сваёй сілай, яркасцю мастацкіх карцін і вобразаў. Аўтар звяртаецца да паганскай сімволікі і славянскай міфалогіі, шырока выкарыстоўвае фальклорныя прыёмы і сродкі. Як і ў вуснай народнай творчасці, прырода ў гэтьм творы адухоўленая. Яна жыве разам з чалавекам, дапамагае яму ці шкодзіць. Як народныя галашэнні падае аўтар плач Яраслаўны:

На Дунаі чуцен голас Яраслаўны,

Самотнай чайкаю кігіча рана:

Палячу, — кажа, — чайкаю па Дунаі,

Абмачу белшаўковы рукаў у Каяле,

Абатру князю крывавыя яго раны

На целе яго крамяным...

Адкрытае ў 90-я гт. XVIII ст. «Слова пра паход Ігаравы» перакладзенае на шматлікія славянскія і неславянскія мовы. Упершыню па-беларуску «Слова...» загучала дзякуючы М. Багдановічу, які ў 1910 г. пераклаў невялікі ўрывак, прысвечаны аднаму з полацкіх князёў («Песня пра Ізяслава Полацкага»). Цалкам старажытны твор быў перакладзены Янкам Купалам і М. Гарэцкім (1919—1921), Р. Барадуліным (1985). Даследчыкі вылучаюць вольныя (Я. Купалы) і дакладныя (Р. Барадуліна) паэтычныя пераклады.

* * *

 

У зачыне невядомы аўтар канца XII ст. заклікае пачаць «мужны спеў... па былях дня нашага, а не па надуме Баяна». Старажытны апавядальнік Баян называецца «салаўём старога часу», адзначаецца асаблівасць ягоных твораў — «даваць паходам акрасу» (г. зн. прыхарошваць падзеі), пяяць славу князям.

 

Князі — браты Ігар і Усевалад з невялікім войскам збіраюцца на полаўцаў. На трагічны зыход задуманай справы паказвае сонечнае зацьменне, іншыя прыродныя з'явы, але Ігар з войскам кіруецца ў стэп. Першы бой з ворагам браты выйгралі. «Патапталі яны палавецкія палкі паганыя», узялі багатую здабычу.

 

Раніцай наступнага дня на лагер русічаў напалі полаўцы на чале з ханам Канчаком. Рускія палкі мужна змагаюцца. Асаблівую смеласць і спрыт выяўляе князь Усевалад, якога аўтар «Слова...» называе «яр турам».

 

У творы згадваецца слаўнае мінулае («леты Яраслававы, паходы Алегавы»), калі Кіеўская Русь была магутнай, бо не ведала ўсобіц паміж князямі. Пра новы час аўтар гаворыць, што «на Рускай зямлі пераклікаліся рэдка ратаі, ды часта вораны граялі, трупы дзелячы між сабою».

 

Войска Святаславічаў разбітае, браты трапілі ў палон («Ігар-князь перасеў з сядла залатога ў сядло нявольніцкае») і разліліся па Рускай зямлі жальба і смутак.

 

Святаслаў бачыць «мутны сон». Баяры паведамляюць яму сумную вестку пра лёс рускай дружыны і яе кіраўнікоў. Кіеўскі князь наракае, што не ў пару Ігар і Усевалад «пачалі зямлю Палавецкую мячамі цвяліць, а сабе славы шукаць». Гаворыць, што «насталі часы ганебныя», бо ўдзельныя князі не дапамагаюць змагацца з ворагам. Ён заклікае ўсіх узяцца за зброю, каб паквітацца з полаўцамі «за крыўду дня нашага, за Рускую зямлю, за раны Ігаравы». Міжусобныя войны аслабілі моцнае калісьці Полацкае княства. Аўтар «Слова...» звяртаецца да Яраслававых і Усяслававых унукаў з прапановай «схаваць мячы свае», бо варожасць князёў «наводзіць паганых на зямлю Рускую». 3 глыбокім драматызмам малюецца бітва паміж князямі Кіева і Полацка:

 

На Нямізе галовы сцелюць снапамі,

Харалужнымі малоцяць цапамі,

жыццё кладуць на таку злюцела,

веюць душу ад цела.

Нямігі крывавыя берагі

не збожжам былі засеяны зноў —

засеяны касцьмі рускіх сыноў.

