Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Дадатковая літаратура


Date: 2015-10-07; view: 2928.


 

1. Беларуская энцыклапедыя. У 18-ці тамах. – Мн., 1996–2004.

2. Ахманова О. С. Словарь лингвистических терминов. – М., 2-е изд., 1969.

3. Ожегов С.И. Словарь русского языка. – М., 19-е изд., 1987.

4. Орфографический словарь словарь русского языка / под редакцией С.Г. Бархударова, И.Ф. Протченко, Л.И. Скворцова. – М., 26-е изд., 1988.

5. Орфоэпический словарь русского языка: произношение, ударение, грамматические формы / под редакцией Р.И. Аванесова. – М., 3-е изд., 1987.

 

І. Назоўнік.

1. Несупадзенне ў родзе, ліку і скланенні некаторых назоўнікаў у беларускай і рускай мовах.

У рускай і беларускай мовах назоўнік – гэта самастойная часціна мовы, якая ўключае словы са значэннем прадметнасці. Сродкам граматычнага выражэння прадметнасці з'яўляюцца марфалагічныя катэгорыі адушаўлёнасці / неадушаўлёнасці, роду, ліку і склону. Адушаўлёнасць / неадушаўлёнасць і род пастаянныя прыкметы назоўніка, лік і склон – пераменныя. У сказах назоўнікі часцей за ўсё ўжываюцца ў ролі дзейніка і дапаўнення.

Усе назоўнікі ў рускай і беларускай мовах ў адзіночным ліку належаць да аднаго з трох радоў: мужчынскага, жаночага ці ніякага. Словы, якія ўжываюцца толькі ў множным ліку (рус. очки, ворота, Осиповичы – бел. акуляры, вароты, Асіповічы) роду не маюць.

Прыналежнасць да якога-небудзь роду абгрунтоўваецца толькі граматычнымі паказчыкамі. Паказчыкі родавых форм у рускай і беларускай мовах у асноўным аднолькавыя: м. р. – нулявы канчатак (дом, стол), ж. р. – -а (-я) (рус. земля, вода, бел. зямля, вада), н. р. – -о (-е), у беларускай мове часцей -а, -ё (рус. окно, море, бел. акно, мора, апавяданне, жыццё).

Падобныя канчаткі могуць сустракацца і ў назоўнікаў іншых родаў у абедзвюх мовах: рус. мужчина, судья, Коля, бел. зямля, суддзя, Мікола – м. р.; рус. ночь, мышь, бел. ноч, мыш – ж. р.; рус. имя, пламя, бел. імя, полымя – н. р.

Разам з супадзеннямі ў катэгорыі роду назіраюцца адрозненні, якія звязаны, перш за ўсё, з распадам усходнеславянскага адзінства і самастойным развіццём моў.

Род рускіх і беларускіх запазычаных назоўнікаў можа не супадаць, вызначаецца ён пры дапамозе слоўнікаў, а таксама сінтаксічна: рус. вуаль, медаль, шинель – ж. р., бел. вуаль, медаль, шынель – м. р.

Несупадзенне родавых форм часта тлумачыцца розными словаўтваральнымі мадэлямі: рус. тополь, георгин, жеребёнок – м. р., туфля, калоша – ж. р., бел. таполя, вяргіня – ж. р., туфель, галош – м. р., жарабя, жарабё – н. р.

Разыходжанні ў граматычным родзе звязаны з перагрупоўкай у сістэме старажытнага скланення, а менавіта з пераходам назоўнікаў з асновамі на ‑ĭ ў скланенне назоўнікаў з асновамі на -ǒ (-jǒ), у выніку чаго змяшаўся граматычны род некаторых назоўнікаў: рус. боль, тень – ж. р., бел. боль, цень – м. р.

Пэўную ролю ў пераходзе некаторых беларускіх назоўнікаў жаночага роду ў мужчынскі адыграла ацвярдзенне губных зычных у канцы слова насып, цэп, стэп, дроб.

Не заўсёды супадае род адушаўлёных рускіх і беларускіх назоўнікаў, якія адрозніваюцца абазначэннямі полу: рус собака – ж. р., бел. сабака – м. р., рус. лебедь, гусь – м. р., бел. лебедзь, гусь – ж. р.

У групе назоўнікаў агульнага роду на фоне канвергентных (збліжэнне моў) сустракаюцца і дывергентныя: рус. неряха – бел. неахайнік, неахайніца, рус. недоучка, неуч, прощелыгапрайдзісвет.

І ў рускай і ў беларускай мовах ёсць назоўнікі з варыянтнымі канчаткамі, а значыць, і з вырыянтнай родавай прыналежнасцю: рус. клавиша – клавишь, ставня – ставень, бел. манжэта – манжэт, прастора – прастор, філія – філіял.

Родавыя адрозненні ахопліваюць не вельмі вялікі пласт рускай і беларускай моў, але яны ўяўляюць сабой дастаткова стракаты малюнак. Вызначэнне роду лексічных адзінак, якія маюць граматычныя паказчыкі, не складае цяжкасці. Найбольшую цяжкасць пры вызначэнні роду выклікаюць словы тыпу рус. боль, тень – бел. боль, цень. Менавіта гэтыя лексемы ў большасці выпадкаў прыводзяць да інтэрферэнцыі (узаемапранікненне моўных элементаў у выніку кантактавання моў).

Назоўнікі ў беларускай і рускай мовах у ліку супадаюць не заўсёды. Такія словы неабходна запомніць.

 

У рускай мове У беларускай мове
адзіночны лік множны лік
грудь крупа, конопля дверь черника брусника поведение двойня грудзі крупы каноплі дзверы чарніцы брусніцы паводзіны двайняты
множны лік адзіночны лік
чернила белила хлопоты сумерки чарніла бяліла клопат змрок

 

2. Асаблівасці скланення назоўнікаў у адзіночным і множным ліку. Нескланяльныя назоўнікі.

Асновы назоўнікаў першага скланення, ад якіх залежаць склонавыя канчаткі, могуць заканчвацца на:

– цвёрды зычны: вясн-а;

– на мяккі зычны зямл-я;

– на зацвярдзелы зычны: мар-а;

– на г, к, х: наг-а, рак-а, страх-а.

Аснова можа змяняцца ў выніку чаргавання галосных і зычных: рука – у руцэ, вішня – вішань, снег – на снезе.

У назоўнікаў з асновай на цвёрды зычны ў творным склоне пад націскам канчатак -ой(-ою), не пад націскам – -ай(-аю): вясной (-ою), хатай (-аю); у месным склоне канцавы цвёрды зычны асновы чаргуецца з адпаведным мяккім: па вясне, у хаце.

У назоўнікаў з асновай на мяккі зычны ў давальным і месным склонах канчатак : зямлі, на зямлі, а ў творным (у залежнасці ад націску) – -ёй(‑ёю), -яй(-яю): зямлёй (-ёю), хваляй (-яю).

Назоўнікам з асновай на зацвярдзелы ў родным, давальным і месным склонах уласцівы канчатак : мары, у мары.

У назоўніках з асновай на г, х у давальным і месным склонах заднеязычныя [г], [х] чаргуюцца са свісцячымі [з'], [с']: назе, дарозе, страсе, мусе, на назе, на дарозе, на страсе, на мусе.

У назоўнікаў з асновай на к у давальным і месным склонах пад націскам канчатак -э, не пад націскам – , пры гэтым заднеязычны [к] чаргуецца са свісцячым [ц]: рака – рацэ, рэчка – рэчцы.

