|
Свецкая літаратураDate: 2015-10-07; view: 679.
Вельмі цікавую і важную частку беларускай перакладной літаратуры складаюць творы, што бытавалі пераважна ў свецкім асяроддзі. Хоць свецкая літаратура не такая разнастайная і багатая ў жанравых адносінах, як царкоўна-рэлігійная, аднак яна вельмі значная сваім зместам і мастацкімі вартасцямі. Вядоўнае месца ў ёй займаюць творы гістарычнага характару, у якіх апавядаецца пра выдатныя падзеі далёкай мінуўшчыны, пра ваенныя паходы і бітвы, апісваюцца велічныя справы славутых гістарычных асоб, услаўляюцца ваярскія подзвігі легендарных герояў. Важная асаблівасць гістарычных аповесцяў і раманаў – не дакладнае, заснаванае на дакументальным матэрыяле адлюстраванне мінулага, а ягонае мастацкае засваенне з мэтай эмацыйнага ўздзеяння на чытачоў, выхавання іх у духу гераізму і патрыятызму. Яшчэ з часоў Старажытнай Русі вялікай папулярнасцю карысталіся на Беларусі гістарычныя раманы і аповесці пра Траянскую вайну і Аляксандра Македонскага. На пачатку XVI ст. іх згадвае Францыск Скарына. Ёсць падставы меркаваць, што першыя пераклады гэтых твораў на старабеларускую мову з'явіліся ўжо ў XV ст. Першым беларускім перакладам твора пра легендарныя і гераічныя падзеі Траянскай вайны, апетыя ў класічнай паэме Гамера «Іліяда», была, напэўна, так званая «Прыпавесць пра каралёў», што прыйшла на Русь у XV ст. праз паўднёваславянскае пасярэдніцтва ў складзе візантыйскай хронікі XII ст. Канстантына Манасіі. У гэтай невялікай аповесці каротка распавядаецца пра нараджэнне ў траянскага цара Прыяма сына Парыса (у беларускай рэдакцыі – Фарыжа), з-за якога, як прадказалі прарокі, павінна была загінуць Троя, пра ягоны жыццёвы лёс і выкладаецца традыцыйная фальклорна-паэтычная версія прычын Траянскай вайны: грэкі выступаюць супраць траянцаў таму, што Парыс выкраў у іх цара Менелая жонку – прыгажуню Алену. Гэтак жа сцісла, але дынамічна апісваюцца ў творы падзеі апошняга года вайны, што скончылася смерцю ейных галоўных герояў (Гектара, Ахіла, Парыса і іншых) і поўным разбурэннем Троі. З XV ст. на Беларусі быў вядомы і іншы твор пра Траянскую вайну – «Гісторыя разбурэння Троі» (інакш «Гісторыя Траянскай вайны», «Траянская гісторыя»), напісаная ў ХІІІ ст. італьянцам Гвіда дэ Калона. У параўнанні з папярэднім творам гэты раман вылучаецца не толькі большым аб'ёмам, але і шматпланавасцю, багаццем зместу, новых сюжэтных ліній і эпізодаў, грунтоўнасцю і дэталёвасцю апісання падзей, спробамі псіхалагічна матываваць учынкі герояў, раскрыць іхні душэўны стан і іншым. Дзеянне ў «Траянскай гісторыі» больш расцягнутае ў часе і прасторы: пачынаецца з апісання падарожжа грэчацкіх арганаўтаў у далёкую Калхіду па залатое руно і сканчаецца апісаннем лёсу некаторых траянскіх герояў (Агамемнана, Уліса – Адысея), якія засталіся жывымі пасля вайны. Вялікай і заслужанай папулярнасцю ў чытачоў эпохі Сярэднявечча карысталіся творы пра Аляксандра Македонскага, які жыў у IV ст. да н.э. Яркая асоба гэтага легендарнага палкаводца старажытнасці, які змог падпарадкаваць сваёй уладзе амаль паўсвету, на працягу шматлікіх стагоддзяў прыцягвала і захапляла людзей. Пісьменнікі розных эпох і народаў звярталіся да ягонага вобраза, бачылі ў ім рысы ідэальнага цара і военачальніка. Галоўнай крыніцай большасці сярэдневяковых твораў пра Аляксандра Македонскага быў грэчацкі раман, напісаны ў Егіпце ў II–III стст. У Еўропе гэты раман бытаваў у дзвюх рэдакцыях, лацінскай і сербскай. Асноўны змест «Александрыі» – гісторыя жыцця, воінскіх подзвігаў і прыгодаў ейнага галоўнага героя. Аляксандр Македонскі паўстае перад намі як незвычайная асоба з багатай і складанай натурай. Ён не толькі выдатны палкаводзец і мудры кіраўнік, але і чалавек высокіх духоўных якасцяў, вялікай