Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Грамадска-палітычнае жыццё БССР.


Date: 2015-10-07; view: 950.


Удзел БССР ва ўтварэннi СССР.Яшчэ ў гады грамадзянскай вайны было заключана пагадненне – дагавор аб ваенна-палітычным саюзе савецкіх рэспублік ад 1 чэрвеня 1919 г.Пасля заканчэння вайны паўстала пытанне аб новых формах аб'яднаня савецкіх рэспублік у адну дзяржаву. І. В. Сталін выступіў з ідэяй аўтанамізацыі, паводле якой усе савецкія рэспублікі павінны былі абвясціць сябе састаўнымі часткамі РСФСР і ўвайсці ў яе склад на правах культурна-нацыянальных аўтаномій. У.І. Ленін прапанаваў ідэю федэрацыі, у адпаведнасці з якой усе савецкія рэспублікі аб'ядноўваюцца на раўнапраўнай аснове.

14-18 снежня 1922 года адбыўся IV Усебеларускі з'езд Саветаў, які выказаўся за аб'яднанне савецкіх рэспублік у адзіную саюзную дзяржаву. Для ўдзелу ў I з'езде Саветаў Саюза ССР дэлегаты Усебеларускага з'езда выбралі дэлегацыю на чале са Старшынёй ЦВК і СНК ССРБ А.Р. Чарвяковым. 30 снежня 1922 г. у Маскве адкрыўся I з'езд Саветаў Саюза ССР, на якім была прынята Дэкларацыя і Дагавор абутварэнні Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР) у складзе РСФСР, УССР, БССР і ЗСФСР. Ад БССР у абраны з'ездам Цэнтральны выканаўчы камітэт СССР увайшло 7 прадстаўнікоў, а А.Р. Чарвякоў стаў адным з старшынь ЦВК СССР. Пасля стварэння СССР за беларускай дзяржавай замацавалася назва БССР.

Узбуйненнi тэрыторыi БССР.У сакавіку 1924 г. па прапановах і хадайніцтвах беларускага кіраўніцтва Прэзідыум ЦВК СССР прыняў рашэнне аб вяртанні Беларускай ССР 16 паветаў Віцебскай, Смаленскай і Гомельскай губерняў. У снежні 1926 г. вернуты яшчэ два паветы: Гомельскі і Рэчыцкі.У 1927 г. тэрыторыя БССР склала 125 950 км2 з насельніцтвам каля 5 млн чалавек.

У красавіку 1927 г.была прынята Канстытуцыя БССР (2-я Канстытуцыя), у якой былі замацаваны змены ў адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле рэспублікі ў выніку ўзбуйнення яе тэрыторыі, зацверджаны Дзяржаўныя герб і сцяг БССР. Такім чынам, у межах рэспублікі склаўся адзіны ў эканамічных, культурна-бытавых і нацыянальных адносінах раён, што садзейнічала эканамічнаму і культурнаму развіццюбеларускай нацыі.

У міжваенны перыяд (1920-1930-я гг.) грамадска-палітычнае жыццё ў рэспубліцы, як і ва ўсёй Савецкай краіне ў цэлым, было супярэчлівым, цесна звязаным з сацыяльна-эканамічнымі працэсамі, якія адбываліся ў тыя гады: працоўны энтузіазм спалучаўся са страхам перад беззаконнем; імкненне будаваць сацыялізм і нястачы; звяртанне да народа і рост бюракратызму; ліквідацыя ўласніка ўвогуле; стварэнне глыбока ідэалагізаванага грамадства.

Ва ўмовах новай эканамічнайпалітыкі (нэпа) (да канца 1920-х гадоў) у рэспубліцы назіраўся грамадска-палітычны пад'ём:

1) паўсюдна адзначаўся яркі аптымізм у поспеху сацыялістычнага будаўніцтва;

2) пашырылася кампетэнцыя Саветаў як органаў улады, актыўна ўцягваліся працоўныя ў працу мясцовых Саветаў;

3) палітычная амністыя 1923 года.

