![]() |
СТРУКТУРНЫЯ МЕТАДЫDate: 2015-10-07; view: 669. Пытанні
1. Дзе зарадзілася лінгвагеаграфія? Да якога часу адносяцца першыя спробы картаграфавання лінгвістычных фактаў? 2. Хто ў расійскім мовазнаўстве ўпершыню ўсвядоміў неабходнасць звярнуцца да лінгвістычнай геаграфіі як метаду даследавання? 3. Як далей развівалася лінгвагеаграфія? Хто з'яўляецца аўтарам аднаго з першых атласаў у айчынным мовазнаўстве? Што вы ведаеце пра гэтага вучонага? 4. У чым прынцыповае адрозненне заходнееўрапейскай лінгвістычнай геаграфіі ад савецкай? 5. Хто з расійскіх вучоных выкарыстоўвае метад лінгвістычнай геаграфіі? Беларускіх? Украінскіх? Структурныя метады – метады сінхранічнага фармальнага аналізу моўных элементаў, звязаных тыповымі сувязямі. Значны ўплыў на ўзнікненне гэтых метадаў (20–30-я гг. 20 ст.) аказалі працы Ф. дэ Сасюра і І.А. Бадуэна дэ Куртэнэ. Істотную ролю ў выпрацоўцы прынцыпаў і метадаў структурнай лінгвістыкі адыгралі асноўныя школы структуралізму, якія склаліся ў 1920–40-я гг. (Пражская лінгвістычная школа, Капенгагенская, Амерыканская, Лонданская), у былым СССР – блізкія да іх дзве фаналагічныя школы (Ленінградская / Пецярбургская і Маскоўская). Уклад у развіццё фармальнага аналізу мовы ў дастасаванні да фанемнага (фаналагічнага), марфемнага, а затым лексічнага і сінтаксічнага ўзроўняў, а таксама ўзроўню тэксту ўнеслі таксама лінгвісты еўрапейскіх краін, якія не стварылі сваіх школ: А. Марцінэ, Э. Бенвеніст, Л. Тэньер (Францыя), А. Гардзінер (Англія), А.В. дэ Гроат (Нідэрланды), Е. Курыловіч (Польшча). Асноўныя ідэі структуралізму можна звесці да наступных палажэнняў: 1) сапраўднай рэальнасцю прызнаецца не асобны моўны элемент (фанема, слова, сказ і да т. п.), а элемент, абумоўлены сістэмнымі сувязямі мовы – апазіцыйнымі, дыстрыбуцыйнымі; 2) ядро сістэмы ўтвараюць адносіны / супрацьпастаўленні (яны дамінуюць над элементамі); 3) паколькі асноўнымі ў мове выступаюць адносіны, то для вывучэння іх можна выкарыстаць матэматычныя метады. Структурныя метады існуюць у розных разнавіднасцях, што развіліся ў школах структуралізму, якія вызначаюцца адметнымі асаблівасцямі. Напрыклад, згодна з Капенгагенскай школай моўнымі рэальнасцямі прызнаюцца не гукі, літары або значэнні, а сувязі (адносіны) паміж імі. Менавіта гэтыя адносіны і складаюць сістэму пэўнай мовы, адрозную ад іншых моў, і павінны даследавацца мовазнаўствам. Амерыканскія структуралісты імкнуліся апісаць мову чыста фармальным спосабам, на аснове выяўлення дыстрыбуцыі моўнага элемента (як правіла, без уліку значэння) і дастасавалі метад да апісання фаналогіі, марфалогіі і сінтаксісу. Прадстаўнікі Пражскай школы структуралізму лічылі неабходным даследаванне не толькі адносін паміж элементамі мовы, але і саміх значэнняў. Структурнымі метадамі яны даследавалі перш за ўсё фаналогію, а таксама марфалогію і семантыку. Структурныя метады маюць шэраг абмежаванняў. Так, іх немагчыма дастасаваць да вывучэння мовы як сацыяльнай з'явы, апісання розных канатацый, семантыкі выказвання, з'яў звязнага маўлення і тэксту. Да структурных метадаў адносяцца дыстрыбуцыйны, непасрэдна складальных, трансфармацыйны і кампанентнага аналізу.
|