Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Новы год


Date: 2015-10-07; view: 526.


Новы год, або, як часцей гавораць “стары” Новы год, святкуецца ў ноч з 13 на 14 студзеня. Вечар напярэдадні Новага года называецца Шчодрым вечарам, або Шчадрацом, Шчадрухай. Гэтую назву свята атрымала ад шчодрай куцці – абрадавай вячэры, якая гатуецца да Новага года. У цэнтры навагодняй абрадавай ежы знаходзілася мяса свініны, якая з-за сваёй пладавітасці ўспрымалася як сімвал урадлівасці. Кожная гаспадыня імкнулася нагатаваць да Шчодрага вечара як мага больш страў, таму што, згодна са старажытным павер'ем у залежнасці ад таго, як чалавек правядзе стары год і сустрэне новы, будзе для яго і ўвесь надыходзячы год.

Сустрэча Новага года абавязкова суправаджалася шчадраваннем: дзяўчаты хадзілі па хатах са “шчодрай” (прыгожай дзяўчынай, якую апраналі ў святочнае адзенне, а на галаву надзявалі папяровы вянок з разнакаляровымі стужкамі) і выконвалі шчадроўскія песні (вельмі блізкія да калядных песень), якія ўслаўляюць гаспадара, гаспадыню і іх дзяцей. У некаторых мясцовасцях Беларусі шчадраваць хадзілі гурты моладзі па 5-7 і болей чалавек. Шчадроўшчыкі абыходзілі ўсе хаты ў вёсцы, віншуючы гаспадароў са святам. Цэнтральнай “дзеючай асобай” гурту была “каза” – жвавы, здатны да танцаў хлопец, апрануты ў вывернуты кажух. “Казу” суправаджаў павадыр, які павінен быў складна гаварыць. У гурт таксама ўваходзілі: механоша, музыканты, песельнікі, якія падтрымлівалі галоўных дзеючых асоб. Павадыр заходзіў у хату да гаспадара за дазволам пашчадраваць, а гурт у той час спяваў пад вокнамі. Атрымаўшы такі дазвол, гурт уваходзіў у хату, і песельнікі пачыналі пець абрадавую песню, ўслаўляючы “казу” за тое, што яна спрыяе будучаму ўраджаю: “Ого-го, каза, о-го-го, шэрая!”. “Каза” ў час выканання песні танцавала. Нарэшце стомленая “каза” падала і ляжала на падлозе нерухома, як мёртвая. Удзельнікі гурта спявалі песню, заклікаючы “казу” ажыць і падняцца: “Уставай, каза!” Пасля гэтай песні “каза” хутка падымалася, скакала, кланялася гаспадарам. Разам з казой увесь гурт

выконваў віншавальную песню з пажаданнем гаспадару і яго сям'і дабрабыту ў новым годзе. Гаспадары шчыра дзякавалі шчадроўшчыкам і дарылі ім пачастункі. Раніцай Новага года спраўлялі абрад засявання. Яго выконвалі дзеці. Яны хадзілі з торбай, напоўненай зернем, па вёсцы, заходзілі ў хаты, віталі гаспадароў і імітавалі сяўбу: пасыпалі падлогу зернем жыта, аўса, ячменю. Рабілі гэта моўчкі або суправаджалі сімвалічнае дзеянне кароткай песняй, у якой жадалі гаспадарам ураджаю, дабрабыту ў новым годзе. Выканаўцам давалі святочныя падарункі.

З гэтым днём звязваюцца святочныя забароны, павер'і і варажба. Варажба павінна была вызначыць чаго можна чакаць у надыходзячым годзе: з-пад каляднага абруса выцягвалі сена і па ім меркавалі, якой даўжыні будзе лён; глядзелі, якога зерня больш у трыбуху заколатага парсюка, такое збожжа будзе найбольш урадлівым. Асабліва захаплялася варажбой моладзь, у першую чаргу дзяўчаты. Варажылі аб будучым замужжы, аб характары, багацці будучага мужа, аб жыцці ў яго сям'і, варажылі аб жыцці і смерці, аб беднасці і здароўі і г.д. Варажба належыць да найбольш жывучых перажыткаў мінулага, хоць у наш час яна ператварылася ў забаву, гульню.


<== previous lecture | next lecture ==>
Каляды (Ражаство) | Вадохрышча (Хрышчэнне, Крашчэнне)
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.736 s.