|
Сучасны стан пытанняDate: 2015-10-07; view: 826. пра ўзнікненне пісьменнасці ва ўсходніх славян Пытанне пра ўзнікненне пісьменнасці ва ўсходніх славян з'яўляецца да канца не вырашаным у гістарычным мовазнаўстве. Доўгі час паміж даследчыкамі не было адзінства адносна часу ўзнікнення пісьма на ўсходнеславянскіх землях. Большасць гісторыкаў мовы прытрымлівалася такога пункту гледжання: узнікненне пісьменнасці ва ўсходніх славян звязана з прыняццем на Русі хрысціянства ў 988 г. пры князю Уладзіміру. Такі пункт гледжання на ўзнікненне пісьменнасці ва ўсходніх славян склаўся яшчэ ў ХІХ ст. і грунтаваўся на тым, што самыя раннія пісьмовыя помнікі, якія былі вядомымі на той час, датаваліся ХІ ст. Тым не менш, у сучасным мовазнаўстве ёсць факты, якія даюць падставы меркаваць пра больш ранняе узнікненне пісьма ва ўсходніх славян – яшчэ да прыняцця хрысціянства. Так, сталі вядомымі новыя літаратурна-пісьмовыя помнікі, датаваныя больш раннім часам, чым год прыняцця хрысціянства. Гэта Дагавор Алега з грэкамі (907г.), Другі дагавор Алега (911г.), Дагавор Ігара (945г.), Дагавор Святаслава (972г.). Варта адзначыць, што хоць у арыгінале яны не захаваліся (урыўкі з іх прыводзяцца ў “Аповесці мінулых гадоў”), аднак змяшчаюць у сабе радкі, якія сведчаць пра існаванне пісьма ва ўсходніх славян да прыняцця хрысціянства. Напрыклад, у Дагаворы Алега (911 г.) гаворыцца, што “…паміж Руссю і Візантыяй існуе даўняе сяброўства і што гэта пацверджана не толькі словам, але і пісаннем . Яшчэ ў канцы ІХ ст. балгарскі пісьменнік чарнарызец Храбр у сваім трактаце “О письменехъ” пісаў пра славян да іх хрышчэння так: “Прhжде оубо словhне не имhхъ книгъ н# чрътами и рhзами чьтhх@ и гатааху” (г.зн., што раней славяне яшчэ не мелі кніг, але пры дапамозе “чэртаў і рэз” (рысак?) чыталі і гадалі). Праўда, цяжка сказаць, які характар мела гэтае пісьмо. Арабскія падарожнікі Х-ХІ стст. у сваіх запісах засведчылі, што, праязджаючы па Русі, бачылі нейкія пісьмовыя знакі. Так, пісьменнік Ахмед апавядае (яго аповед адносіцца да 920–921 гг.), што прысутнічаў на пахаванні аднаго вяльможнага русіна і бачыў, “...як спачатку спалілі цела нябожчыка, а затым збудавалі курган і пасярэдзіне яго паставілі дрэўка, а на дрэўку напісалі імя цара і нябожчыка”. Апрача таго, у “Жыціі Канстанціна Філосафа” расказваецца, што, знаходзячыся каля 860 г. у Карсуні (Крыме), Канстанцін “обрелъ евангелие русскими письмены писано” і сустрэў там чалавека, “глаголющего тою беседою”, і сам хутка навучыўся чытаць і тлумачыць тыя кнігі . Да таго ж, існаванне пісьма на ўсходнеславянскіх землях у дахрысціянскі перыяд пацвярджаецца археалагічнымі знаходкамі. Вялікую цікавасць уяўляюць сёння надпісы на гліняным посудзе, знойдзеным каля Разані, Ноўгарада, а таксама знойдзеныя каля Цверы бляхі з літарамі, падобнымі да глагалічных. У час раскопак ХХ ст. у Гнёздаве (непадалёку ад Смаленска) курганоў Х ст. знойдзены чарапкі глінянага гладыша, на якім захаваўся надпіс “гору(о)шьна”(?) ці “гороух(щ)а”(?). Гнёздаўскі надпіс, як і ўсе рэчы, знойдзеныя тут, адносяць да першай чвэрці Х ст. Гэта дае падставы сцвярджаць, што перад намі самы ранні помнік старажытнарускага пісьма дахрысціянскага перыяду. Аргументам на карысць таго, што ўсходнія славяне-язычнікі мелі пісьменнасць, з'яўляецца высокая культура і распаўсюджанасць ранняга хрысціянскага пісьма на Русі ад Тмутараканя да Ноўгарада. Такім чынам, узнікненне пісьменнасці на старажытнаускіх землях трэба адносіць да больш ранняга перыяду, чым канец Х ст. Аднак нельга адмаўляць і ролю прыняцця хрысціянства для далейшага развіцця і пашырэння пісьменнасці. Зразумела, што самым важкім аргументам на карысць існавання пісьменнасці ва ўсходніх славян дахрысціянскага часу быў бы хаця б адзін дакладна датаваны пісьмовы помнік. Але такіх, на жаль, на сённяшні дзень няма. У розныя часы рабіліся спробы рэканструяваць мяркуемы славянскі дакірылічны алфавіт, аднак ўсе яны не далі жаданых вынікаў. Ёсць меркаванні, што гэта была неўладкаваная (“неустроенная”) грэчаская азбука. А можа, адзінай сістэмы пісьма ў нашых продкаў і не існавала, а ў розных старажытных плямёнаў былі свае алфавіты. Відавочна тое, што шлях да разгадкі пісьменнасці на ўсходнеславянскіх землях у дахрысціянскі перыяд ляжыць праз далейшае накапленне матэрыялу і яго навуковую інтэрпрэтацыю.
|