Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






ІІ. Прыметнік.


Date: 2015-10-07; view: 4246.


1. Утварэнне і ўжыванне формаў ступеней параўнання якасных прыметнікаў.

Як вядома, прыметнікі абазначаюць прыкмету. Гэтая прыкмета можа праяўляцца ў прадмеце ў большай ці меншай ступені. Існуюць фромы прыметніка, якія выражаюць непаўнату якасці: глыбакаваты, бялявы; ёсць формы, якія паказваюць на высокую ці вельмі высокую або нізкую ці вельмі нізкую ступень якасці, што выяўляецца ў прадмеце без параўнання з іншым прадметам: вялізны, малюсенькі, дробненькі. Гэтыя словы не з'яўляюцца граматычнымі формамі ступеняў параўнання, бо апошнія ўтвараюцца толькі пры параўнанні прадмета з іншым прадметам: лягчэйшы, найлягчэйшы, больш лёгкі, самы лёгкі.

Ступені параўнання маюць толькі якасныя прыметнікі.

Існуе дзве ступені параўнання – вышэйшая і найвышэйшая.

Формы ступеняў параўнання бываюць простыя і складаныя.

Вышэйшая ступеньпараўнання паказвае, што ў пэўным прадмеце якасці больш ці менш у параўнанні з іншым прадметам: волава цяжэйшае за жалеза. Форма вышэйшай ступені можа паказваць і на тое, што пэўны прадмет змяніў сваю якасць пры пэўных абставінах: Сёння ён ужо трохі весялейшы.

Простая форма вышэйшай ступені параўнання ўтвараецца далучэннем да асновы прыметніка суфікса -ейш (-эйш):цвёрды – цвярдзейшы, дарагі – даражэйшы.

Пры ўтварэнні формы можа адбывацца чаргаванне зычных (г, з // ж; к // ч; х // ш; д // дз'; т // ц').

Часам простая форма вышэйшай ступені параўнання ўтвараецца пры дапамозе суфікса -ш- ад розных асноў: добры – лепшы, дрэнны – горшы. Такія асновы называюцца суплетыўнымі.

Простая форма не ўтвараецца:

а) ад прыметнікаў, якія паходзяць з дзеепрыметнікаў: калючы, балючы, гаючы, вядомы і інш.;

б) ад якасных прыметнікаў з суфіксамі -ав-, -іст-, -аўн-, -ат-, -к-: перадавы, агністы, сакаўны, шурпаты, ліпкі.

Складаная форма з'яўляецца больш пашыранай у параўнанні з простай. Яна ўтвараецца далучэннем да прыметнікаў слоў больш (болей), менш (меней):шырокі – больш (болей) шырокі, менш (меней) шырокі.

Да формаў вышэйшай ступені параўнання могуць далучацца часціцы яшчэ і куды (яны надаюць узмацняльнае значэнне): яшчэ большы, куды большы, яшчэ больш моцны.

Пры простай форме вышэйшай ступені параўнання залежны ад прыметніка назоўнік ці займеннік ужываецца ў форме вінавальнага склону з прыназоўнікам за: брат старэйшы за сястру, яна старэйшая за яго. Параўн.: у рускай мове ў такіх выпадках залежнае слова ставіцца ў родным склоне без прыназоўніка: брат старше сестры, дуб выше берёзы. У гутарковай мове і мове мастацкай літаратуры зрэдку ў такіх словазлучэннях выкарыстоўваецца прыназоўнік ад: На дом гляджу руплівым вокам, на край, мілейшы ад краёў (Е. Л.).

Пры абедзвюх формах могуць ужывацца параўнальныя звароты са злучнікамі чым, як: На свеце лепшага кутка няма, чым той куток, дзе маці нарадзіла (Гіл.). Сёлета ўраджай у нас лепшы, як летась (Скр.).

Утварэнні ж з суфіксам -ш- (малодшы, старшы), што пры абазначэнні пасады ці звання ўваходзяць у тэрманалагічныя спалучэнні накшталт малодшы лабарант, малодшы лейтэнант, старшы навуковы супрацоўнік, старшы сяржант, параўнальнай прыметы не маюць і формамі вышэйшай ступені не з'яўляюцца, параўн.: Бутрым старэйшы за Алеся ажно на тры гады (Я. Брыль). Старшы лейтэнант стаў адразу збірацца (І. Мележ). Безадносную якасць выражаюць прыметнікі малодшы, старэйшы і ў тых выпадках, калі яны ўжываюцца ў значэнні ‘больш позні (ранні) па часе свайго з'яўлення': малодшы брат, старэйшы сын.