У цэлым у сярэдзіне 1920-х гадоў у грамадска-палітычным жыцці існавалі і змагаліся дзве тэндэнцыі – курс на дэмакратызацыю ва ўмовах НЭПу і прадаўжэнне курсу палітыкі ваеннага камунізму, тэндэнцыя манапалізацыі КПБ усяго палітычнага жыцця.

У 1930-я гады паступова ўстанаўлівалася атмасфера ўсеагульнай падазронасці, адвольнае тлумачэнне законаў, паўсюдна з'яўляліся “ворагі”. Адбывалася метадычная і масіраваная апрацоўка грамадства, накіраваная на тое, каб выхаваць паслухмяных выканаўцаў, укараніць думку аб бязгрэшнасці і беспамылковасці вышэйшага кіраўніцтва краіны. У грамадстве былі створаны ўмовы, калі груба ігнараваліся правы чалавека. Асноўнай прыкметайграмадска-палітычнага жыцця ў 1930-я гады з'ўлялася існаванне аднапартыйнай палітычнай сістэмы, кантроль з боку КП(б)Б над грамадскім жыццём. У СССР усталяваўся культ асобы I.В. Сталіна, панавала сталінская тэорыя аб узмацненні класавай барацьбы па меры руху грамадства да сацыялізму, ужыванне палітычных рэпрэсій.

Змены ў розных формах жыцця савецкага грамадства былі замацаваны ў новых Канстытуцыях СССР (1936 г.) і БССР (1937 г.3-й Канстытуцыі). У Канстытуцыі БССР намеціўся пераход да падзелу ўлады на заканадаўчую, выканаўчую і судовую. Вярхоўным органам улады ўпершыню абвяшчаўся Вярхоўны Савет БССР. Абвяшчаліся правы і свабоды грамадзян: права на працу, адпачынак, адукацыю, свабоду слова, друку, сходаў, мітынгаў; устанаўлівалісь абавязкі грамадзян: выконваць законы, абараняць краіну і г.д. Выбары дэпутатаў ва ўсе Саветы (Вярхоўны, акруговыя, раённыя) павінны былі здзяйсняцца на аснове ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні.

Але ў рэальным жыцці большасць канстытуцыйных нормаў заставалася толькі на паперы. Сталінскае разуменне сацыялізму разыходзілася з марксісцкім. Яго мэтай было нарошчванне магутнасці дзяржавы за кошт ушчамлення інтарэсаў большасці грамадзян, а не стварэнне эканамічных, палітычных і культурных перадумоў для свабоднага развіцця кожнага члена грамадства.

 

4. Шляхі і метады будаўніцтва індустрыяльнага грамадства ў савецкай Беларусі

Палітыка індустраялізацыі. На пачатку 20-х гадоў ХХ ст. кампартыя ўзяла курс на стварэнне матэрыяльна-тэхнiчнай базы сацыялiзму, пераўтварэнне СССР у эканамiчна-незалежную дзяржаву з магутным эканомiка-вытворчым, навукова-тэхнiчным i абарончым патэнцыялам. Сутнасць iндустрыалiзацii заключалася ў наступным: пераўтварыць СССР з краiны, якая ўвозiць машыны i абсталяванне, у краiну, якая выпускае машыны i абсталяванне. Дзеля таго аб'яўлялася пераважным развiццё цяжкай iндустрыi, г.зн. вытворчасці станкоў, машын, абсталявання.

На Беларусi мелiся iсвае асаблiвасцi, i свае цяжкасцi правядзення індустрыялізацыі. Яны былі абумоўлены: геапалiтычным становiшчам нашых зямель ў мiжваенны перыяд (прыгранічны рэгіён, адсюль немэтазгоднасць развiцця цяжкай прамысловасцi прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу); адсутнасцю разведаных радовiшчаў карысных выкапняў; арыентацыяй прамысловасцi на мясцовую сыравiну – першачарговым развiццём лёгкай i харчовай прамысловасцi.

