|
Эканамічнае развіццё БССРDate: 2015-10-07; view: 873. Вялiкая Айчынная вайна прывяла да велiзарных матэрыяльных i людскiх страт. З 1943 г. пачалося аднаўленне прамысловасцi, і ўжо да 1950 г. яна перавысiла даваенны ўзровень. Быў асвоены выпуск аўтамабiляў, трактараў, лiцейнага абсталявання, пабудаваны шэраг прадпрыемстваў лёгкай прамысловасцi, праведзена рэканструкцыя iльнозаводаў, абутковых прадпрыемстваў. Пачатак 50-х гадоў характарызуецца разгортваннем навукова-тэхнiчнай рэвалюцыi. Да сярэдзiны 50-х гадоў Беларусь дасягнула новых поспехаў. Пабудавана 150 прадпрыемстваў: Аршанскi завод швейных машын, Вiцебская шоўка-ткацкая фабрыка, малочна-кансервавыя заводы i iнш. Заводы папаўняюцца новым тэхналагiчным абсталяваннем; укараняюцца паточныя метады вытворчасцi. У вынiку павышэння тэхнiчнага ўзроўню павысiлася прадукцыйнасць працы. З сярэдзiны 50-х гадоў пашыраецца капiтальнае будаўнiцтва, вытворчасць набывае характар навукова-iндустрыяльнага тыпу. Навука становiцца ўдзельнiкам механiзаванай i аўтаматызаванай вытворчасцi. За 1956-65 гг. было пабудавана 450 фабрык i заводаў (Беларускi аўтазавод у Жодзiне, 2 Салiгорскiя калiйныя камбiнаты, Полацкi нафтаперапрацоўчы завод i iнш.). У 1957 г. была ажыццёўлена спроба рэфармаваць кіраўніцтва эканомікай. Замест міністэрстваў, якія былі створаны па галінах вытворчасці, былі ўведзены саветы народнай гаспадаркі (саўнаргасы), якія павінны былі кіраваць усёй прамысловасцю і сельскай гаспадаркай у межах вызначанай тэрыторыі. Лічылася, што на месцах “знізу” можна значна лепш кіраваць гаспадаркай, чым з цэнтра “зверху”. Аднак камандныя метады кіраўніцтва цалкам захаваліся, што прывяло да няўдачы гэтай рэформы. У 1965 г. была праведзена новая эканамічная рэформа, аўтарам якой быў Старшыня Савета Міністраў СССР А. Касыгін. Рэформа прадугледжвала ўключыць у дзеянне таварна-грашовыя механізмы, г.зн. элементы рыначнай эканомікі, не паслабляючы, аднак камандна-адміністрацыйных метадаў у кіраўніцтве эканомікай. Замест створанай у 1957 г. тэрытарыяльнай сістэмы кіравання (саўнаргасы) была зноў уведзена галіновая пад кіраўніцтвам асобных міністэрстваў. Рэформа прадугледжвала ўключыць у дзеянне таварна-грашовыя механізмы, г.зн. элементы рыначнай эканомікі, не паслабляючы, аднак, камандна-адміністрацыйных метадаў у кіраўніцтве эканомікай. Удасканальвалася сістэма планавання: асноўным паказчыкам работы прадпрыемства станавіўся аб'ём рэалізаванай прадукцыі, што звярнула ўвагу на якасць выпускаемых тавараў. Пашыралася гаспадарчая самастойнасць прадпрыемстваў на аснове гаспадарчага разліку (прадпрыемствы атрымалі магчымасць свабодна распараджацца часткай прыбытку, а значыць будаваць жыллё, дзіцячыя садкі, санаторыі для сваіх супрацоўнікаў, што павялічвала стымуляванне працы), былі прыняты меры па барацьбе з безгаспадарчасцю, па лепшым выкарыстанні рэсурсаў. Аднак развіццё прамысловасці характарызавалася пераважна колькасным ростам, г.