Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Утварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі.


Date: 2015-10-07; view: 720.


Перамога Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. дала новы штуршок беларускаму нацыянальнаму руху. Пачынаючы з вясны 1917 г., у Беларусі ўтвараліся беларускія нацыянальныя партыі і арганізацыі. З мэтай аб'яднання гэтых сіл у сакавіку 1917 г. у Мінску адбыўся першы з'езд беларускіх нацыянальных арганізацый. З'езд прыняў дэкларацыю ў падтрымку Часовага ўрада, выказаўся за культурна-нацыянальную аўтаномію Беларусі ў складзе Расійскай дэмакратычнай рэспублікі.

На з'ездзе быў абраны Беларускі нацыянальны камітэт(БНК) на чале з буйным землеўладальнікам Мінскай губерні, дэпутатам І Дзяржаўнай думы, Раманам Скірмунтам. Дэлегацыя БНК накіравалася ў Петрагарад, каб падаць Часоваму ураду прапановы наконт аўтаноміі Беларусі. Аднак старшыня Часовага урада кн. Львоў і іншыя міністры, якія не лічылі беларусаў асобным народам, адмовіліся весці перамовы на гэту тэму.

У ліпені 1917 г. ў Мінску быў праведзены другі з'езд беларускіх нацыянальных арганізацый і партый, на якім замест БНК была абрана Цэнтральная рада беларускіх арганізацый (ЦРБА). Яна паставіла перад Часовым урадам пытанне аб утварэнні ў Беларусі органаў мясцовай (беларускай краёвай) улады, якая павінна была выбірацца на Усебеларускім з'ездзе. ЦРБА выступала таксама за развіццё беларускай мовы і нацыянальнай культуры, а таксама арганізацыі беларускіх нацыянальных вайсковых фарміраванняў. Аднак гэтыя прапановы Часовы ўрад адхіліў.

У кастрычніку 1917 г. Цэнтральная рада беларускіх арганізацый была пераўтворана ў Вялікую беларускую раду(ВБР). Галоўная задача, якую паставіла перад сабой ВБР, заключалася ў скліканні Ўсебеларускага з'езда для канчатковага вырашэння пытання аб беларускай дзяржаўнасці.

Пасля прыходу да ўлады ў Пецярбургу бальшавікоў (25 кастрычніка 1917 г.) на працягу кастрычніка – лістапада савецкая ўлада была ўстаноўлена на ўсёй свабоднай ад немцаў тэрыторыі Беларусі. 27 лістапада ў Мінску быў ўтвараны Абласны выканаўчы камітэт Заходняй вобласці і фронту(Абылвыканкамзах). Яго старшынёй быў абраны бальшавік М. Рагазінскі. Для кіравання вобласцю і фронтам быў створаны абласны Савет Народных Камісараў (СНК) на чале з бальшавіком К. Ландарам. Яны адкрыта выступілі супраць беларускага нацыянальнага дзяржаўнага самавызначэння, прытрымліваючыся ідэі стварэння ўнітарнай савецкай дзяржавы. У сувязі з гэтым, прызнаючы ўладу Саветаў ў Расіі, Вялікая беларуская рада не прызнавала ўладу Абылвыканкамзаха на тэрыторыі Беларусі, разглядаючы яго выключна як франтавы орган ўлады.

З мэтай стварэння прызнанай дэмакратычнай улады Беларусі Вялікая беларуская рада разам з Беларускім абласным камітэтам (БАК), які складаўся з дэлегатаў ад беларускіх губерняў на Усерасійскіх з'ездах сялянскіх дэпутатаў, членаў Устаноўчага сходу, прадстаўнікоў арміі і флоту, а таксама Беларускім нацыянальным камісарыятам (Белнацкомам) на чале з Аляксандрам Чарвяковым, склікалі Усебеларускі з'езд (кангрэс), які адкрыўся 5 снежня 1917 г. у Мінску.

Асноўная барацьба на з'ездзе разгарнулася вакол пытання аб формах самавызначэння Беларусі. Прыхільнікі Вялікай беларускай рады, якія прадстаўлялі нацыянальна-дэмакратычны напрамак у беларускім нацыянальным руху, выступалі за ўстанаўленне ў Беларусі нацыянальнай улады, абяшчэння Беларусі раўнапраўнай рэспублікай у складзе агульнарасійскай федерацыі, у якой улада павінна належыць краёвай Радзе, выбранай на аснове ўсеагульнага роўнага, прамога і тайнага галасавання.