 

Полацкі князь Усяслаў, адзін з удзельнікаў бітвы на Нямізе, паказваецца смелым, удачлівым, хітрым і, нават, у адпаведнасці з паданнем надзяляецца чарадзейнымі рысамі («Уночы ваўком рыскаў, з Кіева паспяваў да пеўняў да Тмутараканя»). Аўтар згадвае эпізод з багатага на падзеі жыцця Усяслава Чарадзея, калі ён на нейкі час заняў пасад князя ў Кіеве.

 

Яраслаўна, жонка Ігара, плача над лёсам палоннага мужа. Яна звяртаецца да ветру, сонца, Дняпра са сваім горам, просіць дапамагчы князю, вярнуць яго дамоў жывым.

 

У адну з начэй князь Ігар уцякае з палону. Гоняцца за ім Гзак і Канчак, але Ігар шчасліва вяртаецца на родную зямлю. Заканчваецца твор услаўленнем князёў і іх воінаў, якія «бароняць хрысціян ад паганай чужыны».

 

“СЛОВА ПРА ПАХОД ІГАРАВЫ” Ў БЕЛАРУСКІХ ПЕРАКЛАДАХ

 

Да выдатнага твора ўсходнеславянскай літаратуры – “Слова пра паход Ігаравы” – звярталіся шмат якія беларускія паэты і пісьменнікі. У 1910 г. урывак з паэмы пад назвай “Песня пра князя Ізяслава Полацкага” ўзнавіў Максім Багдановіч. Ён надзвычай тонка перадаў паэтычныя вартасці арыгінала, паказаў сябе выдатным знаўцам як старажытнарускай, так і сучаснай яму беларускай мовы. Але перакладзеныя Багдановічам 28 радкоў са “Слова” не давалі чытачу поўнага ўяўлення пра бессмяротную паэму.

 

У вельмі цяжкі для Беларусі час (гады грамадзянскай вайны) зрабіў празаічны і вершаваны пераклад “Слова” Янка Купала. Празаічны пераклад ён скончыў у Мінску 30 кастрычніка 1919 г. (апублікаваны ў газеце “Беларусь”, 11. 11. 1919 г.), вершаваны – у Акопах 5 верасня 1921 г. (апублікаваны ў часопісе “Вольны сцяг”, 1921 г. №5-6). Зварот Я. Купалы да гэтага помніка ўсходнеславянскай славеснасці ў адзін з пераломных момантаў айчыннай гісторыі паказальны ў тым плане, што якраз у ім паэт шукаў адказы на шматлікія пытанні, якія яго ў той час хвалявалі. Пра кірунак ідэйна-творчых пошукаў і пра заглыблены роздум Я. Купалы пра лёс народа і Бацькаўшчыны сведчыць і тое, што адначасова са “Словам” ён пераклаў “Інтэрнацыянал” Э. Пацье.

 

“Слова пра паход Ігаравы” даўно цікавіла Я. Купалу. Перш як прыступіць да перакладу, ён вывучаў спецыяльную літаратуру, кансультаваўся з навукоўцамі. У лісце да Б. І. Эпімах-Шыпілы ад 13. 04. 1919 г. ён пісаў: “Цяпер я крыху заняўся студыяваннем славянскай міфалогіі агулам і беларускай у часнасці.... Можа Вы, паночку, мне ў гэтым памаглі бы? У Петраградзе выйшла кніжка Зяленіна “Очеркі славянскай (ці рускай) міфалогіі”. Дык вось ці маглі бы мне, паночку выслаць кніжку наложанай платай?” Вядома, Я. Купала мог пазнаёміцца з даследаваннямі “Слова пра паход Ігаравы” яшчэ падчас навучання на курсах Чарняева ў Пецярбурзе. Але непасрэдна пачаў вывучаць літаратуру пра гэты помнік у першыя паслярэвалюцыйныя гады.

 

Характэрнай асаблівасцю “Слова” з'яўляецца ягоная моцная сувязь з вуснай народнай творчасцю і славянскай паганскай міфалогіяй, што таксама шмат у чым выклікала ў паэта цікавасць да твора. Прывабіў паэта гэты выдатны помнік і тым, што зместам і праблематыкай ён звязаны з беларускай зямлёй, ейнай гісторыяй і мовай. Пра ўважлівыя адносіны Я. Купалы да “Слова” сведчыць ягоны пераклад назвы твора. У чарнавых аўтографах празаічнага перакладу былі назвы: “Сказ аб паходзе Ягоравым, сыне Святаслава, унуку Алегіным”, у першадруку – “Аповесць аб паходзе Ягоравым, Ягора Святаслаўлева, унука Алегава”. Я. Ф. Карскі, высока ацэньваючы пераклад, адзначыў, што твору лепш адпавядае назва “Песня”, а не “Аповесць” і што не трэба было мяняць скандынаўскае імя Ігар на грэчаскае Ягор.

