Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Старажытнае грамадства Беларусі.


Date: 2015-10-07; view: 827.


У гісторыі першабытнага грамадства ў залежнасці ад выкарыстання таго ці іншага матэрыялу для вырабу прылад працы вылучаюць тры асноўныя перыяды:

1) каменны век (3,5 млн. гадоў назад – канец 3-га тысячагоддзя да н. э.);

2) бронзавы век (пачатак 2-га тысячагоддзя да н. э. – канец VІІІ ст. да н.э.);

3) жалезны век (VІІ ст. да н. э. – канец V ст. н.э.).

У сваю чаргу каменны век падзяляецца на эпохі. Першая з іх – старажытны каменны век, або палеаліт. Палеаліт падзяляецца на: ранні (ніжні)3,5 млн. гадоў назад – 100 тыс. гадоў да н.э.; сярэдні (мусцье)100-35 тысяч гадоў да н. э.; верхні (позні)35-9 тысяч гадоў да н. э. За палеалітам ідзе сярэдні каменны век (мезаліт)9-5 тысяч гадоў да н. э. Апошняя эпоха каменнага веку – новы каменны век (неаліт)канец 5-га – 3-е тыс. да н.э.

На каменны век прыпадае пяць зледзяненняў тэрыторыі Беларусі, калі са Скандынаўскага паўвострава насоўваліся 2-кіламетровыя тоўшчы ільда. Першыя два, беларускае (600–560 тыс. назад) і бярэзінскае (480–460 тыс. гадоў назад), пашкадавалі толькі поўдзень краіны. Трэцяе, самае магутнае і працяглае, дняпроўскае (320–250 тыс. гадоў назад), ахапіла ўсю тэрыторыю сучаснай Беларусі. Чацвертае, сожскае (220–110 тыс. гадоў назад), займала большую палову края. Пятае, паазёрскае (95–10 тыс. гадоў назад), пакрыла поўнач рэспублікі. Суадносна наступлення і адступлення ледавікоў мянялася ўсё прыродна-геаграфічнае асяроддзе.

Самыя раннія археалагічныя знаходкі Беларусі адносяцца да сярэдняга палеаліта. Гэта тры крамянёвыя прылады неандэртальскага чалавека: 1) скрэбла-нож каля вёскі Бердыж Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці; 2) востраканечнік каля вёскі Свяцілавічы Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці; 3) скрэбла каля вёскі Абідавічы Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці.

На жаль, уладальнікаў знойдзенных прылад і іх паселішчаў пакуль не выяўлена. Знаходкі не маюць выразнай геалагічнай прывязкі і спадарожнай арганікі, што не дазваляе іх дакладна даціраваць. Вось чаму нельга сцвярджаць, але можна меркаваць, што неандэртальцы былі першымі жыхарамі Беларусі.

Неандэртальцы (назва паходзіць ад ракі Неандэр у Германіі) ростам былі 155–165 см. Абліччам прысадзістыя, моцнага целаскладу. Галава мела пакаты лоб, выступаючыя надвочныя валікі і скошаны падбародак. Жылі першабытным статкам.

40–35 тысячагоддзяў назад адна з галін неандэртальцаў развілася ў чалавека сучаснага – краманьёнца (назва паходзіць ад пячоры Кро-Маньён у Францыі). Пачаўся верхні палеаліт. Першыя сучасныя людзі стварылі за 100 відаў прылад працы. Авалодалі скульптурай, графікай, жывапісам, танцам, музыкай. Сярод найбольш вядомых прадметаў мастацтва вылучаюцца жаночыя статуэткі, так званыя Старажытныя Венеры. Прызначэнне мастацтва краманьёнцаў невядома. Верагодна яго выкарыстанне для культурных і адукацыйных мэт. Магчыма, яно напоўнена магічным ці містычным сэнсам. Не выключана адлюстраванне першых рэлігій: 1) анімізма – веры ў існаванне духаў і душы; 2) фецішызма – веры ў цудадзейную сілу асобных матэрыяльных прадметаў; 3) татэмізма – веры ў звышнатуральнае сваяцтва людзей і канкрэтнай жывёлы або расліны.

З высокімі інтэлектуальнымі здольнасцямі краманьёнцаў звязана асэнсаванне кроўнага сваяцтва, якое стала асновай грамадскай арганізацыі. Спачатку сваяцтва вызначалася па мацярынскай лініі. Узнік матрыархат. Сфарміравалася парная сям'я. Сваяцкія па лініі маці сем'і складалі экзагамны род (родавую абшчыну). Усе члены рода валодалі роўнымі правамі.

У Беларусі адкрыты дзве краманьёнскія стаянкі на Гомельшчыне каля вёсак Бердыж Чачэрскага раёна і Юравічы Калінкавіцкага раёна. Юравіцкая стаянка з'яўляецца найбольш раннім помнікам першых сучасных людзей. Яе ўзрост складае 26 тысячагоддзяў.

10 тысячагоддзяў таму завяршылася ледавіковая эпоха. Старажытнакаменны век змяніўся мезалітам. Клімат, раслінны і жывёльны свет набывалі сучасны выгляд. Беларусь усё гусцей пакрывалася лесам. У ім валадарылі высакародныя алені, ласі, дзікі, туры, мядзведзі і іншыя лясныя звяры. Адступаючы, ледавік стварыў густую сетку азёр, рэк, балот – прыстанішча разнастайных відаў рыб, вадаплаваючых птушак і жывёл.

Стабілізацыя новага асяроддзя спыніла сезонныя міграцыі насельніцтва. На сёння знойдзена за 120 мезалітычных паселішчаў. Па распаўсюджанню агульных элементаў матэрыяльнай і духоўнай культуры археолагі вызначаюць з'яўленне плямён – устойлівых аб'яднанняў некалькіх родаў, звязаных кроўнымі сувязямі. Падчас мезаліта людзі вынайшлі ўкладышавую тэхніку вырабу прылад працы (нажы, сякеры). Шырока выкарыстоўвалі лук і стрэлы, вуды з касцянымі кручкамі, разнастайныя пасткі. Вядомы знаходкі першых выдзеўбаных з камля дрэва чаўноў. Узрасла роля збіральніцтва і рыбалоўства.

Найпершай адзнакай неаліта Беларусі стала керамічная вытворчасць вострадонных гаршкоў. Яны ўтыкаліся ў зямлю або ў агнішча. Жывёлагадоўля пачыналася з прыручэння жывёлаў. Затым перайшлі да спецыяльнага развядзення свіней, кароў, авечак, коз, коней. Пільнаваць статкі дапамагаў сабака. Першай зерневай культурай лічыцца ячмень. Пазней сталі вырошчваць жыта, проса, лён. Палеткі апрацоўвалі драўлянымі і рогавымі матыкамі. Адсюль паходзіць і назва архаічнага земляробства – матычнае.

Пачатак бронзавага веку звязваюць з прыходам індаеўрапейскіх народаў шнуравой керамікі ці баявых сякер. Прарадзімай індаеўрапейцаў, згодна найбольш абгрунтаванай канцэпцыі, з'ўляецца Малая Азія (сучасная Турцыя). Адсюль на рубяжы 4–3 тыс. да н. э. пачалося Вялікае перасяленне старажытных індаеўрапейцаў, якое захапіла і Беларусь. Плямёны шнуравікоў распаўсюдзіліся ад ракі Рэйн на захадзе Еўропы да Уральскіх гор на ўсходзе, ад Прычарнамор'я на поўдні да Скандынавіі на поўначы. Яны сталі асновай фарміравання славянскіх, балцкіх і германскіх народаў.

З рассяленнем індаеўрапейцаў змянілася гаспадарка. З'явіліся металургія, апрацоўка, выкарыстанне медзі і бронзы. Нашы першыя металы пераважна прыкарпацкага і каўказкага паходжання, таму іх нешмат. Дамінавалі вырабы з костак і каменя. Вядучае становішча ў гаспадарцы занялі жывёлагадоўля і лядна-агнявое (падсечна-агнявое, падсечнае, ляднае) земляробства.