Найвышэйшая ступень параўнання паказвае, што пэўнай якасці найбольш або найменш у параўнанні з усімі іншымі прадметамі: Чалавек – найразумнейшая істота на зямлі.

Простая форма найвышэйшай ступені параўнання ўтвараецца ад простай формы вышэйшай ступені пры дапамозе прыстаўкі най-: найвышэйшы, найлягчэйшы, найлепшы, найгоршы.

У рэдкіх выпадках утварэнне адбываецца прыставачна-суфіксальным спосабам: найвялікшы, найноўшы.

Складаныя формы найвышэйшай ступені параўнання ўтвараецца далучэннем да якаснага прыметніка займенніка самы (самы сціплы, самы цяжкі) або прыслоўяў найболыш, найменш (найбольш складаны, найменш выразны).

Не ўтвараюць ні простых, ні складаных формаў ступеняў параўнання тыя прыметнікі, якія абазначаюць абсалютную (колькасна нязменную, статычную) якасць:

● некаторыя прыметнікі са значэннем стану асобы ці істоты: жывы, мёртвы, сонны; халасты, жанаты і інш.;

● прыметнікі, якія абазначаюць прымету на аснове якой-небудзь характэрнай фізічнай знешняй адзнакі: бязногі, аднарукі, барадаты, вусаты, чубаты, хвастаты і інш.;

● некаторыя прыметнікі, якія абазначаюць масці жывёл і жывых істот ці прадметаў: вараны, гняды, буланы, шызы, русы; карычневы, кафейны, бэзавы, мышасты, паласаты, попельны, зямлісты, бронзавы і інш.;

● прыметнікі, якія з'яўляюцца якаснымі толькі ў пераносным значэнні: жалезная воля, пшанічныя вусы, алавяныя вочы, каменнае сэрца і інш.;

● прыметнікі, якія ўжываюцца ва ўстойлівых спалучэннях са спецыялізаваным значэннем: лёгкая атлетыка, цяжкая прамысловасць, Блізкі Усход.

Пералічаны самыя пашыраныя групы.

Існуюць цэлыя групы прыметнікаў, ад якіх утвараюцца толькі складаныя формы ступеняў параўнання. Да іх ліку адносяцца:

● некаторыя невытворныя якасныя прыметнікі: упарты, бадзёры, пануры, прыкры, варожы, благі, любы, ліхі, хцівы і інш.;

● некаторыя вытворныя прыметнікі:

а) з суфіксамі -н- (ад назоўнікаў і дзеясловаў): радасны, надзейны, марозны, сумны, мірны, звычайны, адважны, стыхійны, трывожны і інш.;

б) з суфіксамі -ічн- (-ычн-):крытычны, паэтычны, гераічны, рытмічны і інш.;

в) з суфіксамі -льн-, -альн-, -яльн-: натуральны, максімальны, спрыяльны і інш.;

г) з суфіксамі -ів- (-ыв-), -лів-: бурлівы, імклівы, фальшывы, дакучлівы і інш.;

д) з суфіксамі -ат-, -аст-, -іт-, -авіт-: касматы, стракаты, мурзаты, выгінасты, хваравіты і інш.;

е) з суфіксамі -к-, -ск- (-цк-): вёрткі, колкі, гнуткі, геройскі, таварыскі, здрадніцкі і інш.

2. Формы прыметнікаў са значэннем ацэнкі і меры якасці.

Пры ўтварэнні ступеняў параўнання прадмет паводле якасці параўноўваецца з іншым прадметам. Але значэнне высокай меры якасці ці непаўнаты яе ў прадмеце можа выражацца і без параўнання. У гэтым выпадку перадаецца і стаўленне да прадмета: сіненькі, высозны, жаўтаваты. У цяпле ён [снег] скоранька раставаў, пераліваючыся дробненькаю расою на жоўтых абкураных вусах, на касматых бровах (Ад.). Курапаткі знішчаюць вялізную колькасць розных шкодных насякомых – чарапашак, даўганосікаў і, што асабліва важна, каларадскіх жукоў (В.В.). Хітраватыя Лёшкавыя вочы на круглявым брывастым твары няўцям міргаюць, як гэта бывае ў чалавека, які зрабіў нейкае глупства (В.Б.). Такія формы назваюць формамі ацэнкі і меры якасці. Яны ўтвараюцца пры дапамозе прыставак і суфіксаў.

Найчасцей выкарыстоўваюцца прыстаўкі за-, звыш, -ультра, -архі.

Прыстаўка за- можа надаваць прыметнікам адно з двух значэнняў: 1) ‘такі, які трохі перавышае меру якасці' (тады прыметнік ужываецца з прыслоўямі меры і ступені крыху, трохі – крыху завялікая шапка); 2) ‘такі, які намнога перавышае меру якасці' (шапка табе завялікая).

