|
Гісторыі беларускай літаратурнай мовыDate: 2015-10-07; view: 700. Пытанне пра перыядызацыю Пытанне пра перыядызацыю гісторыі БЛМ даволі складанае і да канца не вырашанае ў айчынным мовазнаўстве. Трэба адзначыць, што перыядызацыі, агульнапрынятай усімі лінгвістамі, у сучасным мовазнаўстве няма. Складанасць вырашэння гэтага пытання ў тым, што працэс развіцця мовы – гэта адзіны непадзельны гістарычны працэс, а ў любым гістарычным працэсе няма і не можа быць нейкіх непранікальных межаў. Межы, што раздзяляюць перыяды і этапы ўнутры іх, даволі прыблізныя, а часам і проста фармальныя, бо ў кожным перыядзе ці этапе побач з новымі моўнымі рысамі суіснуюць рысы, характэрныя для папярэдніх эпох. Зрухі ў літаратурнай мове на працягу стагоддзяў адбываліся паступова, шляхам пераходу колькасных змен у якасныя. У сувязі з гэтым у гісторыі БЛМ большасць даследчыкаў вылучае тры асноўныя храналагічныя зрэзы (перыяды): І. Агульнаўсходнеславянскі (ХІ--пачатак ХІУ стст.) – час, з якога пачынаецца літаратурна-моўная гісторыя ўсходніх славян (рускіх, украінцаў, беларусаў); ІІ. Старабеларускі (ХІУ--ХУІІІ стст.) – час фарміравання і развіцця старабеларускай літаратурнай мовы; ІІІ. Новабеларускі (ХІХ--ХХІ стст.) – час, на працягу якога складвалася новая, у тым ліку сучасная, беларуская літаратурная мова. Першы, агульнаўсходнеславянскі (старажытнарускі) перыяд (ХІ–пачатак ХІУ ст.) прыпадае на часы існавання ўсходнеславянскай народнасці. Гэты перыяд (чыста ўмоўна!) можна падзяліць на наступныя этапы: 1) ХІ –ХІІ стст. – час фарміравання і развіцця літаратурнай мовы ўсходніх славян з яе арфаграфічнай сістэмай, пэўнымі стылістычнымі разнавіднасцямі і спецыфічнымі сродкамі літаратурнага выражэння; 2) ХІІІ – пачатак ХІУст. – час, калі літаратурная мова ўсходніх славян перастае быць агульнай для ўсіх усходнеславянскіх земляў і пачынаецца развіццё асобных усходнеславянскіх моў – рускай, украінскай, беларускай, калі шырока развіваецца пісьменнасць на сучасных беларускіх землях. Другі, старабеларускі перыяд (ХІУ – ХУІІІ стст.) быў эпохай фарміравання і развіцця беларускай народнасці, а разам з ёй і беларускай мовы, у гісторыі якой назавём (зноў-такі чыста ўмоўна!) наступныя этапы : 1) ХІУ ст.– для старабеларускай літаратурнай мовы гэтага часу былі характэрны дзве асаблівасці пісьменнасці. З аднаго боку, літаратурная мова, знаходзячыся пад уздзеяннем старажытнарускіх традыцый, яшчэ мала чым адрознівалася ад агульнаўсходнеславянскай мовы. З другога боку, паступова накапліваліся элементы новай якасці – спецыфічныя беларускія асаблівасці (аканне і яканне; дзеканне і цеканне; пераход л, в у ў інш.). Гэта выяўлялася ў разыходжанні, несупадзенні паміж мовай літаратурных помнікаў, напісаных на тэрыторыі сучаснай Беларусі, і літаратурнай мовай агульнаўсходнеславянскага часу; 2) ХV – ХУІ стст. – час выпрацоўкі і замацавання адметных рыс (нормаў?) беларускай літаратурнай мовы ў лексіцы, марфалогіі, сінтаксісе і інш.; 3) ХУІІ ст. – рэзкае пагаршэнне ўмоў развіцця старабеларускай літаратурнай мовы з прычыны далучэння і падпарадкавання ВкЛ Рэчы Паспалітай пасля Люблінскай уніі 1569 г., паступовае выцясненне БЛМ з усіх сфер пісьменнасці і яе канчатковая забарона ў 1696 г.; 4) ХУІІІ ст. – беларуская мова бытуе выключна ў вусна-гутарковай форме, ад гэтага часу захавалася вельмі малая колькасць літаратурных помнікаў. Старабеларуская літаратурная мова ўзбагачаецца і ўдасканальваецца толькі за кошт жывых народных гаворак. Гэта пераходны этап да новай беларускай літаратурнай мовы, які традыцыйна разглядаецца ў межах старабеларускага перыяду. Трэці, новабеларускі перыяд (ХІХ – ХХІ стст.) быў часам пераўтварэння беларускай народнасці ў нацыю, часам, калі ішоў працэс складвання сучаснай беларускай літаратурнай мовы на аснове жывых народных гаворак (ХІХ – пачатак ХХст.) Унутры гэтага перыяду разглядаюцца таксама пэўныя этапы: 1) ХІХ ст. – 20-я гады ХХ ст. У пачатку ХІХ ст. пачынаецца фарміраванне новай беларускай літаратуры, а разам з ёй і новай беларускай літаратурнай мовы. Новая БЛМ развівалася без сувязей з традыцыямі старабеларускага пісьменства, на аснове жывых народных гаворак. Пачатак ХХ ст. актывізаваў развіццё БЛМ. Закон аб свабодзе друку (1905г.) даў беларускаму народу магчымасць друкаваць творы на роднай мове, хоць поўнай свабоды беларускі кнігадрук так і не атрымаў. Разам з пад'ёмам і ростам нацыянальнай літаратуры ўзбагачаецца і беларуская літаратурная мова, яе выяўленчыя магчымасці, папаўняецца слоўнік, афармляюцца літаратурный нормы (!); 2) 20-я гады ХХ ст. – пачатак ХХІ ст. У 1920 г. годзе беларуская мова атрымала функцыю дзяржаўнай. БЛМ 20-х гадоў узбагачаецца новай тэрміналагічнай лексікай, развіваецца і ўдасканальваецца яе стылістычная сістэма; дзякуючы “Беларускай граматыцы” Б.Тарашкевіча (1918г.), замацоўваюцца моўныя нормы. Пачынаючы з 50-60-х гг., БЛМ узбагачаецца новымі сродкамі выразнасці, новай лексікай і фразеалогіяй як за кошт уласных рэсурсаў, так і шляхам запазычвання з іншых моў.
Лекцыя 2.Літаратурная мова ўсходніх славян ХІ - пачатку ХІУ стст.
|