Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Пытанні


Date: 2015-10-07; view: 858.


1. Якія вылучаюцца асноўныя прынцыпы параўнання моў у тэарэтычных мэтах? У чым сутнасць гэтых прынцыпаў?

2. Якія выдзяляюцца прынцыпы супастаўляльнага вывучэння моў у лінгвадыдактычных мэтах? У чым сутнасць гэтых прынцыпаў?

 


5. ПАРАЎНАЛЬНА-ГІСТАРЫЧНЫ МЕТАД

Параўнальна-гістарычны (кампаратыўны, лінгвагенетычны) метад – сукупнасць прыёмаў і працэдур гістарычна-генетычнага даследавання моўных сем'яў і груп, а таксама асобных моў для ўстанаўлення заканамернасцей іх развіцця. Пры гэтым нярэдка акцэнт робіцца на складніку “гістарычны”, паколькі асноўнае прызначэнне метаду – выяўленне гісторыі мовы (у тым ліку і ў дапісьмовую эпоху). Складнік “параўнальны” ў такім выпадку паказвае на прыём (параўнанне), з дапамогай якога дасягаюцца мэты гістарычнага даследавання мовы або моў. Іншыя даследчыкі, наадварот, акцэнтуюць увагу на складніку “параўнальны”, паколькі галоўны аб'ект даследавання – самі суадносіны фактаў, якія параўноўваюцца. Гістарычныя ж вывады з гэтага параўнання застаюцца нераскрытымі. Аднак вядома, што і вынікі параўнання часта з'яўляюцца інтэрпрэтаванымі (выяўленне гістарычных узаемаадносін параўнаных моў, іх дыялектнага падзелу, адноснай храналогіі і інш.). Два складнікі “параўнальнае” і “гістарычнае” аднолькава важныя. Вядома, напрыклад, што роднасць моў вызначаецца выключна праз іх гістарычна арыентаванае параўнанне адной з адной.

З узнікненнем у мовазнаўстве параўнальна-гістарычнага метаду пачалося сістэмнае (навуковае) вывучэнне моў свету. Гэты метад даў магчымасць устанавіць наяўнасць роднасных моў, якія аб'ядноўваліся ў сем'і, і паказаць, што падабенства і супадзенне ў лексіцы, граматыцы, а таксама адпаведнасці ў фанетыцы – вынік паходжання моў адной сям'і з агульнай крыніцы – мовы-асновы (прамовы). З адкрыццём параўнальна-гістарычнага метаду мовазнаўства стала самастойнай навукай, адасобіўшыся ад філалогіі, філасофіі і гісторыі. Апрача таго, з цягам часу была падрыхтавана аснова для ўзнікнення агульнага мовазнаўства.

Параўнальна-гістарычны метад уключае комплекс даследчыцкіх прыёмаў, асноўныя з якіх наступныя: вызначэнне генетычнай прыналежнасці моўных з'яў; выяўленне сістэмы адпаведнасцей і адхіленняў ад іх у фанетыцы, марфалогіі, а таксама (у меншай ступені) сінтаксісе і семантыцы; аднаўленне архетыпаў (зыходных праформаў); устанаўленне храналагічнай і прасторавай лакалізацыі моўных з'яў і стварэнне на гэтай аснове генеалагічнай класіфікацыі моў.

Параўнальна-гістарычны метад мае на мэце:

а) рэканструяваць мову-аснову (прамову), з якой звязаны паходжаннем роднасныя мовы;

б) даказаць агульнасць паходжання моў, іх прыналежнасць да сям'і (групы, падгрупы);

в) прасачыць працэсы самастойнага развіцця роднасных моў;

г) выявіць адносную храналогію моўных змен як у прамове, так і ва ўтвораных на яе аснове мовах.

Адна з найважнейшых працэдур параўнальна-гістарычнага метаду – рэканструкцыя (аднаўленне) архетыпаў (праформаў, зыходных формаў) шляхам гістарычнага параўнання адпаведных адзінак асобнай мовы, групы або сям'і моў і выяўлення адпаведнасцей на ўсіх узроўнях мовы (пераважна на фаналагічным і марфемным). Упершыню гэты метад быў ужыты ў сярэдзіне 19 ст. А. Шляйхерам для рэканструкцыі індаеўрапейскай прамовы. Архетыпамі могуць быць словы, карані, марфемы, фанемы і нават сказы. Часцей за ўсё рэканструююцца гукі і словы (марфемы).

