![]() |
Утварэнне Рэчы ПаспалітайDate: 2015-10-07; view: 911. Тэма 3.1. Беларусь у складзе Рэчы Паспалітай. Кючавыя паняцці:Лівонская вайна; Люблінская ўнія; Рэч Паспалітая; Статут ВКЛ 1588 г.; Брэсцкая царкоўная ўнія; “валочная памера”; Магдэбургскае права; Паўночная вайна; “ліберум вета”; “залатыя шляхецкія вольнасці”; канфедэрацыі шляхты; Канстытуцыя 3 мая 1791 г.; Тадэвуш Касцюшка; падзелы Рэчы Паспалітай; Асветніцтва; Адукацыйная камісія. План лекцыі: 1. Утварэнне Рэчы Паспалітай. 2. Асаблівасці фарміравання канфесійных адносін на тэрыторыі Беларусі ў XVI–ХVII стст. 3. Эканамічны і палітычны стан беларускіх зямель у XVII–XVIII стст. 4. Культура беларускага народа ў XVIІ–XVIII стст.
Лівонская вайна (1558-1583 гг.). У 1558 г. маскоўскі цар Іван IV распачаў вайну супраць былога Лівонскага ордэна. На той час Ордэн уяўляў сабой канфедэрацыю – саюз 5 княстваў, створаных нямецкімі рыцарамі. Асноўнай мэтай маскоўскага цара была здабыча выхаду да Балтыйскага мора, гэта давала магчымасць самастойна гандляваць з Еўропай без дапамогі шматлікіх пасрэднікаў. Атрымаўшы выхад да Балтыкі, Расія магла больш актыўна ўдзельнічаць і ў еўрапейскіх справах. Лівонія была аб'яўлена спадчынай маскоўскіх князёў на падставе таго, што ў старажытныя часы гэтай тэрыторыяй валодалі князі Кіеўскай Русі. Войска Івана IV у пачатку 1562 г. спустошыла ваколіцы Мсціслава, Шклова, Оршы, Віцебска, Дуброўны, Копыля. У студзені 1563 г. 60-тысячнае войска асадзіла Полацк, а праз 2 тыдні гераічнай абароны (15 лютага) захапіла горад. У гэтых умовах ВКЛ патрабаваўся саюзнік, бо аднаму яму адбіць напады маскоўскага цара было немагчыма. Найбольш верагодным саюзнікам была Польшча, з якой у 1569 г. была заключана Люблінская ўнія. У 1570 г. новая дзяржава – Рэч Паспалітая пайшла на перамір'е з Іванам IV, апошняму таксама патрабавалася часова замірыцца з Літвой і Польшчай, бо пачаліся ваенныя дзеянні супраць Швецыі. Хутка памёр апошні прадстаўнік дынастыі Ягеллонаў, бяздзетны Жыгімонт II Аўгуст(1548-1572 гг.), таму ваенныя дзеянні аднавіліся толькі праз некалькі гадоў, калі ў Рэчы Паспалітай усталяваўся ўнутраны парадак. Люблінская ўнія (1569 г.). У Польшчы, пачынаючы з Крэўскай уніі 1385 г., шырылася ідэя паглынання ВКЛ, што давала польскім магнатам і шляхце магчымасць займаць новыя пасады, набываць новыя багацці, у сваю чаргу, каталіцкая царква магла больш рашуча распаўсюджваць свой уплыў. Захопніцкія настроі палякаў тым больш вырасталі, чым у больш складаныя абставіны трапляла Вялікае Княства Літоўскае. Асабліва відавочна гэта было падчас Лівонскай вайны. Палякі патрабавалі поўнага ўключэння княства ў склад Польшчы. Жыгімонт Аўгуст падараваў Польшчы на вечныя часы