Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Францыск Скарына – беларускі першадрукар, асветнік, гуманіст. Значэнне яго культурна-асветніцкай дзейнасці.


Date: 2015-10-07; view: 3177.


Мова выданняў Ф. Скарыны

 

Ф.Скарына – наш зямляк, нарадзіўся ў Полацку прыблізна каля 1490г. (ці 1486 г.) у сям'і дробнага купца Лукіша Скарыны, які гандляваў футрамі. Бацькі рыхтавалі яго да купецкай дзейнасці, але дапытлівы палачанін выбраў сабе іншую дарогу. У 1504 г. Ф.Скарына паступіў у Кракаўскі універсітэт, у якім вучыўся да 1506г. У 1506 г. па заканчэнні універсітэта ён атрымлівае званне бакалаўра філасофскіх навук. Пасля гэтага Ф.Скарына некаторы час падарожнічае па Еўропе, паглыбляючы веды па філасофіі, гісторыі, медыцыне. У 1512 г. ён паступае ў Падуанскі універсітэт у Італіі і ў гэтым жа годзе бліскуча здае экзамены на званне доктара лекарскіх навук. З 1512 па 1517 гг. звесткі пра жыцце Ф.Скарыны згублены. Ёсць меркаванні, што гэты час будучы першадрукар скарыстаў для навучання друкарскаму майстэрству, рыхтуючы да выдання “Біблію”. З 1517г. ён у чэшскай Празе. 6 жніўня 1517 г. у Празе Ф. Скарына выдаў сваю першую кнігу “Псалтыр”. Гэты дзень лічыцца пачаткам беларускага і ўсяго ўсходнеславянскага кнігадрукавання.

Ф.Скарынам кіравала ідэя – не толькі даць народу займальнае чытанне, але і імкненне да распаўсюджвання адукацыі і асветы ў родным краі. У прадмове да “Псалтыра” ён гаворыць, што яго кнігу можна скарыстоўваць пры навучанні грамаце: “детям малым початок всякое доброе наукы, дорослым – помножение в науце…”.Ф.Скарына клапаціўся, каб яго кніга была зразумелай для чытача, а таму асобныя царкоўнаславянскія словы тлумачыў на палях. Адпаведнікі з жывой беларускай мовы на палях – глосы– можна разглядаць як пачатак беларускай лексікаграфіі. На працягу 1517-1519 гг. Ф. Скарына выдаў 23 кнігі Бібліі на мове, блізкай да мовы старажытнага беларускага пісьменства.

Яго пісьменніцкія здольнасці выявіліся пры напісанні да кожнай біблейскай кнігі прадмоў і пасляслоўяў на беларускай мове. У сваіх прадмовах аўтар гаворыць пра асвету, выступае прыхільнікам шырокай сістэмы адукацыі, звяртае ўвагу на маральнае значэнне друкаваных кніг, выкладае свае навуковыя і грамадска-палітычныя погляды і выяўляе новы тып патрыёта: яго патрыятызм праяўляецца не проста як любоў да Радзімы, а найперш як любоў да роднага народа, носьбіта “рускаго языка”. На думку Ф.Скарыны, “мова – гэта і ацэнка нацыянальнай самабытнасці народа, і крыніца нацыянальнай свядомасці і патрыятычнага гонару”. Першадрукар выказваўся за раўнапраўе моў, казаў, што ўсе мовы роўныя. У пасляслоўях ён гаворыць, што тая ці іншая кніга “выпушчана” яго працаю, выкладам, загадам, называе час і месца выдання кнігі.

З 1521 г. Ф. Скарына ў Вільні. У гэты час ён стварае друкарню ў доме Якуба Бабіча. У 1522 г. ім была выдадзена “Малая падарожная кніжка”, якая ўяўляла сабой звод малітваў і прызначалася для купцоў і гандляроў, якія часта знаходзіліся ў падарожжы. У 1525г. быў выдадзены новазапаветны “Апостал.

Пасля 1525г. Ф.Скарына шмат падарожнічае . З 1529 па 1534 гг. ён у Познані. Пра яго далейшае жыццё вядома вельмі мала. Будучы цяжкахворым чалавекам, славуты першадрукар пакідае Вільню і ў 1535 г. зноў пераязджае ў Прагу, атрымаўшы запрашэнне ад чэшскага караля Фердынанда І, працуе батанікам у каралеўскім садзе. Год смерці Ф.Скарыны дакладна невядомы: 1541 ці 1551.

Вялікі вучоны, асветнік, гуманіст, чалавек энцыклапедычных ведаў, Ф.Скарына пакінуў пасля сябе вялікую спадчыну. Наш славуты першадрукар быў гуманістам у самым прамым сэнсе гэтага слова, бо ў цэнтры яго ўвагі быў чалавек.

Мова выданняў Ф. Скарыны. Выдавецкая дзейнасць Ф.Скарыны адносіцца да той эпохі, калі мова беларускай пісьменнасці ў сваіх найважнейшых жанрава-стылявых разнавіднасцях перажывала працэс актыўнай дэмакратызацыі, якая ажыццяўлялася шляхам свядомага ці стыхійнага выцяснення з пісьмовых тэкстаў архаічных старажытнарускіх і царкоўнаславянскіх рыс і замены іх адпаведнымі сродкамі жывой беларускай мовы. Гэты працэс найбольш інтэнсіўна праяўляўся ў свецкай пісьменнасці, напрыклад, у летапісах і дзелавых дакументах. Але паступова ён распаўсюдзіўся і на канфесійную літаратуру на царкоўнаславянскай мове. На Беларусі вынікам такой эвалюцыі мовы царкоўнаславянскай пісьменнасці было ўзнікненне асобай, беларускай рэдакцыі (зводу) царкоўнаславянскай мовы. Мова выданняў Ф.Скарыны якраз і адлюстроўвае гэтую прагрэсіўную для тагачаснай Беларусі тэндэнцыю. Яго выданні аказаліся насычанымі беларускімі моўнымі рысамі ў такой ступені, што даследчыкі сутыкаюцца з цяжкасцямі пры вызначэнні іх моўнай асновы.

З пункту гледжання адносін да жывой беларускай мовы ўсе выданні Ф.Скарыны падзяляюцца на дзве групы. Адну з іх утвараюць пражскі “Псалтыр” 1517г., віленская “Малая падарожная кніжка” 1522г. і “Апостал” 1525г. Гэтыя кнігі Ф.Скарына выдаў на царкоўнаславянскай мове беларускай рэдакцыі. Адносна “Псалтыра” першадрукар заўважаў, што ён выдаў гэту кнігу “не рушаючи самое псалътыри ни в чемъ же”. “Псалтыр”, “Малая падарожная кіжка”, “Апостал” характарызуюцца адлюстраваннем шматлікіх рыс беларускай мовы ў галіне лексікі, фанетыкі і граматыкі.

Да другой групы адносяцца самастойныя пераклады Ф. Скарынам біблейскіх кніг, выдадзеныя ў Празе на працягу 1517–1519 гг. У гэтых выданнях моўная аснова таксама царкоўнаславянская, але яна прыкметна парушаецца элементамі беларускай, чэшскай і польскай моў. Моўныя асаблівасці, якія характарызуюць “Псалтыр”, “Малую падарожную кніжку”, “Апостал”, уласцівы таксама і для яго перакладных біблейскіх кніг, з той толькі розніцай, што тут яны праведзены больш шырока і паслядоўна. З граматычных рыс, якія адлюстраваны ў выданнях Ф. Скарыны і адрозніваюць іх мову ад царкоўнаславянскай, можна адзначыць шматлікія выпадкі ўжывання канчатка -у(-ю) ў родным склоне назоўнікаў мужчынскага роду: ветру, гласу, грому, клопоту, облаку, праху, скарбу, смутку, часу. У Ф.Скарыны, па сутнасці, упершыню ў якасці варыянтнай нормы ў давальным склоне назоўнікаў на ўжываецца канчатак -ови(еви): богови, идолови, мужеви, цареви. Новай з'явай можна лічыць шырокае выкарыстанне канчатка -ове(-еве)ў назоўным склоне множнага ліку: вранове, докторове, послове.

