|
ЛітаратураDate: 2015-10-07; view: 983. Змест 1. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў 1950-х – першай палове 80-х гг. 2. Асноўныя рысы грамадска-палітычнага жыцця Беларусі. 3. Здабыткі і негатыўныя з'явы ў развіцці адукацыі, навукі і культуры. Літаратура
Уводзіны. Для 1950-х – першай паловы 80-х гг. былі характэрны дзве асноўныя тэндэнцыі. Першая заключалася ў імкненні да сусветнага панавання дзвюх звышдзяржаў – ЗША і СССР. Другая – гэта імкненне дзяржаў Еўропы да эканамічнай, палітычнай, духоўнай інтэграцыі. Прычым СССР меў уплыў на частку краін Еўропы. БССР з прыгранічнай рэспублікі пераўтварылася ва ўнутраную, што мела істотнае значэнне для яе будучыні ў сэнсе эканамічнага развіцця. З Беларусі ў гэты перыяд ва ўсходнія і іншыя раёны СССР выехала шмат рабочай сілы і высокакваліфікаваных маладых спецыялістаў. У выніку накіраванай уладамі міграцыі ў БССР істотна зменшылася колькасць беларусаў і павялічалася колькасць прадстаўнікоў нацыянальных меншасцей, перш за ўсё рускіх, палякаў, украінцаў, якія адыгрывалі значную ролю ў жыцці рэспублікі. 1. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў 1950-х – першай пал. 80-х гг. Студэнты павінны звярнуць увагу на наступныя пытанні: экстэнсіўныя і інтэнсіўныя фактары развіцця эканомікі БССР у складзе адзінага народнагаспадарчага комплексу СССР; курс на апераджальны рост у рэспубліцы цяжкай прамысловасці; асноўныя тэндэнцыі індустрыяльнага развіцця БССР ва ўмовах разгортвання навукова-тэхнічнай рэвалюцыі; нарастанне экалагічных праблем; чыннікі паступовага запаволення тэмпаў эканамічнага росту і ўзнікненні цяжкасцяў у сацыяльнай сферы. У пасляваенны перыяд, у 1950-я гг., перад гаспадаркай БССР стаялі вялікія задачы, сярод якіх галоўнымі былі павышэнне матэрыяльнага і культурнага ўзроўню жыцця савецкага народа; актыўнае ўключэнне ў навукова-тэхнічную рэвалюцыю; вывад з крызісу сельскай гаспадаркі. На жнівеньскай (1953 г.) сесіі ВС СССР старшыня СМ СССР Г.М. Малянкоў выступіў з абгрунтаваннем эканамічнай палітыкі новага палітычнага кіраўніцтва краіны па сацыяльнай пераарыентацыі народнай гаспадаркі. Адначасова з высокімі тэмпамі развіцця цяжкай прамысловасці трэба было больш хутка развіваць вытворчасць тавараў народнага спажывання; павялічваць капіталаўкладанні ў сельскую гаспадарку; правесці зніжэнне цэн. У верасні 1953 г. была распрацавана сістэма эканамічных і сацыяльных мер па далейшаму развіццю сельскай гаспадаркі, пачалося асваенне цаліны. Аднак замарудзіліся тэмпы росту прадукцыйнасці працы ў традыцыйных сельскагаспадарчых рэгіёнах. Але ж у БССР вырасла ўраджайнасць, павялічылася пагалоўе жывёлы і нарыхтоўка мяса, малака. Тым не менш па шэрагу паказчыкаў заданні не былі выкананы. У прамысловасці за пяцігодку 1951-55 гг. увайшло ў строй 1.010 новых прамысловых прадпрыемстваў, у тым ліку каля 150 буйных (падшыпнікавы завод, камвольны камбінат, гадзіннікавы завод і завод будаўнічых матэрыялаў у Мінску, цукровы завод у Скідзелі, завод швейных машын у Оршы, шоўкаткацкая фабрыка ў Віцебску). Вырасла прадукцыйнасць працы, аб'ём прадукцыі прамысловасці павялічыўся ў Беларусі больш чым у 2 разы пры плане 75-80%. Было пераадолена адставанне лёгкай і харчовай прамысловасці, у 1955 г. выраблена ў 2 разы больш тавараў народнага спажывання, чым у 1950 г. Было лібералізавана працоўнае заканадаўства. Адменены рэпрэсіўныя законы 1938-1940 гг., якія забаранялі звальняцца са сваіх прадпрыемстваў і ўстаноў, абмяжоўвалі правы працыючых. У 1956-1960 гг. паскорана развіваліся лёгкая, харчовая, дрэваапрацоўчая галіны прамысловасці, якія выпускалі тавары народнага спажывання; далей развівалася энергетыка, машынабудаванне, хімічная, радыётэхнічная вытворчасці. Былі ўведзены буйныя прадпрыемствы – Васілевічская ДРЭС, аўтамабільны завод у Жодзіне, першы калійны камбінат у Салігорску, нафтаперапрацоўчы завод у Полацку, суперфасфатны завод у Гомелі. Пашыралася ўкараненне элементаў НТР (навукова-тэхнічнага прагрэсу) у розных галінах прамысловасці. 10 мая 1957 г. Вярхоўны Савет СССР прыняў Закон аб ліквідацыі агульнасаюзных прамысловых міністэрстваў. Замест міністэрстваў ствараліся саўнаргасы – саветы народнай гаспадаркі ў рамках буйных адміністрацыйных раёнаў. У межах БССР быў створаны адзін саўнаргас. У выніку рэформы аблегчылася развіццё мясцовай і лёгкай прамысловасці, але ўскладнілася развіцце цяжкай. Сельская гаспадарка Беларусі з сярэдзіны 50-х гг. упершыню пасля вайны стала рэнтабельнай. У калгасах сталі стварацца грашовыя і прадуктовыя фонды для гарантавання рэгулярнай аплаты працы. З 1956 г. калгаснікі пачалі кожны месяц атрымліваць грашовыя авансы на працадні. У 1958 г. былі ліквідаваны МТС, тэхніка была прададзена калгасам. 