Прыстаўка звыш-надае значэнне перавышэння меры: звышмагутны, звышгукавы, звышпланавы, звышурочны, звышнатуральны.

Прыстаўкі -ультра і -архінадаюць прыметнікам вельмі высокую гранічную меру якасці: ультракансерватыўны, ультракароткі, ультрамодны, архіважны, архірэакцыйны, архіцяжкі.

Суфіксы могуць надаваць прыметнікам павелічальна-ўзмацняльнае (непахвальнасці) або памяншальна-ласкальнае значэнне, значэнне непаўнаты якасці або недастатковай якасці.

Суфіксы з павелічальна-ўзмацняльным значэннем: -ізн (вялізны), -ізарн(велізарны), -эзн(высачэзны, шырачэзны, даўжэзны); -енн,-энн(здаравенны, страшэнны), -эразн(даўжэразны, таўшчэразны), -озн(высозны).

Суфіксы з памяншальна-ласкальным значэннем: -еньк,-эньк, -аньк (маладзенькі, вясёленькі, старэнькі, прыгожанькі, хітранькі), -ічк (невялічкі), -утк, -ютк- (свяжуткі, раўнюткі, бялюткі), усеньк-,-юсеньк-(ціхусенькі, драбнюсенькі, бялюсенькі), -юпасеньк (малюпасенькі), -усенечк, -юсенечк(ціхусенечкі,танюсенечкі, малюсенечкі), -юпасенечк(малюпасенечкі).

Прыметнікі з прыстаўкамі і суфіксамі ацэнкі ў большасці выпадкаў ужываюцца ў гутарковым стылі і мове мастацкай літаратуры.

Значэнне непаўнаты якасці надаюць суфіксы -ават (-яват): белаваты, цемнаваты, сіняваты, а значэнне недастатковай якасці – суфіксы -яв (-ав, -ляв): бялявы, танклявы, чарнявы і інш.

3. Выкарыстанне элятыўных формаў у беларускай і рускай мовах (формы вышэйшай і найвышэйшай ступеней параўнання прыметнікаў).

У беларускай і рускай мовах ужываюцца формы прыметнікаў, якія выражаюць гранічна высокую або гранічна нізкую ступень якасці без параўнання з якасцю іншых прадметаў. Звычайна гэтую функцыю бяруць на сябе формы ацэнкі, радзей – формы найвышэйшай ступені параўнання прыметнікаў з экспрэсіўнай афарфоўкай. Такія формы прыметнікаў называюцца элятыўнымі (ад. лац. elativus – узняты, узвышаны).

Разгледзім ступені параўнання якасных прыметнікаў у рускай і беларускай мовах. Заўважым, што пры гэтым утвараюцца і простыя (сінтэтычныя) і складаныя (аналітычныя) формы вышэйшай і найвышэйшай ступені параўнання прыметнікаў, якія набылі марфалагічныя адрозненні. Напрыклад, рускія формы вышэйшай ступені не скланяюцца, беларускія ж змяняюцца, як і ў форме станоўчай ступені, па родах, ліках і склонах.

Простыяабо сінтэтычныя формы вышэйшай ступені прыметнікаў беларускай і рускай моў утвараюцца пры дапамозе розных суфіксаў і суплетыўных асноў: беларускія пры дапамозе -ейш, -эйш і канчаткаў адпаведнага роду і ліку (высокі – вышэйшы, зялёны – зелянейшы), рускія – -ее (-ей), -е, -ше (красивый – красивее, чистый – чище, тонкий – тоньше); у абедзвюх мовах суплетывацыяй асноў (бел. добры – лепшы, рус. плохой – хуже).

Складаныя або аналітычныя формы вышэйшай ступені прыметнікаў у сучасных беларускай і рускай мовах утвараюцца пры дапамозе слоў бел. больш (болей), менш (меней) – рус. более, менее: больш (болей) вузкі – более узкий, менш (меней) шырокі – менее широкий. Гэтыя формы ў абедзвюх мовах часцей за ўсё сустракаюцца ў пісьмовай форме.

Фомы найвышэйшай ступені параўнання прыметнікаў таксама можна атрымаць па-рознаму. Простыя беларускія формы ўтвараюцца далучэннем прыстаўкі най- да формы вышэйшай ступені: багаты – багацейшы – найбагацейшы. Простыя рускія формы – пераважна пры дапамозе суфіксаў -ейш, -айш і адпаведных канчаткаў, радзей пры дапамозе гэтых жа суфіксаў і прыстаўкі наи-: сильный – сильнейший – наисильнейший.

