![]() |
МЕТАД ЛІНГВІСТЫЧНАЙ ГЕАГРАФІІDate: 2015-10-07; view: 969. Пытанні 1. Якое прызначэнне метаду сістэмнай рэканструкцыі? 2. У чым сутнасць, паводле С.Д. Кацнельсона, прынцыпу знешняй храналогіі? 3. Чаму карэктывы, унесеныя младаграматыстамі ў методыку параўнальнага вывучэння індаеўрапейскіх моў, мелі, паводле вучонага, “прынцыповае значэнне”? 4. У чым заключаліся абмежаванні младаграматычнай рэканструкцыі агульнаіндаеўрапейскага гукавога складу? 5. Чаму сістэмны метад, упершыню выкарыстаны Ф. дэ Сасюрам, значна пашырыў магчымасці параўнальна-гістарычнага мовазнаўства? Якія сферы яго выкарыстання? 6. Якія кірункі гістарычнай інтэрпрэтацыі сучасных дадзеных вылучаюцца ў нямецкай дыялекталогіі? У чым іх сутнасць?
Метад лінгвістычнай геаграфіі (арэальны) – сукупнасць прыёмаў, з дапамогай якіх выяўляецца тэрыторыя пашырэння моўных з'яў. Ён прадугледжвае, паводле Э. Касерыу, тры этапы работы: 1) збор матэрыялу (шляхам апытання паводле адпаведнай праграмы, агульнай для ўсіх пунктаў, дзе праводзіцца даследаванне); 2) картаграфаванне сабранага матэрыялу і падрыхтоўка карт для дыялекталагічнага атласа; 3) інтэрпрэтацыя матэрыялу, нанесенага на карты (ізаглос або іх пучкоў). Некаторыя даследчыкі (напрыклад, А.А. Крывіцкі) галоўнымі этапамі лінгвагеаграфічнага даследавання лічаць наступныя: 1) вызначэнне сеткі апорных населеных пунктаў (абраных для збору матэрыялу); 2) складанне праграмы (апытальнікаў, анкет) даследавання (прадугледжвае яго мэту і канкрэтную тэматыку, якая адлюстроўваецца ў лінгвагеаграфічным апытальніку: выяўленне і запіс пэўных моўных з'яў або з'явы як усіх узроўняў мовы, так і аднаго з іх – фанетычнага, лексічнага, напрыклад пэўнай тэматычнай групы, і да т. п.); 3) стварэнне лінгвістычнай карты (змяшчае звесткі пра якую-небудзь асобную з'яву ў гаворках і яе рэалізацыю: якім словам называецца пэўны прадмет, як вымаўляецца гук або спалучэнне гукаў у пэўным становішчы, або пэўная граматычная форма слова і г. д.). Лінгвістычныя карты пэўнай тэрыторыі як вынік лінгвагеаграфічных даследаванняў, прысвечаныя асобным дыялектным асаблівасцям адной мовы ці комплексу моў, складаюць дыялекталагічныя (лінгвістычныя) атласы. У сучасным мовазнаўстве дыялекталагічныя атласы падзяляюцца на некалькі тыпаў. 1. Нацыянальныя, або атласы адной мовы: “Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі” П.А. Бузука (1928), “Дыялекталагічны атлас беларускай мовы” (1963), “Лексічны атлас беларускіх народных гаворак” у 5 т. (т. 1–5, 1993–1998), таксама: “Дыалекталагічны атлас рускай мовы: Цэнтр Еўрапейскай часткі Расіі” ў 3 вып. (вып. І: Фанетыка, 1986; вып. ІІ: Марфалогія, 1989; вып. 3: Сінтаксіс. Лексіка, 1996), “Атлас украінскай мовы” (т. 1–3, 1984–2001), “Атлас польскіх гаворак” (выдаецца асобнымі тамамі) і інш. Выдадзены дыялекталагічныя атласы французскай, іспанскай, італьянскай, румынскай, малдоўскай, нямецкай, нідэрландскай, ірландскай, рускай, беларускай, украінскай, балгарскай, польскай, славацкай, лужыцкай, фінскай, эстонскай, венгерскай, кіргізскай, чувашскай, японскай і іншых моў. 2. Рэгіянальныя атласы, якія ахопліваюць частку тэрыторыі адной або некалькіх моў: “Атлас усходнеславянскіх гаворак Беласточчыны” (т. 1–8, 1980–2002; выд. працягваецца), “Параўнальнае вывучэнне геаграфіі слоў (Палессе – Мазоўша)” І. Тарнацкага (1939), “Лінгвістычны атлас Ніжняй Прыпяці” Т.