У сістэме прыметніка вылучаецца частае ўжыванне канчатка -ого (-его) ў родным склоне адзіночнага ліку мужчынскага і ніякага роду (ветхого, драгого, моцного) і канчатка -ое (-ее) ў жаночым родзе (великое, вечное, чужое).

У дзеясловах звяртае на сябе ўвагу канчатак 1-й асобы множнага ліку цяперашняга часу -моі-мы: говоримо, седимо, ходимо, даемы, жывемы. З такімі ж канчаткамі ўжываюцца і формы загаднага ладу 1-й асобы множнага ліку: биймо, воюймо, жадаймы.

Лексічны склад скарынаўскіх выданняў вызначаецца арыгінальнасцю і непаўторнасцю на фоне старабеларускай і наогул усходнеславянскай пісьменнасці таго часу: генетычную аснову яго слоўніка складае спрадвечна беларуская, царкоўнаславянская і заходнеславянская лексіка.

Надзвычай вялікі ў перакладных выданнях Ф. Скарыны разрад спрадвечна беларускай лексікі. Пераважная большасць такіх слоў захоўваецца ў сучаснай беларускай мове. Скарынаўскія пераклады насычаны такімі лексічнымі беларусізмамі-назоўнікамі, як ботъ, вежа, волотъ, ворожбить, гай, господаръ, гукъ, детинство, згода, клопоть, кривда, кропля, кутъ, матка, надея, поклепъ, полонъ, помста, подлога, промень, речъ, смутокъ, справа, суседъ, шибеница, і інш. Колькасць беларускай лексікі ў тэкстах Ф.Скарыны значна павялічваецца за кошт шматлікіх дзеясловаў рознага паходжання, якія з'яўляюцца спецыфічнай прыналежнасцю слоўнікавага складу беларускай мовы: гинути, дбати, жадати, обецати, помстити, працовати. Беларускую афарбоўку тэкстам Ф.Скарыны прыдаюць і шматлікія прыметнікі накшталт голодный, даремный, добрый, дробный, смутный .

Пры сучасным стане вывучанасці лексікі старабеларускай мовы пакуль няма магчымасці катэгарычна сцвярджаць, якія словы ў тэкстах Ф.Скарыны трэба аднесці да ліку ўласных новаўтварэнняў перакладчыка. Можна адзначыць, напрыклад, што лексемы тыпу глупство, дуровство, скуповство з'яўляюцца прыналежнасцю індывідуальнага стылю Ф. Скарыны, бо яны не фіксуюцца ні папярэднімі, ні больш познімі помнікамі беларускай пісьменнасці. Несумненнымі скарынаўскімі неалагізмамі можна лічыць назоўнікі книжница ‘бібліятэка', певница ‘музыка', стороница ‘старонка'.

У перакладных выданнях Ф.Скарыны прыкметна выступае разрад запазычанай лексікі заходнееўрапейскага паходжання, у прыватнасці, чэхізмаў (вчерашекъ, жадость, зазлити, смыркъ), паланізмаў (панъ, здрада, моцъ), лацінізмаў (алоесъ, кришталь, органъ, цымбалы), германізмаў (барва, лотръ, муръ, панцеръ, рада, смакъ, фунть). Пры разглядзе складовых частак скарынаўскага слоўніка даводзіцца канстатаваць, што царкоўнаславянская лексічная стыхія тут пераважае. У яго перакладах пашыраны шматлікія царкоўнаславянізмы накшталт назоўнікаў адъ, бдение, благодарение, бракъ, воскресение, жертва, клевета, покаяние, распятие, роптание, скорбь, суета, трапеза, ярость; дзеясловаў благоволити, зрети, искусити, презирати, роптати, уповати; прыметнікаў алчный, безумный, блаженный, ветхий, дерзкий, нищий; прыслоўяў вкупе, днесь, паки і інш. Заўважым, што лексічныя царкоўнаславянізмы ўводзіліся Ф. Скарынам у яго пераклады свядома і кваліфікаваліся ім як неабходная прыналежнасць рэлігійнага стылю і натуральны элемент тагачаснай пісьменнасці. Выкарыстанне царкоўнаславянізмаў у яго перакладах можна разглядаць як наўмысны сродак надання рэлігійным тэкстам урачыстасці і ўзнесласці ў сувязі з неабходнасцю проціпаставіць пры дапамозе моўных сродкаў творы Свяшчэннага пісання іншым відам тагачаснай літаратуры.

Заслуга Ф.Скарыны заключаецца ў тым, што ён прымяняльна да патрэб свайго часу стварыў асобны тып гібрыднай царкоўнаславянска-беларускай пісьмовай мовы, аналага якога немагчыма знайсці ва ўсходніх славян таго часу. Выданні Ф.Скарыны з'яўляюцца выдатным узорам беларускага варыянта царкоўнаславянскай мовы. Захаваўшы царкоўнаславянскую моўную аснову ў сваіх перакладах, ён узбагаціў іх беларускімі моўнымі сродкамі ў такой ступені, што мова яго перакладаў заняла самае крайняе становішча ў беларускай рэдакцыі царкоўнаславянскай мовы і фактычна аказалася прамежкавым звяном у працэсе пераходу ад царкоўнаславянскай мовы да беларускай у сферы рэлігійнага ўжытку.

Увядзенне Ф. Скарынам у тэксты Свяшчэннага пісання сродкаў жывой беларускай мовы мела вырашальнае значэнне для далейшага лёсу рэлігійнай пісьменнасці на Беларусі. Ён даў бліскучы ўзор уключэння сродкаў народнай мовы ў Свяшчэннае пісанне і тым самым парваў шматвяковую традыцыю выкарыстання з гэтай мэтай выключна канфесійнай царкоўнаславянскай мовы з яе амярцвелымі граматычнымі формамі і лексікай. Ф.Скарына ўпершыню выступіў як рэфарматар мовы ў такім кансерватыўным жанры, як рэлігійная літаратура. У гэтым найперш і заключаецца яго роля ў гісторыі беларускай мовы .

Вызначаны Ф. Скарынам кірунак выкарыстання беларускай мовы ў рэлігійных жанрах знайшоў далейшы працяг ў дзейнасці такіх яго паслядоўнікаў, як Сымон Будны і Васіль Цяпінскі, якія ўжо амаль цалкам перайшлі на беларускую мову.

 

 

Лекцыя 6.Летапісанне на Беларусі ў ХУ –ХУІІ стст. Мова беларускіх летапісаў

Для вывучэння гістарычнай фанетыкі, марфалогіі, сінтаксісу, лексікі і фразеалогіі старабеларускай мовыбагаты матэрыял дае летапісанне, якое існавала на Беларусі амаль восем стагоддзяў (з ХІІ па ХІХстст.). Летапісы складаліся ў розныя часы ў розным сацыяльна-культурным асяроддзі, таму паводле зместу, ідэйнай скіраванасці і жанрава-стылістычных асаблівасцях яны вельмі разнастайныя.

