Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Метад сістэмнай рэканструкцыі


Date: 2015-10-07; view: 624.


С.Д. Кацнельсон

Пытанні

1. Які “рэальны змест”, паводле В.І. Абаева, мае этымалогія?

2. Якія крытэрыі ўлічваюцца пры ўстанаўленні генетычных сувязей паміж словамі ў межах сістэмы? У чым сутнасць гэтых крытэрыяў?

 

і ўнутраная храналогія

гістарычна-лінгвістычных фактаў [12]

 

Метад сістэмнай рэканструкцыі быў, як вядома, упершыню выкарыстаны Ф. дэ Сасюрам у яго знакамітых “Запісках аб першапачатковай сістэме галосных у індаеўрапейскіх мовах” <…>. У адрозненне ад прынятага ў класічнай кампаратывістыцы метаду атамістычнай рэканструкцыі гэты метад дазваляў паказаць мову рэканструяванай эпохі не ў выглядзе простага набору разрозненых і незалежных адна ад адной лінгвістычных адзінак, а як складаную, унутрана арганізаваную і заканамерна развівальную сістэму.

Ф. дэ Сасюр прапанаваў новую канцэпцыю развіцця агульнаіндаеўрапейскага вакалізму. Усякая рэканструкцыя агульнаіндаеўрапейскага гукавога складу абапіраецца на рэгулярныя адпаведнасці паміж гукамі роднасных моў. Гукавыя адпаведнасці не дадзены ў прамым назіранні, для іх выяўлення патрабуецца распрацаваная методыка параўнальнага даследавання. Кожная гукавая адпаведнасць, якая ўстаноўліваецца параўнаннем роднасных моў, як, напрыклад, адпаведнасць грэч е, іт. е, кельцк. е, герм. е або і, ст.-слав. е, літоўск. е, ст.-інд. а, прадугледжвае пэўны гукавы архетып, да якога ўзыходзяць усе гукі дадзенага рада. У якасці архетыпа можа быць прыняты любы з гукаў прыведзенага рада, г. зн. або е, засведчанае ў большасці моў, або а, засведчанае ў старажытнаіндыйскай, або яшчэ і, засведчанае ў германскай побач з герм. е. Старэйшае пакаленне кампаратывістаў, якое заклала асновы індаеўрапейскага мовазнаўства, зыходзіла пры выбары архетыпа са ступені старажытнасці пісьмовай дакументацыі мовы, у якой засведчаны дадзены гук, – прынцып, які ў далейшым мы будзем называць “прынцыпам знешняй храналогіі”. У адпаведнасці з гэтым прынцыпам за архетыпы прымаліся гукі старажытнаіндыйскай мовы, тэксты якой з'яўляліся найстаражытнымі сярод вядомых у навуцы таго часу індаеўрапейскіх моў. Для прыведзенага вышэй рада карэспандавальных галосных у якасці архетыпа прымалася ст.-інд. а. Выступіўшыя ў апошняй чвэрці мінулага [19. – В.Р.] стагоддзя младаграматысты ў агульным прытрымліваліся прынцыпу знешняй храналогіі, але з істотнай папраўкай. Крытэрыем індаеўрапейскай старажытнасці таго або іншага гука станавіўся цяпер храналагічны момант не сам па сабе, а ў спалучэнні з прынцыпам строгасці і безвыключнасці фанетычных законаў.

Младаграматысты паказалі, што калі адмовіцца ад старажытнаіндыйскай мовы як абсалютнага эталона агульнаіндаеўрапейскай старажытнасці і ў шэрагу выпадкаў прызнаць большую архаічнасць грэчаскай, то гукавыя законы прымуць больш строгі і паслядоўны выгляд. Для прыведзенага вышэй шэрагу адпаведнасцей, як і для некаторых іншых вакалічных радоў, да младаграматыстаў пастуляваўся архетып а. Пры гэтым атрымлівалася, што ў ходзе далейшага развіцця такое а расшчаплялася на некалькі галосных пры невыразных пазіцыйных умовах. З заменай ст.-інд. а ў гэтай ролі на яго грэчаскія адпаведнасці цяжкасці знікалі.