ўкраінскія тэрыторыі княства – Валынь, Падляшша, Падолле і Кіеўшчыну. Ва ўмовах Лівонскай вайны гэта было цяжкай стратай для дзяржавы. Да того, вялікі князь (адначасова і кароль польскі) Жыгімонт Аўгуст загадаў дзяржаўным дзеячам і паслам ВКЛ падпісаць умовы ўніі пад пагрозай ліквідацыі дзяржаўнасці ВКЛ. Сутнасцю новай уніі было стварэнне адзінай дзяржавы – Рэчы Паспалітай, але яна мела федэратыўны характар. Па ўмовах падпісаных дакументаў у Рэчы Паспалітай выбіраўся адзіны гаспадар, каранаваўся ён толькі ў Кракаве; сабіраўся агульны сейм, яго рашэнні павінны былі выконвацца на ўсёй тэрыторыі краіны; касаваліся законы ВКЛ, што супярэчылі ўмовам уніі; феадалы аб'яднанай дзяржавы маглі набываць маёмасць у любым рэгіёне новай дзяржавы; павінна была праводзіцца агульная знешняя палітыка; уводзілася агульная грашовая адзінка, ліквідавалася мяжа паміж дзяржавамі і мытні на ёй; страчаныя ВКЛ украінскія тэрыторыі адыходзілі да Польшчы, а Лівонія знаходзілася ў сумесным валоданні ВКЛ і Польшчы. Аднак ВКЛ не перастала існаваць пасля Люблінскай уніі. Княства было пастаўлена ў залежнае ад Польшчы становішча, але пэўная самастойнасць была захаваная. У княстве захавалася асобнае войска, дзейнічала сваё заканадаўства, свая судовая сістэма, свая адміністрацыя. Захавалася свая пячатка і беларуская мова дзяржаўнага справаводства. Фактычна, насуперак рашэнням Люблінскага сейма, засталася і свая грашовая сістэма, пры Стэфане Баторыі(1576-1586 гг.) была адноўлена і мяжа. Умовы уніі расчаравалі і магнатаў, і шляхту. У наступныя дзесяцігоддзі ў княстве праводзіліся мерапрыемствы, накіраваныя на аслабленне наступстваў аб'яднання: працягвалі сабіраць асобныя ад палякаў сеймы, стварылі ў 1581 г.Галоўны Трыбунал – вышэйшую судовую ўстанову ў княстве замест вялікакняскага суда. У 1588 г. быў прыняты трэці Статут ВКЛ. У гэтым галоўным зводзе законаў княства Люблінская ўнія наогул не згадваецца. У княстве забаранялася прадаваць маёнткі іншаземцам, дзяржаўныя пасады мелі права займаць толькі ўраджэнцы ВКЛ. У Статуце была замацавана норма, згодна з якой гаспадар нес адказнасць за захаванне тэрытарыяльнай адзінасці дзяржавы. Аднак унія засталася, яе вынікамі была паланізацыя і акаталічванне пануючага саслоўя княства – шляхты і магнатаў. Узмацнілася запрыгоньванне сялянства, княства ўцягвалася ў новыя знішчальныя войны. Узмацніўся польскі культурны націск, рэзка пагоршыліся ўмовы для развіцця беларускай культуры. Але ўнія была меншым злом для ВКЛ у параўнанні з перспектывай быць заваяванымі Іванам IV. Юрыдычна Люблінская ўнія была ліквідавана 3 мая 1791 г. з прыняццем Канстытуцыі Рэчы Паспалітай, згодна з якой дзяржава страчвала свой федэратыўны лад.