Для назоўнікаў другога скланення характэрны асновы:

– на цвёрды зычны: стол, золат-а;

– на мяккі зычны: дзень, край, шчасц-е;

– на зацвярдзелы зычны: плашч, мор-а;

– на заднеязычныя г, к, х: бераг, замак, кажух.

Аснова можа змяняцца ў выніку чаргавання заднеязычных г, к, х са свісцячымі [з'], [ц'], [с']: луг – на лузе, малако – у малацэ, гарох – у гаросе. Цвёрды т чаргуецца з [ц']: золата – у золаце, а цвёрды д – з [дз']: лёд – на лёдзе.

Асаблівай увагі патрабуюць формы роднага і меснага склонаў.

Назоўнікі мужчынскага роду ў родным склоне могуць мець канчаткі () і () у залежнасці ад лексічнага значэння:

Канчатак () маюць назоўнікі, якія абазначаюць:

1. асоб і істот: чалавека, агранома, каня, салаўя;

2. канкрэтныя прадметы рэчаіснасці, якія падаюцца лічэнню: падручніка, відэльца, тэлевізара;

3) установы, прадпрыемствы, грамадскія арганізацыі: універсітэта, завода;

4) геаграфічныя і астранамічныя паняцці, населеныя пункты, мясцовасці: горада, Віцебска, Марса, Нёмана, пасёлка;

5) адзінкі вымярэння, пэўныя прамежкі часу: метра, грама, рубля, ампера, літра, чэрвеня, сезона, сеанса, але: ранку, веку, абеду;

6) часткі цела чалавека або жывёл: носа, рота, хваста (але: твару);

7) тэрміны: радыуса, суфікса, пратона, дзеяслова, лагарыфма (але: склону, тэксту, роду, ліку).

Канчатак () маюць назоўнікі, якія абазначаюць:

1) зборныя прадметы: лесу, пырніку, ельніку, натоўпу, актыву;

(назоўнік народ у спалучэнні з няпэўна-колькаснымі словамі тыпу многа, мала, шмат ужываецца з канчаткам (многа народу), у астатніх выпадках – з канчаткам (беларускага народа);

2) абстрактныя паняцці (якасці, дзеянні, працэсы, напрамкі ў прасторы, форму, час, стан, адчуванні, пачуцці, грамадска-палітычныя фармацыі, вучэнні, плыні, з'явы прыроды, стыхійныя падзеі): гонару, густу, блакіту, даходу, капрызу, з усходу (але: з поўдня), краявіду, нізу, верху, жарту, часу, рэалізму, грому, дажджу, змроку, сухавею;

3) разнастайныя рэчывы, матэрыялы, у тым ліку хімічныя элементы і злучэнні: цукру, перцу, шакаладу, кіслароду, вугалю (параўнайце: ліст дуба, зроблены з дубу), але: аўса, хлеба.

У месным склоне назоўнікі мужчынскага роду другога скланення могуць мець канчаткі -е, -у (), -і, -ы.

Канчатак ўжываецца:

● у большасці назоўнікаў з цвёрдай асновай: дуб – на дубе;

● у назоўнікаў на ў: рукаў – у рукаве, востраў – на востраве;

у некаторых з асновай на г, х (пры гэтым адбываецца чаргаванне г з [з'], а х – з [с']: луг – на лузе, верх – на версе.

Канчатак () маюць:

1) агульныя асабовыя назоўнікі незалежна ад характару асноў: (пры) гаспадару, кавалю, конюху, археолагу; пры цвёрдай аснове – з варыянтам ‑е: пры брату – пры браце, пры сыну –пры сыне;

2) некаторыя канкрэтныя назоўнікі з асновай на г, х:(аб) мозгу, сцягу, мурагу, тварагу, даху, арэху, мяху, лопуху, цэху, шляху;

3) астрактныя назоўнікі з асновай на г, х:(аб) бегу, подзвігу, граху, смеху, руху, страху;

4) усе назоўнікі мужчынскага роду з асновай на к:(на) ветраку, досвітку, пагорку, пачатку, скрутку;

5) запазычаныя назоўнікі з асновай на г, к, х:(аб) бульдогу, жэмчугу, дыялогу, бруку, друку, штрыху;

6) злучэнні з прыназоўнікам на, па, у:на ляту, на бягу, на раду, у хаду, на віду, у даўгу.

Канчатак пішацца ў назоўніках, аснова якіх закнчваецца на мяккі зычны: агонь – у агні, музей – у музеі.

Канчатак маюць назоўнікі з асновай на зацвярдзелы зычны (шыпячыя, р, ц): на нажы, у бары, на пляцы. Назоўнік двор са значэннем ‘не ў хаце' мае канчатак :на дварэ.

У назоўнікаў трэцяга скланення адрозніваюцца асновы:

● на мяккі зычны: плынь, медзь, гусь;

● на губныя зычны: кроў, глыб, верф;

● на шыпячыя: ноч, мыш, суш;

● на р: шыр, Свір.

У родным, давальным і месных склонах канчаткі аднолькавыя: , (столі, гусі, медзі, у столі, у гусі, у медзі; крыві, глыбі, верфі, у крыві, у глыбі, на верфі; ночы, мышы, печы, у ночы, у мышы, у печы; шыры, Свіры, у шыры, на Свіры).

У сучаснай беларускай мове назоўнікі ўсіх трох скланенняў у множным ліку ва ўсіх склонах, акрамя роднага, маюць аднолькавыя канчаткі. Разгледзім табліцу:

 

Скл. Канчаткі Скланенне Прыклады
  Н. (канчаткі з цвёрдай і зацвярдзелай асновай)   (з асновамі на мяккі і г, к, х) 1-е 2-е 3-е 1-е 2-е 3-е школы, сцены сталы, лясы ночы, мышы землі, рэкі, стрэхі медалі, парогі далі, верфі, гусі
  Д. -ам -ям 1-е 2-е 3-е школам, землям сталам, медалям рэчам, верфям
    В. -ы, -і (неадуш.) -нулявы канчатак -аў (-яў) -оў (-ёў) -эй (-ей) (адуш.) 1-е, 2-е, 3-е 1-е 2-е   3-е школы, сталы, землі, ночы сясцёр, дачок, цётак інжынераў, братоў, акунёў мышэй, гусей
    Т. -амі -ямі -мі -ыма 1-е 2-е   3-е школамі, землямі лясамі, гасцямі коньмі, плячыма мышамі, гусямі
  М. -ах (-ях) 1-е 2-е 3-е у школах, на землях на сталах, пры медалях у мышах, у гусях

 

 

Канчаткі роднага склону залежаць ад тыпу скланення назоўніка. Разгледзім табліцу:

 

Скла-ненне Характар асновы Канчаткі Прыклады
  1-е – аснова заканчваецца збегам зычных – аснова заканчваецца адным зычным – аснова заканчваецца збегам зычных, апошні з якіх к ! – назоўнікі, якія заканчваюцца на -ыя (-ія) – з асновай на й -аў (-яў)   нулявы канчатак   нулявы канчатак (! у корані – беглы галосны) нулявы канчатак бітваў, земляў школ, сцен вёсак, рэчак армій, станцый
  2-е     -аў (-яў) -оў (-ёў) -эй (-ей) парогаў вучэнняў лясоў, палёў вушэй, гасцей
  3-е   -эй (-ей) (пад націскам) -аў (-яў) (не пад націскам) мышэй касцей рэчаў, даляў

 

 

У родным склоне варыянтныя канчаткі -оў (-ёў), -аў (-яў) ці нулявы канчатак могуць мець:

а) назоўнікі мужчынскага роду, якія абазначаюць адзінкі вымярэння (ампер, ват), некаторыя парныя прадметы (валёнкаў – валёнак, туфель – туфляў), асоб некаторых нацыянальнасцей (турак – туркаў);

б) назоўнікі салдат (-аў), партызан (-аў);

в) назоўнікі ніякага і жаночага роду са збегам зычных у аснове: гнёзд – гнёздаў, сясцёр – сёстраў, вішань – вішняў.

