|
Дынаміка жанравых структур у сучаснай літаратуры.Date: 2015-10-07; view: 932. У наш час назіраецца актыўная тэндэнцыя змешвання і ўзаемапранікнення жанраў. Калі на пачатку ХХ ст. эпічныя творы пісаліся пераважна прозай, а лірычныя вершам, драматычныя прозай і вершам, то зараз сітуацыя змяняецца. Верш, у значэнні мернай рытмізаванай мовы, усе часцей у лірычных творах саступае месца мове нерытмізаванай, якая паводле знешняга афармлення нагадвае мову прозы. Тэндэнцыі гэтыя распачыналіся яшчэ на пачатку ХХ ст. Напрыклад, так званыя вершы ў прозе Вацлава Ластоўскага. У наш час заходнееўрапейская літаратура фактычна цалкам адмовілася ад знешніх прыкмет вершаванай мовы. Гэта значыць, ад рытмікі і рыфмы. Прывяду ў якасці прыкладу верш Нобелеўскай лаўрэаткі канца ХХ ст. Віславы Шымборскай: ЛУЖЫНА Зь дзяцінства помню добра той страх. Абмінала лужыны, асабліва сьвежыя, пасьля дажджу. Якая-небудзь з іх магла ж ня мець дна, хоць і выглядала, як іншыя.
Ступлю і раптам правалюся ўся, пачну ўзьлятаць да долу ды ныраць глыбока ў дол, у накірунку адбітых хмар, а можа, і далей.
Потым лужына высахне, зачыніцца нада мной, Толькі пазьней прыйшло разуменьне: ня ўсе дрэнныя прыгоды зьмяшчаюцца ў законах сьвету і нават, калі б хацелі, ня могуць здарыцца. (Пераклад А. Вярцінскага) Адпаведныя прыклады лірычных твораў можна прывесці з нямецкай, англійскай і іншых літаратур. Калі гаварыць пра ўсходнеславянскія літаратуры, то тут таксама назіраюцца падобныя тэндэнцыі, якія сведчаць пра актыўнае збліжэнне і ўзаемапранікненне розных літаратурных жанраў. Пра гэта сведчыць, у прыватнасці, творчасць Алеся Разанава:
Сярод зялёных кустоў язміну і бэзу зялёная лаўка. Якой яна стане самотнай, калі ападуць лісты. Гэты тэкст называецца паэтычнай мініяцюрай. Але сама па сабе лірычная мініяцюра найчасцей выступае ў сучаснай прозе. Пра гэта сведчыць творчасць як замежных, так і беларускіх празаікаў: Юрыя Нагібіна, Уладзіміра Салаухіна, Янкі Брыля, Яраслава Івашкевіча, Генрыха Бёля і інш. Лірычная мініяцюра ў сучаснай літаратуры вельмі цесна паяднана з аўтабіяграфізмам. Пра гэта сведчаць не толькі запісы Янкі Брыля, але і вельмі вялікая колькасць асабістых нататак сучасных пісьменнікаў маладзейшага пакалення (Л. Галубовіча, Ю. Станкевіча, Барыса Пятровіча, Адама Глобуса і інш.). Свае нататкі яны называюць па-рознаму: зацемкі, запісы, мініяцюры, мікра-проза і інш. Аднак сутнасць гэтых твораў застаецца той самай — асабіста перажытыя альбо прыдуманыя здарэнні, якія падаюцца ў лаканічным выглядзе ад уласнага імя ці ад імя выдуманай асобы. Напрыклад, мініяцюра Глобуса з цыклу «Мама і я»:
МОДА Мама ніколі не была модніцаю. Вядома, яна апраналася лепш за ўсіх, як для мяне. Модным і стыльным хадзіў тата. У яго былі замежныя касьцюмы і чаравікі. А мама любіла нашае. Толькі аднойчы яна доўга насіла модны плашч. У сярэдзіне 60-х быў бум балёневых дажджавікоў. Цёмна-брунатныя, зеленавата-балотныя, сталёва чорныя плашчы з сынтэтычнага, падобнага да цэлафану рэчыва захапілі сьвядомасьць насельнікаў СССР. Калі ты ня меў балёневай рэчы, то быў не зусім чалавекам. Тата прывёз маме з Масквы брунатна-чакалядны плашч. «Яго можна скаласьці ў сумачку, а калі пойдзе дождж…» Жанчыны толькі і чакалі гэтага дажджу, каб дастацьі апрануць наймаднейшую рэч. Я вельмі любіў маму ў чакалядным плашчыку. А яна ганарылася тым, што тата здалёк прывёз ёй такую модную рэч.Некалькі гадоў таму тата падарыў маме выдатнае футра. Яна вельмі радавалася, але насіць не насіла. Апранула колькі разоў і павесіла ў шафу, а потым і зусім перадарыла яго ўнучцы, маёй Ядзі. Сумна, калі такія рэчы перадорваюцца. І сказаць нічога не скажаш.