зн. праходзіла экстэнсіўным шляхам. Ён звязаны перш за ўсё з павялічэннем колькасці выпускаемай прадукцыі за кошт колькасці працуючых, колькасці грошай на развіццё прамысловасці, колькасці прадпрыемстваў. Пераход на інтэнсіўны шлях, звязаны з ростам вытворчасці на аснове паляпшэння якасных пакашчыкаў, найпеш за кошт укаранення ў вытворчасць дасягненняў неавукі і тэхнікі і павялічэння прадукцыйнасці працы, аказаўся задачай цяжкай і невыканальнай. Гэты было сведчаннем няўдачы эканамічнай рэформы 1965 г., якая праводзілася ў жыццё па-ранейшаму каманднымі метадамі. Асаблівасцю эканамічнага развіцця Белрусі з'явіўся пераважна хуткі рост цяжкай прамысловасці, якая ў 1970-я гг. усё больш пераўтваралася ў галіну вытворчасці для абслугоўвання ваена-прамысловага комплексу (ВПК, так званая абаронка – абаронная прамысловасць). Менавіта на прадпрыемствы абаронкі перш за ўсё пастаўляліся сыравіна і матэрыялы, новыя станкі і абсталяванне, ім у першую чаргу выдзяляліся фінансавыя рэсурсы. У той жа час лёгкая прамысловасць, якая вырабляла спажывецкія тавары, аказалася другароднай галіной. Узровень аплаты працы заставаўся даволі нізкім. Пры агульным росце ўзроўня жыццянасельніцтва павялічвалася колькасць дэфіцытных тавараў, паколькі пры планавайэканоміцы немагчыма прадказаць рэальную патрэбу ў асобных відах прадукцыі. Хранічнай праблемай заставалася нізкая якасць тавараў, іх небагаты асартымент. Планавая сістэма кіравання савецкай эканомікай не прымала нязвыклыя для сябе метады кіравання, а нарастанне канфрантацыі з заходнімі краінамі паставіла на першае месца праблему ўмацавання абароназдольнасці краіны. У эканоміцы Беларусі, як і ўсяго СССР, склаўся механізм тармажэння сацыяльна-эканамічнага развіцця, сталі нарастаць застойныя, перадкрызісныя з'явы. Галойнай прычынай застою (1971-1985 гг.) было тое, што па-ранейшаму захоўваўся гаспадарчы механізм з манаполіяй дзяржаўнай ўласнасці, адміністрацыйна-каманднымі метадамі кіравання, цэнтралізаваным планаваннем і размеркаваннем. Улады не жадалі праводзіць рэфармаванне форм і метадаў гаспадарання. Наспяванне крызісных з'яў у эканоміцы асабліва востра праяўляюццаў сярэдзiне 80-ых гадоў. Адзiная сiстэма ўласнасцi, цэнтралiзаванае кiраўнiцтва, улада партнаменклатуры прывялi да поўнага адмаўлення ўласцiвых эканомiцы законаў яе развiцця. Станавілася відавочнай неабходнасць карэнных пераўтварэнняў у эканоміцы. Вялікія надзеі звязваліся з удасканаленнем планавага кіравання і павышэннем самастойнасці і актыўнасці прадпрыемстваў і іх калектываў. Пры абмеркаванні дванадцатага пяцігадовага плана развіцця БССР на 1986-1990 гг. на ХХХ з'ездзе КПБ прадугледжвалася забяспечыць увесь прырост вытворчасці за кошт выкарыстаня ў першую чаргу інтэнсіўных, а не экстэнсіўных шляхоў развіцця эканомікі. Было прадугледжана ажыццяўленне пераходу на дзяржразлiк i самафiнансаванне многiх прадпрыемстваў БССР. У лiку першых у 1987г. на дзяржразлiк перайшлi прадпрыемствы i арганiзацыi Мiнбыту, Мiнгандлю, Беларуская чыгунка i iнш. Была створана праграма "iнтэнсiфiкацыя". Яе мэта – паскарэнне НТР ва ўсiх галiнах вытворчасцi. Дапамогу ў ажыццяўленнi праграмы аказалi навуковыя ўстановы. Гэта прывяло да таго, што былi дасягнуты некаторыя паляпшэнні ў капiтальным будаўнiцтве, рабоце транспарту i сувязi, аднак надзеi на наблiжэнне да рыначнай эканомiкi праз дзяржразлiк i самафiнансаванне не апраўдалiся. Пераўтварэнні ў сельскай гаспадарцы накiроўвалiся