Карэктыў, унесены младаграматыстамі ў методыку параўнальнага вывучэння індаеўрапейскіх моў, меў прынцыповае значэнне, паколькі высветлілася, што ні адна асобна ўзятая індаеўрапейская мова, якімі б старажытнымі ні былі дайшоўныя ад яе пісьмовыя помнікі, не можа прэтэндаваць на ролю эталона агульнаіндаеўрапейскага моўнага стану. Высветлілася, што генетычнае тлумачэнне роднасці індаеўрапейскіх моў не можа быць дасягнута толькі шляхам рэканструкцыі, якая абапіраецца на камбінаванае выкарыстанне дадзеных параўноўвальных моў. Прынцып знешняй храналогіі, які аддае перавагу мове з найстаражытнымі пісьмовымі помнікамі, зведаў, такім чынам, істотныя змяненні. Але ў пераўтвораным выглядзе ён захаваўся. Пры рэканструкцыі прамоўных формаў асноўная роля і цяпер адводзілася дзвюм найстаражытным па дакументах мовам, старажытнаіндыйскай і старажытнагрэчаскай. Структурныя адрозненні не дазвалялі атаясамліваць якую-небудзь адну з гэтых моў з падлеглым рэканструкцыі агульнаіндаеўрапейскім тыпам. У цэлым усё ж меркавалася, што абедзве гэтыя мовы лепш за іншыя захавалі рысы зыходнага стану.

Младаграматычная рэканструкцыя агульнаіндаеўрапейскага гукавога складу не ішла далей за выяўленне архетыпаў, якія ляжаць у аснове гукавых адпаведнасцей. Вызначаючы архетыпы, младаграматычная рэканструкцыя загадзя абмяжоўвала сябе ў двух адносінах. Адносіны ўнутры рэканструяванай фанетычнай сістэмы яе ў агульным не цікавілі. Толькі ў выключных выпадках адзначаліся сістэмныя сувязі паміж архетыпамі, як адносіны апафаніі ў вакалізме. У цэлым жа агульнаіндаеўрапейская гукавая сітэма падавалася ў выглядзе атамізаваных, ізаляваных адзін ад аднаго гукаў-архетыпаў.

Няўвага да сістэмных сувязей было не адзіным праяўленнем абмежаванасці атамістычнай рэканструкцыі. Другім, не менш істотным праяўленнем яе абмежаванасці было прынцыповае адмаўленне ад паглыблення рэканструкцыі, далейшага пранікнення ў глыб часоў. Класічная кампаратывістыка зводзіла рэканструкцыю агульнаіндаеўрапейскага моўнага стану да выяўлення архетыпаў. Аднаўляльная такім шляхам эпоха “распаду індаеўрапейскага адзінства” лічылася мяжой дапушчальнай рэканструкцыі, далей за якую даследаванне не ішло. Дапускалася. што далейшая рэканструкцыя стане магчымай толькі ў выпадку, калі будуць выяўлены яшчэ невядомыя навуцы роднасныя мовы, супастаўныя па сваёй архаічнасці з адноўленай “прамовай”. Абмежаванне часавай глыбіні даследавання было вынікам атамізму младаграматычнай кампаратывістыкі. Як паказаў Сасюр, рэканструкцыя індаеўрапейскага мінулага можа працягвацца ўглыб толькі з апорай на сістэмныя сувязі і адносіны.

<…> Сістэмны метад, упершыню выкарыстаны Сасюрам, значна пашырыў магчымасці параўнальна-гістарычнага мовазнаўства. Новы метад адрозніваўся не толькі сітэмным асвятленнем дадзеных першаснай рэканструкцыі, але і паглыбленнем храналагічных межаў рэканструкцыі. У дадатак да ўсяго новы метад відазмяніў старыя ўяўленні аб архаічнасці моўных фактаў.

<…> Сасюраўскі метад сістэмнай рэканструкцыі часам кваліфікуюць як метад унутранай рэканструкцыі, дастасаваны да агульнаіндаеўрапейскай мовы эпохі яе “распаду”. Калі гэтым хочуць сказаць, што метад сістэмнай рэканструкцыі прыдатны толькі да гатовых вынікаў рэканструкцыі, праведзенай паводле метадаў традыцыйнай кампаратывістыкі, то такое ўяўленне аб дадатковым размеркаванні сфер ужывання паміж метадамі атамістычнай і сістэмнай рэканструкцыі ўяўляецца нам спрэчным. І не толькі таму, што новы метад з самага пачатку мае на мэце выяўленне найбольш пашыраных у сістэме адносін, але і таму яшчэ, што ён можа быць дастасаваны і да рэальна засведчаных моў і дыялектаў, не толькі мёртвых, але таксама жывых. Падабенства сістэмнай рэканструкцыі з унутранай з'яўляецца поўным, пакуль рэканструкцыя замыкаецца ў сферы мовы або дыялекту. Але сістэмная рэканструкцыя можа з поспехам дастасоўвацца і да дадзеных параўнальнага вывучэння шэрагу моў і дыялектаў. Займаючыся сістэмнай рэканструкцыяй далёкага мінулага індаеўрапейскіх моў, Сасюр па сутнасці пачынаў не з “прамовы”, а з аналізу апафанічных чаргаванняў у старажытных індаеўрапейскіх мовах.

