|
Спецыфічныя рысы хатыDate: 2015-10-07; view: 709.
Цэнтральнае месца у сядзібе займала хата (ізба, дом – добрая хата, халупа – дрэнная). Найбольш даўняя хата – аднакамерны будынак, да якога потым дадалі сенцы – так утварыўся двухкамерны будынак. Далейшая эвалюцыя хаты адбывалася праз ускладненне планіроўкі. Хутчэй за ўсё, першым трохкамерным будынкам быў у старажытнасці гэткі, што меў планіроўку хата+сенцы+клець. Потым, за выключэннем рэгіёнаў Цэнтральнай Беларусі, клець адасобілася, а хата зрабілася двухкамернай: хата+сенцы – прычым, у пэўных рэгіёнах у сенцах маглі спаць. Далейшая эвалюцыя планіроўкі жытла звязаная з пераходам да трохкамернай планіроўкі хата+сенцы+камора. Трохкамерная планіроўка почасту ўзнікала ў выніку будаўніцтва пераходу з хаты ў клець, як гэта было ў старажытнасці, за кошт прыбудовы да сенцаў яшчэ аднаго памяшкання, ці з патрэбы ўтварэння ў сенцах закутка, які рабіўся з цягам часу асобным памяшканнем – каморай, дзе захоўвалі збожжа, харч, каштоўныя рэчы, жорны; а на зімовую пару пераводзілі і жывёлу. Прыбудаванае памяшканне магло мець куды меншыя за хату памеры і ўласны дах. У адносна заможных сялян камора існавала асобна – у выглядзе клеці, свірана. У паўночных раёнах камору замяняла варыўня. Пераход да трохкамернага жытла, верагодна, адбываўся на працягу ХVІІ – ХVІІІ ст. І ўжо ў канцы ХVІІІ ст. на тэрыторыі Полацкага намесніцтва бытавалі трохкамерныя хаты з “каморкай”. Разам з тым, як адзначаў А. Мейер пры апісанні Крычаўскага графства ў канцы ХVІІІ ст., большая частка хат была без сенцаў. Ускосна пра характар планіроўкі можа сведчыць наяўнасць ці адсутнасць у дварах клецяў (свірнаў) – калі яны ўзгадваюцца, дык, хутчэй за ўсё, камор у гэтым выпадку не было, і, наадварот, – калі свірны не згадваюцца як асобныя будынкі, дык яны, магчыма, складалі адзінасць з хатай. Так, згодна з апісаннем 1786 г. уладання Радзівілімонты (цяпер – Клецкі раён, Міншчына) з 186 сядзіб свіран адсутнічаў у 116 дварах (62,4%). Саму хату будавалі выключна з дрэва (цвікі таксама былі драўлянымі) – яліны, хвоі. На ніжнія вянцы выкарыстоўвалі дуб. Пад вуглы, а таксама, радзей, пад сярэдзіну будынку падкладалі дубовыя “штандары”, прастора між якімі запаўнялася не надта тоўстымі бярвеннямі ці гарбылямі, а таксама вертыкальнымі чурбакамі. Замест штандараў маглі выкарыстоўваць камяні-валуны, паміж якіх насыпалася дробнае каменне; іншым разам хату ставілі непасрэдна на зямлю. Найбольш старажытныя (пачатак ХІХ ст.) звесткі пра памер тагачаснага жытла належаць англічаніну Р. Джонстану. Каля Барысава ён вызначыў сярэднія памеры бачаных ім каля сотні хат: даўжыня – 20, шырыня – 14 і вышыня 7 – футаў. Плошча іх, паводле Джонстана, складала каля 12 футаў, і зробленыя яны былі з неабчасанага дрэва. Жытло было зрубнай канструкцыі і складалася з гарызантальна ўкладзеных бярвенняў; сцены маглі рабіць і з распілаваных напалам бярвенняў – дыляў, якія часта ўзгадваюцца ў дакументах ХVІІ – ХVІІІ стст., а таксама, зрэдку, – з брусоў. Паміж бярвеннямі дзеля ўцяплення затыкалі мох. Ніжнюю частку сцяны ўсярэдзіне хаты пакрывалі глінай. Адзін з найбольш старажытных спосабаў ўмацавання бярвенняў – “у шулы” – калі канцы гарызантальных бярвенняў устаўляліся ў пазы вертыкальна пастаўленых слупоў, якія на пэўнай дыстанцыі адзін ад аднаго нібыта абкружвалі хату. У вуглах бярвенні злучаліся, як можна меркаваць, разнастайнымі спосабамі, найчасцей – з астаткам, калі канцы бярвенняў выступаюць за сцены. Яны па-рознаму звязваліся адзін з адным: “у чашку” – праз высечаныя ў саміх бярвеннях паўавальныя гнёзды, “у замок” – праз гнёзды прастакутныя, “у каню” – калі выступы бярвенняў, што заходзяць у пазы, пашыраюцца на канцы. Найбольш старажытныя – “у чашку” і “ў замок”. Ад прадаўніх часоў вядомы на Беларусі і спосаб зрубу вугла без выступальных канцоў – “чысты”, “нямецкі” вугал. Але, з некаторых меркаванняў, шырока ён пачаў выкарыстоўвацца з ХІХ ст. Страха была пераважна двухскатнаю. Столь, што ў традыцыйным