50-я гг. былі паспяховымі для эканомікі нашай рэспублікі. Тэмпы эканамічнага росту былі высокімі. Дасягнута гэта за кошт прыросту рэсурсаў і за кошт лепшага іх выкарыстання. Прадукцыйнасць працы за дзесяцігоддзе ўзрасла на 62%. Тэмпы прыросту нацыянальнага даходу склалі каля 10% у год за кошт цяжкай індустрыі разам з галінамі, якія выпускалі тавары народнага спажывання, сельскай гаспадаркі, жыллёвага будаўніцтва. Першая палова 60-х гг. характэрызуецца пагаршэннем эканамічнай сітуацыі ў прамысловасці краіны. Залішняя цэнтралізаванасць кіраваннем эканомікі, крызісны стан у сельскай гаспадарцы СССР, нізкая адукаванасць кіраўніцтва ў пытаннях эканамічнага развіцця, змены ў сусветных цэнах на сыравіну, паліўна-энергетычныя рэсурсы – усё гэта паўплывала на стан народнай гаспадаркі. Пад час сямігодкі (1959-1965 гг.) хуткае развіццё павінна была атрымаць хімічная прамысловасць (асабліва вытворчасці мінеральных угнаенняў). Быў уведзены першы Салігорскі калійны камбінат, будаваліся другі і трэці камбінаты, азотна-тукавы завод у Гродна, суперфасфатны ў Гомелі. Пабудаваны комплекс Светлагорскага завода штучнага валакна, Магілёўскі камбінат па вытворчасці лаўсану, Наваполацкі нафтаперапрацоўчы завод, Пінскі завод штучнай скуры, Лідскі завод па вытворчасці лакаў і фарбаў. Адбылося павелічэнне ў паліўным балансе долі нафты і прыроднага газу. Спрыяла гэтаму адкрыццё Рэчыцкага радовішча нафты і пачатак у 1964 г. прамысловай здабычы нафты ў БССР. Пачалася газіфікацыя кватэр у гарадах і на вёсцы. Напрыканцы сямігодкі адбылася змена кіраўніцтва краіны. Старшынёй СМ СССР быў прызначаны А.М.Касыгін. Апошні пачаў рэфармаванне гаспадаркі (1965 г.). Удасканальвалася сістэма планавання ў прамысловасці, скарачаліся планавыя паказчыкі. Асноўным зараз лічыўся аб'ём рэалізаванай прадукцыі, а не аб'ём валавай прадукцыі. Уводзіўся гаспадарчы разлік. Прадпрыемствам дазвалялася самастойна распараджацца часткай прыбытку. Былі адноўлены міністэрствы па галінах прамысловасці. Першыя гады рэформы эканоміка станоўча адрэагавала на мерапрыемствы ўрада. Але паступова палітычная сітуацыя мянялася, згортваліся дэмакратычныя працэсы ў грамадстве, адначасова згортвалася і эканамічная рэформа. Гэта прывяло да стагнацыі, застою, а потым да самога крызісу. З 1965 г. у сельскай гаспадарцы ўводзіўся цвёрды і нязменны план нарыхтовак на пяць гадоў наперад для кожнага калгаса, саўгаса, раёна, вобласці, рэспублікі. Павялічваліся закупачныя цэны на прадукцыю ў сярэднім у 1,5-2 разы. Адмяняліся абмежаванні на ўтрыманне жывёлы ў асабістай дапаможнай гаспадарцы калгаснікаў, рабочых і служачых. Паляпшалася матэрыяльна-тэхначнае забеспячэнне калгасаў. Калгасы і саўгасы ўмацоўваліся на прынцыпах гаспадарчага разліку. У сельскую гаспадарку ўкараняліся дасягненні навукі і перадавога вопыту, павышалася роля спецыялістаў і навукоўцаў. На Беларусі пачалося будаўніцтва буйных адкормачных комплексаў у жывёлагадоўлі. У розных раёнах рэспублікі былі пабудаваны птушкафабрыкі на 6 млн. галоў птушкі, кароўнікі на 958 тыс. галоў, свінарнікі на 856 тыс. галоў. Праводзілася меліярацыя, асушана 957 тыс. га зямельных плошчаў. Буйныя памеры набыла хімізацыя – пастаўкі ўгнаенняў сельскай гаспадарцы ўзраслі амаль у 1,9 раза, у т.л. калійных больш чым у 2,6 разоў. Як вынік павялічыўся валавы збор збожжа ў 1,5 раза (за пяцігодку), прадукцыя жывёлагадоўлі ўзрасла на 34%. Ураджайнасць вырасла з 10 ц/га (сярэдзіна 60-х гг.) да 17-40 ц/г ў 1970 г. У канцы 1970 гадоў у СССР рэзка акрэслілася харчовая праблема. Краіна не забяспечвала сябе прадуктамі харчавання. Агульны кошт імпарту харчавання ў СССР павялічыўся ў 6 разоў з 1970 г. і дасягнуў 10 млрд. руб., гэтыя лічбы перавысілі памеры бюджэту БССР. У маі 1982 г. была прынята Харчовая праграма СССР на перыяд да 1990 года, згодна з якой ствараліся Аграрна-прамысловыя комплексы (у БССР – “Белаграпрам”). Але Харчовая праграма не планавала карэннай перабудовы гаспадарчага механізму на вёсцы, таму яна была правалена. Як вынік гэтага, у сярэдзіне 80-х гг. было ўведзена нармаванае забеспячэнне па шэрагу прадуктаў. У пачатку 70-х гг., з узмацненнем кансерватыўнай плыні ў кіраўніцтве партыі, пачалося згортванне гаспадарчай рэформы. Адначасова ў наступныя гады было ўведзена 170 буйных прадпрыемстваў, у тым ліку шынны камбінат у Бабруйску, нафтаперапрацоўчы завод у Мазыры, металургічны ў Жлобіне, сінтэтычных валокнаў у Гродна, інструментальны ў Оршы, чацвёрты калійны камбінат у Салігорску, дзесяткі прадпрыемстваў лёгкай і харчовай прамысловасці. Прадукцыя прамысловасці Беларусі ў 1985 г. павялічылася больш чым у 3 разы (ад 1970 г.), вытворчасць сродкаў вытворчасці ў 3,3 разоў, прадметаў спажывання ў 2,6 разоў. Валавы грамадскі прадукт і нацыянальны даход узрос у 2,5 разоў (гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў у СССР). Ажыццяўляліся агульнасаюзныя комплексныя праграмы па тэхнічным пераўзбраенні прамысловасці. Але адначасова ўдзельная вага ручной працы ў прамысловасці складала 35-40%, у будаўніцтве – 50-55%, у сельскай гаспадарцы – 60-70%. Фінансавая сістэма БССР заставалася стабільнай. У дзяржаўным бюджэце БССР даходы склалі 3,5 млрд. руб. у 1970 г. і 8,1 млрд. руб. у 1985 г.; выдаткі адпаведна 3,3 млрд. руб. у 1970 г. і 7,67 млрд. руб. у 1985 г. Так, даходная частка бюджэта значна перавышала расходную. Разам з відавочнымі поспехамі трэба адзначыць, што эканоміка страціла былы дынамізм. Асабліва бачна гэта было ў параўнанні з краінамі Захаду, якія далёка выйшлі наперад. Існуючы гаспадарчы механізм стаў тормазам на шляху эканамічнага развіцця краіны, што абумовіла паступовы ўваход савецкай эканомікі ў глыбокі крызіс. Спробу выправіць эканамічнае становішча зрабіў Ю.