Складаныя формы найвышэйшай ступені ўтвараюцца аднолькава: далучэннем займенніка бел. самы – рус. самый або прыслоўяў найбольш (найболей) – наиболее, найменш (найменей) – наименее да зыходнай формы (самы мяккі, найбольш мяккі, найменш мяккі – самый мягкий, наиболее мягкий, наименее мягкий); далучэннем займеннікаў усіх або ўсяго – всех, всего (прыгажэй за ўсіх – красивее всех).

Значэнне найвышэйшай ступені набыла ў сучаснай рускай мове агульнаўсходнеславянская поўная форма вышэйшай ступені, якая ў беларускай мове захавала сваё ранейшае значэнне.

Не ўсе якасныя прыметнікі ў абедзвюх мовах могуць мець усе ступені параўнання.

Ужыванне формаў вышэйшай і найвышэйшай ступені ў супастаўленых мовах не заўсёды супадае. Напрыклад, простыя формы ў беларускай мове ўжываюцца з прыназоўнікавымі каструкцыямі: больш за мяне, дужэйшы за ўсіх, у рускай жа мове ўжываюцца з назоўнікамі або іншымі іменнымі часцінамі мовы без прыназоўнікаў і кіруюць імі: выше меня, сильнее всех. Складаныя формы таксама маюць адрозненні ва ўжыванні: бел. больш зручны спосаб, больш зручны са спосабаў – рус. более удобный способ, более удобный из способов.

4. Прыналежныя прыметнікі і іх утварэнне ў беларускай мове.

Прыналежныя прыметнікі абазначаюць прыметы прадметаў праз іх прыналежнасць пэўнай асобе або жывой істоце: Антосеў садок, рыбакова хата, цётчына хустка, буслава гняздо. Прыналежныя прыметнікі абазначаюць прымету не непасрэдна, як якасныя, а праз іх адносіны па прыналежнасці, таму іх часам разглядаюць як асобную групу адносных прыметнікаў. Гэтыя прыметнікі ўтвараюцца ад асноў адушаўлёных назоўнікаў мужчынскага роду з дапамогай суфіксаў -аў (-ав), -оў (-ов), -еў (-ев) -ёў (-ёв) і жаночага роду з дапамогай суфіксаў -ін (-ін-а), (-ын-а) і ў назоўным і вінавальным склоне адзіночнага і множнага ліку маюць кароткую форму: братаў – братава – братавы, леснікоў – леснікова – лесніковы, мядзведзеў – мядзведзева – мядзведзевы, старшынёў – старшынёва – старшынёвы, мамін – маміна – маміны, ластаўчын – ластаўчына – ластаўчыны.

Заўвага. Пры ўтварэнні прыналежных прыметнікаў тыпу воўчы, заячы, мядзведжы, чалавечы ў старажытнасці выкарыстоўваўся суфікс -j-.

Значэнне прыналежнасці, якое выражаецца прыналежнымі прыметнікамі, можа быць рознае: прыналежныя прыметнікі абазначаюць індывідуальную прыналежнасць прадмета пэўнай асобе (Петрусёў пакой, дзядулевы акуляры, матчыны рукі, бабуліны рукавіцы) або прыналежнасць прадмета цэламу класу прадметаў (пчаліны вулей, бусліны клёкат, птушыная сталоўка, лісіная нара).

Прыметнікі са значэннем групавой прыналежнасці, прыналежнасці цэламу класу прадметаў, могуць набываць значэнне якасных: воўчае логава – воўчы апетыт, воўчыя законы, воўчая мараль; мядзведжы бярлог – мядзведжая паходка; рыбіна луска – рыбіны вочы; сабачы брэх – сабачая служба, сабачы холад і інш.

Значэнне адносных прыметнікаў набываюць прыметнікі, утвораныя ад прыналежных далучэннем да іх асновы суфікса -ск-: вучнеў – вучнёўскі, бацькаў – бацькоўскі, сястрын – сястрынскі, Купалаў – купалаўскі, Мележаў – мележаўскі.

У стылях мастацкай літаратуры, у мэтах увасаблення, прыналежныя прыметнікі часам утвараюцца і ад неадушаўлёных прыметнікаў: Бледныя сонцавы косы выглянуць рэдка калі (Я. Купала). Месяц блеск свой кіне ў твар ночкавай пустыні (Я. Колас).

5. Правапіс суфіксаў прыметнікаў.

1. З двума н пішуцца:

а) прыметнікі, утвораныя з дапамогай суфікса -н- а назоўнікай з асновай на :дзень – дзённы, туман – туманны, камень – каменны, восень – асенні;

б) прыметнікі, утвораныя ад назоўнікаў на -мя: імя – іменны, племя –племянны, цемя – цемянны (але полымя – палымяны);

в) прыметнікі з суфіксамі -енн-, -энн-: страшэнны, вогненны, задуменны.