Духоўнае жыццё насельніцтва Беларусі бронзавага веку ўзбагацілася новымі індаеўрапейскімі светапогляднымі традыцыямі. На першы план выйшлі культ Сонца і агню. Пра гэта сведчыць абрад спальвання нябожчыкаў, абпальвання месца яго пахавання, над якім узводзіўся курган. Арнамент глінянага посуду набыў магічныя фігуры нябесных свяціл, агню, плоднасці.

Ранні жалезны век Беларусі характарызуецца з'яўленнем металургіі – ажалеза з балотнай і лугавой руды. Гэта сыравіна шырока распаўсюджана. Яе перапрацоўка не ўяўляла складанасці. Вось чаму жалезныя вырабы хутка і амаль цалкам выцеснілі каменныя.

Жалезныя прылады дазволілі рэзка павысіць вытворчасць працы. Распаўсюдзілася ворыўнае земляробстваз выкарыстаннем драўлянага рала (плуга). Такое рала знойдзена ля вёскі Капланавічы Клецкага раёна Мінскай вобласці. Яно мела даўжыню каля 2,6 метраў. Выглядала круком, які ўтваралі частка ствала і сук дрэва. З часам з'явіліся металічныя наральнікі. У жывёлагадоўлі перавагу аддавалі рабочай жывёле – валу, быку, коням. Іх выкарыстоўвалі ў якасці цяглавай сілы пры апрацоўцы зямлі. З дапамогай жалезных інструментаў удасканальваўся рамёслы промысел.

У духоўным жыцці насельніцтва ранняга жалезнага веку фарміруецца пантэон Багоў. З'явіліся свяцілішча – культавыя збудаванні для ўшанавання звышнатуральных апекуноў чалавечага жыцця. Яны былі чатырохвугольныя ці круглыя ў плане. Мелі падмазаную глінай падлогу, гліняныя агнішчы-ахвярнікі.

 

2. Балты і славяне ў VI-ІХ стст. Усходнеславянскія саюзы плямён.

З эпохі бронзы (2-е тыс. да н.э.) тэрыторыя Беларусі была заселена балтамі, якія паходзілі ад індаеўрапейцаў. Жылі балты ў паўзямлянках зрубной канструкцыі на адкрытых неўмацаваных селішчах і ўмацаваных гарадзішчах. У цэнтры жытлаў размяшчаліся адкрытыя агнішчы, печы-каменкі круглай або авальнай формы. Гарадоў у балтаў да прыходу славян не было. Галоўнымі заняткамі балтаў было земляробства і жывёлагадоўля.

З V-га па VIII-е ст. н.э. тэрыторыя Беларусі зведала новыя міграцыйна-этнічныя перамены, звязаныя з прыходам і масавым рассяленнем на беларускіх землях усходняй галіны славянскіх плямёнаў. У час славянскага рассялення балты ў асноўным не пакідалімесцаў свайго пражывання. Можна меркаваць, што ўзаемаадносіныіх былі мірнымі. Яны пэўны час жылі на адной тэрыторыі, штопрывяло да іх змешвання, канчатковым вынікам чаго стала славянізацыя балтаў.

У выніку славяна-балцкага сінтэзу ў VIII–X стст. у ВерхнімПадзвінні і Падняпроўі сфарміравалісяўсходнеславянскія этнічныясупольнасці (пранароднасці), якія названы ў пісьмовых крыніцах, упрыватнасці, у старажытнарускім летапісу "Аповесць мінулыхчасоў", – дрыгавічы, радзімічы і крывічы – прабеларускіяўтварэнні, у якіх пераважалі славянскія рысы і якія займалісвоеасаблівае становішча сярод усходнеславянскіх этнасаў рускіх іўкраінцаў.

Дрыгавічы займалі тэрыторыю ад Папрыпяцця да вярхоўяў Нёмана. Сваю назву, згодна аднага з меркаванняў, атрымалі ад балоцістай мясцовасці пражывання – дрыгвы. Па іншай версіі, найменне «дрыгавічы» утварылася ад асабовага імя Драг ці Драгавіт. Летапіс падкрэслівае паходжанне дрыгавічоў ад старажытных славян, якія прыйшлі з Падунаўя, належылі да ўсходнеславянскай моўнай групы, жылі ў міры з іншымі славянскімі народамі.

Характэрнай археалагічнай адзнакай дрыгавічоў лічацца вялікія медныя ці сярэбраныя зярнёныя пацяркі. Рабіліся яны ажурныя (з дроту) ці суцэльныя. Мелі цыліндрычную, авальную або круглую форму. Былі ўпрыгожаны напаянымі дробненькімі сярэбранымі шарыкамі – зерню. Яшчэ адна этнавызначальная адзнака дрыгавічоў – скроневыя кольцы з круглага дроту, на якіх замацоўваліся па тры зярнёныя пацеркі невялікага памеру.

Крывічы-палачане ўваходзілі ў вялікае аб'ядненне разам з крывічамі смаленскімі і пскоўскімі (паводле назваў іх галоўных гарадоў). Для крывічоў-палачан характэрна археалагічная культура Доўгіх курганаў паўночнай Беларусі. Этнавызначальнымі з'яўляюцца бранзалетападобныя драцяныя скроневыя кольцы з завязанымі канцамі дыяметрам 5–11 см. Назва «крывічы» тлумачыцца па-рознаму: ад прозвішча легендарнага родапачынальніка ці правіцеля Крыў (Крыва) ці язычніцкага першасвяшчэнніка Крыва-Крывейтэ, ад слова «крэўныя» (блізкія па крыві, у сэнсе параднёныя), ад узгоркавай мясцовасці пражывання – крывізны.

Радзімічы, згодна «Аповесці мінулых гадоў», прышлі з ляшскіх (польскіх) зямель. Рассяліліся ў Пасожжы. Назву атрымалі ад імя свайго правіцеля Радзіма. Летапіс расказвае, што жылі радзімічы ў лясах быццам дзікуны. Спажывалі брудную ежу. Брыдкасловілі перад бацькамі і нявесткамі. Збіраліся на ігрышча, дзе танцавалі і спявалі. Тут выкрадалі сабе жонак, якіх мелі па 2–3. З суседзямі падтрымлівалі мірныя адносіны.

Этнавызначальнымі для радзімічаў служаць рознакаляровыя пацяркі ў спалучэнні з разнастайнымі прывескамі, а таксама бронзавыя або сярэбраныя 7-промневыя скроневыя кольцы. Колькасць кольцаў вагалася ад аднаго да васьмі.

Славянская каланізацыя беларускіх зямель V–IX ст. амаль не закранула Панямонне на поўнач да вярхоўяў Віліі і на поўдзень да Заходнега Буга. Гэтыя рэгіёны былі ахоплены міграцыяй балтыйскіх народаў. На Нёманска-Заходнебугскай тэрыторыі (Беларускае Пабужжа) жыў заходнебалтыйскі народ яцвягаў. Яцвяжская мова не збераглася. Некаторыя вучоныя лічаць яе пераходнай паміж балцкімі і славянскімі мовамі. У заходняй частцы Беларусі пражывалі таксама балцкія плямёнылітва, нальшчаны, дзяволтва і інш.

 

3. Першыя княствы-дзяржавы на беларускіх землях. Палітычнае і сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель ў ІХ–ХІІІ стст.

У ІХ ст. на аснове племяннога княжання крывічоў–палачан узнікла Полацкае княства. Яно ахоплівала паўночную і часткова цэнтральную частку сучаснай Беларусі. Цэнтрам княства становіцца Полацк – самы першы горад на тэрыторыі Беларусі, які ўзгадваецца ў летапісах пад 862 г. Полацкае княства размяшчалася на гандлёвых шляхах “з вараг у грэкі” і кантралявала частку гэтых шляхоў уздоўж Заходняй Дзвіны і міжрэчча Дзвіны і Дняпра.

