Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Пісьменства на тэрыторыі сучаснай Беларусі


Date: 2015-10-07; view: 799.


ў ХІ – ХІІІ стст.

Асноўнымі цэнтрамі пісьмовай культуры Старажытнай Русі былі Кіеў і Ноўгарад. Аднак пісьменнасць у ХІ–ХІІІ стст. была шырока распаўсюджана і на тэрыторыі этнічнай Беларусі. Пра характар пісьмовай культуры на беларускіх землях мяркуюць па ўцалелых тагачасных пісьмовых помніках. З тых далёкіх часоў да нас дайшло некалькі старажытных рукапісных кніг ХІ ст., тэрытарыяльна звязаных з землямі Беларусі, а таксама Турава-пінскі летапіс (1021 – 1625гг.), “Жыціе Ефрасінні Полацкай” (ХІІ ст.), Полацкія евангеллі (ХІ І– ХІІІ стст.), Полацкі летапіс (ХІІ ст.), “Псалтыр” (ХІІІ ст.), Аршанскае евангелле (ХІУ ст.) і інш.

Асветніцкую справу на беларускіх землях услед за стваральнікамі славянскай азбукі Кірылам і Мяфодзіем прадоўжылі Ефрасіння Полацкая – стваральніца рукапісных бібліятэк, Кірыла Тураўскі – пісьменнік, прапаведнік, майстар аратарскай прозы, Клімент Смаляціч – царкоўны дзеяч і мысліцель, Аўрамій Смаленскі. Асаблівай увагі заслугоўваюць казанні і павучанні Кірылы Тураўскага як арыгінальныя рэлігійныя творы ХІІ ст.

У старажытны перыяд на тэрыторыі Беларусі была шырока распаўсюджана так званая бытавая пісьменнасць, пра што сведчаць помнікі матэрыяльнай культуры і прыкладнога мастацтва з надпісамі. Даволі цікавы і арыгінальны помнік пісьмовай культуры Беларусі ХІІ ст. уяўляе “Надпіс на крыжы Ефрасінні Полацкай” (1161г.) – узор бытавой пісьменнасці ХІІ ст. Верагодна, што яго змест Лазару Богшу прадыктавала сама асветніца. У той час крыж разглядаўся як сімвал палітычнай самастойнасці і культурнага росквіту Полацкага княства.

Сведчаннем шырокага распаўсюджання пісьменнасці сярод насельніцтва на старажытных беларускіх зямлях з'яўляюцца археалагічныя помнікі ХІ–ХІІ стст. Самым даўнім па часе помнікам бытавога прызначэння, які сведчыць аб існаванні на Беларусі ў старажытнасці пісьменства, лічыцца пячатка з іменем Ізяслава, сына Рагнеды. З археалагічных знаходак трэба адзначыць і выяўлены ў час раскопак у Пінску (1955г.) гліняны гладыш з надпісам “Ярополчно вино”, што, на думку даследчыкаў, азначае ‘віно Яраполка'; надпіс адносяць да ХІ ст. На тэрыторыі Беларусі знойдзена таксама некалькі прасліц (шыферных кольцаў, што надзяваліся на верацёны), якія адносяцца да ХІ–ХУ стст., з кірылічнымі надпісамі.

Як прыклады бытавой пісьменнасці можна разглядаць берасцяныя граматы, знойдзеныя ў Полацку, Віцебску, Мсціславе, а таксама надпісы на гліняным посудзе. Так, пад час рамонту вадаправода ў Віцебску (1959 г.) была знойдзена берасцяная грамата, якая адносіцца да ХІІІ – ХІУ стст. і ўяўляе сабой прыватны ліст “от Степана къ Нежилови”. Археалагічныя знаходкі з надпісамі ў розных мястэчках і гарадах Беларусі (прадметы бытавога прызначэння, прылады для пісьма, металічныя засцёжкі для пераплётаў кніг, берасцяныя граматы) даюць падставы гаварыць пра высокі ўзровень тагачаснага беларускага пісьменства, асабліва на землях старажытнай Полаччыны, а таксама пра тое, што пісьменнасць у той час канцэнтравалася не толькі пры рэлігійных і культурна-палітычных цэнтрах. Пашырэнне пісьма адбывалася як сярод феадалаў і духавенства, так і сярод простых гараджан, местачкоўцаў.

Мова пісьмовых помнікаў, створаных на беларускіх землях у ХІ– ХІІІ стст., у цэлым, мала чым адрознівалася ад старажытнарускай, хаця ў некаторых граматах зрэдку сустракаюцца фанетычныя асаблівасці беларускай мовы. Раннія ж помнікі старабеларускага пісьменства характарызуюцца тым, што ў іх амаль поўнасцю адсутнічаюць мясцовыя (дыялектныя) асаблівасці.

 

Лекцыя 3. Старабеларуская літаратурная мова


<== previous lecture | next lecture ==>
Тыпы (стылі) | ХІУ - ХУІІІ стст.
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 1.532 s.