Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Тэма 8.1. Рэспубліка Беларусь у 1990-2012 гг.


Date: 2015-10-07; view: 789.


Кючавыя паняцці: Дзяржаўны суверэнітэт; Садружнасць Незалежных Дзяржаў;Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 г; рэспубліканскія рэферэндумы; Нацыянальны сход;сацыяльна-арыентаваная рыначная эканоміка; беларуская мадэль сацыяльна-эканамічнага развіцця;прынцып шматвектарнасці ў знешняй палітыцы; Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі; сацыяльная дзяржава; ідэалогія беларускай дзяржавы; няйтральная дзяржава; інтэграцыя; парк высокіх тэхналогій.

 

План лекцыі:

1. Абвяшчэнне і ўмацаванне дзяржаўнага суверэнітэту.

2. Эвалюцыя палітычнай сістэмы ў Рэспубліцы Беларусь.

3. Эканамічныя пераўтварэнні, пераадоленне крызісу і пераход да ўстойлівага росту.

4. Геапалітычнае становішча Рэспублікі Беларусь.

5. Адукацыя, навука і культура Рэспублікі Беларусь.

 

1.Абвяшчэнне і ўмацаванне дзяржаўнага суверэнітэту

У канцы 1980-х гг. у СССР значна ўзмацніліся дэзінтаграцыйныя працэсы, што стала вынікам комплексу прычын унутранага і знешняга характару і найшло сваё адлюстраванне ў абвяшчэнні рэспублікамі, якія ўваходзілі ў склад саюзнай дзяржавы, суверэнітэту і незалежнасці. Першымі адпаведныя дэкларацыі прынялі прыбалтыйскія рэспублікі ― Эстонія, Латвія і Літва.

27 ліпеня 1990 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў «Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі». Прыняцце Дэкларацыі сведчыла аб тым, што рэспубліка выбрала ўласны шлях развіцця, але не выключала магчымасці добраахвотнага аб'яднання разам з іншымі рэспублікамі ў новы саюз.

Дэкларацыя, прынятая Вярхоўным Саветам, абвяшчала верхавенства Канстытуцыі БССР і яе законаў на тэрыторыі рэспублікі, самастойнасць і паўнату дзяржаўнай улады ў яе межах, незалежнасць Беларусі ў знешніх адносінах, надавала беларускай мове статус дзяржаўнай. Дзяржаўны суверэнітэт сцвярджаўся ў імя свабоднага развіцця і дабрабыту, годнага жыцця кожнага грамадзяніна рэспублікі на аснове забеспячэння правоў асобы ў адпаведнасці з Канстытуцыяй БССР і яе міжнароднымі абавязацельствамі.

25 жніўня 1991 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў рашэнне аб наданні статуса канстытуцыйнага закона Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР, прынятай 27 ліпеня 1990 г.

26 жніўня 1991 г. быў прыняты Закон “Аб забеспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці БССР”, згодна з якім усе прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы агульнасаюзнага падпарадкавання, якія знаходзіліся на яе тэрыторыі, пераводзіліся ва ўласнасць Беларускай СССР. Вярхоўны Савет БССР прыняў рашэнне аб часовам прыпыненні дзейнасці КПБ ― КПСС на тэрыторыі рэспублікі, дэпартызацыі органаў дзяржаўнай улады і кіравання, дзяржаўных прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў. 19 верасня 1991 г. Вярхоўны Савет БССР зацвердзіў новую назву краіны ― «Рэспубліка Беларусь», а ў скарочаным варыянце – “Беларусь”, прыняў рашэнне пра ўвядзенне новай дзяржаўнай сімволікі.

8 снежня 1991 г. ў рэзідэнцыі Віскулі ў Белавежскай пушчы кіраўнікі Беларусі, Расіі і Украіны падпісалі Пагадненне аб спыненні існавання СССР і аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). 10 снежня 1991 г. Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь ратыфікаваў пагадненне аб стварэнні СНД і прыняў рашэнне аб дэнансацыі дагавора аб утварэнні СССР ад 1922 г. У склад СНД увайшлі 12 краін. Сталіцай СНД быў вызначаны г. Мінск.

2.Эвалюцыя палітычнай сістэмы ў Рэспубліцы Беларусь

15 сакавіка 1994 г. Вярхоўны Савет прыняў новую Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Згодна Канстытуцыі, Беларусь – унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава, якая аснована на прынцыпе раздзяленя ўлад: заканадаўчай, выканаўчай і судовай.