Напрыклад, рэгулярная адпаведнасць паміж славянскім [b], лацінскім [f], грэчаскім [φ], санскрыцкім [bh], хецкім і тахарскім [p], гоцкім [b] у гістарычна тоесных каранях дазваляе рэканструяваць індаеўрапейскі *[bh], які па-рознаму развіваўся ў мовах.

Параўноўчаючы словы ст.-інд. bhrā́, авест. brātar , грэч. frā́ter, лац. frāter, ст.-слав. братръ, ірл. brāthir, гоц. bropar, тахар. pcacar і інш., вучоныя рэканструявалі індаеўрапейскую праформу *bhrāter ‘брат'.

На аснове параўнання гістарычна засведчаных формаў славянскіх моў бел., рус, укр., балг., серб. брат, польск., славац. brat, чэш. bratr была рэканструявана агульнаславянская форма *bratrъ.

Да нашага часу слаба распрацавана методыка прымянення параўнальна-гістарычнага метаду ў сінтаксісе, што звязана з цяжкасцю рэканструкцыі архетыпаў сінтаксічных адзінак (словазлучэнняў, сказаў), паколькі лексічнае напаўненне іх зменлівае. Да бясспрэчных дасягненняў параўнальна-гістарычнага сінтаксісу можна аднесці тэорыю развіцця сказа ад паратаксісу да гіпатаксісу, палажэнне аб перавазе апазіцыі і прымыкання над іншымі відамі сінтаксічнай сувязі, тэзіс аб тым, што ў індаеўрапейскай прамове дзеяслоўныя асновы супрацьпастаўляліся паводле трывальнага, а не часавага значэння і інш.

Найменш распрацавана рэканструкцыя архаічных значэнняў слоў. Для аднаўлення такіх значэнняў выкарыстоўваюцца спрадвечныя словы. Пры гэтым улічваюцца найперш экстралінгвістычныя фактары – гісторыя дадзенага народа, яго звычаі, культура, гаспадарчы ўклад жыцця і г. д. Напрыклад, выяўлена, што рус. город, ст.-слав. градъ, літоўск. gar̃das ‘агароджа' ўзыходзяць да таго ж самага паняцця ‘агароджа, агароджанае месца' і звязаны з дзеясловамі городить, огораживать. Ням. reich ‘багаты' этымалагічна звязана з лац. rex ‘цар', ст.-інд. raj ‘цар', гоцк. reiks і ст.-нарв. rica ‘военачальнік'. Цары і военачальнік былі багатымі людзьмі. Гэта і палужыла асновай для ўзнікнення прыметніка reich ‘багаты'.

Рэканструкцыя бывае знешняя і ўнутраная.

Знешняярэканструкцыя грунтуецца на параўнанні сістэмна звязаных фактаў шэрагу роднасных моў з рознай храналагічнай суаднесенасцю. Напрыклад, параўнанне слоў тыпу рус. голова, ст.-сл. глава, балг. глава, серб. главá, чэшск. hlava, польск. głowa дало падставы вывесці праславянскую форму *golva. У выніку параўнання слоў аг.-ўсх.-сл. берег, ст.-слав. брэгъ, ст.-в.-ням. berg, польск. brzeg і інш., была зроблена выснова, што старажытнай формай у агульнаславянскай мове была *berg (і.-е. форма *bhergéhos ‘гара, вышыня'). Наяўнасць рэгулярнай адпаведнасці паміж славянскім b, германскім β, лацінскім f, грэчаскім φ, санскрыцкім bh, хецкім p у гістарычна тоесных каранях дазваляе рэканструяваць індаеўрапейскі bh, які па-рознаму развіваўся ў мовах.

Асновай параўнання з'яўляецца, як правіла, мова з найстаражытнай пісьмовай традыцыяй. У індаеўрапейскім мовазнаўстве ў якасці такой мовы быў санскрыт, які ў шэрагу сучасных даследаванняў заменены хета-лувійскімі мовамі.

Для ўстанаўлення роднасці моў улічваюцца наступныя асноўныя крытэрыі.

Па-першае, супастаўляюцца словы, якія ўжываюцца людзьмі здаўна і абазначаюць асноўныя, жыццёва важныя прадметы, з'явы і паняцці (часткі цела чалавека, паняцці роднасці, назвы жывёл, прыродных з'яў і аб'ектаў і г. д.): рука, маці, дачка, карова, дзень, зямля, жыццё, вада, вецер і інш. Такія словы могуць быць агульныя толькі для групы роднасных паводле паходжання моў. Параўн.: бел. неба, рус. небо, укр. небо, польск. niebo, чэш. nebe, славац. nebo, балг. небе, серб. небо, славен. nebo.