У.Андропаў. 12.09.1982 г. ён узначаліў палітычнае кіраўніцтва СССР пасля смерці Л.І.Брэжнева. Пад час кіравання Андропава была дадзена рэалістычная ацэнка стану эканомікі, прыняты жорсткія адміністрацыйныя меры па навядзенню парадка і выкараненню карупцыі і перагледзены некаторыя ідэалагічныя догмы. Так сама вырашаліся пытанні аб пашырэнні самастойнасці прамысловых прадпрыемстваў, калгасаў і саўгасаў. Як вынік, тэмпы развіцця эканомікі выраслі да 4,2%. Але пасля смерці Ю.У.Андропава ў 1984 г. кіраўніцтва вярнулася да ранейшых парадкаў. Эканамічныя паказчыкі зноў знізіліся. На працягу 1950-60-х гг. эканамічны ўздым суправаджаўся павышэннем матэрыяльнага і культурнага ўзроўню жыцця беларускага народа і развіццём сацыяльнай сферы. Праводзілася зніжэнне рознічных цэн. Вырасла зарплата, а ў 1957 г. працоўны дзень быў скарочаны на 2 гадзіны ў перадсвяточныя і пераднядзельныя дні. У 1964 г. павышана зарплата на 25-30% працаўнікам сацыяльнай сферы. Адбывалася паступовае скарачэнне разрыву паміж максімальным і мінімальным узроўнем зарплаты. Гэта прывяло да ўраўнавання ў аплаце працы і падзення прэстыжу прафесіі інжынера і настаўніка, урача і вучонага. У 1957 г. у краіне быў уведзены пяцідзённы працоўны тыдзень з двума выхаднымі днямі. 14 чэрвеня 1956 г. новы пенсійны закон павялічыў памеры пенсій і пашырыў кола асоб, якія сталі мець права на пенсію. У 1965 г. быў прыняты закон аб пенсіях калгаснікам. У 1971 г. для калгаснікаў быў устаноўлены такі ж парадак вылічэння пенсій, як і для рабочых і служачых. Гэта быў супярэчлівы перыяд. Спробы сацыяльнай пераарыентацыі эканомікі і рэфарматарства 50-х гг. саступілі месца кансерватыўным эканамічным поглядам, якія прывялі гаспадарку краіны да стагнацыі, застою і цяжкага эканамічнага крызісу. Эканамічныя цяжкасці 1970-80 гг. адбіваліся на ўзроўні дабрабыту насельніцтва і сацыяльнай палітыкі. Рэальная зарплата не павышалася, а часам нават зніжалася. Зніжалася доля фонду зарплаты ў нацыянальным даходзе. Наглядаліся ўраўняльныя тэндэнцыі ў аплаце працы. У 1975 г. былі ўведзены дадатковыя льготы інвалідам вайны і сем'ям загінуўшых ваеннаслужачых, устаноўлена 100% аплата адпачынку па цяжарнасці і родах жанчынам, павялічана колькасць аплочваемых дзён па дагляду за хворым дзіцём. У другой палове 1970-х гг. была павялічана дапамога інвалідам з маленства I і II груп, палепшаны матэрыяльна-бытавыя ўмовы ўдзельнікаў Вялікай Айчынай вайны. Інфляцыя праявілася на рубяжы 80-х гг. У выніку чаго былі істотна павышаны рознічныя цэны на шэраг прэстыжных тавараў (ювелірныя вырабы, крышталь, дываны і інш.), і на многія тавары масавага попыту (мэблю, некаторыя швейныя вырабы, шарсцяныя хусткі, бензін, будаўнічыя матэрыялы, многія гаспадарчыя тавары, кандытарскія вырабы і інш.). Узраслі тарыфы на паслугі сувязі, бытавыя і камунальныя паслугі. Узрос агульны дэфіцыт прадметаў спажывання. Павелічэнне грашовай масы аперажала вытворчасць тавараў спажывання. Уводзіліся прывілегіі для партыйна-дзяржаўнага апарату, што абвастрала сацыяльную напружанасць у грамадстве. Больш рэзка акрэслілася жыллёвая праблема. Тэмпы ўводу жылля не паспявалі за ростам гарадскога насельніцтва. Недахоп квартэр выклікаў дэфіцыт рабочых, высокую цякучасць кадраў, вытворчыя магутнасці прадпрыемстваў цалкам не выкарыстоўваліся. Не адпавядала сучасным патрабаванням сістэма аховы здароўя з-за рэшткавага прынцыпу выдзялення рэсурсаў і састарэласць матэрыяльна-тэхнічнай базы. У пачатку 1980-х гг. савецкае грамадства апынулася на парозе крызісу. Карэнная перабудова гаспадаркі, а за ёй і грамадства, станавілася аб'ектыўнай неабходнасцю. На красавіцкім (1985 г.) пленуме ЦК КПСС задачамі развіцця народнай гаспадаркі СССР былі вызначаны неабходнасць перабудовы гаспадарчага механізму і паскарэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Першы этап рэфармавання мае храналагічныя рамкі 1985-1987 гг. Прадугледжвалася, што на аснове мадэрнізаванага машынабудавання будзе праведзена тэхнічнае пераўзбраенне ўсёй народнай гаспадаркі. Планавалася так сама правесці перабудову кіравання эканомікай, пашырыць правы прадпрыемстваў, укараніць гаспадарчы разлік, развіваць ініцыятыву ў структурах кіравання, павышаць яго эфектыўнасць. З 1986 г. ў выглядзе эксперыменту было ўведзена самафінансаванне. Сутнасць самафінансавання – пасля адлічэнняў часткі прыбытку ў бюджэт і ў міністэрства, большая частка прыбытку заставалася ў распараджэнні прадпрыемства. Але адначасова працягвала існаваць старая схема эканамічных рэгулятараў і адміністрацыйна-камандная сістэма кіравання. У выніку, да восені 1986 г. відавочных зрухаў у гаспадарке не адбылося. Першы этап рэфармавання быў правалены. Прычын было На другім этапе рэфармавання (з чэрвеня 1987 г.) была пастаўлена задача правесці радыкальную эканамічную рэформу. Трэба было змяніць сістэму планавання праз пераход да дзяржзаказу. Павысіць самастойнасць прадпрыемстваў, стымуляваць іх да самастойнасці, самафінансавання, самакіравання, самаакупнасці, увесці ў дзеянне дагаварные і самастойна вызначаные цэны, увесці аптовы гандаль сродкамі вытворчасці. Імкнуліся ажыццявіць пераход ад адміністрацыйных да эканамічных метадаў кіравання гаспадаркай. Першы год радыкальнага рэфармавання адгукнуўся павелічэннем тэмпаў эканамічнага росту, паскарэннем дынамікі прадукцыйнасці працы. Але адначасова наглядаўся крызіс спажывецкага рынку і значны рост рознічных цэн. Захоўвалася традыцыя планавання, і ў 1988-1990 гг. не ўдалося зменшыць дзяржаўны заказ, ён ахопліваў 90% вытворчасці. Быў правалены аптовы гандаль рэсурсамі і сродкамі вытворчасці. Захавалася размеркаванне па фондах і нарадах па фіксаваных цэнах. Непаслядоўнасць наглядалася ў фінансавай палітыке. З 1990 г. пачалося разбурэнне адзінай эканамічнай прасторы СССР, якое суправаджалася некантралюемым падзеннем вытворчасці. За 1989-1991 гг. падзенне нацыянальнага прыбытку СССР дасягнула 33 %, што адпавядае ўзроўню вялікай амерыканскай дэпрэсіі 1929-1933 гг. Аднак на Беларусі крызісныя з'явы пачалі наглядацца толькі з 1991 года. Адзінай альтэрнатывай адміністрацыйна-каманднай сістэме кіравання можа быць рынкавая эканоміка. 27 ліпеня 1990 г. Вярхоўны Савет БССР абвясціў суверэнітэт БССР, а ў кастрычніку 1990 г. ён прыняў “Праграму пераходу да рыначных адносін у БССР”. Асноўнымі прынцыпамі беларускай урадавай праграмы было гарантаванне свабоды прадпрымальніцтва, свабода эканамічнага выбару, свабоднае цэнаўтварэнне, максімальная адкрытасць рынкавай сістэмы Беларусі, суверэннае права рэспублікі распрацоўваць і ажыццяўляць свае законы і нарматыўна-прававыя акты. 2. Асноўныя рысы грамадска-палітычнага жыцця Беларусі Студэнты павінны засяродзіць сваю ўвагу на наступных пытаннях: грамадска-палітычная сітуацыя ў БССР у першае пасляваеннае дзесяцігоддзе; асаблівасці працэсу дэмакратызацыі грамадска-палітычнага жыцця ў БССР у другой палове 1950-х - 1960-е гг.; грамадска-палітычнае жыццё ў БССР у 1970-е - першай палове 1980-х гг.; спробы мадэрнізацыі савецкай грамадска-палітычнай сістэмы ў перыяд палітыкі перабудовы; чыннікі крызісу і распаду СССР. Пасля перамогі ў вайне 1941-45 гг. зноў у кіраўніцтве СССР перамагла жорсткая таталітарная лінія, і спадзяванні шырокіх колаў насельніцтва на дэмакратызацыю жыцця былі пахаваныя. Пачаліся новыя масавыя арышты, расстрэлы, высылкі ў савецкія канцэнтрацыйныя лагеры. Любы чалавек, які трапіў на акупіраваную тэрыторыю ў ваенны час, быў пад сумненнем. Ужо ў 1947г. па сцэнарыі 1930-х гадоў былі праведзены новыя сфабрыкаваныя працэсы супраць "нацыяналістычных" беларускіх арганізацый. Перамога ў вайне выкарыстоўвалася як важны козыр для ўмацавання аўтарытэту партыі і яе правадыра – Сталіна. Тым не менш, моладзь актыўна стварала тайныя таварыствы, абменьвалася думкамі. Тайнае таварыства “Чайка” існавала ў сярэдне-спецыяльных і прафесійна-тэхнічных установах у Баранавічах, Брэсце, Жыровіцах. “Саюз беларускіх патрыётаў” дзейнічаў у педвучылішчах Глыбокага і Пастаў, існавала арганізацыя “Свободная Беларусь”. Гэтыя вучнёўскія гурткі не ставілі мэтай здзяйсненне тэрарыстычных актаў ці захоп улады, проста ва ўмовах таталітарызму вучні абменьваліся сваімі думкамі, марылі аб лепшых дэмакратычных часах. Арганізацыі беларускай вучнёвай моладзі былі раскрыты на працягу вясны 1946 і ў 1947 годзе і адразу ўдзельнікі трапілі пад трыбуналы. Але былі на тэрыторыі БССР і бандыцкія фарміраванні. Пасля адступлення нямецкай арміі тут засталіся ваенныя фарміраванні Арміі Краёвай, украінскай паўстанцкай арміі, беларускіх паліцаяў. Паступова банды страчвалі сацыяльную базу сярод мясцовых жыхароў, бо яны эвалюцыяніравалі ад палітычных праціўнікаў улад у бок крымінальных арганізацый, да таго ж у гэтых раёнах былі значна павялічаны міліцэйскія фарміраванні. Да сярэдзіны 1952 года ў асноўным бандфарміраванні “лясных братоў” былі ліквідаваны. На Беларусі даваенныя і пасляваенныя рэпрэсіі звязаны з імем наркома ўнутраных спраў БССР Цанавы (да лістапада 1951 года). Так, ў 1951 годзе па абвінавачванню ў шпіёнстве на карысць Югаславіі быў рэпрэсіраваны нарком адукацыі БССР, прыхільнік адукацыі на беларускай мове П.Саевіч. Цанава арганізаваў кампанію па шэльмаванню выдатнага беларускага навукоўца А.Р.