на змякчэнне каманднага кiраўнiцтва з боку партапарату. У 1988 г. быў прыняты новы Прыкладны статут калгаса. Павышалася роля працоўных калектываў, брыгад, ферм i г. д. Але ўжо ў 1990 г. становiшча на сяле не палепшылася, а, наадварот, стала яшчэ горшым, асаблiва ў прадуктовым забеспячэннi насельнiцтва. Сiстэма прадуктовых талонаў стала звычайнай з'явай. У гэтых умовах узнiмаюцца пытаннi аб пераходзе да розных форм i спосабаў гаспадарання на зямлi. Закон 1990 г. прадугледжваў прыватную уласнасць у БССР. У сацыяльнай сферы адбылiся некаторыя змены. Зарплата рабочых павысiлася на 30%, калгаснiкаў – на 32%. Павялiчылiся выплаты з грамадскiх фондаў спажывання. Былi падняты стаўкi зарплаты ў бюджэтнай сферы. Ажыццяўлялася жыллёвая праграма. 2 млн. чалавек атрымалi жыллё. Павялiчыўся выпуск тавараў народнага спажыванння. Эканомiка пачынае пераарыентоўвацца на сацыяльную сферу. Стваралiся магчымасцi падпарадкаваць вытворчасць iнтарэсам i патрэбам працоўных. Але выявіўся шэраг недастаткаў: iнэртнасць мыслення, арыентацыя на ВПК i г. д. Нязмерную шкоду нанесла рэспублiцы аварыя на Чарнобыльскай АЭС26 красавiка 1986 г. Яна прынесла Беларусі страты, роўныя 32 рэспубліканскім бюджэтам 1985 г. Радыёнуклідамі забруджана патая частка тэрыторыі рэспублікі, на якой пражывае больш за два млн. чалавек, г.зн. кожны пяты жыхар рэспублікі. З гаспадарчага абароту выведзена 20% сельгасугоддзяў. Узровень забруджвання рэк i азёр дасягнуў крытычнай мяжы. Пад канец 80-х гадоў становiшча некалькi стабiлiзавалася. Былi пашыраны паўнамоцтвы Дзяржкамiтэта БССР па ахове прыроды. У 1990 г. былi прыняты "Асноўныя напрамкi аховы i аздараўлення навакольнага асяроддзя i рацыянальнага выкарыстоўвання рэсурсаў Беларусi на 1991-1995 гг. i на перспектыву да 2000 г. Такім чынам, у другой палове 50-х гадоў канчаткова завяршыўся этап аднаўлення разбуранай вайной народнай гаспадаркі. Прамысловасць Беларусі была не проста адноўлена, а, па сутнасці, створана па-новаму. З'явіліся новыя, сугучныя навукова-тэхнічнаму прагрэсу галіны, астатнія заводы і фабрыкі былі забяспечаны сучаснай тэхнікай. Гэта ператварыла Беларусь у індустрыяльную дзяржаву з адносна дынамічным узроўнем развіцця. Аднак непаваротлівасць цэнтралізаванай сістэмы кіравання і недастатковая стымуляцыя працы тармазілі аператыўнае ўкараненне ў вытворчасць навейшых дасягненняў навукова-тэхнічнага прагрэса. Беларусь, якая не мела ў дастатковай меры сваёй сыравіны і энерганосьбітаў, трапляла ва ўсё большую эканамічную залежнасць ад цэнтра, паступова ператваралася ў зборачны цэх. Спробы рэформ 60-х гадоў былі палавінчатымі, яны праводзіліся зверху, не былі падмацаваны матэрыяльнымі стымуламі і не знайшлі адпаведнага водгука ў нізах.Такім чынам, на рубяжы 80-90 гадоў у сувязi са спадам вытворчасцi, нязмерным ростам цэн, высокiм узроўнем iнфляцыi становiшча ў сацыяльнай сферы ў рэспублiцы рэзка абвастрылася. Патрэбна было прыняць меры па выхадзе з гэтага стану.
