|
Тыпы (стылі)Date: 2015-10-07; view: 1149. літаратурнай мовы ўсходніх славян. Мова помнікаў усходнеславянскага пісьменства У сістэме літаратурнай мовы ўсходніх славян вылучаюцца тры разнародныя паводле паходжання стылістычныя разнавіднасці – тыпы, або стылі: 1) кніжна-славянскі; 2) народна-літаратурны (свецка-мастацкі); 3 ) дзелавы ( справаводны). Асновай для падзелу на тыпы ва ўсходнеславянскай мове служыла тая ці іншая ступень адлюстравання ў помніках стараславянскіх і ўсходнеславянскіх моўных рыс. Між тым, кожны са стыляў характарызаваўся пэўнымі моўнымі прыкметамі, лексічнымі, граматычнымі і стылістычнымі сродкамі. Кніжнаславянскі тып.Кніжнаславянскі тып прадстаўлены значнай колькасцю пісьмовых помнікаў ХІ–ХІІІ стст., даволі разнастайных па сваім змесце. Гэты тып склаўся на аснове стараславянскай мовы. Сюды адносяцца найперш стараславянскія тэксты, у тым ліку богаслужэбныя кнігі – Евангеллі, Псалтыры, што пранікалі на Русь з Балгарыі ў сувязі з прыняццем хрысціянства. Найбольш вядомымі тагачаснымі пісьмовымі помнікамі рэлігійнага зместу з'яўляліся наступныя: Астрамірава евангелле (1056–1057 гг.); «Изборники» князя Святаслава (1072); Архангельскае евангелле (1092 г.); Мсціславава евангелле ( 1117 г.); Юр'еўскае евангелле (1120 г.); Наўгародскія службовыя чэцці-мінеі (1095-1097 гг.) і інш. Разам з перапісанымі богаслужэбнымі кнігамі ўзнікаюць і арыгінальныя творы царкоўнай белетрыстыкі: казанні, павучанні, апокрыфы (творы з біблейскім сюжэтам, але з адступленнямі ад традыцыйнага веравучэння, а таму адхіленыя царквой), жыціі святых, напрыклад: Казанні Кірылы Тураўскага (ХІІ ст.), “Хаджэнне багародзіцы па пакутах”(ХІІ ст.), “Жыціе Барыса і Глеба”, “Слова аб законе і благадаці” кіеўскага мітрапаліта Іларыёна (усе яны былі напісаны на царкоўнаславянскай мове). Атрымлівае пашырэнне і перакладная гістарычная літаратура: гістарычная аповесць “Александрыя” (пра заваёўніцкія паходы А.Македонскага і яго войска), “Хроніка” Георгія Амартола (г.зн. грэшніка), “Іудзейская вайна” Іосіфа Флавія,аповесць “Дзеўгеніева дзяянне”, “Аповесць аб Варлааме і Іасафе” і інш. Перапісчыкі (а гэта былі пераважна царкоўныя дзеячы, манахі, свяшчэннікі) з'яўляліся дзецьмі свайго часу, а таму, нягледзячы на тое, што творы перапісваліся на стараславянскай мове, у іх моўную тканіну траплялі ўсходнеславянскія элементы (фанетычныя, граматычныя), якіх з цягам часу накаплівалася ўсё больш і больш. Як вынік – узнікненне своеасаблівага зводу (рэдакцыі) стараславянскай мовы – царкоўнаславянскай мовы з усімі фанетычнымі і марфалагічнымі асаблівасцямі, уласцівымі стараславянскай мове. Народна-літаратурны тып. Мова свецкай (апавядальнай) літаратуры.Свецка-мастацкіх твораў на ўсходнеславянскай літаратурнай мове параўнальна няшмат. Да іх ліку адносяцца наступныя літаратурна-пісьмовыя помнікі ХІ–ХІІ стст.: “Павучанне” Уладзіміра Манамаха, “Маленне” Данііла Заточніка, “Слова пра паход Ігаравы”, “Аповесць мінулых гадоў”. Арыгіналы гэтых помнікаў не захаваліся, яны дайшлі да нас у копіях. Тым не менш, даследчыкі лічаць, што большасць копій захавалі асноўныя моўныя рысы арыгіналаў. Мова названых твораў характарызуецца складаным адзінствам, суіснаваннем кніжных (стараславянскіх) і народных (усходнеславянскіх) элементаў, ступень выкарыстання якіх залежала ад характару, жанру помніка, яго зместу: там, дзе