З улiкам гэтых асаблiвасцей у Беларусi быў ўзяты курс на неабходнае i хуткае развiццё галiн, якiя базiравалiся на перапрацоўцы мясцовай сыравiны: керамiчнай, шклянай, запалкавай, дрэваапрацоўчай, iльнопрадзiльнай, папяровай, гарбарнай, харчовай iiнш.

Асноўнай крынiцай правядзення індустрыялізацыі з'яўлялася сама прамысловасць праз скарачэнне выдаткаў, знiжэнне сабекошту прадукцыi, шырокай нацыяналiзацыi прамысловасцi, ўмацаванне дысцыплiны за кошт эканомiii павышэння рэнтабiльнасцi вытворчасцi. Важнай крынiцай атрымання сродкаў з'явiлiся таксама зберажэннi працоўных, падпiска на дзяржаўныя пазыкi.

У выніку правядзення індустрыялізацыі ў БССР у 1930-я гг. было пабудавана і рэканструявана каля 2 тыс. прамысловых прадпрыемстваў. Сярод найбольш буйных пабудаваных у гэты час, можна адзначыць такія, як швейная фабрыка “Сцяг індустрыялізацыі” і панчошна-трыкатажная фабрыка “КІМ” у Віцебску, Магілёўская фабрыка штучнага валакна, Бабруйскі і Гомельскі дрэваапрацоўчыя камбінаты, Гомсельмаш, Аршанскі ільнокамбінат, шэраг цеплавых і гідраэлектрастанцый.

Новая індустрыя вызначыла спецыялізацыю прамысловасці БССР у агульнасаюзным падзеле працы. Тут выраблялася ў асноўным фанера, запалакі, панчошна-трыкатажныя вырабы, торф, металарэзныя станкі. У структуры прамысловасці сталі пераважаць буйныя прадпрыемствы. Амаль усе дробныя прыватныя прадпрыемствы зачыніліся ў выніку непасільных падаткаў і адміністрацыйнага ціску, а таксама паскарэння працэсу ўрбанізацыі – перасялення насельніцтва з вёскі ў горад. Такія гарады, як Мінск, Віцебск, Магілёў, Гомель пераўтварыліся ў буйныя індустрыяльныя цэнтры.

У ходзе правядзення індустрыялізацыі была сфарміравана камандна-адміністрацыйная сістэма кіравання эканомікай. Асноўнымі рысамі дадзенай сістэмы з'яўляюцца: манапольная дзяржаўная ўласнасць на сродкі вытворчасці і вынікі працы; цэнтралізаванае размеркаванне ўсіх відаў рэсурсаў і прадукцыі; дырэктыўнае планаванне ўсіх відаў вытворчасці; іерархічная вертыкальная структура кіравання эканомікай; наяўнасць шматлікага бюракратычнага апарату, які распараджаўся дзяржаўнай уласнасцю і кадрамі; шырокае выкарыстанне прымусовых форм працы.

Метады правядзення індустрыялізацыі прывялі да пагаршэння матэрыяльнага становішча працоўных. Выкарыстанне “стаханаўскай сістэмы”, фактычнае павелічэнне працоўнага дня, а таксама рост цэн і інфляцыя, садзейнічалі паніжэнню рэальнай заработнай платы прамысловых рабочых. У 1928-1935 гг. дзейнічала картачная сістэма на асноўныя тавары спажывання. Хуткая урбанізацыя абумовіла вострую жыллёвую праблему.

Бюракратычная сістэма кіравання прадугледжвала рэпрэсіўныя санкцыі ў дачыненні кіраўнікоў прадпрыемстваў, інжынерна-тэхнічнага персаналу і рабочых за невыкананне планаў, фабрыкаванне карнымі органамі “спраў” т.зв. “шкоднікаў” і “ворагаў народа”. Так, атрымалі шырокае распаўсюджанне судовыя працэсы над “шкоднікамі”, яны былі “знойдзены” ў Віцебскім чыгуначным дэпо, на фабрыцы “Сцяг індустрыялізацыі”, Гомельскім вагонарамонтным заводзе.