2. Асаблівасці фарміравання канфесійных адносін на тэрыторыі Беларусі ў XVI–ХVII стст. Праваслаўе і каталіцызм у ВКЛ мірна суіснавалі адно з другім. Аднак пасля заключэння Люблінскай уніі праваслаўная царква пачала губляць сваё вядучае становішча на беларуска-літоўскіх землях. На захадзе ВКЛ дзейнічала Віленская каталіцкая епархія, касцёлы, кляштары (манастыры); на ўсходзе заставалася ўплывовай ідэалогія праваслаўя. Сярод шляхты ўдзельная вага каталікоў ў першай палове ХVΙ ст. была нязначнай. Адносіны паміж праваслаўем і каталіцызмам набылі розныя формы: літаратурная палеміка, парламенцкая і ўзброеная барацьба. У 1432 і 1436 гг. былі прыяты два прывілеі, якія ўраўнялі ў эканамічных правах праваслаўную і каталіцкую знаць. У ХVΙ ст. каталіцкую царкву Заходняй Еўропы напаткаў крызіс. Ён быў звязаны з пашырэннем Рэфармацыі. Рэфармацыя – шырокі грамадска-палітычны рух, накіраваны супроць усеўладдзя каталіцкай царквы. Прыхільнікі Рэфармацыі выступалі за змены ў каталіцкай царкве, каб яна стала таннай для вернікаў, за богаслужэнне на роднай мове, выказвалі пратэст супроць царквы як буйнога землеўласніка і пышных каталіцкіх набажэнстваў. Пачынаючы з выступлення прафесара Вітэнбергскага універсітэта Марціна Лютэра(1517 г.), зараджаецца пратэстантызм.Пратэстантызм – хрысціянскае веравучэнне, накіраванае супроць панавання каталіцкай царквы. Тэрмін “пратэстантызм” узнік пасля таго, як у 1529 г. некалькі князёў і група гарадоў Свяшчэннай Рымскай імперыі выступілі з пратэстам супроць рашэння імператара аб забароне далейшага распаўсюджання некаталіцкіх хрысціянскіх рухаў. Пратэстанты адмаўлялі неабходнасць царквы як пасрэдніка паміж Богам і людзьмі. Асаблівасць Рэфармацыі на Беларусі ў тым, што, у адрозненне ад Еўропы, яна не стала народнай, а ахапіла толькі вышэйшыя колы грамадства. Феадальная знаць хацела ўмацаваць сваё сацыяльна-эканамічнае становішча за кошт касцёлаў і кляштароў. Буйныя магнацкія рады – Радзівілы, Хадкевічы, Сапегі – далучыліся да рэфармацыйнага руху з палітычных меркаванняў: жадалі адасобіцца ад каталіцкай Польшчы і замацаваць самастойнасць ВКЛ. Найбольшае распаўсюджанне атрымаў кальвінізм. Кальвінізм – плынь пратэстантызму, заснаваная Жанам Кальвінам (1509-1564) у Швейцарыі. Яе прыхільнікі ўзялі за аснову ідэю Марціна Лютэра аб тым, шо кожны чалавек валодае правам на свабоду сумлення (свабоду веры), што нельга прымушаць людзей верыць у што-небудзь. Кальвіністы лічылі Біблію адзінай крыніцай веры і прапаведвалі спрадвечнае наканаванне чалавечага лёсу. Паводле кальвіністскага вучэння, Бог загадзя абраў адных людзей на выратаванне, а іншых – на пагібель. Але чалавек павінен верыць, што Хрыстос выраватаў менавіта яго і даказваць гэта сваёй працавітасцю. Кальвіністы разглядалі працу як доўг чалавека перад Богам і падтрымлівалі прынцып “Хто не працуе, той не есць”. З усіх магнатаў ВКЛ першым прыняў Рэфармацыю і стаў кальвіністам Мікалай Радзівіл Чорны (1515-1565 гг.). Яго найвялікшы аўтарытэт і блізкасць да манаршага двара спрыялі масаваму пераходу шляхты ў кальвінізм. Намаганнямі Мікалая Радзівіла Чорнага былі заснаваны друкарні ў Брэсце і Нясвіжы. У першай з іх за кошт магната выйшла ў 1563 г. так званая Радзівілаўская Біблія – пераклад кальвінісцкай Бібліі на польскую мову. У ВКЛ ствараюцца кальвінісцкія акругі-зборы, якія складаліся з абшчын. Будуюцца