Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






ДЫСТРЫБУЦЫЙНЫ МЕТАД


Date: 2015-10-07; view: 959.


Пытанні

 

1. З якой мэтай выкарыстоўваюць метады структуралізму? Якія з'явы не ўлічваюцца пры структурным даследаванні мовы?

2. Чаму даследчыкі, якія карыстаюцца структурнымі метадамі ў дыялекталогіі, маюць, на думку Г.У. Сцяпанава, абмежаваныя магчымасці?

 


Дыстрыбуцыйны метад – метад даследавання мовы, заснаваны на вывучэнні акружэння (дыстрыбуцыі, размеркавання, кантэксту ўжывання) розных моўных элементаў у тэксце (фанем, марфем, слоў).

Асноўныя прынцыпы дыстрыбуцыйнага метаду сфармуляваў у 20-я гг. 20 ст. Л. Блумфілд, а ў 30–50-я гг. іх развіў З. Харыс. Пры аналізе з дапамогай гэтага метаду спачатку вылучаюцца элементарныя сегменты тэксту – фоны (гукі) і морфы (паслядоўнасці фанем, якія маюць пэўнае значэнне), затым праводзіцца іх ідэнтыфікацыя – аб'яднанне маўленчых (тэкставых) адзінак у адну адзінку мовы (фанему або марфему). Розныя моўныя адзінкі з'яўляюцца прадстаўнікамі аднаго і таго ж класа, калі яны могуць замяшчаць адна адну ў тых самых акружэннях, напрыклад: дым – дам – дом – дум.

Сталае або рэгулярнае акружэнне моўных элементаў дае падставы з той або іншай доляй упэўненасці ўстанавіць адсутны элемент. Так, у беларускай мове “спадарожнікам” прыметніка прасёлкавая з'яўляецца назоўнік дарога, закадычнысябар, дрымучылес, дзеяслова вудзіць – назоўнік рыбу, галоснага [і] – мяккія зычныя (з[н'і]чка, [л'і]пень і г. д.), марфемы маж- – афіксы (мажу), -аш (мажаш), (мажа) і г. д. Перад англійскім am заўсёды ўжываецца толькі І, а перад нямецкім bin ich.

На падставе дыстрыбуцыі моўных адзінак можна даць ім разнастайную характарыстыку, напрыклад устанавіць значэнні полісемічнага слова. Так, дзеяслоў бел. выручыць выяўляе розныя значэнні ў залежнасці ад “правай дыстрыбуцыі”, г. зн. ад адзінак, размешчаных справа. Параўн.: выручыць каго (сябра, сястру) – ‘дапамагчы выйсці з цяжкага становішча' і выручыць што (грошы) – ‘утаргаваць'. Назоўнік град апрача “незалежнага” (зыходнага) значэння ‘атмасферныя ападкі ў выглядзе крупінак лёду рознай велічыні' мае і дыстрыбуцыйна абумоўленае значэнне: град чаго – ‘мноства чаго-н.' (град куль). Значэнні рус. дзеяслова брякать (‘рабіць звонкія гукі ўдарамі чым-н. па прадметах' і ‘гаварыць што-н. неабдумана, нетактоўна') таксама выяўляюцца з улікам яго “правай” дыстрыбуцыі; параўн.: брякать чем (ложками) і кому что-л. (брякнул ему всю правду).

Дыстрыбуцыя можа выкарыстоўвацца для размежавання, напрыклад, дзеясловаў стану (зменнага ці нязменнага) – паводле іх спалучальнасці з прыслоўямі са значэннем інтэнсіўнасці. Параўн.: павольна (хутка, імгненна, паступова) бялее (чырванее, ажывае, худнее) і *павольна () спіць (стаіць, ляжыць, вісіць).

Улік дыстрыбуцыі дае магчымасць адрозніваць граматычныя формы слоў, напрыклад поўныя і кароткія формы прыметнікаў у рускай мове. Так, у пазіцыі мой друг (–) могуць ужывацца і кароткія формы (искренен, добродушен, скромен) і поўныя (искренний, добродушный, скромный), а ў пазіцыі мой (–) друг – толькі поўныя прыметнікі (искренний, добродушный, скромный).

Дыстрыбуцыя можа быць неглыбокай (калі разглядаюць акружэнне на глыбіню аднаго элемента, г. зн. тыя адзінкі, што непасрэдна размешчаны справа і злева ад зыходнай) і глыбокай (на глыбіню большай колькасці элементаў).