ішла бытавая гаворка, выкарыстоўваліся ўсходнеславянскія моўныя сродкі, а дзе высокі стыль – стараславянскія. Такія стараславянізмы называюцца стылістычнымі (градъ, злато, храмъ). Для іх характэрна ўзнёсласць, урачыстасць, пафаснасць. З цягам часу стылістычнае размежаванне асобных стараславянскіх намінацый нярэдка прыводзіць да іх сэнсавага размежавання, напрыклад: хранити 'захоўваць'– хоронити ‘хаваць (нябожчыка)'. У тагачасных літаратурна-мастацкіх творах сустракаліся і так званыя сэнсавыя стараславянізмы, ужыванне якіх было выклікана неабходнасцю намінацыі пэўных рэлігійных паняццяў, напрыклад: насущность, трапеза, благочестие, мудролюбие, миропомазание і інш. Выкарыстанне стараславянскіх слоў, у першую чаргу стылістычных сінонімаў, узбагачала сінаніміку ўсходнеславянскай мовы (правда – ст.сл. истина; целовати – ст.сл. лобзати; лобъ – ст.сл. чело; щека – ст.сл. ланита). У адным і тым жа кантэксце можна сустрэць пачатковае о і е, напрыклад, усх.слав. на озере і ст.сл. единый. Ужыванне стараславянскіх моўных элементаў (лексічных, фанетычных) было не проста выпадковай, а глыбока прадуманай, усвядомленай з'явай. Так, у “Павучанні” У.Манамаха першая прамова Манамаха перад князямі падаецца на жывой усходнеславянскай мове з захаваннем асаблівасцей тагачаснай гаворкі, бо гэтае выступленне – заклік да рускіх князёў бараніць свой край; другая ж прамова ўяўляе сабой урачыстае выступленне з выпадку перамогі над полаўцамі, а таму яно поўнасцю вытрымана ва ўзнёслым тоне, што і дасягаецца выкарыстаннем стараславянізмаў. У тых месцах, дзе кніжнік пераходзіць на высокі стыль, ужыванне стараславянізмаў было абавязковым, напрыклад: блаженный, волхование, волшебство, злато, знамение і інш. Цеснае перапляценне ўсходнеславянскіх і стараславянскіх моўных асаблівасцей характэрна і для аднаго з лепшых помнікаў старажытнарускай літаратуры ХІІ ст. “Слова пра паход Ігаравы”. Аналіз мовы “Слова пра паход Ігаравы”. “Слова ...” спалучае ў сабе традыцыі вуснай народнай творчасці і элементы высокай кніжнай культуры ўсходніх славян. Гэта сапраўды народны твор. Для яго характэрна незвычайная вобразнасць мовы, багатая сінаніміка. Напрыклад: печаль – тоска – туга; слава – хвала – честь. Лексічны склад помніка налічвае 2800 адзінак. У ім шмат эпітэтаў (орелъ шизый, море синее, поле широкое, стрелы каленые), параўнанняў (сами скочюць, акы сhрыи влъци въ полh), эмацыянальных зваротаў і воклічаў (О, брацця і дружына!). Слоўнік багаты і ў тэматычных адносінах: у ім знайшлі адлюстраванне амаль ўсе бакі жыцця ўсходніх славян ХІІ ст. У помніку сустракаецца шмат слоў, якія па сваім фанетыка-марфалагічным абліччы блізкія да лексікі беларускай мовы: древо, мати, око, оксамитъ, смага, стягъ, студеный, шизый, полонити, абы, велми (на падставе гэтага ў сярэдзіне ХІХ ст. У. Сыракомля сцвярджаў, што “Слова...” напісана на старажытнай беларускай мове). Стараславянская моўная плынь у творы не такая ўжо і моцная, хаця асобныя стараславянізмы ўжываюцца даволі шырока. Гэта няпоўнагалосныя формы тыпу жребий, крамола, время і інш. Асобныя стараславянізмы з няпоўнагалоссем, напрыклад, врагъ, глава, злато, выкарыстоўваюцца пры апісанні падзей ва ўрачыстым, узнёслым тоне. Суадносныя ж поўнагалосныя формы воронъ, голова, золото ўжываюцца, калі гаворка ідзе на тэмы з адмоўнымі эмоцыямі. Напрыклад: тамо лежатъ поганыя головы половецкыя. У тэксце сустракаюцца таксама стараславянізмы-эпітэты: златъ столъ, сребрено оружие. Такім чынам, мова свецкай (апавядальнай) літаратуры ХІ–ХІІІ стст. ўяўляла сабой сінтэз элементаў стараславянскай мовы і мовы жывой, усходнеславянскай, з перавагай апошняй. Дзелавы тып. Мова дзелавых дакументаў.