Полацкае княства перыядычна падтрымлівала саюзныя адносіны з іншымі славянскімі княствамі ва Ўсходняй Еўропе, буйнейшыя з якіх мелі цэнтры ў Кіеве і Ноўгарадзе. На чале гэтых славянскіх княстваў часта знаходзіліся варажскія (скандынаўскія) князі са сваімі дружынамі. Часам Полацк трапляў у непасрэднае падпарадкаванне гэтых княстваў. Палачане ў якасці саюзнікаў нярэдка прымалі ўдзел ў набегах славян і варагаў на сталіцу Візантыі – Канстанцінопаль. Пасля аднаго з іх, у 907 г. сярод шэрагу князёў, якія атрымалі долю здабычы, узгадваецца полацкая князёўна – Прадслава.

У другой палове Х ст. буйнейшай дзяржавай ва Ўсходняй Еўропе стала Кіеўскае княства. Паступова яе князі шляхам ваенных захопаў або дагавораў з мясцовымі князямі падначалілі сваёй уладзе большасць іншых славянскіх дзяржаў у рэгіёне. На чале Кіеўскай дзяржавы знаходзілася дынастыя варажскіх князёў – Русь, першым прадстаўніком якой з'яўляўся Рурык. Паступова паняцце “Русь” пачынае ахопліваць усе тэрыторыі, на якія распаўсюджвалася ўлада князёў дынастыі Рурыкавічаў. Гісторыкі традыцыйна называюць кангламерат усходнеславянскіх княстваў на чале з вялікім князем з дынастыі Рюрыкавічаў Кіеўскай Руссю.

Першым вядомым з летапісных крыніц полацкім князем з'яўляецца Рагвалод. Па найбольш верагоднай версіі ён быў варагам, аб чым сведчаць шведскія сагі, па іншых альбо быў крывічом, альбо палабскім ці паморскім славянінам. Падчас міжусобнай барацьбы паміж кіеўскім князем Яраполкам і наўгародскім князем Уладзімірам, каля 980 г., ён і яго дачка Рагнеда становяцца на бок першага. За гэта і асабістую абразу, якую яму нанеслі, адвяргаючы сватаўство да Рагнеды, Уладзімір захапіў Полацк; паводле яго загаду былі забітыя Рагвалод і яго сыны, а Рагнеда гвалтоўна стала яго жонкай.

У канцы Х – пачатку ХІ стст. пад уладай Уладзіміра і яго дынастыі апынулася большасць усходнеславянскіх княстваў, у тым ліку і Полацкае. (канец Х ст.) Па ініцыятыве Уладзіміра ў канцы Х ст. у Кіеве, а потым ва ўсіх падначаленых яму землях пануючай рэлігіяй стала хрысціянства ва ўсходняй візантыйскай версіі. З таго часу ўсходняе хрысціянства (праваслаўе) ва Ўсходняй Еўропе называлася “рускай верай”.

У канцы Х ст. (каля 988 г.) было адноўлена Полацкае княства ў якасці ўдзельнага княства ў складзе Кіеўскай дзяржавы. На чале яго быў пастаўлены старэйшы сын Уладзіміра ад Рагнеды Ізяслаў Уладзіміравіч (988–1001 гг.). Паколькі Ізяслаў з'яўляўся непасрэдным нашчадкам Рагвалода, з устанаўленнем яго ўлады звязваецца аднаўленне полацкай княскай дынастыі. Пасля прыняцця Уладзімірам хрысціянства і няўдалага замаху на жыццё князя Рагнеда была астрыжана ў манашкі пад імём Анастасія (лічыцца першай манашкай ва Ўсходняй Еўропе) і саслана на Полаччыну, дзе яна памерла ў Ізяслаўскім манастыры ў 1000 г.

Пасля смерці Ізяслава полацкімі князямі з'яўляліся яго сыны Усяслаў (1001–1003 гг.) і Брачыслаў (1003–1044 гг.).

Пасля смерці князя Уладзіміра Святаславіча ў Кіеўскай дзяржаве пачынаецца барацьба за ўладу паміж яго нашчадкамі, адным з якіх быў полацкі князь Брачыслаў. Пад яго кіраваннем палачане ў 1021 г. захапілі і разрабавалі г. Ноўгарад. Войска сына Ўладзіміра наўгародскага і кіеўскага князя Яраслава Мудрага дагнала іх на р. Судамір. Пасля ўзброенай сутычкі быў заключаны мір, паводле якога да Полацкага княства былі далучаны Віцебск, Усвяты і валокі паміж Дняпром і Заходняй Дзвіной. Брачыслаў меў поўную ўладу ў Полацкай зямлі. Па сутнасці Полацкае княства аднаўляе сваю дзяржаўную самастойнасць.

Падчас княжання Брачыслава Полацкае княства захоўвала саюзніцкія адносіны з Кіеўскай дзяржавай. Дружыны полацкіх і кіеўскіх князёў сумесна ўдзельнічалі ў паходах на суседнія балцкія землі, у заснаванні Браслава і, верагодна, Новагародка.

Найвялікшага росквіту Полацкае княства дасягнула падчас княжання Усяслава Брачыслававіча “Чарадзея” (1044–1101гг.). У гэты час абвастраюцца адносіны Полацкага княства з Кіеўскай дзяржавай і падуладнымі ёй княствамі.

У 1065–1066 гг. палачане на чале з Усяславам здзейснілі рабаўнічыя паходы на Пскоў і Ноўгарад. У адказ князі Кіеўскай Русі накіравалі супраць Полацкага княства вялікія сілы, якія спалілі Менск. 3 сакавіка 1067 г. паміж імі і палачанамі адбываецца бітва на р. Нямізе, якая скончылася велізарнымі стратамі для абодвух бакоў. Запрошаны на перамовы Ўсяслаў з сынамі быў захоплены ў палон і пасаджаны ў Кіеве ў поруб (турму). У выніку народнага паўстання кіян ў 1068 г. Усяслаў Чарадзей на 7 месяцаў стаў князем у Кіеве. Але ў 1069 г. быў пазбаўлены пасады і вымушаны змагацца за полацкі трон. У 1071 г. ён канчаткова вярнуў сабе ўладу ў Полацку. У 1077і1084 гг. адзін з кіеўскіх князёў Уладзімір Манамах здзейсніў паходы на Полацк і Менск. У 1078 г. палачане спалілі Смаленск. Полацкае княства ў часы Ўсяслава Чарадзея заставалася палітычна цалкам незалежным.

Яшчэ адным з накірункаў знешняй палітыкі Усяслава з'яўлялася экспанія на землі балцкіх плямёнаў. Полацкае княства ўстанавіла сваю ўладу, якая выяўлялася ў выплаце даніны, над плямёнамі яцвягаў, літвы (на тэрыторыі сучасных усходняй Літвы і заходняй Беларусі), латгалаў і ліваў (на тэрыторыі сучаснай Латвіі). На землях латгалаў ствараюцца славянскія гарады – Кукенойс і Герцыке.

Пасля смерці Усяслава ў 1101 г. тэрыторыя Полацкага княства была падзелена на шэраг удзельных княстваў: Віцебскае, Менскае, Ізяслаўскае, Лагойскае, Друцкае, Лукомскае. Пачаўся перыядфеадальнай раздробленасці. Кожнае з удзельных княстваў мела ўласныя органы кіравання, войска, падатковую сістэму. У той жа час яны падпарадкоўваліся полацкаму князю (выплата даніны, адзіная знешняя палітыка, сумесныя ваенныя паходы). На чале ўдзельных княстваў станавіліся князі полацкай дынастыі. Вялікі князь полацкі з'яўляўся свайго роду старшынёй федэратыўнага саюзу князёў Полацкай зямлі.

