Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Беларуская нацыянальная кухня


Date: 2015-10-07; view: 624.


Этнакультурныя аспекты традыцыйнай сельскагаспадарчай тэхнікі

Спецыфічныя рысы хаты

Лекцыя 7. Этнаграфічная спадчына Беларусі

1. Генезіс характэрных рысаў традыцыйнага жытла

2. Спецыфічныя рысы паселішчаў і сядзіб

5. Этнакультурныя аспекты традыцыйнага адзення

 

Традыцыйна-побытавая культура беларусаў – адзін з найбольш устойлівых кампанентаў этнічнай культуры. Гэта тлумачыцца пераважна вясковым ладам жыцця большасці жыхароў Беларусі (аж да апошняга часу), адносна слабой дынамікай мадэрнізацыйных працэсаў і, як наступства, кансервацыяй традыцыйных формаў вясковай культуры.

Прамысловыя вырабы пачалі адносна шырока прыходзіць на беларускую вёску напрыканцы ХІХ ст. З улікам таго, што насельніцтва на беларускіх землях не зазнала істотных міграцыйных працэсаў з часоў рассялення славян і асіміляцыі балтаў, можна казаць пра дыяхронную пераемнасць традыцыйнай культуры беларусаў. Тым больш гэта тычыцца матэрыяльнай культуры, якая амаль не зазнала рэпрэсіўнага ціску, як гэта чынілася з традыцыйнымі паганскімі звычаямі і абрадамі на Захадзе, дзе яны паслядоўна вынішчаліся хрысціянствам. Сярод відаў матэрыяльнай культуры, што вызначаюцца сваёй архаічнасцю, можна адзначыць жытло і ежу, якія нават у сучаснай вёсцы захавалі рысы традыцыйнасці.

Пад традыцыйнай культурай у беларускай навуцы маецца на ўвазе пераважна культура другой паловы ХІХ – пачатку ХХ стст. – часу, які найбольш дасканала вывучаны этнографамі і фалькларыстамі. Разам з тым, традыцыйная матэрыяльная культура, зразумела, не абмяжоўваецца ў сваім гістарычным існаваннні дадзеным перыядам, які, па сутнасці, быў апошнім у развіцці традыцыйнай культуры, у класічным разуменні гэтага паняцця, але ахоплівае больш храналагічна глыбінныя пласты.

1. Генезіс характэрных рысаў традыцыйнага жытла

 

Жытло, поруч з прыладамі працы, – найбольш старажытныя з помнікаў матэрыяльнай культуры Беларусі. Першыя парэшткі іх былі знойдзеныя на верхнепалеалетычных стаянках Бердыж і Юравічы на ўсходнім Палессі. Далей, за часам бронзавага і жалезнага вякоў, на Беларусі існавалі розныя тыпы жытла – пераважна балцкія доўгія шматкамерныя прастакутныя і, радзей, квадратныя дамы слупавой і змешанай канструкцыі, а таксама невялікія круглыя ці блізкія да квадрату напаўзямлянкавыя хаты мілаградскай культуры, наземныя слупавыя і зрубныя збудовы (аднакамерныя зрубы) зарубінецкай ды іншых культур Паўднёвай Беларусі.

Этнаспецыфічная асаблівасць старажытнага жытла на нашых землях – ягоная пераважна слупавая канструкцыя, г.зн., што сцены хаты складаліся з вертыкальных бярвенняў-слупоў ці паміж імі гарызантальна закладаліся бярвёны сцяны. Гэтая канструкцыйная асаблівасць звязваецца даследчыкамі з балцкім этнасам, які займаў большую частку беларускіх зямель у тыя часы. Славяне, што пачалі масавую каланізацыю Беларусі з другой паловы І тыс. да н.э., прынеслі іншы тып жытла – паўзямлянкавую ці зямлянкавую збудову з глінянаю ці каменнаю печкаю ў куце, дзе больш значнае месца займалі зрубныя канструкцыі, хаця слупы па кутах і заставаліся.

З часоў славянскай каланізацыі на нашых землях паступова распаўсюдзіўся вядомы з раскопак тып старабеларускай вясковай пабудовыневялікі зруб з каменнямі пад ніжнімі вянцамі, з пераважна землянымі або глінабітнымі ці, радзей, зробленымі з дошак падлогамі, а таксама, як можна меркаваць, з двухскатнымі стрэхамі, глінабітнымі печкамі на драўляных каркасах ці на гліняна-каменнай аснове. Паступова жытло зрабілася цалкам наземным, хаця існавалі і зямлянкавыя і паўзямлянкавыя хаты (хутчэй, – як праява славянскай этнічнай спецыфікі), якія з часам саступілі месца больш функцыянальна дасканаламу жытлу.