Дэлегаты сацыялістычнага напрамку, якія прадстаўлялі БАК і Белнацкам, выступалі за абласную аўтаномію Беларусі ў складзе Расійскай Савецкай Федэратыўнай Сацыялістычнай Рэспублікі (РСФСР). Так як з'езд не прызнаў савецкую ўладу на тэрыторыі Беларусі, рашэннем СНК Заходняй вобласці і фронту (які адмоўна ставіўся да пытання аб дзяржаўнасці Беларусі) з'езд быў распушчаны, а ў ноч з 17 на 18 снежня былі праведзены арышты некаторых членаў прэзідыума і шэрагу дэлегатаў.

18 лютага 1918 г. германскае камандаванне аддало загад сваім войскам пачаць наступленне, што рэзка абвастрыла сітуацыю на Заходнім фронце. Пад пагрозай захопа Мінска нямецкімі войскамі кіраўніцтва Аблвыкамзаха і СНК Заходняй вобласці, штаб Заходняга фронтуў ноч на 19 лютага вымушаны былі спешна эвакуіравацца ў Смаленск.

У гэтых умовах Выканаўчы камітэт (Выканкам) Рады Усебеларускага з'езда зрабіў спробу ўзяць уладу ў свае рукі. 21 лютага 1918 г.ён звярнуўся да беларускага народа з 1-й Устаўной граматай, у якой заявіў аб неад'емным праве беларускага народа на поўнае самавызначэнне, а сябе абвясціў часовай уладай на тэрыторыі Беларусі і абавязаўся склікаць Усебеларускі ўстаноўчы з'езд. У якасці часовага выканаўча-распараджальнага органа з прадстаўнікоў сацыялістычных партый (БСГ, сацыялістаў-рэвалюцыянераў і інш.) быў сфарміраваны Народны сакратарыят Беларусі на чале з Я. Варонкам.Аднак ва ўмовах нямецкай акупацыі рэальнай улады Народны Сакратарыят не атрымаў і працягваў сваё існаванне толькі фармальна. У той жа дзень у Мінск увайшлі германскія войскі.

3 сакавіка 1918 г. у Брэсце быў заключаны мір паміж бальшавікамі і Германіяй. Інтарэсы Беларусі не былі прыняты пад увагу ніводным з бакоў. Па патрабаванню савецкай дэлегацыі, немцы ўзялі на сябе абавязак не прызнаваць новыя дзяржаўныя ўтварэнні на тэрыторыі былой Расійскай імперыі.

9 сакавіка 1918 г. на пашыранам пасяджэнні выканкама Усебеларускага з'езда была прынята 2-я Устаўная грамата, ў якой Беларусь была абвешчана Народнай Рэспублікай (БНР). Выканкам быў перайменаваны ў Раду БНР, прэзідыум якой узначаліў прадстаўнік БСГ І. Серада. На тэрыторыі рэспублікі Устаўной граматай дэклараваліся дэмакратычныя правы і свабоды, пацвярждалася адмена прыватнай уласнасці на зямлю, якая бясплатна перадавалася тым, хто яе апрацоўваў, устанаўліваўся 8-гадзінны рабочы дзень.

25 сакавіка 1918 г.была прынята 3-я Устаўная грамата, якой абвяшчалася незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі і вызначалася тэрыторыя рэспублікі. У склад БНР былі ўключаны Магілёўская, Мінская, Віцебская губерні, а таксама беларускія часткі Віленскай, Гродзенскай, Смаленскай, Чарнігаўскай і іншых губерняў.

Але Германія не прызнавала БНР. Не дапамагла тэлеграма Рады БНР германскаму імператару Вільгельму II, у якой выказвалася ўдзячнасць за вызваленне Беларусі ад бальшавіцкага прыгнёту і анархіі. Ініцыятыва пасылкі тэлеграмы зыходзіла ад Р. Скірмунта. На гэты шлях Раду падштурхоўваў прыклад Літвы, Украіны і Польшчы. Тэлеграма выклікала хвалю пратэсту ў палітычных партыях і ў розных слаях насельніцтва. Палітычны крызіс напаткаў таксама і саму Раду, што прывяло да расколу БСГ. Пасля лістападаўскай рэвалюцыі 1918 г. у Германіі Расія дэнансавала Брэсцкі мірны дагавор і рушыла Чырвоную Армію на Захад. 10 снежня 1918 г. Чырвоная Армія ўвайшла ў Мінск. Большасць членаў Рады і ўрада БНР пакінулі сталіцу.