Адметнае месца ў гісторыі беларускага летапісання займаюць летапісы ХІУ–ХУІІ стст., якія былі створаны як агульнадзяржаўныя ў ВкЛ. Іх прынята называць беларуска-літоўскімі, бо яны – духоўны набытак двух народаў – беларускага і літоўскага, якія жылі ў адной дзяржаве амаль пяць стагоддзяў. Да нашага часу захаваліся чатыры беларуска-літоўскія зводы летапісаў у 23-х спісах, у якіх беларуская мова адлюстравалася неаднолькава: у адных пераважаюць рысы жывой народнай гаворкі, у іншых пры наяўнасці беларускіх асаблівасцей шырока адлюстроўваецца традыцыйная лексіка, граматычныя і фанетычныя рысы ўсходнеславянскай і стараславянскай моў.

Вывучэнне мовы летапісаў, распачатае акад. Я.Ф.Карскім і прадоўжанае Н.Т. Вайтовіч, Е.С. Мяцельскай, А.І. Жураўскім, Л.М. Шакуном, В.К.Мароз, засведчыла беларускамоўную аснову іх арыгінальных частак. Як устойлівую фанетычную асаблівасць мовы летапісных помнікаў вучоныя вылучаюць аканне: манастырь, караблех, витовтавым. Адзначаецца перавага поўнагалосных формаў: полон, холопъ, середний; пераход у → ў (праяўляецца праз змешванне графем у і в): вжо, вмел, вродили. У галіне кансанантызму выразна праяўляюцца такія моўныя з'явы, як змена в на ў: были у великои милости, быти у Вилни; зацвярдзенне р: тры, прыехал ; зацвярдзенне губных зычных на канцы слоў: любовъ, семъ; падаўжэнне зычных: братанню; асіміляцыя зычных (прыпадабненне глухіх да звонкіх і шыпячых да свісцячых): збирати, з нею, ческое; распадабненне груп зычных кт, чт у выніку страты рэдукаваных: нехто, хто, што.

Асаблівасці марфалогіі старабеларускай мовы таксама знайшлі сваё адлюстраванне ў летапісах: ужыванне канчатка(побач з ) для назоўнікаў м. р. адз.л. Р. скл. (пирогу, скарбу, з голаду); выцясненне кароткай формы прыметнікаў; ужыванне дзеепрыслоўяў цяперашняга часу незакончанага трывання з суфіксамі -учи, -ючи, -ечи- (ждучи, служечи, ходечи); замацаванне поўнай формы займеннікаў (собе, тобе, тая, той). Найбольш выразны прыклад у сінтаксісе летапісаў – выражэнне прыналежнасці пры дапамозе прыметнікаў замест назоўнікаў у Р. скл. (брат Олгирдавъ, вбили дву братов скиргаиловых).

Я.Ф.Карскі падкрэсліваў, што для мовазнаўцаў найбольшую цікавасць маюць тыя старажытныя пісьмовыя помнікі, у якіх “народны элемент пераважае.” Сярод беларускіх летапісаў з так званых мясцовых хронік вылучаецца Баркалабаўскі летапіс, створаны ў пачатку ХVII ст., аўтарам якога з'яўляецца, хутчэй за ўсё, свяшчэннік Баркалабаўскай царквы Фёдар Піліпавіч Магілёвец. Асноўную ўвагу летапісец звяртае на падзеі мясцовага жыцця ў сяле і замку Баркалабаве, Быхаве, Магілёве, сведкам большасці якіх ён быў сам. Замалёўкі вясковага жыцця чытаюцца, як мастацкая літаратура. На мове летапісу адбілася, з аднаго баку, адукаванасць аўтара, з другога – яго жыццё сярод простага народа, якое дазваляла засвойваць асаблівасці жывой беларускай мовы таго часу. На правапіс народна-гутарковая мова ўплывала слаба. Затое ў фанетыцы яе ўплыў быў адчувальны: тут часцей, чым у многіх іншых старабеларускіх пісьмовых помніках, перадаецца аканне, пераход уў; п, х на месцы ф ( пилип, огапья , прыстаўное в ( восень, вулица).

У галіне марфалогіі часцей ужываецца канчатак -у у назоўніках м. р. адз. л. Р. скл. ( морозу, гневу). Прыметнікі м. р. у Р. скл. адз. л. побач з канчаткам -ого (-его ) маюць -аго(-яго): новаго, сильнаго. У ж. р. пераважае двухскладовы канатак -ое, які захоўваецца сёння ў паэзіі і фальклоры ( днепровое, кислое).

У летапісе шырока адлюстравалася лексіка жывой народнай мовы: назвы з'яў прыроды ( перуны и грады, гром, метелица, мороз, гололедица, ковзота), назвы раслін і палявых работ (жито, гречиха, овес, пшеница, цибуля, молотили), назвы страў і прадуктаў харчавання (хлеба просили, дай ложечку дитятку варивцу сырого, меду пресного), назвы жывёл (лоня застрелили, кобанов 50, лосей, вепров). Пры апісанні падзей рэлігійнага жыцця ўжываюцца царкоўнаславянізмы (службы божественныя везати); там, дзе апавядаецца пра падзеі ў Польшчы, сустракаюцца паланізмы (кроль, жолнере, мешкати).

Пачаткам апошняга этапу летапісання на Беларусі лічыцца перыяд з сярэдзіны ХУІІст., калі пачынаюць стварацца гарадскія хронікі. Да нашага часу дайшоў Віцебскі летапіс Панцырнага і Аверкі, які ствараўся прыблізна з сярэдзіны ХУІІст. па 1768 г. і быў напісаны на польскай мове. Помнік уяўляе сабой цікавы твор, амаль цалкам прысвечаны гісторыі нашага горада і складзены яго жыхарамі, мяшчанамі па сацыяльным становішчы Міхаілам Панцырным, Янам Чарноўскім, Гаўрыілам і Стэфанам Аверкамі.

Тэматычная разнастайнасць апісаных падзей і фактаў (тут гаворыцца і пра будаўніцтва Ефрасінняй у Полацку царквы святога Спаса (1171г.), і пра забойства польскім каралём Баляславам епіскапа Станіслава (1179г.), і пра з'яўленне ў 1211г. каметы) абумовіла багацце лексікі, пакладзенай у аснову твора.

Багаты “ваенны” матэрыял помніка вызначыў шырокае выкарыстанне ў ім ваенных тэрмінаў і паняццяў: воевода, крестоносецъ, армія, стычка, нападеніе і інш. Даволі ўжывальная ў летапісе лексіка са сферы рэлігійнага жыцця: митрополитъ, католикъ, колоколъ, христианинъ, владыка, икона. У помніку шмат месца адведзена розным бытавым замалёўкам – апісанню падзей з жыцця гараджан, стыхійных бедстваў, надвор'я (град, ветер, снег) .

Такім чынам, летапісы маюць вялікае культурна-гістарычнае значэнне не толькі як помнікі нацыянальнай літаратуры, але і як помнікі гісторыі беларускай літаратурнай мовы.

 

Лекцыя 7. Новая беларуская літаратурная мова ў ХІХ ст.: асаблівасці фарміравання і развіцця

 

1. Гістарычныя ўмовы фарміравання і асаблівасці развіцця новай беларускай літаратурнай мовы ў пачатку ХІХ ст.