Рэспубліка Беларусь як унітарная дзяржава падзяляецца на адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі (вобласці), якія не маюць статусу самастойных дзяржаўных утварэнняў. Дэмакратычны характар беларускай дзяржавы вызначаецца тым, что адзінай крыніцай дзяржаўнай улады з'яўляецца народ. Рэспубліка з'яўляецца прававой дзяржавай таму, што дзейнасць усіх органаў улады, жыццё грамадства вызначаюцца Канстытуцыяй і адпаведнымі законамі, выкананне якіх з'яўляецца абавязковым для ўсіх. Тэрмін “сацыяльная дзяржава” азначае, што асноўнай мэтай Рэспублікі Беларусь з'яўляецца стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы і рэалізацыі яе інтарэсаў, якія суадносяцца з інтарэсамі грамадства.

Канстытуцыя ўстанавіла прэзідэнцкую форму дзяржаўнага кіравання, паводле якой Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь з'яўляецца кіраўніком дзяржавы, гарантам правоў і свабод чалавека і грамадзяніна. Згодна Аснаўному Закону, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь увасабляе адзінства народа, гарантуе рэалізацыю асноўных напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі, прадстаўляе беларускую дзяржаву ў адносінах з іншымі дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі. Прэзідэнт прымае меры па ахове суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе нацыянальнай бяспекі і тэрытарыяльнай цэласнасці, забяспечвае палітычную і эканамічную стабільнасць, пераемнасць і ўзаемадзеянне органаў дзяржаўнай улады, ажыцяўляе пасрэдіцтва паміж органамі дзяржаўнай улады.

10 ліпеня 1994 г. першым Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь быў абраны А.Р. Лукашэнка. За яго кандыдатуру аддалі сваі галасы звыш 80 % выбаршчыкаў. 20 ліпеня 1994 г. на сесіі Вярхоўнага Савета адбылася афіцыйная цэрэмонія ўступлення Прэзідэнта на пасаду.

У мэтах вырашэння некаторых спрэчных пытанняў, якія ставіла палітычная апазіцыя і якія мелі прынцыповае значэнне для забеспячэння згоды ў грамадстве, па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і ў адпаведнасці з яго перадвыбарнай платформай (забеспячэнне суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, эканамічнай і палітычнай стабільнасці, барацьба з карупцыяй і злачыннасцю, паляпшэнне матэрыяльнага дабрабыту народа) 14 мая 1995 г.быў праведзены рэспубліканскі рэферэндум. Беларускі народ падтрымаў прапановы кіраўніка дзяржавы аб наданні рускай мове роўнага статусу з беларускай, развіцці эканамічнай інтэграцыі з Расійскай Федэрацыяй, прадугледжана магчымасць датэрміновага роспуску Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь у выпадку парушэння Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, устанаўленні новых Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь.

24 лістапада 1996 г. адбыўся ініцыіраваны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкам рэспубліканскі рэферэндум.Беларускі народ прагаласаваў за прыняцце Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 г. са змяненнямі і дапаўненнямі (новая рэдакцыя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь), прапанаванымі А.Р. Лукашэнкам, выказаўся супраць свабоднай, без абмежаванняў куплі і продажу зямлі, супраць адмены смяротнай кары ў Рэспубліцы Беларусь.

На рэспубліканскім рэферэндуме была падтрымана прапанова А.Р. Лукашэнкі аб перанясенні Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дня рэспублікі) з 27 ліпеня на 3 ліпеня– дзень вызвалення Мінска ад гітлераўскіх захопнікаў у Вялікай Айчыннай вайне.

У адпаведнасці з новай рэдакцыяй Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь замест аднапалатнага Вярхоўнага Савета быў сфарміраваны двухпалатны Нацыянальны сход, які з'яўляецца прадстаўнічым і заканадаўчым органая улады. Ён складаецца з Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі. Прэзідэнт з'яўляецца кіраўніком дзяржавы, гарантам Канстытуцыі, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна. Кіраўніком выканаўчай улады з'яўляецца прэм'ер-міністр урада, пашыраны правы і паўнамоцтвы Савета Міністраў. Канстытуцыйны Суд сочыць за адпаведнасцю Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь законаў, якія прымаюца ў нашай краіне.

17 кастрычніка 2004 г.адбыўся рэспубліканскі рэферэндум па пытанню прыняцця паправак у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, звязаных з тэрмінам паўнамоцтваў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Па выніках рэферэндума Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь выбіраецца на 5 гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь на падставе ўсеагульнага, свабоднага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні. З Канстытуцыі выключана палажэнне аб тым, што адна і тая ж асоба можа быць Прэзідэнтам не болей дзвух тэрмінаў.