У першай трэці ХІІ ст. працягваецца барацьба Полацкага княства з Кіеўскай дзяржавай. Найбольш актыўную палітыку, скіраваную супраць Кіева, праводзіў менскі ўдзельны князь Глеб Усяславіч, які ў 1116 г. здзейсніў паход на Слуцк, а ў 1117 г. – на Оршу і Копысь. У выніку паходу кааліцыі князёў на чале з Уладзімірам Манамахам Глеб быў захоплены ў палон, дзе быў атручаны ў 1119 г.

У 1127 г. быў арганізаваны вялікі паход на чале з кіеўскім князем Мсціславам супраць Полацкай зямлі. Падчас яго былі захоплены Лагойск, Ізяслаўль; Полацкае княства фактычна было падпарадкавана Кіеву. У 1129 г. шмат удзельных полацкіх князёў разам з сем'ямі былі высланы ў Візантыю, адкуль вярнуліся толькі ў 1139 г.

З 1230-х гг. адбываецца распад Кіеўскай дзяржавы і яна паступова губляе пануючы ўплыў у рэгіёне. У 1132 г. полацкае веча выгнала кіеўскага стаўленіка Ізяслава і выбрала на княжанне прадстаўніка полацкай дынастыі Васільку Святаславіча.

У ХІІ–ХІІІ стст. у Полацкай зямлі фарміруецца новая сістэма дзяржаўна-палітычнага ладу, якая можа быць ахарактарызавана як вечавая дэмакратыя. Асноўнымі органамі дзяржаўнай улады ў Полацкім і ўдзельных княствах з'яўляліся князь – кіраўнік дзяржавы, узначальваў ваенныя сілы і адміністрацыйны апарат, ажыццяўляў суд. Князь абапіраўся на дружыну – пастаянную ўзброеныя сілу. Надзвычай важную ролю ў Полацкай зямлі стала адыгрываць веча – агульны сход усіх свабодных дарослых жыхароў княства мужчынскага полу.

Такім чынам, Полацкае княства ў ІХ – ХІІІ стст. з'яўлялася буйнейшым дзяржаўным утварэннем на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Пасля непрцяглага перыяду палітычнай залежнасці ад Кіеўскай дзяржавы яно на працягу ХІІ – ХІІІ стст. ажыццяўляла самастойную ўнутраную і знешнюю палітыку. Пад уплывам феадальнай раздробленасці ў Полацкім княстве склалася спецыфічная форма дзяржаўна-палітычнага ўладкавання – вечавая дэмакратыя.

Да паўднёвых меж Полацкай зямлі прымыкала Тураўскае княства. Яго тэрыторыя ў асноўным адпавядала рассяленню дрыгавічоў. Галоўным горадам быў Тураў, упершыню ўзгаданы пад 980 г. Назва горада звязваецца з імем князя Тура, ад якога насельніцтва празвалась тураўцамі.

У 988 г. Вялікі князь кіеўскі Уладзімір аддаў Тураў свайму прыёмнаму сыну Святаполку Яраполчычу. Так закончылась існаванне княжання дрыгавічоў і пачалася гісторыя Тураўскага княства. На працягу каля 150 гадоў сваёй ранняй гісторыі яно займала важнае месца ў сістэме Кіеўскай Русі. Тураўскія князі, як правіла, пераходзілі на кіеўскі вялікакняжыцкі трон.

Святаполк Яраполчыч – першы гістарычна дакладны князь Тураўскага княства. Ён першым сярод усходнеславянскіх князёў выступіў за незалежнасць ад Кіева. Каля 1010 Святаполк жаніўся на дачце польскага князя. Адразу маладыя пачалі рыхтаваць замову супраць Уладзіміра, але няўдала. Былі схоплены і пасаджаны ў кіеўскую турму. Пагроза вайны з Польшай заставіла Уладзіміра вызваліць зняволеных. Праўда, ў Тураў Святаполка не адпусцілі. Пакінулі ў Кіеве пад наглядам. У 1015 г. Уладзімір памёр, і тураўскі князь заняў кіеўскі трон.

З 1019 па 1042 гг. Тураўскае княства знаходзілася пад уладай Вялікага князя кіеўскага Яраслава Мудрага. Затым 70 гадоў (1042–1113) княства належыла дынастычнай лініі старэйшага сына Яраслава Мудрага – Ізяслава (Ізяслаў, яго сыны Яраполк і Святаполк). Любецкі з'езд 1097 г. князёў Кіеўскай Русі зацвердзіў праналежнасць Тураўскага княства за дынастычнай лініяй Ізяслава. Але, калі ў 1113 г. на кіеўскі трон уступіў Уладзімір Манамах, ён не перадаў Тураў нашчадкам Ізяслава, а захаваў за сабой. Да 1158 г. Тураўскае княства належыла Манамахавічам.

У 1158 г. унук Святаполка Ізяславіча Юрый Яраславіч сілай вярнуў Тураўскае княства сваёй дынастыі. Тураўцы яго подтрымалі, адбілі две кіеўскія аблогі. Дынастыя Ізяславічаў і самастойнасць Тураўскага княства аднавілісь.

Асаблівасцямі грамадска-палітычнага ладу Тураўскага княства з'яўляецца наяўнасць пасадніка, тысяцкага і роль веча. Звычайна тураўскія князі пераходзілі на вялікакняжыцкі трон у Кіеве, а Тураўскае княства пакідалі за сабой. Сюды назначаўся кіраваць княжыцкі намеснік – пасаднік. І нават калі князь вяртаўся, пасаднік працягваў працаваць. Паколькі дружына пакідала Тураў разам з князям, то ролю галоўнай ваеннай сілы адыгрывала апалчэнне. Налічвала яно каля тысячы ўзброеных гараджан. Узначальваў апалчэнне тысяцкі. У Тураве дзейнічала веча. Пры гэтым тураўцы мелі права голасу нават пры назначэнні епіскапа. Нагадаем, што ў Полацку епіскап назначаўся кіеўскім мітрапалітам.

 

4. Беларусь у часы Вялікага Княства Літоўскага.

У першай палове ХІІІ ст. на тэрыторыі двух народаў – літоўскага і беларускага – узнікла новая дзяржава – Вялікае Княства Літоўскае. Пазней у яе склад увайшла частка ўкраінскіх і рускіх зямель. З самага пачатку гэта была шаматнацыянальная краіна, дзе ўсе народы мірна суіснавалі адзін з адным. Правячая дынастыя паходзіла з літоўскай знаці, а эканамічнае і культурнае аблічча дзяржавы вызначалі беларускія і ў пэўнай ступені іншыя ўсходнеславянскія землі.

У гістарычнай навуцы існуе некалькі канцэпцый утварэння ВКЛ. Прыхільнікі “Літоўскай канцэпцыі” сцвярджаюць, што ў часы аслаблення Русі і заваявання яе большай часткі мангола-татарамі, ва ўмовах барацьбы з крыжацкай агрэсіяй літоўскі князь Міндоўг змог аб'яднаць літоўскія землі, стварыць моцную дзяржаву і далучыць да яе шляхам заваёў ці дагавораў беларускія землі. Вялікае Княства Літоўскае падаецца як чужародная для беларусаў дзяржава-прыгнятальніца. ВКЛ ўзнікла як вынік эканамічнага і палітычнага развіцця балта-літоўскіх зямель і потым пашырылася за лік славянскіх.