Прыметнікі, утвораныя з дапамогай суфіксаў -ан-(-ян-), -ін-(-ын-), пішуцца з адным н: драўляны, шкляны, сярэбраны, пчаліны, арліны, курыны. Адно н пішацца ў прыметніках сцюдзёны, юны.

2. У памяншальна-ласкальных формах пішуцца з мяккім знакам суфіксы -аньк- (пад націскам -эньк-)пасля зацвярдзелых зычных: добранькі, даражэнькі; -еньк- – пасля мяккіх і г, к, х: маленькі, лёгенькі, ціхенькі.

3. У прыметніках, утвораных ад назоўнікаў з дапамогай суфікса -ск-, зычныя асноў т, ц, ч, к у спалучэнні з суфіксальным с даюць і ў вымаўленні, і ў напісанні ц: студэнцкі (са студэнт+ск-і), шавецкі шавец+ск-і), ткацкі ткач+ск-і), мастацкі мастак+ск-і), пухавіцкі Пухавіч(ы)+ск-і), асіповіцкі Асіповіч(ы)+ск-і).

Каранёвае д у спалучэнні з суфіксальным с таксама вымаўляецца як ц, але на пісьме літара д перад суфіксам -ск- захоўваецца: завод – заводскі, грамада – грамадскі.

4. Зычныя с, ш зліваюцца з суфіксальным с, пішацца адна літара с: беларускі беларус+ск-і), рускі рус+ск-і), таварыскі таварыш+ск-і).

5. Зычныя г, к, х захоўваюцца перад суфіксам -ск- у прыметніках, утвораных ад геаграфічных назваў іншамоўнага паходжання і назваў нацыянальнасцей і народнасцей: Выбарг – выбаргскі, казах – казахскі, таджык – таджыкскі, узбек – узбекскі, але: турэцкі, калмыцкі, славацкі.

6. Пішуцца з, ж, ш перад суфіксам -ск- у прыметніках, утвораных ад геаграфічных назваў або назваў народнасцей і нацыянальнасцей: Добруш – добрушскі, Каўказ – каўказскі, Рыга – рыжскі, Волга – волжскі, чэх – чэшскі (зычныя г, к чаргуюцца з ж, ш).

7. У прыметніках, утвораных ад геаграфічных назваў, пасля н перад суфіксам -ск- мяккі знак не пішацца: Любань – любанскі, Хатынь – хатынскі, Гарынь – гарынскі, Лань – ланскі, Свержань – свержанскі, Астрахань – астраханскі, Смаргонь – смаргонскі, Разань – разанскі. У прыметніках, утвораных ад назваў месяцаў і слова восень, мяккі знак пасля н перад суфіксам -ск- захоўваецца: восень – восеньскі, ліпень – ліпеньскі, чэрвень – чэрвеньскі, снежань – снежаньскі і інш.

8. У прыметніках, утвораных ад геаграфічных назваў з канцавым -на, перад зычным н паяўляецца беглы галосны е(а): Гродна – гродзенскі, Маладзечна – маладзечанскі, Роўна – ровенскі. Параўн. рус.: ровенский (але: гродненский, молодечненский).

9. У прыналежных прыметніках, утвораных ад назваў асоб мужчынскага роду, пішуцца суфіксы -еў(-ев-), оў(-ов-), -аў(-ав-), -ёў(-ёв-): Васеў сшытак, Пецева кніга, Колеў задачнік, Сцёпкава паліто, Міхасёў ліст. Такія ж суфіксы захоўваюцца і ў прозвішчах, імёнах па бацьку, што паходзяць з прыналежных прыметнікаў: Афанасьеў, Васільеў, Васільевіч Васілевіч), Мікалаеў, Мікалаевіч, Андрэеў, Андрэевіч.

У прыналежных прыметніках, утвораных ад назваў асоб жаночага роду, пішуцца суфіксы -ін, -ын, пры гэтым адбываецца чаргаванне зычнага к з ч: матчын ліст, Аленчына кніжка, Галіна хустка, Верчын тварык.

Заўвага. Ад прыналежных прыметнікаў з суфіксам -еў(-ев-) трэба адрозніваць назоўнікі роднага склону множнага ліку з канчаткам -яў: абодвух Коляў (Андрэяў, Пецяў, Васяў, Анатоляў і т. д.).

6. Правапіс складаных прыметнікаў.

Складаныя прыметнікі пішуцца разам або праз злучок. Пішуццаразам:

1. Прыметнікі, утвораныя ад складаных назоўнікаў, якія пішуцца разам: Светлагорск – светлагорскі, Салігорск – салігорскі, Наваполацк – наваполацкі, Верхнядзвінск – верхнядзвінскі, Краснаполле – краснапольскі, Маларыта – маларыцкі, Слаўгарад – слаўгарадскі, авіямадэль – авіямадэльны, параход – параходны.

