|
ПытаннеDate: 2015-10-07; view: 591. пра паходжанне літаратурнай мовы ўсходніх славян (тэорыі А.А.Шахматава, С.П.Абнорскага, В.У.Вінаградава, Ф.П.Філіна) Праблеме паходжання і развіцця ўсходнеславянскай літаратурнай мовы прысвечана даволі вялікая навуковая літаратура. Большасць рускіх лінгвістаў ХІХ ст. асновай усходнеславянскай літаратурнай мовы лічылі стараславянскую мову, якая прыйшла на Русь разам з прыняццем хрысціянства. Згодна з гэтай тэорыяй, усходнесласвянская мова – ёсць не што іншае, як стараславянская мова, якая з часам набіраецца элементаў мясцовых гаворак, “русее” на агульнаўсходнеславянскай моўнай глебе, напаўняючыся сродкамі жывога маўлення, што прыводзіць да стварэння своеасаблівай рэдакцыі царкоўнаславянскай мовы. Гэтай тэорыі ў свой час прытрымліваліся А.І. Сабалеўскі, Л.У. Шчэрба, Бадуэн дэ Куртэнэ. Найбольш паслядоўнае і поўнае развіццё і абгрунтаванне гэтага пункту гледжання знайшло адлюстраванне ў працах акад. А.А. Шахматава, які ўзяўся лінгвістычна даказаць яго. Таму традыцыйна гэтую тэорыю называюць тэорыяй А.А. Шахматава. На яго думку, усходнеславянская літаратурная мова – гэта стараславянская мова ў рускім варыянце. Аднак у савецкі час быў пашыраны іншы, супрацьлеглы пункт гледжання: узнікненне ўсходнеславянскай літаратурнай мовы адбывалася на ўласнай моўнай аснове. Гэтай думкі прытрымліваўся акад. С.П. Абнорскі, які ў 30-я гады ХХ ст. выказваўся за яе самабытны характар паходжання і сцвярджаў, што яна нібыта толькі пазней адчула на сабе ўплыў стараславянскай. Гэтая гіпотэза была падмацавана вучоным пазней, у працэсе даследавання і аналізу мовы” Рускай праўды” і “Малення” Данііла Заточніка, твораў У. Манамаха і “Слова пра паход Ігаравы”. Мова гэтых твораў, на думку даследчыка, старажытнаруская ў сваёй аснове. Наяўнасць жа ў ёй асобных царкоўнаславянізмаў ён лічыў напластаваннямі пазнейшых часоў і тлумачыў тым, што у тэксты названых помнікаў яны трапілі пазней, пры перапісванні арыгіналаў. З цягам часу тэорыя С.П. Абнорскага знайшла падтрымку ў многіх гісторыкаў мовы. Тым не менш, яе нельга лічыць дастаткова аргументаванай, на што ўказвалі такія вядомыя лінгвістычныя аўтарытэты, як Б.А.Ларын, В.У. Вінаградаў, Ф.П.Філін. Такім чынам, дадзеная тэорыя адносна паходжання ўсходнеславянскай літаратурнай мовы зводзіцца да наступнага: усходнеславянская літаратурная мова сфарміравалася на аснове жывой гаворкі ўсходніх славян і вуснай моватворчасці народа.
Па-свойму пытанне паходжання літаратурнай мовы ўсходніх славян вырашаў акад. В.У. Вінаградаў. На яго думку, у выніку ўзаемадзеяння стараславянскай мовы і народнай усходнеславянскай утварыліся два тыпы (стылі) літаратурнай мовы : кніжнаславянскі ( на базе стараславянскай мовы) і народна-літаратурны (на базе жывых народных гаворак). Гэтыя тыпы былі ўзаемазвязаны паміж сабой і выкарыстоўваліся ў розных сферах культуры, пісьменнасці, выконвалі розныя грамадскія функцыі. Першая, кніжнаславянская разнавіднасць літаратурнай мовы абслугоўвала патрэбы людзей, звязаныя з іх хрысціянскім светапоглядам. Другая ж служыла сродкам зносін, выкарыстоўвалася для свецкіх патрэб, а таксама ў літаратурных творах. Асобна В.У. Вінаградаў разглядаў мову старажытнарускай дзелавой пісьменнасці. Канцэпцыя В.У. Вінаградава ў савецкім мовазнаўстве сярэдзіны ХХ ст. набыла даволі значнае пашырэнне і прызнанне. На аснове тэорыі В.У. Вінаградава ў савецкі час сфарміраваўся погляд аб узаемадзеянні ўласнай моўнай асновы з кніжнай стараславянскай і, як вынік гэтага, вылучэнне ў сістэме літаратурнай мовы ўсходніх славян наступных стылістычных разнавіднасцей (тыпаў): 1)кніжнаславянскага (царкоўнаславянскага, царкоўна-кніжнага, царкоўна-літаратурнага – паводле іншай тэрміналогіі) – на аснове стараславянскай мовы; 2) народна-літаратурнага – на аснове ўзаемадзеяння народнай гаворкі і стараславянскай мовы; 3) дзелавога (справаводнага), найбольш цесна звязанага з жывой усходнеславянскай народнай гаворкай. Своеасаблівай думкі па гэтай праблеме прытрымліваўся рускі лінгвіст Ф.П. Філін. Ён наогул лічыў, што для Старажытнай Русі была характэрна сітуацыя літаратурнага двухмоўя, якое было прадстаўлена: 1)царкоўнаславянскай літаратурнай мовай (генетычнастараславянскай) з двума тыпамі: а) уласнацаркоўналавянская мова (мова богаслужэбнай літаратуры, перакладзенай або створанай у Балгарыі і іншых краінах Еўропы, якая чыталася і перапісвалася на Русі); б) славяна-руская мова (мова арыгінальных твораў, у якіх пераважала царкоўнаславянская моўная стыхія, але ў той ці іншай ступені прысутнічаў і ўсходнеславянскі моўны субстрат); 2) старажытнаруская літаратурная мова таксама з двума тыпамі: а) мова дзелавой пісьменнасці і прыватнай перапіскі, заснаваная на жывой народнай гаворцы; б) мова “апавядальнай” літаратуры (творы розных жанраў), усходнеславянская ў сваёй аснове, але з шырокім выкарыстаннем царкоўнаславянскіх моўных сродкаў. Царкоўнаславянская і старажытнаруская літаратурныя мова, на думку Ф.П.Філіна, цесна ўзаемадзейнічалі паміж сабою і маглі выкарыстоўвацца ў залежнасці ад зместу нават у адным і тым жа літаратурна-пісьмовым помніку.
|