В. Назаравай (1985), таксама: “Атлас рускіх гаворак Сярэдняга і Ніжняга Паволжа” Л.І. Бараннікавай (2000), “Лінгвістычны атлас украінскіх народных гаворак Закарпацкай вобласці УССР: Лексіка” І.А. Дзендзялеўскага (т. 1–3, 1958–1993), “Атлас украінскіх гаворак Паўночнай Букавіны” К.Ф. Германа (т. 1–2, 1995, 1998) і інш. Часам рэгіянальныя атласы папярэднічаюць нацыянальным і з'яўляюцца своеасаблівай спробай картаграфавання дадзенай мовы. Такімі былі, напрыклад, першыя нямецкія атласы Г. Венкера. 3. Атласы роднасных моў: “Агульнаславянскі лінгвістычны атлас” (АЛА; выходзіць выпускамі ў дзвюх серыях [лексічна-словаўтваральнай і фанетычна-граматычнай] з 1988), які ахоплівае ўсе славянскія мовы і дыялекты ў Еўропе, і “Агульнацюркскі лінгвістычны атлас”), пачатковым этапам якога з'яўляецца “Дыялекталагічны атлас цюркскіх моў СССР”. Дадзеныя гэтых атласаў карысныя перш за ўсё для комплекснага параўнальна-гістарычнага і сінхронна-тыпалагічнага вывучэння гэтых моў. 4. Атласы гаворак як роднасных, так і рознасістэмных моў: “Лінгвістычны атлас Еўропы” (ЛАЕ; выходзіць выпускамі: 1983–1997. Вып. 1–5) і інш. 5. Атласы моўных саюзаў: “Агульнакарпацкі дыялекталагічны атлас” (выходзіць выпускамі з 1987; мае на мэце адлюстраваць вынікі працяглай інтэрферэнцыі моў і дыялектаў карпацкага арэала, якія належаць да розных моўных груп / сем'яў: украінскай, балгарскай, сербскай, харвацкай, славацкай, чэшскай, польскай, румынскай, малдоўскай, венгерскай моў) і інш. 6. Галіновыя (праблемныя) атласы: “Атлас наземных пазваночных: Бярэзінскі біясферны запаведнік” І.І. Бышнева, Д.Д. Стаўроўскага, М.М. Пікуліка, А.К. Цішачкіна (1996), “Атлас лекавых раслін” Т.А. Гарбуновай (1995), “Атлас жывёлагадоўчай лексікі ў палескіх дыялектах” У.М. Курыленкі (2004) і інш. Адмысловы тып дыялекталагічнага атласа – падрыхтаваны ў Вялікабрытаніі “Лінгвістычны атлас познасярэднеанглійскай мовы”, у якім карты складзены не на матэрыяле жывой дыялектнай мовы, а на аснове пісьмовых тэкстаў 1350–1450 гг., што адлюстроўваюць мясцовыя дыялектныя рысы. У 1996 г. выдадзены адметны лінгвістычны атлас – “Атлас моў міжкультурнай камунікацыі ў Ціхаакіянскім рэгіёне, Азіі і Амерыцы” (пад рэд. С. Вурма і інш.). Ён уключае некалькі соцень карт, якія паказваюць тэрытарыяльнае пашырэнне кантактных, а таксама сумежных моў. Кожная карта суправаджаецца артыкулам, у якім апісваецца моўная сітуацыя ў рэгіёне. У сучасны момант у інстытуце эвалюцыйнай антрапалогіі імя М. Планка ў Лейпцыгу рыхтуецца “Атлас моўных структур свету”, мэта якога – адлюстраванне на карце мноства тыпалагічна істотных ізаглос. На асобных картах будзе адлюстравана