|
Разнавіднасці старабеларускай літаратурнай мовыDate: 2015-10-07; view: 1048. Ужо ў ХІІІ ст. на Беларусі павялічваецца колькасць пісьмовых тэкстаў, якія становяцца больш разнастайнымі па змесце. Ад таго часу захаваліся богаслужэбныя кнігі, гандлёвыя граматы, разнастайныя дакументы, што выдаваліся князямі, феадаламі, царкоўнымі ўстановамі, напрыклад, Дагаворная грамата смаленскага князя Мсціслава Давыдавіча з Рыгай і гоцкім берагам” (1229). ХІУ-ХУІ стст. былі асабліва багатымі на старабеларускія літаратурна-пісьмовыя крыніцы. З'яўляючыся афіцыйнай мовай ВкЛ, што было заканадаўча замацавана Статутамі 1566 і 1588 гг., беларуская мова выкарыстоўвалася ў розных грамадскіх сферах, найперш у судовым заканадаўстве і дзяржаўнай перапісцы. Беларуская мова ХІУ–ХУІ стст. знайшла адлюстраванне ў шматлікіх пісьмовых рукапісных і друкаваных помніках. Гаворачы словамі Я.Ф.Карскага, “беларуская мова на працягу некалькіх стагоддзяў была органам разумовага, духоўнага і палітычнага жыцця народа ў ВкЛ”. Спецыфічныя беларускія рысы пранікалі найперш у помнікі канцылярска-юрыдычнага зместу – розныя запісы, граматы, заканадаўчыя дакументы, якія былі непасрэдна звязаны з жыццём беларускага народа. Значным багаццем пісьмовых помнікаў вызначаюцца ХУ –ХУІ стст. Дзелавое пісьменства выступае як самы пашыраны і найбольш унармаваны тып старабеларускай літаратурнай мовы, што тлумачыцца яе шырокімі грамадскімі функцыямі ў ВкЛ. Дзелавыя помнікі пісаліся, як правіла, на жывой народнай мове. Царкоўнаславянскія рысы зрэдку сустракаліся толькі ў зачынах і канцоўках дзелавых дакументаў. Да нас дайшло каля 600 кніг (200 тамоў) Літоўскай метрыкі – архіва канцылярыі ВкЛ ХІУ–ХУІІІ стст.: разнастайныя па форме і змесце дакументы, што выдаваліся каралямі, сеймамі, урадавымі асобамі. У якасці прыкладаў заканадаўчых дакументаў можна назваць Вісліцкі Статут (1423–1438 гг.), Судзебнік караля Казіміра Ягелонавіча (1468 г.), Статут ВкЛ (1529, 1566, 1588 гг.). Да ліку іншых помнікаў канцылярска-юрыдычнага пісьменства аднясём “Грамату палачан у Рыгу” (1465 г.), Кнігу Віцебскага земскага суда” (1552г.), Кнігу канцлера Льва Сапегі” (1596-1598 гг.) і інш. У моўных адносінах дзелавой пісьменнасці супрацьстаялі помнікі канфесійнай літаратуры, якія на Беларусі ў ХІУ–ХУ стст. перапісваліся, як правіла, на царкоўнаславянскай мове. Перапісаныя ў гэты час евангеллі, псалтыры і іншыя рэлігійныя творы ўбіралі ў сваю тканіну мясцовыя моўныя элементы , якіх з цягам часу накаплівалася ўсё больш і больш, што прывяло да стварэння своеасабліага беларускага зводу царкоўнаславянскай мовы. Першымі перакладамі былі “Пакуты Хрыста”, “Аповесць пра трох каралёў-вешчуноў”, ”Жыціе Аляксея, чалавека божага” (ХУ ст.). Прыкметнае месца ў старажытнай пісьмовай спадчыне беларускага народа займае пераклад Ф.Скарынам 23-х кніг Бібліі (1517-1519гг.). Пераклад на беларускую мову твораў канфесійнай літаратуры падрыхтаваў глебу для з'яўлення і арыгінальных рэлігійных твораў на беларускай мове (“Катэхізіс” С.