Старажытныя сельскагаспадарчыя збудовы не вылучаліся разнастайнасцю і размяшчаліся ля хаты. Гэта – невялікія драўляныя будыніны, што прымыкалі да жытла, а таксама асобныя будынкі на падмурках з печкамі-каменкамі, ямы-склепы.

Славяне прынеслі і новы тып паселішчанеўмацаванае, адчыненае селішча, што зазвычай знаходзілася на беразе вадаёму. Побач з ім ці ўсярэдзіне магло размяшчацца невялікае добра ўмацавае гарадзішча, адкуль жыхары бараніліся падчас ваеннай пагрозы. Планіроўку селішча прасачыць досыць складана. Фрагментарныя матэрыялы сведчаць, што яна была двухшэрагавай – г. зн. хаты размяшчаліся двума паралельнымі шэрагамі, ці аднашэрагавай, а таксама кучавой альбо бессістэмнай. Характэрна, што паселішчы ХІХ – пачатку ХХ стст. захавалі старажытную спецыфіку, маючы вулічную ці бессістэмную планіроўку.

2. Спецыфічныя рысы паселішчаў і сядзіб

 

На Беларусі склаўся пэўны характэрны комплекс сельскіх паселішчаў. Асноўныя назвы іх – вёска, сяло, слабада, ваколіца, засценак, мястэчка. Вёска (слова ўзнікла ад старажытнаславянскага “весь”) – асноўны тып вясковага паселішча – гэтак называлася, незалежна ад памераў, кампактнае паселішча сялян. Зазвычай вёска не мела вялікіх сакральных, адміністрацыйных пабудоваў; акрамя сялянскіх сядзіб, у ёй магла размяшчацца, хіба, карчма. Сяло да пачатку ХІХ ст. было досыць пашыранай назвай сельскага паселішча. Ад вёскі яно адрознівалася больш буйнымі памерамі, а таксама наяўнасцю адміністрацыйных установаў, храмаў, адносна буйных кірмашоў. Пасля правядзення ў ХVІ ст. валочнай рэформы колькасць селішчаў з назвай сяло (хаця там магло не быць адміністрацыйна-культавых установаў) значна павялічылася – рэформа была зарыентаваная на ўтварэнне вялікіх планава дасканалых вулічных паселішчаў. У ХVІІІ ст., у сувязі з неабходнасцю засялення новых земляў пасля спусташальных войнаў ХVІІ і пачатаку ХVІІІ стст., колькасць новазаснаваных селішчаў з такой назвай рэзка вырасла. Разам з тым, пасля далучэння да Расеі сёлы паступова страчвалі свае старажытныя тыпалагічныя прыкметы, і на нашых землях пачала дамінаваць назва вёска. Слабодамі называліся паселішчы, жыхары якіх у ХVІІ – ХVІІІ стст. вызваляліся на пэўны час ад выплаты падаткаў, мелі палёгкі ў выкананні павіннасцяў з прычыны дрэннай якасці глебы (адсюль, магчыма, этымалогія слова слабада – паслабленні). Пазней слабодамі сталі называцца паселішчы рамеснікаў ля гарадоў, якія адсланіліся ад сельскай гаспадаркі, але не зрабіліся гараджанамі.

Характэранай асаблівацю беларускіх сельскіх паселішчаў з'яўляюцца ваколіцыневялікія паселішчы дробнай шляхты, зазвычай агароджаныя плотам (там маглі жыць і зямяне, баяры – пераходныя групы паміж шляхтай і сялянамі). Тыпалагічна да ваколіцы быў падобны засценак – паселішча, узніклае ў выніку “Уставы на валокі” за межамі (“сценамі”) зямлі, адмыслова падзеленай між сялянамі. Такія дзялянкі зазвычай аддаваліся ў арэнду дробнай шляхце. Ваколіцы і засценкі з цягам часу пераўтварыліся ў вёскі ці зніклі. Памежнае становішча ад гораду да вёскі займала мястэчка – адносна буйное селішча, вядомае на нашых землях з ХV ст. Заснаванае паводле каралеўскага прывілея (ці самазвана), мястэчка абавязкова наладжвала таргі, а таксама кірмашы. Почасту яно мела і адміністрацыйныя ды культавыя ўстановы, сядзібу феадала. Насельніцтва мястэчка складалі гандляры, рамеснікі, сяляне.

Колькасць мястэчак у старажытнай Беларусі была даволі значнай: у канцы ХVІІІ ст. іх налічвалася блізу 300 (287), але маюцца і іншыя лічбы. У ХІХ ст. мястэчкі былі пераведзеныя ў статус гарадоў, ці вёсак. Адзначым, што сярод традыцыйных беларускіх паселішчаў да канца ХІХ ст. не было хутароў, якія мелі шырокі распаўсюд у суседзяў – напрыклад, ва ўкраінцаў у ХІХ ст.