<…> Аднак метад сістэмнай рэканструкцыі прыдатны не толькі да старажытнапісьмовых моў, але і да жывых моў і дыялектаў, што даказваецца развіццём як кампаратывістыкі, так і сучаснай дыялекталогіі.

Яскравым прыкладам даставання метаду сістэмнай рэканструкцыі да матэрыялаў жывых моў і дыялектаў з'яўляецца балтыйская і славянская акцэнталогія, даўно ўжо адасобленая як самастойная дысцыпліна ў межах параўнальнай граматыкі балтыйска-славянскіх моў.

<…> Балтыйска-славянская гістарычная дыялекталогія не адзіны прыклад выкарыстання сучасных моў з мэтай рэканструкцыі іх гістарычнага мінулага. Можна яшчэ спаслацца на нямецкую дыялекталогію, у якой выразна вылучаюцца два кірункі гістарычнай інтэрпрэтацыі сучасных дадзеных. Адзін з іх можна назваць “параўнальна-гістарычным вывучэннем народных гаворак”, другі вядомы па назвай “гістарычнай дыялектаграфіі”.

Першы кірунак прадстаўлены працамі Л. Зютэрліна, В.М. Жырмунскага і некаторых іншых выдатных германістаў <…>. Выкарыстоўваючы параўнальна-гістарычны метад да жывых народных гаворак, прадстаўнікі гэтага кірунку імкнуцца папоўніць гістарычную граматыку нямецкай мовы дыялекталагічнымі дадзенымі. Зместам такіх даследаванняў з'яўляюцца тыя ж гістарычна-лінгвістычныя факты, з якімі звычайна мае справу гістарычная граматыка нямецкай мовы. У галіне фанетыкі – гэта перамяшчэнне зычных, умляўт, дыфтангізацыя старажытных даўжынь і г. д., у галіне марфалогіі – змяненні формаў скланення і спражэння. Але апрача з'яў, вядомых з гісторыі пісьмовай мовы, у абсяг даследавання цяпер уцягваюцца многія з'явы, з якімі арыентаваная на пісьмовыя крыніцы гісторыя мовы раней не сутыкалася. Такія, напрыклад, складовая акцэнтуацыя, леніцыя зычных, палаталізацыя галосных перад дэнтальнымі і некаторыя іншыя.

Метад сістэмнага аналізу ў даследаваннях гэтага роду выкарыстоўваюцца рэдка. Навізна іх заключаецца, хутчэй, у іншым, а іменна ў адыходзе ад традыцыйнага прынцыпу знешняй храналогіі. Гістарычны працэс разглядаецца цяпер не ў кірунку ад старажытных пісьмовых крыніц да сучаснага стану, а рэтраспекцыйна, ад сучасных дыялектаў да іх гістарычнага мінулага. Задача заключаецца цяпер у тым, каб паўней улавіць асноўныя тэндэнцыі развіцця мовы, якія, як перакананы дыялектолагі-кампаратывісты, больш свабодна выяўляюцца ў вуснай народнай мове, чым у скаванай пісьмовай традыцыяй літаратурнай мове <…>.

Гістарычная дыялектаграфія ў меншай ступені цікавіцца ўнутранай гісторыяй моўнага ладу. У цэнтры яе ўвагі знаходзяцца праблемы рэканструкцыі старых моўных межаў і іх наступных змяненняў. Элементы моўнага ладу цікавяць гістарычную дыялектаграфію толькі ў такой ступені, у якой іх межы на лінгвістычнай карце адлюстроўваюць працэсы ўзаемадзеяння і змяшання гаворак, а таксама пашырэнне моўных формаў за межы асяродкаў іх першапачатковага зараджэння. Калі для ўнутранай гісторыі мовы даследаванне ізаглос дае вельмі мала, то перад знешняй гісторыяй мовы яно адкрывае шырокія перспектывы. <…>

 

 


<== previous lecture | next lecture ==>
Пытанні | МЕТАД ЛІНГВІСТЫЧНАЙ ГЕАГРАФІІ
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.173 s.