Адзін з аўтараў “Беларускай канцэпцыі”, гісторык канца ХХ ст., М.Ермаловіч сцвярджаў, што з самага пачатку ВКЛ фарміравалася як дзяржава продкаў беларусаў, якія ў той час называліся ліцвінамі. Гістарычныя крыніцы, пісаў ён, не падцверджваюць літоўскага заваявання беларускіх зямель, а, наадварот, сведчаць аб заваяванні Навагародскім княствам сучасных літоўскіх зямель. На думку М. Ермаловіча, нельга атаясамліваць сучасную тэрыторыю Літоўскай рэспублікі з летапіснай Літвой, якая знаходзілася на тэрыторыі сучаснай Беларусі, паміж Маладзечнам, Навагрудкам, Слонімам і Мінскам, і была часткаю тэрыторыі, на якой фарміраваўся беларускі этнас.

Навукоўцы Літвы і Беларусі ў час міжнароднага круглага стала па тэме “Беларусь у Вялікім Княстве Літоўскім”, які адбыўся ў Мінску ў 1992 г., адзначылі, што ў першай палове ХІІІ ст. у верхнім Панямонні ўзнікла беларуска-літоўская гаспадарства з цэнтрам у Навагародку, якое стала ядром магутнай шматнацыянальнай еўрапейскай дзяржавы – Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага і іншых зямель. У ВКЛ “Літва” тады адносілася да тэрытогрыі Верхняга і Сярэдняга Панямоння, а пад “Руссю” разумелася верхняе Падзвінне і Падняпроўе. Сучасныя заходнія этнічныя літоўскія землі – Жмудзь – былі канчаткова далучаны да Вялікага Княства ў першай палове ХVст. У склад ВКЛ з другой паловы ХІV ст. да 60-х гг. ХVІ ст. уваходзіла частка ўкраінскіх зямель (Валынь, Падолле, Кіеўшчына). Усе народы, адзначалася ў дакуменце круглага стала, якія прымалі ўдзел у палітычным, эканамічным і культурным жыцці ВКЛ, і перш за ўсё беларускі і літоўскі, з'яўляюцца гістарычнымі спадкаемцамі гэтай дзяржавы.

Да ХІІІ ст. літоўцы знаходзіліся на пераддзяржаўнай стадыі свайго развіцця. Па ўзроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця балты адставалі ад славян. У іх не было сапраўдных гарадоў і пісьменнасці, яны былі язычнікамі, але ўжо мелася дзяленне на знаць і просты народ, існавала неразвітае рабства.

Неабходнасць барацьбы са знешняй небяспекай (крыжакі, мангола-татары, а таксама галіцка-валынскія і польскія князі) стала асноўным штуршком да стварэння дзяржавы. Дзеля выжывання ў такіх умовах насельніцтва, што жыло на мяжы балцкіх і ўсходнеславянскіх зямель, павінна было аб'яднаць свае намаганні.

Істотнай перадумовай утварэння беларуска-літоўскай дзяржавы было эканамічнае развіццё (сельскагаспадарчая вытворчасць, рамёствы, гандаль), а таксама рост старажытных беларускіх гарадоў, якія сталі не толькі пунктамі абароны, месцамі накаплення і разгортвання сіл для баявых дзеянняў, але і рамесна-гандлёвымі цэнтрамі. Асабліва важную ролю ў пачатковы перыяд утварэння ВКЛ адыгралі гарады беларускага Панямоння і асабліва Навагародак. Феадальная раздробленасць, сацыяльныя супярэчнасці, якія звычайна вырашаліся з дапамогай сілы, выклікалі патрэбу ў забеспячэнні грамадскага парадку, стварэння дзяржавы, якая б усталявала законнасць і спакой.

У 1240-х гадах літоўскі князь Міндоўг захапіў уладу ў свае рукі на значных балцкіх землях і хутка распаўсюдзіў яе і на суседнія тэрыторыі Беларусі – Сярэдняе Панямонне з гарадамі Навагародак, Ваўкавыск, Слонім. У летапісах нама звестак пра тое, што Міндоўг захапіў Навагародак, як і таго, што ён знайшоў там прытулак, калі быў чамусці выгнаны з Літвы. Хучэй за ўсё ён валодаў Літвой і Навагародкам адначасова і са згоды мясцовага насельніцтва.

Узвышэнне Міндоўга выклікала незадаволенне іншых літоўскіх князёў, а таксама крыжакоў і галіцка-валынскіх князёў. Супроць уладара новай дзяржавы ўтвараецца небяспечны саюз. Міндоўг шукае падтрымку на захадзе. У 1251 г. ён прымае каталіцтва і 6 жніўня 1253 г. карануецца ў Навагародку з бласлаўлення папы рымскага. Тытул караля ВКЛ падняў міжнародны прэстыж дзяржавы і даў магчымасць аслабіць ўціск крыжакоў, якім была аддадзена частка Жамойці. Каб залагодзіць галіцка-валынскае княства, Міндоўг аддае сыну Данілы Галіцкага князю Раману гарады Ваўкавыск і Слонім на правах васальнай залежнасці. Акрамя гэтага, другому сыну галіцкага князя Данілы Шварну Данілавічу была аддадзена замуж дачка Міндоўга. Разбурыўшы кааліцыю ворагаў, Міндоўг змог перамагчы мяцежных літоўскіх князёў і ўмацаваць сваю ўладу.

Палітыку пашырэння тэтыторыі Наваградскага княства працягваў старэйшы сын Міндоўга Войшалк (1264-1267 гг.), князь Шварн Данілавіч (1267-1270 гг.) і князь Трайдень (1270-1283 гг.).

У канцы ХІІІ ст. вялікім князем стаў Віцень(1295-1316 гг.).Ён імкнуўся ўмацаваць беларуска-літоўскую дзяржаву, абапіраючыся на Навагародскае, Гарадзенскае і іншыя княствы. Віценю ўдалося дабіцца палітычнага адзінства дзяржавы. Нашчадкі іншых княжацкіх дынастый больш не прэтэндавалі на яго трон. Вялікі князь паспяхова змагаўся з Ордэнам. Асабіста вёў у бой сваё войска, вызначаўся храбрасцю і ўвайшоў у гісторыю як князь-палкаводзец. Пры ім быў уведзены агульнадзяржаўны герб “Пагоня”. Пры Віцені тэрыторыя ВКЛ пачала паступова пашырацца. У прыватнасці, была далучана Полацкая і Берасцейская зямлі.

Пасля смерці Віценя вялікім князем стаў яго брат Гедемін (1316-1341 гг.). Палітыка Гедеміна была накіравана на далейшае ўмацаванне Вялікага Княства Літоўскага і пашырэнне яго тэрыторыі. ВКЛ становіцца цэнтрам аб'яднання ўсходнеславянскіх зямель. У часы Гедеміна Менская, Віцебская, Турава-Пінская землі ўвайшлі ў склад ВКЛ. У 1323 г. вялікі князь Гедемін пераносіць сталіцу дзяржавы ў Вільню – старадаўні цэнтр крывіцкай каланізацыі, які раней назывыаўся Крывач-горад.

Аб'ядноўваючы ўсходнеславянскія землі пад сваёй уладай, Гедымін абыходзіўся, як правіла, без заваявання. Ён называў сябе “каралём літоўцаў і многіх рускіх”. Назвава “рускія” тут распаўсюджана на беларусаў, якіх было ў тыя часы прыкладна ¾ насельніцтва краіны. Старажытнабеларуская мова ў ХІV ст. набыла вялікае распаўсюджанне і стала дзяржаўнай. Частка літоўскай знаці прыняла праваслаўе.

Пасля Гедеміна вялікім князем літоўскім стаў Альгерд(1345-1377 гг.), які кіраваў дзяржавай разам з братам Кейстутам. Да ВКЛ далучыліся беларускія землі Падняпроўя і заняпаўшага Галіцка-Валынскага княства, а таксама Чаргігава-Северскае княства, шэраг бранскіх і смаленскіх зямель. У гэты час узнікаюць два цэнтры “збірання” зямель былой Русі. Адна іх частка ўвайшла ў склад Вялікага Княства Літоўскага, другая – аб'ядноўвалася вакол Масквы. Гэтым была закладзена прычына варожых адносін паміж літоўскімі і маскоўскімі князямі на доўгія гады. Каб паслабіць суперніка, у 1368, 1370 і 1372 гг. вялікі князь літоўскі робіць паходы на Маскву, але да вызначальнай бітвы справы не дайшло. Канчаткова паслабіць свайго ўсходняга суседа Альгерду не ўдалося.