Па-другое, улічваецца падабенства ў граматычным афармленні слоў. Параўн. спражэнне дзеяслова ‘браць' у форме цяперашняга часу абвеснага ладу адзіночнага ліку ў асобных мовах індаеўрапейскай сям'і (1-я, 2-я і 3-я асобы): ст.-інд. bhárami – bhárasi – bhárati, грэч. phéro – phéreis – pherei, лац. fero fers – fert, ст.-слав. бер...берешиберетъ, бел. бярубярэшбярэ, польск. biorę – bierzesz – bierze, чэш. beru – bereš – bere.

Па-трэцяе, неабходна браць пад увагу рэгулярныя фанетычныя адпаведнасці ў розных мовах.Так, напрыклад, санскрыцкаму [bh] у пачатку слова адпавядаюць лацінскі [f] і беларускі [б]: bhrātar ‘брат' – fraterбрат; таксама: bhara ‘бітва' – ferioбітва. Са славянскім гукам [а] суадносяцца доўгія [а] і [о] у іншых індаеўрапейскіх мовах: м[а]ці – ст.-інд. m[ā], грэч. m[ā]ter, лац. m[ā]ter; д[а]ць – грэч. did[ō], лац. d[ō]num.

Для ўстанаўлення роднасці моў адной сям'і ўлічваюцца найперш агульныя прыметы, а пры класіфікацыі моў па сем'ях і пры адрозненні груп, падгруп і моў унутры сям'і важнае значэнне маюць спецыфічныя асаблівасці – тое індывідуальнае, што характарызуе кожную мову паасобку.

Унутраная рэканструкцыя грунтуецца на супастаўленні дадзеных адной мовы. Напрыклад, чаргаванні ў рускай мове тыпу ['а/им] (снять – снимать) або ['а/ин] (память – поминать) даюць падставы меркаваць, што ў ранні перыяд ва ўсходнеславянскіх дыялектах быў насавы галосны пярэдняга рада [ę] (я). Параўн.: *почęти – починати ([ę / ин]), *взęти – *възьмọ ([ę] / [ьм]), почати – починати (['а] / [ин]). Супастаўленне ў беларускай мове формаў тыпу пякупячэш дазваляе ўстанавіць, што для 2-й асобы больш ранняя форма пекешь (з пераходам к ® ч' перад галосным пярэдняга рада).

Унутраная рэканструкцыя – адзін з асноўных прыёмаў аднаўлення гісторыі той або іншай мовы.

Паслядоўнасць узнікнення з'яў у мове (якія ўзніклі раней, а якія – пазней) вызначаецца прыёмам адноснай храналогіі (“прынцып генетычнай аб'ектыўнасці”), палажэнні якога былі сфармуляваны яшчэ ў 1870 г. І.А. Бадуэнам дэ Куртэнэ.

Заснавальнік прасторавай лінгвістыкі М. Барталі ў кнізе “Уводзіны ў неалінгвістыку” (1925) сфармуляваў прынцыпы выяўлення адноснай храналогіі, якія датычаць не толькі фанетычных, але і наогул любых моўных з'яў. Такімі крытэрыямі вызначэння адноснай храналогіі з'яўляюцца наступныя[7].

1. З дзвюх моўных з'яў больш старажытная звычайна тая, якая раней засведчана пісьмовымі помнікамі.

2. Больш старажытная моўная з'ява захоўваецца звычайна на ізаляванай тэрыторыі (арэале): востраве, горных далінах і да т. п.

3. Моўныя з'явы, якія сустракаюцца ў бакавых арэалах, больш старажытныя.

4. З'ява, пашыраная ў большым арэале, звычайна больш старажытная.

5. Больш старажытная з'ява, як правіла, захоўваецца ў познім арэале (напрыклад, у мове нарвежскіх перасяленцаў у параўнанні з нарвежскай мовай у Нарвегіі).

6. З дзвюх моўных з'яў тая больш старажытная, якая ўступіла месца іншай (параўн.: бел. чалолоб).