У пачатку свайго ўтварэння БНР не знайшла падтрымкі шырокіх народных мас. Прычын таму многа. Яна была створана ў вельмі неспрыяльных умовах і існавала пад акупацыяй. Акупацыйны рэжым быў супраць нацыянальных імкненняў, нацыянальных органаў улады абвешчанай дзяржавы. І народам ён успрымаўся як варожы. У БНР адсутнічалі асобныя прыкметы дзяржаўнасці: ні суверэннай тэрыторыі (акупаваная немцамі), ні канстытуцыі, ні апарата прымусу, ні манаполіі на збор падаткаў, ні мясцовых органаў улады, ні судовай сістэмы. БНР так і не здолела стаць сапраўднай дзяржавай. У той жа час існаваў інстытут грамадзянства, дзяржаўная пячатка і сімволіка, сістэма адукацыі, выдаваліся паштовыя маркі. Былі абвешчаны межы тэрыторый, на якіх прадугледжвалася распаўсюдзіць суверэнітэт. Рабіліся спробы стварэння ўзброеных сіл.

Абвяшчэнне БНР з'явілася першай спробай рэалізацыі на практыцы беларускай ідэі, што ўзнікла яшчэ ў пачатку XIX ст., сукупнасці ўсіх трох яе асноватворных элементаў – нацыянальнай свядомасці, нацыянальна-культурнага адраджэння і нацыянальнай дзяржаўнасці. Гэта сведчанне таго, што беларускі нацыянальны рух у той час набыў такую моц і размах, што аказаўся здольным паспрабаваць здзейсніць жаданую ідэю. Гэта была першая спроба адрадзіць нацыянальную дзяржаўнасць на беларускай зямлі.

 

2. Стварэнне беларускай савецкай дзяржаўнасці.

Адразу пасля роспуску Усебеларускага з'езда пачалася падрыхтоўчая работа па стварэнню Беларускай савецкай рэспублікі. Ініцыятыву праявіў Беларускі нацыянальны камісарыят (Белнацкам) які быў створаны31 студзеня 1918 г. пры Народным камісарыяце па справх нацыянальнасцей РСФСР. Кіраўнікі і супрацоўнікіБелнацкама (А. Чарвякоў, З. Жылуновіч, I. Пятровіч, Б. Тарашкевіч і інш.) выступалі за стварэнне нацыянальнай дзяржаўнасці ў яе савецкім варыянце і развіццё беларускай культуры. У гэтым Белнацкам падтрымлівалі члены беларускіх секцый РКП(б), якія існавалі ў 1918 г. ў розных гарадах Расіі (Петраград, Масква, Саратаў, Тамбоў, Казань і інш.) і на Беларусі. 21-23 снежня 1918 г. у Маскве адбылася канферэнцыя беларускіх секцый РКП(б), на якой было прынята рашэнне аб неабходнасці стварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Аднак Аблвыканкамзах адхіліў прапанову Белнацкама, даўшы вобласці назву “Заходняя камуна”.

У снежні1918 г. ЦК РКП(б) прыняў рашэнне аб неабходнасці абвяшчэння незалежнай і суверэннай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі.Беларусь (ССРБ).30-31 снежня 1918 г. у Смаленску адбылася VI Паўночна-Заходняя абласная канферэнцыя РКП(б), якая аб'явіла сябе Першым з'ездам Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі. Таксама на з'ездзе было прынято рашэнне аб тым, каб абвясціць ССРБ, вызначыўшы яе граніцы ў складзе Мінскай, Смаленскай, Магілёўскай, Віцебскай і Гродзенскай губерняў, а таксама асобных раёнаў Віленскай, Ковенскай, Сувалкаўскай і Чарнігаўскай губерняў. 1 студзеня 1919 г.Часовы рабоча-сялянскі ўрад па радыё абнародаваў Маніфест,які абвясціў абутварэнні ССРБ. 5 студзеня 1919 г. урад Савецкай Беларусі пераехаў са Смаленска ў Мінск, які стаў сталіцай ССРБ.