3.Грамадска-палітычнае жыццё ў СССР і БССР Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны таталітарны палітычны рэжым у БССР захаваўся. Дзяржава па-ранейшаму поўнасцю (татальна) кантралявала жыццё грамадмтва. Захоўвалася адзіная дзяржаўная ідэалогія, аднапартыйная палітычная сістэма. Рашэнні партыйных арганізацый з'яўляліся абавязковымі не толькі для ніжэйшых арганізацый партыі, але і для ўсіх дзяржаўных органаў і грамадскіх арганізацый. Грамадска-палітычнае жыццё другой паловы 1940-х – пачатку 1950-х гг. характарызавалася бязмежным узрастаннем культу асобы І.В. Сталіна. Вялізнымі тыражамі выходзілі працы Сталіна, ствараліся тысячы гурткоў па засваенні яго біяграфіі, праводзіліся масавыя сходы і мітынгі для ўшанавання І.В. Сталіна. Партыйна-дзяржаўныя ўлады ў БССР у разглядаемы перыяд жорстка кантраляваліся ў сваёй дзейнасці саюзным кіраўніцтвам. Яно ажыццяўляла прызначэнне на галоўныя кіруючыя пасады ў рэспубліцы. Пры гэтым перавага аддавалася кадрам з іншых саюзных рэспублік. Першымі сакратарамі ЦК КПБ гэтага перыяду з'яўляліся: П. К. Панамарэнка (1938-1947 гг.); М. І. Гусараў (1947-1950 гг.); М. С. Патолічаў (1950-1956 гг.). Смерць І.В. Сталіна 5 сакавіка 1953 г. падштурхнула даўно наспеўшы працэс аднаўлення грамадства. Ён закрануў усе сферы жыцця грамадства – палітычную, эканамічную, сацыяльную, духоўную. “Хрушчоўская адліга”, ХХ з'езд КПСС (1956 г.) з яго выкрываннямі культу асобы выклікалі глыбокія змены ў грамадска-палітычнай свядомасці. Гэта стала спрыяльнай глебай для ажыўлення навукі, літаратуры, мастацтва. Былі зроблены некаторыя намаганні па ўдасканаленні палітычнай сістэмы. Ужо ў 1953–1956 гг. было пачата правядзенне лініі на пашырэнне правоў саюзных рэспублік у дзяржаўным, эканамічным і культурным будаўніцтве. Працэс аднаўлення грамадства, які разгарнуўся ў 50-я гады, востра паставіў задачу выпрацоўкі стратэгічнага курсу. Ім стала “разгорнутае будаўніцтва камунізму”, абгрунтаванае ў Праграме КПСС, якая была прынята на ХХІІ з'ездзе партыі (1961 г.). Значныя паказчыкі эканамічнага росту, дасягнутыя да пачатку 60-х гадоў, высокія тэмпы сярэднегадовага прыросту нацыянальнага даходу, вялікія поспехі ў некаторых галінах (напрыклад, у асваенні космасу) прывялі да памылковых вывадаў праграмы аб стане эканомікі, грамадства наогул і аб іх магчымасцях у бліжэйшай будучыні. Былі дапушчаны пралікі ў выяўленні перспектыў як унутранага развіцця краіны (стварэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы камунізму да 1980 г.), так і міжнародных абставін (вывад аб паглыбленні агульнага крызісу капіталізму). З другой паловы 70-х гадоў канцэпцыя пабудовы камунізму атрымала лагічны працяг у канцэпцыі развітога сацыялістычнага грамадства. Апошняя стала крыніцай дагматызму ў тэарэтычнай думцы. Эканамічныя рэформы 60-х гг. таксама патрабавалі дэмакратычных змен у жыцці грамадства. Толькі яны не наступілі. Дэмакратычныя працэсы былі заблакіраваны сіламі бюракратычнага кансерватызму. Грамадскі ўздым паступова змяніўся расчараваннем, і тэзіс аб пабудове развітога сацыялізму не толькі не змяніў грамадска-палітычную атмасферу, настрой людзей, але нават выклікаў іронію. З сярэдзіны 50-х гадоў неаднаразова рабіліся спробы павялічыць ролю Саветаў у кіраванні дзяржавай і грамадствам. Для таго каб зрабіць дэпутацкую дзейнасць больш выніковай, ствараліся пастаянныя камісіі на розных напрамках дзейнасці. Аднак рэальная ўлада знаходзілася