Адпаведныя зрухі назіраюцца і ў драматургіі. Мы ведаем, што шэкспіраўскія драмы пісаліся вершам. У ХІХ ст. драматургія пераходзіць у асноўным на прозу. П'есы А. Чэхава, А. Астроўскага, Б. Шоў, Станіслава Пшыбышэўскага – напісаныя былі, за рэдкімвыключэннем (як напрыклад, «Снегурочка» А. Астроўскага і інш.), празаічнай мовай. Але побач з гэтым і ў ХІХ ст. існуе драматургія, пісаная вершам: творы Г. Ібсена, С. Выспянскага і іншых аўтараў. У сучаснай літаратуры перавага аддаецца празаічным п'есам, але разам з тым бываюць выпадкі выкарыстання і вершаванай мовы ў драматургіі. Напрыклад, п`есы А. Дударава «Купала», «Чорная панна Нясвіжа» і інш. У ХХ ст. узнікае жанр так званых драматычных паэм, твораў, напісаных на сумежжы драмы і паэзіі («Адвечная песня» і «Сон на кургане» Янкі Купалы, «Хамуціус» А. Куляшова і інш.). Такім чынам, жанравая дынаміка, зменлівасць і ў пэўнай ступені камбінаванасць родавых форм выступаюць характэрнай прыкметай сучаснай літаратуры.
4. Агульная характарыстыка эпічных жанраў. Эпічны род уключае ў сябе раман, аповесць, апавяданне альбо навелу, паэму і баладу. Паэма і балада звычайна пішуцца вершам.Знешне раман, аповесць і паэма — аб`ёмныя творы, а апавяданне і балада — невялікія. Заходнееўрапейская літаратура не робіць адрознення паміж раманам і аповесцю, і вылучае звычайна два галоўныя жанры — апавяданне і раман. У літаратуры ўсходніх славян традыцыйна паміж раманам і апавяданнем вылучаецца сярэдні жанр, які мы называем аповесцю. Адрозненні паміж раманам і аповесцю даволі ўмоўныя. Відаць, таму досыць часта і самі аўтары, і даследчыкі маюць цяжкасці ў вызначэнні жанравай спецыфікі твораў. Напрыклад, «Дзве душы» М. Гарэцкага, якія аўтар назваў аповесцю, літаратуразнаўцы часта цалкам правамерна адносяць да жанру рамана. Тое ж самае робіцца і ў дачыненні да «Знаку бяды» В.Быкава: аўтар даў твору вызначэнне аповесці, даследчыкі ж лічаць яго раманам і г. д. Унутраная розніца паміж апавяданнем і раманам заключаецца перш за ўсё ў тым, што тэмай апавядання выступае якая-небудзь адна сітуацыя, якая не падзяляецца на складаемыя часткі, што, у сваю чаргу, маглі б быць тэмамі. Тэма рамана — шырокая і складаная і ўключае ў сябе некалькіх тэм, якія, у сваю чаргу, могуць дзяліцца на падтэмы. Адпаведна з гэтым — фабула апавядання простая, а фабула рамана — складаная і заблытаная і ўключае некалькі фабул, якія пераплятаюцца паміж сабой. Карацей кажучы, раман складаецца з шэрагу апавяданняў. І некаторыя раманы адпаведным чынам і будуюцца. Напрыклад, раман Кандрата Крапівы «Мядзведзічы» і раман сучаснай польскай пісьменніцы Вольгі Такарчук «Правек і іншыя часы». Апавяданні, якія складаюць гэтыя творы, маглі б існаваць і паасобку, але ў рамане яны звязаны паміж сабой адзінствам персанажаў і ўзаемадзеяннем фабул. Сучасны раман, як і сучаснае апавяданне, бывае наступных відаў: 1. Сацыяльны, які адлюстроўвае грамадства ў тым альбо іншым выглядзе і закранае істотныя грамадскія з`явы. 2. Псіхалагічны— скіраваны на адлюстраванне духоўнага жыцця персанажаў. 3. Аванцюрны — збудаваны на прыгодах і вострых сітуацыях. 4. Фантастычны, які адлюстроўвае сітуацыі і здарэнні, што выходзяць за рамкі рэальнага жыцця. Спецыфіка сучаснага замежнага рамана заключаецца ў тым, што ён вельмі лаканічны і набліжаецца да вялікага апавядання паводле свайго аб'ёму. Досыць часта ў замежным рамане выступае адзін альбо некалькі персанажаў і разглядаецца адна тэма. («Чужаніца» Альбера Камю, «Карлік» Пера Лагерквіста, «Парфума» П. Зюскінда і інш.). Беларускі раман на сучасным этапе характарызуецца дзвюмя асаблівасцямі: 1) імкненнем да шырыні ахопу падзей, а значыць, і да знешняй аб`ёмнасці («Арляк і зязюля» М. Кусянкова, «Залатая жрыца Ашвінаў» Вольгі Іпатавай); 2) тэндэнцыямі да звужэння раманнай сітуацыі і арыентацыяй на заходнееўрапейскі ўзор рамана («Любіць ноч — права пацукоў» Юры Станкевіча альбо «Нічые» А. Федарэнкі, які аўтар сціпла назваў аповесцю). Асаблівасцю сучаснай прозы з`яўляецца і эвалюцыя, якую перажывае жанр апавядання. Імкліва ўзнікаюць новыя празаічныя формы: лірычныя запісы Янкі .Брыля, зацемкі Л. Галубовіча, нечаканасці Адама Глобуса, трызненні, гульні, аповеды Барыса Пятровіча, мікра-проза Ю. Станкевіча і інш. Аднак пры ўсёй разбежнасці назваў усе гэтыя празаічныя творы валадаюць адной якасцю, якая іх збліжае, — гэта лаканічнасць у адлюстраванні фабулы.