беларускім жытле рабілася пераважна над жылой хатай, у сваім найбольш старажытным варыянце была скляпяністай, з бярвенняў, пазней – з дошчак. Вокнаў (невялікіх, без рам, зачыняных засаўкамі, нярэдка – зацягнутых бычыным капшуком) зазвычай было тры ці чатыры. Два параўнальна вялікія вакны абавязкова сыходзіліся там, дзе ў хаце ўтвараўся кут (кутнія вокны). Над дзвярыма размяшчалася вакенца для выхаду дыму, бо хаты былі без дымаходаў. Падлога – добра утаптаная земляная ці глінабітная. Характэрнай рысай беларускай хаты была наяўнасць заваліны, “прызбы”, якою хата абносілася з трох бакоў: невялікую прастору ля ніжніх вянцоў адгароджвалі невялікімі бярвеннямі і засыпалі зямлёй. Упрыгожанне хаты было адносна сціплым – да другой паловы ХІХ ст. яна аздаблялася арнаментам на лабавых дошках і разьбаванымі канькамі на страсе. Хаты зазвычай ставілі бокам да вуліцы (за выключэннем вёсак з вулічнай планіроўкай, вядомай пасля валочнай рэформы). Канструкцыйныя асаблівасці хаты маюць як поліэтнічныя, так і этнаспецыфічныя рысы. Да першых належаць зрубны характар будоўлі, уласцівы таксама суседзям – украінцам, рускім. Характэрныя планіровачныя асаблівасці беларускага жытла: замкнёны двор, аднашэрагавая, лінейная забудова набліжае яго да польскага, чэскага, славацкага. Тое ж тычыцца канструкцыйных асаблівасцяў: шырокае ўжыванне зрубнай і слупавой канструкцый для збудавання сцен, умацаванне столі на адной бэльцы, адсутнасць суцэльнага падмурку, іншае. Поліэтнічны характар таксама мае звычай падкладання каменя пад падмурак (тое ж у Літве, Латвіі, на Пскоўшчыне). Што да этнаспецыфічных рыс, дык трэба адзначыць вонкавае адрозненне беларускай хаты ад пабеленай украінскай, а таксама рускай, што досыць часта размяшчалася на падклецці. Вялікія пагонныя двары таксама характэрна вылучаюць беларускае традыцыйнае жытло ад украінскага і рускага. Такія тыповыя рысы, як колькасць і размяшчэнне вокнаў (тут назіраюцца аналогіі з украінцамі), наяўнасць прызбы утвараюць характарыстычныя элементы беларускага жытла. Адметнымі рысамі вызначаўся і інтэр'ер хаты. Як пазначалася вышэй, да другой паловы ХІХ ст. яна была пераважна курнай, і працэс усталявання комінаў ішоў досыць марудна. Як сведчыў у канцы 20-х гг. ХІХ ст. К. Кантрым, у хатах без коміну ў той час на Палессі жыла нават дробная шляхта. Адтуліна для дыму рабілася над дзвярыма, дым выходзіў таксама праз адтуліну ў столі пасярэдзіне хаты, што закрывалася зверху, і, зразумела, – праз вокны. Перад хатай была прыступка – калода ці камень. У хату ўваходзілі праз нізкія дзверы, пераступаючы праз парог. Глінабітная печ, што з'явілася ў хаце пазней, размяшчалася адразу ля уваходу, справа ці злева ад яго. У куту каля печы быў качарыжнік – месца, дзе стаялі качарга, ухват, венік ды іншыя прылады. З другога боку ад уваходу размяшчаўся “бабін кут”: стаялі вёдры, была падвешана палічка з посудам. За павернутым у хату вуглом печы станавіўся прыпечны слуп. Наяўнасць гэтага слупа ў старажытнасці досыць верагодная, бо менавіта вакол яго разгортваўся рытуал найбольш даўняга вясельнага абраду– слупавога. Ад печы да бакавой сцяны ішлі спальныя памосты: ніжні – падлога, і той, што быў меншым у памеры, – палаці. Побач з імі была падвешаная люлька (гэта характэрная асаблівасць хаты старажытных ліцьвінаў – у палякаў, да прыкладу, калыска стаяла на подлозе). Ад спачывальных месцаў да куту ўздоўж сцяны стаяла шырокая, нязрушная лава (дубовая ці хваёвая), а да яе, уздоўж бакавой сцяны, падыходзіла яшчэ адна, гэткая ж. На покуці традыцыйна віселі абразы, агорнутыя ручнікамі, і стаяла дзяжа. Бліжэй да куту ставілі стол з невялікай перанасной лаўкай – услонам. Хата асвятлялася лучынамі, замацоўванымі ў лучніках ці папросту паўтыканымі ў сцяну. Параўнальна невялікую плошчу хаты, дзе жылі 5—6 чалавек, займалі таксама досыць буйныя працоўныя прыстасаванні – у зімовы час там стаялі кросны, увосень (альбо і ўвесь час) – жорны. Там жа трымалі хатнюю птушку, узімку цялят, дробных жывёлін.
|