Жэбрака, прэзідэнта АН БССР. У кастрычніку 1952 года пасля перапынку ў 13 гадоў прайшоў XIX з'езд партыі, на якім яна атрымала новую назву – КПСС. У 1945 г. БССР стала адной з краін-заснавальніц Арганізацыі Аб'яднаных Нацый (ААН), а пасля і іншых уплывовых арганізацый. У лютым 1947 года БССР падпісала мірныя дагаворы з Балгарыяй, Італіяй, Румыніяй, Венгрыяй і Фінляндыяй. У той жа час Масква вырашала лёсавызначальныя пытанні беларускага народу без узгаднення з беларускім кіраўніцтвам. Так, 16 жніўня 1946 г. быў падпісаны савецка-польскі дагавор аб мяжы, па якому БССР страчвала Беластоцкую вобласць. Міжнародная дзейнасць БССР была вельмі абмежавана. Тым не менш гэта дзейнасць паспрыяла росту аўтарытэту рэспублікі. Смерць Сталіна (у 1953 г.) мела пераломнае значэнне для ўсіх сфер жыцця савецкага грамадства. У верасні 1953 года першым сакратаром КПСС, а значыць і кіраўніком дзяржавы, быў абраны Мікіта Хрушчоў. Пачаўся перыяд адноснай дэмакратызацыі. Пашыраліся правы саветаў – у жніўні 1955 года Савет Міністраў БССР перадаў саветам права выдаткоўваць фінансавыя сродкі на будаўніцтва і сацыяльна-культурную і бытавую сферы. Пераадольвалася рэпрэсіўнае мінулае. На ХХ з'ездзе КПСС у 1956 г. быў асуджаны культ асобы. Пачалася рэабілітацыя ахвяр рэпрэсій. Да гэтага часу першымі асобамі БССР былі не прадстаўнікі тытульнай нацыі, а асобы з ліку нацыянальных меншасцей. У 1956 годзе ўпершыню з сярэдзіны 1920-х гадоў ЦК КПБ ўзначаліў беларус – К.Т.Мазураў. Праўда, на развіцці нацыянальнай культуры гэта не сказалася – на працягу 1960-1970 гг. беларускамоўныя школы пераводзіліся на рускую мову навучання. У другой палове 1950-х гадоў пашырыліся правы рэспублік. У рэспубліканскае падпарадкаванне былі перададзены некаторыя буйныя прамысловыя прадпрыемствы, а з сакавіка 1957 года рэспублікі атрымалі права самастоўна вырашаць сістэму ўнутранага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу. Прымаліся асобныя грамадзянскі, крымінальны, працэсуальны кодэксы. З 1961 году партыйнае кіраўніцтва афіцыйна атрымала права адміністрацыйнага кантролю над усімі сферамі жыцця краіны і грамадзяніна. У кастрычніку 1964 года з-за шматлікіх пралікаў у кіраванні краінай Першы сакратар ЦК Кампартыі М.Хрушчоў быў вызвалены ад займаемай пасады, кіраваць партыяй і краінай быў пастаўлены Л.Брэжнеў. У 1965 г. на Беларусі кампартыю ўзначаліў П.Машэраў. Пасля змены кіраўніцтва ў 1965 г. былі разгледжаны пытанні аб развіцці сельскай гаспадаркі і паляпшэнні кіравання эканомікай. Канчаткова былі ліквідаваны апошнія прыкметы савецкага прыгонннага права для калгаснікаў – яны атрымалі пашпарты, права на пенсію, на гарантаваную аплату працы. Большая свабода была дадзена ў развіцці ўласнай гаспадаркі. У 1966-1970 гг. у краіне пачаўся перыяд застою. Узмацніўся пераслед іншадумцаў (дысідэнтаў). Яшчэ больш узрасла роля партыі ў кіраванні ўсімі сферамі жыцця ў краіне. Гэты статус і кіруючая роля кампартыі былі замацаваны ў шостым пункце Канстытуцыі СССР 1977 года. Па традыцыі – праз год была прынята Канстытуцыя БССР – “Канстытуцыя развітога сацыялізму”. У красавіку 1985 г. на пост Генеральнага сакратара ЦК КПСС быў абраны М.С.Гарбачоў. Ён хутка абвясціў курс рэформаў, якія атрымалі назву “перабудова”. Перабудова ў СССР была накіравана на маштабныя змены адразу ва ўсіх сферах, уключаючы дэмакратызацыю грамадства. Асобнымі мерапрыемствамі перабудовы стала палітыка галоснасці, дзяржразліку, адраджэння прыватнай ініцыятывы ў рамках кааператыўнага руху. Палітыка галоснасці прадугледжвала паступовае адмаўленне ад кантролю КПСС за ідэалагічнымі працэсамі ў грамадстве. Цэнзура над публікацыямі была зменшана, дазволены сходы для абмеркавання палітычных працэсаў. Акрамя кантралюемых камуністычнай партыяй і ўрадам грамадскіх арганізацый сталі ўзнікаць самастойныя дыскусійныя клубы і нефармальныя аб'яднанні, у якіх можна было праявіць асабістую грамадскую ініцыятыву. Страшэнныя экалагічныя і эканамічныя наступствы для ўсёй тэрыторыі Беларусі мела аварыя на чацвёртым энергаблоку Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі (ЧАЭС), якая адбылася 26 красавіка 1986 г. На тэрыторыю Беларусі прыпала 70% радыёактыўнага забруджвання. Асабліва ў цяжкім становішчы апынулася насельніцтва паўднёвага ўсходу БССР – усяго 2.100.000 чалавек. З абароту было выведзена 20% сельгасугоддзяў і 14% ляснога фонду. Толькі 4 мая 1986 г. было прынята рашэнне аб высяленні жыхароў трыццацікіламетровай зоны вакол ЧАЭС. Вынікі катастрофы ўсяляк замоўчваліся. У 1989 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў праграму доўгатэрміновых дзеянняў па ліквідацыі наступстваў аварыі. Аднак цалкам яна так і не была выканана. У 1988-1989 гг. ліквідацыя былых аўтарытарных механізмаў запалохвання і кантролю прывяла да таго, што ў рамках палітыкі галоснасці дэмакратычна настроеныя грамадзяне пачалі крытыкаваць сістэму кіраўніцтва партыі над выбарнымі органамі ўлады. У БССР працэс дэмакратызацыі грамадства ішоў значна больш марудна, чым у іншых рэспубліках. Тым не менш, тут таксама ўзнікалі апазіцыйныя грамадскія арганізацыі – “Талака”, “Тутэйшыя”, “Паходня”, “Машэка” і інш. У 1990 годзе новы ВС БССР прыняў закон аб арганізацыях, які дазволіў стварэнне грамадскіх і палітычных арганізацый, партый. У сакавіку – красавіку 1990 г. у БССР адбыліся выбары ў Вярхоўны Савет рэспублікі, а таксама ў мясцовыя саветы. Упершыню за многія дзесяцігоддзі яны праходзілі на альтэрнатыўнай аснове. У выніку ў зноў выбраным Вярхоўным Савеце з'явіліся апазіцыйныя фракцыі БНФ і "Дэмакратычны клуб". 