 

Я. Купала, відаць прыслухаўся да думкі Я. Ф. Карскага. У выніку загаловак вершаванага перакладу атрымаў у першадруку назву “Песня аб паходзе Ігара”. Інтуіцыя мастака падказала Я. Купалу перакласці назву твора, як “Сказ...”, “Аповесць...” і “Песня...”. Дз. С. Ліхачоў заўважае, што ніводзін з гэтых тэрмінаў не меў у старажытнай Русі дакладнага значэння: вось чаму аўтар “Слова” мог назваць свой твор і тым, і другім, і трэцім, не супярэчачы самому сабе і літаратурнай традыцыі свайго часу.

 

Сувязь “Слова” з беларускай гісторыяй і мовай выклікала ў Я. Купалы думку пра “беларускае” паходжанне твора, пра што раней выказваліся У. Сыракомля і П. Бяссонаў. Такое ўспрыняцце “Слова” ўзнікла на грунце патрыятычных пачуццяў паэта, ягонага глыбокага і трывожнага роздуму ў першыя паслярэвалюцыйныя гады над лёсам роднай Бацькаўшчыны.

 

Я. Купала добра адчуваў універсальнасць і непаўторнасць “Слова”, перадаў ягонае гераічнае ліра-эпічнае і велічнае гучанне. У часопісе “Вольны сцяг”, дзе быў змешчаны вершаваны пераклад, ёсць зноска: “Песня аб паходзе Ігара” напісана старой беларуска-славянскай мовай у ХІІ сталецці. Друкаваны ніжэй пераклад вершам на сучасную нашу мову зроблены па магчымасці блізкім па змесце арыгіналу...”

 

Уважліва і пранікнёна падышоў Я. Купала да перакладу “Слова”. Непаўторнае гучанне твора адчуваецца ў перакладзе зачыну: “Ці не лепей было б, каб нам, брацця, пачаць старадаўнімі словы тужліву аповесць аб паходзе Ігаравым, Ігара Святаслаўліча?”

 

Дый пачаціся песні сягачасным ладам, а не складам Баянавым (празаічны пераклад).

 

Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на Купалавы пераклады так званых цьмяных месцаў “Слова”. У старажытнарускім тэксце: “Боян бо вещий, аще кому хотяше песнь творити то растекашася мыслию по древу, серым вълком по земли, шизым орлом подъ облакы”. Сярод даследчыкаў “Слова” і па сённяшні дзень канчаткова не вырашана, як перадаваць выраз “мыслію по древу”. У 30-я гады ХІХ ст. М. Палявой, а за ім і А. Пушкін лічылі, што слова “мысль” з'яўляецца апіскай і па аналогіі з шэрым ваўком і шызым сокалам тут павінен быць нейкі звярок, “мыш”, напрыклад. У. Даль у сваім тлумачальным слоўніку жывой вялікарускай мовы пісаў, што на Пскоўшчыне “мыссю” называюць “вавёрку”.
Е. Барсаў лічыў, што слова “мысь” абазначала не проста вавёрку, а “лятучую векшу”, ці ляцягу, вельмі падобную да вавёркі.

 

У чарнавых запісах Я. Купала пісаў: “расцякаецца белкай па дрэву”, “расцякаўся ён думкай па дрэву”. Пазней, у асобным выданні, ён пераклаў: у празаічным перакладзе – “расцякаўся ён мысляй па дзераву”, у паэтычным – “расцякаўся ён мысляй па дрэву”.

 

Выраз: “юдань по беле отъ двора” Я. Купала і ў празаічным і ў паэтычным перакладах узнаўляў, як “дань вымагалі па белцы з двара”.

 

Некаторыя даследчыкі “бела” перакладаюць як “белка”, маючы на ўвазе шкурку зімовай ваверці ці футру з вавёркі, а некаторыя – як срэбная манета, а не шкурка вавёркі як грашовая адзінка. Ю. Збітнеў выказаў меркаванне, што аўтар “Слова” меў на ўвазе рабыню, паланянку.