Да пачатку 1940-х гг. стала больш жорсткім працоўнае заканадаўства. У 1940 г. быў уведзены сямідзённы працоўны тыдзень. Адначасова забаранялася самавольна пакідаць прадпрыемствы і ўстановы; устанаўлівалася крымінальная адказнасць за спазненні на працу і парушэнні працоўнай дысцыпліны.

Такім чынам, на працягу 1930-х гг. у БССР адбывалася правядзенне паскоранай індустрыялізацыі, як і ў цэлым у СССР. У выніку яе БССР ператварылася ў індустрыяльна-аграрную рэспубліку; значна ўзрос аб'ём вытворчасці ў буйной прамысловасці. Была сфарміравана камандна-адміністрацыйная сістэма кіравання эканомікай. Разам з тым большая частка насельніцтва заставалася працаваць у сельскай гаспадарцы. Узровень развіцця прамысловай вытворчасці заставаўся значна ніжэйшым, чым у большасці еўрапейскіх краін. Захоўвалася адставанне ў эканамічным развіцці БССР ад прамыслова развітых рэгіёнаў СССР.

Палітыка калектывізацыі. Савецкія дзяржава ажыццяўляла правядзенне паскоранай індустрыялізацыі пераважна за кошт рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі на знешніх рынках. У часы нэпа арганізоўваліся масавыя закупкі збожжа ў сялянства. Аднак хутка ўзніклі цяжкасці, прычынамі якіх з'яўляліся беднасць большасці сялянскіх гаспадарак і заніжаныя закупачныя цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю. Напрыканцы 1920-х гг., калі адбывалася згортванне нэпа, было прынята рашэнне аб правядзенні калектывізацыі сельскай гаспадаркі. Сутнасць яе заключалася ў ліквідацыі дробных індывідуальных сялянскіх гаспадарак і ўключэнні іх у склад буйных адзяржаўленых калектыўных і дзяржаўных гаспадарак – калгасаў. Стварэнне такіх гаспадарак адпавядала спецыфіцы камандна-адміністрацыйнай сістэмы кіравання эканомікай, якая сцвярджалася ў гэты час і дазваляла ўладам манапольна кантраляваць працэс вытворчасці і рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі.

Непасрэднай перадумовай усеагульнай калектывізацыі стаў хлебанарыхтоўчы крызіс 1927-1928 гг., у выніку якога рэзка знізіўся экспарт збожжа. Рэакцыяй на крызіс з боку ўладаў стала правядзенне надзвычайных мер: гвалтоўная канфіскацыя збожжа ў сялян, крымінальныя пераследаванні ў адносінах да ўкрывальнікаў збожжа.

Пачатак усеагульнай калектывізацыі быў распачаты зімой 1929-30 гг. Асобныя сялянскія гаспадаркі пры іх уключэнні ў калгасы ліквідаваліся; зямля, рабочая жывёла і асноўныя прылады працы пераходзілі ва ўласнасць калгасаў. Фармальна гэта выглядала як аб'яднанне індывідуальных гаспадарак у калектыўныя, фактычна – як дзяржаўная канфіскацыя маёмасці індывідуальных гаспадарак і пераўтварэнне сялян у пазбаўленых уласнасці сельскагаспадарчых рабочых буйных гаспадарак.

Сяляне, якія адмаўляліся ўваходзіць у калгасы, абкладаліся надзвычай высокімі падаткамі; для іх ствараліся неспрыяльныя ўмовы гаспадарання, што прыводзіла да разарэння. Дадзены фактар, а таксама адміністрацыйны націск, небяспека рэпрэсій вымушалі сялян ўваходзіць у калгасы. Паралельна праводзілася т. зв. раскулачванне – прымусовая канфіскацыя маёмасці сялян, якіх улады адносілі да ліку заможных і называлі “кулакамі”. На практыцы да “кулакоў” залічвалі таксама тых сялян, якія супраціўляліся ўступленню ў калгасы. Сем'і раскулачаных сялян вывозілі ў паўночныя раёны Расіі, на Урал, у Казахстан.