27 ліпеня 1990 г. Вярхоўны Савет прыняў дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце БССР. У тых умовах гэта былo хутчэй толькі пажаданнем. Аднак мела надзвычай важныя наступствы. 3. Здабыткі і негатыўныя з'явы ў развіцці адукацыі, навукі і культуры Студэнты павінны звярнуць увагу на наступныя пытанні: культурнае і духоўнае жыццё ў БССР; станаўленне і развіццё савецкай беларускай культуры; асноўныя дасягненні і негатыўныя з'явы ў развіцці беларускай мастацкай культуры, адукацыі, навукі ў 1960-е - 1980-е гг.; русіфікацыя; змены ў духоўным жыцці беларускага народа ў канцы 1980-х гадоў. За гады Другой сусветнай вайны была знішчана амаль уся матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў навукі і культуры, не прыйшлі з вайны многія адукаваныя і прафесійна падрыхтаваныя людзі. У такіх умовах адразу пасля вызвалення пачынаецца культурнае аднаўленне БССР. Першыя пасляваенныя гады адзначыліся новай хваляй шырокамаштабных рэпрэсій у Беларусі ў асяродку творчай інтэлігенцыі. На 25 год лагероў была асуджана Ларыса Геніюш. Зноў арыштаваны пісьменнікі А.Александровіч, Б.Мікуліч, А.Пальчэўскі, С.Грахоўскі, С.Шушкевіч, А.Звонак і інш. Да 1950 г. ўдалося аднавіць даваенную сетку агульнаадукацыйных школ, ішло павелічэнне колькасці сярэдніх школ. Да сярэдзіны 50-х гг. быў завершаны пераход да ўсеагульнага сямігадовага навучання. У канцы 1950 г. ў рэспубліцы дзейнічала 77 навуковых устаноў. Узмацняліся русіфікатарскія тэндэнцыі ў палітыцы цэнтральных органаў улады, гэтаму спрыяла дзейнасць на Беларусі прысланых з Масквы партыйных і савецкіх работнікаў, асабліва пасля дыскусіі па мовазнаўстве ў 1950 г. Развіццё беларускай літаратуры ішло ў вельмі складаных умовах. Дыктат камуністычнай партыі, перавага стылю “сацыялістычнага рэалізму” прывёў да таго, што многія літаратурныя творы вызначаліся бесканфліктнасцю і ідэалізацыяй савецкага ладу (раманы А.Стаховіча, М.Паслядовіча і інш.). Галоўная тэма беларускай літаратуры – гэта вайна (І.Мележ, М.Лынькоў, І.Шамякін і інш). Гэтаму ж былі прысвечаны і першыя пасляваенныя п'есы К.Крапівы, А.Маўзона, А.Кучара. Тэатральнае мастацтва таксама адчувала на сабе ўціск партыйнага кіраўніцтва. Калі ў сезоне 1944-45 гг. у БССР працавала 12 тэатраў, то ў 1950 г. іх засталося толькі 8. У той жа час на сцэне ззялі таленты актораў Б.Платонава, Г.Глебава, Л.Ржэцкай, Л.Аляксандроўскай. Адной з галоўных тэм мастацтва становіцца гераізм савецкіх людзей у гады вайны, увасабленне героя з багатым унутраным светам. Героіку савецкіх людзей у ваенныя часы ўвасабляюць мастакі Я.Ціхановіч, І.Давідовіч, Я.Зайцаў, В.Волкаў. З пачатку 50-х гадоў пачынаюць набываць папулярнасць жанравыя карціны (Г.Бржазоўскі, А. і І.Ткачовы, П.Гаўрыленка). Ярка праявіўся талент скульптара З.Азгура. Ён стварае цэлую серыю партрэтаў гістарычных дзеячаў і герояў сучаснасці. Значным дасягненнем стаў ансамбль Плошчы Перамогі (1954), створаны З.Азгурам, А.Бембелем, А.Глебавым, С.Селіханавым. Манументалізмам адзначаецца пасляваенная архітэктура (кампазіцыі праспекта Незалежнасці, Прывакзальнай плошчы). Пануе так званы імперскі стыль – “сталінскі ампір”. Такім чынам, асаблівасцю пасляваеннага развіцця культуры стаў партыйны дыктат, барацьба з прагрэсіўнай інтэлігенцыяй, русіфікацыя. Але важна адзначыць, што адбылося аднаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы адукацыі, навукі і культуры. Супярэчлівы характар насіла культурнае жыццё рэспублікі і ў далейшы перыяд: 1950-80 гады ХХ ст. З аднаго боку, ішла дэмакратызацыя, звязаная з наступленнем “адлігі”, рэабілітацыя дзеячаў навукі і культуры, аслабленне партыйнага ўціску, а з другога, русіфікацыя ўсіх сфер жыцця, абгрунтаваная тэзісам аб пабудове камуністычнага грамадства, дзе будуць зліты мовы і культуры ўсіх савецкіх народаў, ваяўнічы атэізм, шаблоннасць. У адукацыі ў гэты час праходзіць некалькі рэформ. У 1958 г. адбываецца пераход да ўсеагульнага 8-гадовага навучання і ўвядзенне ў сярэдняй школе адзінаццацігадовага тэрміну з вытворчым навучаннем. Дзесяцігадовае навучанне вярнулася ў Такім чынам, адной з асноўных адмоўных рыс адукацыі таго часу было звужэнне сферы выкарыстання беларускай мовы. У БССР не было ніводнай сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай навучальнай установы з беларускай мовай навучання. Бацькі атрымалі права вызваляць дзяцей ад вывучэння беларускай мовы ў школе. Дапускалася выкладанне беларускай мовы па-руску. У сярэдзіне 1980-х гг. усяго каля 19% дзіцячых садкоў і 23% школ працавалі на беларускай мове. У выніку такой моўнай палітыкі стварыліся вельмі неспрыяльныя ўмовы для развіцця беларускай культуры. Навука гэтага перыяду характарызуецца станаўленнем фундаментальных даследаванняў. У сістэме АН БССР адкрываюцца інстытуты фізікі і матэматыкі, генетыкі, цепла- і масаабмену і інш. Ствараюцца цэлыя навуковыя школы (у галіне звычайных дыференцыяльных ураўненняў — школа Н.