ў руках партыйных камітэтаў. І наогул ўсё грамадска-палітычнае жыццё было строга рэгламентавана і цэнтралізавана. Кіруючай сілай беларускага грамадства з'яўлялася Кампартыя Беларусі. Важную ролю ў палітычнай структуры і жыцці грамадства ігралі грамадскія арганізацыі – прафсаюзы, якія ўключалі ў сябе амаль ўсіх працуючых, і Ленінскі камуністычны Саюз моладзі, які ахопліваў амаль усю моладзь. Аднак дзейнасць грамадскіх арганізацый была заарганізавана, цвёрда цэнтралізавана і паступова пачала пакідаць усё менш месца для ініцыятывы асобнага чалавека, актыўнасць іх членаў усё больш фармалізавалася. Сярод кіраўнікоў рэспублікі былі і даволі аўтарытэтныя, кампетэнтныя людзі. І сёння з павагай ўспамінаюць К. Т. Мазурава – першага сакратара ЦК КПБ з 1956 па 1965 гг., С. В. Прытыцкага – Старшыню Вярхоўнага Савета БССР з 1968 па 1971 гг., П. М. Машэрава – Першага Сакратара ЦК КПБ з 1965 па 1980 гг. і інш. Асабліва яскравай з'яўляецца асоба П.М. Машэрава, а перыяд яго кіраўніцтва – гэта перыяд развіцця эканомікі высокімі тэмпамі. Усплеск грамадскай актыўнасці быў звязаны з абмеркаваннем і прыняццем Канстытуцыі СССР 1977 г. і Канстытуцыі БССР1978 г. (3-я Канстытуцыя) Іх вартасцю была арыентаванасць на абарону сацыяльных гарантый людзей. У параўнанні з папярэднімі канстытуцыямі ў іх падкрэслівалася асаблівая кіруючая роля КПСС-КПБ у грамадска-палітычным жыцці. У афіцыйнай ідэалогіі ў гэты час адбываецца пераход ад лозунгаў аб пабудове камунізму да канцэпцыі “развітога сацыялізму”, якая падкрэслівала дасягненні савецкага ладу. У межах дадзенай канцэпцыі развівалася таксама ідэя аб фарміраванні ў межах СССР новай супольнасці – савецкага народа, які падмяняў сабой паступова ранейшыя нацыі. Другая палова 1970-х – першая палова 1980-х гг. увайшлі ў гісторыю пад назвай “эпоха застою”, знешняй рысай якога стала канцэнтрацыя вышэйшай дзяржаўнай улады ў СССР у руках групы састарэлых партыйных лідэраў. Адметнай рысаю гэтага перыяду ў грамадска-палітычным жыцці з'яўлялася істотнае разрастанне партыйна-дзяржаўнага бюракратычнага апарату, карупцыі і пратэкцыянізму ў межах апарату. Акрамя гэтага, ўзмацніўся фармалізм ў працы партыйна-дзяржаўнага апарату, разгарнулася прапаганда з дапамогай СМІ “дасягненняў савецкага ладу”, ствараўся ў пэўнай ступені культ кіраўнікоў партыі, асабліва Л. Брэжнева (гады кіравання – 1964-1982 гг.). Абмежаванасць дэмакратычных свабод, узмацненне ролі цэнтральных органаў у кіраванні краінай, усеахопны кантроль за жыццём грамадства з боку адной палітычнай партыі, якая фактычна з'яўляляся ва ўмовах аднапартыйнай палітычнай сістэмы “дзяржавай у дзяржаве” выклікалі ў пачатку 1980-х гг. у насельніцтва адчуване таго, што курс кіраўніцтва краінай не зусім аптымальны. 4.