Вядома, што першае і другое памякчэнні (палаталізацыі) заднеязычных [г], [к], [х] узніклі ў агульнаславянскай мове. Аднак першае памякчэнне (пераход заднеязычных [г], [к], [х] перад галоснымі пярэдняга рада і перад [j] у шыпячыя [ж'], [ч'], [ш']) было больш раннім, чым другое (пераход заднеязычных у мяккія свісцячыя перад [Э] і [и] дыфтангічнага паходжання). Гэта тлумачыцца тым, што другое памякчэнне наступіла пасля манафтангізацыі індаеўрапейскіх дыфтонгаў [оƒі] і [аƒі] і ўзнікнення новага гука [ĕ] (Э), а таксама тым, што яно менш пашырана ў славянскіх мовах. Адсутнасць пераходу [е] у ['ó] у словах дед, отец і наяўнасць яго ў слове полет [пÙл'óт] В.А. Багародзіцкі растлумачыў тым, што пераход [е] у ['ó] адбыўся да пераходу Э ў е (дед) і зацвярдзення [ц] (отьць).

Як адну з працэдур рэканструкцыі (апрача знешняй і ўнутранай) вылучаюць таксама філалагічны метад. Ён заключаецца ў сістэмным даследаванні старажытных пісьмовых помнікаў на мовах той або іншай генетычнай супольнасці дзеля выяўлення больш архаічных моўных формаў, чым тыя, якія ёсць у сучасных мовах. Гэты метад рэканструкцыі прыдатны толькі для моўных сем'яў са старажытнай пісьмовай традыцыяй (для індаеўрапейскіх моў гэта хецкая, старажытнагрэчаская, лацінская, стараславянская мовы, санскрыт і інш.). Часам філалагічны метад адносіцца да разнавіднасці ўнутранай рэканструкцыі.

Апрача рэканструкцыі прамовы, параўнальна-гістарычны метад служыць для вырашэння такіх агульналінгвістычных задач, як пабудова тэорыі эвалюцыйнага развіцця мовы, гістарычнае апісанне ўзроўняў мовы (дыяхранічныя фаналогія, марфалогія, сінтаксіс) і міжузроўняў (дыяхранічныя марфаналогія, словаўтварэнне і г. д.), дыяхранічны аналіз працэсаў дывергентнага і канвергентнага развіцця асобных моў і інш.

Пры параўнальна-гістарычных даследаваннях шырока выкарыстоўваюцца прыёмы іншых метадаў – тыпалагічнага, квантытатыўнага, імавернаснага, метаду мадэлявання. Складнікам параўнальна-гістарычнага метаду з'яўляюцца таксама лінгвагеаграфічныя прыёмы гістарычнага вывучэння моў. Іх прызначэнне – аднавіць дыялектны падзел прамоўных супольнасцей і выявіць арэальныя сувязі паміж мовамі, якія складаюць гэтыя супольнасці. Пры адсутнасці ў тых або іншых моўных групах або сем'ях старапісьмовых помнікаў параўнальна-гістарычны метад абапіраецца на факты сучасных моў і дыялектаў.

З параўнальна-гістарычным метадам як асноўным інструментам даследавання ў параўнальна гістарычным мовазнаўстве звязваюць шэраг выдатных адкрыццяў. Адно з іх – фанетычныя законы. Разгледзім два з такіх законаў.

Закон Раска – Грыма. Гэты закон быў першым дасягненнем параўнальна-гістарычнага мовазнаўства. Сутнасць гэтага закону – выяўленне рэгулярных адпаведнасцей паміж індаеўрапейскімі і германскімі шумнымі, якія ўзніклі ў выніку 1-га германскага (агульнагерманскага) перамяшчэння зычных. У адпаведнасці з гэтым законам:

а) індаеўрапейскім глухім змычным p, t, k адпавядалі ў германскіх мовах шчылінныя f, th, h (параўн.: і.-е. kuon / k'un, грэч. kýnō – гоц. hunds, ст.-англ. hund, ст.-верхненям. hunt ‘сабака');

б) індаеўрапейскім звонкім змычным b, d, g адпавядалі глухія p, t, k (у нямецкіх дыялектах; параўн.: аг.-герм. gast – баварск. kast ‘госць');

в) індаеўрапейскім прыдыхальным змычным bh, dh, gh адпавядалі адпавядалі германскія звонкія b, d, g (параўн.: санскр. bhárāmi ‘(я) нясу', ст.-грэч. phérō – ісл. bera).

Гэтыя адпаведнасці былі выяўлены Р. Раскам у 1818 г. і сістэматызаваныя Я. Грымам у 1822 г.