П.Яругіна, спектраскапіі і лазераў – Б.І.Сцяпанава, цепла- і масапераносу – А.В.Лыкава, тэарэтычнай фізікі – Ф.І.Фёдарава, антрапагенэзу – Г.І.Гарэцкага, кардыялогіі – Г.І.Сідарэнкі, вылічальнай матэматыкі – У.І.Крылова, геалогіі і тэктонікі – Р.Г.Гарэцкага). Шырока вядомымі ў свеце сталі біёлаг В.Купрэвіч, матэматык У.Платонаў, фізік М.Барысевіч. Пераважнае развіццё ў рэспубліцы атрымалі тэхнічная і фізіка-матэматычная навукі, што звязана з развіццём навукова-тэхнічнага прагрэсу. Аднак толькі нямногія навуковыя распрацоўкі знаходзілі прымяненне на практыцы. У другой палове 1960-х-1980-я гг. была пашырана цэнзура ў літаратуры. У якасці вядучага жанру прозы ўсталёўваецца раман. Галоўнай застаецца тэма мінулай вайны, але зараз мастакі слова большую ўвагу надаюць раскрыццю ўнутранага свету чалавека ў такіх экстрэмальных умовах (раманы А.Адамовіча, В.Быкава, І.Навуменкі, І.Чыгрынава, дакументалістыка С.Алексіевіч і інш.). Гістарычная праблематыка таксама прыцягвае да сябе пільную ўвагу (раманы Л.Дайнекі, В.Іпатавай, У.Караткевіча, К.Тарасава, п'есы А.Макаёнка, А.Петрашкевіча). Шмат твораў прысвячалася праблемам сацыялістычнай рэчаіснасці (Я.Брыль, Г.Далідовіч, К.Крапіва, І.Мележ, І.Шамякін). Паэзія адзначана творамі Р.Барадуліна, П.Броўкі, Н.Гілевіча, П.Глебкі, П.Панчанкі і інш. Беларускія літаратары цесна супрацоўнічалі з кінастудыяй “Беларусьфільм”, якая аднавіла сваю работу ў 1944 г. Кожны год на ёй выпускалася каля 70 фільмаў розных накірункаў. Сярод найбольш вядомых – мастацкія стужкі “Міколка-паравоз”, “Белыя росы”, “Крушэнне імперыі”, “Альпійская балада”. Беларускія тэатры захапляюцца маральна-этычнай праблематыкай. Ставяцца п'есы беларускіх драматургаў (А.Дударава, А.Макаёнка, М.Матукоўскага), рускіх і сусветных класікаў, савецкіх аўтараў. Сусветнае прызнанне атрымлівае балетная трупа Беларускага дзяржаўнага тэатра оперы і балета пад кіраўніцтвам В.Елізар'ева. К сярэдзіне 80-х гг. у БССР працавалі 2 музычныя, 6 лялечных, 9 драматычных тэатраў, але толькі тры з іх былі беларускамоўныя. У музычным мастацтве развіваюцца жанры сімфоніі і інструментальнай музыкі (кампазітары У.Алоўнікаў, М.Аладаў, А.Багатыроў, І.Лучанок, У.Мулявін, П.Падкавыраў, Я.Цікоцкі). Наладжваецца цеснае супрацоўніцтва з тэатрамі (оперы М.Аладава, Дз.Лукаса, Р.Пукста, Дз.Смольскага, Ю.Семянякі). У 1970 - 80-я гг. з'яўляюцца новыя тыпы музычных і танцавальных калектываў (вакальна-інструментальныя ансамблі “Песняры”, “Верасы”, “Сябры”, фальклорна-харэаграфічны ансамбль “Харошкі”). Дзяржава садзейнічала масаваму развіццю самадзейнай мастацкай творчасці: многія аматарскія калектывы сталі вядомы далёка за межамі рэспублікі. У 1983-1985 гг. у БССР было створана 652 калектывы мастацкай самадзейнасці, якія аб'ядноўвалі 18 тысяч удзельнікаў. У гады “адлігі” пачалі сваю працу таленавітыя мастакі А.Кішчанка, Я.Шчамялёў, Г.Вашчанка, У.Стальмашонак, М.Савіцкі. Пашыраецца так званы “суровы стыль”, які праўдзіва адлюстроўвае жыццё (М.Савіцкі — цыкл “Лічбы на сэрцы” і інш. работы). Пераважае ваенная (М.Данцыг, В.Грамыка) і гістарычная (А.Марачкін, Я.Шчамялёў) тэматыка. Ствараюцца цэлыя серыі партрэтаў знакамітых людзей Беларусі (З.Паўлоўскі, У.Стальмашонак, І.Ахрэмчык, В.Сахненка). У 1950-60 гг. набывае папулярнасць новы жанр гарадскога пейзажа (П.Масленікаў, М.Данцыг), развіваецца нацюрморт (В.Жалток, Я.Радзялоўская, С.Каткова). Але некаторыя мастакі, нязгодныя з стэрэатыпнасцю ў жывапісе, вымушаны былі пакінуць краіну і набылі шырокую вядомасць за яе межамі (В.Баброў, А.Ісачоў, Н.Паўлоўскі, Г.Хацкевіч). Беларуская графіка гэтага часу прадстаўлена серыямі па гісторыі і сучаснасці, з выкарыстаннем розных прыёмаў (работы У.Басалыгі, С.Геруса, В.