Адукацыя, навука і культура ў БССР За гады Вялікай Айчыннай вайны была разбурана амаль уся матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў адукацыі. Школьныя будынкі ў большасці былі знішчаны. Аднак з першых дзён вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ішло аднаўленне сістэмы адукацыі. Поўнасцю сетка адукацыі была адноўлена да 1950 г. У 1958 г. у БССР быў прыняты Закон аб увядзенні ўсеагульнай 8-гадовай адукацыі замест сямігадовага навучання. У 1962 г. праведзена рэформа сярэдняй школы, яна была пераведзена на 11-гадовае навучанне з ухілам на працоўную адукацыю. Але з 1964 года было вырашана зноў вярнуцца да 10-гадовага навучання. У 1966 годзе была пастаўлена задача перахода да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі. Яна была выканана да 1975 г. За гэты час значна ўмацавалася матэрыяльная база сістэмы адукацыі, большасць школ працавалі ў тыпавых будынках, дзе былі таксама спортзалы, майстэрні. Новым стала адкрыццё школ-інтэрнатаў, прадметных кабінетаў. 65% настаўнікаў мелі вышэйшую адукацыю. Але былі і праблемы. Абавязковае дзесяцігадовае навучанне часам прыводзіла да прыніжэння патрабавальнасці за якасць ведаў. У 1984 г. была праведзена яшчэ адна рэформа агульнаадукацыйнай школы, згодна з якой навучанне пачыналася з 6 гадоў і працягвалася 11 гадоў. У цэлым да васьмідзесятых гадоў у СССР, у тым ліку і ў Беларусі, склалася ў цэлым якасная сістэма школьнага навучання, якая была прызнана адной з лепшых у свеце. Развівалася сістэма вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Хуткае эканамічнае развіццё БССР вызывала неабходнасць падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў. Таму пасля вайны былі адкрыты шэраг ВНУ і адпаведна расла колькасць студэнтаў, якія вучыліся ў іх. У пасляваенные годы было адчынены 7 новых ВНУ па тэхнічных спецыяльнасцях, 5 гуманітарных. Агульная ж колькасць ВНУ у Беларусі павялічылася з 21 у 1946 да 33 у 1985 г., а колькасць студэнтаў адпаведна з 13 тыс. да 184 тысяч. Вядучымі навучальнымі установамі ў рэспубліцы былі і застаюцца БДУ і БНТУ. Па ўзроўню развіцця сістэмы вышэйшай адукацыі Беларусь выйшла на ўзровень развітых краін свету. Паспяхова развівалася навука. У 1944 г. была адноўлена дзейнасць Акадэміі навук, прычым ў яе структуры былі створаны шэраг новых навукова-даследчых інстытутаў. Навука гэтага перыяду характарызуецца станаўленнем фундаментальных даследаванняў. У сістэме АН БССР адкрываюцца інстытуты фізікі і матэматыкі, генетыкі, цепла- і масаабмену і інш. Ствараюцца цэлыя навуковыя школы (у галіне звычайных дыферэнцыяльных ураўненняў — школа Н. П. Яругіна, спектраскапіі і лазераў – Б. І. Сцяпанава, цепла- і масапераносу – А. В. Лыкава, тэарэтычнай фізікі – Ф. І. Фёдарава, антрапагенезу – Г. І. Гарэцкага, кардыялогіі – Г. І. Сідарэнкі, вылічальнай матэматыкі – У. І. Крылова, геалогіі і тэктонікі – Р. Г. Гарэцкага). Шырока вядомымі ў свеце сталі біёлаг В. Купрэвіч, матэматык У. Платонаў, фізік М. Барысевіч. Пераважнае развіццё ў рэспубліцы атрымалі тэхнічная і фізіка-матэматычная навукі, што звязана з развіццём навукова-тэхнічнага прагрэсу. Аднак толькі нямногія навуковыя распрацоўкі знаходзілі прымяненне на практыцы. Пэўныя поспехі былі дасягнуты ў гуманітарных навуках, хаця яны былі ў большай ступені, чым іншыя, палітызаваныя. Беларусы Пётр Клімук і Уладзімір Кавалёнак сталі лётчыкамі-касманаўтамі СССР, унеслі непасрэдны ўклад у асваенне космасу. Значны ўклад у развіццё абароназдольнасці СССР унеслі Я. Зельдовіч – адзін са стваральнікаў савецкай атамнай і вадароднай бомбаў, П. Сухі – авіяканструктар, распрацоўшчык самалётаў-знішчальнікаў. Літаратура