 

У старажытнарускім тэксце “Слова” плач Яраслаўны гучыць так: “Ярославынь гласъ слышить: зегзицею незнаемъ, рано кычеть: полечю, рече, зегзицею по Дунаеви, омочю бебрянь руку руквъ въ Каяле реце, утру Князю кровавыя его раны на жестоцем его теле”. Я. Купала ў празаічным перакладзе: “Яраслаўны голас чуецца. Беспрыпыннаю зязюляй раным рана галосіць: “Паляту, кажа так, па Дунаю зязюляй, абмачу рукаво бабровае ў Каяле – рацэ, абатру князю раны яго на магутным на целе яго”.

 

У паэтычным перакладзе:

 

А ў Пуціўлі Яраслаўна

Безуцешнаю зязюляй

Наракае раным – рана:

“Паляту я ў даль зязюляй

Па Дунаю за дубровы,

Памачу ў рацэ Каяле

Рукавок я свой бабровы”.

 

Тлумачэнне слова “зегзица” як “зязюля” з'яўляецца распаўсюджаным. Паводле народных уяўленняў, гэтая птушка сімвалізуе сірату, удаву ці жонку, якая сумуе ў адзіноце.
М.В. Шарлемань абгрунтаваў думку наконт таго, што на Дзясне, паміж Каропам і Ноўгарад-Северскім сяляне называюць гігічкай, зігічкай – чайку. Кантэкст у “плачы Яраслаўны” выклікае ўяўленне пра вадзяную птушку, якая ляціць над ракой, а не пра зязюлю – жыхарку лясоў. Магчыма, аўтар “Слова” параўнаў Яраслаўну з той птушкай, якая здаўна была эмблемай смутку, г. зн. Чайкай. Назвы зігічка, гігічка – гукапераймальныя, яны часткова перадаюць крык птушкі – кігі, а пры ўзмахах ейных крылляў у час палёту – зіг, зіг.

 

Доўгі час даследчыкі лічылі, што “бебрян рукав” – гэта рукаў жаночага адзення, абшыты бабровым футрам. Ёсць і іншае значэнне гэтага слова – тонкая шаўковая тканіна белага колеру.

 

Глыбокім лірычным пачуццём прасякнуты словы аўтара “Слова”, калі ён прамаўляе: “О рускае земле! Уже за Шеломянемъ еси”. Гэты рэфрэн прыводзіцца ў творы двойчы.
Я. Купала ў празаічным перакладзе ўзнавіў яго так: “О, зямля Руская, ты ўжо за рубеж перасягнула!” Відаць, выраз “за рубеж перасягнула” не зусім дакладна падае сэнс і рытм старажытнага тэксту. “Шеломя” у перакладзе на сучасную мову значыць “узгорак”, “гара”. Перакладчык быў бліжэй да арыгінала не ў заключным кніжным, а ў пачатковым рукапісным варыянце, калі выраз “за Шеломянемъ еси” пераклаў як “за пераломам”, “за гарою”.

 

Творча пададзены гэты рэфрэн і ў паэтычным перакладзе:

 

О рускае племя! Далёкім сяганнем

Ты ўжо перайшло рубяжы палавецкія.

О зямля Руская! З славай

Воі твае маладзецкія

Перасягнулі далёка

Ўжо рубяжы палавецкія.

 

Прыведзены ўрывак сведчыць, што і ў паэтычным перакладзе таксама захаваная думка твора. Аднак павелічэнне аб'ёму тэксту, увядзенне рыфмаў і строф у вершаваным перакладзе даюць падставу лічыць гэты пераклад вольным. Гучыць ён лёгка і свабодна, у ім дасканала перададзеная глыбіня зместу, грамадзянскасць і лірызм твора.

 

Я. Купала па-майстэрску ўзнавіў паганскае міфалагічнае светаадчуванне, уласцівае аўтару “Слова”. Прысутнічаюць у перакладзе і элементы стылістыкі воінскіх аповесцяў і летапісных формул: “хачу дзіду заламаці”, “напіціся шоламам Дону”, “шукаючы чэсці сабе, а князю славы”.

 

Беларускі паэт не імкнуўся надаць сваім перакладам выключна фальклорны каларыт, пазбягаў стылізацыі пад народную творчасць. У ягоным узнаўленні “Слова” выступае як твор высокай кніжнай культуры. Я. Купала беражліва паставіўся да старажытнарускага тэксту:

 

Вещия пръсты – чарадзейныя пальцы – вешчыя пальцы;

Бръзыя комони – быстрыя коні;

Красные девкы Половецкыя – красных дзяўчат палавецкіх і інш.