Як вядома, у канцы ХVІІІ ст. беларускі народ апынуўся ў новых гістарычных абставінах: некалі магутная Рэч Паспалітая пасля трох падзелаў (1772, 1793, 1795гг.) перастала існаваць. Беларускія землі канчаткова ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. Іх далучэнне да Расіі, у цэлым, аказала дабратворны ўплыў на эканамічнае і культурнае развіццё Беларусі. Беларускі народ, пазбавіўшыся прымусовай паланізацыі, далучыўся да багатай культурнай скарбніцы рускага народа. Перадавая ж расійская грамадскасць не магла не зацікавіцца тым, што за народ далучыўся да Расіі, хто такія беларусы і якой мовай яны карыстаюцца. Прыярытэт у вырашэнні гэтых пытанняў адразу ўзялі на сябе афіцыйныя ўлады. Было заяўлена, што Расія вярнула сябе частку рускага народа, якая ў выніку неспрыяльнага збегу гістарычных акалічнасцей часова трапіла пад уладу Польшчы, гібела і псавалася пад уплывам “пальшчызны”. Адносіны царызму да далучаных народаў Беларусі і Украіны выявіла Кацярына ІІ, якая лічыла неабходным вынішчыць у мясцовага насельніцтва “распуснае меркаванне” аб сваім адрозненні ад велікарускага народа.

З польскага ж боку беларускія землі лічылі па-ранейшаму правінцыяй Польшчы, а беларускую мову разглядалі як дыялект польскай мовы, яе “крэсовае” адгалінаванне. Аж да 30-х гадоў ХІХ ст. польская мова бытавала ў школьным выкладанні і справаводстве, на ёй вялося богаслужэнне ў касцёлах.

Доўгі час не ўжывалася нават слова “беларусы”: у рускім друку выкарыстоўвалася назва “белорусцы” (для жыхароў усходняй часткі Беларусі), жыхароў заходніх земляў называлі “литвинами” ці “литвяками”. Уз'яднанне з Расіяй не вызваліла беларусаў ад сацыяльнага і нацыянальнага уціску, не прывяло да стварэння хаця б якой-небудзь беларускай аўтаноміі. У складзе Расіі Беларусь канчаткова страціла не толькі дзяржаўнасць, але і сваю этнічную назву, ператварыўшыся ў паўночна-заходнюю ўскраіну імперыі.

Царскі ўрад ігнараваў не толькі дзяржаўную самастойнасць, але і этнічную, моўную, культурна-рэлігійную адметнасць беларускага народа. Беларускую мову называлі дыялектам (“наречием”) велікарускай мовы (гэтай думкі прытрымліваліся нават такія слынныя лінгвістычныя аўтарытэты таго часу, як І.Сразнеўскі, А.Сабалеўскі, А.Патабня). Беларуская мова ў пісьменнасць, афіцыйны ўжытак і школу не дапускалася. Друкаваных органаў на беларускай мове на той час не існавала. Беларускай мовай у яе дыялектнай форме карысталася найперш сялянства, местачкоўцы, ніжэйшыя слаі насельніцтва буйных гарадоў, а таксама дробная шляхта. Прадстаўнікі ж вышэйшага саслоўя гаварылі па-польску ці па-расійску.

Загадам Мікалая І у 1840 г. на Беларусі ў якасці афіцыйнай была ўведзена руская мова, што адкрывала шлях і рускаму заканадаўству, і рускай школе. У 1839 г. была ліквідавана уніяцкая царква, якая вяла набажэнства на беларускай мове. Усё, што знаходзілася пад беспісьмовым сялянскім бытам (канцылярыя, школа, царква), было рускім. Не працавала ніводнай школы на беларускай мове.

Такім чынам, паўкаланіяльнае становішча Беларусі ў складзе Расійскай імперыі, адсутнасць уласнай дзяржаўнасці, забарона беларускага друкаванага слова, эканамічная адсталасць і некаторыя іншыя вышэйшыя памянёныя акалічнасці замураджвалі фарміраванне беларускай нацыі і яе мовы. Працэс складвання нацыянальннай мовы расцягнуўся больш як на стагоддзе – ад пачатку ХІХ ст. да першых дзесяцігоддзяў ХХ ст. Галоўнай прычынай гэтага была найперш адсутнасць свайго дзяржаўна-палітычнага ўтварэння.

 

 

4. Асаблівасці функцыянавання беларускай літаратурнай мовы ў другой палавіне ХІХ ст.

Пасля паўстання 1863г. яшчэ больш узмацніўся сацыяльны прыгнёт беларускага народа. Царскім урадам была распрацавана сістэма мер, накіраваная на “абрусенне” Паўночна-Заходняга краю, падаўленне імкненняў беларускага народа развіваць нацыянальную культуру і літаратуру на роднай мове. У другой палавіне ХІХ ст. на Беларусі літаратурнае і культурнае жыццё рэзка запаволілася. Па-ранейшаму нельга было пісаць і друкаваць па-беларуску. Як і ў пачатку ХІХ ст., дазвалялася толькі друкаваць фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы, гістарычныя дакументы і помнікі пісьменства. Заўважым, што ў гэты час на Беларусі быў наогул прыпынены кнігадрук. Так, за ўсё ХІХ ст. выйшла толькі 75 кніг на беларускай мове, а пасля паўстання 1863 г. да канца стагоддзя – ніводнай кнігі па-беларуску. Творы мастацкай літаратуры і публіцыстыкі выдаваліся або нелегальна, або за мяжою.

І ўсё ж літаратурна-культурнае жыццё на Беларусі ў другой палавіне ХІХ ст. не спынілася. Ля вытокаў новай беларускай літаратуры ў гэты час стаялі В.Дунін-Марцінкевіч, Ф.Багушэвіч, Я.Лучына, Ф.Тапчэўскі і іншыя пісьменнікі. З развіццём новай беларускай літаратуры ішло развіццё новай беларускай літаратурнай мовы, адбывалася яе далейшая літаратурная апрацоўка, складваліся граматычныя і арфаграфічныя нормы.

Усе беларускія пісьменнікі гэтага часу пісалі на мове роднай гаворкі, а таму лексіка, фанетыка, сінтаксіс іх твораў былі народна-дыялектнымі. Арыентацыя на народную аснову мела як станоўчы бок (нацыянальны каларыт, прастата, жывасць), так і адмоўны (абмяжоўваліся выяўленчыя магчымасці мовы, бо ў творах адлюстроўвалася пераважна мова ніжэйшых сацыяльных пластоў горада і вёскі, чым і тлумачылася “заніжанасць мовы”, моўны натуралізм у творах на “мужыцкую тэму”). Большасць пісьменнікаў пісалі ў той час і па-беларуску, і па-польску, а часам і па-руску, чым і тлумачылася шырокае выкарыстанне ў іх творах, якія напісаны па-беларуску, паланізмаў і русізмаў. Некаторыя паланізмы, апрача таго, траплялі ў літаратурную мову з вусных гаворак беларускага народа, дзе яны ўжо доўгі час ужываліся. Рускамоўныя элементы траплялі на беларускую моўную глебу праз пераклады твораў прагрэсіўнай рускай літаратуры, а таксама з асобных беларускіх гаворак пераходнага тыпу.

Моўныя асаблівасці твораў другой палавіны ХІХ ст.залежалі ад таго, які дыялект быў пакладзены ў іх аснову. З гэтай прычыны мова мастацкіх тэкстаў нярэдка была квяцістай, стракатай, часам прымітыўнай. Адсутнасць строгай агульнапрынятай нормы, кіраванне “на свой густ”, бо не было вядучага дыялекту, прыводзіла да стылістычнай неўпарадкаванасці мовы.