2. Складаныя прыметнікі, утвораныя складана-суфіксальным спосабам ад спалучэння назоўніка з іншымі часцінамі мовы – прыметнікам: сельская гаспадарка – сельскагаспадарчы, правы бераг – правабярэжны; лічэбнікам – два паверхі – двухпавярховы, тры гады – трохгадовы; займеннікам – іншая мова – іншамоўны. У такіх словазлучэннях – падпарадкавальная сувязь.

Прыметнікі, утвораныя ад складаных геаграфічных назваў, у якіх словы звязаны падпарадкавальнай сувяззю (словазлучэнне назоўніка з прыметнікам), таксама пішуцца разам: Старыя Дарогі – старадарожскі, Мар‘іна Горка – мар'інагорскі, Далёкі Усход – далёкаўсходні, Лацінская Амерыка – лацінаамерыканскі.

3. Складаныя прыметнікі, утвораныя спосабам словаскладання са спалучэння прыслоўя і прыметніка, прыслоўя і дзеепрыметніка, калі яны абазначаюць адно паняцце: вечназялёны, высокакваліфікаваны, шчырапаважаны, дзікарослы, супрацьлеглы, маланаселены.

Заўвага. Ад прыметнікаў, у склад якіх уваходзіць прыслоўе, трэба адрозніваць словазлучэнні прыслоўяў і прыметнікаў (дзеепрыметнікаў), якія пішуцца асобна. У словазлучэннях кожнае слова захоўвае свой націск, выконвае ролю самастойнага члена сказа, іх можна пераставіць месцамі, паставіць пытанне да прыслоўя. Параўн.: шчырапаважаны і шчыра сказанае слова (сказанае як? – шчыра).

4. Прыметнікі тыпу індаеўрапейскі, шматскладовы, металарэзны, усходнеславянскі (большасць з іх утворана складана-суфіксальным спосабам).

Пішуцца праз злучок:

1. Прыметнікі, утвораныя ад складаных назоўнікаў, якія пішуцца праз злучок: Давыд-Гарадок – давыд-гарадоцкі, Буда-Кашалёва – буда-кашалёўскі, сацыял-дэмакрат – сацыял-дэмакратычны, дызель-матор – дызель-маторны, Улан-Батар – улан-батарскі, Кажан-Гарадок – кажан-гарадоцкі.

2. Складаныя прыметнікі, утвораныя з двух і больш прыметнікаў, звязаных паміж сабой як раўнапраўныя (паміж імі можна паставіць злучнікі і, але): беларуска-рускі слоўнік, гісторыка-філалагічны факультэт, грамадска-палітычная дзейнасць, нямецка-руска-беларускі слоўнік.

3. Складаныя прыметнікі, утвораныя асноваскладаннем ад двух ці больш прыметнікаў, якія абазначаюць якасць з дадатковым адценнем (колеру, смаку) ці спалучэнні якасцей: светла-блакітны, цёмна-зялёны, ярка-жоўты, чырвона-карычневы, бел-чырвона-белы, горка-салёны, кісла-салодкі.

4. Складаныя прыметнікі з першай часткай усходне-, заходне-, паўночна-, паўднёва-, якія ўваходзяць у склад геаграфічных назваў: Усходне-Казахстанская вобласць, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, Усходне-Еўрапейская раўніна, Заходне-Сібірская нізіна, Паўночна-Ціхаакіянскае цячэнне.

5..Складаныя прыметнікі, якія абазначаюць прамежкавыя напрамкі свету: паўночна-заходні , паўднёва-ўсходні.

6. Прыметнікі, утвораныя са спалучэння імя і прозвішча: леў-талстоўскі, рамэн-раланаўскі.

4. Асаблівасці функцыянавання прыметніка ў тэрміналогіі:

а) ужыванне формаў вышэйшай і найвышэйшай ступені параўнання;

б) антонімы;

в) ужыванне прыналежных, адносна-прыналежных, адносных прыметнікаў;

г) субстантываваныя прыметнікі;

д) ужыванне склонавых аднакаранёвых адзінак у азначальнай функцыі пры тэрміне-назоўніку.