5. Агульная характарыстыка лірычных жанраў. Дакладна вызначыць характэрныя рысы лірычных жанраў яшчэ цяжэй, чым эпічных. У сучаснай літаратуры такія тэрміны, як «ода», «элегія», «стансы» і інш. сталі сэнсава нявызначанымі. Можна згадаць, напрыклад, «Оду квітанцыі» А. Вярцінскага, «Стансы» В. Сахарчука, «Баладу роду» Алеся Пісьмянкова і інш. Можна сказаць нават, што лірычных жанраў столькі, колькі паэтаў. Жанрава-стылёвыя пошукі характэрныя ўсім літаратурам свету. І асабліва інтэнсіўна праходзяць яны, звычайна, на пераломе стагоддзяў. Гэтым вызначаецца не толькі паэзія авангардыстаў (творы Гіёма Апалінэра, напрыклад), але і неаавангардыстаў (зрокавая паэзія на Украіне, рысасловы Людкі Сільновай на Беларусі), а таксама і творчасць паэтаў старэйшага пакалення. Так, вядомы рускі паэт М. Забалоцкі ўводзіць ва ўжытак так званыя «столбцы» — «Городские столбцы», а Рыгор Барадулін пераказвае сучаснай мовай старазапаветныя псалмы цара Давіда – «Псальмы Давідавы». Ніл Гілевіч спрабуе ўключыць у літаратуру фальклорны жанр так званага жорсткага раманса і піша «вершы народнага складу».Побач з гэтым, як і ў прозе, заўважаецца імкненне да лаканізму і найбольшай дакладнасці выказвання. Вынікам гэтых пошукаў сталі «асобныя радкі» А. Вярцінскага, «азвярызмы» Р.Барадуліна, «квантэмы» і «пункціры» Алеся Разанава, «рысасловы» Людкі Сільновай і інш.
Асаблівасцю лірычных вершаў з'яўляецца тое, што іх задача — не расказаць пра якую-небудзь падзею, а прымусіць чытача перажыць пэўныя эмоцыі. Гэта дасягаецца не толькі прамым выказваннем, колькі падборам вобразаў, пэўнай арганізацыяй рытму і гукаў, уважлівым выбарам лексікі. З пункту гледжання моўнай устаноўкі — гэта значыць, выкарыстання ў якасці выяўленчага сродку гукавога складу слова, яго асноўных сэнсаў і г. д. — вылучаюцца два віды лірычных твораў: творы напеўнага і творы гаварнога ладу. Возьмем, напрыклад, славуты купалаўскі верш «Явар і каліна»: Песняй вясны лебядзінаю, Скінуўшы зімнія чары, Шэпчуцца явар з калінаю Ў сумнай даліне над ярам.
Лісцікі зеляняй хваляцца Небу панятлівай мовай: Росамі мыюцца раніцай, Песцяцца сонцам паўднёвым.
Захадам модлы пакорныя З маткай-зямлёй адпраўляюць; Тайна ў ночаньку чорную Месяца, зор выглядаюць.
Слухаюць смехаў русалчыных, Лопату крылляў начніцы, Ветру павеваў ап'янчаных, Плюскату шклістай крыніцы.
Чуецца музыка дзіўная Ў повесцях сонных імшараў… Цешыцца явар з калінаю, Скінуўшы зімнія чары.