Асноўнай сферай, у якой выпрацоўваліся нормы новай беларускай літаратурнай мовы, была паэзія (П.Багрым, Я.Чачот, Я.Лучына, В.Дунін-Марцінкевіч, Ф.Багушэвіч) і публіцыстыка. Да першых публіцыстычных тэкстаў адносяцца ананімныя гутаркі, якія вельмі інтэнсіўна ствараліся на жывой беларускай мове напярэдадні паўстання 1863г. і мелі ярка выражаны сацыяльны змест. У лік беларускіх публіцыстычных твораў ХІХ ст. уваходзілі таксама адозвыіпракламацыі, якія тлумачылі заганы тагачаснага жыцця і клікалі народ на барацьбу супраць сацыяльнага і нацыянальнага ўціску. Самым радыкальным з усіх агітацыйных выданняў, што выходзілі напярэдадні і ў час паўстання 1863г., была першая беларуская нелегальная газета Мужыцкая праўда”, сем нумароў якой разам са сваімі паплечнікамі выдаў К.Каліноўскі.

Такім чынам, для беларускіх выданняў другой палавіны ХІХ ст. была характэрна адсутнаць сталых агульнапрынятых граматычных і арфаграфічных нормаў. І гэта зразумела: на тым узроўні, на якім знаходзілася беларуская літаратурная мова ў гэты час, яны проста не маглі скласціся. Больш за тое, незразумелым заставалася, на якім дыялект трэба абапірацца пры іх выпрацоўцы. У ХХ ст. беларуская літаратурная мова ўступала ўсё яшчэ неўнармаванай і некадыфікаванай, не маючы распрацаванай навуковай тэрміналогіі і кніжна-пісьмовых стыляў.

 

 

Лекцыя 8. Беларускае кнігадрукаванне і развіццё беларускай літаратурнай мовы ў пачатку ХХ ст.

Дазвол друкаваць па-беларуску ў пачатку ХХ ст.ажывіў літаратурную і кнігавыдавецкую дзейнасць на беларускай мове. У літаратуру прыходзяць новыя імёны: Я.Купала, Я. Колас, М. Багдановіч, Цётка, М. Гарэцкі, З. Бядуля і інш. Мацнее мастацкая і навукова-папулярная літаратура, друкуюцца падпольныя брашуры, ствараюцца першыя беларускія выдавецтвы.

Адно з першых легальных выдавецтваў было створана ў 1906 г. у Пецярбургу. Гэта была суполка “Загляне сонца і ў наша ваконца”, якая праіснавала амаль да першай сусветнай вайны, паставіўшы за мэту “выдаваць і шырыць выдання беларускіе і ўсё, што стыкаецца з жыцьцём Беларусі”. Гэтая суполка выдала 22 беларускія кнігі , сярод якіх былі “Гапон” В.Дуніна-Марцінкевіча, “Дудка беларуская” і “Смык беларускі” Ф. Багушэвіча, “Жалейка” Я. Купалы, першы літаратурна-грамадскі зборнік “Маладая Беларусь”. Кнігі на беларускай мове друкаваліся двума шрыфтамі – кірыліцай і лацінкай.

У 1907г. у Вільні было заснавана выдавецтва “Наша ніва”, якое разнастаіла літаратуру ад мастацкай да навукова-папулярнай. Узнікаюць іншыя беларускія выдавецтвы, у ліку якіх былі “Саха”, “Наша хата”, “Мінчук”, “Палачанін” .

З 1906г. пачынаецца гісторыя беларускай легальнай прэсы. Першымі беларускімі легальнымі газетамі сталі газеты “Наша доля” і “Наша ніва.” Яны былі створаны для таго, каб заснаваць орган, вакол якога можна было б згуртаваць сілы для культурнага і нацыянальнага адраджэння беларусаў. “Наша доля” выходзіла ў Вільні з 1 верасня па 1 снежаня 1906 г. Выйшла ўсяго пяць яе нумароў, якія былі канфіскаваны, на шостым нумары газету закрылі. У лістападзе 1906 г. пачала выходзіць “Наша ніва”, жыццё якой было больш доўгім – да жніўня 1915 г. (у гісторыі беларускай мовы гэты час называюць “нашаніўскім перыядам”). У 1906 г. у першым нумары “Наша ніва” заявіла: “Мы будзем бараніць справы весковых людзёў”… У газеце друкаваліся творы Я. Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, Цёткі, Ц.Гартнага, З.Бядулі, К.Буйло, А.Гурло, іншых паэтаў і пісьменнікаў. Іх згуртаванне вакол “Нашай нівы” было з'явай станоўчай не толькі ў плане грамадскім, але і ў плане выпрацоўкі літаратурных нормаў. Гэта былі пісьменнікі розных стыляў і напрамкаў, якія ў аснову сваіх твораў клалі гаворкі той мясцовасці, з якой яны паходзілі.

Супрацоўнікі рэдакцыі актыўна працавалі над мовай, друкуючы матэрыялы з розных рэгіёнаў з захаваннем мясцовых асаблівасцей маўлення. Сёння па матэрыялах “Нашай нівы” можна правесці свайго роду рэканструкцыю пісьмовай мовы пачатку ХХ ст. Газета надавала вялікую ўвагу культуры мовы, адбору моўнага матэрыялу, яна папулярызавала беларускую мову, патрабуючы ад афіцыйных улад, каб у школах вялося яе выкладанне. Так, у артыкулах А.Луцкевіча “Родная мова і яе культурнае значэнне”(1910г.), В.Ластоўскага “Родная мова” (1914г.), Я.Купалы “Ці маем мы права выракацца роднай мовы?”(1914г.) сцвярджалася, што беларуская мова – нацыянальнае багацце беларусаў, народны скарб, што беларусы засталіся народам толькі таму, што ў іх была родная мова, бо “яна калыска душы, гордасць і імя народа”, адзначалася, што беларусы павінны ствараць і развіваць сваю нацыянальную культуру на роднай мове. Газета дабівалася таксама ўвядзення беларускай мовы ў цэрквах і касцёлах.

Акрамя “Нашай нівы” і “Нашай долі”, у пачатку ХХ ст. выходзілі іншыя выданні : газеты “Беларус” (1913 –1915гг.), “Гоман” (1916 –1917гг.), “Дзянніца” (1916г.); часопісы “Саха” (1912-–914гг.), “Лучынка” (1914г.), літаратурна-публіцыстычны альманах “Маладая Беларусь”.

Станаўленне нормаў беларускай літаратурнай мовы ў пачатку

ХХ ст. адбывалася ў цяжкіх і супярэчлівых умовах. Адны дзеячы айчыннай культуры бачылі ўзоры літаратурнай мовы ў рускай, іншыя – імкнуліся адгарадзіць беларускую літаратурную мову ад іншых моў, найперш рускай і польскай. Гэтую барацьбу зведала і выдавецкая практыка “Нашай нівы”. Доўгі час газета выдавалася двума шрыфтамі: лацінкай і кірыліцай. З 1912 г. “Наша ніва” пачала выдавацца толькі кірыліцкімі літарамі (“гражданкой”) з некаторымі зменамі для перадачы беларускіх гукаў. Друкаванне “гражданкой” азначала перанясенне рускіх графічных традыцый. Разам з тым адлюстроўваліся і беларускія графічныя асаблівасці: і замест и; шч замест щ; увядзенне ў, ё; е замест “яць”; размежаванне г фрыкатыўнага і г выбухнога.