У творным склоне некаторыя назоўнікі ўжываюцца з варыянтнымі канчаткамі: грудзямі – грудзьмі, касцямі – касцьмі, санямі – саньмі, свіннямі – свіньмі.

Назоўнікі плечы, вочы, вушы, дзверы, грошы ўжываюцца з канчаткамі ‑амі (-ямі) і -ыма: плячамі – плячыма, вачамі – вачыма, дзвярамі – дзвярыма.

Да нескланяльных назоўнікаў у сучаснай беларускай мове належаць:

1) агульныя назоўнікі іншамоўнага паходжання, якія заканчваюцца на галосны: журы, метро, кашнэ, рагу, таксі, калібры, сапрана;

2) уласныя назоўнікі іншамоўнага паходжання, якія заканчваюцца на галосны: Гётэ, Чылі, Перу, Кіліманджара, Неру;

3) усе запазычаныя назоўнікі, якія абазначаюць асоб жаночага полу: фрау Мальбер, мадам Эліз, лэдзі Рузвельт;

4) славянскія прозвішчы, якія заканчваюцца на націскное: Гурло, Лано, Гайко;

5) славянскія прозвішчы на зычныя, калі абазначаюць асоб жаночага полу: Гайсёнак Алена, да Гайсёнак Алены, з Гайсёнак Аленай;

6) абрэвіятуры літарнага або змешанага тыпу: са студэнтамі БрДУ, з супрацоўнікамі гарана;

7) назоўнік маці: сустрэўся з маці, ехаў да маці.

3. Асаблівасці скланення прозвішчаў, імёнаў і геаграфічных назваў.

Пры скланенні прозвішчаў неабходна кіравацца пэўнымі правіламі.

Калі прозвішча на зычны адносіцца да асобы жаночага полу, яно не скланяецца, а калі адносіцца да асобы мужчынскага полу, то скланяецца на ўзор агульных назоўнікаў другога скланення са значэннем асобы:

Н. вучань Міхась Харэвіч
Р. (да) вучня Міхася Харэвіча
Д. вучню Міхасю Харэвічу
В. вучня Міхася Харэвіча
Т. (з) вучнем Міхасём Харэвічам
М. (пры) вучню Міхасю Харэвічу

 

 

 

Скланенне прозвішчаў на -а (-я)

Мужчынскія прозвішчы Жаночыя прозвішчы
Прозвішчы з ненаціскным канчаткам ()
Скланяюцца на ўзор назоўнікаў мужчынскага роду на (бацька) з адпаведнай асновай: Н. Міхась Пушча, Шыла, Зязюля, Варвашэня Р. Міхася Пушчы, Шылы, Зязюлі, Варвашэні Д. Міхасю Пушчу, Шылу, Зязюлю, Варвашэню В. Міхася Пушчу, Шылу, Зязюлю, Варвашэню Т. Міхасём Пушчам, Шылам, Зязюлем, Варвашэнем М. (пры) Міхасю Пушчу, Шылу, Зязюлю, Варвашэню Скланяюцца на ўзор агульных назоўнікаў жаночага роду з адпаведнай асновай:   Н. Алеся Пушча, Шыла, Зязюля, Варвашэня Р. Алесі Пушчы, Шылы, Зязюлі, Варвашэні Д. Алесі Пушчы, Шыле, Зязюлі, Варвашэні В. Алесю Пушчу, Шылу, Зязюлю, Варвашэню Т. Алесяй Пушчай, Шылай, Зязюляй, Варвашэняй М. (пры) Алесі Пушчы, Шыле, Зязюлі, Варвашэні
Прозвішчы, якія ўзыходзяць да назваў жаночага роду з асновай на г, к, х і канчаткам -а
Скланяюцца на ўзор назоўнікаў мужчынскага роду на з адпаведнай асновай: Н. Іван Сарока, Саладуха, Кніга Р. Івана Сарокі, Саладухі, Кнігі Д. Івану Сароку, Саладуху, Кнігу В. Івана Сароку, Саладуху, Кнігу Т. Іванам Сарокам, Саладухам, Кнігам М. пры Івану Сароку, Саладуху, Кнігу Скланяюцца на ўзор агульных назоўнікаў жаночага роду з адпаведнай асновай:   Н. Ніна Сарока, Саладуха, Кніга Р. Ніны Сарокі, Саладухі, Кнігі Д. Ніне Сароцы, Саладусе, Кнізе В. Ніну Сароку, Саладуху, Кнігу Т. Нінай Сарокай, Саладухай, Кнігай М. (аб) Ніне Сароцы, Саладусе, Кнізе
Прозвішчы, якія заканчваюццана-ка
Скланяюцца на ўзор назоўнікаў мужчынскага роду на з адпаведнай асновай: Н. Мікола Шаўчэнка, Сідарэнка Р. Міколы Шаўчэнкі, Сідарэнкі Д. Міколу Шаўчэнку, Сідарэнку В. Міколу Шаўчэнку, Сідарэнку Т. Міколам Шаўчэнкам, Сідарэнкам М. (пры) Міколу Шаўчэнку, Сідарэнку Скланяюцца на ўзор агульных назоўнікаў жаночага роду з адпаведнай асновай:   Н. Вольга Шаўчэнка, Сідарэнка Р. Вольгі Шаўчэнкі, Сідарэнкі Д. Вользе Шаўчэнцы, Сідарэнцы В. Вольгу Шаўчэнку, Сідарэнку Т. Вольгай Шаўчэнкай, Сідарэнкай М. (пры) Вользе Шаўчэнцы, Сідарэнцы
Прозвішчы знаціскным канчаткам () набываюць канчаткі назоўнікаў І скланення (вада, зямля)незалежна ад полу асобы:
Н. Марынаі Кузьма Крапіва, Мятла, Галаўня Р. Марыны і Кузьмы Крапівы, Мятлы, Галаўні Д. Марыне і Кузьме Крапіве, Мятле, Галаўні В. Марынуі Кузьму Крапіву, Мятлу, Галаўню Т. Марынай і Кузьмой Крапівой, Мятлой, Галаўнёй М. (пры) Марыне і Кузьме Крапіве, Мятле, Галаўні

 

Некаторыя лінгвісты прапануюць мужчынскія прозвішчы з ненаціскным канчаткам , якія паходзяць ад агульных назваў жаночага роду (апрача прозвішчаў на г, к, х), скланяць на ўзор агульных назоўнікаў з адпаведным тыпам асновы: пры Сяргею Пушчы, (Сушы, Лусце).