сілы волі, моцнага характару і глыбокага розуму. Ён хітры і цікаўны, бязлітасны і велікадушны, мужны воін і ўзорны сын. Ён усемагутны валадар, цар над царамі, які вырашае лёсы цэлых краін і народаў, і адначасова звычайны чалавек, бяссільны перад сваім уласным лёсам, што наканаваў яму памерці ў маладыя гады. Наяўнасць цэнтральнага героя і адзінства тэмы надаюць раману цэласны характар, нягледзячы на ўсю складанасць ягонай сюжэтнай будовы і разнастайнасць зместу. У XV ст., у эпоху станаўлення і актыўнага развіцця культуры беларускай народнасці на Беларусі была добра вядомая і літаратура рускага народа. Адным з рэдкіх перакладаў твораў рускай гістарычнай белетрыстыкі на беларускую мову з'яўляецца аповесць «Пра пабоішча Мамая». Беларускі пераклад – гэта скарочаная рэдакцыя вядомага помніка Кулікоўскага цыкла – «Сказання пра Мамаева пабоішча» (пачатак XV ст.), прысвечанага выдатнай перамозе рускіх аб'яднаных сіл над татарамі ў 1380 г. на Куліковым полі. Галоўны герой аповесці – вялікі князь маскоўскі Дзмітрый Іванавіч. Ён паказаны не толькі як лепшы прадстаўнік найвышэйшай свецкай улады і выдатны арганізатар гістарычнай перамогі, але і як узорны хрысціянін. Ягоны вобраз месцамі пададзены ў агіяграфічным стылі, падобна ідэальнаму герою жыційнай літаратуры. Станоўчым героям (князю Дзмітрыю ды ягоным паплечнікам) супрацьпастаўляюцца ў творы “бязбожны цар” Мамай, ягоны хаўрусьнік разанскі князь Алег, а таксама вялікі князь літоўскі Альгерд (насамрэч, ягоны сын Ягайла быў тады хаўрусьнікам Мамая). Апрача ўслаўлення маскоўцаў у барацьбе з татарамі, у гэтым творы паказваецца вялікі ўнёсак прадстаўнікоў Беларусі ды Украіны ў агульную перамогу над ардой (славуты вялікалітоўскі полк). Беларускі пераклад аповесці мае шэраг яркіх асаблівасцяў (адкрываецца кароткай “Аповесцю пра цароў татарскіх”, якой няма ў рускіх рэдакцыях; тэкст для зручнасці скарочаны на адну траціну і падзелены на 12 частак – выкінутыя шматслоўныя малітвы, дыялогі і маналогі, розныя літаратурныя дэталі і рытарычныя тырады, што замаруджваюць дзеянне). Карацей кажучы, на Беларусі маскоўская аповесць была апрацаваная вельмі ўмела і ўдала. Асноўны ідэйна-мастацкі змест не быў збеднены, аповесць сталася больш кампактнай і стройнай у кампазіцыі, больш дынамічнай у сюжэце. Беларускі перакладчык выявіў вялікую самастойнасць, спелае майстэрства і творчы падыход да маскоўскай крыніцы.
Такім чынам, у перакладной літаратуры Беларусі апісваюцца зямныя справы і ўчынкі, імкненні і пачуцці герояў, сцвярджаюцца свецкія ідэалы, што мела важнае значэнне для секулярызацыі старажытнай беларускай літаратуры, узмацнення ў ёй ідэяў гуманізму. Інтэнсіўнасць перакладчыцкай дзейнасці на Беларусі знаходзілася ў непасрэднай сувязі з гістарычным лёсам усёй беларускай культуры эпохі феадалізму. У перакладных творах беларускіх чытачоў прыцягвалі і захаплялі займальнасць выкладу, багацце і навізна зместу, экзотыка далёкіх краін і невядомых народаў. Перакладная літаратура садзейнічала жанрава-тэматычнаму ўзбагачэнню літаратуры арыгінальнай, ейнаму вызваленню ад вузкаслужбовага, справаводчага прызначэння, замацаванню ў ёй мастацкай выдумкі і гэтым самым спрыяла станаўленню на беларускіх землях уласна мастацкай літаратуры як вобразна-паэтычнага адлюстравання рэчаіснасці. Выступаючы актыўнай удзельніцай плённага міжнароднага кнігаабмену, Беларусь адначасова выконвала высакародную місію пасярэдніка ў перадачы суседнім краінам, у першую чаргу Расеі, шматлікіх помнікаў сусветнай літаратуры. Як адзначаў выбітны расейскі навуковец І. Галянішчаў-Кутузаў, “Заходняя Русь была месцам канцэнтрацыі, трансфармацыі, перадатчыцай заходняй літаратуры на працягу доўгага часу; яна была таксама лабараторыяй расейскага верша”.
|