Дзякуючы “Нашай ніве”, замацоўваецца фанетычны прынцып напісання ў сістэме вакалізму. Так, на пісьме перадавалася аканне і яканне (вада, вясёлы, пярун), але горэ, перэскаківаць, новаго. Напісанне зычных, у цэлым, перадавалася паводле марфалагічнага прынцыпу, аднак і ад яго адыходзілі, каб перадаць дзеканне, цеканне, пераход гукаў в, л у ў (пераходзіць, прыцягнуць, духоўны, прыняў). На пісьме адлюстроўвалася зацвярдзенне шыпячых, р, ц (мужык, утрымаць, цэлы), асіміляцыйныя з'явы (зьбіраць, песьня, сьнег). Усе найважнейшыя рысы беларускай фанетыкі ў пачатку ХХ ст. перадаваліся яшчэ непаслядоўна. Характэрнай асаблівасцю “нашаніўскага перыяду” была варыянтнасць на ўсіх узроўнях моўнай сістэмы. Так, у “Нашай ніве” сустракаем: яшчэ і ешчэ, ляснікова і леснікова, рэка і рака, верабей, вірабей і арабей. Паколькі не было ўзаконенага арфаграфічнага рэжыму, то дапускаліся розныя граматычныя адхіленні і адвольнасці: паможаце і паможыце. Часам сустракаліся апіскі.

У пачатку ХХ ст. рэзка ўзрасла колькасць друкаваных кніг, што прывяло да пошукаў адзінай літаратурнай нормы. Пэўныя правілы беларускага правапісу ўжо існавалі. Яны хоць і склаліся стыхійна, але іх імкнуліся прытрымлівацца ўсе беларускія выдавецтвы.

З'яўленне разнастайных друкаваных твораў – вершаваных, празаічных, наукова-папулярных – выклікала неабходнасць шукаць новыя сродкі і прыёмы літаратурнага выражэння: словы, выразы, канструкцыі. Асабліва прыкметна ўзбагачаецца лексіка і фразеалогія беларускай мовы. Пісьменнікі, што прыходзілі ў літаратуру, прыносілі не толькі новыя тэмы, але і новую лексіку, фразеалогію, якую бралі з народна-гутарковай мовы. Лексіка-фразеалагічныя сродкі мастацкіх твораў у пачатку ХХ ст. былі больш багатыя, чым у ХІХ ст. У сувязі са зменамі ў грамадскім жыцці ў пачатку ХХ ст. з'явіліся новыя словы: агітацыя, сацыяліст, правіцельство, нация, зьезд, заседанне, парлямэнт, дэпутат і інш. Пачынае фарміравацца навукова-тэхнічная тэрміналогія, сустракаюцца сельскагаспадарчыя тэрміны, узятыя з народна-дыялектнай мовы ці створаныя штучна: ральля, канюшына, праваднік, пай. У мовазнаўчых артыкулах ужываюцца тэрміны, якія ўтварыліся на базе народна-дыялектных сродкаў: недаказ ‘шматкроп'е', чужэслоў ‘двукоссе', пытаннік ‘пытальнік', зык ‘гук'(галосны, сагалосны), закавырка ‘коска', працяжка ‘працяжнік', кліч' клічнік'. І ўсё ж пры адсутнасці строгіх нормаў у літаратурную мову трапляюць дыялектызмы і вузкаўжывальныя словы. Нярэдка такія словы адразу тлумачыліся ў тэксце.

У гэты час у сувязі з пашырэннем кнігадрукавання ўзмацняецца працэс лексічнага запазычвання з іншых моў, асабліва з рускай. Часам паралельна ўжывалася слова “чужое” і яго пераклад. Нярэдка ў дужках давалася тлумачэнне запазычанага слова, а ў некаторых выпадках і наадварот: уласнабеларускае тлумачылася запазычаным. Напрыклад, дасрочны (раней тэрміну), крэдыт (пазычка), правіант (харчы), біяграфія (жыццеапісанне), петыцыя (прашэнне), артыстычная творчасць (іскуство), грамадзянство (обшчэство), каморнік (землямер).

У пачатку ХХ ст. тэматыка і жанры публікацый становяцца ўсё больш разнастайнымі. Больш выразна пачынаюць размяжоўвацца спосабы і сродкі літаратурнага выражэння. Калі ў ХІХ ст. публіцыстыка і мастацкія творы мала чым адрозніваліся: у публіцыстычных творах можна было сустрэць мастацкае апісанне і, наадварот, у мастацкім творы – публіцыстычныя радкі, то ў пачатку ХХ ст. назіраецца размежаванне сродкаў на асобна публіцыстычныя і асобна мастацкія.Паступова складваецца стылістычнае размежаванне аўтарскай мовы і мовы персанажаў, якая індывідуалізуецца. У стылістычнай сістэме літаратурнай мовы ўсё больш выразна акрэсліваецца публіцыстычны стыль, у меншай меры – навуковы (навукова-папулярны). Такім чынам, у пачатку ХХ ст. у межах беларускай літаратурнай мовы развіваліся тры асноўныя стылі: мастацкі, публіцыстычны і навуковы (навукова-папулярны).

Вядучыя беларускія пісьменнікі – Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, Цётка – дбалі пра развіццё літаратурнай мовы, патрабавальна адносіліся да адбору моўных сродкаў. Правапіс для іх быў найпершым клопатам. У дзейнасці мастакоў слова – прадстаўнікоў розных дыялектаў– усё больш выразна выяўляліся і замацоўваліся агульнапашыраныя моўныя рысы. І ўсё ж у пачатку ХХ ст. у беларускай літаратурнай мове адсутнічала адзіная і абавязковая арфаграфія. Хоць і існавалі пэўныя правілы правапісу, якіх павінны былі прытрымлівацца ўсе беларускія выдавецтвы і пісьменнікі, аднак пры адсутнасці адзінага ўзаконенага арфаграфічнага рэжыму ў выданнях дапускаліся розныя адвольнасці. Адсутнасць цвёрдых граматычна-правапісных нормаў перашкаджала развіццю беларускага кнігадрукавання і пашырэнню літаратурнай мовы ў народзе, яе вывучэнню.

 

 

Лекцыя 9.Асаблівасці функцыянавання беларускай літаратурнай мовы ў 20-я гады ХХ ст.

 

 

Пасля рэвалюцыі 1917г. пачынаецца даволі цікавы і шмат у чым вызначальны этап развіцця беларускай літаратурнай мовы. 20-я гады ХХ ст. з'явіліся тым часам, калі ў структуры і функцыях беларускай літаратурнай мовы адбыліся значныя змены. У 1920 г. беларуская мова, як вядома, набыла статус дзяржаўнай.. У 1924 г. выходзіць пастанова ЦВК БССР, якая дае беларускай мове права стаць афіцыйнай у дзяржаўным і судовым справаводстве. Пачалося ажыўленне беларускай культуры, быў узяты курс на беларусізацыю. Беларусізацыя – гэта палітыка кампартыі і ўрада БССР у 20-я гады, накіраваная на заканадаўчае замацаванне за беларускай мовай функцый дзяржаўнай мовы: перавод на беларускую мову дзейнасці дзяржаўных, партыйных і грамадскіх устаноў і іх справаводства, пераход на беларускую мову навучальнай і выхаваўчай дзейнасці большасці школ, павелічэнне ролі беларускай мовы ў галіне культуры, друку, сацыяльна-бытавога абслугоўвання і інш.