Славянскія мужчынскія прозвішчы на -аў (-оў), -еў (-ёў), -ін (-ын), а таксама жаночыя на -ав(а), -ов(а), -ев(а), -ёв(а), -ін(а), -ын(а) змяняюцца паводле змешанага тыпу скланення, г.зн. маюць канчаткі назоўнікаў мужчынскага або жаночага роду і прыметнікаў:

 

Н. Сакалоў Фамін Сакалова Фаміна
Р. Сакалова Фаміна Сакаловай Фаміной
Д. Сакалову Фаміну Сакаловай Фаміной
В. Сакалова Фаміна Сакалову Фаміну
Т. Сакаловым Фаміным Сакаловай Фаміной
М. (пры) Сакалову Фаміну Сакаловай Фаміной

 

 

Замежныя прозвішчы на -ін (-ын) набываюць тыя самыя канчаткі, што і славянскія прозвішчы з адпаведнай канцоўкай, за выключэннем творнага склону, дзе пішацца канчатак -ам(-ом):

Н. Дарвін Грын Чаплін
Р. Дарвіна Грына Чапліна
Д. Дарвіну Грыну Чапліну
В. Дарвіна Грына Чапліна
Т. Дарвінам Грынам Чаплінам
М. пры) Дарвіну Грыну Чапліну

 

 

Прозвішчы, якія маюць форму прыметнікаў, а таксама прозвішчы на -ой, набываюць канчаткі прыметнікаў:

 

Н. Пятроўскі Лявіцкі Талстой Крамской
Р. Пятроўскага Лявіцкага Талстога Крамскога
Д. Пятроўскаму Лявіцкаму Талстому Крамскому
В. Пятроўскага Лявіцкага Талстога Крамскога
Т. Пятроўскім Лявіцкім Талстым Крамскім
М. (пры) Пятроўскім Лявіцкім Талстым Крамскім

 

 

Прозвішчы асоб жаночага полу на зычны, прозвішчы на -іх (-ых), іншамоўныя прозвішчы на галосны, усе прозвішчы на -ко не скланяюцца:

– Корань Люды, Красней Люды, Паўловіч Ларысы;

– Чарных Насці і Андрэя, Долгіх Любы і Віктара;

– Дзідро, Гюго, Дзюма;

– Ралько Івана і Светы, Журко Алены і Аляксея.

Геаграфічныя назвы скланяюцца па-рознаму.

1. Геаграфічныя назвы славянскага паходжання скланяюцца на ўзор агульных назоўнікаў з адпаведнымі асновамі:

 

Н. Шчара Мінск Нарач
Р. Шчары Мінска Нарачы
Д. Шчары Мінску Нарачы
В. Шчару Мінск Нарач
Т. Шчарай Мінскам Нараччу
М. (у) Шчары Мінску Нарачы

 

 

2.Запазычаныя назвы на зычны скланяюцца на ўзор назоўнікаў 2-га скланення мужчынскага роду: Берлін, Берліна, Берліну, Берлінам, у Берліне.

3.Назвы на -аў (-оў), -ін (-ын) скланяюцца на ўзор агульных назоўнікаў з цвёрдай асновай: Рагачоў, Рагачова, Рагачову, Рагачовам, у Рагачове.

4. Назвы, суадносныя з прыметнікамі, скланяюцца на ўзор прыметнікаў (Верхняе – у Верхнім), а назвы, суадносныя з множналікавымі назоўнікамі, – на ўзор назоўнікаў множнага ліку (Карэлічы – у Карэлічах).

5.Не скланяюца запазычаныя геаграфічныя назвы мужчынскага і ніякага роду, якія заканчваюцца на галосны: Сухумі, Сочы, Чыкага, Осла, Глазга, Барнэо.

4. Правапіс уласных імёнаў.

Напісанне вялікай літары: вялікая (прапісная) літара ўжываецца ў дзвюх функцыях: 1) для вылучэння пэўных частак тэксту – сказаў, вершаваных радкоў; 2) для вылучэння ў тэксце ўласных імёнаў, ці, інакш, для размежавання ўласных і агульных імёнаў: раман і Раман, цётка і Цётка;

Асноўны прынцып правапісу вялікай літары можа быць вызначаны як лексіка-граматычны. Сутнасць яго ў тым, што ўласныя назоўнікі пішуцца з вялікай літары, агульныя – з малой. Арфаграфічныя цяжкасці ўзнікаюць часам з-за невыразнасці мяжы паміж уласнымі і агульнымі назоўнікамі: гарадок і Гарадок (назва мястэчка);

З вялікай літары пішуцца:

а) імёны, імёны па бацьку, прозвішчы, псеўданімы, празванні (мянушкі) людзей, клічкі жывёл; геаграфічныя і астранамічныя назвы; назвы кніг, газет, часопісаў, устаноў, заводаў, акцыянерных таварыстваў, сельскагаспадарчых прадпрыемстваў (бяруцца ў двукоссе) інш.: Платонаў Уладзімір Пятровіч, Кавалеўская Соф'я Васільеўна, Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч (Якуб Колас), аповесць “Абеліск”, часопіс “Полымя”, выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя”, завод “Ударнік”, сумеснае прадпрыемства адкрытае акцыянернае таварыства (СП ААТ) “Брэстгазаапарат”, сельскагаспадарчае прадпрыемства (СКП) “Чарнаўчыцы”, Еўропа, Буг, Брэстчына, Сонца, Сатурн, кінатэатр “Беларусь”, аўтамашына “Жыгулі” і інш.;

* артыклі, прыназоўнікі і часціцы пры замежных прозвішчах і імёнах людзей пішуцца з малой літары, калі яны выступаюць адасоблена: Вільгельм фон Гумбальт Людвіг ван Бетховен, Леанарда да Вінчы, Лопэ дэ Вэга, калі ж яны зліліся з асабовым найменнем, то пішуцца з вялікай літары: Вандэрвэльдзе, Лагранж, Лафантэн, Ванкувер;

* прозвішчы і імёны, якія перайшлі ў агульныя назвы, пішуцца з малой літары (навуковыя тэрміны): ом, джоўль, ампер, рэнтген, кулон, вольт;

* з малой літары пішуцца прыслоўі, утвораныя ад розных уласных найменняў: па-чабышоўску (метад), па-барэлеўску (алгебра), па-чаплыгінску (няроўнасць);

б) прозвішчы ў множным ліку, калі яны выступаюць як назвы роду: Агінскія, Радзівілы, Сапегі, Скірмунты, Раманавы.

Заўвага. Прозвішчы літаратурных персанажаў або ўласныя імёны людзей пішуцца з малой літары, калі яны ўжываюцца як агульныя, родавыя назвы з пагардлівым сэнсам: гарлахвацкія, абломавы, квіслінгі. З малой літары пішуцца і індывідуальныя назвы, якія страцілі значэнне ўласных імён і набылі значэнне агульнай назвы: донжуан, лавелас, галіфэ, форд (аўтамабіль). Калі ж уласныя імёны яшчэ не ператварыліся ў агульныя, а толькі часам ужываюцца са значэннем агульнай назвы, то яны пішуцца з вялікай літары: Лабачэўскія, Платонавы;

* назвы плямён, народаў пішуцца з малой літары: беларусы, дрыгавічы, драўляне, яцвягі, валыняне;

в) міфалагічныя і рэлігійныя індывідуальныя назвы: Ісус Хрыстос, Багародзіца Дзева Марыя;

* агульныя назвы роду (відаў) міфалагічных асоб пішуцца з малой літары: анёл, фея, муза, вадзянік, русалка;

г) назвы вышэйшых ганаровых і воінскіх званняў, выключна значных тытулаў і асоб: Прэзідэнт, Папа, Каралева;