Усеагульная калектывізацыя прынесла наступныя вынікі:

- да 1939 г. было створана звыш 10 тыс. калгасаў, у якія было ўключана звыш 90% сялянскіх гаспадарак; у карыстанні калгасаў знаходзілася каля 96% пасяўных плошчаў;

- на працягу 1930-х гг. было раскулачана каля 10-15% сялянскіх гаспадарак; каля 600-700 тыс. чалавек было вывезена за межы БССР;

- былі ўведзены абавязковыя пастаўкі сельскагаспадарчай прадукцыі з боку калгасаў па цэнах, ніжэйшых ў 10-12 разоў за рыначныя, у выніку чаго дзяржава атрымлівала значныя сродкі для паскоранай індустрыялізацыі;

- паскараецца працэс перасялення працоўных з вёскі ў горад; былыя сяляне, якія не жадалі ўваходзіць у калгасы, папаўняюць шэрагі рабочага класа ў прамысловасці;

- некалькі паляпшаецца матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне сельскай гаспадаркі; цэнтрамі канцэнтрацыі новай тэхнікі становяцца дзяржаўныя машынна-трактарныя станцыі (МТС); аднак у цэлым тэхнічны ўзровень сельскай гаспадаркі заставаўся невысокі;

- узровень сельскагаспадарчай вытворчасці ў цэлым заставаўся на ўзроўні да правядзення калектывізацыі, а ў некаторых яе галінах нават назіраецца заняпад (гэта тлумачыцца цяжкім эканамічным становішчам калгасаў, адсутнасцю у калгаснікаў стымулаў да працы).

На працягу 1930-х гг. адбылася уніфікацыя ўнутранай структуры калгасаў. У калгасным карыстанні захоўваліся большая частка калектывізаванай зямельнай плошчы, працоўнай жывёлы, асноўныя прылады працы. У карыстанні індывідуальных гаспадарак калгаснікаў заставаліся сядзібы з невялікімі зямельнымі надзеламі, частка жывёлы, некаторыя прылады працы. Кіраўніцтва калгасаў прызначалася партыйнымі і дзяржаўнымі органамі ўлады і пільна кантралявалася з іх боку. Умовы працы калгаснікаў былі цяжкімі. Аплата працы была нізкай (у сярэднім у 3 разы ніжэй, чым у прамысловасці), у многіх калгасах яна мела натуральны або паўнатуральны характар; адсутнічалі абмежаванні працоўнага дня, аплочваемыя водпускі, сацыяльнае страхаванне, пенсіі для састарэлых. Асноўнай крыніцай для існавання калгаснага насельніцтва з'яўляліся прысядзібныя гаспадаркі, хаця іх прадукцыя таксама ўключалася ў планы абавязковых дзяржаўных паставак.

Цяжкія ўмовы жыцця і працы ў калгасах вымушалі калгаснікаў накіроўвацца на працу ў прамысловасць, на будаўнічыя работы, лесараспрацоўкі. У той жа час улады імкнуліся не дапусціць бескантрольнага перамяшчэння рабочай сілы з вёскі ў гарады. З гэтай мэтай сялянам не выдаваліся пашпарты, што фактычна азначала пазбаўленне іх грамадзянскіх правоў. Выхад з калгасаў былі магчымы толькі паводле спецыяльнага дазволу адпаведных улад.

Такім чынам, у выніку усеагульнай калектывізацыі 1930-х гг, якая ажыцяўлялася прымысовымі метадамі, была ліквідавана маса дробных сялянскіх гаспадарак, на месцы якіх сфарміраваліся буйныя адзяржаўленыя аграрныя гаспадаркі. Сельская гаспадарка была ўключана ў камандна-адміністрацыйную сістэму кіравання эканомікай; яе рэсурсы выкарыстоўваліся пераважна для ажыццяўлення індустрыялізацыі.