Вынікі рэспубліканскіх рэферэндумаў паказалі, што абсалютная большасць грамадзян Рэспублікі Беларусь падтрымлівае Прэзідэнта.

У Рэспубліцы Беларусь існуе шматпартыйная сістэма. Сёння ў Беларусі дзейнічае 15 палітычных партый. Сярод вядучых вылучаюцца Аб'яднаная грамадзянская партыя, Ліберальна-дэмакратычная партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада, Сацыял-дэмакратычная партыя народнай згоды, Партыя БНФ, Камуністычная партыя Беларусі і інш. Большасць з іх знаходзяцца ў апазіцыі да існуючай улады і не маюць рэальнага ўплыву на палітычную сітуацыю ў краіне.

Таксама ў рэспубліцы працуе 2,2 тысячы грамадскіх аб'яднанняў. На прэзідэнцкіх выбарах (верасень 2001 г., сакавік 2006 г., снежань 2010 г.) перамогу атрымаў дзейнічаючы Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка.

 

3. Эканамічныя пераўтварэнні, пераадоленне крызісу і пераход да ўстойлівага росту.

У эканамічнай сферы пасля распаду СССР і стварэння сувярэнных дзяржаў адбыўся рэзкі пераход да ліберальнай рыначнай эканомікі па заходніх рэцэптах «шокавай тэрапіі». Пачалася прыватызацыя прадпрыемстваў і пераход на свабоднае цэнаўтварэнне, у сельскай гаспадарцы быў узяты курс на развал калгасаў і замену іх фермерскімі гаспадаркамі. Гэта прывяло да рэзкага зніжэння аб'ёмаў вытворчасці і ўзроўня жыцця насельніцтва. У Беларусі ў 1991-1995 гг. валавы нацыянальны прадукт скараціўся на 35%, рэальная зарплата зменшылася на палову. 60% насельніцтва аказалася за рысай беднасці. Палажэнне яшчэ больш ускладнялася ў сувязі з узрастаючай інфляцыяй, ростам беспрацоўя, нарастаннем іншых сацыяльных праблем.

У той жа час у эканоміцы рэспублікі паступова праяўляліся элементы рыначнай эканомікі, прававой базай для якіх стала прыняцце ў 1991–1995 гг. законаў “Аб уласнасці”, “Аб нацыянальным банку”, “Аб прадпрыемстве”, “Аб арэндзе”, “Аб прадпрымальніцтве” і інш. Яны дэкларавалі свабоду распаражэння прадпрымальнікаў вырабленай прадукцыяй, частковую свабоду цэнаўтварэння і прыватызацыю, стваралі спрыяльны клімат для замежных інвестыцый і развіцця дробнага прадпрымальніцтва.

З увядзеннем прэзідэнцкага кіравання быў узяты курс на сацыяльна-арыентаваную рыначную эканоміку, якая спалучае ў сабе перавагі рыначнай канкурэнцыі і эфектыўнай сістэмы абароны інтарэсаў насельніцтва, ідэі рыначнага самарэгулявання і дзяржаўнага кіравання. Выкарыстоўваючы яе, дзяржава праводзіць моцную і эфектыўную эканамічную і сацыяльную палітыку, абараняе інтарэсы ўсіх класаў і пластоў насельніцтва, у тым ліку і тых, хто па розных прычынах зарабляе мала, ці зусім нічога не зарабляе (састарэлыя, інваліды, шматдзетныя сем'і, студэнты, навучэнцы і г. д.). Гэта выключае сацыяльныя катаклізмы і забяспечвае сацыяльную стабільнасць у грамадстве.

Улічваючы вопыт краін з развітай рыначнай інфраструктурай, Рэспубліка Беларусь стала на шлях дзяржаўнага рэгулявання эканомікі. Правядзенне дзяржаўнай патэрналісцкай палітыкі забяспечвае павышэнне эфектыўнасці эканомікі, абарону інтарэсаў айчынных таваравытворцаў, недапушчэнне “праядання” крэдытаў, узмацнення інфляцыі, развіцця крымінальных і ценявых структур.

Прыватызацыя праводзіцца пры ўдзеле і пад кантролем дзяржавы, у інтарэсах умацавання яе магутнасці і павышэння дабрабыту народа. Грамадзяне рэспублікі і дзяржава адмовіліся ад куплі-продажу зямель сельскагаспадарчага прызначэння, ад дэмантажу буйной калгасна-саўгаснай вытворчасці і замены яе сялянскай (фермерскай) гаспадаркай. Калгас, саўгас, сялянская (фермерская) гаспадарка маюць роўныя правы і магчымасці існавання, калі яны эфектыўна гаспадараць на зямлі.