 

У паэтычным перакладзе Я. Купала выказвае большую прыхільнасць да сінанімічных пар назоўнікаў (“полі-пасеву”, “дрыгва-балота”, “саколік-муж”, “краску-жану”, “шум-гоман”), удакладненняў тыпу “Святаславіча-князя”, “Ігара-воя”, “за Сулою-ракою”. Празаічны пераклад атрымаўся рытмізаваны і велічны, паэтычны – напеўны і больш эмацыйны. Перакладчык дасягнуў гэтага рознымі шляхамі. Як у празаічным, так і ў паэтычным перакладзе шырока выкарыстоўваецца інверсія: “по мысленому древу” – “па дрэву выдуманаму”, “злат стремень” – “стрэмя залачонае” і інш.

 

Дакладна і меладычна гучаць па-беларуску шмат якія месцы ў перакладзе Я. Купалы. Напрыклад, дынамічнае і экспрэсіўнае апісанне бітвы рускіх князёў з полаўцамі. У старажытным тэксце: “съ зарания до вечера, съ вечера до света летять стрелы каленыя; гримлють сабли об шеломы; трещать копия харалужныя, въ поли незнаеми среди земли Половецкыи. Чръна земля подъ копыты, костьми была посеяна, а кровию польяна; тугою взыдоша по Руской земли”.

 

У празаічным перакладзе: “Ад рання да вечара, ад вечара да света лятуць стрэлы гартоўныя, грымяць шаблі аб шоламы, трашчаць дзіды сталёвыя ў полі незнаёмым, сярод зямлі Палавецкае. Чорная зямля пад капытамі касцьмі была пасеяна, а крывею палітая, – туга абышла па Рускай зямлі”.

 

У паэтычным перакладзе:

 

Ад раніцы да вечара,

Ад вечара да раніцы

Лятуць стрэлы гартоўныя,

Грымяць мячы аб шоламы.

Трашчаць дзіды сталёвыя,

Шумяць харугві стужкамі

Сярод палёў няведамых,

Сярод зямель палоўцавых.

Зямля тая ўчарнелая,

Пабітая капытамі,

Касцямі ўся пасеяна,

Крывёю ўся палітая...

Вялікай абхапілася

Зямля тугою Руская.

 

І ў празаічным і ў паэтычным перакладах Я. Купала стварыў надзіва цэласны малюнак, дзе захаваны і анафарычны зачын пачатковых радкоў урыўка, і сціслае, надзвычай выразнае і дынамічнае апісанне бітвы.

 

Празаічны пераклад: “На Нямізе снапы сцелюць галовамі, малоцяць цапамі сталёвымі, жыццё кладуць на таку, веюць душу ад цела. Нямігі крывавыя берагі не дабром былі засеяны, засеяны былі касцямі сыноў рускіх”.

 

Паэтычны пераклад:

 

На Нямізе снапы сцелюць

Галавамі,

А малоцяць жа стальнымі

Іх цапамі.

На таку жыццё кладзецца

І душу ад цела веюць

І душу ад цела веюць

Безнадзейна.

Берагі ў крыві Нямігі

Па калені,

Не дабро на іх пасеяў

Сейбіт жменяй.

А былі яны гусценька

Ў процьмах вузкіх

Там засеяны касцямі

Сыноў рускіх.

 

На падставе гэтага ўрыўка відаць, што абодва пераклады гучаць натуральна, проста і нязмушана. Празаічны пераклад з'яўляецца эпічна прыўзнятым. Паэтычны пераклад вылучаецца напружанасцю і экспрэсіўнасцю.

 

Яскравым прыкладам віртуознай мастацкай інтэрпрэтацыі тэксту старажытнага твора з'яўляецца вершаваны пераклад “плачу Яраслаўны”:

 

Вясёласць развеяў

Па дзікім кавыллі

.............................

О Днепра Славуціч!

О, мне прылялей жа

Ўладару, у харомы

Саколіка-мужа

З зямлі незнаёмай!

О светлае сонца,

Трысветлае! Усюды

Цяплом і красою

Яснееш як цуды.

Чаму ж, уладару,

Свой промень пякучы

На мужняе войска

Нанесла не ждучы...