5. Станаўленне і развіццё савецкай беларускай культуры

Палітыка беларусізацыі.Лібералізацыя эканомікі суправаджалася адпаведнымі мерапрыемствамі ў галіне нацыянальнай беларускай культуры і адукацыі, якія атрымалі назву беларусізацыі (1924–1929 гг.). Складалася яна з шэрагу мерапрыемстваў, сярод якіх вызначаецца ўвядзенне беларускай мовы як мовы справаводства ва ўсіх партыйных, савецкіх установах і арміі, перавод на беларускую мову выкладання ва ўсіх школах і ВНУ, вывучэнне беларускай гісторыі і культуры, стварэнне кафедраў беларусазнаўства ва ўсіх ВНУ краіны, арганізацыя дзейнасці беларускіх выдавецтваў. Асобным накірункам беларусізацыі становіцца працэс карэнізацыі (вылучэнне на адказную работу ў партыйныя і савецкія органы ўлады прадстаўнікоў карэннай нацыі, г.зн. беларусаў) мясцовых органаў улады і кіравання.

Разам з палітыкай беларусізацыі ў 20-я гг. праводзілася барацьба з непісьменнасцю.У пачатку 30-х гг. колькасць непісьменных сярод дарослага

насельніцтва скарацілася да мінімуму. Адчыняліся новыя школы. У 1929 – 1930 гг. ўсавецкай краіне была ўведзена ўсеагульная пачатковая адукацыя. Прычым дзеці розныхнацыянальнасцей мелі магчымасць вучыцца на роднай мове. Для нацыянальных школрыхтаваліся спецыяльныя педагагічныя кадры. Да 1928 г. ўжо каля 80 % школправодзіла выкладанне на беларускай мове. У 1921 г. пачаў сваю працу Беларускідзяржаўны універсітэт, у 1922 г.Інстытут беларускай культуры (з 1929 г. – Акадэміянавук БССР). Былі таксама створаны політэхнічны, сельскагаспадарчы інстытуты (у1925 г. быў аб'яднаны з інстытутам у Горках у сельскагаспадарчую акадэмію) іветэрынарны інстытут у Віцебску. Усяго ў БССР у гэты перыяд працавала соракнавукова-даследчых устаноў.

З поспехам развівалася тэатральнае і музычнае мастацтва. Працаваў першы Беларускідзяржаўны тэатр (з 1926 г. – БДТ-1), мастацкім кіраўніком якога з 1921 г.з'яўляўся Я. Міровіч. У 1926 г. ў Віцебску адчыніўся БДТ-2. У 1930-я гг. пашыраецца сетка прафесійных драматычных тэатраў. У 1932 г. узнікае трэці Беларускі дзяржаўны тэатр у Гомелі (расфарміраваны ва ўмовах рэпрэсій у 1937-1938 гг.), які ўзначальваў вядомы беларускі тэатральны дзеяч У. Галубок. Рэпертуар тэатральных пастановак падлягаў жорсткай цэнзуры з боку партыйна-дзяржаўных органаў улады.

У Гомелі і Магілёве з'явіліся сімфанічныя аркестры. Значнымі падзеямі ў развіцці музычнага мастацтва з'явілася адкрыццё ў 1932 г.Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, а ў 1933 г.Беларускага тэатра оперы і балета. У 1937 г. у Мінску пачала працаваць Беларуская дзяржаўная філармонія.

Актыўна праходзіла і літаратурнае жыццё. У 20-я гг. існавала некалькі буйных літаратурных аб'яднанняў: “Маладняк” (М. Лынькоў, М. Чарот, П. Трус, П. Галавач і інш.), з якога ў 1926 – 1927 гг. адлучыліся “Узвышша” (А. Бабарэка, П. Глебка, З. Бядуля, М. Лужанін, К. Крапіва і інш.) і “Полымя” (Я. Колас, Я. Купала, М. Зарэцкі, Ц. Гартны, М. Чарот і інш.). У 1928 г. “Маладняк” ператварыўся ў Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў (БелАПП).