больш за сотню параметраў (аналітычны / сінтэтычны / полісінтэтычны тып выражэння граматычных значэнняў; базавы парадак слоў і інш.) Паводле іншай класіфікацыі лінгвістычныя атласы падзяляюцца на ўніверсальныя і тэматычныя. Універсальныя змяшчаюць лінгвістычныя карты аб з'явах розных узроўняў мовы: фанетыкі, граматыкі, лексікі і інш. У тэматычных атласах разглядаюцца паасобныя з'явы на нейкім адным узроўні (ці падузроўні) мовы. Асаблівасці моўных гаворак адлюстроўваюцца ў атласе з дапамогай ізаглос – ліній на геаграфічнай карце, якія абмяжоўваюць тэрыторыю пашырэння асобнага моўнага факта. Сукупнасць нанесеных на карты ізаглос[13] (“моўны ландшафт”), з'яўляецца аб'ектам вывучэння лінгвістычнай геаграфіі – раздзела мовазнаўства, якія даследуе тэрытарыяльнае распаўсюджанне моўных з'яў. Пры складанні лінгвістычных карт выкарыстоўваюць сінтэтычнае і аналітычнае картаграфаванне. Пры сінтэтычным картаграфаванні асобна пазначаюцца на картах формы, варыянты моўных з'яў розных гаворак безадносна да іншых формаў і варыянтаў. Пры аналітычным картаграфаванні, якое атрымала значнае пашырэнне ў сучаснай лінгвагеаграфіі, на карту наносяцца не ізаляваныя факты гаворак, а моўныя з'явы (гукавыя, фаналагічныя, марфалагічныя, лексічныя і г. д.) як элементы сістэмы мовы. Лінгвагеаграфія вылучылася з дыялекталогіі ў канцы 19 – пачатку 20 стст. Штуршком для развіцця лінгвагеаграфіі і яе метаду паслужыла так званая “тэорыя хваляў” Г. Шухарта і І. Шміта, паводле якой моўныя інавацыі пашыраюцца з цэнтра, дзе яны ўзнікаюць, да перыферыі. У адпаведнасці гэтай тэорыяй немагчыма, напрыклад, дакладна вызначыць як арэал асобнага дыялекту, так і яго фанетычных асаблівасцей. Пачынальнікам лінгвагеаграфічных даследаванняў з'яўляецца нямецкі дыялектолаг Г. Венкер, які ў 1876 г. пачаў збіраць у Германіі матэрыял для складання лінгвістычнага атласа нямецкай мовы. Аднак заснавальнікам лінгвагеаграфіі лічыцца французскі мовазнавец Ж. Жыльерон. У 1902 г. ён разам з Э. Эдмонам пачаў ствараць “Лінгвістычны атлас Францыі” (выданне закончана ў 1910 г.), які аказаў вялікі ўплыў на развіццё еўрапейскай лінгвагеаграфіі. Неўзабаве выйшлі лінгвістычныя атласы ў Італіі, Румыніі, Іспаніі, Швейцарыі. Стрымана паставіліся да лінгвагеаграфіі ў Расіі, хоць былі і прыхільнікі яе (І.А. Бадуэн дэ Куртэнэ, А.І. Сабалеўскі, І.І. Сразнеўскі, М.М. Карынскі і інш.). Першай працай па класіфікацыі і лінгвістычным картаграфаванні дыялектаў усходнеславянскіх моў была “Спроба дыялекталагічнай карты рускай мовы ў Еўропе” (1915). Далейшае развіццё сучаснай лінгвагеаграфіі звязана галоўным чынам з працамі Р.І. Аванесава і яго маскоўскіх вучняў, а таксама з даследаваннямі ленінградскіх лінгвагеографаў (В.М. Жырмунскага, Б.А. Ларына і інш.). У 1957 г. быў апублікаваны “Атлас рускіх народных гаворак цэнтральных абласцей на ўсход ад Масквы” (картаграфавана прыкладна 1/5 усёй абследаванай тэрыторыі). Дэталёвая класіфікацыя ізаглос гэтага атласа паслужыла падставай для новага дыялектнага падзелу рускай мовы, распрацаванага прадстаўнікамі маскоўскай дыялекталагічнай школы К.