Што да памераў паселішчаў, дык ім былі ўласцівыя рэгіянальныя адрозненні. Там, дзе была праведзеная валочная рэформа, – г.зн. у заходніх і цэнтральных частках беларускіх земляў, вёскі вызначаліся адносна буйнымі памерамі – параўнальна з вёскамі паўночнага ўсходу, дзе рэформа цалкам не была праведзеная.

Істотныя рэгіянальныя адрозненні бачныя і ў планіроўцы паселішчаў. Заўважны ўплыў на характар планіроўкі зрабіла валочная рэформа, дзякуючы якой на паўднёвым захадзе і часткова на паўночным захадзе ды ў цэнтральнай Беларусі павялічылася колькасць вёсак з вулічнай планіроўкай, дзе сядзібы ішлі ўздоўж адной вялікай вуліцы, а насупраць ставіліся гаспадарчыя збудовы (так было, калі валоку трымаў адзін гаспадар), ці хатыуздоўж вуліцы насупраць адна адной. На паўночным усходзе і ўсходзе вёскі былі параўнальна невялікімі, а планіроўка – аднашэрагавая – уздоўж берагоў шматлікіх рэк і азёр, а таксама – бессістэмная. Разам з тым, меліся і вёскі з вулічнай планіроўкай.

Планіроўка сядзібы таксама мела істотныя рэгіянальныя адрозненні, звязаныя з папярэднімі асаблівасцямі. Увогуле ў Беларусі вылучаюцца наступныя тыпы планіровак: пагон – калі ўсе будынкі ставяцца ў адзін шэраг (пагон бывае аднашэрагавы, двухшэрагавы, трохшэрагавы), вяночны (двор утварае замкнёны абшар), Г-падобны, свабодны, з нязвязанымі пабудовамі. У Цэнтральнай Беларусі, Панямонні, Палессі – там, дзе была праведзеная валочная рэформа, – бытаваў пагон, які і рэкамендаваўся палажэннем рэформы, калі сядзіба мусіла размяшчацца побач з замацаванай валочнай зямлёй. Даўжэзныя пагоны, што мясціліся ў шэраг адзін за адным уздоўж наўпростай доўгай вуліцы, складалі асаблівасць традыцыйнай сельскай забудовы адзначаных беларускіх рэгіёнаў. Двухшэрагавы пагон, калі будынкі сядзібы ішлі двума паралельнымі шэрагамі, быў у большай ступені распаўсюджаны ў паўночна-ўсходніх раёнах Беларусі. На паўночным усходзе панаваў вяночны тып забудовы, адзначаны даследчыкамі ў канцы ХVІІІ ст. у Полацкім намесніцтве і Крычаўскім графстве.

Наяўнасць на досыць вялікіх абшарах – цэнтральных і заходніх землях Беларусі – кампактнага кангламерату адносна вялікіх вёсак з вулічнай планіроўкай і пагонным планіровачным тыпам сядзібы істотна адрознівала гэты рэгіён ад зямель этнічных суседзяў – найперш украінцаў, у якіх у ХVІІІ ст. паноўным быў хутарскі тып сельскіх паселішчаў.

Тыповы набор гаспадарчых пабудоваў таксама вылучаўся рэгіянальнымііэтнаспецыфічнымі характарыстыкамі. У яго ўваходзілі хата, да якой прымыкалі камора ці варыўня, клець (на захадзе называлася свіран), хлявы (хлеў для коней – стайня), павець,адрынаці пуня – збудова для захавання сена, пограб (склеп), гумно з сушылкай (ёўняй, асеццю) ці без яе, лазня,калодзеж (студня); двор быў абгароджаны плотам, замётам. У ХVІІ – ХVІІІ стст. меліся і спецыяльныя ямы-сховішчы, у якіх наводдаль ад вёскі, у глухіх месцах, хавалі ежу і прадметы хатняга ўжытку – асабліва падчас ваенных дзеянняў.

За межы сядзібы выносіліся гумно (яно часта стаяла праз вуліцу, насупраць хаты), пуня,калодзеж (мог размяшчацца побач з пуняй). Пры гумне – сушыльні. Адмысловыя прыстасаванні для сушкі зерня – азяроды (канструкцыя з гарызантальных слупоў, змацаваных гарызантальнымі жэрдкамі, між якіх замацоўваліся снапы) былі пашыраныя ў Цэнтральнай Беларусі, на Усходнім Палессі.

Лазні былі найбольш вядомыя на ўсходзе і ўсходняй поўначы Беларусі. У заходніх раёнах мыліся ў хатніх печах, вялікіх карытах, улетку – у вадаёмах. Для мыцця маглі выкарыстоўваць і ёўню – там была печ для сушкі збожжа. Адсутнасць лазні ў гэтым рэгіёне этнакультурна набліжала яго да земляў памежнай Украіны.


<== previous lecture | next lecture ==>
Чорныя металы. | Спецыфічныя рысы хаты
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.436 s.