Як жа адбывалася ажыццяўленне палітыкі беларусізацыі? Ва ўсіх школах рэспублікі беларуская мова была ўведзена як прадмет. У 20-ці % школ яна стала мовай выкладання іншых прадметаў. На роднай мове друкаваліся не толькі мастацкія і публіцыстычныя творы, але і навуковыя выданні. Упершыню ў гісторыі на беларускай мове былі створаны падручнікі, вучэбныя дапаможнікі для школ, тэхнікумаў, ВНУ, навуковыя працы па розных галінах ведаў, у тым ліку тэрміналагічныя зборнікі, заканадаўчыя акты і распараджэнні. Уздым у 20-я гады беларускай культуры, якая выкарыстала часовую магчымасць развіцця, прывёў да ўзнікнення вялікай колькасці беларускіх тэкстаў і далучэння мільёнаў людзей да беларускага слова. К канцу 20-х гадоў каля 90% літаратуры, што выдавалася, была беларускамоўнай, звыш за 89 % школ мелі беларускую мову навучання. Беларуская мова стала мовай справаводства і навукі.

Аднак у канцы 20-х гадоў беларусізацыя стала кваліфікавацца партыйнымі органамі як памылка, у выніку чаго ў нацыянальнай палітыцы быў зроблены паварот у бок узмацнення так званай інтэрнацыяналізацыі савецкага грамадства, а на самой справе, русіфікацыі нацыянальных меншасцей, утанаўлення гегемоніі рускай мовы. Гэты працэс суправаджаўся нечуванымі рэпрэсіямі. Працэсы беларусізацыі сталі затухаць, а ў хуткім часе наогул пачалася барацьба з так званым “буржуазным нацыяналізмам”, пад якім мелася на ўвазе ўсякае праяўленне нацыянальнай самасвядомасці ў “нярускіх” рэспубліках і які разглядаўся як страшэнная пагроза для існуючага ладу. Усе, хто актыўна ўдзельнічаў у стварэнні беларускай нацыянальнай культуры, быў прылічаны да буржуазных нацыянал-дэмакратаў (так званых “нацдэмаў”). На Беларусі пачалася кампанія па выкрыцці “нацдэмаў”, да якіх былі аднесены амаль усе, хто працаваў на ніве роднай мовы, культуры навукі і асветы. У 30-я гады пераважная большасць іх была знішчана (В.Ластоўскі, С.Некрашэвіч, Я.Лёсік, П.Бузук, О.Воўк-Левановіч, Б.Тарашкевіч і інш).

Усталяванне сталінскага таталітарнага рэжыму ў 30-я гады гвалтоўна спыніла працэс беларусізацыі.. Жорсткія рэпрэсіі супраць беларускай інтэлігенцыі, у выніку якіх быў знішчаны цвет беларускай нацыі, лепшыя прадстаўнікі нацыянальна арыентаванай інтэлігенцыі, масавае высяленне сялян з рэспублікі спынілі працэс беларусізацыі – працэс вяртання народу яго мовы і іншых духоўных каштоўнасцей. У выніку “чысткі” беларускага грамадства пад сцягам барацьбы супраць “нацдэмаў”, палітычных рэпрэсій былі знішчаны і разграблены асноўныя фонды беларускіх рукапісаў, першадрукаў, прыватных і дзяржаўных бібліятэк, загінулі шматлікія тэксты пісьменнікаў і вучоных. У дзяржаўных установах беларуская мова паступова пачала замяняцца рускай мовай. У 1938г. выходзіць пастанова СНК і ЦК ВКП(б) “Аб абавязковым вывучэнні рускай мовы ў школах нацыянальных рэспублік і абласцей”. З гэтага часу пачынаецца мэтанакіраванае выцясненне беларускай мовы з навучальна-выхаваўчага працэсу ў школе.

 

 

Лекцыя 10. Выпрацоўка і замацаванне графічных і граматычна-правапісных нормаў беларускай літаратурнай мовы ў 20 –30-я гады ХХ ст.

Першыя спробы кадыфікаваць граматычна-правапісныя нормы беларускай мовы былі зроблены братамі Антонам і Язэпам Лёсікамі, якія ў 1917г. апублікавалі лацінскім шрыфтам дапаможнік “Як правільна пісаць па-беларуску”, а ў 1918г. на яго аснове выдалі “Беларускі правапіс”. Аднак найбольш аўтарытэтным на той час выданнем з'явілася “Беларуская граматыка для школ” Б.Тарашкевіча (1918 г.), у якой былі дакладна сфармуляваны асноўныя прынцыпы і правілы беларускай арфаграфіі, вызначаны граматычныя рысы беларускай мовы. На аснове тарашкевічаўскай “Беларускай граматыкі” ў 1921г. Я.Лесікам была выдадзена “Практычная граматыка беларускай мовы”.

З выхадам граматыкі Б.Тарашкевіча пачаўся працэс стабілізацыі нормаў беларускай літаратурнай мовы. У граматыцы, хоць яна і садзейнічала ліквідацыі арфаграфічнага разнабою, заставаліся яшчэ спрэчнымі і нявырашанымі асобныя пытанні: неўладкаваным быў правапіс запазычаных слоў, імёнаў, прозвішчаў, геаграфічных назваў. Некаторыя арфаграфічныя пытанні былі яшчэ недастаткова распрацаваны, а асобныя правілы – занадта складаныя.

Ішоў час. З ідэяй перагляду некаторых правіл “Беларускай граматыкі” Б. Тарашкевіча выступілі браты Язэп і Антон Лёсікі, якія распачалі арфаграфічную дыскусію ў прэсе “Да пытання рэформы беларускага правапісу”(1926г.). Гэтая дыскусія ўзнімала шэраг нявырашаных у правапісе пытанняў. Яе вынікам стала скліканне Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі ў лістападзе 1926 г. На канферэнцыю былі запрошаны вучоныя з усёй краіны і з-за мяжы. На ёй разглядаліся два асноўныя пытанні: 1) аб рэформе азбукі (выступіў Я.Лёсік); 2) аб рэформе правапісу (выступілі Я. Лёсік, С.Некрашэвіч). Так, Я.Лесік прапанаваў узаконіць поўнае аканне і яканне (г.зн. любы галосны няверхняга пад'ёму пасля цвёрдага зычнага павінен перадавацца праз а (баранаваць, дапо), а пасля мяккага – праз я (лягкадумны, пяракуліць). Зычныя ж гукі было прапанавана пісаць паводле фанетычнага прынцыпу (казьба, ношка). Таксама Я.Лесікам была вынесена прапанова не абазначаць на пісьме асіміляцыйную мяккасць зычных (г.зн. пісаць смех, каменне). С.Некрашэвіч жа выступіў за напісанне ў першым пераднаціскным складзе галоснай я, а ва ўсіх астатніх ненаціскных складах – галоснай е: вясна, але веснавы. Я. Лёсік выступіў за ўвядзенне своеасаблівых дыграфаў дж і дз. Частка ўдзельнікаў канферэнцыі ўнесла прапанову перавесці беларускае пісьмо на лацінку. Аднак большасцю мовазнаўцаў гэтая прапанова падтрымана не была, бо лацінка менш прыстасавана для перадачы беларускіх фанетычных асаблівасцей.

У выніку працы канферэнцыі была прынята пастанова аб некаторых зменах у правапісе, якія павінны былі садзейнічаць больш правільнаму адлюстраванню беларускіх моўных асаблівасцей. Так, было прынята: 1)у другім пераднаціскным складзе пісаць е; 2) прыназоўнік без і часціцу не заўсёды пісаць з літарай е; 3) не скарачаць і пасля галоснай у пачатку слова (замест да Йвана пісаць да Івана). Значэнне канферэнцыі, якая выклікала шырокі рэзананс у краіне і за мяжой, у гісторыі беларускай мовы было ў тым, што яна ўпершыню пры шырокім удзеле айчынных і замежных лінгвістаў абагульніла дасягненні беларускай філалагічнай навукі і пазначыла галоўныя кірункі яе развіцця.