* назвы такіх пасад і тытулаў, якія ўжываюцца ў агульным значэнні, пішуцца з малой літары: беларускі прэзідэнт, пасада галоўнакамандуючага, міністр, заслужаны дзеяч навукі;

д) прыналежныя прыметнікі, утвораныя ад уласных імён пры дапамозе суфіксаў -ев- (-ёв-, -ёў-), -оў- (-ав-, -аў-): Купалаў верш, Міхасёў сшытак, Рыгораў брат, Коласавы творы, Зеўсаў гнеў, Мурчыны кацяняты, а таксама прыметнікі, якія ўваходзяць у склад назваў, сінанімічных назвам са словамі імя, памяці: Нобелелеўская прэмія, Карскія чытанні;

* прыметнікі ў складаных навуковых тэрмінах пішуцца з малой літары: дэкартаў квадрат, булева кольца, банахавы краты;

* з малой літары пішуцца прыметнікі ў фразеалагізмах: ахілесава пята, адамаў яблык, гордзіеў вузел;

* прыметнікі, утвораныя з дапамогай суфіксаў -аўск-, -еўск-, -інск- не суадносныя са словамі імя, памяці пішуцца з малой літары: купалаўскія творы, гегелеўская дыялектыка, сталінскія рэпрэсіі;

е) абрэвіятуры, якія чытаюцца па назвах літар: ІПС – інфармацыйна-пошукавая сістэма, ЭВМ – электронная вылічальная машына, а таксама абрэвіятуры, якія чытаюцца па гуках і ўтвораны ад уласнай назвы: ААНАрганізацыя Аб'яднаных Нацый;

* абрэвіятуры, якія чытаюцца па гуках і ўтвораны ад агульнай назвы, пішуцца з малой літары: цвэл – цеплавыдзяляючы элемент, фэр – фізічны эквівалент рэнтгена.

З вялікай літары пішацца першае слова:

а) у словах, якія ўваходзяць у склад назваў геаграфічных аб'ектаў, гістарычных падзей і інш.: Магеланаў праліў, Брэсцкая вобласць, Варфаламееўская ноч;

б) у назвах свят, ушанаванняў і знамянальных дат: Першае мая (1 Мая), Міжнародны жаночы дзень, Сусветны дзень моладзі;

в) у назвах гістарычных падзей, гістарычных дакументаў, твораў мастацтва: Парыжская камуна, Аршанская бітва, Літоўская метрыка;

г) назвах міністэрстваў, мясцовых і цэнтральных дзяржаўных устаноў і арганізацый, прадпрыемстваў, міжнародных і дзяржаўных законаў і інш.: Міністэрства адукацыі, Брэсцкі дзяржаўны універсітэт, Мінскі трактарны завод, Дэкларацыя правоў чалавека;

д) у назвах кангрэсаў, з'ездаў, канферэнцый, алімпіяд і інш.: Міжнародны з'езд славістаў, Рэспубліканская алімпіяда па матэматыцы, Міжнародная навуковая канферэнцыя;

е) у састаўных індывідуальных назвах устаноў, арганізацый, суполак, згуртаванняў і інш.: Еўрапарламент, Інтэрпал, Міжнародны валютны фонд;

ё) у выдзеленых двукоссем назвах узнагарод, знакаў адрозненняў і прызоў (словы ордэн, медаль, знак і інш. пішуцца з малой літары): ордэн “Мацярынская слава”, медаль “За адвагу”, знак “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь” і інш.

З вялікай літары пішуцца два першыя словы ў назве вялікай гістарычнай падзеі: Вялікая Айчыйнная вайна.

З вялікай літары пішацца другое слова ў назвах вуліц, плошчаў: вуліца Юбілейная, плошча Незалежнасці.

З вялікай літары пішуцца ўсе словы:

а) у назвах найвышэйшых дзяржаўных пасад: Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Старшыня Савета Міністраў Рэспубліткі Беларусь;

б) у назвах найбуйнейшых міжнародных арганізацый і нацыянальных дзяржаўных арганізацый і ўстаноў: Арганізацыя Аб'яднаных Нацый, Еўрапейскі Саюз, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь;

* службовы словы ў такіх назвах пішуцца з малой літары: Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;

б) у афіцыйных і неафіцыйны назвах дзяржаў і іх частак: Рэспубліка Беларусь, Злучаныя Штаты Амерыкі, Расійская Федэрацыя, Далёкі Усход, Сібір і інш.;

в) у поўных назвах ордэнаў (апрача слоў ордэн і ступень): ордэн Айчыннай Вайны І ступені.

Вялікая літара іншы раз можа выконваць стылістычную функцыю (пішацца ў агульных назоўніках): Свабода, Радзіма, Бацькаўшчына, Айчына, Чалавек.

Слова Бог і вытворныя ад яго у адных выпадках трэба пісаць з вялікай літары, а ў другіх – з малой. Калі слова Бог ужываюць як абазначэнне вярхоўнай істоты, стваральніка і кіраўніка свету і як увасабленне праўды і спагадлівасці, то яно ўспрымаецца як індывідуальная назва і таму павінна пісацца з вялікай літары: Калі Бог хоча каго пакараць, таго ён пазбаўляе розуму. І благаславіць нас на змаганне Бог. Вялікую літару трэба захоўваць і ў некаторых спалучэннях, дзе прыметнік звязваецца ў нашай свядомасці як утварэнне ад слова Бог у яго першасным, зыходным значэнні: Божая воля, Божая маці, Божая сіла.

У астатніх выпадках гэтыя прыметнікі, як і вытворныя назоўнікі і дзеясловы, патрэбна падаваць з малой літары: боскі напітак, богабаязны, богаслужэнне, бажыцца, не божкай. Слова Бог развіло ў сабе зафіксаванае слоўнікамі пераноснае значэнне ‘выдатны спецыяліст у якой-небудзь справе', якое трэба пісаць з малой літары: Ці бачыў Наташу той чарнявы ленінградзец, хвалёны бог электразваркі?

Паколькі ў складзе фразеалагізма яго кампаненты толькі знешне падобныя на словы, але не маюць асобнага лексічнага значэння, то кампанент бог варта пісаць з малой літары. Напрыклад, у сказе: Перакусіце трошкі, чым бог паслаў выраз чым бог паслаў абазначае ‘тым, што ёсць'. Тут ніяк нельга атаясамліваць назоўнікавы кампанент са словам Бог у яго першасным значэнні, а паслаў разумець як ‘адправіў па пошце ці праз пасланца'. Яшчэ прыклады: у бога цяля ўкраў, не нашага бога, як у бога за пазухай.

Калі прыказка мае толькі пераносны, алегарычны сэнс, г.зн. у ёй гаворыцца пра адно, а маецца на ўвазе зусім іншае, то кампанент бог варта падаваць з малой літары: Смачны жабе арэх, ды зубоў бог не даў. Калі ж прыказка ўжываецца толькі ў прамым значэнні, слова Бог трэба пісаць з вялікай літары: На Бога спадзявайся, а сам не давайся (Пра змены, якія адбыліся ў напісанні вялікай і малой літар гл. параграфы 26, 29 і 32: Куліковіч У.І. Новае ў беларускай арфаграфіі. Правілы. Заданні. Тэсты. Даведачны матэрыял”. – Мн., 2010, Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі. – Мн., 2008).

5. Правапіс складаных назоўнікаў.