храмы, школы, тыпаграфіі, прытулкі. У 20-30я гг. ХVІ ст. у ВКЛ усталявалася рэлігійная талерантнасць – верацярпімасць. У сярэдзіне ХVІ ст. з кальвінізму вылучыўся асобны накірунак Рэфармацыі – арыянства,або рух антытрынітарыяў. Яны адмаўлялі дагмат аб трыадзінстве Бога (Бог-Бацька, Бог-Сын, Бог-Святы Дух), лічылі Ісуса Хрыста толькі чалавекам. Арыянства падзялілася на дзве плыні: памяркоўнае і радыкальнае. Прадстаўніком першай (радыкальнай, шляхетскай) плыні ў антытрынітарызме быў Сымон Будны (1530-1593 гг.). Менавіта ён у 1562 г. выдаў у Нясвіжскай друкарні “Катэхізіс”, напісаны ў форме пытанняў і адказаў. “Катэхізіс” быў выдадзены на старабеларускай мове. Потым Будны друкаваў творы ў Брэсце, Лоску, Вільні. Аднадумцам Буднага быў Васіль Цяпінскі (1530-е гг. – 1603 г.). Свае погляды ён выказваў у прадмове да перакладу Евангелля. Гэты твор Цяпінскі выдаў у заснаванай ім друкарні ў маёнтку Цяпіна, што на Лепельшчыне. Пісьменнік абараняў родную мову, гісторыю, традыцыі. Прадстаўнікамі радыкальнай (сялянскай) плыні ў антытрынітарызме былі Якуб з Калінаўкі і Павел з Візны. Яны крытыкавалі каталіцкую царкву, выступалі супроць прыватнай уласнасці, эксплуатацыі сялянства, вярхоўнай улады і дзяржаўных устаноў. Па ініцыятыве феадалаў-пратэстантаў, якія займалі многія вышэйшыя пасады, у 1563 г. кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт ІІ Аўгуст выдаў так званыя Віленскі, а таксама Гродзенскі (1568 г.)прывілеі аб ураўнанні ў правах усёй шляхты ВКЛ незалежна ад веравызнання. У 1573 г. у Рэчы Паспалітай Варшаўская канфедэрацыя прыняла акт аб свабодзе веравызнання, тэкст якога ўвайшоў у Статут ВКЛ 1588 г. Рэфармацыя праз пратэстанцкія школы, друкарні, літаратуру спрыяла распаўсюджанню адукацыі ў грамадстве, ідэй гуманізму, верацярпімасці, міралюбства. Рэфармацыя дазволіла пэўнаму колу насельніцтва ВКЛ пазнаёміца з дасягненнямі еўрапейскай культуры. У другой палове ХVІ ст. каталіцкая царква, крыху аправіўшыся ад моцнага ўдару рэфармацыі, перайшла ў наступ. Пачалася контррэфармацыя – рэлігійна-палітычны рух у Еўропе,узначалены папствам і накіраваны супроць Рэфармацыі. Галоўнўю ролю ў барацьбе з пратэстантамі адыгралі іезуіты – члены каталіцкага манаскага ордэна Таварыства Ісуса, створанага ў 1534 г. у Парыжы іспанскім шляхціцам Ігнаціем Лаёлам. Ордэн стаў галоўным сродкам барацьбы з Рэфармацыяй. У 1569 г. ордэн езуітаў з'явіўся ў ВКЛ. Правячыя колы Рэчы Паспалітай спрыялі ўмацаванню пазіцый каталіцкай царквы і аказвалі ёй усялякую падтрымку. Інтэлектуальную частку беларуска-украінскага грамадства езуіты прыцягвалі ў касцёлы багаслоўскай навукай, добра наладжанай сістэмай адукацыі. Адноўлены і ўзмоцненны каталіцызм выціснуў не толькі пратэстантызм, але і праваслаўе. Працэс акаталічвання вышэйшых колаў, уцягнутых раней у рэфармацыю, набыў масавы характар. У выніку контррэфармацыі ў Беларусі пашыраюцца функцыі і ўладанні каталіцкай царквы. Адчыняюцца новыя касцёлы і кляштары, расце ўплыў каталіцтва на палітычнае жыццё грамадства. Многія праваслаўныя князі і магнаты, а таксама магнаты-пратэстанты і заможная шляхта пераходзяць у каталіцтва. Брэсцкая царкоўная ўнія (1596 г.). У XVI ст. выразна праявіліся рысы крызісу праваслаўя. Канстантынопаль быў захоплены туркамі, епархіі княства не здолелі стварыць незалежную сістэму адукацыі, падрыхтаваць кваліфікаваныя кадры нізавога