Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Гісторыя беларускай літаратурнай мовы як асобная лінгвістычная дысцыпліна. Прадмет і задачы курса, сувязь з іншымі лінгвістычнымі дысцыплінамі.


Date: 2015-10-07; view: 988.


 

Гісторыя беларускай мовы – гэта асобная лінгвістычная дысцыпліна, якая складаецца з дзвюх частак : гістарычнай граматыкі і гісторыі беларускай літаратурнай мовы, кожная з якіх уяўляе асобную навуковую дысцыпліну.Гісторыя беларускай літаратурнай мовы (ГБЛМ) – гэта навука аб выпрацоўцы, станаўленні і ўдасканаленні сродкаў літаратурнага выказвання і заканамернасцей іх ўжывання ў творах розных жанраў (мастацкіх, дзелавых, публіцыстычных, навуковых) у розныя гістарычныя эпохі (тут убаку застаюцца моўныя з'явы, якія разглядаюцца як нелітаратурныя, дыялектныя). У курсе ГБЛМ раскрываецца якасць беларускай літаратурнай мовы (БЛМ) на розных гістарычных этапах яе развіцця ва ўзаемаадносінах з народна-гутарковай.

Прадмет ГБЛМ – шляхі фарміравання і развіцця БЛМ – найвышэйшага дасягнення моўнай культуры беларускага народа, агульнанароднага сродку зносін. Задачы дысцыпліны – паказаць,

1) як складвалася і развівалася ў розных жанрах пісьменства беларускага народа яго літаратурная мова;

2) якія стылі беларускай літаратурнай мовы развіваліся ў розныя гістарычныя эпохі, чым яны вызначаліся;

3) у якіх суадносінах знаходзілася БЛМ з дыялектнай, іншымі літаратурнымі мовамі на канкрэтных гістарычных этапах;

4) у якой меры і чаму захоўваліся традыцыі папярэдніх гістарычных эпох у БЛМ;

5) як удасканальвалася БЛМ (яе слоўнікавы склад, граматычны лад, стылістычная сістэма) у канкрэтны гістарычны перыяд;

6) якімі моўна-выяўленчымі сродкамі валодала БЛМ на пэўным этапе свайго развіцця;

7) якую ролю ў станаўленні і развіцці БЛМ адыгралі вядомыя беларускія асветнікі, пісьменнікі і культурныя дзеячы.

ГБЛМ цесна звязана найперш з такімі лінгвістычнымі дысцыплінамі, як гістарычная граматыка беларускай мовы, сучасная беларуская мова, дыялекталогія, а таксама з гісторый беларускай літаратуры, гісторыяй беларускай культуры, археалогіяй, этнаграфіяй і іншымі навукамі.

2. Паняцце літаратурнай мовы, гістарычная зменлівасць яго зместу, суадносіны з іншымі паняццямі: “нацыянальная мова”, “дыялектная мова”, “пісьмовая мова”, “мова мастацкай літаратуры”

Беларуская нацыянальная мова функцыянуе ў дзвюх разнавіднасцях, ці формах: літаратурная мова і дыялектная мова.

Дыялектная мова – гэта мова тэрытарыяльна абмежаваная, якая бытуе выключна ў вуснай форме, не мае нормаў і абслугоўвае пераважна бытавую сферу зносін.

Літаратурная мова – гэта найвышэйшая форма нацыянальнай мовы, якая вусна і пісьмова абслугоўвае патрэбы нацыі ва ўсіх сферах жыцця і грамадскай дзейнасці. Яна складваецца на базе аднаго ці некалькіх дыялектаў, якія найбольш поўна адлюстроўваюць агульнанародныя рысы мовы. Літаратурная мова цесна ўзаемадзейнічае з дыялектнай, пастаянна папаўняючыся за яе кошт. Разам з тым літаратурная мова пэўным чынам уплывае на дыялекты, спрыяючы іх уніфікацыі.