У большасці выпадкаў прыметнікі выкарыстоўваюцца як тэрмінаэлементы ў састаўных тэрмінах, з'яўляюцца неад'емнай часткай цэлага, што абазначае тое ці іншае паняцце. У тэрміналогіі прадстаўлены ўсе тры разрады прыметнікаў: якасныя, адносныя і прыналежныя. Тэрміналагізацыя прыметнікаў прыводзіць да лексіка-граматычных змен у гэтай катэгорыі слоў. Так, якасныя прыметнікі, стаўшы тэрмінамі, губляюць не толькі значэнне якасці, але і фармальныя прыкметы якасных прыметнікаў. Па-першае, у іх адсутнічаюць ступені параўнання. Параўн.: кіслая глеба (глебазн.) і кіслы яблыккіслейшы, самы кіслы (літ.); чырвоны радок (лінгв.) і чырвоная ружачырванейшая, найчырванейшая (літ.); нізкі ціск (тэхн., мед.) і нізкі чалавекніжэйшы (літ.); лёгкі атам (фіз.) і лёгкая задачалягчэйшая, найлягчэйшая, самая лёгкая (літ.). У тэрміналогіі – чорны метал, белы верш, сіт тонкі, у літаратурнай мове – чорны, чарнейшы, самы чорны; белы, бялейшы, самы белы; тонкі, танчэйшы, самы тонкі. У тэрміналогіі не прынята гаварыць больш цяжкі, цяжэйшы метал, нельга гаварыць пра чарнату металу; нельга сказаць бялейшы верш, белізна верша; сіт танчэйшы.

Выпадкі ўжывання форм вышэйшай ці найвышэйшай ступені ў тэрміналогіі даволі рэдкія: млекакормячыя ніжэйшыя, млекакормячыя вышэйшыя, жывёлы прасцейшыя, выіыэйшая геаметрыя, метад найхутчэйшага спуску (стат.), грань верхняя найменшая (мат.), найпрасцейшы закон (фіз.), найлягчэйшая вага (спарт.).

Стаўшы тэрмінам (тэрмінаэлементам), прыметнікі могуць набываць іншыя, чым у літаратурнай мове, антонімы. Напрыклад: чорныя металы – каляровыя металы (літ. чорны – белы); цвёрдае цела – вадкае цела (літ. цвёрды – мяккі); жывая прырода – нежывая прырода (літ. жывы – мёртвы); прамое дзяленне – непрамое дзяленне, сцябло прамое – сцябло звіслае (літ. прамы – крывы); чыстая вага – агульная вага (літ. чысты – брудны), мяккая вада – жорсткая вада (літ. мяккі – цвёрды) і г.д.

Больш шырока, чым у агульналітаратурнай мове, ужываюцца ў тэрміналогіі прыналежныя прыметнікі. У літаратурнай мове прыналежныя прыметнікі ўказваюць на прыналежнасць чаго-небудзь пэўнай асобе, у тэрміналогіі ж, па словах Даніленкі В. П., “застаючыся па форме прыналежнымі і захоўваючы часткова ідэю прыналежнасці, у асноўным маюць дэфініцыю, якая раскрывае якасны змест называемага паняцця”. Як і у агульналітаратурнан мове, прыналежныя прыметнікі ўжываюцца пераважна з суфіксам-аў (-еў), прычым формы мужчынскага роду маюць нулявы канчатак, формы жаночага і ніякага роду – канчатак, у множным ліку – канчатак . Напрыклад: ланцуг эйлераў, рад шпекераў, пучок якобіеў, патэнцыял абелеў, орган якабсонаў (біял.), канал лаўрэраў (біял.), характарыстыка эйлерава, функцыя булева, прастора рыманава, праграмаванне булева, лікі піфагоравы, каардынаты плюкеравы. Адзначаюцца выпадкі варыянтных утварэнняў з прыналежным прыметнікам і з формай роднага склону прозвішча: інтэграл эйлераў – інтэграл Эйлера, прастора рыманава – прастора Рымана, патэнцыял рысаў – патэнцыял Рыса, прастора гільбертава – прастора Гільберта, дыёд Гана – дыёд ганаўскі і інш. Аднак у беларускай літаратурнай мове значэнне прыналежнасці часцей перадаецца формай прыметніка, а не формай роднага склону назоўніка. У рускай літаратурнай мове, а значыць і ў рускай тэрміналогіі, часцей ужываецца форма роднага склону назоўніка. Таму ў перакладных тэрміналагічных слоўніках у рускіх тэрмінах тыпу пространство Римана, пространство Гильберта, интеграл Гильберта, интеграл Эйлера, закон Гауса, задача Больца і пад. зручней у асноўным перакладаць азначальную частку тэрміна прыналежным прыметнікам: закон гаўсаў, задача больцава і г.д.