духавенства, наглядаўся крызіс прапаведніцтва. Праваслаўе страчвала інтэлектуальную апору – тагачасную інтэлігенцыю. Езуіт Пётр Скарга ў 1577 г. выдаў кніжку “Пра еднасць царквы Божай”. У ёй знакаміты публіцыст і багаслоў пісаў: “… папы схалопелі, навука ўпала”. Скарга сцвярджаў, што адзіным выйсцем з цяжкага для праваслаўнай царквы ВКЛ становішча з'яўлаецца саюз праваслаўя з каталіцызмам. Акрамя таго, ва ўмовах Лівонскай вайны з Расіяй арыентацыя на Маскву (цэнтр праваслаўя, бо з 1589 г. у Маскве з'явіўся свой патрыярх) выглядала здрадніцтвам. Неабходнасць рэфармавання царквы разумелі беларускія праваслаўныя іерархі. Ініцыятарамі ўніі выступілі епіскап берасцейскі і ўладзіміскі Іпаці Пацей і епіскап луцкі Кірыла Цярлецкі. Іх падтрымалі кіеўскі мітрапаліт Міхаіл Рагоза, кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт ІІІ Ваза(1587-1632 гг.) і канцлер ВКЛ Леў Сапега. На царкоўным саборы вясной 1595 г. з намерам заключыць унію згадзіліся ўсе праваслаўныя епіскапы, акрамя львоўскага і перамышльскага. Былі выпрацаваны ўмовы аб'яднання, згодна з якімі: · прызнавалася вяршэнства папы рымскага над праваслаўнымі вернікамі; · захоўваліся ўсе царкоўныя святы згодна з праваслаўным каляндаром; · на царкоўныя пасады прызначаліся толькі “рускія” людзі; · манастыры і цэрквы не пераўтвараліся ў касцелы; · забаранялася пераманьваць у каталіцтва ўніятаў; · уніяты прымалі некаторыя дагматы каталіцкай царквы (сімвал веры і інш.). Пасля прыняцця ўніі не павінна было быць ломкі звычаяў і традыцый – знешне нічога не змянілася. На гэта вельмі спадзяваліся ініцыятары аб'яднання цэркваў. І. Пацей і К. Цярлецкі сустрэліся ў Рыме з Кліментам VIII, які згадзіўся з усімі ўмовамі. У кастрычніку 1596 г. ў Брэсце на царкоўным саборы, куды з'ехаліся прыхільнікі ўніі, уніяцтва было канчаткова аформлена як рэлігійны накірунак. У1596 г. каралеўскім універсалам акт уніі быў зацверджаны на дзяржаўным узроўне. Афіцыйна праваслаўная царква ў ВКЛ перастала існаваць, была створана грэка-уніяцкая царква. Аднак увядзенне ўніі выклікала канфрантацыю ў грамадстве. Адбываліся сутычкі, барацьба за храмы і епіскапскія катэдры, некаторыя падзеі прымалі жудасныя формы. Жорсткая дзейнасць уніяцкага архіепіскапа Іасафата Кунцэвічаў Полацку і Віцебску выклікала выбух народнага гнева – Кунцэвіч быў забіты і выкінуты ў Дзвіну (1623 г.). Такія паўстанні жорстка падаўляліся ўладамі, якія спачатку падтрымалі новую царкву. Калі з канца ХVІ – па пачатак ХVІІ ст. адбывалася прымусовае навязванне уніі, то ўжо пачынаючы з 30-х гг. ХVІІ ст., назіраецца адносна памяркоўны характар станаўлення ўніяцкай царквы на беларускіх землях. Шматлікія народныя выступленні прымусілі караля Рэчы Паспалітай Уладзіслава ІV Вазу (1632-1648 гг.) аднавіць у 1632 г.праваслаўную царкву. Між тым уніяцтва хутка распаўсюджвалася на Беларусі. Гэтаму спрыяла падтрымка кіруючых колаў Рэчы Паспалітай. У літургічнай храмавай службе ўніяты карысталіся польскай, царкоўнаславянскай, беларускай і лацінскай мовамі. Уніяты Рэчы Паспалітай стварылі ордэн базыліян (Святога Васіля Вялікага), які актыўна наладжваў школьную адукацыю. Нягледзячы на тое, што дзяржаўная ўлада ставілася да ўніяцкай царквы як да другароднай, уніяты ў канцы ХVІІІ ст. на тэрыторыі ВКЛ складалі ¾ насельніцтва краіны. На тэрыторыі Беларусі з праваслаўных епархій засталася толькі адна Магілёўская.
|