Разам(у адно слова) пішуцца складаныя назоўнікі:

● утвораныя з дапамогай злучальных галосных: вадасховішча, кнігазбор;

● з першай часткай іншамоўнага паходжання: авія, агра, -аўта, аэра-, біё- (бія-), вела-, зоа-, грос-, макра-, мікра-, метэа-, кіна-, стэрэа-, фота-, электра- і інш.: агракомплекс, велазавод, гросмайстар, мікраэлементы;

● першая частка якіх – дзеясловы загаднага ладу на , : гарыцвет, вярнідуб (але: перакаці-поле);

● складанаскарочаныя словы усіх тыпаў утварэння: сельсавет, гаркам;

● другой часткай якіх з'яўляюцца -горск, -град, -горад:Пяцігорск, Петраград, Слаўгарад.

Праз злучок пішуцца назоўнікі:

● якія складаюцца з двух самастойных назоўнікаў, не звязаных злучальным галосным (яны маюць значэнне аднаго паняцця): прэм'ер-міністр, баба-яга, вагон-рэстаран, генерал-маёр, хата-чытальня;

● якія абазначаюць адзінкі вымярэння: кілават-гадзіна, тона-кіламетр, чалавека-дзень (але: працадзень);

● якія абазначаюць палітычныя партыі і напрамкі, а таксама іх прыхільнікаў: сацыял-дэмакрат (-ыя), ліберал-рэфармізм;

● іншамоўныя назвы прамежкавых кірункаў свету: норд-ост, норд-вест, зюйд-ост, зюйд-вест;

● назоўнікі з першай іншамоўнай часткай обер-, унтэр-, лейб-, штаб-, віцэ-, экс-: лейб-гвардыя, экс-прэзідэнт, штаб-кватэра. Сюды адносіцца і слова контр-адмірал;

● уласныя назвы з часткай паў-:паў-Мінска, паў-Беларусі, паў-Еўропы;

● геаграфічныя назвы з будовай назоўнік + назоўнік або назоўнік + прыметнік: Буда-Кашалёва, Гусь-Хрустальны; злучэнне слоў з прыназоўнікам на:Растоў-на-Доне, Камсамольск-на-Амуры;

● назвы населеных пунктаў з першай часткай усць-, верх-:Усць-Каменагорск, Верх-Ірмень;

● некаторыя назвы зпершай часткай нова- (нава-), стара-: Нова-Вязнікі (але: Новалукомль, Наваполацк);

● састаўныя імёны і прозвішчы: Дунін-Марцінкевіч, Жаліо-Кюры, Эпімах-Шыпіла, Доўнар-Запольскі;

● назоўнікі з аднаслоўным постпазіцыйным прыдаткам: дзед-мароз, горад-герой, лён-даўгунец, вецер-сухавей; а таксама з прэпазіцыйным прыдаткам, выражаным уласным назоўнікам: над Арэсай-ракой.

6. Асаблівасці функцыянавання назоўніка ў тэрміналогіі:

а) пашырэнне формы множнага ліку;

б) ужыванне родавых варыянтаў;

в)тэрміналагізаваныя формы суб'ектыўнай ацэнкі;

г) ужыванне склонавых формаў.

Для назоўнікаў уласцівы граматычныя катэгорыі роду, ліку і склону, якія функцыянуюць як у тэрміналогіі, так і ў марфалагічнай сістэме літаратурнай мовы. Што датычыць адрозненняў, то яны ідуць у агульным русле развіцця граматычнай сістэмы беларускай мовы.

Так, у тэрміналогіі для пэўнай часткі назоўнікаў адзначаны выпадкі ўжывання форм множнага ліку замест адзіночнага, у той час як у агульналітаратурнай мове для гэтых назоўнікаў формы множнага ліку менш характэрны. Адбываецца гэта ў асноўным тады, калі ў той ці іншай галіне навукі або тэхнікі, у практыцы фарміруецца і вылучаецца спецыяльнае значэнне ў адрозненне ад значэння, перадаваемага назоўнікам у форме адзіночнага ліку. Тут перш за ўсё трэба адзначыць рэчыўныя назоўнікі, якія не маюць формы множнага ліку, таму што абазначаюць паняцці (рэаліі), якія не паддаюцца лічэнню як асобна ўзятыя прадметы. Групу рэчыўных назоўнікаў складаюць назвы карысных выкапняў, металаў, газаў, назвы грунту, назвы злакаў, траў, агародных культур, ягад, назвы харчовых прадуктаў, назвы тканін, розных матэрыялаў, назвы прыродных з'яў і некаторыя іншыя. Але ў сілу таго, што ўзнікае неабходнасць абазначаць від, сорт рэчыва, пачынае выкарыстоўвацца форма множнага ліку: спірт – спірты (аднаатамныя, двухатамныя, чатырохатамныя, араматычныя), смала – смолы (араматычныя, мінеральныя, сінтэтычныя, фенольныя), соль – солі (калійныя, мінеральныя), віно – віны (дысертныя, сталовыя), вада – воды (бытавыя, сцёкавыя, дрэйфуючыя, падземныя, напорныя, сярністыя, мінералізаваныя, грунтавыя), глеба – глебы (кіслыя, лёгкія, інтразанальныя, рэліктавыя, лесастэпавыя), метал – металы (плацінавай групы, высакародныя, каляровыя, лёгкія, чорныя), масла – маслы (змазачныя, летнія, сівушныя, сінтэтычныя, эфірныя, індустрыяльныя, нізкавязкія, аўтамабільныя), тытунь – тытуні (дзікарослыя, пахучыя), руда – руды (каляровых металаў, бедныя) і інш.

Як відаць з прыведзеных прыкладаў, формы множнага ліку рэчыўных назоўнікаў утвараюцца лёгка і даюць магчымасць выразіць паняцці і з'явы, якія ўзнікаюць у розных абласцях навукі, тэхнікі і іншых сферах. Але часам узнікаюць даволі складаныя сітуацыі. Напрыклад, у рускай тэрміналогіі выкарыстоўваецца назоўнік пар звычайна ў адзіночным ліку, калі гутарка ідзе пра газ, у які ператвараецца вада пры награванні (водяной пар, отработанный пар, капилллярный пар, пар высокого давления, сухой пар, пар низкого давления і інш.). Форма множнага ліку ад пар (маецца на ўвазе вадзяны пар) ужываецца толькі ў некаторых устойлівых словазлучэннях: поднять пары, под парами (пра паравоз, параход, якія гатовы ў любую мінуту рушыць у дарогу). Для абазначэння выпарэнняў некаторых вадкасных рэчываў у рускай тэрміналогіі ўжываецца форма множнага ліку пары (пары камфары, пары бензина, пары ртути, ртутные пары). Перакладныя руска-беларускія слоўнікі рускае пар перадаюць словам пара і даюць памету аб адсутнасці ў беларускай мове формы множнага ліку. У рускай частцы перакладных слоўнікаў не падаецца адценне значэння ‘выпарэнні некаторых рэчываў', для якога ў рускай мове выкарыстоўваецца форма множнага ліку пары. Таму рускае словазлучэнне пары камфары перакладаецца як пара камфоры (гл.: Русско-белорусский словарь. Т. ІІ. 1982; Т. ІІ. 1993). Услед за гэтымі слоўнікамі беларускія тэрміналагічныя слоўнікі таксама падаюць толькі форму адзіночнага ліку. Напрыклад: іртутная пара (Руска-беларускі фізічны слоўнік), пары смазки могут воспламениться – пара змазкі можа ўзгарэцца (Русско-белорусско-английский толковый словарь в области трения, изнашивания и смазки).