Асаблівасцю беларускай мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіццяз'яўляецца тое, што ў цэнтры яе знаходзіцца Чалавек з яго інтарэсамі, памкненнямі, жаданнем жыць у свабоднай, дэмакратычнай і квітнеючай краіне. Усё ў імя чалавека і для дабрабыту чалавека – такі глыбінны сэнс беларускай мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця, унутранай і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь. Дзяржава для народа клапоціцца і будзе клапаціцца аб росце заработнай платы, пенсій, стыпендый і іншых выплат насельніцтву, аб паляпшэнні жыллёвых умоў, умоў працы і адпачынку, каб чалавек адчуваў сябе камфортна, ганарыўся тым, што ён жыве і працуе ў краіне, імя якой Рэспубліка Беларусь.

Рэспубліка Беларусь адкрыта для эканамічнага супрацоўніцтва з усімі краінамі свету. Яна прыцягвае ў народную гаспадарку капіталы айчынных і замежных інвестараў. Сёння краіна, маючы велізарны вытворча-эканамічны, навукова-тэхнічны і інтэлектуальны патэнцыял, робіць стаўку на ўласныя сілы і сродкі, прыцягваюцца іншаземныя інвестыцыі ў тым выпадку, калі яны даюць нам эканамічную выгаду і адпавядаюць нацыянальным інтарэсам.

Беларусь дасягнула істотнага росту па выжнейшых макраэканамічных паказчыках, стабілізавалася эканамічнае становішча краіны. Дзяржаўная эканамічная палітыка дазволіла захаваць і развіць прамысловыя гіганты, з якімі ва ўсім свеце асацыіруюць Беларусь (“МТЗ”, “МАЗ”, “БелАЗ”, “Беларуськалій” і інш.). Толькі за 2006-2010 гг. пабудавана 155 новых прадпрыемстваў. Адбылося фактычна поўнае тэхналагічнае пераўзбраенне сяла.

У падрыхтаваным ААН Дакладзе аб чалавечым вымярэнні ў 2009 г. у рэйтынгу краін па індэксу развіцця чалавечага патэнцыялу (ІРЧП) Беларусь заняла 68-е месца (з 182) і ўвайшла ў групу дзяржаў з высокім узроўнем (ІРЧП). Па гэтым паказчыку Беларусь апярэдзіла ўсе краіны СНД (Расія – 71-е месца, Казахстан – 82-е, Арменія – 84-е, Украіна – 85-е, Азейбарджан – 86-е і г.д.) і такія еўрапейскія дзяржавы, як Албанія, Македонія, Боснія і Герцагавіна, Турцыя.

У 2006 г. былі абмеркаваны і зацвержаны асноўныя напрамкі сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2006-2010 гг, дзе у якасці асноўнай задачы пастаўлена павышэнне якасці жыцця людзей. Сусветны эканамічны крызіс, які пачаўся ў другой палове 2008 г., ускладніў яе рэалізацыю, але, тым не меньш, большасць прагнозных паказчыкаў была выканана. У асноўным паспяхова выконваюцца праграмныя ўстаноўкі сацыяльна-эканамічнага развіця на 2011-2015 гг. якія былі вызначаны на ІV Усебеларускім народным сходзе ў снежні 2010 г.

Такім чынам, галоўным вынікам сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь у 1994–2013 гг. з'яўлялася тое, што ў краіне была створана і дзейнічае аптымальная сацыяльна-эканамічная сістэма, заснаваная на паступовым, эвалюцыйным шляху эканамічных пераўтварэнняў. Забяспечаны высокія тэмпы эканамічнага росту. Захаваны і паглыблены сацыяльныя гарантыі для людзей – жыллё, пенсіі, бясплатныя за кошт бюджэту адукацыя і лячэнне. Сёння Рэспубліка Беларусь – стабільная, паспяховая, цывілізаваная краіна з моцнай эканомікай, развітымі навукай і культурай, адной з лепшых у свеце сістэмай адукацыі. Моцная дзяржаўная ўлада, моцная сацыяльная палітыка і апора на народ – сакрэт поспехаў Рэспублікі Беларусь.


<== previous lecture | next lecture ==>
Эканамічнае развіццё БССР | Геапалітычнае становішча Рэспублікі Беларусь.
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.127 s.