Значнай небяспекай для Вялікага Княства Літоўскага па-ранейшаму былі крыжакі, якія неаднаразова нападалі на Гродна, пустошылі землі Полаччыны. У адказ Кейстут вадзіў войска на тэрыторыю ордэнскіх уладанняў.

Перамога Альгерда над татарамі каля Сініх Водаў у 1362 г. паклала пачатак вызвалення ўсходнеславянскіх земляў ад ардынскага панавання. У склад ВКЛ увайшлі ўкраінскія землі Падолля, Валыні і Кіеўшчыны. Бліскучы поспех Альгерда каля Сініх Водаў падрыхтаваў другую вялікую перамогу над татарамі – разгром хана Мамая на Куліковым полі ў 1380 г.

У час княжэння Альгерда тэрыторыя ВКЛ павялічылася ў 2 разы. Фактычна большая частка ўсходнеславянскіх зямель была аб'яднана ў рамках адной дзяржавы. ВКЛ стала адной з буйнейшых шматнацыянальных дзяржаў Еўропы (уласна Літва ў ёй складала 1/12 частку тэрыторыі). Пераважную большасць насельніцтва складалі беларусі і ўкраінцы. На іх тэрыторыі знаходзілася і найбольш буйныя гарады.

ВКЛ стала федерацыяй,ядром якой разам з балта-літоўскімі сталі і ўсходнеславянскія землі. Насельніцтва было зацікаўлена ў захаванні гэтай дзяржавы, паколькі ў барацьбе са знешнімі ворагамі толькі адзінсктва народаў суседніх тэрыторый дазваляла супрацьстаяць агрэсіі крыжакоў і мангола-татараў.

Пасля смерці Альгерда на вялікакняжацкі пасад узышоў яго сын ад другога шлюбу – Ягайла(1377-1392 гг.). Пачатак яго княжання суправаджаўся абвастрэннем міжусобнай барацьбы з дзядзькам Кейстутам (братам Альгерда). У выніку Кейстут быў забіты, я яго сын Вітаўт стаў упарта змагацца з вялікім князем Літоўскім Ягайлам за ўладу ў краіне.

Каб трывала ўсталяваць сваю ўладу над ўсёй дзяржавай, Ягайла шукае дапамогу з боку суседніх хрысціянскіх краін. Саюз з суседняй Польшчай адпавядаў інтарэсам Ягайлы і саміх палякаў. Ён дазваляў аб'яднаць сілы супроць агульнага ворага – Тэўтонскага ордэна. Феадалы літоўскага паходжання, прыняўшы каталіцтва, якое панавала ў Польшчы, мелі б магчымасць захаваць сваё дамінуючае становішча ў ВКЛ. Польскія феадалы разлічвалі пашырыць свае ўладанні за кошт зямель княства.

У 1385 г. у замку Крэва была заключана унія (саюз) Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага. Ягайла стаў каралём польскім і вялікім князем літоўскім. Ён абавязваўся прыняць каталіцтва і правесці акаталічванне Літвы, дапамагчы Польшчы вярнуць страчаныя землі, выпусціць усіх польскіх палонных, захопленых у мінулых войнах, перавезці казну ВКЛ у польскую сталіцу Кракаў.

У 1387 г. адбылося хрышчэнне літоўскага насельніцтва ВКЛ па каталіцкаму абраду. Ягайла выдаў прывілей,які даваў феадалам дадатковыя правы і вольнасці пры ўмове прыняцця каталіцтва. Гэта была ў большасці сваёй знаць літоўскага паходжання. На праваслаўных феадалаў, уражэнцаў беларускіх, украінскіх і рускіх зямель прывілей не распаўсюджваўся. Беларускія землі ўваходзілі ў склад Вiленскага епіскапства, якое было створана ў 1387 г. Неўзабаве тут з'явіліся касцёлы і каталіцкія манастыры (кляштары).

У 1392 г. у маёнтку Вострава каля Ліды паміж Ягайлам і Вітаўтам было заключана пагадненне, на падставе якога ўлада ў княстве перадавалася Вітаўту. Уладаром ВКЛ стаў Вітаўт Кейстутавіч(1392-1430 гг.). Яму забяспечвалася незалежнасць дзеянняў, але ў саюзе з Польшчай і пад вярхоўнай уладай польскага караля Ягайлы.

Такім чынам, утварыўся фактычна саюз дзвюх раўнапраўных дзяржаў, які значна ўмацавай іх абароназдольнасць. Гэты саюз спрыяў росту эканамічных і культурных сувязей паміж ВКЛ і Польшчай, а таксама з іншымі краінамі Заходняй Еўропы.

У першыя гады князявання Вітаўт пазбаўляе ўлады князёў найбольш аўтаномных зямель (Кіеўскага, Уладзімера-Валынскага, Ноўгарад-Северскага, Падолля і інш.). Гэтым самым умацоўваецца адзінства дзяржавы і адначасова аўтарытэт вялікага князя. Месцы спадчынных князёў займаюць прызначаныя Вітаўтам намеснікі, гатовыя па першаму патрабаванню выступіць з войскам на яго баку. Пазіцыі цантральнай ўлады становяцца больш трывавлымі.

У 1409 г. пачалася “Вялікая вайна” ВКЛ і Польшчы супраць крыжакоў, цэнтральнай падзеяй якой стала Грунвальдская бітва. Прычынамі гэтай вайны былі і бесперапынныя набегі на літоўска-беларускія і польскія землі, “дыпламатычныя канфлікты” і немагчымасць іх мірнага ўрэгулявання, і пагроза анямечвання палякаў, і г.д.

15 ліпеня 1410 г. каля вёскі Грунвальд (тэрыторыя Польшчы) адбылася адна з найвялікшых бітваў эпохі сераднявечча. Крыжакі былі разбіты. Значэнне перамогі пад Грунвальдам цяжка пераацаніць. Была спынена агрэсія нямецкіх рыцараў на ўсход. Разгромлены Ордэн так і не змог узнавіць сваіх ранейшых сіл. ВКЛ вярнула сабе Жамойцкія землі. Акрамя таго, Ордэн павінен быў выплаціць пераможцам вялікую суму грошай. Сітуацыя ў Цантральнай і Ўсходняй Еўропе змянілася на карысць славянскіх народаў. Міжнародны аўтарытэт ВКЛ значна павысіўся.

У 1413 г. у замку Гародлі (на рацэ Заходні Буг) адбыўся з'езд польскіх і літоўскіх феадалаў-католікаў. Падцвярджалася аб'яднанне дзяржаў, пры гэтым прызнавалася самастойнасць ВКЛ. Кароль і польская шляхта вырашылі абапірацца ў сваёй дзейнасці толькі на феадалаў каталіцкага веравызнання. 47 польскіх феадалаў надзялілі такую ж колькасць феадалаў ВКЛ сваімі гербамі і прымалі іх у сваё гербавае брацтва. Феадалы ВКЛ абяцалі польскім феадалам быць з імі ў “вечнай дружбе і саюзе”.

Толькі феадалам-каталікам дазвалялася ўдзельнічаць у выбарах вялікага князя і займаць дзяржаўныя пасады. А феадалы сучасных беларускіх, украінскіх і рускіх зямель, у сваёй большасці праваслаўныя, заставаліся нераўнапраўнымі. Такім чынам, Гарадзельская унія 1413 г. зрабіла каталіцтва прывілеяванай рэлігіяй дзяржавы, што абвастрыла канфесійную сітуацыю ў ВКЛ. Значная частка праваслаўнага насельніцтва княства была дыскрымінавана.