Іншы падыход да гэтага пытання назіраецца ў “Руска-беларускім слоўніку матэматычных, фізічных і тэхнічных тэрмінаў”. Аўтары слоўніка прытрымліваюцца думкі, што ў адрозненне ад агульналітаратурнай мовы ў тэрміналогіі больш шырока ўжываюцца формы множнага ліку. Таму ў іх слоўніку можна знайсці чыгуны (пра сплавы чыгуну) – высокатрывалыя чыгуны; духі – спектральныя духі (фізічныя палі); маслы (тэхнічныя); пары – пары карбанілзмяшчальных араматычных кетонаў, пары адыходзячыя, пары ртуці, пары складанамалекулярныя, атмасфера пароў ртуці (параўн. у гэтым жа слоўніку: пара капілярная, пара вадзяная, пара насычаная – пра вадзянуную пару).

Калі такія формы множнага ліку, як чыгуны, маслы і некаторыя іншыя падаюцца згодна з формаўтваральнай і акцэнтнай сістэмамі адпаведных разрадаў назоўнікаў (параўн. чыгуны – сталы, дубы; маслы – вокны, сёлы, колы), то форма множнага ліку пары (пары ртуці, атмасфера пароў ртуці) не адпавядае схеме ўтварэння форм множнага ліку ад назоўнікаў жаночага роду, дзе ў назоўным склоне множнага ліку канчатак ненаціскны (параўн. хата – хаты, кніга – кнігі, гара – горы і г.д.). Таму, відаць, пры неабходнасці выкарыстання форм множнага ліку ад назоўнікаў жаночага роду трэба прытрымлівацца агульнага правіла і канкрэтна ад назоўніка пара ўжываць множны лік пары (пары камфоры, пары спірту), хаця гэта на першы погляд і нязвычна. Падобная сітуацыя ўзнікае і пры перакладзе з рускай мовы тэрміна веса входов, у якім падкрэсліваецца множнасць, неаднаразовасць. Як быць у дадзеным выпадку, на чым спыніцца: вагі ўваходаў (мн. л.) ці вага ўваходаў (адз. л.)?

Форма множнага ліку рэчыўных назоўнікаў, а таксама абстрактных назоўнікаў, якія абазначаюць дзеянне, выкарыстоўваецца і для абазначэння вялікай колькасці: пясок – пяскі пустыні, вада – воды акіяна, снег – вечныя снягі, надой месячныя надоі, біццё – індыкатар біццяў, рэжым біццяў, цеч – выяўляльнік цечаў, шум — спектр шумоў і інш.

У тэрміналогіі намнога шырэй ужываюцца ў множным ліку некаторыя абстрактныя назоўнікі, набываючы пры гэтым часта канкрэтнае значэнне: ёмістасць – ёмістасці (напоўніць ёмістасці газам, емістасці з гаручым), магутнасць – магутнасці (увод у дзеянне новых энергетычных магутнасцей), вузкасць – вузкасці (вузкая частка фарватэру), стан – станы (тэарэма гранічных станаў), асяроддзе – асяроддзі (абагачэнне ў цяжкіх асяроддзях), зона – зоны (зоны высокіх энергій), тэмпература тэмпературы (зона тэмператур ператварэння), дэфармацыя – дэфармацыі (зона дэфармацый). Вядома, што ў агульналітаратурнай мове такія ўтварэнні пашырэння не маюць.

Выкарыстоўваецца форма множнага ліку для абазначэння абагульненай назвы групы аднародных па нейкай прыкмеце рэчываў (прадметаў), кожны з якіх мае спецыяльную назву, а ўсе разам называюцца іншым словам, якое і ўжываецца ў множным ліку. Напрыкдад, сапрафіты (расліны, у якіх адсутнічае хларафіл), баніфікатары (рэчывы, якія дабаўляюць у рабочыя саставы з мэтай палепшыць іх якасць), ападкі (дождж, раса), караціноіды (расліны, якія ўтрымліваюць карацін), а таксама фікаміцэты, фікамікозы і інш.

Вельмі шырока ў біялагічнай і батанічнай тэрміналогіі выкарыстоўваецца форма множнага ліку для называння сямействаў, атрадаў, падатрадаў флоры і фаўны: даўганосікі ‘сямейства жукоў з падатрада разнаядных' і дауганосік (арэхавы, бярозавы, гарохавы, бурачны звычайны), соўкі ‘сямейства матылькоў з атрада лускакрылых' і соўка (агародная, сасновая, капусная), папараці ‘сямейства' і папараць (мужчынская, жаночая, Лінэя).

Адносна ўжывання родавых варыянтаў назоўнікаў трэба заўважыць, што разыходжанні паміж агульналітаратурнай мовай і тэрміналогіяй адзінкавыя. Так, у літаратурнай мове ўжываецца эпюра ж., крэмальер м., кампанент м., а ў тэрміналогіі адзначаны эпюр м. і эпюра ж., крэмальер м. і крэмальера ж., кампанент м. і кампанента ж. Прычым у тэрміналогіі ўжываецца пераважна форма кампанента ж.: кампанента вектара, кампанента звязаная, кампанента другасная, кампанента пранікальная, кампанента газавага асяроддзя, кампанента ВКР першая стоксава, кампанента пункта, кампанента сінгулярная і інш.

У літаратурнай мове ёсць паралельныя формы тыпу стол – столік, талерка – талерачка, долата – долатца, якія звязаны з выражэннем аб'ектыўнай памяншальнасці. Але, напрыклад, у парах тыпу сонца – сонейка, хвіліна – хвілінка, сын – сынок адсутнічае значэнне аб'ектыўнай памяншальнасці і адлюстроўваецца толькі суб'ектыўна-эмацыянальнае значэнне. Да асаблівасцей тэрміналагічнай лексікі трэба аднесці адсутнасць у ёй рэгулярна ўтвараемых форм суб'ектыўнай ацэнкі. Але гэта асаблівасць у пэўнай ступені мае адносны характар, таму што ў некаторых тэрмінасістэмах адзначаюцца ўтварэнні тыпу галінка, шчыток, слупок, раслінка, кошык, каташок, мосцік, галоўка, кручок, кулачок, бурцік і інш. Гэта так званыя тэрміналагізаваныя формы суб'ектыўнай ацэнкі. Прычым у тэрміналагічнай лексіцы, у адрозненне ад лексікі агульналітаратурнай, паралелізм тыпу галіна – галінка, шчыт – шчыток, сеялка – сеялачка абумоўлены толькі аб'ектыўнай памяншальнасцю, базіруецца на аб'ектыўных крытэрыях экстралінгвістычнага характару. Напрыклад: сіта тэхн. ‘род рэшата для прасейвання' (сартавальнае сіта, вібрацыйнае сіта, барабаннае сіта) і сітца ‘прыстасаванне для працэджвання малака' (цадзільнае сітца); хмызнякі ‘шматгадовыя дрэўныя расліны вышынёй 0,8 – 6 м, якія галіняцца ля самай зямлі і не маюць галоўнага ствала' і хмызнячкі ‘нізкарослыя – да 60 см – хмызнякі, працягласць жыцця якіх 5 – 10 гадоў'; баразна ‘паглыбленне на глебе для праходу, сцёку вады' (крайняя баразна, сцёкавая баразна, глыбокая баразна) і баразёнка (паліўная баразёнка, маркёрная баразёнка); шчыт ‘дошка, на якой зманціраваны вымяральныя і кантрольныя прыборы' (шчыт пераключэнняў, падшыпнікавы шчыт, шчыт кіравання) і шчыток (шчыток з плаўкімі засцерагальнікамі); рухавік (двухфазны, дызельны, газатурбінны) і рухавічок (рухавічок патэнцыямера); рычаг (рычаг аўтаспуска, рычаг клапана) і рычажок (рычажок компаса); а таксама электрапліта і электраплітка, махавік і махавічок і інш.