Ф. Захаравай і В.Г. Арловай. У пачатку 1980-х гг. быў створаны зводны (абагульняльны) “Дыялекталагічны атлас рускай мовы ” (т. 1–3; т. 1 выдадзены ў 1986). Заснавальнік беларускі філалогіі Я.Ф. Карскі ў працы “Агляд гукаў і формаў беларускай мовы” (1885) упершыню абгрунтаваў падзел беларускіх гаворак на 2 асноўныя часткі (паўночна-ўсходнія і паўднёва-заходнія) і вызначыў іх тэрытарыяльныя межы. Вялікае значэнне ў станаўленні лінгвагеаграфіі ў былым СССР мела дзейнасць П.А. Бузука – асноўнага ініцыятара і выканаўцы лінгвагеаграфічнага даследавання беларускіх гаворак (“Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі”, 1928), які шырока карыстаўся метадам лінгвістычнай геаграфіі. Значнае месца сярод атласаў належыць “Дыялекталагічнаму атласу беларускай мовы”, у якім акрэсліваюцца арэалы моўных з'яў, уласцівых агульнанацыянальнай беларускай мове, а таксама дыялектных рыс, агульных для беларускай, рускай і ўкраінскай моў. У атласе адлюстраваны дыялектная дыферэнцыяцыя беларускай мовы 1950–60-х гг. Атлас складаецца з двух раздзелаў. У першым змешчаны 7 гістарычна-адміністрацыйных і 338 лінгвістычных карт (64 фанетычныя, 115 марфалагічных, 17 акцэнталагічных, 21 сінтаксічная, 121 лексічная), якія даюць максімальную інфармацыю пра фанетычную сістэму, граматычную структуру і лексічныя асаблівасці беларускіх гаворак. Выкарыстаны графічныя сродкі (геаметрычныя фігуры і колеры), якія інфармуюць пра якаснае і колькаснае адрозненне моўных з'яў. Другі раздзел уключае ўступныя артыкулы, каментарыі да карт, даведачны і фактычны матрэрыял. Так, на карце № 310 з дапамогай адпаведных фігур і колераў адлюстраваны назвы ў гаворках драпежнай птушкі, якая палюе на курэй. Да гэтай карты складзена наступная легенда (сукупнасць умоўных знакаў і тлумачэнняў да карты): ○ (чырвоны) – каршýн (коршýн) ○ (чырвоны) – кóршун ▲(чырвоны) – каршáк (коршáк) ▲(чырвоны) – – кóршак (кóршэк, кóршык) ▲(зялёны) – шуля́к □ (жоўты) – я́страб Уся сукупнасць лінгвістычных карт дае сістэмнае ўяўленне пра дыялектнае вар'іраванне мовы стасоўна ўсіх бакоў яго ладу. Пытанні, звязаныя з групоўкай беларускіх гаворак, гістарычнай дыялекталогіяй і моўнымі кантактамі, асвятляюцца ў працы (створана на аснове атласа) “Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак” (1968, карты ізаглос 1969). Лексіцы гаворак прысвечаны “Лексічны атлас беларускіх народных гаворак” у 5 тамах (т. 1–5, 1993–1998). Метад і прыёмы лінгвістычнай геаграфіі і ў наш час выкарыстоўваюцца параўнальна-гістарычным мовазнаўствам. З іх дапамогай, напрыклад, у сярэдзіне 20 ст. было даказана, што вылучэнне германскай моўнай супольнасці з заходняга арэала індаеўрапейскіх моў адбылося ў адносна позні час, а не ў эпоху бытавання мовы-асновы, г. зн. не ў 2 тыс. да н. э., і што асобныя арэалы германскай моўнай супольнасці ўтварыліся не ў 7 ст. да н. э., а толькі ў апошнія стагоддзі да нашай эры і ў першыя стагоддзі нашай.
|