Пасля смерці Вітаўта (1430 г.) вялікім князем стаў малодшы сын Альгерда Свідрыгайла(1430-1432 гг.),які насуперак Гарадзельскай уніі прыцягвае да дзяржаўнага кіравання ў большасці “русінаў” (беларусаў і ўкраінцаў) праваслаўнага веравызнання. Гэта выклікала незадавальненне літоўскай арыстакратыі, якую ўзначаліў малодшы брат Вітаўта Жыгімонт Кейстутавіч. Пачалася грамадзянская вайна (1432-1436 гг.). Вайна вялася за вялікакняжацкі стол, за ўладу буйных тэрытарыяльных груповак феадалаў. Інтарэсы шырокіх слаёў насельніцтва яна не кранала. Немалаважную ролю ў канфлікце адыгрывала рэлігійнае пытанне.

Рашаючая бітва паміж супернікамі адбылася ў 1345 г. пад Вількамірам (сённяшняя Літоўская Рэспубліка). Войскі Свідрыгайлы пацярпелі паражэнне. Вайна скончылася перамогай Жыгімонта Кейстутавіча, які і стаў адзіным уладаром ВКЛ да 1440 г.

У 1468 г.Казімір(1440-1492 гг.) выдаў Судзебнік – першы збор законаў ВКЛ. Ён быў напісаны на старажытнабеларускай мове. Судзебнік устанаўліваў адзіныя віды пакарання супроць феадальнай уласнасці (грашовы штраф, цялеснае пакаранне, смяротнае пакаранне). Згодна з гэтым дакументам сяляне пазбаўляліся права свабоднага пераходу ад аднаго феадала да другога, гэта значыць, яны прымацоўваліся да зямлі, на якой жылі і якую апрацоўвалі. Судзебнік прадугледжваў пакаранне за дапамогу пры ўцёках чэлядзі і залежных людзей ад феадалаў і за арганізацыю такіх уцёкаў. Выданне Судзебніка азначала пачатак юрыдычнага афармлення запрыгоньвання сялян – страты сялянамі свайго права ўласнасці на зямлю і ператварэнне іх у залежных ад феадала.

Абарона ад крымскіх татараў была доўгі час малаэфектыўнай з прычыны недасканаласці ваеннай арганізацыі Вялікага Княства і недахопу сродкаў. І толькі летам 1506 г. князь Міхаіл Глінскі з паспалітым рушаннем здолеў разграміць татараў у бітве пад Клецкам і вызваліў дзясяткі тысяч палонных беларусаў.

У часы кіравання Жыгімонта Старога(1506–1548 гг.) працягвалася барацьба ВКЛ і Вялікага Княства Маскоўскага за дамінаванне на землях былой Кіеўскай Русі. Асабліва небяспечнай для вялікакняскай дзяржавы была вайна 1512–1522 гг. У 1514 г. маскоўскія войскі захапілі Смаленск. 8 верасня 1514 г. адбылася Аршанская бітва.Войска ВКЛ пад кіраўніцтвам гетмана Канстанціна Астрожскага нанесла паражэнне царскаму войску. Але Астрожскі не здолеў адабрацьзахоплены Смаленск, а вайна прыняла зацяжны характар.

5. Культура ўсходніх славян у эпоху ранняга сярэднявечча.

Усходнія славяне стварылі шматгранную культуру, якая ўключае вусную народную творчасць, пісьменства, архітэктуру, выяўленчае мастацтва, музыку. Старажытнейшым пластом усходнеславянскай культуры выступае вусная народная творчасць (фальклор). Да яе старадаўніх відаў належаць каляндарна-абрадавая і сямейна-абрадавая паэзія. Беларуская каляндарна-абрадавая паэзія прызнана найбагацейшай сярод славянскіх народаў. Яна дзеліцца на зімовыя (святкаванне Каляды), веснавыя (свята гукання вясны), летнія (свята Купалля), восеньскія (памінальны абрад Дзяды) цыклы. Сямейна-абрадавая паэзія прадстаўляе рытуалы вакол асноўных момантаў жыцця чалавека – нараджэння, вяселля, смерці.

Да нас дайшлі разнастайныя помнікі пісьменнасці ўсходніх славян. Стварэнне славянскай азбукі звязваюць з імёнамі братоў – манахаў Кірыла і Мяфодзія. Родам браты з горада Салуні (сёння Салонікі, Грэцыя). Большасць вучоных лічаць іх балгарамі. У сярэдзіне ІХ ст. браты склалі славянскую азбуку – кірыліцу, назва якой паходзіць ад імя Кірыл. Яна налічвае 43 літары: 24 візантыйскага паходжання, 19 створана ўпершыню. 27 літар абазначалі і лічбы. Літарны склад кірыліцы адпавядаў гукавай сістэме старажытнаславянскай мовы. З ХІІ ст. кірыліца выцясняе глаголіцу. Першым датаваным узорам пісьменнасці Ўсходняй Еўропы з'яўляецца пячатка полацкага князя Ізяслава Ўладзіміравіча. На ёй напісана імя князя кірыліцай, але ў грэчаскім гучанні – «Ізяславос».

Каштоўным помнікам усходнеславянскага пісьменства служаць берасцяныя граматы – напісаныя на бяросце прыватныя лісты людзей. Археолагі знайшлі берасцяныя граматы ў Мсціслаўлі Магілёўскай вобласці і Віцебску, а таксама ў расійскіх гарадах Ноўгарадзе і Смаленску, якія, згодна тэксту, належылі палачанам. На фрагменце берасцяной граматы пачатку ХІІІ ст. з горада Мсціслаўля гаворыцца пра пшаніцу за 4,5 грыўні. Дарэчы за такія грошы можна было купіць 9 кабаноў ці 2 каровы. У Віцебскай берасцяной грамаце нейкі Сцяпан просіць Няжылу купіць яму жыта за 6 грыўняў.

З развіццём пісьменнасці цесна звязана ўзнікненне рукапісных кніг. Першай рукапіснай кнігай Беларусі з'ўляецца «Тураўскае евангелле» ХІ ст. Напісана яно на пергаменце. Упрыгожана рознакаляровымі застаўкамі. Вокладкай служылі две дошкі, абцянутыя скурай. Зачынялася кніга з дапамогай спражкі.

У ХІ ст. пачалі складвацца летапісы – гісторыка-літаратурныя творы з апісаннем падзей па гадам (летам) у храналагічнай паслядоўнасці. Першы ўсходнеславянскі летапіс «Аповесць мінулых часоў» напісаны манахам Кіева-Пячэрскага манастыра Нестарам каля 1113. Ён паставіў сабе маштабную задачу паказаць, адкуль пайшла Руская зямля. Даў звесткі пра Рагвалода, Рагнеду, Ізяслава Уладзіміравіча, Усяслава Чарадзея, бітву на Нямізе. Ёсць звесткі пра існаванне Полацкага, Тураўскага, Навагрудскага летапісаў, якія не захаваліся да нашых дзён. Урыўкі з іх прысутнічаюць у іншых летапісных зводах. Расійскі гісторык Васіль Тацішчаў (1686–1750) карыстаўся Полацкім летапісам пры напісанні 5-томнай «Гісторыі Расійскай».

