|
ХIV–XVII стст.Date: 2015-10-07; view: 885. Беларуская мова – дзяржаўная мова Вялікага княства Літоўскага. Мова юрыдычна-дзелавых помнікаў XIV – XVII стст. У XIV ст. пры князю Альгердзе ( 1296–1377гг. ) беларуская мова стала дзяржаўнай мовай ВкЛ. Прававое становішча яе як дзяржаўнай было юрыдычна замацавана ў другой і трэцяй рэдакцыях Літоўскага Статута (1566 і 1588 гг.). Так, у другой рэдакцыі Статута (1566 г.) гаворыцца: “... а писаръ земский по-руску маеть литэрами і словы русскими вси листы, выписы и позвы писати, а не инъшым языком и словы. У гэты час беларуская мова шырока ўжыавалася ва ўсіх сферах грамадскага і гаспадарчага жыцця, у справаводстве, судзе, школе, дыпламатычнай перапісцы, што спрыяла далейшаму пашырэнню і развіццю беларускай пісьменнасці, узбагачэнню і ўдасканаленню беларускай мовы. Дзякуючы гэтаму, у ХІУ–ХУІІ стст. на беларускай мове была створана вялікая колькасць юрыдычна-дзелавых помнікаў. Наогул, дзелавая пісьменасць на беларускай мове – вельмі багатая ў колькасных адносінах і разнастайная па прызначэнні і змесце, паколькі літаратурна-пісьмовая мова беларускага народа выконвала дзяржаўныя функцыі ў ВкЛ, з'яўлялася мовай яго канцылярый, устаноў, справаводства і заканадаўства. На ёй на працягу ХІУ–ХУІІ стст. вялася інтэнсіўная дзелавая перапіска, якая адлюстроўвала сацыяльна-эканамічныя і палітычныя стасункі ўнутры ВкЛ і яго сувязі з іншымі дзяржавамі. Помнікі дзелавога пісьменства ствараліся ў канцылярыях літоўскіх князёў і розных дзяржаўных установах урадавамі пісарамі, а таксама урадавымі асобамі. Узнікалі яны ўсюды на агромністым абшары ВкЛ: у Вільні і Троках, Менску і Магілёве, Віцебску і Бярэсці, нават пры двары польскага караля ў Кракаве, калі дакумент адрасоўваўся ў Літву, пісары імкнуліся прытрымлівацца беларускай мовы. Значная колькасць дзелавых помнікаў была створана ўжо ў ХІІІ –ХІУ стст. Сярод іх – Дагаворная грамата Смаленскага князя Мсціслава Давыдавіча з Рыгай і Гоцкім берагам (1229 г.), Дагавор Полацка з Рыгай (1330 г.), Грамата рыжан да віцебскага князя Міхаіла (~ 1300 г) і інш. Пераважна гэта былі гандлёвыя дагаворы і граматы – афіцыйныя і прыватныя пісьмовыя дакументы, якія ствараліся на беларускай моўнай глебе і функцыянавалі як помнікі дзелавой пісьменнасці. Канцылярскай мовай ВкЛ у гэты час выступала беларуская мова. Яна грунтавалася на паўночна-беларускіх гаворках, што бытавалі каля Вільні. Актавае пісьменства на беларускай моўнай аснове выкарыстоўвалася на тэрыторыі этнічнай Літвы і паўночнай часткі Украіны, дзе афарбоўвалася некаторымі мясцовымі фанетычнымі рысамі. У параўнанні з іншымі жанрамі старабеларускага пісьменства, мова дзелавых дакументаў найбольш блізкая да жывой тагачаснай беларускай мовы, у іх фактычна адсутнічаюць царкоўнаславянізмы. Аднак сярод разнастайнай па характары дзелавой пісьменнасці – актаў, прывілей, дагавораў, пастаноў і інш. – не ўсе помнікі аднолькава каштоўныя ў сувязі з рознай ступенню іх моўнай апрацоўкі. Адны з іх, асабліва тыя, што былі створаны ў цэнтры ВкЛ (Вільні, Троках, Менску, Гародні) вызначаліся больш дасканалай апрацоўкай мовы ў параўнанні з тымі помнікамі, якія пісаліся правінцыяльнымі пісарамі ў менш вядомых гарадах. З аднаго боку, мова дзелавых дакументаў ХУ–ХУІІ стст. працягвала традыцыі ўсходнеславянскага пісьменства. Найперш захоўвалася кампазіцыйная будова дзелавых помнікаў: па-ранейшаму яны складаліся па строга выпрацаваных