Але ў тэрміналогіі ёсць лексікалізаваныя формы суб'ектыўнай ацэнкі, якія не маюць суадносных зыходных форм. Напрыклад, у батанічнай тэрміналогіі: гарлачык, слупок, песцік, парасонік, рыльца, каробачка, пладаножка; у энтамалогіі: кукалка, лічынка, конік; у тэхніцы: галоўка, ручка; у лінгвістыцы: дужкі, радок; у біялогіі: хрусталік (крышталік); у пчалярскай тэрміналогіі: малачко; у электратэхніцы: пеўнік калектарны, зайчык (светлавы) і інш.

Нягледзячы на тое, што экспрэсіўнасць і з'яўленне памяншальных форм, абумоўленых выражэннем суб'ектыўна-эмацыянальнага значэння, не характэрны для тэрміналогіі, асобныя словы з разраду прафесіяналізмаў характарызуюцца вобразнасцю і маюць пэўны элемент суб'ектыўнай ацэнкі, напрыклад пузанчык ‘сорт сланечніка з кароткімі трўстымі зярняткамі'. Сюды можна дабавіць і арол-карлік, а магчыма, і такія ўтварэнні, як атам-гаспадар арол-магільнік. Хаця ў двух апошніх прыкладах не памяншальная форма, аднак адчуваецца наяўнасць нейкай экспрэсіўнасці.

Некалькі заўваг адносна склонавых форм. У першую чаргу звяртае на сябе ўвагу ўжыванне канчаткаў роднага склону множнага ліку. Аўтары некаторых тэрміналагічных слоўнікаў ігнаруюць патрабаванні граматык адносна размеркавання канчаткаў роднага склону ў залежнасці ад тыпу скланення і будовы асновы. Так, у назоўніках жаночага роду на з асновай на адзін зычны, для якіх граматыкі рэкамендуюць нулявы канчатак, перавага аддаецца канчатку-аў (-яў): вось абцысаў (?), тэорыя групаў, вось ардынатаў, алгебра падзеяў, прынцып адпаведнасці межаў, пучок акружынаў (Тэрміналагічны слоўнік па вышэйшай матэматыцы для ВНУ); механіка горных пародаў, пачатак каардынатаў, рэляцыя фазаў, абсяг высокіх энергіяў, шкала глыбіняў, абсяг прамежкавых энергіяў, дыяпазон напругаў, эліпсоід напругаў (маецца на ўвазе напружанняў), дыяпазон тэмператураў, дыяпазон радыёчасціняў (маецца на ўвазе радыёчастот), часціня пульсацыяў, дыфракцыя хваляў, ізамерыя малекулаў, цэнтр фарбавання масаў, інтэрвал між лініяў дублета, плячо пары сілаў, правіла сумаў, прастора падзеяў (Руска-беларускі фізічны слоўнік); працэс утварэння ямкаў, у выніку ўздзеяння цвёрдых целаў ці часцінкаў, машынаў, часткаў аднаго і таго ж цела, ад умоваў церця, мяжа падзення дзвюх фазаў, кавітацыйнае зношванне тэрмічных нагрузкаў, працэс разбурэння паверхняў дэталяў машынаў, дзвюх фазаў, аліваў, пад уплывам аксідных і хлёрных плёнкаў (Русско-белорусско-английский словарь в области трения, изнашивания и смазки).

Назоўнікі з чыстай асновай (Ш скланенне) таксама ўжываюцца з канчаткам -яў: дотык мнагастайнасцяў, лінія роўных ступеняў, тэорыя імавернасцяў, пара плоскасцяў, выбар з дзвюх магчымасцяў, прывядзенне да галоўных восяў і інш. (Тэрміналагічны слоўнік па вышэйшай матэматыцы для ВНУ); паварот восяў каардынатаў, дынаміка вадкасцяў, эпюра хуткасцяў і інш. (Руска-беларускі фізічны слоўнік); узаемадзеянне дэталяў, задаваць адлегласць пункта ад умоўна выбраных плоскасцяў (Русско-белорусский словарь электротехнических терминов); для вылучэння няроўнасцяў, падзел паверхняў дэталяў, плыняў і інш. (Русско-белорусско-английский толковый словарь в области трения, изнашивания и смазки).

Як відаць з прыведзеных вышэй прыкладаў, канчатак-аў (-яў) ужываецца не толькі ў тых групах назоўнікаў, для якіх у граматыках дапускаюцца варыянтныя формы з нулявым канчаткам і канчаткам-аў (‑яў), але і ў назоўніках з асновай наг, к, х (тыпу напруга, часцінка, плёнка), у назоўніках на-ія (-ыя) (тьпу энергія, пульсацыя) і наогул у шматскладовых назоўніках (тыпу глыбіня, радыёчасціня, машына), для якіх граматыкі падаюць толькі формы з нулявым канчаткам.

З'ява разбурэння, размывання тыпаў скланення, засілле канчатка-аў (‑яў) у назоўніках жаночага роду на () і з чыстай асновай даволі распаўсюджана ў вуснай моўнай практыцы пэўнай часткі носьбітаў беларускай мовы, а наяўнасць гэтых канчаткаў у некаторых газетах і часопісах, як бачым, была падставай для адлюстравання іх ў некаторых тэрміналагічных слоўніках, што таксама адмоўна адбіваецца на нарматыўных канонах літаратурнай мовы. Тэрміналагічныя слоўнікі як адзін са сродкаў укаранення прапаганды нарматыўнай беларускай мовы, здаецца, не павінны ісці ўразрэз з існуючым правапісам і рэкамендацыямі граматык.

Маюць месца памылкі і ва ўжыванні канчаткаў роднага склону адзіночнага ліку назоўнікаў мужчынскага роду. Напрыклад, у “Тэрміналагічным слоўніку па вышэйшай матэматыцы для ВНУ”: падвышэнне да кубу (трэба куба), знак радыкалу (трэба радыкала); “Русско-белорусский математический словарь” дае: базісбазіса (трэба базісу), мнагасклад – мнагаскладу, аднасклад – аднаскладу (маецца на ўвазе мнагачлен), атам – атаму замест нарматыўных форм з канчаткам‑а, лагіцызм – лагіцызму (трэба лагіцызма); “Русско-белорусско-английский словарь в областн трения, изнашивания и смазки” дае ў тэксце: абумоўлены дэфармаваннем паверхневага пласту менш жорсткага элемента паверхневага пласту (трэба пласта), змазкавага матэрыяла і дадатка да адлівы (трэба матэрыялу, дадатку); у “Кароткім руска-беларуска-англійскім слоўніку машынабудаўнічага профілю” даецца: выдаленне ападка (трэба асадку).

7. Асаблівасці ўтварэння назоўнікаў-тэрмінаў(гл. тэарэтычны матэрыял “Лексічная сістэма беларускай літаратурнай мовы)”.


<== previous lecture | next lecture ==>
VІ. Дзеепрыметнік. | ІІ. Прыметнік.
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.037 s.