і мастацтва. У літаратуры пасляваенных гадоў выразна праслежваліся некалькі напрамкаў: узвелічэнне подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, пафас стваральнай працы і маральна-этычныя праблемы сучасніка. Пры гэтым трэба адзначыць, што на змену апісальнасці літаратурных твораў 50-х гадоў у наступныя дзесяцігоддзі прыйшло больш глубокае асэнсаванне падзей і людскіх характараў, іх унутранага свету. Апошняе стала больш характэрным у 60-я гады, калі ХХІІ з'езд у якасці адной з галоўных трох задач паставіў праблему выхавання “новага чалавека”. У цэлым, нягледзячы на ідэалагічны кантроль з боку партыйных органаў, літаратура развівалася досыць паспяхова, перш за ўсё таму, што літаратары менш былі залежны ад фінансавых праблем, іх вырашала дзяржава. Глыбокае асэнсаванне падзей Вялікай Айчыннай вайны, псіхалагічных партрэтаў людзей у годы ваенных выпрабаванняў характэрны для празаічных твораў В. Быкава, М. Лынькова, І. Навуменкі, І. Чыгрынава, А. Адамовіча. Маральна-этычным праблемам сучаснасці прысвечаны раманы І. Мележа, Я. Брыля, І. Шамякіна. Гістарычную тэматыку развіваў у сваіх раманах, аповесцях, п'есах У. Караткевіч. Даволі паспяхова развівалася беларуская паэзія. У пасляваенные дзесяцігоддзі шырока раскрыўся талент беларускіх паэтаў К. Крапівы, А. Куляшова, П. Броўкі, П. Панчанкі, Н. Гілевіча, М. Лужаніна і іншых. У васьмідзесятыя гады з'явіўся шэраг твораў паэтаў новага пакалення А. Вялюгіна, К. Кірыенкі, Р. Барадуліна, У. Някляева, Я. Сіпакова, В. Зуёнка. 40-80-я гады сталі часам росквіту беларускага кінематографа. Кожны год студыя “Беларусьфільм” выпускала да 60 фільмаў розных жанраў, пераважна па ваеннай тэматыцы. Многія з іх сталі вядомымі далёка за межамі рэспублікі: “Несцерка”, “Зялёныя агні”, “Міколка-паравоз”, “Гадзіннік спыніўся апоўначы”, “Дзяўчынка шукае бацьку” і інш. Гістарычнай тэматыцы прысвечаны п'есы П. Глебкі, І. Мележа. Маральна-этычныя праблемы сучаснасці знайшлі адлюстраванне ў драматычных творах і камедыях А. Макаёнка, К. Крапівы, А. Дударава, А. Петрашкевіча. У гэты час у Беларусі працавалі 17 тэатраў. У музычным мастацтве развіваюцца жанры сімфоніі і інструментальнай музыкі (кампазітары У. Алоўнікаў, М. Аладаў, А. Багатыроў, П. Падкавыраў, Я. Цікоцкі). Наладжваецца цеснае супрацоўніцтва з тэатрамі (оперы М. Аладава, Дз. Лукаса, Р. Пукста, Дз. Смольскага, Ю. Семянякі). Кампазітары звяртаюцца да ваенна-патрыятычнай тэматыкі, увасаблення вобразаў рэальных гістарычных асоб. Большасць кампазітараў працуе ў розных жанрах. Цэнтрам музычнага жыцця рэспублікі былі тэатр оперы і балета, дзяржаўная філармонія, адкрыты ў 1971 г. Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі БССР. З 60-х гг. беларускія тэатры захапляюцца маральна-этычнай праблематыкай. Ставяцца п'есы беларускіх драматургаў (А. Дударава, А. Макаёнка, М. Матукоўскага), рускіх і сусветных класікаў, савецкіх аўтараў. Сусветнае прызнанне атрымлівае балетная трупа Беларускага дзяржаўнага тэатра оперы і балета пад кіраўніцтвам В. Елізар'ева, свайго роду заснавальніка беларускай школы балета (“Стварэнне свету” А. Пятрова і інш.). К сярэдзіне 80-х гг. у БССР працавалі 2 музычныя, 6 лялечных, 9 