Выкарыстоўваюцца ў тэрміналогіі і адносна-прыналежныя прыметнікі з суфіксам-ск-, часцей як варыянт да форм з суфіксам-аў (-еў): мера гаўсава (гаўсаўская), спектр лебега (лебегаўскі), кнезераў (кнезераўскі), лорэнцаў (лорэнцаўскі), а таксама закон пуасонаўскі рэжым брэгаўскі, радыус чабышоўскі, працэс фелераўскі, прастора фокаўская і інш.

Не ўжываюцца прыналежныя прыметнікі ў выпадку нескланяемасці прозвішча (энергія Фермі, дуга Фату, дыферэнцыял Гато і пад.), калі прозвішча канчаецца на-скі (паліэдр Куратоўскага, функцыя Жукоўскага, гіпотэза Мінкоўскага, дырэктрыса Вільчынскага), а таксама, калі ў склад тэрміна ўваходзяць два прозвішчы (статыстыка Бозэ – Эйнштэйна, статыстыка Фермі – Дзірака, функцыя Вінера – Пэлі, функцыя Рымана – Грына), калі прозвішча ўваходзіць у састаўны тэрмін (фільтр Фарадэя рэзанансны).

Адносныя прыметнікі ў тэрміналогіі займаюць значнае месца і захоўваюць тыповае для іх у агульналітаратурнай мове значэнне прыкметы, выражанай праз адносіны да прадмета. Самі па сабе яны не могуць выражаць нейкае тэрміналагічнае паняцце, а выражаюць яго толькі разам з назоўнікам, да якога дастасоўваюцца: масленая ізаляцыя, склонавая форма, злучнікавы сказ, косць скроневая, свідравіна буравая, манометр ртутны, хваля гукавая, зарад электрычны, радыяцыя атамная, радыяцыя касмічная, інструмент медыцынскі і інш. '

У тэрміналогіі даволі шырока прадстаўлены субстантываваныя прыметнікі ў форме адзіночнага і множнага ліку. У залежнасці ад галіны навукі субстантываваныя прыметнікі маюць сваю спецыфіку. Так, у заалагічнай і батанічнай тэрміналогіі ўжываюцца ў асноўным формы множнага ліку: беспазваночныя, буслападобныя, земнаводныя, двухкрылыя, жгуцікаеыя, кітападобныя, млекакормячыя, галубіныя, галажаберныя, аваднёвыя, карпавыя; драсенакветныя, бабовакветныя, касачакветныя, злакавыя, маслінавыя, соевыя; у матэматыцы – формы жаночага і ніякага роду адзіночнага ліку: бідатычная, крывая замкнутая, крывая Фрэшэ, сякучая, нясучая, цэлае кратнае, узважанае сярэдняе, вядомае, вытворнае і множны лік вытворныя. У філасофіі і літаратуразнаўстве пераважаюць тэрміны ў форме ніякага роду адзіночнага ліку: вечнае, аб'ектыўнае, этычнае, узвышанае, узнёслае, зямное; у мовазнаўстве формы мужчынскага роду адзіночнага ліку: галосны (гук), губны зычны, заднеязычны зычны, ётавы галосны, мяккі галосны. У якасці тэрмінаў могуць ужывацца субстантываваныя прыметнікі для наймення фарбаў, мінералаў: жоўтая хромавая, чырвоная англійская, чырвоная венецыянская, чырвоная бродская, зялёны нафтолавы (пра фарбы), сіні анілінавы, сіні дыамінавы, сіні метылавы (пра мінералы).

Неабходна адзначыць і такую асаблівасць функцыянавання прыметнікаў у тэрміналогіі, як ужыванне склонавых аднакаранёвых адзінак у азначальнай функцыі пры тэрміне-назоўніку, напрыклад: пераход зона-зонны, пераход электронна-электронны, каратаж нейтрон-нейтронны, цеплаабменнік вода-вадзяны, цеплаабменнік натрый-натрыевы, радыятар паветра-паветраны, адна-адназначная адносіна і інш. Зразумела, культура мовы павінна быць абавязковай не толькі ў межах агульналітаратурнага ўжывання, але і ў вобласці тэрміналогіі. Аднак, як відаць з вышэйпрыведзеных прыкладаў, а таксама такіх таўталагічных тэрміналагічных спалучэнняў, як адаптар канал-канал, драбілка дробнага драблення, помпа перапампоўваючая (адпампоўваючая, падпампоўваючая) і некаторых іншых, якія знаходзяцца за межамі норм літаратурнам мовы, у тэрміналогіі ў пэўнай ступені дапушчальныя і знаходзяцца ў межах прафесійнай нормы.

Заўвага. Пра тэрміналагізацыю прыметніка гл. таксама тэарэтычны матэрыял “Лексічная сістэма беларускай літаратурнай мовы”.


<== previous lecture | next lecture ==>
Дадатковая літаратура | Займеннік як часціна мовы.
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.099 s.