 

Я. Купала пры перакладзе гэтай мясціны знайшоў удалыя па змесце адпаведнікі. Паэт захоўвае напружаны і зменлівы рытм твора. Форма верша, выбраная паэтам, творчасць якога была цесна звязана з фальклорнай паэтыкай добра адпавядала глыбока народнаму і гуманістычнаму зместу твора. Як у фальклоры, прырода ў творы адухоўленая, жыве адным жыццём з героямі.

 

Перакладам “Слова пра паход Ігаравы”, здзейсненым Я. Купалам, належыць прыкметнае месца ў творчасці самога мастака і ў гісторыі перакладу гэтага славутага твора. Тут выявіліся адзнакі купалаўскага паэтычнага стылю. Яны сведчаць пра магутную сілу перакладчыцкага таленту паэта, добра раскрываюць мастацка-выяўленчыя асаблівасці беларускага слова. Янка Купала ў адпаведнасці з уласнымі патрыятычнымі пачуццямі схільны быў лічыць у той час, што гэты твор напісаны на старабеларускай мове, як перакладчык ён даў глыбіннае і па-мастацку дасканалае ягонае прачытанне.

 

 

У 20-я гады зрабіў празаічны пераклад выдатнага помніка Сярэднявечча і Максім Гарэцкі, які быў апублікаваны ў “Хрэстаматыі беларускай літаратуры” (Вільна, 1922 г.). М. Гарэцкі абапіраўся на досвед рускіх навукоўцаў і перакладчыкаў, але ставіўся да іх крытычна, таму і зрабіў пераклад ва ўсіх адносінах самастойны. Самастойнасць выдання “Слова” Гарэцкім выявілася не толькі ў тым, што ён крытычна вывучыў існуючыя прачытанні. Калі тлумачэнні так званых “цёмных” месцаў здаваліся недастаткова абгрунтаванымі, непераканаўчымі, дык М. Гарэцкі вольна перадаваў у дужках сваё разуменне іхняга сэнсу і рабіў пры гэтым купюры ў тэксце і перакладзе. Так напрыклад: “Усобица князем... рекоста бо брат брату; се мое...” У перакладзе: “Міжусобіцы князеўскія...(губілі народ). Сталі казаць (князі) брат брату: “Гэта мае...”.

 

Ёсць у тэксце М. Гарэцкага пропускі “цёмных” мясцін “Слова”. Але гэта не прыніжае высокую вартасць ягонай працы ўвогуле, у якой нямала знаходак.

 

Літаратурнае майстэрства Гарэцкага выявілася пры перадачы самага лірычнага месца “Слова” – плачу Яраслаўны: “Чуваць голас Яраслаўнін; нязначная, зязюлькай на раніцы стогне: “Палячу, кажа, зязюлькаю па Дунаю; абмачу бабровы рукаў у Каяле-рацэ, абатру князю крывавыя раны яго на магутным целе яго”.

 

У перакладчыка добра атрымалася захаваць стылістычны каларыт арыгінала, асаблівасці аўтарскай мовы (славу ракаталі, русічы, храбрыя русічы, Буй-Тур Усевалад, свет-светлы, вояў, на вояў). Разам з гэтым заўважаецца імкненне Гарэцкага знайсці дакладныя лексічныя і фразеалагічныя эквіваленты ў беларускай мове: вещий Боян – чарадзейны Баян, въщия пръсты – чарадзейныя пальцы, мечемъ крамолу ковалъ – мечам нязгоду каваў, падоша Игоревы стязи – зваліліся Ігаравы сцягі, милыхъ ладъ – мілых мужоў, кають Игоря – ганяць князя Ігара, въ съдло кощеево – у сядло нявольніцкае і інш.

 

У перакладзе “Слова” лёгка вылучаюцца словаформы, уласцівыя для Мсціслаўшчыны. Гэта формы дзеясловаў 3-й асобы адзіночнага ліку на -ець: едзець, укладаець, вядзець, пасець; у інфінітыве “пяяць” замест літаратурнага “пець”; “Амсціслаў” замест “Мсціслаў”; “зялеза” замест “жалеза” і г. д.

 

У 70–90-я гады пераклады “Слова пра паход Ігаравы” на беларускую мову зрабілі Р. Барадулін, В. Дарашкевіч, І. Чыгрынаў, Я. Крупенька. Урыўкі са “Слова” перакладалі шматлікія беларускія паэты.

 


<== previous lecture | next lecture ==>
ПОЛАЦКІ ЛЕТАПІС | Системи автоматизації діловодства і документообігу
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.76 s.