Літаратурная мова – катэгорыя гістарычная. А таму ступень яе апрацаванасці, адбор і рэгламентацыя моўных сродкаў могуць быць неаднолькавымі ў розныя гістарычныя перыяды яе развіцця. Пры вызначэнні агульных рыс, якія вылучаюць мову ў разрад літаратурных, трэба ўлічваць канкрэтную гістарычную эпоху, бо само паняцце “беларуская літаратурная мова” ў дачыненні да розных гістарычных перыядаў напаўняецца асобым зместам, спецыфічным для кожнага з іх. Так, у старабеларускай мове не было кадыфікаваных нормаў і разгалінаванай сістэмы стыляў. Літаратурная мова не мела шырокіх грамадскіх функцый, не была мовай ўсяго беларускага народа, бо народныя масы ў сваёй большасці былі непісьменнымі. Літаратурная ж мова эпохі існавання нацыі, парваўшы непасрэдныя сувязі са старабеларускай пісьменнасцю, развівалася на шырокай агульнанароднай аснове, паступова ператвараючыся ў нармалізаваную форму нацыянальнай мовы. Нацыянальная мова развівалася на аснове жывых народных гаворак шляхам сцірання адрозненняў паміж тэрытарыяльнымі дыялектамі, а таксама шляхам папаўнення слоўнікавага складу мовы, развіцця яе фанетычнай сістэмы і граматычнага ладу.

Карыстаючыся адзіным тэрмінам “беларуская літаратурная мова” для розных гістарычных перыядаў, трэба памятаць, што канкрэтны змест гэтага паняцця залежыць ад той эпохі, пра якую ідзе гаворка. Калі размова ідзе пра мову нацыі, часцей за ўсё называюць наступныя характэрныя рысы літаратурнай мовы:

1.Унармаванасць (нарматыўнасць), кадыфікаванасць.

2. Апрацаванасць, спарадкаванасць.

3. Агульнанароднасць і поліфункцыянальнасць.

4. Наяўнасць дзвюх формаў – пісьмовай і вуснай.

5. Стабільнасць, непарыўнасць моўных традыцый, дзякуючы чаму, пастаянныя змены ў мове не падрываюць яе асноў.

6. Развітая стылёвая дыферэнцыяцыя: мастацкі, публіцыстычны, навуковы, дзелавы (кніжныя ) і гутарковы стылі.

Пералічаныя вышэй прыкметы складаюць комплекс, без аднаго са звёнаў якога сутнасць паняццця “беларуская літаратурная мова” будзе недастаткова поўнай. Але паколькі кожная літаратурная мова – з'ява спецыфічная і напаўторная, то пры яе вызначэнні могуць выяўляцца і іншыя прыкметы.

Літаратурная мова і пісьмовая мова. Літаратурная мова і пісьмовая мова – паняцці не тоесныя. Пісьменнасць – хаця і не адзіная, але найважнейшая і абавязковая адзнака літаратурнай мовы, абавязковая ўмова яе ўзнікнення і агульная рыса на ўсіх этапах развіцця (адсюль і тэрмін “літаратурна-пісьмовая мова”). Але пісьмо – гэта не проста фіксацыя пэўных знакаў. Пісьмо ёсць вялікае дасягненне чалавецтва, а таму невыпадкова, што ўсе нацыі і народнасці заўсёды імкнуліся да стварэння ўласных пісьмовых моў. Мова, замацаваная пісьмовымі знакамі, набывае аўтарытэт.

Літаратурная мова і мова мастацкай літаратуры. Гэтыя паняцці суадносныя, але не тоесныя, іх нельга атаясамліваць. Паняцце “літаратурная мова” шырэйшае за паняцце “мова мастацкай літаратуры”, бо літаратурная мова абслугоўвае не толькі сферу мастацкай літаратуры, але і друк, перыёдыку, розныя галіны вытворчасці, у сувязі з чым вылучаюцца пэўныя функцыянальныя разнавіднасці (стылі) літаратурнай мовы, куды уваходзіць і стыль мастацкай літаратуры.