Кніжная культура дасягнула сваёй дасканаласці ў творчасці Ефрасінні Полацкай (каля 1104–23 мая 1167 г.). Яна займае пачэснае месца сярод першых асветнікаў Беларусі. У дзяцінстве насіла імя Прадслава. Яе дзедам быў полацкі князь Усяслаў Чарадзей, бацькам – яго малодшы сын Святаслаў-Георгій, маці – Софья, дачка Вялікага князя кіеўскага Уладзіміра Манамаха. У 12 гадоў Прадслава адмовілася ад дынастычнага шлюбу. Пайшла ў манастыр пад імем Ефрасінні. Перакладала і перапісвала кнігі. У канцы 20-х гадоў ХІІ ст. заснавала жаночы Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр. Каля 1150 г. па яе ініцыятыве будуецца дойлідам Іаанам Спаская царква. Заснаваныя манастыры сталі асяродкам асветы. Пры іх працавалі вучыльні, дзе выкладалі чытанне, пісьмо, нотную грамату, верагодна, грэчаскую мову. Дзейнічалі бібліятэкі, а таксама майстэрні іконапісныя, ювелірныя, па перапісванню кніг – скрыпторыі. Майстру Лазару Богшу ў 1161 г. яна заказала Узвіжальны крыж, які выкарыстоўваўся ў дзень хрысціянскага свята “Узвіжанне крыжа”. Мужчынскаму манастыру Ефрасіння падаравала ікону Божай маці, прывезеную з Візантыі.

Напрыканцы жыцця Ефрасіння здзейсніла паломніцтва па святым месцам у Іерусалім, дзе і памёрла. У 1187 г. Іерусалім захапілі арабы. Кіеўскіе манахі, пакідаючы горад, забралі мошчы Ефрасінні. Змясцілі іх ў Кіева-Пячэрскай лаўры. У 1910г. цела асветніцы вярнулася ў Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр.

Сваёй асветніцкай і літаратурнай дзейнасцю праславіўся Кірыла Тураўскі (каля 1130–каля 1182 гг.). Ён паходзіў з багатай сям'і Турава. Атрымаў выдатную адукацыю. Затым пастрыгся ў манахі. Павагу сучаснікаў прынёс яму подзвіг «стоўпніцтва», калі Кірыл замураваўся ў манастырскай вежы (стаўпе) і пэўны час жыў ізалявана ад людзей. Каля 1159 г. выбраны тураўскім веча на пасаду епіскапа. Захавалася дзесьці 70 твораў Кірылы Тураўскага розных жанраў: малітвы, павучанні, пропаведзі, прытчы, каноны. Сваім словам заваяваў такі высокі аўтарытэт, што яго называлі Златавустам.

З распаўсюджаннем хрысціянства архітектура(дойлідства) узбагацілася каменнымі будынкамі па візантыйскаму ўзору. Спачатку для работы запрашалі грэчаскіх майстроў. Паступова сфарміраваліся мясцовыя архітектурныя школы ў Полацку і Гродна. Візітоўкай полацкай школы дойлідаў стаў Сафійскі сабор у Полацку першы мураваны (узведзеныў50-я гг. ХІ ст.з каменняў і цэглы, замацаваных растворам) храм Беларусі. Пры яго будаўніцтве ўпершыню выкарысталі плінфу – абпаленую цэглу, шырыня і даўжыня якой значна пераўзыходзіла таўшчыню (каля 4 см.). У аснове Полацкага Сафійскага сабора быў крыжова-купальны храм грэкаў. Але яго венчалі купалы, якія ўваскрашалі стыль усходнеславянскага драўлянага дойлідства.

У канцы XV ст. на тэрыторыі Беларусі склаліся перадумовы дляразвіцця культуры Адраджэння.Адраджэнне (Рэнэсанс) у гістарычным значэнні – эпоха ў развіцці духоўнай культуры Еўропы ў пераходны перыяд ад сярэднявечча да новага часу (ХІV–XVІ стст.), якая характарызавалася ўздымам свецкай навукі і мастацтва, станаўленнем нацыянальнай мовы, літаратуры і нацыянальнай самасвядомасці, гуманістычным светапоглядам.

На Беларусі эпоха Рэнесанса мела свае адметнасці. Галоўнымчынам, гэта праяўлялася ў сутыкненні заходняй і ўсходняйкультурных традыцый, што выпрацавала адносную верацярпімасцьу краіне, а таксама ўзаемаўплыў беларускай, рускай, украінскай,польскай, літоўскай моваў.

Асноўнай ідэйнай плынню эпохі Адраджэння стаў гуманізм (чалавекалюбства), найбольш яскравымі прадстаўнікамі якога на Беларусі былі Ф. Скарына і М. Гусоўскі. Высокага развіцця ў тыячасы дасягнула літаратура на старабеларускай мове – афіцыйнаймове ВКЛ.

Выключнай з'явай з'яўляецца і тое, што пачынальнікамбеларускага, а разам з тым і ўсходнеславянскага кнігадрукаваннястаў палачанін Францыск Скарына (1490 – каля 1551 г.).

Эпоха Адраджэння прывяла да распаўсюджвання на тэрыторыі Беларусі шырокага грамадскага руху Рэфармацыі, які быў накіраваны супраць каталіцкай царквы. Асноўнымі накірункамі гэтага руху былі лютэранства, кальвінізм, антытрынітарызм. Найбольш вядомымі прадстаўнікамі Адраджэння былі Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, традыцыі якіх у эпоху Контррэфармацыі працягвалі К. Карповіч, С. Зізаній, П. Скарга.

У архітэктуры гэтага перыяду ўжываліся нацыянальныя і заходнееўрапейскія традыцыі, якія прынеслі на тэрыторыю Беларусі гатычны, раманскі стылі і стыль барока (з'явіўся на Беларусі з канца ХVI ст.).

У выяўленчым мастацтве найбольш важная роля належыларэлігійнаму мастацтву: іканапісі, фрэскам, скульптуры. З ХV ст.з'яўляюцца творы свецкага жывапісу ў жанры партрэта.

 

Кантрольныя пытанні і заданні для самападрыхтоўкі студэнтаў:

1. На якія перыяды падзяляецца старажытнае грамадства Беларусі?

2. Назавіце асаблівасці грамадска-палітычнага ладу Тураўскага княства.

3. Назавіце прычыны ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага.

4. Якую палітыку праводзіў вялікі князь Вітаўт?

5. Якое значэнне для культуры ўсходніх славян мела ўвядзенне хрысціянства?

6. Дайце характарыстыку культуры Адраджэння ў Беларусі.

Літаратура:

1. Алексеев, Л. В. Полоцкая земля в ІХ–ХІІІ вв.: Очерки истории Северной Белоруссии / Л. В. Алексеев. – М., 1966.

2. Археалогія Беларусі : энцыклапедыя : у 2 т. / рэдкал.: Т.У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 2011. – Т. 2 : Л–Я.

3. Археалогія Беларусі : энцыклапедыя. У 2 т. Т. 1. А-К / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.] ; склад. Ю. У. Каласоўскі. – Мінск, 2009.

4. Вялікае Княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал.рэд.) [і інш.]. – Мінск, 2005–2006.

5. Гістрыя Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: М. Касцюк (гал. рэд.) [і інш.].– Т. 1 : Старажытная Беларусь: Ад першапачатковага засялення да сярэдзіны ХІІІ ст. – Мінск, 2000.

6. Дзмітрачкоў, П. Ф. Беларусь у складзе Вялікага княства Літоўскага (другая палова XIII – першая палова XVII ст.). – Магілёў, 2003.

7. Ермаловіч, М. Беларуская дзяржава Валікае Княства Літоўскае / М. Ермаловіч. – Мінск, 2003.

8. Загарульскі, Э. М. Заходняя Русь: ІХ–ХІІІ стст. / Э. М. Загарульскі. – Мінск, 1998.

9. Рэлігія і царква на Беларусі: энцыклапед. даведнік. – Мінск, 2001.

10. Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г: Тэкст. Даведнік. Каментарыі. – Мінск, 1989.

11. Францыск Скарына і яго час. Энцыклапедычны даведнік. – Мінск, 1988.

12. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1993–2003.

 


<== previous lecture | next lecture ==>
Перыядызацыя айчыннай гісторыі. | Утварэнне Рэчы Паспалітай
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 1.269 s.