Гэты тып усходнеславянскай літаратурнай мовы знайшоў адлюстраванне ў дзелавых дакументаў ХІ–ХІІ стст. Самыя раннія помнікі дзелавой пісьменнасці адносяцца да ХІ ст. Яны з'яўляюцца найлепшымі крыніцамі для вывучэння жывой мовы ўсходніх славян, бо іх асноўная асаблівасць – блізкасць да народнай гутарковай мовы . Гэтая акалічнасць тлумачыцца наступнымі прычынамі: – па-першае, дзелавыя дакументы былі выкліканы да жыцця практычнымі патрэбамі. Вядома, любы што дзелавы дакумент павінен быць гранічна дакладным, сціслым, канкрэтным і зразумелым, у ім не павінна быць ніякай метафарычнасці і вобразнасці, чым і тлумачыцца адпаведны выбар канкрэтнай лексікі і адсутнасць абстрактнай; – па-другое, сама спецыфіка дзелавога дакумента – адлюстраванне побыту, паўсядзённых жыццёвых пытанняў – прымушала пісцоў звяртацца да жывой гутарковай мовы. Найбольш вядомымі ўзорамі дзелавой пісьменнасці ўсходніх славян ХІ–ХІІ стст. з'яўляюцца наступныя пісьмовыя помнікі: Тмутараканскі надпіс (1068 г.), наўгародскія берасцяныя граматы (ХІ–ХІУ стст.), Мсціславава грамата (1180 г.), грамата Варлаама Хутынскага (1192 г.), “Руская праўда” – самы важны юрыдычны помнік дзелавога пісьма (быў складзены ў другой палавіне ХІ ст. пры Яраславе Мудрым), які ўяўляе сабой першы афіцыйны звод законаў Старажытнай Русі . У тагачасных дзелавых дакументах, у тым ліку і ў “Рускай праўдзе”, знайшлі адлюстраванне шматлікія ўсходнеславянскія моўныя асаблівасці. На фанетычным узроўні – пачатковае о (озеро, олень, одинъ); выпадзенне рэдукаваных ь, ъ у слабай пазіцыі (князь замест кънязь); ч замест старажытнага спалучэння *tj (хочю замест хотj@); жзамест *dj (нужа замест пиdjа); поўнагалоссе (Всеволод, городъ, серебрено) і інш. На марфалагічным узроўні найбольш выразна выявіла сябе адсутнасць звязкі ў перфекце (князь м..рилъ замест князь есть мhрилъ). Шырокае адлюстраванне знайшла ўсходнеславянская лексіка грамадска-палітычнага і сацыяльна-эканамічнага зместу (мытникъ ‘зборшчык пошлін', ябетникъ ‘судовая асоба', смердъ ‘селянін', гридъ ‘дружыннік князя', голова ‘забіты', головникъ ‘забойца', гость ‘купец', видокъ ‘сведка', вира ‘штраф за забойства', челядь, холопы). Гэтыя і іншыя ўсходнеславянскія моўныя рысы найбольш пашыраны ў “Рускай праўдзе”, дзе колькасць стараславянскіх моўных сродкаў зусім нязначная (няпоўнагалосныя формы вражда, чрево), бо дзелавыя дакументы слаба адчулі на сабе ўплыў стараславянскай мовы. У названым помніку шырока ўжываюцца юрыдычныя тэрміны (правъда ‘збор правілаў, законаў', головникъ, скотъ ‘грошы', судъ, истьць, вира), а таксама сельскагаспадарчыя і побытавыя назвы (жито, сено, медъ, гумно, клеть), узятыя з жывой гутарковай мовы. Усё вышэй сказанае дае падставы сцвярджаць, што ўжо ў ХІ – ХІІ стст. існавалі пэўныя правілы складання дзелавых дакументаў. Для іх мовы была характэрна шаблоннасць, аднастайнасць лексікі, стандартнасць і аднатыпнасць сінтаксічных канструкцый. У гэты час ідзе выпрацоўка пэўных прыёмаў дзелавога пісьма, яго спецыфічных формул і зваротаў.
|