схемах. Так званыя формулы-штампы асабліва часта ўжываліся ў пачатку і ў канцы дакументаў, стандартныя зачыны і канцоўкі былі ў іх звычайнай з'явай, напрыклад: “смотрели есмо того дело”; “бил нам челом”. У канцы дакумента заўсёды адзначалася, дзе, калі і кім ён быў напісаны, хто пры гэтым прысутнічаў (“а при том были” …). У разгорнутых зачынах нарэдка змяшчаліся агульныя разважанні філасофскага зместу. У старабеларускіх дзелавых помніках актыўна выкарыстоўвалася тэрміналогія, выпрацаваная яшчэ ва ўсходнеславянскі перыяд (право, оброкъ, мыто ‘пошліна', ремесленникъ). Уплыў пісьмовых традыцый адлюстраваўся таксама і ў сінтаксісе: шырока выкарыстоўваліся тыповыя для старажытнарускай пісьменнасці сінтаксічныя канструкцыі. Напрыклад, даволі частым ва ўжыванні быў сінтаксічны прыём нанізвання канструкцый (спалучэнне слоў і сказаў пры дапамозе злучальных злучнікаў а, и). З другога боку, у мову дзелавой пісьменнасці пранікаюць асаблівасці жывой беларускай мовы. Сувязь мовы дзелавых дакументаў з народнымі гаворкамі паступова ўзмацняецца па меры набліжэння да нашага часу. Уплыў старажытнарускіх прыёмаў складання дзелавых дакументаў, выкарыстанне сродкаў “дзелавой мовы” папярэдняга перыяду прыкметна слабеюць, паступова выпрацоўваюцца самабытныя прыёмы напісання. Шаблоннасць, традыцыйнасць паступова змяняюцца, накапліваюцца элементы жывой беларускай мовы. Пачатак дзяржаўнага дакумента мог быць такім: “Милотию божию мы, князь”…. У канцы помніка магло быць : “...а на то есмъ мы дали свое печати”. У іншых дакументах сустракаем: “Слушали того дело, мы нашли въ томъ правыхъ и виноватыхъ”. Мова дзелавых дакументаў ХУІ–ХУІІ стст. даволі поўна перадае асаблівасці жывой беларускай мовы. Так, у Статуце ВкЛ (1588г.) адлюстраваны наступныя беларускамоўныя фанетычныя асаблівасці: напісанне е замест h (вера, лето); зацвярдзенне шыпячых і р (праяўляецца як варыянтнае напісанне побач са старажытнарускімі формамі крывда – кривда, учынити – учинити); афрыката дж перадаецца спалучэннем літар дч (приеждчати); выбухны гук г у запазычаных словах перадаецца дыграфам кг (кгвалтъ, кгмахъ, кгрунтъ). У марфалагічным складзе мовы Статута ВкЛ адзначаюцца такія рысы, як канчатак -у(-ю) ў назоўніках м.р. адз. л. р. скл. (посагу, скарбу, огню), нават у дачыненні да канкрэтных назоўнікаў (столу); варыянтнае ўжыванне інфінітываў на -ть і -ти: шкодить – шкодити, ходить – ходити. Своесаблівай будовай канструкцый вызначаўся і сінтаксіс юрыдычных помнікаў. У Статутах, дзе асабліва патрабавалася дакладнасць, сустракаюцца разгорнутыя сінтаксічныя канструкцыі, аб'яднаныя паміж сабой падпарадкавальнай сувяззю з вялікай колькасцю аднародных членаў сказа. З гэтай прычыны бывае нават цяжка вызначыць агульны змест выказвання і сінтаксічныя межы паміж асобнымі часткамі тэксту. Заўважым, што такія складаныя сінтаксічныя канструкцыі не з'яўляліся прыналежнасцю індывідуальнага стылю пісара – яны былі ўласцівы ўсёй дзелавой пісьменнасці і складалі яе адметную характарыстыку ў адрозненне ад іншых відаў старабеларускага пісьменства. Багаццем лексічнага матэрыялу са Статутамі не можа параўнацца ні адзін іншы старабеларускі помнік. Спецыфічнай асаблівасцю лексікі гэтага юрыдычнага помніка з'яўлялася тое, што яна ахоплівала самыя разнастайныя сферы грамадскага, гаспадарчага і асабістага жыцця беларусаў, а таксама называла абстрактныя паняцці. Адметнасцю слоўніка дзелавой пісьменнасці было шырокае