драматычных тэатраў. Высокай актыўнасцю і майстэрствам адрозніваецца творчасць беларускіх кампазітараў І. Лучанка, Э. Ханка, Л. Захлеўнага, У. Мулявіна. У 70–80-я гг. з'яўляюцца новыя тыпы музычных і танцавальных калектываў (вакальна-інструментальныя ансамблі “Песняры”, “Верасы”, “Сябры”, фальклорна-харэаграфічны ансамбль “Харошкі”). Развівалася выяўленчае мастацтва. Як і ў іншых жанрах, тут пераважала гістарычная і ваенна-патрыятычная тэматыкі, а таксама партрэтны жанр і пейзаж. Тэме вайны прысвечаны палотны мастакоў М. Савіцкага, Я. Зайцава, В. Волкава, Я. Ціхановіча, І. Давідовіча, А. Шыбнёва, гісторыі – Я. Кудрэвіча, П. Сергіевіча. У жанры пейзажа плённа працавалі мастакі І. Ахрэмчык, У. Кудрэвіч, В. Цвірка, М. Данцыг.У 1960-70-я гг. пачалі сваю працу таленавітыя мастакі А. Кішчанка, Я. Шчамялёў, Г. Вашчанка, У. Стальмашонак. Беларуская графіка гэтага часу прадстаўлена серыямі па гісторыі і сучаснасці, з выкарыстаннем розных прыёмаў (работы У. Басалыгі, С. Геруса, В. Шаранговіча). Ярка праявілася таксама творчасць беларускіх скульптараўЗ. Азгура, А. Бембеля, С. Селіханава і іншых. У архітэктуры першых пасляваенных галдоў прадаўжалі пераважаць рысы так званага “сталінскага барока”, але з 50-х гадоў пачынае мяняцца архітэктурны воблік гарадоў. З аднаго боку, пачынаецца масавая застройка мікрараёнаў згодна з тыпавымі праектамі, з другога, з'яўляецца шэраг пабудоў ў стылі мадэрн паводле індывідуальных праектаў. Гэта, напрыклад, палацы мастацтва і спорту, павільён ВДНГ, кінатэатр “Кастрычнік”. Значнае развіццё ў пасляваенные дзесяцігоддзі атрымала манументальнае мастацтва Беларусі. У гэты час ствараецца рад мемарыялаў і помнікаў, прысвечаных подзвігу савецкіх людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны. Найбольш значнымі з іх з'яўляюцца помнік Перамогі ў г. Мінску, мемарыяльныя комплексы “Хатынь”, “Курган славы”, “Брэсцкая крэпасць-герой” і інш., а таксама помнікі Я. Купалу, Я. Коласу ў Мінску, Ф. Скарыне ў Полацку.
Кантрольныя пытанні і заданні для самападрыхтоўкі студэнтаў: 1. З якой важнай прапановай выступіла дэлегацыя БССР ў 1946 г. у Генеральнай Асамблеі ААН? 2. У чым сутнасць эканамiчнай рэформы ў БССР у 60-ыя гады? 3. Што характарызуе грамадска-палітычнае жыццё СССР і БССР ў 60-80-я гг. ХХ ст.? 4. Назавіце творы беларускіх пісменнікаў, якія працавалі ў 60-80-я гг. ХХ ст.
Літаратура: 1. Беларусь: страницы истории / Нац. акад. наук Беларуси, Ин-т истории ; редсовет: А.А. Коваленя [и др.]. – Минск, 2011. 2. Беларусь: страницы истории / Нац. акад. наук Беларуси, Ин-т истории; редсовет: А.А. Коваленя [и др.]. – Минск, 2011. 3. Бригадин, П.И. История Беларуси в контексте европейской истории: курс лекций. – Минск, 2007. 4. Герб, Сцяг і Гімн Беларускай Дзяржавы = Герб, Флаг и Гимн Белорусской Державы : навукова-папулярнае выданне / аўтар тексту А. Марціновіч. – Мінск, 2011. 5. Гісторыя беларускай дзяржаўнасці ў канцы XVIII – пачатку ХХІ ст. : у 2 кн. / М. У. Смяховіч [і інш.] ; рэдкал.: А. А. Каваленя [і інш.]. — Мінск, 2012. – Кн. 2. 6. Новик, Е.К., Качалов, И.Л., Новик, Н.Е. История Беларуси: с древнейших времен до 2012 г. : учебное пособие. — 3-е изд., испр. и доп. – Минск, 2012.
|