Аднак для ажыцяўлення беларускім народам свайго права на самавызначэнне палітычная і эканамічная сітуацыя была надзвычай неспрыяльнай. 16 студзеня 1919 г. ЦК РКП(б) па ініцыятыве У. І. Ленінапрыняў рашэнне аб выдзяленні з ССРБ Смаленскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў і ўключэння іх у склад РСФСР. Мінскай і Гродзенскай губерням было прапанавана аб'яднацца з Літоўскай Савецкай Рэспублікай. Гэта рашэнне было выклікана неабходнасцю ўтварэння буфернай дзяржавы паміж РСФСР і Польшчай, кіраўнікі якой пачалі ўзмоцненую падрыхтоўку да вайны з Савецкай Расіяй з мэтай аднаўлення Рэчы Паспалітай ў межах 1772 года.

2-3 лютага 1919 г. у Мінску адбыўся I Усебеларускі з'езд Саветаў рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў, які адобрыў утварэнне ССРБ, зацвердзіў першую Канстытуцыю Савецкай Беларусі (1-я Канстытуцыя), герб і сцяг рэспублікі, прыняў рашэнне аб устанаўленні федэратыўных сувязей з РСФСР і пастанову аб аб'яднанні савецкіх сацыялістычных рэспублік Беларусі і Літвы ў адзіную дзяржаву.27 лютага 1919 г. у Вільні адбылося аб'яднанае пасяджэнне ЦВК Літоўскай і Беларускай Савецкіх Рэспублік, на якім было прынято рашэнне аб стварэнні Літоўска-БеларускайСавецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (ЛітБел ССР) са сталіцай ў Вільні. Яна была ўтворана як буферная дзяржава, тэрыторяя якой выкарыстоўвалася для адмежавання РСФСР ад Польшчы. Аб'яднаны ЦВК ЛітБел ССР узначаліў К.Г. Цыхоўскі, а Рабочы-Сялянскі ўрад. – В.С. Міцкявічус-Капсукас. У склад ЛітБел ССР увайшлі тэрыторыі Мінскай, Гродзенскай, Віленскай, Ковенскай і частка Сувалкаўскай губерняў з насельніцтвам каля 6 млн. чалавек.

У лістападзе 1918 г. была створана незалежная польская дзяржава, якая абапіралася на ідэю адраджэння Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Па сутнасці гэта азначала вайну з Савецкай Расіяй, да якой польскае кіраўніцтва пры фінансавай падтрымцы буйнейшых заходніх краін было падрыхтавана. У снежні 1918 г. Пачалася Польска-савецкая вайна 1919-1920гг. Польшча перайшла ў наступленне на беларускія і ўкраінскія землі. Да сакавіка 1919 г. польскія войскі акупіравалі шэраг беларускіх гарадоў. Урад ЛітБел, які праводзіў жорсткую палітыку ваеннага камунізму (харчразвёрстка, палітычныя рэпрэсіі, адмова ад перадачы зямлі непасрэдна сялянам), не здолеў арганізаваць абарону. У жніўні 1919 г. быў захоплены Мінск. Восенню фронт усталяваўся на р. Беразіна.

На занятых тэрыторыях польскія акупанты праводзілі надзвычай жорсткую палітыку. Летам Чырвоная Армія пачала контрнаступленне, і да жніўня 1920 г. ўся тэрыторыя Беларусі была занята савецкімі вайскамі. ЛітБел перастала існаваць.

31 ліпеня 1920 г. у Мінску была прынята Дэкларацыя, якая абвяшчала незалежнасць Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь. У выніку адбылося другое абвяшчэнне рэспублікі на тэрыторыі Беларусі. У жніўні 1920 г. польская армія здолела перайсці ў наступленне пад Варшавай і зноў заняць значную частку Беларусі. У кастрычніку 1920г. у Рызе быў падпісаны дагавор з Польшчай аб перамір'і.

18 сакавіка 1921 г.паміж Савецкай Расіяй, Украінай і Польшчай быў падпісаны Рыжскі мірны дагавор, паводле якога Польшча атрымала заходнюю частку Беларусі з больш чым 4-мільённым насельніцтвам. Усходняя частка Беларусі апынулася ў складзе Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь і Расійскай Савецкай Федэратыўнай Сацыялістычнай Рэспублікі.


<== previous lecture | next lecture ==>
Культура Беларусі ХІХ – пачатку ХХ ст. | Грамадска-палітычнае жыццё БССР.
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.215 s.