|
Каляды (Ражаство)Date: 2015-10-07; view: 564. Першыя каляды – 6-7 студзеня – гэта канец шасцітыднёвага Піліпаўскага посту, пачатак святочных дзён і вечароў. Гэта свята вядома і пад назвай “Вялікая куцця”, паколькі яно было пачаткам усіх каляд і адзначалася з асаблівай урачыстасцю. На Каляды гаспадары абавязкова чакалі калядоўшчыкаў. Калядаванне – народны традыцыйны звычай хаджэння каляднікаў па хатах на Каляды з выкананнем велічальных калядных песень, тэатралізаваных сцэнак, пераапрананнем у “казу”, “мядзведзя”, “кабылу”, “жорава”. Найчасцей хадзілі з “казою”, радзей з “канём”, “мядзведзем”. Функцыянальная накіраванасць абраду ваджэння “казы” зводзілася да магічнага забеспячэння ўраджаю збожжавых. У абрадавую групу ўваходзілі таксама музыка, ( ігрой суправаджаў танец “казы”), механоша (насіў абрадавая падарункі), песельнікі (складалі хор). Некаторыя ўдзельнікі каляднага гуртка ўвасаблялі “маладзіцу”, “цыгана”, “афіцэра”, “барыню”. Яны таксама вылучаліся адпаведна вопраткай. Колькасць моладзі ў гурце даходзіла да 10-12 чалавек. Гурт хадзіў па вёсцы, заходзіў у двары. Адзін з каляднікоў прасіў у гаспадара дазволіць гурту ўвайсці ў хату. Пасля дазволу гаспадароў “спець каляду” калядоўшчыкі ўваходзяць у хату. Першым уваходзіў “дзед” з “казой”, за імі “цыган”, “маладзіца” і іншыя ўдзельнікі гурта. “Дзед” і “каза” станавіліся пасярэдзіне хаты, астатнія каля парога. Прывітаўшы гаспадароў, “дзед” пачынаў муштраваць кіем “казу”, песельнікі спявалі абрадавую песню, хвалілі “казу” за яе ўяўную здольнасць спрыяць урадлівасці. Музыка пачынаў іграць, а “каза” выконвала абрадавы танец (імітавала звычкі казы: тупала, падскоквала, “біла” “дзеда” капытамі, “бадала” рагамі). “Дзед” “біў” “казу” кіем, яна падала, прыкідвалася мёртвай. “Дзед” і песельнікі гумарыстычнымі абрадавымі выразамі імкнуліся ажывіць “казу”, але яна не падымалася. Тады каляднікі прасілі гаспадара ажывіць “казу” падарункамі. Атрымаўшы іх, “каза” падскоквала, кланялася гаспадару, гаспадыні. “Дзед” прасіў “цыгана” і “маладзіцу” патанцаваць. Музыка іграў “казачка”, “падушачку”, “барыню”. “Цыгын” і “маладзіца” танцавалі. Потым гурт выконваў віншавальна-велічальныя песні, у якіх жадалі здароўя, багатага ўраджаю ў будучым годзе, прыплоду жывёлы, а маладым – выйсці замуж ці жаніцца. Гаспадары дарылі гурту пірагі, сала, каўбасу, радзей грошы, і ён накіроўваўся ў наступную хату. Пасля абходу двароў гурт ладзіў частаванне з музыкай і танцамі. Папулярнымі былі і ваджэнне “мядзведзя”. “Мядзведзь” па сваіх паводзінах павінен быў нагадваць сапраўднага, дрэсіраванага. Павадыр загадваў яму паказваць, “як бабы полюць, мыюць бялізну, рвуць гарох” і г.д. Камічны эфект узмацняўся рухамі “жывёлы” і смешнымі прыгаворкамі для “мядзведзя”, а той сваім “ровам” пацвярджаў просьбу. У некаторых мясцінах Беларусі “вадзілі кабылу” (“каня”). “Кабылу” звычайна вадзіў “цыган”. Сцэна складалася з “муштроўкі”, “смерці” і “ўваскрэшання” “кабылы”. Цэнтральнай была так званая сцэна абмену коней. “цыган” угаворваў гаспадара купіць яго “кабылу”, расхвальваў яе. Гаспадар адмаўляўся, лічыў цану высокай, знаходзіў ў “кабылы” розныя хібы. Торг пераходзіў у бойку, пасля чаго ўдзельнікі прыходзілі да згоды. Існавалі розныя варыянты торгу. Развіццё і працягласць сцэны залежылі ад імправізацыйных здольнасцей выканаўцы ролі “цыгына” і актыўнасць гледачоў-удзельнікаў. Завяршалася сцэна ўзнагародай ці пачастункамі удзельнікаў гульні. Трэба адзначыць, што з усіх калядных прадстаўленняў на Беларусі больш жывучым аказалася хаджэнне з “казой”.
|