 

 

3. Гістарычны характар літаратурна-моўнай нормы. Стылістычная сістэма беларускай мовы ў гістарычным аспекце

Моўная норма – гэта ўзор, правіла выкарыстання мовы ў пэўны перыяд яе развіцця. Нормы рэгламентуюць значэнне слова, яго напісанне, вымаўленне, ужыванне і інш. Яны складваюцца і змяняюцца на працягу развіцця мовы. Таму нельга не адзначыць гістарычны характар (гістарычнасць) літаратурна-моўнай нормы. Напрыклад, такая моўная з'ява, як асіміляцыйная мяккасць зычных, была арфаграфічнай нормай (абазначалася на пісьме праз напісанне мяккага знака: сьнег, сьмех, дзьверы і інш.) з 1918 па 1933 гг. Заўважым, што перадача асіміляцыйнай мяккасці зычных на пісьме была ўведзена ў “Беларускай граматыцы для школ” Б.Тарашкевіча (1918 г.), а скасавана пастановай СНК БССР ”Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу” (1933г.). У сучаснай беларускай літаратурнай мове асіміляцыйная мякасць зычных з'яўляецца толькі арфаэпічнай нормай. Ці яшчэ прыклад: нарматыўным у 20-я гады ХХ ст., паводле “Беларускай граматыкі” Б.Тарашкевіча, лічылася напісанне канчаткаў -ом (-ём) і -ох (-ёх) у назоўніках мн. ліку м. і н. р. адпаведна ў Д. і М. скл.: гасцём, лясом, палём, садом; у лясох, на палёх, у садох. Рэформай правапісу 1933 г. прыведзеныя канчаткі назоўнікаў у адпаведных склонавых формах былі заменены на канчаткі -ам (-ям); -ах (-ях): лясам, палям, садам ; у лясах, на палях, у садах.

Як заўважае Л.І. Скварцоў, “аб'ектыўныя змены нормаў ... з часам знаходзяць сваё адлюстраванне ў сферы кадыфікацыі – нарматыўных слоўніках і даведніках”.[1] Аднак любая норма (арфаграфічная, арфаэпічная, граматычная і інш.) толькі тады з'яўляецца нормай, калі яна ўзаконеная і кадыфікаваная. Не ўсе больш ці менш пашыраныя ў літаратурнай мове з'явы можна лічыць нормай. Так, паводле правіл сучаснай беларускай арфаграфіі не з'яўляецца нормай перадача асіміляцыйнай мяккасці зычных на пісьме, хаця ў перыёдыцы і друку апошніх гадоў ( нават у такім вядомым літаратурна-мастацкім выданні, як “Дзеяслоў”) напісанні тыпу сьмяяцца, вясельле, цьвік – не такая ўжо і рэдкая з'ява.

Як было сказана вышэй, сучасная беларуская літаратурная мова мае разгалінаваную сістэму стыляў. Стылістычную сістэму літаратурнай мовы, як і само паняцце “літаратурная мова”, трэба разглядаць у гістарычным аспекце. Сучасная сістэма кніжных стыляў беларускай літаратурнай мовы – мастацкі, публіцыстычны, афіцыйна-дзелавы (справаводны) і навуковы – складвалася на працягу стагоддзяў. Так, у літаратурнай мове ўсходніх славян ХІ–ХІІ стст. вылучалія тры асноўныя стылі: кніжнаславянскі (царкоўна-славянскі), народна-літаратурны, дзелавы. У старабеларускай літаратурнай мове ХІУ –ХУІ стст. вядучымі стылямі былі наступныя: дзелавы, мастацкі, канфесійны (рэлігійны). У ХІХ ст. пачынае фарміравацца публіцыстычны стыль, узорам якога стала “Мужыцкая праўда” К.Каліноўскага. Фарміраванне і равіццё навуковага стылю беларускай ліаратурнай мовы адносіцца да 20-х гадоў ХХ ст., калі пачынаецца паступовае пранікненне беларускай мовы ў сферу навукі: яна пачынае выкарыстоўвацца ў школьным навучанні, ВНУ, становіцца мовай не толькі перыёдыкі, але і навуковых выданняў (тэрміналагічных зборнікаў і інш.).


<== previous lecture | next lecture ==>
Літаратура | Гісторыі беларускай літаратурнай мовы
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.681 s.