Закон Фартунатава – Сасюра. Гэта закон перамяшчэння націску, па-рознаму сфармуляваны ў 90-я гг. 19 ст. ў дачыненні да балтыйскіх і славянскіх моў П.Ф. Фартунатавым і ў дачыненні да балтыйскіх моў Ф. дэ Сасюрам. Гэты закон стаў адным з найбуйнейшых адкрыццяў у лінгвістыцы канца 19 ст. Закон у фармулёўцы П.Ф. Фартунатава (1895 г.) даў магчымасць растлумачыць, чаму ў словах тыпу слáва націск застаецца нерухомым ва ўсіх магчымых формах (параўн.: слáва, слáвы, слáве, слáву і г. д.), а ў словах тыпу рус. рýку, нóгу, вóду ў назоўным склоне адзіночнага ліку націск пераходзіць з першага склада на канчатак[8] (параўн.: рус. рукá, водá, ногá і г. д.). Такі перанос націску (з першага склада на канчатак) тлумачыцца тым, што канчатак у формах тыпу рус. нога, вода, рука і да т. п. раней вымаўляўся працягла, а працягласць (“працяглая даўжыня”) яшчэ ў літоўска-славянскай мове, паводле вучонага, перацягвала націск з папярэдняга склада, калі ён не вымаўляўся працягла, інакш – не меў “працяглай даўжыні”. Аднак у рускіх словах тыпу ворóна націск захаваўся на аснове, таму што галосны вымаўляўся працягла (меў “працяглую даўжыню”).

Згодна з фармулёўкай Ф. дэ Сасюра (1896 г.), у літоўскай мове націск рэгулярна пераносіўся на наступны склад, калі ён падаў на склад з цыркумфлекснай інтанацыяй, непасрэдна пасля якога знаходзіўся склад з акутаванай інтанацыяй.

З дапамогай параўнальна-гістарычнага метаду распрацаваны параўнальна-гістарычныя граматыкі індаеўрапейскіх, фіна-ўгорскіх, алтайскіх, семіцкіх, дравідыйскіх, банту, кітайска-тыбецкіх і іншых моў, а таксама створаны асновы граматыкі настратычных моў. Апрача гэтага, падрыхтаваны шматлікія этымалагічныя і гістарычныя слоўнікі розных моў.

Параўнальна-гістарычны метад не пазбаўлены, аднак, шэрагу абмежаванняў. Так, з дапамогай яго немагчыма растлумачыць падабенства няроднасных моў (г. зн. падабенствы тыпалагічныя), галоўным чынам у сферы семантыкі і сінтаксісу. Гэтая задача паспяхова вырашаецца тыпалагічным метадам. Акрамя таго, параўнальна-гістарычны метад не дае магчымасці аднавіць цэласную карціну мовы як сінхроннай сістэмы. Гэты недахоп прывёў да з'яўлення структурнага падыходу да мовы і метаду найноўшага лагічнага (канцэптуальнага) аналізу мовы.

Звычайна ўзнікненне параўнальна-гістарычнага метаду (як і мовазнаўства) звязваюць з вывучэннем еўрапейскімі лінгвістамі ў канцы 18 ст. старажытнаіндыйскай мовы санскрыту. Апрача адкрыцця еўрапейцамі санскрыту (У. Джоунзам і Г.Т. Калбрукам), узнікненню метаду спрыялі і іншыя фактары: росквіт жывых літаратурных моў, фактаграфічная база (двух- і шматмоўныя перакладныя слоўнікі), стварэнне граматык розных моў, з'яўленне параўнальных дысцыплін (параўнальныя анатомія, палеанталогія, эмбрыялогія, геалогія і г. д.), дасягненні ў галіне прыродазнаўчых навук (афармленне паняцця сістэмы, вылучэнне ідэі зыходнай мадэлі-архетыпу).

Ідэі пра моўную роднасць выказваліся і раней, да 18 ст. (16–17 стст.)[9]. Першыя спробы класіфікацыі моў (Г. Пастэлуса, І. Скалігера, Г. Лейбніца, М.В. Ламаносава, У. Джоўнза) падрыхтавалі глебу для ўзнікнення параўнальна-гістарычнага метаду даследавання і садзейнічалі з'яўленню ранніх варыянтаў параўнальна-гістарычнага мовазнаўства.

Узнікненне параўнальна-гістарычнага мовазнаўства і метаду звязана з імёнамі Ф. Бопа, Я. Грыма, Р. Раска, А.Х. Вастокава, якія на аснове вывучэння багатага фактычнага матэрыялу (пераважна фанетычнага і марфалагічнага) амаль адначасова прыйшлі да высновы аб роднасці еўрапейскіх моў.

 


<== previous lecture | next lecture ==>
Літаратура | Літаратура
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.758 s.