У разглядаемы перыяд у БССР з'яўляецца новы від мастацтва – кіно. У 1928 г. у Ленінградзе была створана кінастудыя мастацкіх фільмаў “Савецкая Беларусь”, якая напрыканцы 1930-х гг. была пераведзена ў Мінск. Кінематограф становіцца гукавым, з'яўляецца рэспубліканская кінахроніка і фільмы для дзяцей, экранізуюцца літаратурныя творы. Найбольшае значэнне для гэтага перыяду мелі фільмы Ю. Тарыча і У. Корш-Сабліна.

У жывапісе разглядаемага перыяду стыль “сацыялістычнага рэалізму” праявіўся ў стварэнні карцін, прысвечаных падзеям, звязаным з устанаўленнем бальшавіцкай улады і індустрыяльнаму будаўніцтву савецкага часу. Да ліку найбольш значных мастакоў 1930-х гг. можна залічыць І. Ахрэмчыка, У. Волкава, І. Давідовіча, Я. Зайцава, У. Кудрэвіча і інш.

У архітэктуры ўкараняецца стыль “савецкага класіцызму”, для якога характэрныя пампезнасць і гігантаманія, што павінны былі падкрэсліць непарушнасць існуючага рэжыму. Найбольш вядомымі помнікамі дадзенага стылю з'яўляюцца Дамы ўрада, Чырвонай арміі, Акадэміі навук у Мінску.

У 1930-я гг. ва ўмовах паскоранай мадэрнізацыі грамадства назіраўся працэс развіцця адукацыі, навукі і розных галін культуры. Разам з тым усталяванне таталітарнага рэжыму істотным чынам тармазіла дадзены працэс у выніку правядзення масавых рэпрэсій супраць інтэлігенцыі, а таксама жорсткага дзяржаўнага кантролю ў духоўнай сферы жыцця грамадства.

 

Кантрольныя пытанні і заданні для самападрыхтоўкі студэнтаў:

1. Калі была абвешчана БНР? Назавіце асноўныя ідэі трох Устаўных грамат Выканкама Рады Усебеларускага з'езда.

2. Як адбывалася стварэнне беларускай савецкай дзяржаўнасці?

3. З якой мэтай была створана Літоўска-Беларуская ССР?

4. Чым адрозніваецца “палітыка ваеннага камунізма” ад НЭПа?

5. Як ажыццяўлялася калектывізацыя і індустрыялізацыя ў Беларусі?

6. Пералічыце асноўныя мерапрыемствы палітыкі беларусізацыі.

 

Літаратура:

 

1. Беларусь: страницы истории /редсовет: А.А. Коваленя [и др.]. – Минск, 2011.

2. Бригадин, П.И. История Беларуси в контексте европейской истории: курс лекций. – Минск, 2007.

3. Гісторыя беларускай дзяржаўнасці ў канцы XVIII – пачатку ХХІ ст. : у 2 кн. / М.У. Смяховіч [і інш.] ; рэдкал.: А.А. Каваленя [і інш.]. – Мінск, 2012. – Кн. 2.

4. На шляху станаўлення беларускай нацыі: гістарыяграфічныя здабыткі і праблемы / В. В. Яноўская [і інш.] ; навук. рэд. В. В. Яноўская. – Мінск, 2011.

5. Новик, Е.К., Качалов, И.Л., Новик, Н.Е. История Беларуси: с древнейших времен до 2012 г. : учебное пособие. — 3-е изд., испр. и доп. – Минск, 2012.

6. Очерки истории науки и культуры Беларуси. IX–XX вв. – Минск. 1996.

7. Ходзін, С. М.Гісторыя культуры Беларусі ў 1920–1930-я гг. – Мінск, 2001.

8. Эканамічная гісторыя Беларусі : курс лекцый / В. І. Галубовіч [і інш.]; пад агул. рэд. В. І. Галубовіча. – Мінск, 1993.

 


<== previous lecture | next lecture ==>
Утварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі. | Тэма 5.1. Заходняя Беларусь у складзе Польскай дзяржавы.
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.337 s.