Бачна, што большасць слоў у гэтым вершы не ўспрымаецца ў сваіх асноўных і дакладных сэнсах і не стварае канкрэтнага вобраза, але мы выразна адчуваем гукавую гульню, вялікую колькасць унутраных сугуччаў, якія выклікаюць уражанне калыхання і пошуму абуджаных вясной дрэў. Гэтае ўражанне ствараецца гукавой сутнасцю слова, яго тонкай ледзьве ўлоўнай эмацыянальнай афарбоўкай. Такія вершы і называюцца вершамі напеўнага ладу. А цяпер прыгадаем фрагмент «Санета» М. Багдановіча: Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі, Над хвалямі сінеючага Ніла, Ўжо колькі тысяч год стаіць м магіла: Ў гаршчку насення жменю там знайшлі, Хоць зернейкі засохшымі былі, І ўсё ж такі жыццёвая іх сіла Збудзілася і буйна ўскаласіла Парой вясенняй збожжа на раллі…
У гэтым творы ўражанне ствараецца зрокава-асязальнай карцінай далёкага Егіпецкага краю. Гук і эмацыянальная афарбоўка — толькі дадатковыя сродкі. І ў адрозненне ад купалаўскага верша, санет «не спявае», гэта твор гаварнога ладу. Вершы гаварнога ладу імкнуцца да дакладнасці выказвання, да выразнасці вобраза і выкарыстоўваюць перш за ўсё асноўныя сэнсы слова. Вершы ж напеўнага ладу будуюцца на тонкіх нюансах афарбоўкі слова, гульні гукаў. Гэтымі адрозненнямі ў пэўнай ступені абумоўлены і змест: у напеўных вершах перадаюцца няўлоўныя настроі, адчуванні, эмоцыі; вершы ж гаварнога ладу адлюстроўваюць роздум, заклік, карціны прыроды і г.д. Прыёмы будовы лірычных твораў надзвычай разнастайныя. Разгледзім верш А. Пісьмянкова «Санны след»:
Праз столькі зім, праз столькі лет Мяне расчуліў санны след.
Знаёмы след, звычайны след, Як гэты снег, як гэты свет.
Як родны дом, замшэлы дах, Айчыны дым — радзімы пах…
Куды бяжыць, куды вядзе, Дзе абрываецца ён, дзе?
Бяжыць праз лес, крычыць праз лёс, Каб чысціню я ў сэрцы нёс.
Праз век ракет Нёс санны след.
Выразна відаць, што гэты верш дзеліцца на тры часткі. Першая займае два радкі, у якіх называецца тэма верша, другая — шэсць радкоў, дзе гэта тэма развіваецца, а трэцяя займае апошнія чатыры радкі, якія тлумачаць сутнасць усёй папярэдняй карціны. Першая частка ўяўляе сабой зачын, альбо запеўку верша, другая — развіццё, трэцяя — канцоўку. Менавіта так звычайна выглядае падзел на часткі лірычнага верша. Разнастайнасць канструкцый зводзіцца да паслядоўнасці вобразаў, да спосабаў спалучэння асобных частак, да суадносін канцоўкі і развіцця. У вершы А. Пісьмянкова мы бачым, што ў развіцці адлюстроўваюцца паслядоўныя моманты ўспрыняцця «саннага следа» як сімвала радзімы («знаёмы», «звычайны», «як снег», «як свет», «як родны дом», «Айчыны пах»). Такім чынам, у дадзеным выпадку мы маем прамое развіццё тэмы. Аднак спосабы разгортвання ўнутранай часткі верша могуць быць бясконца разнастайнымі. Развіццё можа быць прамым і змешчаным, пэўныя часткі могуць увогуле часткова апускацца. У ідэальных вершах узаемадзейнічаюць усе сэнсава-выяўленчыя варыянты вобраза — яго пачуццёвы бок, г. зн. зрокавы, гукавы, эмацыянальны і інтэлектуальны сэнс, яго будова —метафарычная альбо метанімічная, яго слоўнае афармленне — паводле лексічнага складу, з улікам афарбовак, паводле сінтаксічнага ладу. Менавіта так ствараюцца лепшыя ўзоры сучаснай беларускай лірыкі – верлібры Максіма Танка, лірычныя вершы Р. Барадуліна, Н. Гілевіча, Генадзя Бураўкіна, А. Вярцінскага, А. Чобата, Я. Чыквіна і інш. У сваім імкненні да лаканізму і выяўленчай дакладнасці наша паэзія збліжаецца з агульнаеўрапейскімі тэндэнцыямі. Падобная ўстаноўка вызначае творчасць большасці знакамітых паэтаў сучаснасці — Ч. Мілаша, В. Шымборскай, Яна Твардоўскага, Н. Мацвеевай, М. Забалоцкага, І. Бродскага.
|