Шаранговіча). У выяўленчым мастацтве замацавалася сістэма творчых заказаў, што, безумоўна, зніжала ўзровень мастацкіх твораў. Значныя змены адбываюцца ў гэты час у архітэктуры. Пачынаецца масавае будаўніцтва жылля; распрацоўваюцца генпланы забудовы гарадоў, у якіх плануецца месца пад цэлыя жылыя раёны і мікрараёны. Распаўсюджваецца буйнапанэльнае будаўніцтва. Хуткія тэмпы, імкненне да зніжэння кошту жылля прывялі да тыпізацыі забудовы. Гарады страцілі сваё адметнае аблічча. Знешні выгляд гарадоў вызначаюць буйныя прамысловыя комплексы. Новым аб'ектам для беларускіх будаўнікоў становіцца сталічны метрапалітэн (з 1977 г.). Архітэктары працуюць над стварэннем мемарыяльных ансамбляў і комплексаў (манумент “Мінск — горад-герой”, комплексы “Хатынь”, “Брэсцкая крэпасць-герой”, “Прарыў”). З сярэдзіны 1950-х гг. узмацнілася палітыка канфрантацыі дзяржавы ў адносінах да рэлігіі і вернікаў, што звязана была з ідэяй пабудовы на працягу аднаго пакалення ў краіне камунізму, дзе рэлігіі няма месца. З 1961 г. пачалася кампанія па масавым закрыцці і нават знішчэнні храмаў, рэпрэсіі ў адносінах да служыцеляў культаў. Культура БССР сярэдзіны 1950-80 гг. была цесна звязана з культурамі саюзных рэспублік і краін сацыялістычнага лагера. Ладзіліся тыдні і дэкады культуры Беларусі ў іншых краінах, фестывалі мастацтваў (“Дружба народаў”, “Беларуская музычная восень” і інш.), на гастролі выязжалі славутыя беларускія творцы, умацоўваліся сувязі творчых саюзаў і мастацкіх калектываў. Неад'емнай часткай агульнай беларускай культуры з'яўляецца культура беларускага замежжа. Далёка ад радзімы ў тыя гады працавалі таленавітыя навукоўцы і творцы: нобелеўскі лаўрэат, вучоны І.Прыгожын, вучоны ў галіне астранаўтыкі Б.Кіт, літаратары Н.Арсеннева, М.Сяднёў, М.Галіна (родны брат Я.Коласа), У.Дудзіцкі, Р.Жук-Грышкевіч, архітэктар і мастак М.Навумовіч, гісторыкі Я.Запруднік, В.Жук-Грышкевіч, літаратуразнаўца З.Кіпель, дырэктар Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку В.Кіпель і многія іншыя. Высновы. Такім чынам, у разглядаемы перыяд эканамічнае развіццё Беларусі праходзіла супярэчліва. 3 аднаго боку ўзрос эканамічны патэнцыял, эканоміка Беларусі развівалася больш хуткімі тэмпамі ў параўнанні з агульнасаюзнай. Узрос дабрабыт народа. 3 другога боку нарасталі цяжкасці, супярэчнасці ў эканамічным і сацыяльным развіцці краіны. Зніжаліся тэмпы развіцця ўсіх галін народнай гаспадаркі. У палітычнай сферы назіралася ўмацаванне таталітарнай сістэмы. Асновай грамадска-палітычнага жыцця з'яўляліся адміністратыўныя дзеянні і масавы энтузіазм людзей, ідэалагізацыя ўсіх бакоў жыцця. З часам савецкі чалавек стаў адчужаны ад актыўнага палітычнага жыцця, ён не меў рэальнага выбару. Выявіўся крызіс вышэйшага партыйна-дзяржаўнага кіраўніцтва, які сканцэнтраваў у сваіх руках размеркаванне велізарных матэрыяльных багаццяў. Беларуская культура перыяду 1950-80 гг. прайшла вельмі складаны і цяжкі шлях праз празмернае партыйна-савецкае кіраўніцтва, класавы падыход. Абмяжоўвалася свабода творчасці, і, што найбольш цяжка для нацыянальнай культуры, выцісканне беларускай мовы было ўведзена ў ранг дзяржаўнай палітыкі. Культура, навука і адукацыя не атрымлівалі дастатковага фінансавання, што сур'ёзна адбілася на іх узроўні і якасці. У той жа час увесь свет ведае нашых навукоўцаў, літаратараў, мастакоў, акцёраў, што сведчыць аб глыбіні і высокім прафесійным узроўні культуры.
1. Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый): Метадычныя парады да семінарскіх заняткаў / Склад. І.Сіняўская, Н.Саклакова, Н.Дзямідава. – Магілёў, 2006. 2. Гісторыя Беларусі ў кантэксце еўрапейскай цывілізацыі. Дапаможнік / Пад рэд Л.В.Лойкі. – Мінск, 2005. 3. Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветных цывілізацый / Пад рэд В.І.Галубовіча і Ю.М.Бохана. – Мінск, 2007. 4. Гісторыя Беларусі. У 2-х ч. Ч. 2 / Пад рэд. Я.К.Новіка і Г.С.Марцуля. – Мінск, 2006. 5. Касцюк М. Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі. – Мінск, 2000. 6. Ковкель И.И., Ярмусик Э.С. История Беларуси с древнейших времён до нашего времени. – Минск, 2006. 7. Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. – Мінск, 1997. 8. Мірановіч Я. Найноўшая гісторыя Беларусі. – СПб., 2003. 9. Нарысы гісторыі Беларусі / Пад рэд. М.П.Касцюка. У 2-х ч. Ч. 2. – Мінск, 1995. 10. Пушкін І.А. Удзел нацыянальных меншасцей у палітычным працэсе Беларусі (1919–2001 гг.) // Белорусская политология: многообразие в единстве: Материалы междунар. науч.–практ. конф. – Гродно, 2004. – С. 164 –166. 11. Саракавік І.А. Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі. – Мінск, 2006. 12. Шымуковіч С.Ф. Гісторыя Беларусі: Курс лекцый. У 2 ч. Ч. 2. – Мінск, 2005. Вучэбнае выданне Савецкая мадэль мадэрнізацыі ў гісторыі Беларусі: Беларусь у перыяд 1950-80-х гадоў
Метадычныя парады да семінарскага занятку для студэнтаў усіх спецыяльнасцей
Складальнік кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гуманітарных дысцыплін І.А.Пушкін
Рэдактар Т. Л. Мацеуш Тэхнічны рэдактар А. А. Шчарбакова
Падпісана ў друк Фармат 60х84 1/16 Папера афсетная. Гарнітура Таймс. Друк трафарэтны. Ум. друк.л. Улік.-выд. л. Тыраж экз. Заказ
Установа адукацыі «Магілёўскі дзяржаўны універсітэт харчавання» 212027, Магілёў, пр-т Шміта, 3. ЛВ № 02330/0131913 ад 08.02.2007
Надрукавана на рызографе рэдакцыйна-выдавецкага аддзела ўстановы адукацыі «Магілёўскі дзяржаўны універсітэт харчавання» 212027, Магілёў, пр-т Шміта, 3. ЛП № 226 ад 12.02.2003
|