Буднага). Помнікі рэлігійнага зместу, перапісаныя на царкоўнаславянскай мове з беларускімі моўнымі асаблівасцямі, аказалі пэўны ўплыў на іншыя віды старабеларускай пісьменнасці, з'явіўшыся для іх крыніцай лексічных сродкаў (у першую чаргу, абстрактнай лексікі) і арфаграфічных прыёмаў. Сярод стылістычных разнавіднасцей пісьменства эпохі беларускай народнасці адно з вядучых месцаў як па колькасці вядомых помнікаў, так і па жанравай разнастайнасці належыць свецка-мастацкай літаратуры. Самым старажытным і пашыраным жанрам гэтага віду пісьменства з'яўляюцца летапісы. У ХУ ст. на Беларусі перапісваліся старажытнарускія летапісныя зводы (Радзівілаўскі спіс, так званы летапіс Аўраамкі (1495 г.) і інш.). Адносна рана ў нас ўзнікла і ўласнае летапісанне, аднак раннія беларускія летапісы захаваліся толькі ў пазнейшых спісах (Нікіфароўскі, Слуцкі, Віленскі). Пісаліся яны на беларускай мове пераважна беларускімі храністамі. У іх падаваліся звесткі з гісторыі ВкЛ, у тым ліку і Беларусі, расказвалася пра радаслоўныя літоўскіх князёў. Многія летапісы насілі мясцовы характар, напрыклад, Баркалабаўскі летапіс. Усе гэтыя творы пісаліся на тагачаснай “руськой” мове (не без уплыву царкоўнаславянскіх моўных элементаў). Большасць свецка-мастацкіх твораў, вядомых на той час, насіла перакладны характар, напрыклад, свецкія аповесці “Аповесць пра Атылу” (пераклад з польскай мовы), “Аповесць пра Трышчана” (з сербскай), “Троя”– (ХУІ ст.), “Александрыя” (ХУІІ ст.). Арыгінальных мастацкіх твораў ХІУ–ХУІ стст. да нас дайшло мала. Гэта вершы А.Рымшы, С.Полацкага; “Гістарычныя запіскі” Ф.Еўлашоўскага (канец ХVI – пачатак ХVII ст); сатырычныя творы ХУІІ ст. “Прамова Мялешкі” і “Ліст да Абуховіча. Помнікі канца ХУІ–ХУІІ стст. часта нематывавана, неапраўдана напаўняліся паланізмамі, што было выклікана неспрыяльнымі гістарычнымі ўмовамі для развіцця беларускай мовы ў гэты час. У некаторых тагачасных літаратурна-пісьмовых крыніцах гэтая з'ява прымала надзвычай шырокія памеры, што прыводзіла да засмечвання і абяскроўлення беларускай мовы. Такім чынам, можна зрабіць вывад, што асноўнымі групамі літаратурна-пісьмовых помнікаў, створаных на тэрыторыі Беларусі ў ХІУ–ХУІІ стст., былі дзелавыя, рэлігійныя (канфесійныя) і свецка-мастацкія. У гэты час усе найважнейшыя віды пісьменнасці былі заснаваны на беларускай мове, мелі беларускамоўную аснову. У адпаведнасці з гэтым можна вылучыць тры асноўныя стылі старабеларускай літаратурнай мовы: 1) дзелавы (справодны); 2) рэлігійны (канфесійны); 3) мастацкі. Сістэма стыляў старабеларускай літаратурнай мовы фактычна была атрымана ў спадчыну ад усходнеславянскай мовы. Аднак вылучэнне стыляў у старабеларускай літаратурнай мове грунтуецца на іншых крытэрыях, у параўнанні з тымі, якія былі ва ўсходнеславянскай мове ХІ –ХІІ стст. Стылі адрозніваліся паміж сабою не асновай (аснова ў іх была беларуская!), а спецыфічнымі моўнымі сродкамі, характарамі лексікі і фразеалогіі, граматычных формаў і сінтаксічных канструкцый. Развіццё беларускай ліаратурнай мовы ў ХІУ–ХУІІ стст., між тым, характарызавалася збліжэннем стыляў, іх узаемапранікненнем, сціраннем рэзкіх межаў паміж сабой.
Лекцыя 4. Канцылярска-юрыдычнае пісьменства
|