У 1930г. быў апублікаваны “Праект беларускага правапісу”, пасля якога ў 1933г. прынята Пастанова СНК БССР “Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу”. Гэта была першая пастанова, якая мела значэнне закона. Яна змяшчала ў сабе 23 палажэнні, якія закраналі пераважна тыя правілы, пры рэалізацыі якіх на практыцы назіраўся арфаграфічны разнабой. У правапіс былі ўнесены значныя карэктывы, якія не маюць адназначнай ацэнкі нават і сёння. Дадзеная пастанова афіцыйна ўзаконіла адзіныя і абавязковыя для ўсіх арфаграфічныя правілы1.

1 гл. Красней, В.П., Шакун, Л.М. Практыкум па гісторыі беларускай літаратурнай мовы / В.П.Красней, Л.М.Шакун. – Мінск, 1986. С. 203–205.

Сярод іх назавём наступныя:

1) перастала абазначацца на пісьме асіміляцыйная мяккасць зычных (дзве, дыханне, след);

2) пашырылася аканне на словы іншамоўнага паходжання (маналог, прафесар), аднак яно не распаўсюджвалася на “інтэрнацыянальныя рэвалюцыйныя словы” тыпу большэвік, пролетарый, рэволюцыя, соцыялізм, комуна, комунізм, комсомол, піонер, Комінтэрн, профсоюз і вытворныя ад іх, якія з мэтай пралетарскай інтэрнацыяналізацыі беларускай мовы патрабавалася (не інакш, як па ідэалагічных меркаваннях) пісаць так, як у рускай мове, адкуль яны былі запазычаны. Да таго ж, імёны і геаграфічныя назвы патрабавалася пісаць з захаваннем асаблівасцей той мовы, з якой яны ўзяты (Орол, Ока, Шэўчэнка, Плеханаў і інш.);

3) памякчаліся зычныя ў запазычанных словах перад е (методыка, педагог, сезон, Амерыка замест мэтодыка, пэдагог, сэзон, Амэрыка), за выключэннем д, т, якія заставаліся цвёрдымі;

4) у іншамоўных словах пасля з, с заўседы пісаць і (сістэма, фізіка, універсітэт замест сыстэма, фізыка, універсытэт);

5) перад пачатковымі націскнымі галоснымі о, у заўсёды пісаць в прыстаўны, за выключэннем геаграфічных назваў (восень, вуліца, але Орша, Ула);

6) зычныя г, ж, ш, з, к не зліваць з суфіксальным с (Волжскі, каўказскі, чэшскі). У беларускіх словах ж і ш перад с суфіксальным не пісаць (мноства, таварыства);

7) для перадачы раздзельнага вымаўлення зычнага з наступным галосным пісаць апостраф (выключэнне – зычны л, пасля якога патрабавалася пісаць мяккі знак: Ільіч, рэльеф).

У марфалогіі было вырашана:

1) пашырыць ўжыванне канчатка -а (-я) ў назоўніках м.р. адз.ліку ў Р. склоне (завода, соцыялізма, правапіса і інш.). Са сферы выкарыстання з канчаткам выключаліся назвы грамадскіх фармацый, а таксама вучэнняў, хімічных элементаў, хоць у мове існавала традыцыя ўжываць іх з гэтым канчаткам. Відаць, не лінгвістычнымі меркаваннямі была прадыктавана наступная рэкамендацыя: словы тыпу комунізм, інтэрнацыяналізм у Р.скл. пісаць з канчаткам - а, капіталізм, імперыялізм – з канчаткам - у. Для назоўнікаў мн.л. у Р.скл. шырока ўводзіліся такія формы, як норм замест нормаў, форм замест формаў, народнасцей замест народнасцяў. Гэта, зразумела, негатыўна адбівалася на мілагучнасці беларускай мовы, для якой нехарактэрны збег зычных на канцы слова.

2) назоўнікі м.р. і н.р. мн.л. у Д. і М.скл. пісаць з канчаткамі - ам, (-ям) і -ах (-ях), замест -ом ( -ём) і -ох (-ёх) адпаведна (палям замест палём; братам замест братом; на сталах замест на сталох; у палях замест у палёх ).

3) загадны лад дзеясловаў мн.л. пісаць толькі як станьма, кіньма, станьце, кіньце;

4) увесці ў беларускі правапіс дзеепрыметнікі незалежнага стану цяперашняга часу з суфіксамі -уч- (-юч-), што вымагалася спецыфікай навуковага і публіцыстычнага стыляў, дакладнасцю, лаканічнасцю і сцісласцю моўных сродкаў выражэння (існуючы закон, пануючы класс, узрастаючая прагрэсія і інш).

Аднак і пасля пастановы правілы арфаграфіі не былі дакладна сфармуляваны, асабліва ў адносінах да ўласных іменаў і запазычанных слоў. Напрыклад, пісалі Аляксандр, калі ён па нацыянальнасці беларус, і Александр, калі ён рускі. Пры напісанні геаграфічных назваў і імёнаў іншых народаў захоўваліся пачатковыя о, в, т, а (Владзікаўказ, Орджанікідзе, Терэхаў. Беспадстаўнымі, на нашу думку, былі выключэнні, на якія не пашыралася аканне, тыпу піонер, дэмократ і інш. (гл. вышэй). У 1934 г. на аснове пастановы быў выдадзены “Правапіс беларускай мовы”.

У гісторыі беларускай мовы рэформа правапісу 1933 г. (заўважым, што ў тагачасных афіцыйных дакументах разгледжаныя змены ў правапісе не называліся рэформаю) – з'ява неадназначная: з аднаго боку, яна абагульніла здабыткі айчыннага мовазнаўства 20-х гадоў, а з другога – трапіла пад моцны палітычна-ідэалагічны ўплыў. Рэформа беларускага правапісу 1933 г., праведзеная пад час сталінскіх рэпрэсій дырэктыўным спосабам, мела выразны крэн у бок рускай мовы і была накіравана на вынішчэнне нацыянальных адметнасцей на ўсіх узроўнях моўнай сістэмы.

Далейшы шлях развіцця беларускай мовы – гэта шлях яе самавынішчэння і асіміляцыі рускай мовай. Пасля 1933г. адбываецца планамерны працэс нівеліравання беларускай мовы, што выявілася найперш у зменах яе слоўнікавага складу. Так, напрыклад, у 30-я гады з лексічнай сістэмы выпалі такія словы, як суполка, землятрус, фундатар, стасунак, варунак. З году ў год, крок за крокам адбывалася страта роднай мовы ва ўсіх сферах грамадскага і культурнага жыцця.

Распачатая ў канцы 30-х гадоў арфаграфічная дыскусія працягвалася і пасля Вялікай Айчыннай вайны (канферэнцыі АН БССР 1950, 1952 гг.). У 1957 г. Саветам Міністраў БССР была прынята пастанова “Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу”1.

1 гл. Красней, В.П., Шакун, Л.М. Практыкум па гісторыі беларускай літаратурнай мовы / В.П.Красней, Л.М.Шакун. – Мінск, 1986. С.205–207.

У адпаведнасці з ёю Інстытутам мовазнаўства АН БССР былі падрыхтаваны і выдадзены “Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” (1959 г.), якімі мы карыстаемся і сёння ( да першага верасня 2010 г.). Змены у сучасным беларускім правапісе рэгламентуюцца Правіламі беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, зацверджанымі Законам Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 года.

 

 


<== previous lecture | next lecture ==>
ХIV–XVII стст. | Дадатковая
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 1.853 s.