Дыстрыбуцыйны аналіз прадугледжвае наступныя этапы:

1) сегментацыя тэксту (маўленчай плыні) на элементарныя адзінкі пэўнага ўзроўню (гукі, морфы, словы);

2) выяўленне дыстрыбуцыі элементаў стасоўна адзін да аднаго;

3) ідэнтыфікацыя выдзеленых сегментаў (адзінак), г. зн. аб'яднанне іх у некаторыя класы моўных адзінак (фанем, марфем, лексем). Элементы з'яўляюцца тоеснымі (належаць да аднаго класа), калі маюць ідэнтычную дыстрыбуцыю, або нятоеснымі (адносяцца да розных класаў), калі маюць розную або часткова супадальную дыстрыбуцыю.

Пры ідэнтыфікацыі можа выкарыстоўвацца прыём субстытуцыі (падстаноўкі элементаў). У выніку вялікая колькасць адзінак адносіцца да адносна невялікай колькасці класаў. Параўн.:

Дрэва павалена бурай.

Дрэва павалена ветрам.

Дрэва павалена чалавекам.

Дрэва павалена трактарам і да т. п.

Элементы, якія маюць адну і тую ж дыстрыбуцыю справа (Дрэва павалена…), належаць да аднаго дыстрыбуцыйнага класа – назоўнікаў у творным склоне са значэннем ‘утваральнік дзеяння'.

Паміж элементамі вылучаюць тры тыпы дыстрыбуцыі: кантрасная, дадатковая і свабоднае вар'іраванне.

Кантрасная дыстрыбуцыя – такая, калі элементы могуць сустракацца ў адных і тых жа акружэннях і адрозніваюць адзінкі (гукавыя абалонкі слоў або значэнне марфем). Разглядаемыя элементы з'яўляюцца рознымі адзінкамі – фанемамі, марфемамі. Напрыклад, фанемы <п> і <б> (пар і бар), <ж> і <ш> (жар і шар), марфемы (морфы) -е- і -і- (бялець і бяліць).

Дадатковая дыстрыбуцыя – такая, калі элементы не сустракаюцца ў адных і тых жа акружэннях. Элементы, якія знаходзяцца ў адносінах дадатковай дыстрыбуцыі, з'яўляюцца прадстаўнікамі адной і той жа адзінкі – фанемы (алафонамі) або марфемы (морфамі). Напрыклад, галосны [і] у беларускай мове ўжываецца пасля мяккіх зычных (з[н'і]чка, во[jі]н), але не можа стаяць пасля цвёрдых. Зычны [ы], наадварот, сустракаецца пасля цвёрдых зычных ([бы]лі, [шы]рокі), але не можа быць пасля мяккіх. Таму гукі [і] і [ы] – варыяцыі адной фанемы. У дадатковай дыстрыбуцыі знаходзяцца варыяцыі фанем <а>: [˙а] (сяду [с'˙áду]), [а˙] (баль [ба˙л']), [ä] (мяць [м'äц']), <о>: [˙о] (нёс [н'˙ос]), [о˙] ([со˙л']), [ö] (сёлета [с'öл'эта]), <у>: [˙у] (цюк [ц'˙ук]), [у˙] (куль [ку˙л']), [ÿ] (цюль [ц'ÿл']). Да адной і той жа фанемы належаць таксама пазіцыйныя варыяцыі фанемы <к> – бел. [к] ([к]ата) і [к˚] (кот).

Афікс (суфікс) -чык- ужываецца, напрыклад, калі ўтваральная аснова канчаецца на пярэднеязычныя [д], [т],[з], [с] (аб'ездчык, лётчык, возчык, перапісчык), а афікс -шчык- – калі аснова канчаецца на санорныя [р], [л'], [л], [м], [н], [й] (зваршчык, мадэльшчык, паромшчык, бетоншчык, мыйшчык). Такім чынам, гэтыя суфіксальныя морфы таксама з'яўляюцца варыянтамі адной марфемы.

Свабоднае вар'іраванне – такая дыстрыбуцыя, калі элементы, знаходзячыся ў тых самых акружэннях, не адрозніваюць гукавыя абалонкі слоў і значэнні. У гэтым выпадку элементы з'яўляюцца варыянтамі адной адзінкі мовы. Напрыклад, у свабодным вар'іраванні ў беларускай мове знаходзяцца шчылінны [γ] і выбухны [г] (горад), спалучэнні [чн'] і [шн'] (яечняяе[чн']я і яе[шн']я), афіксы (канчаткі) -ой- і -ою- (сцяной і сцяною), -амі- і -ыма- (вачамі і вачыма), -ямі- і -мі- (конямі і коньмі).

Такім чынам, наяўнасць у моўных элементаў тоеснай або рознай дыстрыбуцыі дае падставы вылучыць у тэксце як розныя адзінкі, так і варыянты адной і той жа адзінкі.

Дыстрыбуцыйны метад знайшоў выкарыстанне пры даследаванні ўсіх узроўняў мовы, у тым ліку сінтаксічнага і лексічнага.

 

 


<== previous lecture | next lecture ==>
Суадносіны агульнанавуковых і прыватных | Літаратура
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.194 s.