ўжыванне спецыяльных канцылярскіх, адміністрацыйных і юрыдычных тэрмінаў, якія адсутнічаюць зусім або толькі выпадкова трапляюцца ў іншых відах старабеларускага пісьменства. Так, значнай частотнасцю свойго ўжывання характарызуюцца грамадска-палітычныя тэрміны: назвы асоб па сацыяльным і службовым становішчы, прафесіі, рамястве, занятку, веравызнанні (бояринъ, воевода, войть, десятникъ, паробокъ,гайдукъ, игуменъ, скоморохъ), назвы сельскагаспадарчых рэалій ( вино, медъ, пиво, просо). У дзелавых помніках замацаваліся не толькі шматлікія ўсходне -славянскія тэрміны – некаторыя тэрміны самастойна ўзнікалі на беларускай моўнай глебе або браліся з жывой гутарковай мовы, напрыклад: статокъ, ‘маёмасць', сведка замест усх.сл. послухъ, забойца замест усх.сл. головникъ, забіты замест усх.сл. голова. Для мовы дзелавых дакументаў характэрным было ўжыванне двухчленных тэрмінаў тыпу книги земские (кгродские), листъ ‘дакумент' жалованный (купчий, слушный, судовый, позовный), сторона жолобливая, земская служба, медовая дань і інш. Шырокае ўжыванне атрымала лексіка нямецкага паходжання: броваръ, канцлеръ, ротмистръ, шкода і інш. Шляхі пранікнення германізмаў у беларускую мову былі розныя: адны з іх прыйшлі да нас шляхам непасрэднага запазычвання ад немцаў у раннюю эпоху падчас прамых гандлёвых сувязей насельніцтва паўночных гарадоў Беларусі з прыбалтыйскімі немцамі; другія ж былі запазычаны беларускай мовай праз пасрэдніцтва польскай. Даволі значны пласт лексікі юрыдычных дакументаў утваралі паланізмы (рада, радца, рахунокъ, варунокъ, маетность' маёмасць' і інш.). Іх шырокае выкарыстанне часам было непраўданым, бо ўжываліся яны замест агульнавядомых беларускамоўных лексічных эквівалентаў, напрыклад: вшистко замест усё , жебы замест каб , кро(у)ль замест кароль. У актавым пісьменстве ўжывалася значная колькасць юрыдычных тэрмінаў лацінскага паходжання (актъ, артикулъ, декретъ, канцелярия, прерогатва, тестаменть' завяшчанне', у тым ліку назоўнікі – назвы асоб па прафесіі ці пасадзе: администраторъ, ассесоръ, депутатъ, дзеясловы информовати, визитовати). Прымусовая паланізацыя і акаталічванне беларускага насельніцтва з канца XVI ст., калі беларуская мова фактычна была выведзена з сацыяльнага ўжытку і адзінай дзяржаўнай мовай пасля 1696г. стала мова польская, стварылі неспрыяльныя ўмовы для развіцця дзелавога пісьма па-беларуску. Беларуская дзелавая пісьменнасць, якая даволі інтэнсіўна развівалася ў часы ВкЛ, была цесна звязана з народнай гутарковай мовай, бо прызначалася для шырокага выкарыстання ў практычнай дзейнасці людзей. Тым не менш, мова дзелавых дакументаў XV – XVI стст. – гэта не люстэркавы адбітак жывой беларускай мовы свайго часу. Аналіз арфаграфічных, граматычных і лексічных асаблівасцей дзелавой мовы сведчыць пра значную ступень залежнасці правапісу, граматыкі, слоўніка ад традыцыйных прыёмаў. Наяўнасць традыцыйных моўных рыс, якія не былі ўласцівыя жывой беларускай мове, якраз і збліжае мову дзелавой пісьменнасці з мовай іншых жанраў старабеларускай літаратуры. Замацаваныя ў дзелавых помніках фанетычныя, граматычныя і лексічныя рысы беларускай мовы пашыраліся ў старажытных тэкстах іншай жанрава-стылявой прыналежнасці. Менавіта праз дзелавыя дакументы старабеларуская літаратурная мова папаўнялася грамадска-паліычнай і юрыдычнай тэрміналогіяй, узбагачаючы тым самым сваю лексічную сістэму.
Лекцыя 5. Мова рэлігійных твораў ХV – ХVІІ стст.
|